НЁМАНСКАЯ МЕЗАЛІТЫ́ЧНАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура плямён, якія ў 8—5-м тыс. да н.э. жылі на тэр. Літвы, паўн.-зах. Беларусі і некат. суседніх раёнаў. Узнікла ў выніку кантактаў нашчадкаў познасвідэрскіх плямён з насельніцтвам інш. мясц. культур. Для яе характэрны лістападобныя наканечнікі стрэл, ланцэтападобныя вастрыі, укладышы, трапецыі, авальныя сякеры, касцяныя вырабы. Носьбіты Н.м.к. прынялі ўдзел у фарміраванні на тэр. паўд.-зах. Літвы і зах. Беларусі неалітычнай нёманскай культуры.

т. 11, с. 309

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІЖНЕПАЛАВІННАЛО́ГАЎСКАЕ РАДО́ВІШЧА ПЯСКО́Ў.

У Магілёўскім р-не, каля в. Палавінны Лог. Пластавы паклад звязаны са стараж.-алювіяльнымі адкладамі р. Дняпро. Пяскі шэрыя, жаўтавата- і буравата-шэрыя, пераважна сярэднезярністыя, палевашпатава-кварцавыя, з рэдкімі зернямі жвіру. Разведаныя запасы 22,3 млн. м³, перспектыўныя каля 7 млн. м³. Магутнасць карыснай тоўшчы 2—17,7 м, ускрышы (пяскі) 0,1—1,8 м. Пяскі прыдатныя на выраб сілікатнай цэглы, сілікатабетону, для буд. работ.

А.​П.​Шчураў.

т. 11, с. 327

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІ́НДЗЯ,

катэгорыя спадчынных воінаў-наёмнікаў у сярэдневяковай Японіі. Практыкавалі адзін з відаў баявога майстэрства — «ніндзютсу» (яп. «нін» — нябачны, цярплівы і «дзютсу» — майстэрства). У час міжусобных войнаў (11—16 ст.) наймаліся яп. князямі для шпіянажу і забойства сапернікаў. Пасля аб’яднання Японіі ў пач. 17 ст. пад уладай сёгунаў з дома Такугава частка Н. выконвала паліцэйскія функцыі, частка далучылася да дэкласаваных элементаў.

Літ.:

Гвоздев С.А., Кривоносов И.В. Ниндзя: Тайны демонов ночи. Мн., 1997.

т. 11, с. 348

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́ВЕРМАЕР ((Overmyer) Роберт) (н. 14.7.1936),

касманаўт ЗША. Палкоўнік марской пяхоты ў адстаўцы. Магістр навук па астранаўтыцы (1964). Скончыў каледж Болдуін-Уолес (1958), школу па падрыхтоўцы пілотаў для аэракасм. даследаванняў (1965). З 1969 у групе касманаўтаў НАСА. Здзейсніў палёты ў складзе экіпажаў касмічных караблёў (КК) «Спейс шатл»; 11—16.11.1982 — на КК «Калумбія» (як 2-і пілот), 29.4—6.5.1985 — на КК «Чэленджэр» (як камандзір). У космасе правёў 12,1 сут.

У.​С.​Ларыёнаў.

т. 11, с. 426

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ОЛТ (Olt),

рака ў Румыніі, левы прыток р. Дунай. Даўж. 709 км, пл. басейна каля 25 тыс. км². Пачынаецца ва Усх. Карпатах, цячэ па Трансільванскім плато, праз Паўд. Карпаты (у цясніне), па Ніжнедунайскай раўніне. Упадае ў р. Дунай 2 рукавамі каля г. Турну-Мэгурэле. Веснавое разводдзе, летнія дажджавыя паводкі. Сярэдні расход вады каля 160 м³/с. Выкарыстоўваецца для арашэння. Суднаходная ў ніжнім цячэнні. На О. гарады Фэгэраш, Рымніку-Вылча, Слаціна.

т. 11, с. 433

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАВЕ́РХНЕВАЕ НАЦЯЖЭ́ННЕ клеткі,

адзін з фактараў, які вызначае форму клеткі і яе частак. Мае значэнне для клетак (жывёльных, некат. прасцейшых), пазбаўленых трывалай надмембраннай структуры, як, напр., у клетак раслін. Такія клеткі ў вадкім асяроддзі ў завіслым стане маюць сферычную канфігурацыю. Форма клеткі, якая прымацавана да субстрату або да інш. клетак, залежыць пераважна ад інш. фактараў (напр., ад мікратрубачак, кантактных структур). Лакальныя змены П.н. маюць значэнне ў гаструляцыі, пінацытозе, фагацытозе.

т. 11, с. 464

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАВЕ́РХНЕВАЯ ІАНІЗА́ЦЫЯ, тэрмаіонная эмісія,

тэрмічнае выпарэнне (дэсорбцыя) дадатных (дадатная іанізацыя) ці адмоўных (адмоўная) іонаў з паверхні цвёрдага цела. Узнікае пры награванні цел да пэўнай т-ры (тэмпературнага парога П.і.), а таксама пры ўласна выпарэнні, напр., тугаплаўкіх металаў. Выкарыстоўваецца ў крыніцах іонных пучкоў, для кампенсацыі аб’ёмнага зараду электронаў у тэрмаэлектронных пераўтваральніках і інш., закладзена ў аснову многіх метадаў вывучэння фіз.-хім. характарыстык паверхняў цвёрдых цел і ўзаемадзеяння з імі часціц.

т. 11, с. 464

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛІТРО́ПНЫ ПРАЦЭ́С, політрапічны працэс, змена стану фіз. сістэмы, пры якой захоўваецца пастаяннай яе цеплаёмістасць. Крывая, якая адлюстроўвае П.п. на тэрмадынамічных дыяграмах, наз. палітропай. Для ідэальнага газу апісваецца ўраўненнем pV​n = const, дзе p — ціск, V — аб’ем газу, n = C − Cp C − Cv — паказчык палітропы, C, Cp і Cv — цеплаёмістасці сістэмы ў П.п., пры пастаянных ціску і аб’ёме адпаведна. Асобныя выпадкі П.п.: адыябатны працэс, ізабарны працэс, ізахорны працэс, ізатэрмічны працэс.

т. 12, с. 9

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЬЧА́ТКА,

буйнапамерная цэгла з падоўжнымі барознамі на паверхні, якія зроблены пальцамі майстра ці спец. інструментам. Вядома на Беларусі ў 13—18 ст., куды трапіла з Валыні (Украіна), таксама ў паўн.-ўсх. Германіі, Польшчы, Літве і некат. інш. раёнах Прыбалтыкі. Выраблялася розных памераў: для замкавага буд-ва таўшчынёй 8—10 см, у 2-й пал. 17 ст. існавала тонкая П. (4,5—6 см). На П. 14—16 см трапляюцца меткі і клеймы.

т. 12, с. 21

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЯГА́ННЕ РАСЛІ́Н,

страта сцёбламі або ўсёй травяністай раслінай нармальнага прамастойнага становішча. Бывае сцябловае (недахоп святла ў загушчаных пасевах, павышанае азотнае жыўленне, пераўвільгатненне глебы, грыбковыя хваробы, наяўнасць пустазелля) і каранёвае (недастатковае развіццё каранёвай сістэмы і слабае счапленне яе з глебай). Для прадухілення П.р. выкарыстоўваюць спец. агратэхн. прыёмы: аптымальныя нормы сяўбы, прадухіленне празмернага азотнага жыўлення, падкормка фосфарна-калійнымі і мікраўгнаеннямі, апрацоўка інгібітарамі росту, укараненне ўстойлівых да палягання сартоў.

У.​П.​Пярэднеў.

т. 12, с. 23

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)