АРХЕТЫ́П (ад грэч. archē пачатак + typos вобраз),

агульначалавечы першавобраз, персанаж, што паслядоўна паўтараецца ў міфах, літаратуры і індывідуальным мысленні; спосаб сувязі вобразаў, што пераходзяць з пакалення ў пакаленне; цэнтр. паняцце аналітычнай псіхалогіі. Ідэю архетыпа ў аб’ектыўна-ідэаліст. форме можна знайсці ў творах Платона, Аўгусціна, схаластаў. Як навук. тэрмін «архетып» уведзены швейц. псіхолагам К.Г.Юнгам і адаптаваны філасофіяй, літаратура- і мастацтвазнаўствам, тэорыяй міфалогіі, фалькларыстыкай і інш. Паводле тэорыі Юнга пра калект. неўсвядомленае, мадэлі чалавечага вопыту пэўным чынам генетычна закадзіраваны і пераходзяць да наступных пакаленняў. Тоесныя архетыпныя матывы і вобразы (сімвал сусветнага дрэва ці міф пра патоп) сустракаюцца ў няроднасных культурах і сферах мастацтва, што тлумачыцца іх універсальным і пастаянным пачаткам у чалавечай прыродзе. Маючы выток у далагічным мысленні, архетып выклікае аналагічныя пачуцці і асацыяцыі і ў аўтара твора, і ў спажыўца незалежна ад разбежкі ў часе. Архетып ляжыць у аснове сімволікі творчасці, розных рытуалаў, сноў і інш.

І.​М.​Дубянецкая.

т. 1, с. 524

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУБІНШТЭ́ЙН Сяргей Леанідавіч (18.6.1889, г. Адэса, Украіна — 11.1.1960),

расійскі псіхолаг і філосаф. Чл.-кар. АН СССР (1943). Скончыў Марбургскі ун-т (1913; Германія). З 1930 заг. кафедры Ленінградскага пед. ін-та. З 1942 дырэктар Ін-та псіхалогіі АПН Расіі. З 1945 у Ін-це філасофіі АН СССР (да 1948 нам. дырэктара). Аўтар тэорыі псіхічнага як дзейнасці і як працэсу. Лічыў, што чалавек і яго псіхіка фарміруюцца ў працэсе дзейнасці і яны павінны даследавацца праз праяўленні ў асн. відах дзейнасці (у працы, пазнанні, навучанні, гульні і інш.), што псіхіка характарызуецца неперарыўным фарміраваннем, змяненнем. Асобу разглядаў як цэласную сістэму ўнутр. умоў, сярод якіх вылучаў агульныя, устойлівыя (напр., якасці зроку) і тыя, што змяняюцца ў залежнасці ад гіст. этапаў развіцця грамадства (напр., матывацыя). Дзярж. прэмія СССР 1942.

Тв.:

Бытие и сознание. М., 1957;

Принципы и пути развития психологии. М., 1959;

Основы общей психологии. [2 изд.] СПб. и др., 1999.

Літ.:

Абульханова-Славская К.А. Брушлинский А.В. Философско-психологическая концепция С.​Л.​Рубинштейна М., 1989.

т. 13, с. 422

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭЛАКСА́ЦЫЯ АКУСТЫ́ЧНАЯ,

працэс узнаўлення ў асяроддзі раўнавагі тэрмадынамічнай, якая парушана з-за змены ціску і т-ры пры праходжанні гукавой хвалі; неабарачальны працэс. Пры Р.а. энергія гукавой хвалі памяншаецца (адбываецца паглынанне гуку); рэлаксацыя суправаджаецца дысперсіяй (гл. Дысперсія хваль).

Найпрасцейшы від Р.а. — рэлаксацыя ўнутрымалекулярнага ўзбуджэння (адбываецца, напр., у двухатамных ці шмататамных газах, у якіх энергія паступальнага руху малекул у гукавой хвалі пераходзіць у энергію, што звязана з вагальнымі і вярчальнымі ступенямі свабоды малекул). Інш. віды рэлаксацыі: структурная ў вадкасцях (акустычная хваля ініцыіруе змену блізкага парадку ў размяшчэнні малекул вадкасці); хім. (пад уздзеяннем гуку зрушваецца раўнавага ў хім. рэакцыі). Адзін з відаў Р.а. у цвёрдым целе — рэлаксацыя розных дэфектаў крышталічнай рашоткі (звязана з рухам дэфектаў пад уздзеяннем мех. напружанняў у пругкай хвалі). Пры распаўсюджванні гуку ў паўправадніках і металах парушаецца раўнаважнае размеркаванне электронаў праводнасці, што таксама прыводзіць да рэлаксацыі. У палімерах, гумах і розных вязкапругкіх асяроддзях назіраецца значная дысперсія скорасці гуку, што звязана з рэлаксацыяй механізма высокай эластычнасці.

А.​Р.​Хаткевіч.

т. 13, с. 574

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Я́КАСЦЬ ПРАДУ́КЦЫІ,

сукупнасць уласцівасцей, якія выяўляюць узровень навізны, надзейнасць, даўгавечнасць, эканамічнасць, а таксама эрганамічныя, эстэтычныя і інш. спажывецкія ўласцівасці прадукцыі, што надаюць ёй здольнасць задавальняць людзей у адпаведнасці з яе прызначэннем. Патрабаванні да Я.п. фарміруюцца спажыўцом (заказчыкам), распрацоўшчыкам, выканаўцам і замацоўваюцца дзярж. органамі ў адпаведных нарматыўна-тэхн. дакументах і дагаворах. Заканадаўства вызначае і юрыдычна замацоўвае адносіны ўдзельнікаў грамадскай вытв-сці, звязаныя з забеспячэннем якасці навук.-тэхн., прамысловай, буд., с.-г. і інш. прадукцыі, трансп., гандл. і інш. відаў работ і паслуг, прадугледжвае абарону правоў і інтарэсаў спажыўца. Адрозніваюць якасць стварэння прадукцыі (залежыць ад якасці нарматыўнай дакументацыі і тэхн. сродкаў, неабходных для яе выпрацоўкі, сыравіны, матэрыялаў, камплектуючых дэталей, працы распрацоўшчыкаў і вытворцаў прадукцыі) і якасць эксплуатацыі (залежыць ад якасці эксплуатацыйных дакументацыі і абсталявання, матэрыялаў і прыстасаванняў, што ўжываюцца пры эксплуатацыі, ад якасці працы асоб, якія выкарыстоўваюць гэту прадукцыю). Пацвярджэнне, што прадукцыя дакладна адпавядае неабходным канкрэтным стандартам і тэхн. умовам, і выдача адпаведнага дакумента наз. сертыфікацыяй.

В.​Р.​Залатагораў.

т. 18, кн. 1, с. 252

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРАХІСІНКЛІНА́ЛЬ (ад брахі... + сінкліналь),

кароткая сінклінальная складка пластоў горных парод авальнай формы ў плане. Утвараецца ў выніку лакальнага тэктанічнага прагінання. Пласты горных парод, што ўтвараюць брахісінкліналь, з усіх бакоў нахілены да яе цэнтра, дзе знаходзяцца найб. маладыя горныя пароды.

Брахісінкліналь: 1 — план; 2 — разрэзы па лініях АВ і БГ.

т. 3, с. 252

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАМПІРЫ́ЗМ,

рэдкая палавая ненармальнасць, якая вызначаецца спалучэннем садызму і фетышызму, калі фетышам з’яўляецца кроў партнёра. Да вампірызму можна аднесці выпадкі, калі палавы акт суправаджаецца фантастычнымі вобразамі крыві, што льецца. Цяжкія формы вампірызму — нематываваныя забойствы без якіх-небудзь карыслівых мэт або распусных дзеянняў (выгляд крыві можа замяняць палавыя зносіны).

т. 3, с. 500

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕАМАГНІТАФО́Н,

магнітафон для выяўлення і запісу на магнітную стужку слабых гукавых сігналаў у падземных горных вырабатках. Гукаўлоўнік — геафон. Геамагнітафон дазваляе адрозніць сігналы, што падаюцца ўдарамі па пародзе, ад пабочных гукаў на адлегласці да 100 м. Выкарыстоўваецца пры горнавыратавальных работах для вызначэння месцазнаходжання рабочых, заспетых аварыяй у шахтах і рудніках.

т. 5, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПАГЕ́Й (ад апа... + грэч. gē Зямля),

1) пункт арбіты Месяца ці штучнага спадарожніка Зямлі, найб. аддалены ад цэнтра Зямлі; процілеглы перыгею). У астраноміі тэрмін «апагей» адносіцца толькі да целаў, што рухаюцца па замкнёных арбітах вакол Зямлі.

2) У пераносным сэнсе апагей — найвышэйшая ступень, найб. ўздым, росквіт дзейнасці, творчасці, славы.

т. 1, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЗАМЕРА́ЗЫ,

ферменты, што выклікаюць унутрымалекулярныя перамяшчэнні розных груп арганічных злучэнняў, у т. л. рэакцыі ўзаемнага ператварэння ізамераў (напр., стэрэаізамераў). Вядома больш за 50 відаў. Да І. адносяцца: ліязы, мутазы, рацымазы, цыс-трансізамеразы, унутрымалекулярныя аксідарэдуктазы і трансферазы і інш. І. вельмі пашыраны ў прыродзе, асабліва ў мікраарганізмаў. Адрозніваюцца высокай спецыфічнасцю.

т. 7, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́ЎКІ, наўкі,

ва ўсходнеславянскай міфалогіі злыя духі, якія часта прыносяць смерць, русалкі. Паводле ўкр. павер’яў, у М. ператвараюцца дзеці, што памерлі да хрышчэння. Імя М. (наўкі) утворана ад наў (увасабленне смерці). Паводле міфалагічных уяўленняў, М. спераду маюць чалавечае цела, а спіны ў іх няма і таму відаць усе вантробы.

т. 10, с. 217

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)