АКСАНАМЕ́ТРЫЯ (ад грэч. axōn вось + ...метрыя),

спосаб адлюстравання прасторавых фігур на чарцяжы пры дапамозе паралельных праекцый. Для пабудовы аксанаметрычнай праекцыі выбіраюць 3 узаемна перпендыкулярныя восі OX, OY, OZ і маштабы даўжыняў на гэтых восях; праецыруюць на плоскасць восі і дадзеную фігуру. Калі X, Y, Z — даўжыні 3 адрэзкаў у фігуры, то іх аксанаметрычныя праекцыі, паралельныя восям, будуць мець даўжыні x, y, z, пры гэтым x/X=lx, y/Y=ly, z/Z=lz наз. паказчыкамі скажэння. Найбольш выкарыстоўваецца аксанаметрыя, пры якой lx: ly : lz = 1 : 1 : 1 (ізаметрыя) і lx : ly: lz=​1/2 : 1 : 1 (дыметрыя). У залежнасці ад вугла паміж напрамкам праецыравання і плоскасцю аксанаметрычных праекцый адрозніваюць прамавугольную і косавугольную аксанаметрыю. Гл. таксама Нарысоўная геаметрыя. Аксанаметрыя ў архітэктуры — адзін з відаў перспектыўнага адлюстравання. Выкарыстоўваецца ў арх. праектах і чарцяжах будынкаў, комплексаў, ансамбляў для нагляднага паказу іх структуры, асабліва ў выпадку, калі генпланы, планы, фасады і разрэзы не даюць поўнага ўяўлення пра іх арх.-прасторавую арганізацыю. Нярэдка аксанаметрыя агульнага выгляду пабудоў сумяшчаецца з іх арх. разрэзам, што ўдакладняе структуру ў цэлым.

Да арт. Аксанаметрыя: а — ізаметрыя; б — дыметрыя.
Да арт. Аксанаметрыя. Праект Дома урада Беларусі. Архітэктар І.​Лангбарп. 1931.

т. 1, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДВАРО́ТНЫЯ ТРЫГАНАМЕТРЫ́ЧНЫЯ ФУ́НКЦЫІ, кругавыя функцыі,

функцыі, якія вызначаюць дугу (лік) па дадзеным значэнні яе трыганаметрычных функцый, што разглядаюцца на пэўных прамежках манатоннасці.

Адрозніваюць Arcsinx («арксінус x») — мноства функцый, адваротных да sinx; Arccosx («арккосінус x») — да cosx; Arctgx («арктангенс х») — да tgx; Arcctgx (арккатангенс x») — да ctgx; Arcsecx («арксеканс x») да secx; Arccosecx («арккасеканс x») — да cosecx. Функцыі Arcsinx і Arccosx вызначаны пры |x|≤1, Arctgx і Arcctgx — для ўсіх сапраўдных x, Arcsecx і Arccosecx — |x|≥1 (2 апошнія выкарыстоўваюцца рэдка). У выніку перыядычнасці трыганаметрычных функцый для кожнай з іх існуе бесканечнае мноства адваротных функцый, гал. значэнні якіх вызначаюцца ўмовамі: -π/2 ≤ arcsin x ≤ π/2; 0 ≤ arccos x ≤ π; -π/2 ≤ arctg x ≤ π/2; 0 ≤ arsec x ≤ π; 0 ≤ arcctg x ≤ π; -π/2 ≤ arccosec x ≤ π/2. Суадносіны паміж трыганаметрычнымі функцыямі можна замяніць суадносінамі паміж адваротнымі трыганаметрычнымі функцыямі, напр., з роўнасці tgx = sinx 1 − sin2x вынікае, што arcsinx = arctg x 1 − x2 .

Графікі адваротных трыганаметрычных функцый: 1 — арксінуса; 2 — арккосінуса; 3 — арктангенса; 4 — арккатангенса.

т. 1, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБМЕ́ННАЕ ЎЗАЕМАДЗЕ́ЯННЕ,

спецыфічны ўзаемны ўплыў тоесных часціц, які эфектыўна праяўляецца як вынік некаторага асаблівага ўзаемадзеяння. Чыста квантавы эфект, які не мае класічнага аналага і вынікае з тоеснасці прынцыпу.

Пры сілавым узаемадзеянні паміж часціцамі сярэдняя энергія сістэмы часціц неаднолькавая ў станах, што апісваюцца хвалевымі функцыямі з рознай сіметрыяй, напр. сістэма з 2 электронаў, калі не ўлічваць іх эл. ўзаемадзеяння, характарызуецца 2 хвалевымі функцыямі φ(r1, r2), якія адносна перастаноўкі каардынат электронаў (r1 ⇄ r2) мяняюць або не мяняюць знак Станам з φ± адпавядае сярэдняя энергія ўзаемадзеяння E± = Ek+Ea, дзе Ek — энергія электрастатычнага (кулонаўскага) узаемадзеяння электронаў, кожны з якіх знаходзіцца ў індывід, стане; Ea — т.зв. абменная энергія, што ўзнікае, калі электроны як бы абменьваюцца сваімі станамі (адсюль назва). Абменнае ўзаемадзеянне існуе ў сістэме тоесных часціц і пры адсутнасці сілавога ўзаемадзеяння (ідэальны газ тоесных часціц). Яно пачынае праяўляцца, калі сярэдняя адлегласць паміж часціцамі становіцца параўнальнай з даўжынёй хвалі дэ Бройля, мае характар адштурхоўвання для ферміёнаў (гл. Паўлі прынцып) і прыцяжэння — для базонаў. Паняццем абменнага ўзаемадзеяння карыстаюцца ў тэорыі многаэлектронных атамаў, гомеапалярнай хім. сувязі, ферамагнетызму. Тэрмін абменнае ўзаемадзеянне ўжываецца і ў ядз. фізіцы (гл. Ядзерныя сілы).

Л.​М.​Тамільчык.

т. 1, с. 31

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АВАНГАРДЫ́ЗМ,

умоўная абагульненая назва мастацкіх кірункаў 20 ст., для якіх характэрны пошукі новых, небывалых, часта штучных формаў і сродкаў мастацкага выяўлення, недаацэнка або адмаўленне традыцый і абсалютызацыя наватарства. Народжаны духоўнай атмасферай часу і яго катаклізмаў, авангардызм адлюстроўвае супярэчнасці паміж рознымі сістэмамі і тэхнікамі кампазіцыі і барацьбу светапоглядных пазіцый. Адны тэарэтыкі і практыкі авангардызм дэкларуюць стварэнне элітарнага мастацтва, адчужанага ад сац. задач, другія, наадварот, звязваюць пошук прынцыпова новых выразных сродкаў з неабходнасцю перадачы настрояў сац. пратэсту. З’яўляючыся крайняй праявай больш шырокага кірунку — мадэрнізму, авангардызм выявіўся пераважна не ў закончаных формах, а ў тэндэнцыях да выцяснення традыц. тэм, сюжэтаў і прынцыпаў кампазіцыі, гіпертрафіі ўмоўнасці. Для яго характэрны падкрэсленая эмацыянальнасць, скіраваная непасрэдна да пачуццяў (экспрэсіянізм), імкненне разбурыць традыц. эстэтыку (дадаізм), замяніць пасіўную эстэтычнасць актыўным сац. дзеяннем («левае» мастацтва і рус. футурызм), спроба ўздзейнічаць на падсвядомасць (сюррэалізм) і г.д. Пачаў бурна развівацца ў 1910—20-я г., аб’ядноўваючы розных па творчай стылістыцы прыхільнікаў (Л.​Арагон, Б.​Брэхт, У.​Маякоўскі, В.​Незвал і інш.), якія бачылі ў авангардызме разбурэнне ідэалаг. міфаў бурж. грамадства. Паступова прынцыповая антыідэалаг. накіраванасць многіх прадстаўнікоў авангардызму прывяла іх у 1960-я г. да поўнага адмаўлення традыц. культуры.

Літ.:

Гл. пры арт. Мадэрнізм.

У.​М.​Конан.

т. 1, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМБІВАЛЕ́НТНАСЦЬ (ад лац. ambo абодва + valentia сіла),

дваістасць успрымання і перажывання, калі адзін і той жа аб’ект выклікае ў чалавека процілеглыя пачуцці і ацэнкі (задавальненне і незадаволенасць, сцвярджэнне і адмаўленне). Тэрмін «амбівалентнасць» увёў у 1930 швейц. псіхіятр Э.​Блейлер для вызначэння супярэчлівага псіх. стану. Рас. літ.-знавец М.​Бахцін надаў яму значэнне эстэт. паняцця. Амбівалентнасць выявілася ў нар. і неафіц. культуры эпохі сярэднявечча і Адраджэння, у фальклоры, нар. мастацтве. Амбівалентныя вобразы, сюжэты і матывы характэрны для бел. і інш. архаічнай міфалогіі, сінкрэтычнай творчасці з нявыяўленай дыферэнцыяцыяй эстэт. катэгорый-апазіцый (прыгожага і агіднага, узнёслага і нізкага, трагічнага і камічнага). Амбівалентныя гратэск і сімволіка ёсць у творчасці Ф.​Рабле, М.​Сервантэса, М.​Гогаля, Ф.​Багушэвіча, Я.​Купалы. У класічным мастацтве і бел. нац. фальклоры амбівалентнасць выкарыстоўваецца як дасціпны і шматзначны маст. сродак, спалучэнне прыкмет эпічнага героя і камічнага дублёра ў чарадзейных казках і легендах, нар. тэатры, прыказках і прымаўках, літ.-маст. травестацыях і пародыях (польска-бел. камедыі, інтэрмедыі 17—18 ст., ананімныя творы «Энеіда навыварат», «Тарас на Парнасе»). У сучасным мастацтве праяўляецца ў сатыр. жанрах (у творах А.​Макаёнка, ананімнай паэме «Сказ пра Лысую гару»), цыркавой клаунадзе і інш.

У.​М.​Конан.

т. 1, с. 308

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЭГ (Bragg),

англійскія фізікі, бацька і сын. Заснавальнікі рэнтгена-структурнага аналізу. Упершыню выкарысталі дыфракцыю рэнтгенаўскіх прамянёў у крышталях для выяўлення характарыстык гэтых прамянёў і для расшыфроўкі структуры крышталёў (1913). Нобелеўская прэмія 1915.

Уільям Генры (2.7.1862, Уігтан, графства Камбрыя, Вялікабрытанія — 12.3.1942), член (1906) і прэзідэнт (1935—40) Лонданскага каралеўскага т-ва. Скончыў Кембрыджскі ун-т. З 1886 праф. Адэлаідскага ун-та ў Аўстраліі, з 1909 у Лідсе, з 1915 у Лондане. Аўтар шэрагу навук-папулярных кніг.

Уільям Лорэнс (31.3.1890, г. Адэлаіда, Аўстралія — 1.7.1971), член Лонданскага каралеўскага т-ва (1921). Вучыўся ў Адэлаідскім і Кембрыджскім ун-тах. У 1919—37 праф. ун-та ў Манчэстэры, 1937—38 дырэктар Нац. фіз. лабараторыі, 1954—66 дырэктар Каралеўскага ін-та ў Кембрыджы. У 1913 адначасова з Г.​В.​Вульфам даў ураўненне, якое звязвае вугал адхілення рэнтгенаўскіх прамянёў, рассеяных крышталём без змены даўжыні хвалі, з адлегласцю паміж суседнімі атамнымі плоскасцямі ў крышталі (гл. Брэга—Вульфа ўмовы), практычна ажыццявіў указаны У.​Г.​Брэгам спосаб вызначэння структур пры дапамозе радоў Фур’е, вызначыў структуры шматлікіх сілікатаў.

Тв.:

Рус. пер. — Рентгеновские лучи и строение кристаллов. М.; Л., 1929;

Дифракция электронов. Л., 1936.

т. 3, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕГЕТАЦЫ́ЙНЫ ПЕРЫ́ЯД,

перыяд года, калі магчымы рост і развіццё (вегетацыя) раслін па метэаралагічных умовах. Працягласць залежыць ад геагр. шыраты, клімату. У тропіках вегетацыйны перыяд доўжыцца ўвесь год, у высокіх шыротах і гарах — ад апошняга веснавога да першага восеньскага замаразку. Адрозніваюць агульны вегетацыйны перыяд для раслін пэўнай мясцовасці, што вызначаецца колькасцю сутак з сярэднімі т-рамі больш за 5 °C, і вегетацыйны перыяд асобных відаў раслін — час, неабходны для поўнага цыкла іх развіцця, які можа быць значна карацейшы за агульны.

У Беларусі пачатак вегетацыйнага перыяду прыпадае на канец 1-й дэкады крас. на ПдЗ, да канца 2-й дэкады гэтага месяца пачынаецца на астатняй тэрыторыі. Сярэдняя працягласць вегетацыйнага перыяду 185—205 дзён (гл. карту). У асобныя гады можа перавышаць сярэдні паказчык на 30—40 дзён. На ўзвышшах, асушаных балотах, у значных паніжэннях рэльефу на 3—6 сутак карацейшы, чым на суседніх раўнінах. Заканчваецца ў канцы 2-й дэкады кастр. на ПнУ, у пачатку ліст. на ПдЗ. Вегетацыйны перыяд — асн. біякліматычны паказчык, якім карыстаюцца пры інтрадукцыі і акліматызацыі раслін, падборы с.-г. культур, правядзенні с.-г. работ і агратэхн. мерапрыемстваў.

А.​У.​Камароўская.

т. 4, с. 55

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́НТЫЛЬ (ад ням. Ventil клапан),

1) вентыль трубаправодны — запорнае прыстасаванне для ўключэння і выключэння ўчастка трубаправода, рэгулявання патокаў вадкасці, газу ці пары. Вялікія вентылі злучаюцца з трубамі, помпамі і інш. спец. фланцамі, малыя — з дапамогай разьбы.

2) вентыль электрычны — эл. прылада, праводнасць якой у адным напрамку на адзін або некалькі парадкаў вышэй, чым у процілеглым. Выкарыстоўваецца ў выпрамніках, інвертарах, пераўтваральніках частаты, камутацыйных прыстасаваннях і інш. Бываюць электралітычныя, газаразрадныя (у т. л. ртутныя), электравакуумныя, паўправадніковыя. У якасці вентыляў выкарыстоўваюцца дыёды, тыратроны, тырыстары. Магутнасць эл. вентыляў ад долей вата да дзесяткаў кілават.

3) вентыль у вылічальнай тэхніцы — электроннае прыстасаванне на паўправадніковых прыладах (дыёдах, транзістарах) або ў выглядзе інтэгральнай схемы з некалькімі (часцей двума) уваходамі і адным выхадам. У гэтым вентылі сігнал на выхадзе ўтвараецца толькі тады, калі ёсць сігнал на ўсіх уваходах. Выкарыстоўваецца для кіравання перадачай сігналаў і ажыццяўлення лагічных аперацый.

4) Прыстасаванне ў камеры пнеўматычнай шыны, якое дапамагае напампоўваць паветра ў камеру і перашкаджае яго выхаду.

5) Механізм, які зменьвае (звычайна павялічвае) даўжыню канала духавых інструментаў (валторнаў, труб і інш.).

Трубаправодны вентыль: 1 — шпіндэль-вінт; 2 — накрыўка; 3 — клапан; 4 — фланец.

т. 4, с. 89

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕСТЫБУЛЯ́РНЫ АПАРА́Т (ад лац. vestibulum пераддзвер’е),

орган пачуцця, які ўспрымае становішча і рух галавы і цела ў прасторы, перыферычны аддзел аналізатара раўнавагі. У ніжэйшых жывёл мае форму пузырка (статацыста), у пазваночных жывёл і чалавека — частка ўнутр. вуха (лабірынт), якая складаецца з пераддзвер’я і трох паўкружных праток (гл. Вуха).

Рэцэптары вестыбулярнага апарата знаходзяцца ў двух мяшочках пераддзвер’я і ў ампулах паўкружных праток перапончатага лабірынта ўнутр. вуха. Поласць мяшочкаў і паўкружных праток запоўнена тканкавай вадкасцю — эндалімфаю. Вярчальныя рухі галавы і цела выклікаюць рух эндалімфы паўкружных праток, гэта раздражняе ампулярныя рэцэптары. Раздражненне ўспрымаецца дэндрытамі адчувальных нейронаў вестыбулярных гангліяў і па іх аксонах перадаецца ў вестыбулярныя ядры прадаўгаватага мозга, якія звязаны праводзячымі шляхамі са спінным мозгам, цэнтрамі вегетатыўнай нервовай сістэмы, ядрамі вокарухальных нерваў, карой галаўнога мозга. Вестыбулярны апарат мае выключнае значэнне для захавання раўнавагі цела пры руху і ў стане спакою. Даследаванні вестыбулярнага апарата выкарыстоўваюцца ў адборы для работы на вышыні, на марскую і лётную службу. Высокая ўстойлівасць вестыбулярнага апарата дасягаецца трэніроўкай. Ад непасрэдных або рэфлекторных пашкоджанняў функцыі вестыбулярнага апарата ўзнікаюць вестыбулярныя парушэнні. Прыкметы: галавакружэнне, парушэнне раўнавагі, рытму дыхання, дзейнасці сэрца, моташнасць.

А.​С.​Леанцюк.

т. 4, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІНЫ́ ((Vigny) Альфрэд Віктор дэ) (27.3.1797, г. Лош, Францыя — 17.9.1863),

французскі пісьменнік. Граф. Чл. Франц. акадэміі (1845). У 1814—27 служыў у каралеўскай арміі. Яго творчасць адна з вяршынь франц. рамантызму. Дэбютаваў як паэт у 1820. Аўтар зб-каў «Вершы» (1822), «Паэмы на старажытныя і новыя сюжэты» (1826). У рамане «Сен-Мар» (т. 1—2, 1826) адлюстраваў сутыкненне рамантычнай асобы з сац.-гіст. рэаліямі. Драмы Віны прысвечаны аналізу ключавых для яго творчасці антыномій — гісторыя і чалавек, які становіцца ахвярай яе паступовага руху («Жонка маршала д’Анкра», 1831), творчая асоба і грамадства («Чатэртон», 1835). У аповесці «Няволя і веліч салдата» (1835) раскрыў супярэчнасці паміж воінскім абавязкам і маральнымі прынцыпамі. Для яго сталай паэзіі характэрны трагічнае светаадчуванне (зб. «Лёсы», выд. 1864), гіст. і экзістэнцыяльны фаталізм, апяванне вернасці перакананням і мужнасці пад ударамі лёсу (паэма «Смерць ваўка», 1843, і інш.). Аўтар рамана «Дафна» (выд. 1913), «Дзённіка паэта» (выд. 1867).

Тв.:

Рус. пер. — Неволя и величие солдата. Л., 1968;

Избранное. М., 1987;

Сен-Мар, или Заговор во времена Людовика XIII;

Стелло, или «Синие дьяволы»: [Романы]. М., 1990.

Літ.. Соколова Т.В. Философская поэзия А. де Виньи. Л., 1981.

К.​М.​Міхееў.

т. 4, с. 189

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)