ДА́ЎГМАЛЕ,

гарадзішча жал. веку і ранняга сярэднявечча (канец 1-га тыс. да н.э. — канец 12 ст.) у Латвіі. За 22 км на У ад Рыгі, на левым беразе Зах. Дзвіны (Даўгавы). Месца перасячэння заходнядзвінскага шляху з сухапутным шляхам з Пд і Пн, значная ч. якога праходзіла праз Беларусь. Даследаваў у 1966—70 В.​А.​Уртанс. Знаходкі (сканд., герм., слав., фін., балцкія, візант., араб. вырабы, зах.-еўрап. манеты) даюць падставу сцвярджаць, што Д. было буйным рамесным і гандл. цэнтрам, да 10 ст. належала земгалам, у 11—12 ст. заселена этнічна змешаным насельніцтвам.

т. 6, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДВАРА́НСКІ ІНСТЫТУ́Т,

закрытая мужчынская сярэдняя навуч. ўстанова для дваранскіх дзяцей у Рас. імперыі ў 19 ст. Паводле рэформы 1828 ствараліся як дзярж. навуч. ўстановы на базе гімназій і высакародных пансіёнаў. Рыхтавалі да стацкай і дыпламат. службы, паступлення ва ун-т. Навучанне платнае. Існавала 5 Д.і.: у Маскве (1833—49), Вільні (1838—63), Пензе (1843—63), Ніжнім Ноўгарадзе (1844—1917) і Высакародны ін-т у Варшаве (1844—63). Не набылі пашырэння з-за таго, што дваране традыц. імкнуліся ўладкаваць сваіх дзяцей у ваен. навуч. ўстановы.

т. 6, с. 75

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІЯРГІ́ДЗЕ (Збігнеў Іосіфавіч) (н. 7.2.1912, Масква),

бел. вучоны-эканаміст. Д-р эканам. н. (1973), праф. (1979). Скончыў Закаўказскі ін-т інжынераў чыг. транспарту (1932), Усесаюзны завочны фін. ін-т (1940). З 1949 у Бел. ін-це нар. гаспадаркі, у 1959—91 у Ін-це эканомікі АН Беларусі. Даследуе праблемы фін.-крэдытных адносін.

Тв.:

Очерки развития финансов и кредита в Белоруссии. Мн., 1970 (у сааўт.);

Белоруссия за десять пятилеток. Мн., 1982 (разам з Л.​Ф.​Герашчанка);

Экономика Белоруссии в период послевоенного возрождения. Мн., 1988 (у сааўт.).

т. 5, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛЕБ УСЕ́ВАЛАДАВІЧ (1120-я г. — пасля 1173),

гродзенскі князь, сын кн. Усевалада Давыдавіча. Разам з братам Барысам Усеваладавічам атрымаў у спадчыну Гродзенскае княства, падпарадкаванае кіеўскаму кн. Усеваладу Ольгавічу. У 1144 з братам удзельнічаў у паходзе кіеўскага князя на галіцкага Уладзіміра Валадаравіча. У 1166 з дружынай па загадзе кіеўскага князя ахоўваў ад полаўцаў купецкія караваны (каля Канева), у 1167 і 1170 дапамагаў Мсціславу Ізяславічу, а ў 1173 з полацкімі, тураўскімі і пінскімі князямі і братам Мсціславам — Андрэю Багалюбскаму ў міжусобнай барацьбе за кіеўскі пасад.

А.​П.​Госцеў.

т. 5, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛІКО́ЛЕВАЯ КІСЛАТА́, аксівоцатная кіслата,

HOCH2COOH, галоўны субстрат пры фотадыханні ў большасці раслін. Утвараецца ў адносна вял. колькасці на святле ў хларапластах клетак лісця з фосфаглікалату — прадукту аксігеніравання рыбулоза-1,5-дыфасфату. Гэта рэакцыя каталізуецца ключавым ферментам фотасінтэзу — рыбулоза-1,5-біфасфаткарбаксілазай у выніку канкурэнцыі O2 за цэнтр звязвання CO2 на ферменце. Далей гліколевая кіслата даволі хутка метабалізуе (акісляецца) з утварэннем гліяксілавай к-ты, гліцыну (у пераксісомах), CO2 (у мітахондрыях) і інш. прадуктаў. У выніку расходуецца частка фіксаванага ў працэсе фотасінтэзу вугляроду, што адбіваецца на прадукцыйнасці раслін.

т. 5, с. 295

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛО́ДАВА,

возера ў Пастаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Мядзелка, за 6 км на Пд ад г. Паставы. Пл. 0,35 км², даўж. 1,6 км, найб. шыр. 450 м, найб. глыб. 6 м, даўж. берагавой лініі 4 км. Пл. вадазбору 13,6 км². Схілы катлавіны выш. 2—4 м, на Пд і У да 10 м, парослыя хмызняком, у верхняй ч. разараныя. Берагі нізкія, месцамі высокія, пад хмызняком. Мелкаводдзе вузкае, пясчанае, дно пераважна глеістае. Зарастае. На Пд упадае ручай з воз. Доўжа, на Пн выцякае ручай у воз. Задзеўскае.

т. 5, с. 302

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛУ́БЛЯ,

возера ў Мядзельскім р-не Мінскай вобл., у бас. р. Страча, за 35 км на ПнЗ ад г. Мядзел, у межах ландшафтнага заказніка Блакітныя азёры. Пл. 0,47 км², даўж. 1,15 км, найб. шыр. 510 м, найб. глыб. 26,8 м, даўж. берагавой лініі 3,3 км. Пл. вадазбору 1,43 км². Схілы катлавіны выш. да 35 м, пясчаныя, параслі лесам. Берагі зліваюцца са схіламі, на ПнЗ і Пд забалочаныя. Мелкаводдзе вузкае, пясчанае, глыбей дно сапрапелістае. Вызначаецца высокай празрыстасцю вады, маляўнічым наваколлем. Зарастае. Упадае ручай з воз. Глубелька, выцякае ручай у р. Страча.

т. 5, с. 302

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛЫБО́ЧЫНА,

возера ў Расонскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Дрыса, за 14 км на ПдУ ад г.п. Расоны. Пл. 0,22 км², даўж. 900 м, найб. шыр. 320 м, найб. глыб. 4,5 м, даўж. берагавой лініі каля 3 км. Пл. вадазбору 1 км². Схілы катлавіны выш. 2—4 м, пясчаныя. Берагі выш. да 0,5 м, забалочаныя, тарфяністыя, да ўрэзу вады расце лес і хмызняк. Дно плоскае, сапрапелістае, каля ўсх. берага пясчанае. Шыр. паласы надводнай расліннасці 15—30 м. Упадае меліярац. канава, выцякае ручай у воз. Сямёненкі.

т. 5, с. 309

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕГА́РТ (Раман Міхайлавіч) (27.9.1908, г. Крамянчуг, Украіна — 6.9.1982),

архітэктар. Засл. архітэктар Расіі (1948). Скончыў Маскоўскі арх. ін-т (1934). З 1949 кіраўнік майстэрні ін-та «Белдзяржпраект». З 1954 у праектных арг-цыях Масквы. Асн. работы ў Мінску: універмаг (ГУМ; у аўт. калектыве), будынкі тэлевізійнага цэнтра па вул. Камуністычнай (1956, у сааўт.) і Бел. кансерваторыі (1958), жылыя дамы па вуліцах Кірава, Камуністычнай, Захарава, Казлова, Чырвонай (1950—54); рэстаран «Заслаўе» пад Мінскам (1975, у сааўт.). Жылыя і грамадскія будынкі ў Маскве, Сочы, Калінінградзе, Падольску, Серпухаве, а таксама за мяжой (Афганістан, М’янма).

т. 5, с. 130

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕЗГА́ЛЬСКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА,

у Дзятлаўскім р-не Гродзенскай вобл., на р. Моўчадзь (9 км ад вусця), каля в. Гезгалы, за 14 км на Пн ад г. Дзятлава. Створана ў 1959. Пл. 1,22 км², даўж. 2,5 км, найб. шыр. 1 км, найб. глыб. 4,5 м. Аб’ём вады 1,22 млн. м³. Правы бераг выш. 2,5—3 м, парослы лесам, левы спадзісты, пад лугам. Дно выслана глеем і пяском. Ёсць 9 астравоў агульнай пл. 0,1 км². Сярэднегадавы сцёк 278 млн. м³. Выкарыстоўваецца ў энергет. мэтах (Гезгальская ГЭС), для рыбагадоўлі і адпачынку.

т. 5, с. 132

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)