БІДЖАПУ́Р,

феадальная дзяржава (султанат) у паўд.-зах. Дэкане (Індыя) у 1489—1686. Засн. бахманідскім намеснікам Юсуф Адзіл-ханам, які паклаў пачатак дынастыі Адзіл-шахаў. Біджапур быў аслаблены паўстаннямі маратхаў пад кіраўніцтвам Шываджы і войнамі з Маголамі. З 1599 у складзе віцэ-каралеўства Дэкану. У 1686 падпарадкаваны дзяржавай Вялікіх Маголаў.

т. 3, с. 147

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́ЛАЧКА,

возера ў Беларусі, у Мядзельскім р-не Мінскай вобл., у бас. р. Страча, за 30 км на ПнЗ ад г.п. Мядзел. Пл. 0,28 км², даўж. 1,75 км, найб. Глыб. 28,2 м. Схілы катлавіны выш. да 20—25 м, пад лесам, берагі месцамі забалочаныя. Выцякае ручай у р. Страча.

т. 3, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛАФА́Н (ад грэч. allophanes які здаецца іншым),

мінерал, водны сілікат алюмінію непастаяннага саставу; Al2O3∙1,2SiO2∙3,3H2O. Аморфны. Утварае рыхлыя, шчыльныя, шклопадобныя нацёкі і інш. Колер белы, блакітны, зялёны, буры. Цв. 1—3. Вельмі крохкі. Шчыльн. 1,9 г/см³. Утвараецца пры разбурэнні сілікатаў і алюмасілікатаў пад уздзеяннем сернай кіслаты.

Алафан.

т. 1, с. 228

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́КУУМНАЯ ПЕЧ,

печ для апрацоўкі металу пад вакуумам. Бываюць награвальныя (для тэрмічнай апрацоўкі сталі) і плавільныя (для вытв-сці хім. актыўных і тугаплаўкіх металаў, высакаякасных сталяў, інш. сплаваў). Найб. пашыраны дугавыя і індукцыйныя вакуумныя печы. Для выплаўкі асабліва якасных сплаваў прымяняюць электронна-прамянёвыя печы і плазменна-дугавыя печы.

т. 3, с. 465

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІНТАВЫ́ СПУСК,

прыстасаванне для спуску сыпкіх і кускавых грузаў пад дзеяннем уласнай вагі; сродак гравітацыйнага транспартавання. Вышыня да 100 м і болей, прадукцыйнасць да 500 т/гадз пры дыяметры трубы 1,2—1,5 м. Выкарыстоўваецца на шматпавярховых складах, прамысл. прадпрыемствах, у горнай прам-сці.

Вінтавы спуск для сыпкіх грузаў.

т. 4, с. 187

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯ́ЛАЎСКІ ЗАПАВЕ́ДНІК Існаваў у 1940—51 у Валожынскім і Івянецкім р-нах Мінскай вобл. Пл. 13,6 тыс. га (80% пад лесам). Створаны для аховы, аднаўлення і вывучэння каштоўных капытных жывёл — ланей, аленяў, казуль, дзікоў, а таксама рачных баброў. З 1960 тэрыторыя б. запаведніка ў складзе біял. заказніка Налібоцкі.

т. 4, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛЕБ РАГВАЛО́ДАВІЧ,

друцкі князь у канцы 12 ст., сын кн. Рагвалода Рагвалодавіча. Упамінаецца ў Іпацьеўскім летапісе пад 1180, калі ў саюзе са смаленскім кн. Давыдам Расціславічам аказаў супраціўленне аб’яднаным сілам палачан, чарнігаўцаў і наўгародцаў у іх паходзе на Друцк, але беспаспяхова, таму вымушаны быў пакінуць Друцк.

М.​І.​Ермаловіч.

т. 5, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМЕ́ННЫЯ РЭ́КІ,

лінейна выцягнутыя намнажэнні абломкаў горных парод, якія павольна рухаюцца ў неглыбокіх лагчынах уніз па схілах пад уздзеяннем сілы цяжару, працэсаў выветрывання і саліфлюкцыі. Найб. характэрны для раёнаў з кантынентальным кліматам і пашырэннем сезонна- і шматгадовамёрзлых парод. Дасягаюць даўжыні некалькіх кіламетраў. Часта трапляюцца ва Усх. Сібіры, Забайкаллі, Саянах.

т. 7, с. 516

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАПАЦЭ́ВІЦКАЕ БАЛО́ТА,

на Пд Салігорскага р-на Мінскай вобл. і Пн Жыткавіцкага р-на Гомельскай вобл., у вадазборы р. Морач. Нізіннага тыпу. Пл. 6,6 тыс. га, у межах прамысл. пакладу 3,6 тыс. га. Глыб. торфу да 3,9 м, сярэдняя 1,2 м. Балота асушана, выкарыстоўваецца пад ворыва і сенажаць.

т. 8, с. 20

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КВЕРШЛА́Г (ням. Querschlag),

гарызантальная, часам нахіленая падземная горная вырабатка, якая не мае непасрэднага выхаду на зямную паверхню і пракладваецца ў шахтах па пародах пад прамым вуглом да лініі распасцірання пластоў. Служыць для адкаткі грузаў, перамяшчэння людзей, вентыляцыі і інш. Выкарыстоўваецца звычайна на працягу тэрміну службы гарызонту або паверха.

т. 8, с. 214

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)