рух за дэмакратызацыю паліт. і эканам. жыцця, які адбываўся ў Чэхаславакіі ў сак.—жн. 1968. З пач. 1960-х «П.в.» папярэднічаў рух за рэформы ў Кампартыі Чэхаславакіі (КПЧ); крытыка кіраўніцтва на чале з 1-м сакратаром ЦК (і прэзідэнтам краіны) А.Новатным, патрабаванне рэабілітацыі ахвяр паліт. рэпрэсій 1940—50-х г. (каля 70 тыс. асуджаных), дэмакратызацыі партыі і дзярж. ін-таў. У студз. 1965 ЦК КПЧ ухваліў план эканам. рэформ, распрацаваны Ін-там эканомікі АН Чэхаславакіі пад кіраўніцтвам О.Шыка (мадэрнізацыя вытв. працэсу шляхам дэцэнтралізацыі, удзел рабочых у кіраванні прадпрыемствамі і інш.). У студз. 1968 пленум ЦК КПЧ адхіліў Новатнага ад пасады 1-га сакратара ЦК (у сак. пазбаўлены і пасады прэзідэнта). Кіраўніцтва партыяй і дзяржавай перайшло да рэфарматараў (А.Дубчак — 1-ы сакратар ЦК, Я.Свобада — прэзідэнт Чэхаславакіі, О.Чэрнік — старшыня СМ). У крас. 1968 пленум ЦК КПЧ прыняў «Праграму дзеянняў», што грунтавалася на плане эканам. рэформ Шыка. Пад уплывам падзей у КПЧ у краіне разгарнулася дыскусія аб рэфармаванні грамадства, ствараліся незалежныя ад КПЧ грамадскія аб’яднанні. У чэрв. 1968 пісьменнік Л.Вацулік выступіў з заявай «2000 слоў», дзе заклікаў народ узяць справу дэмакр. рэформ у свае рукі. 10.8.1968 надрукаваны праект новага статута КПЧ, які прадугледжваў яе дэмакратызацыю, раўнапраўе чэш. і славацкіх камуністаў. КПСС і ўлады СССР бачылі ў «П.в.» небяспеку для сацыяліст. садружнасці і таму аказвалі паліт. і ваен. ціск на кіраўнікоў Чэхаславакіі, якія ў пач.жн. афіцыйна запэўнілі іх у вернасці краіны сацыялізму і Варшаўскаму дагавору 1955. 21.8.1968 па ініцыятыве СССР у Чэхаславакію ўведзены войскі СССР, Балгарыі, Венгрыі, ГДР і Польшчы. Уварванне асудзілі ўсе парт. і дзярж. структуры Чэхаславакіі і XIV з’езд КПЧ (22.8.1968, пазней абвешчаны несапраўдным). Аднак кіраўніцтва КПЧ было вывезена ў Маскву, дзе яго прымусілі да абавязацельства «нармалізаваць» сітуацыю ў Чэхаславакіі, г.зн. ліквідаваць «П.в.». Паступова пад ціскам СССР рэфарматары ў кіраўніцтве КПЧ і Чэхаславакіі (акрамя Л.Свобады) адхілены ад пасад, у т. л. ў крас. 1969 Дубчак, у вер. Чэрнік; з КПЧ выключаны каля 600 тыс. удзельнікаў «П.в.». «П.в.» шмат у чым прадвызначыла шляхі развіцця сацыяліст. садружнасці і яе крушэнне, а таксама характар і асаблівасці «аксамітнай рэвалюцыі» 1989 у Чэхаславакіі.
Літ.:
Чехословакия конца 60-х гг.: Социализм с человеческим лицом. М., 1991;
Млынарж З. Мороз ударил из Кремля: Пер. с чеш. М., 1992;
Майоров А.М. Вторжение. Чехословакия, 1968: Свидетельства командарма. М., 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́ЛЬСКІ Максім Тадзеевіч (19.3.1895, Кіеў — 24.7.1964),
украінскі паэт, вучоны. Акад.АН Украіны (1943), акад.АНСССР (1958). Вучыўся ў Кіеўскім ун-це (1915—18). У 1919—29 працаваў настаўнікам. З 1944 дырэктар Ін-та мастацтвазнаўства, фальклору і этнаграфіі АН Украіны. Друкаваўся з 1907. Зб-кам вершаў «На белых астравах» (1910), «Пад асеннімі зорамі» (1918), «Сіняя далячынь» (1922), «Праз буру і снег» (1925), «Трынаццатая вясна» (1926), «Дзе сыходзяцца дарогі» (1929) уласцівы зварот да класікі, да лепшых узораў зах.-еўрап. паэзіі. У зб-ках «Знак шаляў» (1932), «Кіеў» (1935), «Лета» (1936), «Украіна» (1938), «Збор вінаграду» (1940) лірызм, філасафічнасць, асацыятыўнасць замяняюцца дэкларатыўнасцю, апавядальнасцю. Мужнасць, грамадзянскасць, патрыятызм характэрны для творчасці Р. перыяду Вял.Айч. вайны (зб-кі «Слова пра маці-радзіму», «Світальная зара», «Светлая зброя», усе 1942; Дзярж. прэмія СССР 1943). Гуманіст. ідэал чалавека і грамадства, духоўнасць, эстэтычнасць уласцівы кн. паэзіі «Ружы і вінаград» (1957), «Далёкія небасхілы» (1959, Ленінская прэмія 1960), «Зімовыя запісы» (1964). Аўтар даследаванняў па літ.-знаўстве, фалькларыстыцы, мастацтвазнаўстве, тэорыі перакладу. Перакладаў з інш. моў. За пераклад паэмы «Пан Тадэвуш» А.Міцкевіча Дзярж. прэмія СССР 1950. Беларусі прысвяціў цыклы вершаў «Шчодрасць» (1955), «На братняй зямлі» (1958), артыкулы пра Я.Купалу («Янка Купала», 1947, «Пра паэта-рыцара», 1957), Я.Коласа («Пра паэта і сябра», 1957), П.Панчанку («Салдат паэзіі», 1961). На ўкр. мову пераклаў творы Ф.Багушэвіча, Броўкі, В.Віткі, А.Вялюгіна, П.Глебкі, А.Зарыцкага, М.Калачынскага, К.Кірэенкі, Я.Коласа, А.Куляшова, Я.Купалы, В.Таўлая. Яму свае вершы прысвяцілі Броўка, Калачынскі, Я.Колас, артыкулы Я.Брыль, Н.Гілевіч, Т.Кабржыцкая, Р.Няхай. На бел. мову асобныя яго творы пераклалі А.Астрэйка, М.Аўрамчык, Р.Барадулін, А.Бачыла, Броўка, Ю.Гаўрук, Вітка, Гілевіч, С.Грахоўскі, Х.Жычка, В.Зуёнак, Калачынскі, Кірэенка, М.Лужанін, П.Прыходзька, В.Рагойша, А.Русак, Н.Тарас і інш.Дзярж. прэмія Украіны 1971.
Тв.:
Твори. Т. 1—10. Київ, 1960—62;
Вибране. Київ, 1967;
Сонети. Київ, 1974;
Бел.пер. — Выбр. творы. Мн., 1952;
Світальная зара: Вершы і паэма. Мн., 1985;
На братняй зямлі // Полымя. 1958. № 12.
Літ.:
Крижанівський С. Максим Рильський. Київ, 1960;
Новиченко Л. Поетичний світ Максима Рильського. Київ, 1980;
Ахрыменка П. Максім Рыльскі і Беларусь // Ахрыменка П. Летапіс братэрства. Мн., 1973;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭВАЛЮ́ЦЫЯ 1848-49 У ГЕРМА́НІІ,
адна з рэвалюцый 1848—49 у Еўропе. Ставіла за мэту аб’яднанне Германіі і лібералізацыю паліт. жыцця. Штуршком да яе стала рэвалюцыя 1848 у Францыі. Пачалася з выступлення ў Бадэне (27 лют.), і ў хуткім часе ахапіла большасць германскіх дзяржаў. Найб. значныя падзеі адбыліся ў Аўстрыі (гл.Рэвалюцыя 1848—49 у Аўстрыі) І Прусіі. У Берліне дэманстрацыі рамеснікаў, рабочых, студэнтаў і гандляроў перараслі 18 сак. ў нар. паўстанне. Пад яго націскам кароль Прусіі вымушаны быў скасаваць цэнзуру, пагадзіцца са скліканнем прускага Нац. сходу і вывесці войскі са сталіцы. 29 сак. створаны ўрад Прусіі на чале з лідэрамі ліберальнай апазіцыі Л.Кампгаўзенам і Д.Ганземанам. 22 мая пачаў працу Нац. сход Прусіі; большасць месцаў у ім належала лібералам, якія стаялі за ліберальную канстытуцыю, але супраць радыкалізацыі рэвалюцыі. 18.5.1848 у Франкфурце-на-Майне пачаў дзейнасць агульнагерм. Нац. сход, т.зв. Франкфурцкі парламент, скліканы для вырашэння пытання пра аб’яднанне Германіі; большасць у ім таксама належала лібералам. Але створаны сходам часовы імперскі ўрад на чале з аўстр. эрцгерцагам Іаганам не быў падтрыманы Аўстрыяй, Прусіяй і інш.ням. дзяржавамі. На сходзе распачалася барацьба паміж прыхільнікамі «вялікагерманскага» (з удзелам Аўстрыі) і «малагерманскага» (без Аўстрыі) варыянтаў герм. дзяржавы. Тым часам паражэнне паўстання ў Аўстрыі ў кастр. 1848 падштурхнула караля Прусіі да роспуску прускага Нац. сходу (8 ліст.), прызначыць новы ўрад на чале з кансерватыўнымі дзеячамі і ўвесці ў Берлін войскі. У снеж. 1848 уступіла ў дзеянне канстытуцыя, якая павялічыла паўнамоцтвы караля пры захаванні шэрагу дэмакр. свабод. Франкфурцкі парламент працягваў працу, выдаў у снеж. 1848 «Асн. правы нямецкага народа», а 27.3.1849 — імперскую канстытуцыю на аснове «малагерманскага» праекта. «Імператарам немцаў» быў абраны кароль Прусіі Фрыдрых Вільгельм IV. Аднак 28.4.1849 ён адмовіўся ад імперскай кароны, а ў маі—чэрв. 1849 прускія войскі задушылі паўстанні ў абарону канстытуцыі ў Саксоніі, Рэйнскай вобл., Пфальцы і Бадэне. 18 чэрв. ўрад Вюртэмберга разагнаў Нац. сход, які пэўны час яшчэ працягваў збірацца ў Штутгарце. Нягледзячы на няўдачу з аб’яднаннем Германіі, рэвалюцыя паспрыяла лібералізацыі паліт. жыцця ў ням. дзяржавах і хуткаму іх капіталіст. развіццю.
Літ.:
Степанова Е.А., Левикова С.З. Борьба за единую демократическую Германию в период революции 1848—1849 гг.М., 1955;
Кан С.Б. Немецкая историография революции 1848—1849 гг. в Германии. М., 1962;
Галкин И.С. Создание Германской империи, 1815—1871 гг.М., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКРЫПТО́РЫЙ (позналац. scriptorium ад лац. scriptor перапісчык, пісец),
сярэдневяковая майстэрня па вырабе рукапісных кніг. У 6—15 ст. С. былі пашыраны ў Еўропе. Стваральнікам першага еўрап. С. (540-я г.) лічыцца гісторык остготаў Касіядор. У канцы 6—7 ст. С. ствараліся па ўсёй Еўропе (Верона, Ліён, Санкт-Гален, Кёльн, Фульда, Сен-Марцыял, Корбі і інш.), у якіх пазней выпрацаваліся асн. тыпы сярэдневяковага пісьма. Найб. вядомасцю пры Карле Вялікім карыстаўся С. Турскага манастыра св. Марціна. У 9 ст. некалькі С. меў манастыр бенедыкцінцаў у Клюні (Бургундыя), рукапісы якіх вызначаліся выразнасцю пісьма, вельмі чорным чарнілам і своеасаблівай арнаментыкай. З канца 12 ст. С. сталі выцясняцца гар. цэхавымі майстэрнямі, якія працавалі на заказ і на рынак. С. заняпалі са з’яўленнем кнігадрукавання. У С. існаваў падзел працы: з узорнага арыгінала спісвалі перапісчыкі, аздобу выконвалі ілюмінатары, часта пры С. працавалі пераплётныя майстэрні. На землях ВКЛ існавалі мітрапаліцкі, дзяржаўны, манастырскія і прыватныя С. Першыя С. вядомы ў 14—15 ст. у правасл. манастырах і пры двары кіеўскіх мітрапалітаў (да іх прадукцыі можна аднесці Евангелле-апракас сярэдзіны 14 ст. і Лаўрышаўскае евангеллепач. 14 ст.). Мітрапаліцкі С. упамінаецца дыяканам Якімцом пад 1512 пры саборнай царкве Барыса і Глеба ў Навагрудку. З развіццём дзяржавы развіўся ін-тДзярж. канцылярыі ВКЛ, якой кіраваў канцлер. Яму і яго намесніку (падканцлеру) падпарадкоўваліся лац. і рус.пісары. Пісару падпарадкоўваліся дзякі, якія вялі справаводства, перапісвалі акты, тыражавалі неабходныя для дзяржавы кнігі. Асн. прадукцыя, якая выходзіла са С. велікакняжацкай канцылярыі, былі спісы Статутаў, хаця шэраг прафес. пісцоў мог спісаць любыя кнігі на заказ. У 15 ст. існаваў С. пад пратэкцыяй кн. Алелькавічаў у Слуцкім Траецкім манастыры. Адна з кніг, перапісаная ў ім, захавалася да нашага часу. Значным цэнтрам вырабу кніг быў Смаленск. Пры смаленскім епіскапе Іосіфе Солтане створаны ілюмінаваны спіс Радзівілаўскага летапісу. У 1495 у Смаленску перапісаны Аўрамкі летапіс з рыфмаваным панегірыкам Вітаўту (гл.«Пахвала Вітаўту»), Найб. вядомыя манастырскія С.: Полацкі, Куцеінскі, Чарэйскі, Лешчанскі, Супрасльскі. У ВКЛ рукапісныя кнігі выраблялі амаль у кожным каталіцкім кляштары. Часта кнігапісанне бралі пад сваю апеку прыватныя асобы, найчасцей буйныя магнаты. Найбольшы з прыватных С. дзейнічаў у канцы 15—1-й пал. 16 ст. ў двары Солтанаў у прадмесці Вільні — Шышкінях (зараз у межах горада). Радзівілы і інш.бел. магнаты таксама мелі свае канцылярыі са штатам канцылярыстаў-кнігапісцаў.
Літ.:
Киселева Л.И. О чем рассказывают средневековые рукописи. Л., 1978;
Нікалаеў М Палата кнігапісная: Рукапісная кніга на Беларусі ў X—XVIII стст. Мн., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СПАЖЫВЕ́ЦКАЯ КААПЕРА́ЦЫЯ,
від кааперацыі, якая ўяўляе сабой сістэму спажывецкіх таварыстваў, іх саюзаў і створаных імі унітарных прадпрыемстваў і ўстаноў з мэтай задавальнення патрэб членаў спажывецкіх т-ваў і насельніцтва шляхам арганізацыі гандлёвай, закупачнай, вытворчай і іншай дзейнасці. Узнікла ў Англіі ў 1844. З сярэдзіны 19 ст. кааператывы актыўна ствараліся ў Францыі, Італіі, Германіі, Скандынаўскіх краінах і інш. У Расіі першы рабочы кааператыў з'явіўся ў 1864. У 1895 створаны Міжнародны кааператыўны альянс, які аб’ядноўвае нац. і рэгіянальныя саюзы кааператываў.
Першы спажывецкі кааператыў на Беларусі зарэгістраваны ў 1892, да 1917 дзейнічала 359 спажывецкіх т-ваў. У чэрв. 1917 у Мінску арганізаваны саюз спажывецкіх т-ваў Мінскага р-на, які пазней пераўтвораны ў Цэнтральны саюз спажывецкіх т-ваў Беларускага краю, а потым — у Беларускі рэсп. саюз спажывецкіх т-ваў (Белкаапсаюз). Да сярэдзіны 1930 спажывецкія т-вы функцыянавалі ў гарадах і ў вёсках, з 1935 С.к. абслугоўвае ў асноўным вясковае насельніцтва. У 2001 у Белкаапсаюзе 1,4 млн. пайшчыкаў, аб’яднаных у 118 раённых і 2 рэгіянальныя спажывецкія т-вы. Больш як 136 тыс. працаўнікоў С.к. абслугоўвалі 3,5 млн.чал. (85% з іх былі вяскоўцы). Тавараабарот склаў 993,3 млрд.руб., ці 18,6% рознічнага тавараабароту краіны. На яго долю прыпадае 3,2% унутр. валавога прадукту рэспублікі, 4,5% працоўных рэсурсаў, 51% аб’ектаў гандлю, 42% прадпрыемстваў грамадскага харчавання. Вырабляе 24% хлебабулачных, 26% макаронных, 14% каўбасных, рыбных вырабаў, 12% кансерваў, 7% мінеральнай вады. С.к. мае 105 хлебазаводаў і пякарань, 122 каўбасныя, 124 кандытарскія і 68 рыбаперапрацоўчых цэхаў, 25 кансервавых прадпрыемстваў, 5 камбінатаў і 175 цэхаў па вырабе непрадуктовых тавараў, 7 зверагаспадарак па гадаванні ліса, норкі, пясца. На канец 2001 у сістэме Белкаапсаюза 3,6 тыс. прадпрыемстваў грамадскага харчавання, у т. л. 513 у калгасах і саўгасах, 1850 у навуч. установах, 12,5 тыс. магазінаў, 719 ларкоў, палатак, кіёскаў. 418 аўтамагазінаў і 433 хатнія крамы абслугоўвалі больш як 6 тыс. вёсак, у якіх менш за 25 жыхароў. С.к. закупляе і перапрацоўвае больш за 30 відаў с.-г. прадукцыі і сыравіны на 95,8 млрд.руб. (2001).
З 1992 Белкаапсаюз — чл.Міжнар.каап. альянсу, падтрымлівае кантакты з кааператарамі і фірмамі больш як 30 краін. Знешнегандлёвы абарот у 2001 склаў 34,6 млн.дол. ЗША. Мае ўласныя навуч. ўстановы: Бел. гандлёва-эканам.ун-т спажывецкай кааперацыі, Рэсп.ін-т павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў Белкаапсаюза, 6 каледжаў, 2 прафтэхвучылішчы.
Узаемадзеянне спажывецкай кааперацыі з дзяржавай рэгулюецца Законам «Аб спажывецкай кааперацыі (спажывецкіх таварыствах, іх саюзах) у Рэспубліцы Беларусь» (2002).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УЗНЁСЛАЕ,
катэгорыя эстэтыкі, якая адлюстроўвае такі тып эстэтычных адносін да прыроды, грамадства і творчасці, калі аб’ект успрымаецца як вялікая, гераічная, духоўна значная з’ява, несувымерная са звычайнымі фактамі і падзеямі. Суадносіцца з прыгожым, гераічным і трагічным; процілеглае нізкаму, агіднаму і камічнаму. Ад гарманічнай суаднесенасці прыгожага адрозніваецца выяўленнем пазітыўнай неадпаведнасці — перавагі агульнага над прыватным, грамадскага над асабістым, духоўнага над цялесным. Адносна прыроды выяўляецца ў пачуццях высокага, магутнага і неабсяжнага. У грамадскім быцці служыць крытэрыем ацэнкі гераічных падзей і ўчынкаў, духоўнай стойкасці чалавека, яго самаахвярнасці ў барацьбе са злом. Як катэгорыя эстэт. свядомасці грамадства У. дамінуе на ўзыходных стадыях сац. развіцця: перыядах станаўлення этнасаў, нацый, рэліг. і грамадска-паліт. сістэм, новых цывілізацый. Для У. ў мастацтве характэрны манументальнасць кампазіцыі, высокі стыль, напружанасць сюжэта і адпаведныя выяўл. сродкі. З найб. паўнатой У. выявілася ў манум. жанрах архітэктуры, скульптуры і жывапісу, класічнай музыцы, араторыі, трагедыі і інш.
Катэгорыя У. шматгранна выявілася на этапах станаўлення бел. нацыі, дзяржаўнасці, нац. адраджэння 19—1-й пал. 20 ст. У сярэдневяковай маст. культуры яна была стылеўтваральным фактарам, адлюстроўваючы хрысц. светапогляд, згодна з якім Бог — крыніца дабра, праўды і прыгажосці. Асветнікі і творцы Адраджэння арыентаваліся на збліжэнне боскага і зямнога, гармонію душы і цела, грамадскіх і асабістых адносін, санкцыянаваных боскімі і прыроднымі законамі быцця (Ф.Скарына, М.Гусоўскі, Я.Вісліцкі і інш.). У эстэтыцы барока і рамантызму раскрываліся супярэчнасці паміж матэрыяльна-цялесным і духоўна-творчым: высокае ў цялесным плане часам аказвалася нізкім у духоўным плане, а малое і нязначнае ў цялесным плане — У. і гераічным у духоўным.
Пачынальнікі новай бел. л-ры рамант. кірунку ўзвялі нац. фальклор у ранг высокага мастацтва (Я.Чачот, Я.Баршчэўскі, В.Дунін-Марцінкевіч і інш.). У творчасці класікаў бел. л-ры Ф.Багушэвіча, Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча і іх паслядоўнікаў вызначыліся 2 тэндэнцыі ў ацэнцы рэальнасці: асуджэнне рэчаіснасці як агіднай і нізкай, з аднаго боку, і паэтызацыя нац. традыцый і гарманічных бакоў нац. побыту як прыгожага і У., з другога. У канцы 20 — пач. 21 ст. у еўрап. краінах, у т. л. на Беларусі, У. ў быцці і мастацтве выцеснена на ўзровень элітарнай культуры; у масавай культуры назіраюцца тэндэнцыі да зніжэння эстэт. крытэрыяў, дамінавання пацяшальнага мастацтва з арыентацыяй на камічнае і агіднае.
Літ.:
Конан У.М. Развіццё эстэтычнай думкі ў Беларусі (1917—1934 гг.). Мн., 1968;
Дорошевич Э.К., Конон В.М. Очерк истории эстетической мысли Белоруссии. М., 1972;
Крюковский Н.И. Основные эстетические категории: Опыт систематизации. Мн., 1974.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШПІЛЕ́ЎСКІ Павел Міхайлавіч (12.11.1823, в. Шыпілавічы Бабруйскага р-на Магілёўскай вобл. — 29.10.1861),
бел. і рус. этнограф, фалькларыст, пісьменнік, публіцыст, тэатр. крытык. Канд. багаслоўя (1847). Скончыў Мінскую духоўную семінарыю (1843), Пецярб. духоўную акадэмію (1847). З 1847 выкладаў славеснасць у Варшаўскім пав. духоўным вучылішчы, з 1853 служыў у Гал.пед. ін-це ў Пецярбургу, у 1855—59 настаўнік школы пры Экспедыцыі падрыхтоўкі дзярж. папер. Друкаваўся з 1846. Супрацоўнічаў з пецярб.перыяд. выданнямі. Пісаў пад псеўд. Драўлянскі, Знаёмы чалавек, Барон Ікс. Вывучаў гісторыю, побыт, вусную нар. творчасць і мову беларусаў. Аўтар нарысаў і арт. «Беларускія народныя павер’і» (1846—52), «Апісанне пасольства Льва Сапегі ў Маскве ў 1600 г.» (1850), «Народныя прыказкі з тлумачэннем паходжання і значэння іх» (1852), «Даследаванне пра ваўкалакаў: На падставе беларускіх павер’яў» (1853), «Вясельныя абрады ў засцянкоўцаў (акалічан) Віцебскай губерні» (1854), «Мазыршчына: (3 падарожжа па заходнярускім краі)» (1859), «Паездка ў заходнія губерні» (1860). Цыклы белетрызаваных нарысаў «Падарожжа па Палессі і беларускім краі» (1853—55) і «Беларусь у характарыстычных апісаннях і фантастычных яе казках» (1853—56) прынеслі Ш. вядомасць у рас. друку як аднаму з першых даследчыкаў і папулярызатараў бел. гісторыі, этнаграфіі і фальклору. Нарысы сумяшчалі аўтарскія навук. разважанні і лірычныя адступленні, гіст. даведкі і маляўнічыя апісанні бел. гарадоў, вёсак і мястэчак, фалькл. запісы і этнагр. замалёўкі. Ш. належыць таксама спроба стварэння слоўніка і граматыкі бел. мовы («Слоўнік і караняслоў беларускай гаворкі», 1845, рукапіс). Даследаваў таксама гісторыю, мову і фальклор літ. народа («Нарысы Жмудзі», 1855). Аўтар зб. «Беларускія прыказкі» (1853), апавяданняў «Нарысы польскіх звычаяў» (1854), аповесці для дзяцей «Цыганё» (1855), серыі апавяданняў «Заходнярускія нарысы» (1858—59). У аснову драмы «Дажынкі» (1857), якая ўяўляе сабой варыяцыю на тэму «Ідыліі» В.Дуніна-Марцінкевіча, пакладзены бел.этнагр. абрад. У журналісцкія агляды ўключаў весткі з Беларусі, першы паведаміў пра творчасць Дуніна-Марцінкевіча, рэцэнзаваў спектаклі Мінскага т-ра. Непаслядоўнасць і супярэчлівасць светапогляду Ш., які вагаўся ад дэмакратызму і памяркоўнай ліберальнасці да адкрытай рэакцыйнасці, выклікалі нападкі на ягорас. кансерватараў і рэзкую крытыку з боку дэмакр. колаў (палеміка вакол «Заходнярускіх нарысаў»). Творы Ш., прысвечаныя Беларусі, сцвярджалі нац. самабытнасць бел. народа, садзейнічалі фарміраванню бел.нац. культуры і л-ры.
Тв.:
Путешествие по Полесью и белорусскому краю. Мн., 1992.
Літ.:
Кузняева С.А. Русская дореволюционная печать и советское литературоведение о Павле Шпилевском // Книга в Белоруссии: Книговедение, источники, библиогр. Мн., 1981;
Германовіч І.К. П.М.Шпілеўскі // Германовіч І.К. Беларускія мовазнаўцы. Мн., 1985;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЯРАСЛА́Ў МУ́ДРЫ (у хрышчэнні Георгій; ? — 2.2.1054),
вялікі князь кіеўскі (1019—54). Трэці сын Уладзіміра Святаславіча. У «Аповесці мінулых гадоў» ён прылічаны да сыноў Уладзіміра ад Рагнеды Рагвалодаўны, што выклікае сумненне, бо не стасуецца з кароткім тэрмінам гэтага прымусовага шлюбу. Прылічэннем Я.М. да сыноў Рагнеды кіеўскія князі імкнуліся абгрунтаваць законнасць уласных прэтэнзій на Полацкае княства. Пры жыцці бацькі Я.М. быў князем-намеснікам у Ноўгарадзе, пасля яго смерці (1015) з наўгародскімі і варажскімі дружынамі змагаўся за кіеўскае княжанне супраць вял. князя кіеўскага Святаполка Яраполчыча, якога падтрымлівалі Польшча і печанегі. У 1019 авалодаў Кіевам і стаў вял. князем. Вёў барацьбу з полацкім кн.Брачыславам Ізяславічам, у 1021 мусіў аддаць яму Віцебск і Усвяты, пасля чаго паміж Я.М. і Брачыславам усталяваліся сяброўскія адносіны і быў заключаны ваен. саюз. У 1024 пасля паражэння ў бітве пад Ліственам каля Чарнігава Я.М. аддаў свайму брату тмутараканскаму кн.Мсціславу Уладзіміравічу землі на У ад Дняпра з цэнтрам у Чарнігаве, а сам з прычыны небяспекі 2 гады знаходзіўся ў Ноўгарадзе, адкуль кіраваў Кіевам і падуладнай яму тэрыторыяй праз свайго намесніка, якім быў, відаць, Брачыслаў Ізяславіч. Я.М. фактычна і юрыдычна прызнаў незалежнасць Полацкага княства. У 1030—31 адваяваў у Польшчы страчаныя ў 1018 Чэрвеньскія гарады (на З Валыні). У 1030 авалодаў зах. узбярэжжам Чудскога воз., пабудаваў там г. Юр’еў (цяпер Тарту, Эстонія). Пасля смерці брата Мсціслава Уладзіміравіча аб’яднаў пад сваёй уладай усю Русь, акрамя Полацкай зямлі. У 1036 разбіў пад Кіевам печанегаў, рабіў паходы ў 1038 на яцвягаў, у 1040 і 1044 — на літву. Яму прыпісваецца заснаванне ў 1044 Новагародка (сучасны г.Навагрудак). З 1043 ваяваў з Візантыяй, з якой у 1046 заключыў мір. Быў прыхільнікам адукацыі, адкрыцця школ, развіцця пісьменнасці. Пры ім створана самая стараж. частка Рускай праўды (т.зв. Праўда Яраслава), пабудаваны ў Кіеве Сафійскі сабор, Залатая брама і інш., створаны першыя б-кі, перакладзены кнігі стараж. аўтараў, творы візант. айцоў царквы, закладзены Кіева-Пячэрскі манастыр. За веданне царк. кніг атрымаў мянушку Мудры. Пасля смерці Я.М. юрыдычна перастала існаваць адзіная дзяржава Русь, тэр. якой была падзелена паміж сынамі Яраслава. Ён быў жанаты з дачкой швед. караля Інгігердай, ад якой меў 7 (?) сыноў і 3 дачкі. Свайму сыну Ізяславу Яраславічу Я.М. сасватаў дачку польскага караля Мешка II, сыну Святаславу Яраславічу — дачку ням. графа Леапольда; сын Усевалад Яраславіч узяў шлюб з родзічкай візант. імператара Канстанціна Манамаха. Старэйшая дачка Я.М. Анастасія стала венг. каралевай, Лізавета — нарвежскай, затым дацкай, Ганна — французскай каралевай.
Літ.:
Толочко П. Володимир Святий. Ярослав Мудрий. Київ, 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІСТАРЫ́ЧНЫ МАТЭРЫЯЛІ́ЗМ,
сацыялагічнае вучэнне пра агульныя і спецыфічныя законы развіцця і функцыянавання грамадства. У яго аснову пакладзены тэзіс, паводле якога грамадства развіваецца па аб’ектыўных, незалежных ад волі і жадання чалавека законах. Распрацаваны К.Марксам і Ф.Энгельсам у сярэдзіне 19 ст. Яны зыходзілі з таго, што ў працэсе жыцця людзі ўступаюць у пэўныя, незалежныя ад іх волі вытв. адносіны, якія адпавядаюць дасягнутаму грамадствам на дадзеным гіст. этапе ўзроўню развіцця матэрыяльных вытв. сіл. Сукупнасць гэтых вытв. адносін складае эканам. структуру грамадства, рэальны базіс, над якім узвышаецца паліт., юрыд. надбудова ў выглядзе розных сац. ін-таў і ўстаноў, а таксама розныя формы грамадскай свядомасці. Не грамадская свядомасць вызначае грамадскае быццё, а, наадварот, грамадскае быццё вызначае грамадскую свядомасць. На аснове вывучэння матэрыяльных грамадскіх адносін капіталіст. грамадства быў зроблены вывад пра паўтаральнасць грамадскіх з’яў, вылучана агульнае ў сац. ладзе розных краін, распрацавана вучэнне пра фармацыі грамадска-эканамічныя. Змена гіст. эпох пададзена як заканамерны працэс змены спосабаў вытв-сці; самі спосабы вытв-сці змяняюць адзін аднаго ў сілу аб’ектыўна існуючых і пастаянна нарастаючых супярэчнасцей паміж узроўнем развіцця вытв. сіл (больш дынамічных) і характарам вытв. адносін (больш кансерватыўнага элемента сістэмы). Нарастаючыя паміж імі супярэчнасці даходзяць да канфлікту, які вырашаецца шляхам сац. рэвалюцыі. Маркс і Энгельс прызналі вырашальную ролю нар. мас у гісторыі, класавую барацьбу як рухаючую сілу сац. прагрэсу, сац. рэвалюцыю як спосаб змены грамадска-эканам. фармацый.
Літ.:
Маркс К., Энгельс Ф. Немецкая идеология // Соч. 2 изд. Т. 3;
Іх жа. Маніфест Камуністычнай партыі. Мн., 1968;
Маркс К. Капітал. Т. 1—3. Мн., 1952—53;
Энгельс Ф. Анты-Дзюрынг. Мн., 1952;
Ленін У.І. Тры крыніцы і тры састаўныя часткі марксізма // Тв. Т. 19 (Полн. собр. соч. Т. 23);
Плеханов Г.В. Избранные философские произведения. Т. 1. М., 1956;
Фурманов Г.Л. Исторический материализм как общесоциологическая теория. М., 1979;
Ойзерман Т.И. Главные философские направления. 2 изд. М., 1984;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІСТЭРЭ́ЗІС (ад грэч. hystēresis адставанне),
неадназначная залежнасць фіз. велічыні, якая апісвае стан або ўласцівасці цела, ад велічыні, што характарызуе знешнія ўздзеянні. Абумоўлены неабарачальнымі зменамі ў целе, якія выяўляюцца пад уплывам знешніх фактараў, у выніку чаго цела пасля спынення ўплыву на яго характарызуецца астаткавымі ўласцівасцямі (астаткавай намагнічанасцю, электрызацыяй, дэфармацыяй і інш.) і адпаведна гэтаму гістэрэзіс наз. магнітным, дыэлектрычным, пругкім і інш.
Магнітны гістэрэзіс — адставанне змен намагнічанасці J ферамагнетыка ад змен напружанасці H знешняга магн. поля. Звычайна ферамагнетык намагнічаны неаднародна, ён разбіты на вобласці спантаннай намагнічанасці (дамены), дзе велічыня намагнічанасці аднолькавая, а напрамкі яе розныя. Пад уздзеяннем знешняга магн. поля колькасць і памеры даменаў, намагнічаных уздоўж поля, павялічваюцца за кошт іншых даменаў. Пры некаторым значэнні H−Hm намагнічанасць узору дасягае свайго найб. значэння і больш не змяняецца пры павелічэнні Н. Калі H змяншаць, залежнасць J (H) апішацца крывой, якая ідзе вышэй за папярэднюю. Плошча пятлі гістэрэзісу, утворанай гэтымі крывымі, прапарцыянальная энергіі, страчанай знешнім магн. полем за 1 цыкл перамагнічвання. Велічыня J=Jr пры H = 0 наз. астаткавай намагнічанасцю, а велічыня Hc, пры якой J=0, — каэрцытыўнай сілай. Дыэлектрычны гістэрэзіс — адставанне змен палярызацыі сегнетаэлектрыка (ці антысегнетаэлектрыка) ад змен напружанасці знешняга эл. поля. Таксама тлумачыцца даменнай структурай дыэлектрыка. Па форме пятля дыэл. гістэрэзісу падобная на пятлю магн. Гістэрэзіс (гл.Сегнетаэлектрычны гістэрэзіс). Пругкі гістэрэзіс — адставанне змен дэфармацый цела ад змен мех. напружанняў. Узнікае пры наяўнасці пластычных дэфармацый (гл.Пластычнасць). Мех. апрацоўка і ўвядзенне дамешкаў прыводзяць да ўмацавання матэрыялу і пругкі гістэрэзіс назіраецца пры большых напружаннях.
П.С.Габец.
Пятля магнітнага гістэрэзіса: 1 — залежнасць намагнічанасці J ферамагнетыка ад напружанасці H знешняга поля пры першасным намагнічванні; 2, 3 — крывыя перамагнічвання; Jm, Hm — намагнічанасць і напружанасць поля насычэння; Jr — астаткавая намагнічанасць; Hc — каэрцытыўная сіла.