АКМЕІ́ЗМ (ад грэч. akme найвышэйшая ступень чаго-н., росквіт),

мадэрнісцкая плынь у рас. паэзіі 1910-х г. Супрацьпастаўляўся сімвалізму з яго адрывам ад рэальнага жыцця і імкненнем да містычнага, незразумелага. Сярод тэарэтыкаў і прыхільнікаў акмеізму — М.​Гумілёў («Спадчына сімвалізму і акмеізм», 1913), С.​Гарадзецкі («Некаторыя плыні ў сучаснай рускай паэзіі», 1913), В.​Мандэльштам, Г.​Ахматава і інш., якія дэкларавалі канкрэтна-пачуццёвае ўспрыняцце і адлюстраванне свету, паэтызавалі мінулую культуру і біял. пачатак у чалавеку (адсюль другая назва акмеізму — адамізм, ад імя Адам), выступалі за вяртанне слову яго першапачатковага, не сімвалічнага, сэнсу. Акмеісты аб’ядналіся ў «Цэх паэтаў» (1911 — 14; 1920—22), выдавалі час. «Гиперборей» (1912—13), альманахі.

т. 1, с. 197

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЁНА ІВА́НАЎНА (19.5.1476, Масква — 20.1.1513),

дачка вял. князя маскоўскага Івана III, жонка вял. князя ВКЛ Аляксандра. Праз шлюб Алёны Іванаўны (1495) Іван III разлічваў атрымаць доступ у ВКЛ, вял. кн. Аляксандр — спыніць паліт. і ваенны наступ Маскоўскай дзяржавы на ВКЛ. Насуперак намаганням акружэння мужа Алёна Іванаўна засталася праваслаўная, падтрымлівала правасл. царкву ў ВКЛ, асуджала агрэсіўную палітыку Івана III у дачыненні да ВКЛ. Падтрымлівала мужа ў яго барацьбе са шляхтай за цэнтралізацыю ўлады, пасля яго смерці (1506) падтрымала Жыгімонта I. Валодала землямі ў Віленскім і Трокскім ваяв., каля Менска, Гародні, у памежжы з Маскоўскай дзяржавай, замкамі ў Магілёве, каля Мсціслава, у Чачэрску і інш.

т. 1, с. 245

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІАА́Н ЛЕ́ЙДЭНСКІ (Jan van Leiden, Johann von Leiden), Ян Бокелзан (Jan Beuckelszoon, Bockelson; каля 1509, паблізу г. Лейдэн, Нідэрланды — 23.1.1536),

кіраўнік Мюнстэрскай камуны. У 1533 далучыўся да старшыні нідэрландскіх анабаптыстаў Яна Матыса, хрысціўся ў яго і стаў адным з яго апосталаў. Разам з інш. анабаптыстамі ў 1534 захапіў уладу ў Мюнстэры, а пасля смерці Матыса ўзначаліў савет «12 старэйшын» — вярх. орган улады камуны. Пазней абвясціў сябе «царом Новага Сіёна» (Мюнстэра), валодаў неабмежаванай уладай, увёў палігамію. Імкнуўся пашырыць паўстанне на інш. вестфальскія гарады і Паўн. Нідэрланды. Пры захопе Мюнстэра войскамі епіскапа 25.7.1535 трапіў у палон, катаваны і пакараны смерцю. Гал. герой оперы Дж.​Меербера «Прарок» (1849).

т. 7, с. 137

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́ЛЬНІН Пётр Іванавіч (1872, г. Адэса, Украіна — пасля 1917),

бел. архітэктар. Скончыў Пецярбургскі ін-т грамадз. інжынераў (1896). Працаваў Магілёўскім губ. праўленні, з 1906 гарадскі, у 1907—17 Магілёўскі губ. архітэктар. Паводле яго праектаў у Магілёве узведзены будынкі дваранскага банка, крэдытнага т-ва, царква Трох Свяціцеляў; у Шклове — гар. бойня і будынак папярова-кардоннага з-да. Выкананыя ім 2 эскізныя праекты будынка Магілёўскага пазямельна-сял. банка выкарыстаны арх. А.​Друкерам; паводле яго эскізаў выкананы інтэр’еры асобных памяшканняў. Распрацаваў (1913) праекты будынкаў земства і рамеснай школы для Быхава, гандл. крам для Оршы, астрога для Рагачова, яўр. гімназіі для Магілёва, рамеснай школы для Клімавіч.

т. 7, с. 492

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЖУРА́НІЧ (Mažuianić) Іван (11.8.1814, Нові-Вінадольскі, Харватыя — 4.8.1890),

харвацкі паэт. У 1833—37 вывучаў філасофію і права ў Заграбе і Сомбатхеі (Венгрыя). Друкаваўся з 1835. У 1830—40-я г. прымыкаў да ілірызму, ідэямі якога прасякнуты яго патрыят. вершы «Продкам славян», «Ілірыя ў вяках», праца «Харваты мадзьярам» (1848). Яго ліра-эпічная паэма «Смерць Смаіл-агі Чэнгііча» (1846) прысвечана барацьбе паўд. славян супраць асманскіх заваёўнікаў, услаўленню слав. адзінства і вольнасці. Падрыхтаваў і выдаў «Нямецка-ілірыйскі слоўнік» (1842, з Ё.​Ужаравічам), «Слоўнік «Асмана» Гундуліча» (1844, з М.​Мажуранічам).

Тв.:

Рус. пер. — у кн.: Поэты Югославии XIX—ХХ вв. М. 1963.

І.​А.​Чарота.

т. 9, с. 502

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЙКО́ПСКІ КУРГА́Н,

помнік эпохі ранняй бронзы (канец 3-га тыс. да н.э.) у г. Майкоп (Расія). Даследаваны ў 1897 М.​І.​Весялоўскім. У кургане выяўлена багатае пахаванне племяннога правадыра і яго 2 жонак. Правадыр быў пахаваны пад балдахінам, расшытым залатымі бляшкамі ў выглядзе колцаў, фігурак ільвоў і быкоў. Яго падтрымлівалі 4 сярэбраныя шасты, якія заканчваліся літымі фігурамі быкоў з золата і серабра. Каля нябожчыка стаялі 2 залатыя і 14 сярэбраных пасудзін. На адной з іх выразаны малюнак, які нагадвае абрыс Каўказскага хрыбта. Знойдзены разнастайныя медныя прылады працы, сярэбраныя і залатыя ўпрыгожанні, сердалікавыя пацеркі, прывескі з бірузы, ляпіс-лазураку і інш.

т. 9, с. 520

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРА́ТА (Pareto) Вільфрэда (15.7.1848, Парыж — 20.8.1923),

італьянскі эканаміст і сацыёлаг; адзін з прадстаўнікоў матэматычнай школы ў паліт. эканоміі. Скончыў Турынскі ун-т. У 1893—1906 праф. Лазанскага ун-та. Асн. палажэнні яго вучэння выкладзены ў 4-томным «Трактаце ўсеагульнай сацыялогіі» (1915—19). Лічыў грамадства сістэмай, якая знаходзіцца ў «дынамічнай раўнавазе» ў выніку ўзаемадзеяння інтарэсаў асобных сац. груп і слаёў. Паводле яго тэорыі эліт, у паліт. працэсе вылучаюцца 2 тыпы: «эліта львоў», якой уласцівы агрэсіўнасць, аўтарытарнасць, схільнасць да насілля, і «эліта ліс», якой уласцівы лавіраванне, спекуляцыі, падман; грамадства развіваецца шляхам перыяд. змены, цыркуляцыі эліт. Не адмаўляў ролю ідэалогіі ў грамадстве, але лічыў яе лжывай формай грамадскай свядомасці.

т. 12, с. 156

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАГМАТЫ́ЧНАЯ СА́НКЦЫЯ 1713,

закон пра пераход у спадчыну прастола, выдадзены імператарам «Свяшчэннай Рым. імперыі» Карлам VI Габсбургам 19.4.1713; прыняты ўсімі землямі аўстр. манархіі ў 1720—23. Устанавіла непадзельнасць спадчынных зямель Габсбургаў і парадак атрымання прастола ў спадчыну, паводле якога ў выпадку адсутнасці ў імператара сыноў прастол пераходзіў да яго дачок. П.с. была прызнана большасцю еўрап. дзяржаў, але пасля смерці Карла VI (1740) спадчынныя правы яго дачкі Марыі Тэрэзіі аспрэчвалі Прусія, Францыя, Баварыя, Саксонія і Іспанія, што стала падставай для вайны за Аўстрыйскую спадчыну (1740—48). Паводле Ахенскага міру 1748 П.с. канчаткова прызнана еўрап. дзяржавамі і ўвайшла ў склад асн. законаў аўстр. манархіі.

т. 12, с. 532

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСТО́ЎСКАЕ КНЯ́СТВА,

удзельнае княства Русі 13—15 ст. з цэнтрам у Растове. Вылучылася ў 1207 з Уладзіміра-Суздальскага княства. У яго ўваходзілі Яраслаўль, Угліч, Малога, Белавозера і Усцюг. Першы князь Р.к. — Канстанцін Усеваладавіч (у 1216 стаў вял. кн. уладзімірскім) падзяліў Р.к. паміж сынамі. У выніку з яго вылучыліся Яраслаўскае, Угліцкае, Белаазёрскае княствы. у 1277 кн. Глеб Васількавіч на кароткі час далучыў да Р.к. Белаазёрскае княства, у 1285 — і Угліч. З сярэдзіны 14 ст. Р.к. трапіла пад уплыў маскоўскіх князёў. Іван Каліта выкупіў г. Угліч. Пры Дзмітрыю Данскім князі Р.к. сталі фактычна «службовымі» князямі Масквы. З 1474 у складзе Маскоўскай дзяржавы.

т. 13, с. 364

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЦІ́ (Satie) Эрык Альфрэд Леслі (17.5.1866, г. Анфлёр, Францыя — 1.7.1925),

французскі кампазітар. Вучыўся ў Парыжскай кансерваторыі, у «Схола канторум» (1905—08). Паўплываў на эстэт. прынцыпы творчай групы «Шасцёрка», але пазней адышоў ад яе. У пач. 1920-х г. адзін са стваральнікаў Аркейскай школы (аб’яднанне маладых музыкантаў). Яго творчасці ўласцівы навізна, прастата, наўмысная экстравагантнасць, супярэчлівасць (адыграў значную ролю ў фарміраванні імпрэсіянізму, аднак пазней быў у апазіцыі да яго). Сярод твораў: сімф. драма са спевам «Сакрат» (1918), балеты, у т. л. «Парад» (у садружнасці з Ж.​Както і П.​Пікасо, 1917), «Эксцэнтрычная прыгажуня» (1920), аперэты, творы для аркестра, хору, фп. творы і інш.

т. 14, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)