адкрытае акц.т-ва ў Мінску. Створана ў 1977 як ВА «Мінмедпрэпараты» на базе Мінскага з-да мед. прэпаратаў (галаўное прадпрыемства, працуе з 1929) і Мінскага з-да эндакрынных прэпаратаў (працуе з 1959). З 1986 ВА «Белмедпрэпараты», з 1995 акц.т-ва. Выпускае больш за 150 відаў лек. сродкаў (1995): антыбіётыкі, кровазамяшчальнікі, прэпараты для парэнтэральнага жыўлення, арганатэрапеўтычныя прэпараты, гатовыя лек. формы інсулінаў, гематаген дзіцячы і тырэаідзін у гранулах, сіроп парацэтамолу, прэпараты першай неабходнасці і інш. Частка прадукцыі выкарыстоўваецца ў касметыцы, жывёлагадоўлі і ветэрынарыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ЛЬКІ,
возера ў Беларусі, у Пастаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас.р. Паловіца, за 29 км на ПнУ ад г. Паставы. Пл. 0,26 км², даўж. 940 м, найб.шыр. 370 м, найб.глыб. 4,2 м, даўж. берагавой лініі 2,2 км. Пл. вадазбору 2,2 км².
Схілы катлавіны на З і У разараныя. Берагі нізкія, на У стромкія, пясчана-галечныя, на З гліністыя, забалочаныя. Усх. і паўд.-ўсх. прыбярэжныя часткі дна пясчана-галечныя з валунамі. Зарастае ўздоўж берагоў. Сцёк з возера ў р. Паловіца, уздоўж усх. берага крыніцы грунтавых водаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕМ ((Bem) Юзаф) (17.3.1794, г. Тарнаў, Польшча — 10.12.1850),
польскі ваен. і паліт. дзеяч, ваен. тэарэтык. Генерал польск., венг. і тур. армій. Удзельнік кампаніі 1812 у складзе войскаў Напалеона. У 1815—25 афіцэр арміі Каралеўства Польскага, звольнены за ўдзел у тайнай патрыят. арг-цыі. У час паўстання 1830—31 адзін з кіраўнікоў абароны Варшавы. Удзельнічаў у абароне рэв. Вены (кастр. 1848), узначаліў венг. армію (1849). Пасля паражэння венг. рэвалюцыі ўцёк у Турцыю, прыняў іслам і пад імем Мурат-пашы служыў у тур. арміі. Аўтар прац па матэматыцы, ваен. справе, гісторыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРЦЬЕ́ ((Berthier) Луі Аляксандр) (20.11.1753, г. Версаль, Францыя — 1.6.1815),
ваенны і дзярж. дзеяч Францыі, маршал (1804). Удзельнік вайны за незалежнасць ЗША (1775—83). З 1789 нач. штаба нац. гвардыі Версаля. У 1792—95 удзельнічаў у задушэнні мяцяжоў у Вандэі. У 1796—97 нач. штаба, у 1797—98 камандуючы франц. Італьянскай арміяй. Ваенны міністр (1799, 1801—07) і нач. штаба пры Напалеоне. З 1814 на службе ў Людовіка XVIII. Распрацаваў асновы штабной службы, прынятыя пазней усімі еўрап. Арміямі. У час «ста дзён» Напалеона скончыў самагубствам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІБРА́КТА (Bibracte),
галоўны горад стараж. племя эдуяў (цяпер гарадзішча Мон-Бёўрэ за 27 км ад г. Ацён, Францыя). Пл. каля 135 га, умацаваны валам, сцяной з каменю і дрэва, ровам. Раскопкамі выяўлены каменныя падмуркі жытлаў, майстэрняў, багатых віл. Знойдзена шмат керамікі, а таксама позналатэнскія фібулы, манеты, зброя і інш. У 58 да н. э. Юлій Цэзар разбіў тут кельцкае племя гельветаў. Каля 5 да н. э. насельніцтва горада перасялілася ў г. Аўгустадун (цяпер Ацён), у Бібракце да 4 ст.н. э. заставалася яшчэ свяцілішча мясц. багіні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІ́ДЛ ((Beadle) Джордж Уэлс) (22.10.1903, Уаху, штат Небраска, ЗША — 9.6.1989),
амерыканскі генетык. Чл.Нац.АН ЗША. Скончыў Небраскі (1926) і Корнелскі (1931) ун-ты. З 1931 у Каліфарнійскім тэхнал. ін-це, з 1936 у Гарвардскім ун-це. З 1937 праф. Станфардскага ун-та, у 1946—61 — Каліфарнійскага тэхнал. ін-та, да 1968 прэзідэнт Чыкагскага ун-та. Навук. працы па біяхім. генетыцы. Адзін з аўтараў (1941) фундаментальнай канцэпцыі: «адзін ген — адзін фермент» (кожны ген адказвае за сінтэз толькі аднаго фермента). Нобелеўская прэмія 1958 (разам з Э.Тэйтэмам і Дж.Ледэрбергам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІСКУ́ПІНСКАЕ ГАРАДЗІ́ШЧА,
археалагічны помнік жал. веку (сярэдзіна 6—5 ст. да н.э.) каля в. Біскупін Быдгашчцкага ваяв. Польшчы. Пляцоўка ўмацавана сцяной з драўляных канструкцый, запоўненых зямлёй і камянямі. Да варот гарадзішча праз тарфянік вёў драўляны мост (даўж. 120 м). Выяўлены рэшткі больш за 100 наземных жытлаў слупавой канструкцыі, пастаўленых уздоўж 1 акружной і 11 папярочных вуліц з драўлянай вымасткай. Насельніцтва (1000—1200 чал.) належала да плямёнаў лужыцкай культуры.
Літ.:
Монгайт А.Л. Археология Западной Европы: Бронзовый и железный века. М., 1974. С. 346.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯКАТА́ЛІЗ (ад бія... + каталіз),
ферментатыўны каталіз, працэс змянення скорасці або ўзбуджэння біяхім. рэакцый біякаталізатарамі (ферментамі) у жывых арганізмах ці ў эксперыменце. Характарызуецца кінетычнымі параметрамі, якія апісваюцца ўраўненнем Міхаэліса-Ментэн, найб. важны — канстанта Міхаэліса (Км), што паказвае канцэнтрацыю субстрату, пры якой скорасць рэакцыі складае палавіну максімальнай. Кантроль за біякаталізам вядзецца пры дапамозе спец. біяхім. і генет. механізмаў, што рэгулююць лакалізацыю, колькасць і каталітычную актыўнасць ферментаў. З выкарыстаннем біякаталізу ажыццяўляецца вытв-сць шэрагу лек. прэпаратаў, прадуктаў мікрабіял. сінтэзу, ён ляжыць у аснове многіх біятэхнал. працэсаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МЕС-І-БА́ЭС ((Gómez y Báez) Максіма) (18.11.1836, г. Бані, Дамініканская Рэспубліка — 17.6.1905),
адзін з кіраўнікоў нац.-вызв. руху кубінскага народа. У 1861—65 удзельнічаў у вайне за незалежнасць Дамініканскай Рэспублікі ад Іспаніі. У час нац.-вызв. вайны 1868—78 на Кубе стаў генералам арміі паўстанцаў, на чале якіх разбіў ісп. войскі каля Пала-Сека (1873), Наранха (1874), Гуасімаса (1874) і інш. Пазней у эміграцыі. З крас. 1895 зноў на Кубе, галоўнакаманд. арміяй паўстанцаў. Пасля ісп.-амер. вайны 1898 і акупацыі Кубы войскамі ЗША (студз. 1899) быў вымушаны распусціць сваю армію.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́РНЫ ЎДА́Р,
раптоўнае ўзрывападобнае разбурэнне гранічна напружанай ч. масіву карыснага выкапня (пласта вугалю, пароды), які прылягае да падземнай горнай вырабаткі. Суправаджаецца выкідам карыснага выкапня ці пароды ў горную вырабатку, моцным гукам і магутнай паветр. хваляй, разбурэннем мацаванняў, машын і абсталявання. Выклікаецца наяўнасцю ў масіве горнай пароды тэктанічных напружанняў, якія пераўзыходзяць па сваёй велічыні гравітацыйныя. Горныя ўдары звычайна адбываюцца пры глыбіні распрацоўкі больш за 200 м. Барацьбу з імі вядуць шляхам паніжэння горнага ціску на вугальны пласт, руднае цела (апераджальная адпрацоўка бяспечных суседніх пластоў, рыхленне ўзрывамі, напампоўванне вады ў пласт).