НА ШЛЯХУ ДА СУВЕРЭНІТЭТУ І ДЭМАКРАТЫЗАЦЫІ

Народная гаспадарка. У 2-й пал. 1980-х г. эканам. развіццё Беларусі ішло супярэчліва. З аднаго боку, рос эканам. патэнцыял, дэфіцыт бюджэту і знешняя запазычанасць былі невялікімі, спажывецкі рынак знаходзіўся ў стане адноснай раўнавагі. З другога боку, з сярэдзіны 1980-х г. у эканоміцы назіралася зніжэнне тэмпаў росту вытворчасці і пагаршэнне яе гал. эканам. паказчыкаў. Гэта азначала, што дзеючая дзярж. сістэма ўласнасці, строга цэнтралізаванае кіраўніцтва прывялі да адмаўлення ўласцівых эканоміцы ўнутраных законаў яе развіцця. Гаспадарамі ў эканоміцы СССР былі цэнтр. ведамствы, якія вырашалі, што будаваць і якую прадукцыю вырабляць у Беларусі. Толькі гэтым можна растлумачыць стварэнне ў г. Жодзіна вытворчасці магутных аўтасамазвалаў, пры тым, што у Беларусі няма металу і кар’ераў распрацоўкі выкапняў, дзе выкарыстоўваліся б гэтыя самазвалы. БССР давала ​1/4 агульнасаюзнай вытворчасці хім. валокнаў, 7% шын (у 2 разы больш на душу насельніцтва, чым у сярэднім па краіне). Але такая высокая канцэнтрацыя шкоднай вытворчасці не мела пад сабой эканам. абгрунтаванняў і з’яўлялася крайне экстрэмальнай з пункту гледжання экалогіі. Таму для многіх вучоных-эканамістаў краіны, як і для шэрагу палітыкаў, станавілася відавочнай неабходнасць карэнных пераўтварэнняў у эканоміцы. Пошук шляхоў рэфармавання эканомікі пачаўся з красавіцкага (1985) пленума ЦК КПСС, на якім быў узяты курс на паскарэнне сац.-эканам. развіцця краіны. Пад паскарэннем тады разумелася павышэнне тэмпаў эканам. развіцця шляхам усямернай інтэнсіфікацыі вытворчасці на аснове навукова-тэхн. прагрэсу, структурнай перабудовы эканомікі, новых, эфектыўных форм арганізацыі, кіравання і стымулявання працы. У такім кірунку і прадугледжвалася развіццё Беларусі на 1986—90. Рост прадукцыйнасці працы ў прамысловасці, будаўніцтве і сельскай гаспадарцы павінен быў скласці больш за 20%. Гэта азначала, што па сутнасці ўвесь прырост вытворчасці неабходна забяспечыць за кошт яе інтэнсіфікацыі. Асн. надзеі ўскладаліся на адм. меры, на ўмацаванне адказнасці, працоўнай дысцыпліны, мабілізацыю скрытых рэсурсаў, сродкаў і іх пераразмеркаванне. Да восені 1986 стала відавочна, што нар. гаспадарка СССР, у т. л. і Беларусі, працягвала працаваць па старой схеме, выкарыстоўваючы загады, карэкціроўку планаў, «выбіванне» ўсё новых рэсурсаў, сродкаў і інш. Механізм паскарэння ніяк не мог зламаць механізм тармажэння, эканоміка захоўвала затратны характар і працягвала рух да крызісу. Таму наступным важным этапам у перабудове эканам. адносін стаў пераход ад курсу на паскарэнне да радыкальнай эканам. рэформы. У чэрв. 1987 Вярх. Савет СССР прыняў закон «Аб дзяржаўным прадпрыемстве», а Савет Міністраў СССР і ЦК КПСС прынялі шэраг дакументаў аб радыкальнай эканам. рэформе, якая прадугледжвала пераход ад пераважна адм. метадаў да эканамічных і перавод галін нар. гаспадаркі, прадпрыемстваў і аб’яднанняў на поўны гасп. разлік і самафінансаванне, што азначала пэўнае аслабленне дыктату цэнтра і павышэнне эканам. самастойнасці прадпрыемстваў. З 1.1.1987 ва ўмовах гасп. разліку ў Беларусі пачалі працаваць, акрамя прадпрыемстваў і аб’яднанняў лёгкай прамысловасці, калектывы аўтамабільнай, нафтахім. прамысловасці, прыладабудавання і шэрагу інш. галін. Аб’ём вытворчасці гэтых прадпрыемстваў складаў больш за ​1/3 прамысл. прадукцыі. Эканоміка рэспублікі стала развівацца больш дынамічна. За 1986—87 валавы грамадскі прадукт павялічыўся на 11,1%, нац. даход — на 11,5% (пры плане 9,1%). Сярэднегадавы прырост аб’ёмаў прамысл. вытворчасці склаў 6,9%, прадукцыйнасці працы — 6,4%. У 1988 ва ўмовах гасп. разліку і самафінансавання працавалі ўся прамысловасць, аграпрамысл. комплекс, транспарт, гандаль, большасць буд. арг-цый. У выніку за 1986—89 валавы грамадскі прадукт павялічыўся на 15%, нац. даход — на 14,8%, аб’ём прамысл. вытворчасці — на 27,3%, прадукцыйнасць працы — на 26%.

Аднак радыкальнага аздараўлення эканомікі не адбылося. Як і раней, яна працягвала развівацца на экстэнсіўнай аснове. Нар. гаспадарка арыентавалася не на спажыўца, не на яго запатрабаванні, а на прамежкавыя валавыя паказчыкі. Не адбылося істотнага росту эфектыўнасці вытворчасці, працягваў дзейнічаць затратны механізм гаспадарання. Тлумачылася гэта тым, што на практыцы т.зв. «радыкальная» эканам. рэформа не пайшла далей размоў аб гасп. разліку. Міністэрствы і ведамствы ў большасці выпадкаў працягвалі планаваць прадпрыемствам амаль усе гал. эканам. паказчыкі. У 1988—90 планавы дзярж. заказ працягваў ахопліваць большую частку вытворчасці (да 90%). Стварыць новае эканам. асяроддзе не ўдалося. Адм. метады рэгулявання аслабелі, а эканамічныя не былі ўведзены. Спад тэмпаў вытворчасці працягваўся. Калі сярэднегадавы прырост нац. даходу ў 1981—85 склаў 5,3%, то за 1986—90 ужо 3,9%, валавога грамадскага прадукту — адпаведна 4,6 і 4,5%. Значна знізіліся тэмпы прыросту прамысл. прадукцыі па гадах: у 1986 на 7%, у 1987 на 6, у 1988 на 3, у 1989 на 4,8, у 1990 на 4,1%. Гэта не магло не адбіцца на зніжэнні тэмпаў прыросту практычных даходаў насельніцтва, якія ў 1986—90 у сярэднім за год складалі 2% супраць 2,3% у 1981—85, 3,8% у 1976—80.

Яшчэ больш марудна ішлі перамены ў сельскай гаспадарцы, скіраваныя на змену камандных метадаў кіраўніцтва калгасамі з боку дзяржавы. Паводле прыкладнага статута калгаса, прынятага ў 1988, у кампетэнцыю калгасаў перадаваліся пытанні аб памерах прысядзібных участкаў калгаснікаў, колькасці жывёлы ў асабістых падсобных гаспадарках; прадугледжвалася павышэнне ролі брыгад і ферм у жыццядзейнасці працоўных калектываў. Але курс на рэалізацыю кааператыўных прынцыпаў у калгасным жыцці не ажыццявіўся. Паводле афіц. звестак, у 2-й пал. 1980-х г. у параўнанні з 1-й паловай валавы збор збожжа павялічыўся на 28%, бульбы — на 5%, агародніны — на 12%. Агульны аб’ём прадуктовых тавараў у 1989 перасягнуў узровень 1985 на 23%. Аднак у сувязі з агульным крызісам у эканоміцы ў 1990 стан сельскай гаспадаркі пагоршыўся, для забеспячэння насельніцтва харчовымі прадуктамі была ўведзена сістэма талонаў.

Такім чынам, у 1990-я г. нар. гаспадарка СССР, у т. л. і Беларусі, усё яшчэ заставалася ва ўладзе адм.-каманднай сістэмы кіравання. Дзярж. заказ ахопліваў амаль усю вытворчасць, рэсурсы і сыравіна размяркоўваліся цэнтралізавана, цэны вызначаліся зверху, дзярж. форма ўласнасці пераважала над іншымі, большая частка капіталаўкладанняў кантралявалася з цэнтра. Але гэта сістэма падрывалася пастаяннымі эксперыментамі з эканам. паўрэформамі, якія паралізавалі існаваўшую эканам. сістэму. З сярэдзіны 1990 пачаліся канфлікты паміж цэнтр. і мясц. ўладамі. Апошнія адмаўляліся выконваць абавязкі па гасп. дагаворах, забаранялі вывозіць прадукцыю мясц. прамысловасці і сельскай гаспадаркі, праводзілі асабістую цэнавую палітыку. Стаў відавочным параліч улады. Гэта прывяло да таго, што з 1990 пачалося некантралюемае падзенне вытворчасці.

Дэмакратызацыя грамадскага жыцця. Складанае сац.-эканам. і паліт. становішча, у якім апынуўся Сав. Саюз на мяжы 1970—80-х г., патрабавала рэфармавання. Красавіцкі (1985) пленум ЦК КПСС, XXVII з’езд партыі (1986), XIX Усесаюзная парт. канферэнцыя (1988) вызначылі палітыку перабудовы: правядзенне рэформы эканам. і паліт. сістэм, сац. і культ. сфер жыцця, стварэнне прававой дзяржавы. Значную ролю ў дэмакратызацыі грамадскага жыцця адыграла абвешчаная ў сярэдзіне 1987 публічнасць. На старонках газет і часопісаў, у тэле- і радыёперадачах разгарнулася палеміка пра ўмовы жыцця, шляхі абнаўлення сацыялізму і паскарэння рэформ. Развіццё публічнасці, пачатае зверху, хутка ахапіла шырокія слаі грамадскасці і ператварылася ў магутную плынь, спыніць якую КПСС ужо не здолела. Сталі раскрывацца т.зв. «белыя плямы» ў гісторыі, пачаўся 2-і этап рэабілітацыі ахвяр сталінскіх рэпрэсій. Неўзабаве пачала набіраць сілу ідэя, што без паліт. рэформы нельга ажыццявіць эканамічную. Нечарговая 12-я сесія Вярх. Савета СССР у канцы 1988 прыняла Закон «Аб зменах і дапаўненнях Канстытуцыі (Асноўнага Закона) СССР», паводле якога было вырашана склікаць з’езд нар. дэпутатаў і стварыць пастаянна дзеючы Вярх. Савет СССР, а таксама Закон «Аб выбарах народных дэпутатаў СССР», паводле якога не стала абмяжоўвацца колькасць кандыдатаў у нар. дэпутаты. Упершыню ў выбарчай практыцы ўводзілася права вылучаць кандыдатаў у нар. дэпутаты ад сходаў выбаршчыкаў па месцы жыхарства. Трэцюю частку нар. дэпутатаў СССР прадугледжвалася выбіраць ад грамадскіх арг-цый, у т. л. ад КПСС.

Важную ролю ў паліт. рэформе адыграла абнаўленне выбарчай сістэмы ў саюзных і аўтаномных рэспубліках, у т. л. ў Беларусі. У кастр. 1989 сесія Вярх. Савета БССР прыняла законы аб выбарах нар. дэпутатаў Беларускай ССР і аб выбарах нар. дэпутатаў мясц. Саветаў. Грамадзяне атрымалі магчымасць упершыню за многія дзесяцігоддзі выбіраць дэпутатаў з некалькіх кандыдатур. Але па прыкладу саюзнага заканадаўства рэсп. закон захаваў права абрання ў Вярх. Савет БССР 50 дэпутатаў ад грамадскіх арг-цый. У выніку выбараў (адбыліся 4.3.1990) значна абнавіўся склад Вярх. і мясц. Саветаў, ажывілася іх праца.

З развіццём дэмакратыі ў грамадстве склаліся ўмовы для развіцця шматпартыйнасці, адкрытай формы паліт. плюралізму. Грамадзяне атрымалі права адстойваць свае інтарэсы або інтарэсы сац. груп ці слаёў праз адпаведныя паліт. аб’яднанні. З 2-й пал. 1980-х г. пачалі ўзнікаць т.зв. «нефармальныя» аб’яднанні (суполкі «Талака», «Спадчына», т-вы «Тутэйшыя», «Узлёт», клуб «Мінская альтэрнатыва» і многія інш.), якія выступалі супраць афіц. ідэалогіі, за захаванне і развіццё бел. мовы і культуры, шмат увагі аддавалі экалагічнай сітуацыі. Узніклі шматлікія грамадскія арг-цыі, паліт. партыі і рухі. Найб. уплывовым рухам у рэспубліцы з’явіўся Бел. нар. фронт (БНФ «Адраджэньне»), створаны як грамадска-паліт. рух у падтрымку палітыкі перабудовы. Устаноўчы з’езд яго адбыўся 24—25.6.1989 у Вільнюсе. У прынятай на ім праграме фронт яшчэ салідарызаваўся з лепшымі сіламі КПСС у справе рэформ, ставіў сабе за мэту адраджэнне нац. культуры, прыняцце закона аб дзяржаўнасці бел. мовы. Высоўвалася ідэя сапраўднай суверэннасці БССР у складзе Сав. Саюза, пад якой тады разумелася перавага рэсп. правоў над саюзнымі. Неадкладнай задачай прызнавалася ліквідацыя вынікаў Чарнобыльскай катастрофы і паляпшэнне дабрабыту людзей. Паступова ад падтрымкі перабудовы БНФ перайшоў да адкрытай антыкамуніст. скіраванасці сваёй дзейнасці і жорсткай канфрантацыі з уладамі, асабліва па праблеме вырашэння нац. пытання. На працягу 1990—91 заснаваны Аб’яднаная дэмакр. партыя Беларусі, Нац.-дэмакр. партыя беларусаў, Бел. сацыял-дэмакр. грамада (пераемніца БСГ), Бел. сял. партыя, Бел. хрысціянска-дэмакр. злучнасць. Узнікненню ў Беларусі новых партый і паліт. рухаў садзейнічаў Закон СССР «Аб грамадскіх аб’яднаннях», які ўступіў у дзеянне з 1.1.1991. З першых крокаў сваёй дзейнасці паліт. аб’яднанні, што ствараліся ў Беларусі, выступалі супраць манапалізму КПСС—КПБ, за дэпартызацыю дзярж. прадпрыемстваў і арг-цый.

Абвяшчэнне незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Працэсы дэмакратызацыі ў СССР канца 1980-х г. узмацнілі цэнтрабежныя тэндэнцыі ў саюзных рэспубліках, іх імкненне да суверэнітэту. Яны былі незадаволены няўдалымі рэформамі, няздольнасцю федэральнага цэнтра вырашаць складаныя праблемы. Скасаванне ў сак. 1990 арт. 6 Канстытуцыі СССР 1977 аб кіруючай ролі КПСС у сав. грамадстве паскорыла распад шматнац. дзяржавы. У сак. 1990 Вярх. Савет Літвы абвясціў пра «аднаўленне незалежнай Літоўскай дзяржавы», скасаванне дзеяння канстытуцый Літ. ССР і СССР на тэр. рэспублікі. У крас. 1990 аб незалежнасці сваіх рэспублік заявілі Вярх. Саветы Латвіі і Эстоніі. Працэс суверэнізацыі закрануў і інш. саюзныя рэспублікі, хаця спачатку яны не заяўлялі пра выхад з СССР. 12.6.1990 прыняў Дэкларацыю аб дзярж. суверэнітэце з’езд нар. дэпутатаў Рас. Федэрацыі. 16.7.1990 дакумент адпаведнай накіраванасці прыняў Вярх. Савет Украіны. 27.7.1990 Дэкларацыю аб дзярж. суверэнітэце Бел. Сав. Сацыяліст. Рэспублікі зацвердзіў Вярх. Савет БССР. Яна абвясціла вяршэнства на тэр. рэспублікі Канстытуцыі Бел. ССР і яе законаў. У гэтых умовах кіраўніцтва СССР паспрабавала распрацаваць праект новага саюзнага дагавора (ліст. 1990). Аднак нават такая ініцыятыва цэнтра з боку кіраўнікоў суверэнных рэспублік шырокай падтрымкі не знайшла. IV з’езд нар. дэпутатаў СССР (снеж. 1990) прыняў рашэнне аб правядзенні 17.3.1991 рэферэндуму па пытанні аб СССР. У галасаванні ўдзельнічала 80% выбаршчыкаў; за захаванне СССР выказалася 76,4% галасаваўшых, супраць — 21,7%. Улады Грузіі, Літвы, Малдовы, Латвіі, Арменіі і Эстоніі не выканалі рашэнні IV з’езда нар. дэпутатаў СССР аб правядзенні рэферэндуму.

У той жа час у Беларусі больш за 80% тых, хто галасаваў, выказаліся за захаванне СССР.

19.8.1991 група вышэйшых парт. і дзярж. кіраўнікоў у Маскве стварыла т.зв. Дзярж. к-т па надзвычайным становішчы (ДКНС), абвясціла аб пераходзе да яго ўсёй паўнаты ўлады і ўвядзенні ў шэрагу рэгіёнаў СССР надзвычайнага становішча. Гэтыя дзеянні выклікалі адмоўную рэакцыю ў кіраўніцтве Рас. Федэрацыі і інш. саюзных рэспублік. Бюро ЦК КПБ і Прэзідыум Вярх. Савета БССР заклікалі камуністаў і ўсіх працоўных рэспублікі да спакою і вытрымкі. 20 жніўня на пл. Незалежнасці ў Мінску адбыўся шматтысячны мітынг супраць ДКНС і КПСС. Пасля правалу 21 жніўня выступлення ДКНС урады і Вярх. Саветы суверэнных саюзных рэспублік канчаткова ўзялі курс на незалежнасць. 25—26.8.1991 нечарговая сесія Вярх. Савета БССР прыняла Закон «Аб наданні статусу канстытуцыйнага закона Дэкларацыі Вярхоўнага Савета БССР аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі», пастанову аб забеспячэнні паліт. і эканам. самастойнасці Бел. ССР. 19.9.1991 Вярх. Савет прыняў Закон аб назве Бел. ССР, у адпаведнасці з якім яна стала называцца Рэспублікай Беларусь; адначасова была ўведзена новая дзярж. сімволіка — бела-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня». 8.12.1991 у Белавежскай пушчы (у бел. урадавай рэзідэнцыі Віскулі Камянецкага р-на) кіраўнікі Беларусі, Расіі і Украіны падпісалі пагадненне аб стварэнні Садружнасці Незалежных Дзяржаў (СНД) са штаб-кватэрай у Мінску. У дакуменце канстатавалася, што «Саюз ССР як суб’ект міжнароднага права і геапалітычная рэальнасць спыняе сваё існаванне». 10.12.1991 Вярх. Савет Беларусі ратыфікаваў Пагадненне аб стварэнні СНД і дэнансаваў Дагавор 1922 аб утварэнні СССР.

Рэспубліка Беларусь атрымала рэальную магчымасць будаваць уласную дзяржаўнасць.

Адукацыя, навука. У сярэдзіне 1980-х г. у Беларусі ўзнята пытанне пра чарговую карэкціроўку школьнай рэформы, неабходнымі ўмовамі якой лічылася прадастаўленне навуч. установам большай самастойнасці, а таксама інтэграцыя іх у адзінае цэлае з навукай, нар. гаспадаркай і культурай. Дасягненне ўсеаг. сярэдняй адукацыі дазволіла пачаць скарачэнне вячэрніх навуч. устаноў (у Мінску ў 1990 іх засталося толькі 8 з 28 ранейшых). Зварот да еўрап. асветніцкага вопыту садзейнічаў пашырэнню новых тыпаў агульнаадук. і спецыялізаваных школ — гімназій, ліцэяў, каледжаў (восенню 1990 у Мінску створана першая бел. нац. гімназія). У сістэме вышэйшай адукацыі гэта рэформа праявілася ў падрыхтоўцы да пераводу айч. інстытутаў у ранг акадэмій і універсітэтаў (рэалізавана ў 1990-я г.). Паралельна адкрываліся і новыя ВНУ, у т. л. Гомельскі мед. ін-т (1990). З’явіліся падставы і для арганізацыі недзярж. навуч. устаноў (сярэдніх і вышэйшых). Усё большую заклапочанасць грамадства выклікаў працяг русіфікацыі айч. навуч. устаноў (у 1987 беларускамоўных школ у рэспубліцы засталося крыху больш за 18%). Выпраўленню становішча і фарміраванню нац. сістэмы адукацыі павінен быў садзейнічаць «Закон аб мовах у Беларускай ССР», прыняты Вярх. Саветам БССР 26.1.1990. Паводле яго бел. мова атрымала статус дзяржаўнай, што дазволіла распачаць пашырэнне яе выкарыстання ў сістэме айч. адукацыі.

У 2-й пал. 1980-х г. навук. даследаванні на Беларусі значна актывізаваліся. Тлумачылася гэта ўрадавым курсам на паскарэнне агульнага развіцця гаспадаркі і ўмацаванне сувязей навук. устаноў з прамысловасцю і сельскай гаспадаркай. Менавіта такая арыентацыя садзейнічала таму, што ў айч. навук. асяроддзі пераважалі прадстаўнікі фіз.-матэм. і тэхн. навук (60%). Патрэбы бел. эканомікі абумовілі стварэнне ў 1985 у Гродне НДІ біяхіміі, арганізацыю ў Мінску ў 1990 Ін-та сацыялогіі і буйнога вылічальнага цэнтра пры АН Беларусі. Аварыя на Чарнобыльскай АЭС (1986) востра паставіла ў рэспубліцы пытанне пра наступствы радыеактыўнага забруджвання — у 1987 у Мінску пачаў працу НДІ радыебіялогіі. Пашырэнне цікавасці да здабыткаў нац. культуры абумовіла арганізацыю ў 1989 Т-ва бел. мовы імя Ф.​Скарыны, якое выступала за шырокае ўжыванне бел. мовы ва ўсіх сферах паўсядзённага жыцця. У цэлым у 2-й пал. 1980-х г. Беларусь займала 3-е месца ў СССР па колькасці вучоных (пасля Расіі і Украіны).

Развіццё знешнепалітычнай дзейнасці і міжнародных сувязей. Тагачасная знешнепаліт. дзейнасць і міжнар. сувязі Беларусі развіваліся ў рэчышчы скаардынаванай знешняй палітыкі СССР і сацыяліст. краін—членаў Варшаўскага Дагавора і Савета Эканам. Узаемадапамогі (СЭУ). Магчымасці ўдзелу БССР у міжнар. дзейнасці Сав. Саюза пашыраліся дзякуючы адмаўленню сав. кіраўніцтва ад тэзіса пра непазбежнасць войнаў з капіталіст. краінамі, ад палітыкі жорсткай ізаляванасці ад астатняга свету, абвяшчэнню прынцыпу мірнага суіснавання дзяржаў з супрацьлеглымі грамадскімі сістэмамі. Разам з тым працягвалася «халодная вайна». БССР даволі актыўна праяўляла сябе ў дзейнасці амаль 70 міжнар. арг-цый і іх органаў, гал. чынам ААН, далучылася да шэрагу міжнар. дагавораў. У 1960-я г. адкрыліся пастаянныя прадстаўніцтвы Беларусі пры Аддзяленні ААН (1962) і інш. міжнар. арг-цыях у Жэневе, у 1962 — пры ЮНЕСКА у Парыжы, у 1982 — пры міжнар. арг-цыях у Вене. Міжнар. правасуб’ектнасць рэспублікі была замацавана ў Канстытуцыі БССР 1978. У 1974—75 Беларусь з’яўлялася непастаянным членам Савета Бяспекі. Рэспубліка 5 разоў выбіралася членам Эканам. і Сац. Савета ААН. Пашырыўся яе ўдзел у Міжнар. арг-цыі працы (МАП, з 1954), Міжнар. агенцтве па атамнай энергіі (МАГАТЭ, з 1957). Рэспубліка стала членам Міжнар. бюро выставак (з 1960), Пастаяннай палаты трацейскага суда (з 1962), Сусв. арг-цыі інтэлектуальнай уласнасці (з 1970), Міжнар. арг-цыі марской спадарожнікавай сувязі (з 1979), Арг-цыі Аб’яднаных Нацый па прамысл. развіцці (ЮНІДО, з 1985) і інш. Калі ў канцы 1950-х г. Беларусь была ўдзельніцай 54 міжнар. дагавораў, канвенцый і пагадненняў, то ў сярэдзіне 1980-х г. — 168, сярод якіх дагаворы аб забароне выпрабаванняў ядзернай зброі ў атмасферы, касмічнай прасторы і пад вадой (1963), аб прынцыпах дзейнасці дзяржаў па даследаванні і выкарыстанні касмічнай прасторы, уключаючы Месяц (1967), аб нераспаўсюджанні ядзернай зброі (1968), аб забароне размяшчэння на дне мораў і акіянаў, у яго нетрах ядзернай зброі і інш. сродкаў масавага знішчэння людзей (1971), канвенцыі аб забароне распрацоўкі, вытворчасці і назапашвання бактэрыял. і таксічнай зброі (1972), аб забароне ваен. або ўсякага інш. варожага выкарыстання сродкаў уздзеяння на прыроднае асяроддзе (1977), аб забароне або абмежаванні прымянення канкрэтных відаў звычайнай зброі, якія могуць лічыцца тымі, што наносяць празмерныя пашкоджанні або маюць невыбіральнае дзеянне (1981) і інш.

Беларусь у кансалідаванай палітыцы СССР у ААН курыравала пытанні пакарання фаш. злачынцаў, ініцыіравала і падтрымлівала ўсе рэзалюцыі ААН, што датычыліся раззбраення, спынення гонкі ўзбраенняў. Пры актыўным удзеле БССР ААН прыняла Канвенцыю аб непрыдатнасці тэрміну даўнасці да ваен. злачынстваў і злачынстваў супраць чалавецтва (1969), ухваліла прынцыпы міжнар. супрацоўніцтва ў адносінах адшукання, арышту, выдачы і пакарання такіх асоб (1973); па ініцыятыве бел. дэлегацыі была прынята дэкларацыя аб выкарыстанні навукова-тэхн. прагрэсу ў інтарэсах міру і на карысць чалавецтва (1975). Беларусь падтрымала шэраг дакументаў ААН у галіне правоў чалавека і народаў: дэкларацыю аб прадастаўленні незалежнасці каланіяльным краінам і народам (1960), міжнар. пакты аб эканам., сац. і культурных правах (1966), аб грамадзянскіх і паліт. правах (1968), міжнар. канвенцыю аб ліквідацыі ўсіх форм расавай дыскрымінацыі (1966); стала сааўтарам дэкларацыі сац. развіцця (1969). Па прапанове Беларусі Ген. Асамблея ААН прыняла рэзалюцыю аб абароне асоб, якія затрыманы ці пазбаўлены волі за барацьбу супраць апартэіду, расізму, расавай дыскрымінацыі, каланіялізму, агрэсіі і замежнай акупацыі (1977).

Пашырэнню міжнар. сувязей Беларусі садзейнічала стварэнне пастаяннай камісіі па замежных справах Вярх. Савета БССР, адпаведных падраздзяленняў у Савеце Міністраў рэспублікі, Дзяржплане, міністэрствах, ведамствах, установах, на прадпрыемствах, у грамадскіх арг-цыях. У 1972 у Мінску адкрыты ген. консульствы Польшчы і ГДР, у 1990 — Балгарыі. БССР стала больш адкрытай як для афіц. зносін, так і для чалавечых кантактаў. Рэспубліку наведвалі дэлегацыі, кіраўнікі розных краін, паліт. і грамадскія дзеячы, у т. л. ген. сакратары ААН У Тан (1970) і Х.​Перэс дэ Куэльяр (1987), Сусв. Савета Міру — Р.​Чандра (1975), сакратар Міжнар. дэмакр. федэрацыі жанчын Х.​Кампусана (1975); кіраўнікі кампартый і сацыяліст. дзяржаў: Манголіі — Ю.​Цэдэнбал (1965), Чэхаславакіі — А.​Новатны (1965), Югаславіі — І.​Броз Ціта (1965), Герм. Дэмакр. Рэспублікі — В.​Ульбрыхт (1966), Кубы — Ф.​Кастра Рус (1972), Польшчы — Э.​Герак (1975), Балгарыі — Т.​Жыўкаў (1961, 1976), КНДР — Кім Ір Сен (1984); кіраўнікі развітых капіталіст. краін і краін, якія развіваюцца: прэзідэнты Францыі — Ж.​Пампіду (1973), ЗША — Р.​Ніксан (1974), Фінляндыі — У.​К.​Кеканен (1977), Анголы — Ж.Э. душ Сантуш (1988); кіраўнік адміністрацыі Эфіопіі М.​Хайле Марыям (1982), прэм’ер-міністр Індыі Р.​Гандзі (1985) і інш. Дэлегацыі БССР выязджалі ў сацыяліст. краіны, а таксама ў Аўстрыю, Бельгію, Вялікабрытанію, Грэцыю, ЗША, Іспанію, Італію, Канаду, Люксембург, Фінляндыю, Францыю, ФРГ, Швейцарыю, Швецыю, Японію. Актыўны ўдзел у расшырэнні міжнар. сувязей Беларусі прымалі створаныя раней Бел. к-т абароны міру і К-т маладзёжных арг-цый БССР. Бел. т-ва дружбы і культурнай сувязі з замежнымі краінамі мела 12 рэсп. аддзяленняў: з 1958 дзейнічалі рэсп. аддзяленні т-ваў сав.-польскай, сав.-кітайскай дружбы і Сав. т-ва дружбы з Германіяй; з 1961 — т-ваў сав.-балгарскай і сав.-чэхаславацкай дружбы, з 1962 — Т-ва «СССР—Канада», з 1963 — т-ваў сав.-венгерскай дружбы і «СССР—Фінляндыя», з 1964 — Т-ва «СССР—Францыя», з 1966 — Т-ва сав.-в’етнамскай дружбы, з 1973 — Т-ва сав.-кубінскай дружбы, з 1980 — Т-ва сав.-аўстрыйскай дружбы. На 1.1.1990 працавалі 10 абл., 38 гар. і раённых, 311 пярвічных арганізацый т-ваў дружбы. У 1970 — пач. 1980-х г. у Беларусі адбыўся шэраг міжнар. форумаў антываен. скіраванасці. У форуме, які прайшоў пад дэвізам «Няхай ніколі не паўторыцца трагедыя Хатыні, Лідзіц, Арадура, Хірасімы, Сангмі» (ліп. 1972) прынялі ўдзел прадстаўнікі 12 краін свету. На Міжнар. сустрэчу прыхільнікаў міру ў Мінску, прысвечаную 30-годдзю перамогі над фашызмам (май 1975), сабраліся 140 удзельнікаў з еўрап. краін, Дэмакр. Рэспублікі В’етнам, Манголіі, Кубы, Сусв. Савета Міру, Дэмакр. федэрацыі жанчын. У межах Міжнар. года жанчыны Мінск прыняў удзельніц Міжнар. сустрэчы жанчын з 27 краін (жн. 1975), якая праходзіла пад дэвізам «Жанчыны ў барацьбе супраць фашызму, за трывалы і справядлівы мір на ўсёй зямлі». Кангрэс Міжнар. федэрацыі змагароў супраціўлення (май 1978) сабраў у сталіцы Беларусі прадстаўнікоў 29 краін, Сусв. федэрацыі ветэранаў вайны, Міжнар. к-та вязняў канцлагераў, якія заклікалі забараніць нейтронную бомбу, выступілі супраць неанацызму. У ліп. 1982 сталіца Беларусі стала завяршальным этапам Маршу прыхільнікаў міру, які пачаўся ў Хельсінкі і прайшоў праз расійскія гарады. Правядзенне міжнар. форумаў сведчыла аб прызнанні ролі Беларусі ў барацьбе з фашызмам, мела значэнне ў сэнсе яе сусв. папулярызацыі.

З 1957, калі быў заключаны дагавор аб пабрацімскіх сувязях паміж Мінскам і англ. г. Нотынгем, БССР уключылася ў сусв. рух параднёных гарадоў. Пабрацімамі Мінска сталі таксама: з 1973 Сендай (Японія), Бангалор (Індыя); з 1976 Ліён (Францыя), Луанда (Ангола); з 1979 Мерыда (Мексіка); з 1983 Дэтройт (ЗША). Дагаворы аб пабрацімстве заключылі і інш. бел. гарады: Гродна з Беластокам (Польшча, у 1960) і Ліможам (Францыя, у 1976); Жодзіна з Венісьё (Францыя, у 1967); Віцебск з Франкфуртам-на-Одэры (Германія) і Зялёна-Гурай (Польшча, абодва ў 1969); Магілёў з Віёрбанам (Францыя, у 1973); Орша з Воз-ан-Вленам (Францыя, у 1973); Салігорск з Ла-Луўерам (Бельгія, у 1975); Гомель з Клермон-Феранам (Францыя, у 1976) і Абердзінам (Вялікабрытанія, у 1990); Баранавічы з Хейнала (Фінляндыя, у 1977). Супрацоўніцтва гарадоў-пабрацімаў спрыяла развіццю дружбы, узаемнаму азнаямленню з гісторыяй, культурай, дасягненнямі ў эканоміцы, сац. сферы і інш. З 1963 апошняя нядзеля красавіка ў Беларусі, як і ў інш. краінах, пачала адзначацца як сусв. дзень параднёных гарадоў. Адбывалася таксама парадненне абласцей Беларусі з тэр. адзінкамі еўрап. сацыяліст. краін. Усе вобласці мелі сістэматычныя сувязі на аснове дагавораў з ваяводствамі Польшчы: Брэсцкая з Люблінскім (з 1956) і Бельска-падляскім (з 1975, цяпер Люблінскім); Гродзенская з Беластоцкім (з 1956, цяпер Падляскім) і Сувалкаўскім (з 1975, цяпер Падляскім); Мінская — з Варшаўскім (у 1959—77), Плоцкім і Сядлецкім (з 1977, цяпер Мазавецкім); Віцебская — з Зеленагурскім (з 1967, цяпер Любускім); Магілёўская — з Тарунскім і Вроцлаўскім (з 1978, цяпер Куяўска-Паморскім і Дольнашлёнскім); Гомельская — з Зеленагурскім (з 1978, цяпер Любускім). У 1966 Магілёўская вобл. параднілася таксама з Габраўскай акр. Балгарыі, Гомельская — з Паўд.-Чэшскай вобл. Чэхаславакіі; у 1968 Мінская вобл. заключыла дагавор аб пабрацімстве з Патсдамскай, а ў 1969 Віцебская — з акругай Франкфурт, ГДР. Развіваўся рух параднёных прадпрыемстваў. Напр., Мінскі падшыпнікавы з-д супрацоўнічаў з чэхаславацкімі з-дамі ў Брно і Прэшаве, МТЗ — з польскім трактарным з-дам «Урсус» і Карлаўскім балгарскім трактарным здам. Да 1987 дагаворы аб устанаўленні прамых вытв. і навукова-тэхн. сувязей падпісалі 61 бел. прадпрыемства з 70 прадпрыемствамі і арг-цыямі сацыяліст. краін: Балгарыі (5), Венгрыі (3), ГДР (9), Польшчы (41), Чэхаславакіі (10), Югаславіі (2). Знешнеэканам. сувязі Беларусі ажыццяўляліся праз пасрэдніцтва агульнасаюзных арг-цый: Мін-ва знешняга гандлю СССР і Дзярж. к-т па знешніх эканам. сувязях. Развіццю знешнеэканам. сувязей спрыяла дзейнасць створанага ў 1952 Бел. аддзялення Усесаюзнай гандл. палаты, якое ў 1972 пераўтворана ў Гандлёва-прамысл. палату БССР. Яна ўваходзіла ў сістэму Гандлёва-прамысл. палаты СССР і падпарадкоўвалася дзярж. органам, садзейнічала арганізацыі міжнар. выставак, а таксама бел. раздзелаў на міжнар. кірмашах і сав. выстаўках за мяжой. У 1963—77 прадукцыя бел. прадпрыемстваў дэманстравалася больш як на 300 міжнар. выстаўках і кірмашах. Толькі на працягу 1972—78 Гандлёва-прамысл. палатай БССР было арганізавана ў Мінску 49 замежных і міжнар. спецыялізаваных выставак, у якіх прыняло ўдзел 600 фірм і арг-цый з 22 краін свету. Мінск быў адным з нямногіх гарадоў СССР, дзе штогод на працягу 1970—80-х г. праводзіліся міжнар. выстаўкі. З канца 1970-х г. Гандлёва-прамысл. палата БССР падтрымлівала дзелавыя сувязі амаль з 500 замежнымі фірмамі і аб’яднаннямі 23 краін свету. За істотны ўклад у развіццё міжнар. супрацоўніцтва Гандлёва-прамысл. палата рэспублікі ў 1985 адзначана міжнар. прэміяй «Залаты Меркурый». Такой жа прэміяй адзначаны і найб. актыўныя ўдзельнікі міжнар. супрацоўніцтва — трактарны, аўтамабільны, маторны з-ды, аб’яднанне вылічальнай тэхнікі.

Асн. формай знешнеэканам. сувязей Беларусі быў гандаль. У 1960 прадукцыя 106 прадпрыемстваў пастаўлялася ў 47 краін, 300 прадпрыемстваў у 1985 выйшлі на рынкі больш чым 100 краін свету. Большая частка тавараў накіроўвалася ў сацыяліст. краіны, каля 20% — у капіталістычныя, 10% — у краіны, якія сталі на шлях развіцця. У бел. экспарце пераважалі вырабы навукаёмістых і тэхналагічна складаных вытворчасцей, найперш машынабудавання і хім. прамысловасці. У 1972 у агульным аб’ёме экспарту БССР прадукцыя машынабудавання складала 44% (у экспарце СССР у 1970—22%, ЗША — 42%). У імпарце на тавары лёгкай і харчовай прамысловасці прыпадала 71%, на прадукцыю машынабудавання — 13%. Знешнегандл. сальда Беларусі ў 1970—80 было адмоўным: імпартныя закупкі значна перавышалі экспарт. БССР выйшла на 3-е месца пасля РСФСР і Украіны па аб’ёме знешняга гандлю, але поўнасцю яе магчымасці не выкарыстоўваліся: напр., у 1982 доля Беларусі ў знешнегандл. абароце СССР не перавышала 2,85%, хоць доля рэспублікі ў агульнасаюзнай вытворчасці складала 4%. Вываз бел. прадукцыі ішоў гал. чынам у інш. рэгіёны Сав. Саюза. У 1961 Мінскі трактарны з-д прадаваў прадукцыю больш чым у 40, а ў 1980 — у 70 краін. Экспартныя трактары накіроўваліся пераважна ў краіны «сацыялістычнага лагера» — Польшчу, Балгарыю, ГДР, Венгрыю, Румынію і інш. Так, у 1969 у Балгарыі працавала 15 тыс. трактароў «Беларусь», або кожны 6-ы трактар у гэтай краіне. Бел. трактары карысталіся попытам таксама і ў капіталіст. краінах, прадаваліся ў Францыю, Канаду, Фінляндыю, ЗША, Швецыю, Егіпет, Індыю. Напр., да канца 1970-х г. у Канаду было прададзена больш за 3 тыс. бел. трактароў. Да сярэдзіны 1990-х г. трактары «Беларусь» на міжнар. кірмашах і выстаўках атрымалі 27 медалёў, у т. л. 24 залатыя (1-е месца сярод бел. прадпрыемстваў па колькасці атрыманых узнагарод на міжнар. выстаўках). Прадукцыя Мінскага аўтамабільнага з-да больш чым на 90% ішла ў інш. сав. рэспублікі і за межы СССР. У 1963 мінскія грузавікі працавалі ў 35 краінах свету — Балгарыі, Аб’яднанай Арабскай Рэспубліцы, В’етнаме, Гане, Афганістане, на Кубе і інш.

У 1970 МАЗ-516 на Лейпцыгскім і ў 1985 МАЗ-5432 на Плоўдзіўскім кірмашах адзначаны залатымі медалямі. Прадукцыя аўтазавода ў 1980 экспартавалася ў 52 краіны, у сярэдзіне 1990-х г. — амаль у 80 краін свету. Шырокім попытам па-за межамі СССР карысталася прадукцыя «Гомсельмаша», Віцебскага станкабудаўнічага з-да, Аршанскага льнокамбіната, Салігорскага калійнага камбіната і інш. У 1980 Мінскі маторны з-д экспартаваў прадукцыю ў 52 краіны, электратэхнічны імя Казлова — у 28, рысорны — у 26, падшыпнікавы — у 23, «Ударнік» — у 21, прыборабудаўнічы імя Леніна — у 20, інструментальны — у 19, электрамантажных вырабаў — у 18, веласіпедны — у 16, станкабудаўнічыя імя Кірава і імя Кастр. рэвалюцыі — у 15, «Гарызонт» і гадзіннікавы — у 13, электронных вылічальных машын — у 12. Значнае месца заняла вытв. кааперацыя. Абсталяваннем з Беларусі аснашчаліся прадпрыемствы, што будаваліся з дапамогай СССР: Бхілайскі металургічны камбінат у Індыі, Асуанская ГЭС у Егіпце, машынабудаўнічы з-д у Алжыры, цэментны з-д у Йемене, трактарны з-д у Эфіопіі і інш. Бел. спецыялісты дапамагалі ў геолага-разведачных работах у Афганістане, Іране, Мазамбіку, Сірыі, Малі. Імпартнае абсталяванне, гал. чынам з сацыяліст. краін, паступала і для аснашчэння бел. прадпрыемстваў. Так, у 1961—69 у БССР паступіла больш за 120 камплектаў імпартнага абсталявання, якім было аснашчана амаль 100 прадпрыемстваў, у т. л. Гродзенскі і Полацкі хім. камбінаты, Светлагорскі з-д штучнага валакна, Слуцкі і Жабінкаўскі цукровыя з-ды, Пінскі камбінат верхняга трыкатажу, Магілёўскі камбінат сінтэтычнага валакна, Мінскі з-д халадзільнікаў і інш.

Істотную ролю ў міжнар. супрацоўніцтве Беларусі адыгрывалі культурныя, навук., турысцкія і спарт. сувязі. Традыцыйнай формай культурнага абмену з’яўляліся Дні культуры. У Беларусі прайшлі Дні польскай (1958), чэхаславацкай (1962), венгерскай (1963), мангольскай (1966) культуры. Адбыліся Дэкада балгарскай культуры (1965), Дні балгарскай літаратуры (1966), Дні навукі і тэхнікі Польшчы (1966), Дні Беларусі ў В’етнаме і Дні В’етнама ў Беларусі (1968), Дні тэхнікі і прамысловасці Беларусі ў Польшчы (1968), Дні фінскай культуры ў Мінску (1970), Дні Францыі ў Беларусі (1981), Дні Беларусі ў Славеніі (1986). У 1970—80-я г. Дні культуры Беларусі праведзены таксама ў Індыі, Іраку, Калумбіі, Мексіцы і інш. За межамі СССР было выдадзена больш за 300 кніг 55 бел. пісьменнікаў. Напярэдадні 100-годдзя з дня нараджэння Я.​Купалы і Я.​Коласа праведзена значная работа па перакладзе твораў бел. класікаў на замежныя мовы і папулярызацыі іх спадчыны. Наладжвалася супрацоўніцтва паміж маст. калектывамі. Адпаведныя дагаворы былі заключаны паміж Дзярж. тэатрам оперы і балета і опернымі тэатрамі ў Вроцлаве і Лодзі (Польшча), Бел. дзярж. акадэмічным тэатрам імя Я.​Купалы і Славенскім нар. тэатрам г. Марыбар (Югаславія). У Мінску адбыліся выстаўкі фінскай графікі (1970), сучаснага жывапісу Югаславіі (1973—74), шэдэўраў жывапісу з калекцыі А.​Хамера (ЗША, 1974), польскага жывапісу з калекцый Варшавы і Кракава (1974), шэдэўраў Дрэздэнскай карціннай галерэі (1975), зах.-еўрап. і амерыканскага жывапісу з музеяў ЗША (1976), польскага партрэта 17—18 ст. (1977), шэдэўраў зах.-еўрап. жывапісу 17—18 ст. са збору Нац. галерэі ў Празе (1979), «К.​Кольвіц і нямецкая графіка яе часу» з музея Альтэнбурга (ГДР, 1979), нар. мастацтва Ніжняй Аўстрыі (1981) і інш.

Навукова-тэхн. супрацоўніцтва ажыццяўлялася гал. чынам з сацыяліст. краінамі ў рамках СЭУ. Атрымалі шырокае распаўсюджанне такія яго формы, як узаемная тэхн. дапамога ў будаўніцтве прадпрыемстваў, абмен перадавым вытв. вопытам, навукова-тэхн. дакументацыяй, спецыялістамі, павышэнне кваліфікацыі рабочых. Заводы абменьваліся групамі рабочых, якія асвойвалі новыя прыёмы працы. Так, у ліст.—снеж. 1960 група польскіх інжынераў і рабочых трактарнага з-да «Урсус» вывучала вопыт работы на МТЗ. У кастр. 1977 на Мінскім трактарным з-дзе працавала міжнар. школа-семінар перадавога вопыту слесараў-зборшчыкаў прадпрыемстваў трактарнага і с.-г. машынабудавання сацыяліст. краін.

Пашыраліся міжнар. сувязі ВНУ і навук. устаноў БССР з замежнымі партнёрамі. БДУ супрацоўнічаў з універсітэтамі Іены, Сафіі, Кракава, Любляны, Камагуэя; БПІ — з тэхн. ВНУ Браціславы, Ільменаў, Беластока; Бел. тэхнал. ін-т — з Варшаўскай с.-г. акадэміяй; Мінскі пед. ін-т замежных моў — з Солфардскім ун-там. Дзесяткі тысяч замежных грамадзян атрымалі сярэднюю прафесійную і вышэйшую адукацыю ў прафтэхвучылішчах і ВНУ Беларусі. Да канца 1985 у рэспубліцы завяршылі навучанне каля 10 тыс. замежных грамадзян, у т. л. каля 4 тыс. атрымалі вышэйшую і больш за 1 тыс. сярэднюю спец. адукацыю. У 1985 23 ін-ты АН Беларусі і 90 н.-д. устаноў краін—членаў СЭУ, Югаславіі, Бельгіі, Фінляндыі, Францыі, Швецыі праводзілі сумесныя даследаванні па 59 праблемах і тэмах. З 1974 пры Ін-це цепла- і масаабмену АН Беларусі дзейнічаў Міжнар. цэнтр акадэмій навук краін «сацыялістычнага лагера» па павышэнні кваліфікацыі маладых вучоных па праблеме «Цепла- і масаабмен».

Развіваўся замежны турызм, у т. л. транзітны. Заахвочваўся турыстычны абмен паміж прадпрыемствамі. У Мінск з турыстычнымі мэтамі прыбывалі цягнікі дружбы, дэлегацыі рабочых з капіталіст. краін, групы прафс. і грамадскіх дзеячаў. Акрамя азнаямленчых, ставіліся і паліт. мэты ідэалаг. ўздзеяння на гэтых патэнцыяльных саюзнікаў у ідэалаг. супрацьстаянні з зах. светам. У 1971—80 Беларусь наведала каля 100 прафс. дэлегацый амаль з 20 краін. Вял. колькасць замежных турыстаў прыняў Мінск летам 1980 у час спаборніцтваў XXII Алімпійскіх гульняў, на стадыёне «Дынама» адбыліся адборачныя гульні па футболе; у Мінск прыехала каля 15 тыс. удзельнікаў, гасцей Алімпіяды і замежных турыстаў. Калі ў 1958 у Мінску пабывалі крыху больш за 4 тыс. турыстаў з 25 краін, то на працягу 1977—82 Мінскае бюро падарожжаў і экскурсій абслужыла каля 34 тыс. замежных грамадзян. Толькі ў 1978 БССР наведалі 10 092 замежныя турысты, у т. л. 2946 з сацыяліст. і 7146 з капіталіст. краін, найбольш з Францыі (4000) і Італіі (2304). Павялічваўся і выезд бел. турыстаў за межы СССР. Калі ў 1960 па прафс. пуцёўках выехала 535 чал., то ў 1970-я г. выязджала больш за 7 тыс. чал. за год.

З абвяшчэннем у 1985 перабудовы ўсіх бакоў жыцця сав. грамадства ў СССР быў абвешчаны прыярытэт агульначалавечых каштоўнасцей у сферы міжнар. адносін, пашырыўся ўдзел саюзных рэспублік у дзейнасці міжнар. арг-цый, ім была аказана дапамога ў падрыхтоўцы дыпламат. кадраў. Развіваліся чалавечыя кантакты. Разам з тым «аксамітныя рэвалюцыі» ў шэрагу сацыяліст. краін, ліквідацыя арганізацый Варшаўскага Дагавора і СЭУ аслабілі афіц. кантакты з гэтымі краінамі. Як і раней, асн. кірункам дзейнасці БССР на міжнар. арэне была работа ў рамках 70 арг-цый і органаў сістэмы ААН, 35 бел. спецыялістаў працавалі ў пач. 1988 у сакратарыятах міжнар. арг-цый. На 41-й сесіі Ген. Асамблеі ААН дэлегацыя БССР выступіла разам з дэлегацыямі СССР і інш. сацыяліст. краін з ініцыятывай стварэння ўсеаг. сістэмы міжнар. бяспекі. У 1987, на 42-й сесіі Ген. Асамблеі ААН, Беларусь выступіла ў якасці сааўтара мемарандума і прынятай рэзалюцыі аб усеаг. сістэме міжнар. міру і бяспекі, у якой прызнавалася неабходнасць новага паліт. мыслення для ўсіх краін, прыярытэт агульначалавечых каштоўнасцей у міждзярж. адносінах, вызначаліся шляхі забеспячэння міжнар. бяспекі ў ваен., паліт., эканам. і гуманітарнай сферах. На той жа сесіі Беларусь выступіла сааўтарам прынятых рэзалюцый аб ядзерным і хім. раззбраенні, забароне інш. відаў зброі, умацаванні мер даверу, дэкаланізацыі і барацьбе супраць апартэіду, праве народаў на жыццё ва ўмовах міру. БССР ратыфікавала канвенцыі ААН аб аператыўным апавяшчэнні аб ядзернай аварыі (1986), аб дапамозе ў выпадку ядзернай ці радыяцыйнай аварыйнай сітуацыі (1986), аб барацьбе з захопам заложнікаў (1987), аб барацьбе супраць незаконнага абароту наркатычных сродкаў (1989). Унутранае заканадаўства рэспублікі прыводзілася ў адпаведнасць з міжнар. нормамі. У 1989 БССР заявіла аб прызнанні юрысдыкцыі Міжнар. Суда па шэрагу міжнар. дакументаў у галіне правоў чалавека. Аб прыхільнасці да Усеаг. дэкларацыі правоў чалавека (1948) Беларусь заявіла ў кастрычніку 1991. У 1985 у Беларусі праведзены Год ААН, у 1986 — Міжнар. год міру.

Перабудова садзейнічала пашырэнню міжнар. кантактаў грамадзян. У 1989 Бел. т-ва дружбы і культурнай сувязі з замежнымі краінамі супрацоўнічала з 320 грамадскімі арг-цыямі 74 краін свету па кірунках: садзеянне сац.-эканам. развіццю БССР, гуманітарнае супрацоўніцтва, турыстычны абмен, з 1986 — садзеянне ў ліквідацыі наступстваў Чарнобыльскай катастрофы. У выніку спрашчэння прыгранічных паездак толькі за 1-е паўгоддзе 1988 у Польшчы пабывалі больш за 18 тыс. жыхароў Гродзеншчыны, а Гродзенскую вобл. наведалі 34,2 тыс. палякаў. Працягваліся кантакты з гарадамі, абласцямі і прадпрыемствамі-пабрацімамі. У Віцебску адбыўся 1-ы фестываль польскай эстраднай песні (1987), у Бяльскападляскім ваяв. прайшлі Дні Брэсцкай крэпасці-героя (1988). У 1989 больш за 60 бел. прадпрыемстваў ажыццяўлялі прамыя сувязі з прамысл. і с.-г. прадпрыемствамі Балгарыі. У 1987 былі зроблены спробы ўстанавіць прамыя шэфскія сувязі Гродзенскай вобл. з правінцыяй Лагман, Мінскай — з правінцыяй Кунар Афганістана.

Актывізавалася знешнеэканам. дзейнасць. З 1987 у плане эканам. і сац. развіцця БССР быў выдзелены спец. раздзел па знешнеэканам. сувязях. У 1990 прыняты Закон аб асновах знешнеэканам. дзейнасці Беларускай ССР. Больш за 90 прадпрыемстваў і аб’яднанняў рэспублікі ўстанавілі прамыя вытв. і навукова-тэхн. сувязі з замежнымі партнёрамі. У 1987 было створана гаспразліковае аб’яднанне «Беларусьзнешгандаль», а на 8 буйных прадпрыемствах («БелаўтаМАЗ», МТЗ, «Палімір», «Атлант» і інш.) — знешнегандл. фірмы, якія наладжвалі адносіны з фірмамі замежных дзяржаў. Толькі па прамых сувязях з замежнымі краінамі прадпрыемствы і арг-цыі Беларусі ў 1989 экспартавалі прадукцыі на 74,1 млн. руб., імпартавалі — на 61,6 млн. руб. Усяго ў 1989 на экспарт пайшло 22,8 тыс. трактароў, 4,7 тыс. грузавых аўтамабіляў, 2,2 тыс. металарэзных станкоў, 438,7 тыс. халадзільнікаў, на 52,8 млн. руб. вылічальнай тэхнікі, 3,4 млн. т калійных угнаенняў, 17,5 тыс. т сінтэтычных валокнаў і інш. У 1989 зарэгістраваны 22 сумесныя прадпрыемствы па выпуску абутку, вырошчванні жывёлы і перапрацоўцы мяса, вытворчасці тавараў нар. спажывання. Найбольш паспяхова дзейнічалі сумесныя прадпрыемствы «Белвест» (створана віцебскай абутковай ф-кай і зах.-герм. фірмай «Саламандэр», пачало выпуск прадукцыі ў 1989) і сав.-венгерскае па выпуску высакаякаснай пражы «Барыфорг», заснаванае ў Барысаве. З Польшчай былі створаны сумесныя калектывы канструктараў і вучоных Мінскага НВА «Дармаш» і камбіната «Сталева Воля», Гомельскага станкабудаўнічага ВА імя Кірава і з-да дакладных станкоў «Механіцы». 9 НДІ АН Беларусі вялі распрацоўкі з партнёрамі з сацыяліст. краін.

Такім чынам, у 1960—80-я г. Беларусь пашырыла сваю дзейнасць у рамках ААН і інш. міжнар. арг-цыях, актыўна ўключылася ў міжнар. эканам. і гуманітарнае супрацоўніцтва.

Літ.:

История Минска. Мн., 1957;

Минск: Краткая хроника (ноябрь 1917—1966). Мн., 1967;

Войтович С.Д., Воробей Н.С., Толстой В.С. Сотрудничество Белорусской ССР с социалистическими странами. Мн., 1970;

Гісторыя Беларускай ССР. Т. 5. Мн., 1975;

Белорусская ССР в международных отношениях: Многосторонние междунар. договоры, конвенции и соглашения БССР с иностр. государствами (1960—1980). Мн., 1983;

Сергеева Г.Г. Белорусская ССР в научном сотрудничестве Советского Союза и социалистических стран (1945—1985 гг.). Мн., 1986;

Языкович Л.В. Деятельность Белорусской ССР в ЮНЕСКО. Мн. 1986;

Лейкин Э.А. Ради жизни на земле: БССР в борьбе за мир и междунар. безопасность. Мн., 1986;

Матэрыялы XXX з’езда Камуністычнай партыі Беларусі. Мн., 1986;

Белорусская ССР и социалистические страны: укрепление дружбы, сотрудничества, братства (1945—1987 гг.). Мн., 1987;

Леднева А.С. Интернациональные связи рабочего класса Белорусской ССР (1976—1987 гг.): (Произв. сотрудничество рабочего класса БССР с социалист. странами). Мн., 1988;

Академия наук Белорусской ССР. Мн., 1989;

Войтович С.Д. БССР в экономических отношениях СССР с зарубежными странами (1945—1987). Мн., 1989;

Воробей Н.С., Захарченко И.А. Мосты дружбы. Мн., 1989;

Грыгор’ева В.В. Беларуская ССР на этапе перабудовы: Некаторыя аспекты сац.-экан. развіцця. Мн., 1991;

Нарысы гісторыі Беларусі. Ч. 2. Мн., 1995;

Матэрыялы па гісторыі Беларусі. Мн., 1998;

Эканамічная гісторыя Беларусі. Мн., 1999;

Снапкоўскі У. Беларуская ССР на міжнароднай арэне (1944—1990 гг.) // Бел. журн. междунар. права и междунар. отношений. 1999. №2;

Абрамаў І.М. Тэндэнцыі развіцця эканомікі Беларусі // Беларусь на мяжы тысячагоддзяў. Мн., 2000;

Гісторыя Беларусі: Вучэб. дапам. 2 выд. Мн., 2000;

Борисенко В.В. Участие Беларуси во внешнеэкономических связях Советского Союза, 1971—1985: Автореф. дисс... канд. ист. наук. Мн., 2001;

Сасим А.М. Промышленность Беларуси в XX столетии. Мн., 2001;

Наука Беларуси в XX столетии. Мн., 2001;

Знешняя палітыка Беларусі: Зб. дак. і матэрыялаў. Т. 5—6. Мн., 2002—03;

Шыбека З. Нарыс гісторыі Беларусі (1795—2002). Мн., 2003;

Тихомиров А.В. Беларусь в международных отношениях, 1772—2002. Мн., 2003.

І.​І.​Гвардзееў (народная гаспадарка), У.​Я.​Казлякоў (дэмакратызацыя грамадскага жыцця, абвяшчэнне незалежнасці Рэспублікі Беларусь), А.​Ф.​Самусік (адукацыя, навука), Г.​П.​Бушчык (развіццё знешнепалітычнай дзейнасці і міжнародных сувязей).

Генеральны сакратар ААН У Тан у час наведвання Хатыні. Ліпень 1970.
Прэзідэнт Францыі Ж.​Пампіду і Генеральны сакратар ЦК КПСС Л.​І.​Брэжнеў у Заслаўі. Студзень 1973.
Прэзідэнт ЗША Р.​Ніксан на прыёме ў 1-га сакратара ЦК КПБ П.​М.​Машэрава. Мінск. 1.7.1974.
Ліцэісты з французскага г. Ліён — пабраціма Мінска — каля экспазіцыі, прысвечанай подзвігам лётчыкаў палка «Нармандыя—Нёман». Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Красавік 1979.

т. 18, кн. 2, с. 275

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫДАВЕЦКАЯ СПРАВА

Гісторыя развіцця. Пачатак выдавецкай справы на Беларусі звязаны з імем бел. першадрукара і асветніка эпохі Адраджэння Ф.​Скарыны. Пры падтрымцы віленскіх мецэнатаў Я.​Бабіча і Б.​Онкава ён стварыў у Празе (Чэхія) першае бел. выдавецтва і 6.8.1517 выдаў там першую бел. друкаваную кнігу кірылічнага шрыфту «Псалтыр». У 1517—19 у перакладзе на старабел. мову ён выпусціў 23 кнігі Бібліі пад агульным загалоўкам «Библия руска, выложена доктором Франциском Скориною из славнаго града Полоцка, Богу ко чти и людем посполитым к доброму научению». У пачатку 1520-х г. Ф.​Скарына пераехаў у Вільню, абсталяваў тут друкарню (у доме Бабіча) і арганізаваў новае выдавецтва. Каля 1522 ён выдаў некалькі кніг на царкоўнаслав. мове з каментарыем пад агульнай назвай «Малая падарожная кніжка», куды ўвайшлі «Псалтыр», «Часасловец», «Шасцідневец», 8 акафістаў, 10 канонаў, «Саборнік» (уключаў «Святцы» і Пасхалію са звесткамі з астраноміі і грамадзянскага календара, пасляслоўе), у 1525 — «Апостал». Кнігавыдавецкая дзейнасць Ф.​Скарыны мела гуманістычны, культурна-асветніцкі і нац.-патрыятычны характар. Высокі еўрап. ўзровень паліграфічнага афармлення яго выданняў (шрыфт, гравюры, застаўкі) значна паўплываў на развіццё кірылічнага кнігадрукавання ў ВКЛ і за яго межамі.

З 2-й пал. 16—1-й пал. 17 ст. на Беларусі ствараліся прыватныя друкарні, уладальнікамі якіх былі буйныя магнаты (Радзівілы, А.​Валовіч, Р.​Хадкевіч, К.​Астрожскі), шляхта і гараджане (Мамонічы, М., Г. і А. Кавячынскія, Я. і Л. Кішкі, В.​Гарабурда і інш.). Першая друкарня ў межах сучаснай Беларусі заснавана ў 1553 у Брэсце канцлерам ВКЛ М.​Радзівілам Чорным і вучоным-гуманістам Б.​Ваяводкам. У 1558 у ёй выйшаў першы ў ВКЛ друкаваны нотны зборнік «Песні хвал боскіх»; у 1563 выдадзена Біблія (вядома як Радзівілаўская), дзе ўпершыню змешчаны прадметны паказальнік. У Брэсцкай друкарні выйшла больш за 50 выданняў на польскай і лац. мовах, якія адлюстроўвалі духоўныя і ідэйныя сувязі прагрэсіўных дзеячаў бел., польскай і літоўскай культур. У 1575 М.​К.​Радзівіл Сіротка перавёз абсталяванне і матэрыялы пратэстанцкай друкарні з Брэста ў Вільню, дзе яна перададзена езуіцкаму калегіуму. Гэта была першая каталіцкая друкарня на тэр. ВКЛ, у якой выдадзена 58 назваў кніг. У 1560-я г. С.​Будны, М.​Кавячынскі і Л.​Крышкоўскі пры падтрымцы М.​Радзівіла Чорнага і А.​Валовіча распачалі кнігавыдавецкую справу ў Нясвіжы. Тут выйшлі першыя кнігі на бел. мове: «Катэхізіс» і «Пра апраўданне грэшнага чалавека перад Богам» (абедзве 1562). У 1568—70 пры ўдзеле гетмана ВКЛ Р.​Хадкевіча арганізавана друкарня ў мяст. Заблудава (цяпер тэр. Польшчы), куды былі запрошаны друкары І.​Фёдараў і П.​Мсціславец. У ёй выдадзены «Евангелле вучыцельнае» (1569), «Псалтыр з Часаслоўцам» (1570) з анатацыямі, адметныя выкарыстаннем новай арнаментыкі, буйной ксілаграфіі, тытульнага ліста з выхаднымі звесткамі. 1570-я г. адзначаны дзейнасцю прыватнай друкарні В.​Цяпінскага (відаць, у яго родавым маёнтку Цяпіна на Полаччыне). Каля 1570 у ёй надрукавана «Евангелле» (паралельна на царкоўнаслав. і старабел. мовах), у якое ўвайшлі евангеллі ад Матфея, Марка і часткова ад Лукі; «Евангелле» змяшчала прадмову, напісаную В.​Цяпінскім, 210 глосаў (слоў-перакладаў), якія на палях кнігі тлумачылі незразумелыя словы. У 1572 С.​Кішка выкупіў абсталяванне Нясвіжскай друкарні і размясціў яго ў сваім замку ў мяст. Лоск (Валожынскі раён), які стаў цэнтрам арыянскага кнігадрукавання ў ВКЛ. Друкарамі тут працавалі С.​Будны, Д.​Лянчыцкі, пазней Я.​Карцан, Ф.​Балямоўскі. Вядома каля 20 іх выданняў на польскай і лац. мовах, адметных вострай палемічнай накіраванасцю. У 1574—76 выйшлі першыя кірылічныя кнігі ў друкарні Мамонічаў у Вільні: «Евангелле напрастольнае» (1575), «Часоўнік» (1574—76), «Псалтыр» (1576). Іх выдаўцом быў П.​Мсціславец. Самастойна Мамонічы выпусцілі першыя кнігі па праве, у т. л. «Трыбунал» (1586) і «Статут Вялікага княства Літоўскага» (1588), па граматыцы («Кграматыка словеньска языка», 1586); надрукавалі больш за 50 кірылічных і 35 польскамоўных (лац. шрыфтам) выданняў. Першая поўная кананічна дакладная слав. Біблія на царкоўнаслав. мове ў старабел. рэдакцыі пад назвай «Астрожская Біблія» выдадзена К.​Астрожскім у 1581 у г. Астрог (на Валыні). Друкарскую справу тут вёў І.​Фёдараў. За 1578—1612 у ёй надрукавана каля 25 кірылічных кніг. Над аздабленнем і пісьмовай графікай кніг працаваў бел. майстар Г.​Івановіч. Каля 1580—82 прыватнай выдавецкай дзейнасцю ў Вільні займаўся В.​Гарабурда (вядомы 2 кірылічныя выданні). У 1612—40 па запрашэнні кн. К.​Радзівіла выдавецкую дзейнасць у мяст. Любча (Навагрудскі раён) вялі П. і Я. Кміты, якія выпускалі свецкія творы па гісторыі, маст. літаратуры, практычныя дапаможнікі па медыцыне, ветэрынарыі, школьнай справе на польскай і лац. мовах (больш за 80 кніг). У 1640—50 тут выдаваліся пераважна панегірыкі і літургічныя кнігі для пратэстанцкіх абшчын. З Любчанскай друкарняй супрацоўнічаў гравёр К.​Гётке, які ўпершыню ў бел. кнігадрукаванні выкарыстаў гравюры на медзі (медзярыты). Каля 1672 працавала Радзівілаўская друкарня ў г. Слуцк. Вядома 29 назваў кніг, надрукаваных тут на польскай мове пераважна рэліг. (кальвінісцкай) тэматыкі.

З канца 16 ст. вядучае месца ў бел. кнігавыданні займалі праваслаўныя брацтвы, што звязана з дзейнасцю Віленскай, Еўінскай (цяпер тэр. Літвы), Куцеінскай (пад Оршай), Магілёўскай брацкіх друкарняў. Іх выданні вызначаліся разнастайнасцю тэматыкі і мастацка-паліграфічнага афармлення. У Віленскай і Еўінскай друкарнях у 1-й трэці 17 ст. выкарыстоўваліся (побач з інш.) сапраўдныя дошкі Ф.​Скарыны. З 127 выданняў, што захаваліся да нашага часу, у т. л. выданні, надрукаваныя пры падтрымцы брацтваў у Куцейне, Буйнічах (Магілёўскі раён), Мінску, 16 належалі да навучальных (пераважалі буквары і граматыкі), 12 — да гісторыка-публіцыстычных і палемічных, 16 — да панегірыкаў і казанняў, 20 — чэцці і інш. нелітургічныя выданні. Больш за 70% усіх кніг выдадзены на слав. і бел. мовах (або на слав. у бел. рэдакцыі), 25 выданняў — на польскай. Брацкія кнігавыдавецтвы адыгралі вялікую ролю ў развіцці розных сфер бел. культуры, мовы, пісьменства. Творы С. і Л. Зізаніяў, Л.​Карповіча, М.​Сматрыцкага і інш., якія выдаваліся ў брацкіх друкарнях, выкарыстоўваліся ў ідэалагічнай і паліт. барацьбе, у процідзеянні каталіцкай экспансіі і царк. уніі. У 2-й чвэрці 17 ст. цэнтрамі кірылічнага кнігавыдання сталі Магілёў і Куцейна, дзе працавалі перасоўныя прыватныя друкарні С.​Собаля і І.​Труцэвіча, дзейнасць якіх цесна звязана з брацтвамі. У канцы 17 — пач. 18 ст. выдавецкай дзейнасцю ў Магілёве займаліся М. і В. Вашчанкі, Ф.​Ангілейка, якія выкарыстоўвалі глыбокі друк з металагравюр. У 18 ст. ў Магілёўскай брацкай друкарні выдадзены 33 кнігі на стараслав. мове, пераважала літургічная і агіяграфічная літаратура.

У 16 — пач. 19 ст. ў кнігавыдавецкай справе вылучалася дзейнасць каталіцкіх і уніяцкіх ордэнаў, асабліва ордэна езуітаў. Найб. значным цэнтрам кнігадрукавання была Віленская друкарня езуіцкай акадэміі (1586—1805). Яна штогод выпускала каля 15 выданняў на польскай і лац. мовах: падручнікі, палемічную літаратуру, царкоўнае права, жыціі святых, тэалагічна-філас. творы, а таксама свецкую літаратуру пра дзеячаў ВКЛ. У іх упершыню ў мастацтве ВКЛ выкарыстаны кніжны медзярыт. Выдавецкай дзейнасцю займаліся таксама ордэны францысканцаў (1671—1781) і піяраў (1754—1840) у Вільні, піяраў у Полацку (1824—31), езуіцкія калегіумы ў Пінску (1729—35) і Нясвіжы (1751—90), калегіум і акадэмія ў Полацку (1787—1820). Вядома каля 150 іх выданняў на польскай, лац., франц. мовах свецкага і рэліг. зместу (белетрыстыка, палемічная, навучальная літаратура, панегірыкі). Вынікам дзейнасці друкарні дамініканцаў у Слоніме (каля 1777—82) з’явіліся больш за 30 кніг на польскай, лац., італьян. і рус. мовах. Кнігавыдавецкай дзейнасцю вызначаўся уніяцкі (базыльянскі) ордэн. Віленская Троіцкая (базыльянская) друкарня (дзейнічала да пач. 19 ст. пры манастыры св. Тройцы) выдавала богаслужэбныя, тэалагічныя творы, панегірыкі, падручнікі, паэзію, маст. прозу, драматычныя творы на слав., польскай, лац. і франц. мовах. З друкарняй супрацоўнічаў гравёр Л.​Тарасевіч. Найб. значным цэнтрам кірылічнага кнігадрукавання з канца 17 ст. быў уніяцкі манастыр у мяст. Супрасль (Польшча), дзе К.​Радзівіл і мітрапаліт Ц.​Жахоўскі арганізавалі друкарню. За час сваёй дзейнасці Супрасльская друкарня выпусціла больш за 420 кніг на царкоўнаслав., бел., рус., польскай, лац. і літ. мовах. Вядомы 22 выданні уніяцкага ордэна базыльян у Мінску, асноўную частку якіх складала афіц. літаратура на польскай і лац. мовах.

У 18 ст. на тэр. Беларусі ўзніклі першыя выдавецтвы, у якіх выявіліся рысы прадпрыемстваў дзярж. характару. Магілёўская прыдворная друкарня (1774—1844), якой кіраваў С.​Богуш-Сестранцэвіч, выдавала пераважна афіц. матэрыялы, рэліг. і інш. свецкую літаратуру. Вядома 350 назваў кніг, выдадзеных у гэтай друкарні на польскай, рус., лац., франц. і ням. мовах. У 1775—96(?) дзейнічала Гродзенская каралеўская друкарня, якой напачатку кіраваў А.​Тызенгаўз. Яна выпусціла каля 100 кніг арыгінальнай і перакладной літаратуры, у т. л. падручнікі, малітоўнікі, афіц. і юрыдычныя дакументы на польскай і лац. мовах. Выдавалася таксама навук., навукова-папулярная і маст. літаратура.

У 18 ст. выдавецкай справай на Беларусі займаліся і стараверы, якія выкарыстоўвалі паліграфічныя магчымасці Супрасльскай і Віленскай базыльянскіх друкарняў, а таксама Гродзенскай каралеўскай друкарні.

У канцы 18 — пач. 19 ст. на Беларусі існавалі яўр. друкарні ў Шклове (з 1783), Гродне (з 1788), Копысі (з 1797), Дуброўне (з 1802), Лядах (з 1805), Мінску (з 1807), Вільні (з 1821), Магілёве (з 1825) (гл. табл. 1).

Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай і далучэння Беларусі да Рас. імперыі ў канцы 18 ст. адкрываліся губернскія друкарні, якія сталі асноўным тыпам прадпрыемстваў дзярж. характару: Мінская (1795—1917), Віцебская (1797—1917), Гродзенская (1820—1915), Магілёўская (1833—1917). Вядучае месца займала Мінская губернская друкарня (330 выд.). Сярод першых выданняў, якія пачалі друкавацца грамадзянскім шрыфтам: «Лёгкі спосаб навучыцца чытаць па-руску і па-польску» (Мінск, 1799), «Арлы і шпакі» П.​Сумарокава (Віцебск, 1806). Значны ўклад у развіццё дзярж. кнігавыдання зрабілі губернскія статыстычныя камітэты (з 1860-х г.), якія выдавалі «Працы...» і «Справаздачы...» губернскіх статыстычных камітэтаў, «Агляды...» і «Памятныя кніжкі...» губерняў.

Развіццю прыватных кнігавыдавецтваў, на якія прыпадала асноўная частка выпуску кніжнай прадукцыі, паспрыялі скасаванне ўказа 1796 аб закрыцці вольных (прыватных) друкарняў і правядзенне ў 1801—04 паліятыўных рэформ друку і кнігавыдання. У 1-й пал. 19 ст. актыўнай дзейнасцю вызначаліся мінскія прыватныя выдаўцы І.​Стафановіч (22 выд.), Ё.​Дворац (22 выд.), А.​Валіцкі (29 выд.); у 2-й пал. 19 ст. — выдавецтвы Б.​Саламонава (234 выд.), Тасьманаў (226 выд.), Дворжацаў (больш за 90 выд.) у Мінску; Я.​Падземскага (102 выд.), Ш.​Фрыдланда (100 выд.) у Магілёве; М.​Неймана (88 выд.) у Віцебску і інш. Дзякуючы ім на Беларусі пашырылася колькасць кніг навук, характару па айч. гісторыі, медыцыне, ветэрынарыі, сельскай гаспадарцы, дамаводстве, маляванні і інш. Універсальны характар іх выданняў садзейнічаў пашырэнню кнігі сярод розных слаёў насельніцтва, асабліва стымуляваў дзейнасць творчай інтэлігенцыі. Усяго на Беларусі ў 19 — пач. 20 ст. дзейнічала каля 250 прыватных друкарняў.

2-я пал. 19 — пач. 20 ст. характарызаваліся актыўным развіццём грамадскіх кнігавыдавецтваў: таварыствы выдаўцоў і тыпографаў; выдавецтвы паліт. арганізацый; прамысловых, спажывецкіх, крэдытных і страхавых т-ваў; культурна-асветніцкіх і навук. т-ваў; т-ваў дабрачыннасці, сац. і мед. дапамогі; спарт. і ахоўных т-ваў; рэліг. устаноў і інш. Значны ўклад у кнігавыданне Беларусі зрабілі археаграфічныя ўстановы: Віленская камісія па разборы і выданні стараж. актаў (1864—1915), Віцебскі архіў стараж. актаў (1871—1906), Мінскі царк. гісторыка-археалагічны камітэт (1908—15), якія падрыхтавалі і выпусцілі шматтомныя зборы гіст. дакументаў. Вызначаліся ў кнігавыданні т-вы сельскай гаспадаркі (Мінск, Віцебск), т-вы ўрачоў (Мінск).

У 19 — пач. 20 ст. выдавецкая справа вялася ў 39 гарадах і мястэчках Беларусі. Найб. буйнымі кнігавыдавецкімі цэнтрамі былі Мінск (3125 выданняў на розных мовах), Магілёў (1319 на рус. мове), Віцебск (1007 на рус. мове), Гродна (586 на рус. мове). Да сярэдзіны 19 ст. асноўнай мовай выданняў была польская. Пасля ўвядзення забароны на польскамоўны друк з 1864 пачала дамінаваць рус. мова (усяго ўлічана 6536 назваў на рус. мове). Выданні свецкага зместу складалі каля 85%. У іх пераважала гіст., сац.-эканам., сельскагаспадарчая, медыцынская тэматыка. У гэты перыяд сфарміраваліся асноўныя тыпы выданняў: афіц., навук., навукова-папулярныя, літаратурна-маст., даведачныя; вызначыліся тэндэнцыі да фарміравання масава-паліт. і вытворча-практычных выданняў. Самых высокіх паказчыкаў кнігавыданне Беларусі дасягнула напярэдадні 1-й сусв. вайны. У 1913 у Мінску выйшла 224 выданні, у т. л. 216 на рус., 5 на бел. мовах. Першая вядомая друкаваная кніга амаль цалкам на бел. мове (лацінкай) — «Кароткі збор навукі хрысціянскай. Для вяскоўцаў, якія гавораць мовай польска-рускай вызнання рымска-каталіцкага» (Вільня, 1835). У 1855—57 у Мінску выйшлі беларускамоўныя творы (лацінкай) В.​Дуніна-Марцінкевіча: «Вечарніцы», «Гапон», «Цікавішся? — Прачытай!», «Дудар беларускі». Шэраг бел. кніг, надрукаваных лац. шрыфтам за мяжой, нелегальна дастаўляўся на Беларусь: «Пра багацтва ды беднасць» (Жэнева, 1881) і «Дзядзька Антон» (Тыльзіт, 1892) С.​Падалінскага, «Дудка беларуская» (Кракаў, 1891) і «Смык беларускі» (Познань, 1894) Ф.​Багушэвіча, «Пан Тадэвуш» А.​Міцкевіча (у пер.

А.​Ельскага, Львоў, 1892) і інш. Ажыццяўляліся сумесныя праекты мінска-варшаўскіх і мінска-кракаўскіх выдаўцоў па друку польскамоўных твораў Ю.​Крашэўскага, К.​Вярыгі-Дарэўскай, Б.​Адамовіча, Ю.​Вяжбіцкага, М.​Ельскага і інш. У канцы 19 — пач. 20 ст. ў бел. Друку з’явіліся выданні на бел. мове кірыліцай: «Тарас на Парнасе» (Віцебск, 1896, 1898, 1904; Гродна, 1896, 1899; Магілёў, 1900, 1902; Мінск, 1917), «Нашы перасяленцы» А.​Ельскага (Віцебск, 1896). На Беларусі дзейнічалі і падп. выдавецтвы: народнікаў «Чорны перадзел» (Мінск), Бел. сац. грамада (Мінск), РСДРП (Бабруйск, Барысаў, Гомель, Гродна, Магілёў, Мінск, Орша і інш.), якія выпускалі нелегальную літаратуру, пераважна брашуры і лістоўкі.

З 1905 з разгортваннем нац.-вызваленчага руху і ўступленнем у дзеянне закона аб свабодзе друку на Беларусі легалізавана кнігавыданне на мясц. мовах і афіцыйна пацверджаны яго разнамоўны характар. Акрамя дамінуючых у мясц. друку рускамоўных выданняў, выходзіла літаратура на бел., польскай і яўр. мовах. Узніклі бел. выдавецтвы: «Загляне сонца і ў наша аконца» (Пецярбург, 1906—14), «Наша ніва» (Вільня, 1906—15), друкарня М.​Кухты (Вільня, 1906—17), «Мінчук» (Мінск, 1907—09), «Наша хата» (Вільня, 1908—11), Бел. выдавецкае т-ва (Вільня, 1913—15, 1919—30), «Лучынка» (Мінск, 1914), «Вясёлка» (Мінск, 1915), выдавецтва В.​Ластоўскага (Вільня, 1916—18), «Вольная Беларусь» (Мінск, 1917) і інш. Найб. вызначалася выд-ва «Загляне сонца і ў наша аконца», дзе выйшлі падручнікі («Беларускі лемантар, або Першая навука чытання» К.​Каганца, «Першае чытанне для дзетак беларусаў» Цёткі, «Другое чытанне для дзяцей беларусаў» Я.​Коласа), падпісная серыя «Беларускія песняры» (творы В.​Дуніна-Марцінкевіча, Ф.​Багушэвіча, пераклад паэмы А.​Міцкевіча «Пан Тадэвуш»), творы Я.​Купалы, Я.​Коласа, Ц.​Гартнага, К.​Каганца, З.​Бядулі, У.​Галубка, А.​Чэхава, М.​Крапіўніцкага, Э.​Ажэшкі і інш.; выдаваўся час. «Маладая Беларусь». У выд-ве «Наша ніва» выйшлі «Беларускія казкі», «Апавяданні» Я.​Коласа, кн. «Бярозка» Ядвігіна Ш.; пры ўдзеле газ. «Наша ніва» — зб-кі «Песні-жальбы» Я.​Коласа, «Вянок» М.​Багдановіча. У выд-ве «Наша хата» друкаваліся бел. падручнікі, дзіцячая літаратура, паэма «Тарас на Парнасе» і інш. У Бел. выдавецкім т-ве выйшлі кнігі «Родныя з’явы» Т.​Гушчы (Я.​Коласа), «Рунь» М.​Гарэцкага, «Васількі» Ядвігіна Ш., «Курганная кветка» К.​Буйло, «Беларускі каляндар» на 1914, 1915, 1916. У прыватным выд-ве А.​Грыневіча ў Пецярбургу ў 1910—14 выдадзены 2 тамы «Беларускіх песень з нотамі», зб. «Гусляр» і паэма «Адвечная песня» Я.​Купалы, апавяданні Я.​Коласа і У.​Галубка. Усяго ў канцы 19 — пач. 20 ст. на бел. мове кірыліцай і лацінкай выйшлі 423 выданні, у т. л. кнігі на інш. мовах з бел. тэкстамі. Пераважная іх большасць выдадзена па-за межамі Беларусі (Вільня, Пецярбург, Масква, Кракаў, Варшава і інш.). У Мінску працавалі яўр. выд-ва «Культура» (1905—06), польскія — «Асвета» (1907), Польская выдавецкая суполка (1916—18). Т-ва польскіх ведаў вайсковых (1917) і інш.

Са зменай грамадска-паліт. становішча Беларусі ў 1917—20 змяніліся кнігавыдавецкая палітыка і структура выдавецтваў. У часы германскай і польскай акупацыі (калі была абвешчана БНР) найб. інтэнсіўна працавалі выдавецтвы «Вольная Беларусь» (Мінск), Б.​Клецкіна, В.​Ластоўскага, «Гоман», Бел. выдавецкае т-ва (усе ў Вільні), імя Ф.​Скарыны (у Коўне). Кніжную прадукцыю выдавалі таксама Рада і Нар. сакратарыят БНР, Міністэрства бел. спраў у Літве, Бел. культурна-асветніцкае т-ва «Бацькаўшчына» і інш. Пасля заканчэння грамадзянскай вайны і ваеннай інтэрвенцыі большасць з іх дзейнічалі ў Зах. Беларусі, Літве і Латвіі; у 1917—23 вядома 247 іх выданняў на бел. мове.

У кнігавыданні БССР асноўная роля адводзілася парт. друку. Напр., выд-ва «Звязда», створанае ў 1917 пры Мінскім камітэце РСДРП(б), выдавала творы класікаў марксізму, парт. дакументы, маст. і масава-паліт. літаратуру. У 1917—20 кнігавыдавецкай справай займаліся Бел. нац. камісарыят, выдавецкія аддзелы пры мясц. парт. камітэтах і органах сав. улады. У 1921 на базе аддзялення Дзярж. выд-ва РСФСР створана Дзярж. выд-ва БССР, якое выпускала ўласныя выданні і рэгулявала ўсю выдавецкую дзейнасць у рэспубліцы. Ім за год выдадзена 196 кніг агульным тыражом 1526 экзэмпляраў, у т. л. маст. і дзіцячай літаратуры 13 кніг. На сродкі дзярж. і грамадскіх устаноў у красавіку 1922 створана кааператыўнае выд-ва «Адраджэнне» (з канца 1922 «Савецкая Беларусь»), якое выдавала творы бел. маст. літаратуры, падручнікі, навук. літаратуру на роднай мове. У снежні 1922 Дзярж. выд-ва БССР з шэрагам інш. прадпрыемстваў аб’яднаны ў Дзярж. трэст выдавецкай справы і паліграфічнай прамысловасці Беларусі («Белтрэстдрук»). У перыяд індустрыялізацыі і калектывізацыі сельскай гаспадаркі кнігавыдавецкая справа ў БССР цэнтралізавана. У ліпені 1924 «Белтрэстдрук» і кааператыўнае выд-ва «Савецкая Беларусь» аб’яднаны ў Бел. дзярж. выд-ва, якое стала найбуйнейшай выдавецкай установай рэспублікі. Яно мела сваю паліграфічную базу, кнігагандлёвую сетку, выпускала асноўныя віды літаратуры, садзейнічала пашырэнню тэматыкі і павышэнню ідэйнага ўзроўню выданняў. У 1927 асноўнымі выдавецтвамі рэспублікі былі Белдзяржвыдавецтва (у 1934 перайменавана ў Дзярж. выд-ва БССР), выд-ва Інбелкульта (1924—32; з 1932 выд-ва АН БССР) і рэдакцыйна-выдавецкі аддзел Цэнтр. савета прафсаюзаў Беларусі. Дзейнічалі таксама спецыялізаваныя выдавецтвы: Дзярж. выд-ва па выпуску навукова-тэхнічнай літаратуры (1931—34), Ваеннае выд-ва Беларусі (1932—35), Партыйнае выд-ва ЦК КП(б)Б (1932—38). Выдавецкай дзейнасцю займаліся асобныя наркаматы, парт. і сав. органы, грамадскія арганізацыі. У перыяд беларусізацыі значнае месца ў кніжнай прадукцыі займала нацыянальна арыентаваная літаратура: падручнікі, тэрміналагічныя слоўнікі, маст. творы. Важнае значэнне мелі выданні літаратурных твораў Я.​Купалы («Спадчына»), С.​Некрашэвіча («Беларускі лемантар», абодва 1922), К.​Чорнага («Апавяданні», 1925), Я.​Коласа («Казкі жыцця»), Ц.​Гартнага («Сокі цаліны»), М.​Гарэцкага («У чым яго крыўда»), З.​Бядулі («Апавяданні»; усе 1926), А.​Гаруна («Матчын дар», 1929), Я.​Маўра («Палескія рабінзоны», 1930), Ю.​Гаўрука (аўтар першага на Беларусі зборніка перакладаў замежнай паэзіі «Кветкі з чужых палёў», 1928). У той жа час паводле палажэння СНК БССР аб цэнзуры кніжнай прадукцыі (ад 5.1.1923) былі складзены «Спісы твораў друку, забароненых да продажу і распаўсюджвання» (у 1937 у такі спіс занесена 399 выданняў на бел. і рус. мовах). Найбольшыя паказчыкі па тыражах і колькасці назваў у БССР належалі выданням твораў У.​І.​Леніна (225 назваў кніг, тыраж 2 млн. 200 тыс. экз.). У 1920—30-я г. даволі актыўна развівалася кнігавыданне на яўр. мове.

Кнігавыдавецкая справа ў Зах. Беларусі прадстаўлена пераважна польскамоўнымі выданнямі. У 1924 ім належала 80,7% ад агульнай колькасці назваў, у 1925—84,8%; беларускамоўным выданням адпаведна 0,5% і 0,2%. Беларускамоўны друк у Зах. Беларусі ажыццяўлялі Бел. выдавецкае т-ва, выдавецтвы Бел. інстытута гаспадаркі і культуры, Бел. сялянска-работніцкага клуба, Т-ва бел. школы, У.​Знамяроўскага, «Вызваленне», Бел. каталіцкае выд-ва (усе ў Вільні), імя Ф.​Скарыны (у Коўне). У 1926—40 вядучыя пазіцыі ў выданні кніг на бел. мове належалі Бел. друкарні імя Ф.​Скарыны ў Вільні (уладальнік, выдавец і рэдактар ксёндз А.​Станкевіч); у ёй выйшла больш за 146 кніг. Найб. прыкметныя кнігі зах.-бел. выдавецтваў: «Беларусь» Л.​Родзевіча (друкарня «Друк», 1922), «На ростані» У.​Жылкі, «Мая ліра» К.​Сваяка (абедзве 1924) і «Рунь веснаходу: Зборнік твораў паэтаў і пісьменнікаў Заходняй Беларусі» (1928; усе Бел. выдавецкае т-ва), «Шум баровы» М.​Васілька (выданне Н.​Ільяшэвіч, 1929), «Журавінавы цвет» М.​Танка (выданне Ф.​Стацкевіча і Р.​Шырмы, 1937). Да канца 1936 з-за недахопу сродкаў, узмацнення паланізацыі і цэнзуры дзейнасць большасці бел. кнігавыдавецтваў у Зах. Беларусі амаль поўнасцю спынена. Да 1939 працавала толькі Бел. каталіцкае выд-ва, якое выпускала рэліг. літаратуру для беларусаў-католікаў.

У Вял. Айч. вайну на тэр. Беларусі, акупіраванай ням. фашыстамі, у падполлі і ў партыз. атрадах дзейнічалі перасоўныя друкарні, якія выдавалі пераважна лістоўкі. Вядома 21 назва выдадзеных імі кніг, аўтарамі якіх у большасці былі партызаны: Л.​Абах, Е.​Аўсянік, В.​Кулікоў, Л.​Лясная, А.​Міхайлаў, Я.​Мрамараў, В.​Скараходаў і інш. У пач. 1943 выйшаў зборнік твораў партыз. аўтараў «Жалязняк». У друкарнях партыз. брыгад імя Панамарэнкі і імя Чапаева асобнымі кнігамі выдадзена паэма Я.​Коласа «Адплата», у друкарні Слуцкай падп. газ. «Народны мсцівец» — кн. вершаў А.​Астрэйкі «Слуцкі пояс». У кастрычніку 1942 у Маскве аднавіла дзейнасць Дзярж. выд-ва БССР. У 1943 яно выпусціла 29 назваў кніг і брашур, у т. л. кнігі «Суд у лесе» і «Голас зямлі» Я.​Коласа, «Янук Сяліба» М.​Танка, «Сцяг брыгады» А.​Куляшова, «Дарога вайны» П.​Панчанкі і інш., распачало выданне падручнікаў для школ Беларусі. У Ташкенце выйшлі асобныя выданні АН Беларусі. Усяго за ваенны перыяд ЦК КП(б)Б, абкомамі і райкомамі выдадзена больш за 1 млн. 201 тыс. экз. лістовак і брашур.

Аднаўленне выдавецкай дзейнасці ў вызваленай Беларусі ішло ў складаных умовах. Паліграфічная база была амаль поўнасцю знішчана. З 200 даваенных прадпрыемстваў часткова ўцалелі Дом друку (Мінск), некаторыя абл. і гарадскія друкарні. У 1944 у Мінску аднавіла работу Дзярж. выд-ва БССР (з 1963 «Беларусь»), у 1947 — выд-ва АН Беларусі (з 1963 «Навука і тэхніка», з 1996 «Беларуская навука»). У 1951 створана Дзярж. вучэбна-педагагічнае выд-ва Міністэрства культуры Беларусі (з 1963 «Народная асвета»), у 1954 — выд-ва БДУ (з 1983 «Універсітэцкае»), у 1960 — «Звязда» (з 1992 «Беларускі Дом друку»), у 1961 — выд-ва «Сельгасвыд БССР» (з 1963 «Ураджай») і Выд-ва вышэйшай, сярэдняй спецыяльнай і прафесійнай адукацыі БССР (з 1963 «Вышэйшая школа»), у 1963 — «Полымя», у 1967 — Гал. рэдакцыя Бел. Сав. Энцыклапедыі АН Беларусі (з 1980 выд-ва «Беларуская Энцыклапедыя» імя П.​Броўкі), у 1972 — «Мастацкая літаратура», у 1981 — «Юнацтва» і інш. Для ўпарадкавання выдавецкай справы і павышэння ролі выдавецтваў у гасп. і культурным будаўніцтве ў 1963 створаны Дзярж. камітэт СМ БССР па друку (з 1978 Дзярж. камітэт БССР па справах выдавецтваў, паліграфіі і кніжнага гандлю, з 1995 Дзярж. камітэт Рэспублікі Беларусь па друку), якому падпарадкоўваліся ўсе дзярж. кніжныя выдавецтвы. На 1.1.1979 на Беларусі дзейнічалі 10 выдавецтваў. У рэспубліцы склалася сетка прадпрыемстваў паліграфічнай прамысловасці.

За перыяд з 1918 па 1990 бел. дзярж. кнігавыданне дасягнула значных поспехаў, а па маст. афармленні, раскрыцці нац.-культурнай спадчыны выйшла на вядучыя пазіцыі ў свеце. Вялікая роля ў бел. кнігавыданні належала бел. маст. літаратуры. Выдавецтвы выпускалі шматтомныя зборы твораў вядучых бел. пісьменнікаў, у т. л. К.​Чорнага, М.​Лынькова, В.​Быкава, І.​Шамякіна, І.​Мележа, П.​Броўкі, Я.​Брыля, А.​Куляшова, У.​Караткевіча. Выд-ва «Беларуская Энцыклапедыя» імя П.​Броўкі стварыла і выдала першую універсальную 12-томную «Беларускую Савецкую Энцыклапедыю» (1969—75; Дзярж. прэмія Беларусі 1976), 5-томныя «Энцыклапедыю прыроды Беларусі» (1983—86; адзначана сярэбраным медалём ЮНЕП) і «Энцыклапедыю літаратуры і мастацтва Беларусі» (1984—87), 7-томны «Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі» (1984—88; Дзярж. прэмія Беларусі 1990), а таксама значную колькасць галіновых, рэгіянальных і персанальных аднатомных энцыклапедый. Выд-ва «Мастацкая літаратура» выдавала серыі «Бібліятэка беларускай драматургіі» (1968—75), «Бібліятэка беларускай прозы» і «Бібліятэка беларускай паэзіі» (абедзве 1968—93), «Паэзія народаў СССР» (1971—92), «Рэспубліка. Час. Людзі» (1977—93), «Проза народаў СССР» (1983—92), «Кніга перакладчыка» (1986—95) і інш., а ў 1989 распачало беларускамоўную 100-томную серыю «Скарбы сусветнай літаратуры». Выд-ва «Навука і тэхніка» пачало выдаваць шматтомнае навук. выданне «Беларуская народная творчасць» (з 1970; выдадзена 45 тамоў), выдала 3-томную «Гісторыю беларускага тэатра» (1983—87), 6-томную «Гісторыю беларускага мастацтва» (1987—94), 4-томны «Музычны тэатр Беларусі» (1990—97; Дзярж. прэмія 1998) і інш. Выд-ва «Юнацтва» выдала 15-томную «Бібліятэку дзіцячай літаратуры народаў СССР» (1981—94, Дзярж. прэмія 1996), «Бібліятэку прыгод і фантастыкі» (1982—2002), «Бібліятэку беларускай дзіцячай літаратуры» (1991—2000), «Бібліятэку замежнай дзіцячай літаратуры» (1992—2002).

Усяго за гэты перыяд выдавецтвы Беларусі выпусцілі 103 933 тыс. кніг і брашур тыражом 1 373 253 тыс. экзэмпляраў. Найбольшая колькасць выданняў выйшла ў 1985 (3431 назва), самы вялікі тыраж у 1989 (59 030 тыс. экз.). Назіралася памяншэнне выпуску кніг на бел. мове. Калі ў 1930 выхад кніг на бел. мове складаў 88,4% (1170 назваў, тыраж 7842,4 тыс. экз.), на рус. — 4,2% (56 назваў, тыраж 147,1 тыс. экз.), на інш. мовах — 2,4% (31 назва, тыраж 131 тыс. экз.), то ў 1990 выпуск кніг на бел. мове склаў 15,4% (435 назваў, тыраж 9238,3 тыс. экз.), на рус. — 81,7% (2307 назваў, тыраж 44 793 тыс. экз.), на інш. мовах — 2,9% (81 назва, тыраж 877,5 тыс. экз.). На 1.1.1990 на Беларусі дзейнічалі 11 дзярж. выдавецтваў (гл. табл. 2).

1970—90-я г. на Беларусі адзначаны з’яўленнем самавыдавецкага друку. Вядома прыкладна 20 выданняў рэтраспектыўных дакументаў і больш за 10 арыгінальных перыядычных і монавыданняў, якія выдадзены шляхам самвыдату.

Сучасны стан выдавецкай справы. З пач. 1990-х г. у Рэспубліцы Беларусь пачаўся новы этап кнігавыдання, адметны актыўным перавыданнем нац. кніжнай спадчыны, стварэннем выдавецтваў прыватнага характару і павелічэннем долі недзярж. кнігавыдання. Выдавецкія прадпрыемствы поўнасцю забяспечвалі краіну высакаякаснай друкаванай прадукцыяй, выпускалі навук., навучальную, маст., даведачную і інш. літаратуру, перыёдыку. Найбуйнейшыя цэнтры паліграфіі на Беларусі — Адкрытае акцыянернае т-ва «Паліграфкамбінат імя Я.​Коласа», Мінская фабрыка каляровага друку, Адкрытае акцыянернае т-ва «Паліграфічнае прадпрыемства «Чырвоная Зорка», гомельская фабрыка «Палесдрук», маладзечанская друкарня «Перамога», Бабруйская, Баранавіцкая, Барысаўская ўзбуйненыя друкарні і інш. У 1993 адзначаны самы высокі паказчык тыражу выданняў, які застаецца найвышэйшым у гісторыі кнігавыдавецкай справы, — 98 351 тыс. экзэмпляраў. На 1.1.1999 на Беларусі працавалі 11 дзярж. выдавецтваў і 352 прадпрыемствы з правам выдавецкай дзейнасці. У 1999 выдадзена 6064 назвы кніг агульным тыражом 63 300 тыс. экз., у т. л. на бел. мове — 647 назваў тыражом 5100 тыс. экзэмпляраў. На 1.1.2002 дзейнічалі 12 дзярж. выдавецтваў: «Беларусь», «Беларуская Энцыклапедыя», «Беларускі Дом друку», «Дом прэсы» (з 1996), «Беларуская навука», «Вышэйшая школа», «Мастацкая літаратура», «Народная асвета», «Полымя», «Універсітэцкае», «Ураджай», «Юнацтва». У ліпені 2002 шляхам зліцця рэарганізаваны выд-вы «Вышэйшая школа» і «Універсітэцкае» (цяпер «Вышэйшая школа»), «Мастацкая літаратура» і «Юнацтва» (цяпер «Мастацкая літаратура»), «Беларусь», «Ураджай» і «Полымя» (цяпер «Беларусь»).

На 1.1.2004 на Беларусі 7 дзярж. выдавецтваў («Беларусь», «Беларуская Энцыклапедыя», «Беларуская навука», «Вышэйшая школа», «Мастацкая літаратура», «Народная асвета», «Беларускі Дом друку»). Выдавецкай дзейнасцю займаюцца больш за 500 выдавецкіх прадпрыемстваў розных форм уласнасці, міністэрствы і ведамствы. У 2003 дзярж. выдавецтвы выдалі 527 (5,7%) назваў кніг і брашур агульным тыражом 4513 (9,3%) тыс. экз., недзярж. — 5713 (62,4%) назваў тыражом 41 579 (85,8%) тыс. экз.; міністэрствы і ведамствы — 2908 (31,7%) назваў тыражом 2318 (4,7%) тыс. экз. (гл. табл. 3). Усяго выдадзена 9148 назваў кніг і брашур агульным тыражом 48 410 тыс. экз., у т. л. на бел. мове — 857 (9,4%) назваў тыражом 3414 (7,1%) тыс. экз., на рус. — 7804 (85,3%) назвы тыражом 43 426 (89,7%) тыс. экз., на інш. мовах — 487 (5,3%) назваў тыражом 1571 (3,2%) тыс. экзэмпляраў. Галоўны выдавецкі цэнтр на Беларусі — Мінск (выдадзена каля 90% ад усёй колькасці кніг і брашур краіны).

Сярод дзярж. выдавецтваў першынство па колькасці выдадзенай кніжнай прадукцыі ў 2003 належала выд-вам «Народная асвета» (219 назваў, тыраж 3282,2 тыс. экз.), «Вышэйшая школа» (85 назваў, тыраж 401,7 тыс. экз.), «Мастацкая літаратура» (75 назваў, тыраж 173,1 тыс. экз.). У ліку грамадска значных выданняў апошніх гадоў: «Энцыклапедыя гісторыі Беларусі» (т. 1—6, 1993—2003), «Беларусь на мяжы тысячагоддзяў» (2000), «Тэатральная Беларусь» (т. 1—2, 2002—03), «Жывапіс барока Беларусі» (2003; усе «Беларуская Энцыклапедыя»); «Пан Тадэвуш» А.​Міцкевіча (1998), «Славутыя імёны Бацькаўшчыны» (т. 1—2, 2000—03), «Новая зямля» Я.​Коласа (2002; усе Бел. фонд культуры); «Традыцыйная мастацкая культура беларусаў» (2001), «Гісторыя кінамастацтва Беларусі» (т. 1—3, 2001—04), «Метрыка Вялікага княства Літоўскага. Кн. №43» (2003; усе «Беларуская навука»); «Мінск незнаёмы. 1920—1940 гг.» (2002, «Ураджай»); «Санеты» Я.​Купалы (2002, «Мастацкая літаратура»); «Скарбы прыроды Беларусі», «Повязь часоў — Беларускі ручнік» В.​Лабачэўскай, «Мірскі замак» В.​Калніна (усе 2002), «Страчаная спадчына» (2003; усе «Беларусь»).

Сярод недзярж. выдавецкіх прадпрыемстваў вядучыя пазіцыі ў 2003 займалі выд-вы «Харвест» (2514 назваў, тыраж 21 688 тыс. экз.), «Белы вецер» (307 назваў, тыраж 748,3 тыс. экз.), «Сучасны літаратар» (269 назваў, тыраж 2608,7 тыс. экз.), «Папуры» (230 назваў, тыраж 2467,5 тыс. экз.) і інш. Вылучыліся выдавецкія прадпрыемствы, якія зрабілі значны ўклад у развіццё беларускамоўнага кнігавыдання: «Беларускі кнігазбор» (кнігі з аднайменнай серыі); «Беллітфонд» («Дзяды» А.​Міцкевіча, 2001; альбом-манаграфія «Язэп Драздовіч», 2002), «Тэхналогія» («Aurea med iocritas: Кніжна-пісьмовая культура Беларусі» І.​Саверчанкі, 1998; «Мастацтва беларускіх старадрукаў (XVI—XVIII стст.)» В.​Шматава, 2000; серыя «Нашы славутыя землякі», з 1988).

Прыярытэтнымі для дзярж. патрэб у 2003 былі выданні: універсальная 18-томная Беларуская энцыклапедыя, з 1996; выдадзена 18 тамоў), хронікі «Памяць» пра кожны раён Беларусі (з 1985; выдадзена 126 кніг), навучальная літаратура (выдадзены 134 падручнікі і навучальныя дапаможнікі), кнігі серыі «Школьная бібліятэка», асобныя найменні для папаўнення фондаў публічных бібліятэк і рэалізацыі розных дзярж. праграм. Выдаюцца серыі: «Музыка старажытных сядзіб» («Паліфакт») і «Нашы духоўныя каштоўнасці» («Чатыры чвэрці»; абедзве з 1995), «Беларускі кнігазбор» (з 1996, аднайменнае выд-ва), «Беларуская проза XX стагоддзя» і «Беларуская паэзія XX стагоддзя» (абедзве з 1998), «Беларусь літаратурная» (з 2003; усе «Мастацкая літаратура»), «Беларускі гістарычны раман» (з 2000), «Мастакі Беларусі» (з 2002; абедзве «Беллітфонд») і інш.

Бел. кнігавыдаўцы ўдзельнічаюць у Міжнар. кніжных кірмашах і конкурсах у Франкфурце-на-Майне, Балонні, Браціславе, Варшаве, Маскве, С.-Пецярбургу, Кіеве, Кішынёве. Сярод бел. выдаўцоў штогод праводзіцца рэсп. конкурс «Мастацтва кнігі» (з 1960). Лепшыя бел. кнігі на конкурсах вызначаюцца па намінацыях: «Кніга года», «За лепшае ўвасабленне беларускай тэматыкі», «За лепшую кнігу для дзяцей». З 1967 пераможцам прысуджаецца Дыплом імя Ф.​Скарыны. У 1997 Бел. асацыяцыяй кнігавыдаўцоў і кнігараспаўсюджвальнікаў і выд-вам «Кавалер Паблішэрс» арганізаваны рэсп. конкурс «Мастак і Кніга» (з 2000 праводзяцца ў межах Бел. кірмашу, з 2001 сумесна з Міністэрствам інфармацыі Рэспублікі Беларусь). З 1993 у Мінску штогод праводзіцца Міжнар. кніжная выстаўка-кірмаш.

З 2001 кіраўніцтва кнігавыдавецкай справай ажыццяўляе Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь. Выдавецкую дзейнасць на Беларусі рэгламентуюць Закон Рэспублікі Беларусь «Аб аўтарскім праве і сумежных правах» і Пастанова Кабінета Міністраў Рэспублікі Беларусь «Аб мінімальных стаўках аўтарскага ўзнагароджання за выданне твораў навукі, культуры і мастацтва» (ад 1.11.1996), Закон Рэспублікі Беларусь «Аб рэкламе» (ад 18.2.1997), Палажэнні аб ліцэнзаванні выдавецкай і паліграфічнай дзейнасці, зацверджаныя Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 20.10.2003, і інш. нарматыўныя дакументы. Выпуск выданняў, якія змяшчаюць заклікі да гвалтоўнага захопу ўлады ці змене канстытуцыйнага ладу, прапаганду вайны, гвалту, жорсткасці, расавай, нац., рэлігійнай варожасці, парнаграфіі, не дапускаецца. На Беларусі дзейнічае Рэспубліканская экспертная камісія па прадухіленні прапаганды ў друку парнаграфіі, гвалту і жорсткасці. Цэнтрам дзярж. статыстычнага ўліку друкаванай прадукцыі з’яўляецца Нац. кніжная палата Беларусі (з 1922), якая выконвае функцыі нац. цэнтра па стандартнай нумарацыі кніг і брашур (ISBN), прысвойвае ідэнтыфікатары выдавецтвам і выдаўцам.

Спецыялістаў для галіны рыхтуюць на факультэце журналістыкі БДУ, на факультэце выдавецкай справы і паліграфіі ў Бел. тэхналагічным універсітэце, у Мінскім паліграфічным каледжы.

Навукова-даследчую работу ў галіне кнігавыдавецкай справы вядуць Нац. кніжная палата Беларусі (выдае статыстычны зб. «Друк Беларусі»), Нац. бібліятэка Беларусі (праводзіць з 1998 «Кнігазнаўчыя чытанні»), Бел. універсітэт культуры (арганізаваў у 1996 міжнар. канферэнцыю «Недзяржаўная выдавецкая дзейнасць на Беларусі: гісторыя і сучаснасць»).

У 1994 створана Бел. асацыяцыя кнігавыдаўцоў і кнігараспаўсюджвальнікаў (БелАКК). У 2003 у яе складзе 150 членаў, якія прадстаўляюць усе вобласці Беларусі і Мінск.

Літ.:

Чатырохсотлецце беларускага друку, 1525—1925. Мн., 1926;

450 год беларускага кнігадрукавання. Мн., 1968;

Александровіч С.Х. Пуцявіны роднага слова. Мн., 1971;

Мальдзіс А.І. Кнігадрукаванне Беларусі ў XVIII ст. // Книга, библиотечное дело и библиография в Белоруссии. Мн., 1974;

Волк А.А., Ракович А.И. Книгоиздательское дело в Белоруссии. Ист. очерк. Мн., 1977;

Кніга Беларусі, 1517—1917: Зводны кат. Мн., 1986;

Недзяржаўная выдавецкая дзейнасць у Беларусі: гісторыя і сучаснасць: Матэрыялы Міжнар. навук.-практ. канф. Мн., 1997;

480 год беларускага кнігадрукавання: Матэрыялы Трэціх Скарынаўскіх чытанняў. Мн., 1998;

Бярозкіна Н.Ю. Гісторыя кнігадрукавання Беларусі (XVI — пач. XX ст.). Мн., 1998;

Законодательные основы издательской и полиграфической деятельности. Мн., 1999;

Матэрыялы Першых кнігазнаўчых чытанняў (Мінск, 15 верас. 1998 г.). Мн., 2000;

Кніжная культура Рэчы Паспалітай: Матэрыялы Другіх кнігазнаўчых чытанняў Мн., 2002;

Друк Беларусі. 1991—2000: Стат. зб. Мн., 2002;

Друк Беларусі, 2001: Стат. зб. Мн., 2002;

Гісторыя выдавецкай дзейнасці ў Польшчы і Беларусі ў XVI—XX стст.: Зб. навук. арт. Мн., 2003.

Л.​І.​Доўнар.


Табліца 1
Выдавецкая дзейнасць у 16—18 ст.
№ Месца дзейнасці выдавецтва Выдавец (уладальнік) Час дзейнасці Колькасць выданняў Мова выданняў (шрыфт)
1 2 3 4 5 6
1. Прага Ф.​Скарына (Я.​Бабіч, Б.​Онкаў) 1517—19 1 (23) старабел., царкоўнаслав.
2. Вільня Ф.​Скарына 1522—25 2(22) старабел., царкоўнаслав.
3. Брэст Б.​Ваяводка (М.​Радзівіл Чорны) С.​Мурмеліус, Ц.​Базылік 1553—54 1558—61 1561—70 больш за 50 польская, лац.
4. Нясвіж С.​Будны, Л.​Крышкоўскі (М. і Г. Кавячынскія, М.​Радзівіл Чорны, А.​Валовіч) 1562—64 3 старабел., польская
5. Заблудаў І.​Фёдараў, П.​Мсціславец (Р.​Хадкевіч) 1568—70 2 старабел.
6. Цяпіна В.​Цяпінскі 1570-я г. 1 старабел., царкоўнаслав.
7. Заслаўе (Узда) С.​Будны (Г. і А. Кавячынскія) 1572 1 польская
8. Лоск С.​Будны, Д.​Лянчыцкі, Я Карцан, Ф.​Балямоўскі (Я.​Кішка) 1572—92 каля 20 польская, лац.
9. Вільня П.​Мсціславец (Мамонічы) 1574—76 3 (кірыліца)
10. Астрог І.​Фёдараў, Г.​Івановіч (К.​Астрожскі) 1578—1612 каля 25 старабел., царкоўнаслав.
11. Вільня В.​Гарабурда (Мамонічы) 1580—82 2 царкоўнаслав.
12. Вільня Я. і І. Карцаны 1580—1620 больш за 100 польская, лац., грэч.
13. Вільня Мамонічы 1583—1623 каля 85 старабел., польская
14. Вільня (М.​Радзівіл Сіротка;
друкарня езуіцкай акадэміі) М.​Пачобут-Адляніцкі, Р.​Даніловіч
1575—86
1586—1805
58
каля 2,5 тыс.
польская, лац.,
ням., франц.,
італьян., літ.,
лат., старабел.
(кірыліца)
15. Вільня Я. Марковіч 1592—1621
16. Вільня Д.​Лянчыцкі 1594—1600
17. Вільня (брацкая друкарня) 1595—1610
1615—1749
царкоўнаслав.,
польская
18. Вільня С. і У. Сультжары 1596—1603
19. Вільня В.​Малахвеевіч, С.​Вярэйскі (М.​Пяткевіч) 1598
20. Еўе (брацкая друкарня) Л.​Карповіч, Г.​Івановіч 1610—45 больш за 25 старабел., царкоўнаслав.
21. Вільня П. Кміта 1611—12 5
22. Любча П. і Я. Кміты,
Я.​Ланге (К.​Радзівіл)
1612—40
1640—50
больш за 80 польская, лац.
23. Ашмяны 1615
24. Магілёў (брацкая друкарня)
С.​Собаль
(М.​Вашчанка)
1616—19
1636—38
1693—1708
да 1773
больш за 30 стараслав.
25. Мінск П.​Дамжыў-Лютковіч 1622 1 (кірыліца)
26. Вільня (Троіцкая базыльянская друкарня) 1628—92
1760—1800
48 слав., польская,
лац., франц.
27. Куцейна (брацкая друкарня)
С.​Собаль, І.​Труцэвіч
1631—32
1636—54
20 (кірыліца)
28. Буйнічы (брацкая друкарня) С.​Собаль 1635 (кірыліца)
29. Пяршай 1645
30. Кейданы І.​Ротэ (Я.​Радзівіл) 1651—55
31. Вільня (ордэн францысканцаў) 1671—1781 28 (у 18 ст.) польская, лац.
32. Слуцк (Радзівілы) Я.​Д.​Заэнкер,
К.​Клакоцкі (кальвінісцкая)
1672—93
1693—1705
29 польская
33. Супрасль базыльянская (К.​Радзівіл, Ц.​Жахоўскі, Л.​Кішка) 1695—1803 больш за 420 старабел.,
царкоўнаслав.,
рус., польская,
лац., літ.
34. Пінск (езуіцкі калегіум; К.​Несялоўскі)
1729—35
1735—52
4
7
польская, лац.
35. Нясвіж (М.​К.​Радзівіл, езуіцкі калегіум) 1750—91 каля 70 польская, лац.
36. Вільня (ордэн піяраў) Д.​Догель, А.​Жулкоўскі 1754—1840 320 (у 18 ст.) польская, лац., франц.
37. Магілёў прыдворная друкарня (С.​Богуш-Сестранцэвіч) 1774—1844 350 польская, лац., рус., франц., ням.
38. Гродна каралеўская друкарня (А.​Тызенгаўз, К.​Маліноўскі, Я.​Ясінскі, Б.​Ром) 1775—1802 каля 100 польская, лац., царкоўнаслав., франц., ням., яўр.
39. Слонім (ордэн дамініканцаў?; М.​К.​Агінскі) 1777—82 больш за 30 польская, лац., італьян., рус.
40. Шклоў яўрэйская друкарня 1783—1836 133 яўрэйская
41. Полацк (езуіцкі калегіум) Б.​Шыркевіч, А.​Лянкевіч, Я.​Заранек 1787—1820 больш за 500 польская, рус., італьян., ням., франц.
42. Гродна яўрэйская друкарня 1788, 1819
43. Азёры (Б.​Ром) 1789
44. Мінск (ордэн базыльян) 1790—94 22 польская, лац., рус.

Табліца 2
Выпуск кніг і брашур па выдавецтвах
Выдавецтва Гады дзейнасці Колькасць кніг і брашур Тыраж, тыс. экз.
«Беларуская Энцыклапедыя» 1967—90 214 11 875
«Беларускі Дом друку» 1960—90 250 9212
«Беларусь» 1921—90 21 913 370 969
«Вышэйшая школа» 1961—90 4613 74 516
«Мастацкая літаратура» 1972—90 3511 155 020
«Навука і тэхніка» 1932—90 5358 22 122
«Народная асвета» 1951—90 7656 341 494
«Полымя» 1950—90 4242 92 384
«Універсітэцкае» 1954—90 2017 21 907
«Ураджай» 1961—90 3888 60 702
«Юнацтва» 1981—90 1313 120 126
Міністэрствы, ведамствы, к-ты і
інш. арганізацыі з правам выдання
1981—90 16 637 12 806

Табліца 3
Выпуск кніг і брашур за 1991—2003
Гады Дзярж. выдавецтвы Недзярж. выдавецтвы Міністэрствы, ведамствы, к-ты і інш. арганізацыі з правам выдавецкай дзейнасці
колькасць назваў тыраж, тыс. экз. колькасць назваў тыраж, тыс. экз. колькасць назваў тыраж, тыс. экз.
1991 1041 37 483 — — 1391 15 427
1992 1013 35 427 254 34 728 1097 1785
1993 917 35 849 749 60 650 1260 1851
1994 835 29 076 1043 50 562 1468 968
1995 654 19 552 1459 42 422 1092 886
1996 523 11 405 1913 46 682 1373 987
1997 691 11 223 3013 55 296 1627 1113
1998 816 13 007 2973 45 298 2284 1717
1999 665 8959 3272 52 764 2127 1582
2000 722 9753 4379 48 333 2585 3541
2001 741 10 178 4769 42 085 2434 2742
2002 569 6998 4737 35 429 2447 1825
2003 527 4513 5713 41 579 2908 2318
Тытульны ліст «Псалтыра» Ф.​Скарыны. Прага 1517.
«Зборнік «Нашай нівы». Вып. 1. Вільня. Друкарня М.​Кухты. 1912.
Кнігі выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя» імя П.​Броўкі. 2000-я г.
Будынак Адкрытага акцыянернага таварыства «Паліграфкамбінат імя Я.​Коласа». Мінск.
Кнігі беларускіх выдавецтваў 1990—2000-я г.
На Міжнародным кніжным кірмашы ў Франкфурце-на-Майне (Германія). Стэнд беларускіх кнігавыдаўцоў. 2000.

т. 18, кн. 2, с. 428

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЮ́З ТЭАТРА́ЛЬНЫХ ДЗЕ́ЯЧАЎ БЕЛАРУ́СІ (працяг адпаведнага арт. ў т. 14).

Члены Беларускага саюза тэатральных дзеячаў

1946. М.​П.​Абрамаў, В.​У.​Александроўская (Галіна), Л.​П.​Александроўская, Дз.​А.​Арлоў, К.​К.​Атраховіч (Крапіва), Б.​Я.​Вішкароў, Г.​А.​Волкаў, С.​І.​Галуза, С.​Я.​Гурыч, А.​А.​Даброцін, Я.​С.​Далгіх, Т.​І.​Дамброўская, В.​С.​Дземянкова, У.​Д.​Дзёмін, С.​У.​Дрэчын, З.​І.​Канапелька, Г.​І.​Лусціна, П.​В.​Лютаровіч, М.​І.​Маліноўскі, Б.​Я.​Малкін, П.​С.​Малчанаў, Л.​В.​Маркалёва, А.​І.​Марозаў, І.​А.​Матусевіч, У.​І.​Няфёд, Л.​Г.​Рахленка, А.​А.​Ротар, Б.​З.​Янпольскі.

1947. Г.​Б.​Абуховіч, М.​А.​Акуліч, Т.​А.​Арлова, І.​М.​Балоцін, Т.​А.​Бандарчык, А.​П.​Барсукова, С.​С.​Бірыла, У.​У.​Былінскі, Э.​Е.​Быхоўская, М.​С.​Бялінская, Л.​П.​Валчэцкі, К.​М.​Верамейчык, Л.​С.​Весніна, В.​В.​Воінкаў, Л.​А.​Гамуліна (Цурбакова), А.​П.​Гвоздзеў, Г.​П.​Глебаў (Сарокін), Я.​К.​Глебаўская, У.​М.​Говар-Бандарэнка, М.​І.​Гульман, Н.​М.​Гурвіч, Н.​Б.​Данчанка, У.​І.​Дзядзюшка, М.​І.​Дзянісаў, І.​Ф.​Ждановіч (Плагонава), А.​І.​Жэзмер, Т.​П.​Заранок, М.​П.​Звездачотаў, М.​У.​Кавязіна, Г.​В.​Качаткова, А.​М.​Кашына, Р.​М.​Кашэльнікава, Я.​М.​Кімберг, Т.​К.​Кін-Камінскі, А.​Ф.​Кістаў, В.​У.​Крапівіна, Я.​З.​Краўчанка, М.​І.​Кузьменка, А.​І.​Лагоўская, В.​І.​Майсаў, М.​П.​Маркоўская, Я.​І.​Марозава, Т.​В.​Міянсарава, М.​М.​Модэль, А.​В.​Нікалаева, І.​Г.​Нісневіч, І.​Р.​Панес, Г.​К.​Панкрат, Б.​В.​Платонаў, В.​М.​Пола, Р.​П.​Прагін, М.​І.​Пржыбытка, А.​П.​Радзялоўская, І.​А.​Ражба, Я.​С.​Рамановіч, М.​Я.​Рамашкевіч, А.​С.​Раўдэ, Л.​І.​Ржэцкая, І.​М.​Рубанаў, Р.​М.​Сакалова, У.​С.​Саладуха, І.​А.​Санін, К.​М.​Саннікаў, Т.​М.​Скарута, Б.​С.​Смольскі, С.​М.​Станюта, З.​Ф.​Стома, М.​А.​Струсевіч, У.​М.​Стэльмах, Г.​Л.​Сцерліна, С.​Л.​Талкачоў, А.​М.​Трус, Т.​С.​Узунава, Б.​У.​Уладамірскі, У.​І.​Уладамірскі (Малейка), Ю.​І.​Уласаў, В.​М.​Фірс, Я.​К.​Цікоцкі, М.​І.​Цурбакоў, Т.​М.​Шашалевіч, Ф.​І.​Шмакаў, М.​Э.​Шнейдэрман, Л.​П.​Шынко, А.​Р.​Шэлег, П.​Я.​Элькановіч, С.​І.​Яворскі, К.​М.​Ясінская, Р.​Я.​Яўраеў, А.​А.​Яфрэменка.

1948. Г.​Р.​Герштэйн, С.​Ю.​Друкер, М.​М.​Жылін, Б.​М.​Левін, М.​Б.​Сокал, А.​Я.​Сурскі, І.​М.​Тагер, К.​К.​Ціханаў.

1949. Я.​А.​Вашчак, М.​Ф.​Жук, І.​Л.​Курган, Я.​М.​Палосін, Н.​А.​Равінская, Х.​Д.​Родкіна, М.​К.​Шэхаў.

1950. С.​Дз.​Асколкаў, В.​Ф.​Грачынскі, В.​С.​Захарава, Р.​А.​Качаткоў, Т.​Дз.​Кудраўцава, Н.​Р.​Нячаева, А.​І.​Сярова, М.​Дз.​Троіцкая, С.​Х.​Шастапалава, А.​І.​Шах-Парон (Няфёд), Р.​І.​Школьнікава.

1951. В.​І.​Багатырская, А.​А.​Беражны, Б.​А.​Ганага, В.​С.​Квасава, Ю.​В.​Лазоўскі, В.​І.​Пыжык, І.​М.​Савельева, К.​К.​Сянкевіч, Г.​П.​Хазанава, Ю.​І.​Шумакоў.

1952. С.​І.​Аляксандраў, Л.​І.​Галуза, У.​І.​Кулікоўскі, І.​К.​Лакштанава, І.​П.​Лакштанаў, І.​Я.​Ліснеўскі, К.​Р.​Малінін, Г.​М.​Малініна, Р.​М.​Семічава, М.​М.​Труханава.

1953. І.​М.​Гіршэвіч, М.​Р.​Казінін, І.​М.​Сарокіна, А.​І.​Ягораў, С.​І.​Яўдошанка.

1954. Б.​А.​Глаголін, Н.​С.​Кузняцова, Л.​І.​Хрол, А.​А.​Цароў, Р.​Л.​Чарахоўская, Ю.​М.​Чурко, Н.​М.​Юневіч, Л.​Я.​Якімовіч.

1955. Т.​Н.​Аляксеева, К.​Г.​Арцёмава, З.​В.​Асмалоўская, А.​П.​Асторына, В.​А.​Аўдзейчык, І.​Л.​Аўдзейчык, Э.​М.​Аўчыннікава, Г.​М.​Бірычэўская, А.​І.​Бічэўскі, А.​А.​Блок, З.​І.​Браварская, Б.​І.​Валасевіч, Я.​І.​Галкін, Ю.​С.​Гальперына, А.​А.​Гантман, М.​А.​Громава, А.​Б.​Грыгар’янц, Г.​П.​Значкоўская, А.​Ф.​Іваноў, Г.​Г.​Кадыкова, А.​М.​Лявонаў, Г.​К.​Макарава, П.​І.​Масцераў, М.​В.​Міцкевіч, С.​А.​Пятровіч, Л.​Я.​Рогава, І.​М.​Рыдзеўскі, А.​М.​Самараў, В.​К.​Сівіцкі, Ю.​У.​Сідараў, Г.​М.​Трубкін, Б.​В.​Уксусаў, У.​П.​Уласаў, Х.​Н.​Фамін, С.​П.​Школьнікаў.

1956. І.​Б.​Андрэева, Г.​А.​Арлова, Р.​В.​Асіпенка, І.​Я.​Аснес, С.​В.​Афанасьева, Б.​В.​Барысёнак, Л.​С.​Бельская, Л.​Ф.​Бражнік, А.​Ф.​Буракова-Мельдзюкова, Я.​Г.​Буракоў, М.​Ф.​Бусько, Г.​І.​Валчок, С.​А.​Ваяводская, З.​С.​Вялікі, Я.​І.​Вяпрынскі, Л.​А.​Галушкіна, І.​Р.​Ганусевіч, А.​І.​Гаратоўская, Э.​М.​Гарачы, Г.​М.​Гарбук, Э.​П.​Герасімовіч, С.​А.​Грахоўскі, Н.​К.​Гурман, У.​І.​Гурман, Л.​І.​Гучок, А.​Б.​Дабржынец, Н.​С.​Давыдзенка, Г.​С.​Дубаў, П.​П.​Дубашынскі, Г.​І.​Жыновіч, К.​Р.​Захарэвіч, Ф.​М.​Іваноў, М.​А.​Каладзінскі, К.​М.​Калашнікава, У.​А.​Калашнікаў, А.​І.​Калядэнка, Т.​Г.​Караваева, К.​М.​Каралёва, А.​А.​Карзянкова, Я.​В.​Карпаў, Г.​Т.​Касценіч, А.​І.​Клімава, Т.​А.​Кокштыс, А.​М.​Кузняцова, Л.​Р.​Лагун, В.​Ц.​Лебедзеў, Р.​Ф.​Маленчанка, Г.​Р.​Мартынаў, С.​І.​Мацюкевіч, Л.​С.​Мікула, В.​М.​Мільто, З.​Р.​Мімант, М.​С.​Мінянкова, В.​П.​Міронаў, Л.​П.​Міхайлаў, Т.​М.​Ніжнікава, Я.​Дз.​Нікалаеў, Н.​С.​Нікеева, Л.​Я.​Паплаўскі, Г.​А.​Папоў, Т.​М.​Пастуніна, І.​І.​Пешкур, А.​П.​Раеўскі, М.​М.​Рачова, А.​А.​Рачоў, М.​П.​Расшчэпкін, Н.​І.​Рогава, К.​Л.​Рутштэйн (Кулакоў), Г.​Ф.​Сакалоў, Ф.​М.​Смялкоўская, А.​І.​Сянько, А.​С.​Сянько, Ц.​М.​Сяргейчык, М.​М.​Сярдобаў, І.​А.​Тайтэр, Я.​В.​Травулька, Р.​Я.​Трызна, К.​Р.​Тухлова, Ю.​П.​Ужанцаў, А.​К.​Урбановіч, І.​І.​Фёдарава, Л.​Я.​Цімафеева, М.​Р.​Цыркін, Г.​А.​Чарнаярава, І.​В.​Чумакоў, А.​А.​Шалкавец, І.​Б.​Шаціла, Я.​А.​Шаціхін, Т.​Р.​Шашкіна, Р.​І.​Янкоўскі, М.​М.​Яроменка.

1957. І.​С.​Абраміс, Г.​І.​Барышаў, І.​І.​Бузель, Т.​К.​Бушко, Л.​М.​Быкаў, Дз.​С.​Васюкоў, І.​З.​Гендэльман, Я.​М.​Глінскіх, Н.​А.​Грудзініна, М.​А.​Дружына, А.​У.​Іванова, А.​С.​Левіна, Ан.Ал.Ляляўскі, А.​Я.​Макаёнак, А.​М.​Радзівонаў, С.​Р.​Сакалоў, А.​С.​Салаўёва, Ю.​П.​Сінялобаў, В.​М.​Станковіч, Л.​М.​Федчанка, К.​В.​Хахлова, Б.​С.​Цорфас, Э.​П.​Шапко.

1958. Ю.​С.​Арончык, З.​Г.​Асмолава, В.​П.​Аўдзеева, М.​М.​Волахаў, З.​Ю.​Гапарава, В.​І.​Глушакоў, Я.​С.​Гоўша, А.​К.​Жыліна, Т.​В.​Захарэвіч, Б.​М.​Іваноў, В.​Р.​Кабатнікава, Р.​А.​Карабейнік, Г.​С.​Лаўроў, І.​М.​Ліхадзіеўскі, П.​М.​Ляхоўскі, Г.​П.​Маркіна, М.​А.​Мінковіч, Н.​Ф.​Младзінская, А.​В.​Рынковіч, А.​В.​Сабалеўскі, Ю.​К.​Саевіч, Г.​Б.​Токараў, Н.​І.​Цялішчава, С.​А.​Цялішчаў, І.​Э.​Шостак, С.​А.​Штэйн, В.​І.​Юневіч, С.​П.​Юркевіч.

1959. С.​М.​Адаменка, І.​А.​Алтухоў, Я.​А.​Альхімовіч, А.​С.​Бескін, С.​А.​Булакоў, М.​П.​Валадарская, С.​У.​Варанкова, Г.​П.​Вырадава, В.​В.​Галубовіч, В.​М.​Гарабей, Л.​Д.​Гарэлік, А.​М.​Генералаў, Л.​І.​Гольдберг, Л.​М.​Горцава, В.​Ф.​Гусеў, А.​З.​Гутковіч, І.​Дз.​Дзідзічэнка, П.​В.​Дружына, А.​В.​Змачынскі, А.​Г.​Каменская, А.​С.​Каменскі, К.​І.​Кандрацьева, Ю.​А.​Кандрацьеў, М.​П.​Карчэўская, Г.​Д.​Колас, А.​Б.​Ладыгіна, У.​У.​Лісоўскі, С.​А.​Ломава, Г.​М.​Малюцін, К.​Л.​Малюціна, К.​Л.​Мізгайла, Г.​А.​Міхайлава, І.​Ф.​Міхалюта, В.​Дз.​Мягарскі, Н.​В.​Пало, К.​К.​Пархоменка, Л.​М.​Пятрова, М.​У.​Пятрова, Г.​У.​Пятровіч, В.​І.​Радзівонава, Н.​А.​Ражнова, Г.​М.​Разенгаўз, Б.​Я.​Рамановіч, Д.​І.​Рубінчык, І.​Б.​Сакольскі, М.​Т.​Салабуцін. А.​К.​Саннікаў, І.​М.​Сарокіна, В.​Л.​Слабадзянюк, У.​Дз.​Станкевіч, К.​П.​Стэцкі, С.​К.​Сцефановіч, Т.​П.​Сцяпанава, Б.​П.​Талалаеў, Г.​І.​Уладамірская, Ю.​Ф.​Фляйто, М.​П.​Цішачкін, А.​М.​Чайкоў, Д.​Б.​Чакулаева, В.​М.​Чыслова, У.​В.​Шапавалаў, Э.​Ф.​Шнейдэрман.

1960. Н.​П.​Аўчыннікава, В.​С.​Белахвосцік, С.​І.​Белянёва, Э.​Ф.​Бялевіч, Л.​Ю.​Галынская, Н.​М.​Гейц, Г.​П.​Губар, Б.​А.​Дакальская, Э.​У.​Драпчук, М.​Г.​Захарэвіч, М.​М.​Зінкевіч, А.​П.​Кагадзееў, М.​П.​Кірысаў, У.​П.​Корава, Р.​Е.​Красоўская, М.​П.​Красоўскі, Г.​М.​Лойка, П.​П.​Ляванаў, М.​Ф.​Максімовіч, Л.​В.​Пахомава, М.​І.​Радзівонаў, В.​П.​Рэдліх, А.​С.​Сагальчык, З.​А.​Сакоўцава, В.​А.​Смачнеў, В.​У.​Спіткоўская, В.​М.​Суднікава, М.​А.​Сурвіла, М.​А.​Табашнікаў, Г.​С.​Талкачова, В.​П.​Тарасаў, М.​В.​Харламаў, Г.​Л.​Храмушын, В.​М.​Чарнабаеў, М.​П.​Чэпік. Ю.​С.​Шаргародскі-Ліцінскі, Л.​А.​Шухман, Т.​І.​Шымко, І.​А.​Шынкевіч, Л.​М.​Эльстон.

1961. М.​Л.​Аляшкевіч, Н.​В.​Андронава, Н.​А.​Асьмінкіна, Г.​А.​Бандарэўскі, В.​Г.​Белехаў, В.​Ф.​Бруй, Л.​У.​Былінская, Г.​І.​Вавула, Р.​Дз.​Ганчароў, М.​В.​Гарбук, І.​І.​Жараў, Л.​М.​Закашанскі, Л.​Я.​Звездачотава, Г.​П.​Зямірава-Рыжкова, С.​А.​Казлоў, Т.​М.​Каламійцава, Н.​А.​Карнеева, З.​А.​Каробкіна, А.​Ф.​Кашкер, М.​М.​Кулага, С.​А.​Кулага, А.​І.​Лакшын, Л.​П.​Мацісава, Я.​М.​Паўловіч, В.​Ц.​Петрачкова, А.​А.​Рэзнікаў, А.​А.​Рудакоў, Л.​Б.​Рымашэўская (Міхеда), Б.​Я.​Серабранскі, Л.​І.​Сторажава, З.​Ц.​Сысоева-Бандароўская, Н.​А.​Сямілетнікава, У.​Л.​Таважынскі, Э.​В.​Талмачова, А.​І.​Тонкі, У.​Г.​Цыбулька, Р.​Р.​Цырульнік, Р.​Л.​Чарняўскі, Э.​Л.​Шаміёнка, В.​М.​Швяцова, Е.​Я.​Эфрон.

1962. Я.​Ц.​Архіпава, С.​П.​Астравумаў, Н.​А.​Бернгарт, А.​Я.​Браянкова, С.​А.​Вілінская-Багалебава, В.​П.​Галкін, Д.​П.​Галкіна, В.​Дз.​Ганчарэнка, Л.​Л.​Гараднёва, В.​Д.​Гесь, А.​Г.​Груша, У.​Г.​Даніловіч, Я.​І.​Дашкоў, І.​М.​Дзеніскевіч, А.​П.​Долгая, Н.​І.​Дружына, А.​С.​Дударэнка, Я.​А.​Кавалёва. В.​М.​Клебановіч, В.​М.​Котаў, В.​З.​Краўчанка, Л.​М.​Лезіна, К.​А.​Логінава, А.​К.​Логінаў, Б.​І.​Луцэнка, А.​Л.​Мілаванаў, С.​А.​Пуховіч, М.​А.​Пушкароў, М.​А.​Ражанскі, У.​Н.​Разенман, К.​У.​Рудзіна, Л.​В.​Руманаў, В.​А.​Салееў, І.​Дз.​Сарокін, З.​Б.​Свідуновіч, А.​М.​Свірноўскі, Р.​З.​Спектар, В.​А.​Станілевіч, Ю.​М.​Сурыкаў, У.​Е.​Сяргееў, Ю.​У.​Труханаў, А.​В.​Уторава, Б.​П.​Утораў, Р.​І.​Файнберг, Н.​Р.​Фядзяева, Ю.​Дз.​Харытонаў, Я.​П.​Шабан, В.​П.​Шрамалыка, Н.​А.​Шэлег, Т.​А.​Юрашкін, В.​А.​Яцкевіч (Барзова).

1963. У.​А.​Арлоў, В.​В.​Баршчэўская, Т.​С.​Барысёнак, А.​І.​Бокаў, А.​С.​Бубноўскі, К.​А.​Бучкоўская, А.​А.​Бялоў, І.​А.​Вайншток, А.​С.​Весялова, І.​К.​Віцько, А.​В.​Вольскі, І.​М.​Высоцкая, М.​І.​Гільзінец, А.​А.​Гітгарц, Я.​А.​Громаў, І.​Ф.​Гурэцкі, Л.​М.​Давідовіч, Г.​П.​Драбышэўскі, П.​Р.​Дудко, У.​І.​Жызнеўскі, Г.​А.​Забела, У.​П.​Забела, Б.​В.​Зубакоў, Ю.​Г.​Ільін, А.​А.​Калеснічэнка, А.​А.​Каляда, А.​Г.​Каплан, Г.​М.​Кліменка, Р.​І.​Курлыкова, С.​П.​Лаўрэнаў, Г.​А.​Лебедзева. Ю.​П.​Логінаў, Р.​С.​Лявонава, В.​І.​Міхеда, Н.​М.​Малахава, Р.​П.​Малецкі, С.​Е.​Марголіна, Л.​А.​Маркевіч, Б.​А.​Масумян, М.​П.​Пало, Л.​М.​Палонскі, Б.​А.​Палонская, С.​Л.​Раеўская, С.​З.​Родкін, Р.​М.​Сінява, С.​С.​Савянкова, Л.​Я.​Старадумава, А.​П.​Струнін, М.​Дз.​Сцяпанава, В.​А.​Талкалін, Л.​С.​Талкачова, В.​Р.​Фаменка, Т.​М.​Федаровіч, М.​Л.​Федароўскі, І.​І.​Фрайман, Р.​К.​Хмялеўская, С.​Г.​Цітовіч, В.​У.​Чабурканаў, Р.​К.​Чысты, Л.​К.​Шаўцова, Р.​І.​Школьнікава, І.​І.​Шпанькоў, Г.​А.​Шчолкіна, С.​Б.​Шэвель, М.​Н.​Эльман, А.​Р.​Якімовіч, А.​С.​Якуцік.

1964. Л.​К.​Алексютовіч, З.​М.​Андалевіч, Л.​П.​Бабарыка, А.​У.​Байрашэўская, С.​П.​Бастун, Т.​П.​Бастун, А.​А.​Бацяноўская, Я.​С.​Беразоўская, Н.​І.​Вараб’ёва, Л.​І.​Варфаламеева, В.​Г.​Волкаў, Л.​В.​Гарбунова, Ю.​П.​Гаўрук, М.​М.​Грышчанка, М.​А.​Дзяско, В.​У.​Дудкевіч, А.​Б.​Дулеўскі, Г.​В.​Жаркоў, Г.​М.​Захараў, П.​В.​Кармунін, В.​Л.​Кірычэнка, А.​В.​Кляўзер, А.​А.​Лабовіч, С.​М.​Міско, К.​А.​Мальковіч, Т.​Р.​Мархель, Т.​Ц.​Мудрогіна (Барысава), Я.​Ц.​Немзер, В.​Дз.​Нячохін, Р.​М.​Нячохіна, Л.​В.​Пазнова, В.​С.​Палухіна, Я.​М.​Рагачоў, У.​П.​Скараходаў, М.​В.​Слесарчук, Дз.​М.​Смоліч, Л.​С.​Фанабровіч, Д.​Б.​Цыпкін. І.​І.​Шварц, Л.​Я.​Штэфан, Г.​Ф.​Шырокшына, В.​І.​Юрлоў, Л.​Р.​Юшкевіч, Б.​С.​Яноўскі.

1965. Т.​Дз.​Арлова, Г.​Б.​Асвяцінскі, У.​В.​Астапаў, Г.​П.​Байкоў, Я.​М.​Бацвіннік, Т.​У.​Бесарабава, В.​М.​Бязрусаў, А.​Д.​Бяльзацкі, Г.​В.​Васіленка, І.​І.​Вашкевіч, С.​С.​Вуячыч, Н.​В.​Гайда. А.​А.​Гайдуліс, М.​Ю.​Ганчарова, В.​С.​Гардзіенка, Б.​Ф.​Герлаван, Б.​М.​Гершовіч, Г.​А.​Глушакова, Дз.​М.​Давыдаў. Р.​А.​Донцыс, Н.​М.​Драгун, А.​А.​Дудзін, Л.​С.​Ермалёнак, Л.​А.​Заграбельная, Л.​І.​Златава, Ю.​П.​Іваноў, В.​С.​Казлова, Н.​Ф.​Калаптур, Г.​А.​Каралькова (Трушко), Б.​З.​Карпілава-Разенблат, А.​У.​Кноцэ, М.​Г.​Котаў, Н.​В.​Куляшова (Левашова), У.​А.​Куляшоў, Дз.​І.​Курганаў, Л.​С.​Мілашова, А.​П.​Падшывалаў, Ю.​Я.​Палосіна, Л.​А.​Палякоўскі, Л.​І.​Пісарава, У.​К.​Пратапопаў, А.​А.​Прыходзька, Л.​А.​Пятруша, У.​М.​Рагаўцоў, А.​П.​Рымашэўскі, Р.​Л.​Саак’ян, А.​А.​Салаўёў, А.​М.​Саўчанка, А.​А.​Смалянскі, Дз.​У.​Стэльмах, А.​А.​Сюцюкоў, У.​П.​Ткачэнка, З.​С.​Тычына, А.​Р.​Фаміна, У.​А.​Харанека, В.​С.​Харытонаў, С.С Церайкоўскі, У.​М.​Цімашэвіч, М.​М.​Шышкін, Б.​У.​Эрын, П.​А.​Юдчык, Л.​І.​Ярмак, Г.​М.​Ясінская.

1966. Т.​А.​Абакумоўская, М.​П.​Агароднікаў, В.​Дз.​Акімушкін, Т.​М.​Аляксеева, Г.​А.​Ананьева, А.​Ф.​Андросік, В.​Д.​Анісенка, Ф.​Р.​Анціпава, Э.​В.​Арава, Г.​Я.​Баранава, Р.​П.​Барзова, Ю.​Г.​Бастрыкаў, А.​В.​Беклямішаў, Б.​М.​Бертынг (Кавалеўскі), Л.​І.​Брандабоўская, А.​І.​Бутакоў, Б.​С.​Валадарскі, Л.​Р.​Ганестава. В.​М.​Гараднякоў, М.​І.​Гарэцкая, А.​М.​Гохман, С.​М.​Грабеншчыкаў, В.​Ф.​Гур’еў, Р.​Л.​Дамброўская, І.​А.​Дашкоўская, А.​А.​Дзялендзік, Л.​А.​Доўбуш, А.​Я.​Драбышэўскі, В.​А.​Дудко, А.​В.​Душачкін (Карсакоўскі), Г.​А.​Жук, Дз.​М.​Жураўлёў, Я.​Л.​Зайчык, Я.​П.​Зайчык, Я.​Б.​Залескі, А.​Ф.​Залеўскі, В.​П.​Зубараў, І.​У.​Калінін, Т.​М.​Каляда, Л.​С.​Караічаў, С.​А.​Картэс, Э.​І.​Катковіч, І.​В.​Кацнельсон, В.​С.​Кісялёў, У.​І.​Кісялёў, Г.​А.​Корсік, А.​Я.​Кошаў, М.​І.​Кулінец, У.​І.​Кулішаў, П.​М.​Ліўшыц, Дз.​У.​Меш-Мяшкоў, М.​Ф.​Міронава, Б.​А.​Навіцкая, В.​М.​Надгочы, С.​А.​Некіпелава, Н.​А.​Парадоўская, З.​А.​Паўлоўская, Н.​І.​Пісарава, В.​П.​Прыбава, М.​У.​Пятроў, Г.​І.​Раеўская (Макаль), Л.​М.​Ручаева, В.​А.​Сабалеўская, Р.​Б.​Сарокіна, Ю.​У.​Семяняка, З.​К.​Скачкоўская, У.​А.​Станкевіч, Ф.​Л.​Сязанічаў, А.​А.​Сярбантаў, Т.​М.​Тацішчава, Л.​Я.​Ткачова, Л.​В.​Травінін, Г.​С.​Трашкеева, Л.​С.​Турпакова, Г.​Б.​Тэр-Маркар’ян, Д.​С.​Фефер, Н.​Ф.​Фінская, А.​Я.​Фурманава-Пякарская, А.​А.​Хмяльніцкі, А.​М.​Цяцюха, В.​С.​Чарняеў, І.​П.​Шыкунова, У.​А.​Шэліхін, В.​Ф.​Ялецкі, Г.​І.​Яроменка (Гарбук).

1967. Н.​М.​Абрамава, Л.​П.​Аладава, Г.​М.​Аладаў, М.​С.​Антаненка, Г.​І.​Анчышкіна, С.​П.​Асновіч, Л.​Д.​Аўэрбах, В.​І.​Багамолава, З.​А.​Бандарэнка, М.​М.​Барысава, Л.​У.​Бедрына. Л.​М.​Беражная, В.​І.​Братчава, Л.​А.​Бруцкая. С.​М.​Бялевіч, М.​Ф.​Вагнер, П.​С.​Вайналовіч, А.​М.​Валошын, Т.​Л.​Валчэцкая, В.​К.​Варакса, Э.​А.​Варашылаў, А.​М.​Варэнік, С.​Б.​Вельтман, Г.​А.​Віткоўскі, Г.​П.​Вішкарова, Ж.​Н.​Габа, Г.​Я.​Гедыльтэр, Ю.​В.​Гершовіч, Р.​Б.​Глайхенгаўз, У.​Я.​Глінскіх, С.​А.​Гольбін, А.​І.​Горак, Б.​Р.​Гофман, В.​Дз.​Грабчук, С.​Б.​Градзюшкаў, Л.​У.​Грыцкевіч, З.​М.​Гурбо, Л.​Я.​Гурэвіч, М.​П.​Гурэвіч, В.​В.​Дапкюнас, Р.​В.​Дзідзенка, Ф.​Г.​Жагалаў, А.​Ф.​Жыгулін, Э.​М.​Зайцава, А.​Г.​Зарубанаў, Ж.​К.​Зарэмба, Л.​А.​Заяц, В.​Р.​Звераў, В.​А.​Зельскі, Э.​А.​Зігер, М.​Л.​Зісман. І.​Л.​Златкін, З.​П.​Зубкова, І.​І.​Зубрыч, А.​Л.​Зуеў, У.​А.​Зяміраў, Я.​Ф.​Іванова, М.​А.​Казлова. П.​Л.​Канішчаў, В.​І.​Кіранчук, Г.​Я.​Клачко, М.​М.​Колас, М.​Е.​Крук, М.​Р.​Лапідус, Л.​Л.​Ластаўка, З.​Ф.​Лашчьшіна, Л.​К.​Лебедзева, Л.​Р.​Лебедзева, М.​М.​Логінава, А.​С.​Маеўская, А.​П.​Майзлер, А.​П.​Марыкс, Б.​М.​Морыц, Т.​І.​Нікалаева-Апіёк, Б.​А.​Нікулін, М.​А.​Нікуліна, Т.​В.​Новікава, А.​С.​Падабед, З.​І.​Пекеліс, К.​М.​Пекур, М.​І.​Пракапенка, Г.​І.​Прокічаў, А.​В.​Радзевіч, С.​Н.​Разенман, А.​Я.​Ракава, М.​І.​Ратнер, Ш.​І.​Ронкін, У.​І.​Рудай, С.​В.​Самсонаў, В.​М.​Сарока, А.​У.​Сінайская, В.​Р.​Сінайскі, М.​В.​Сірэнева, Б.​Г.​Скабло, Ю.​В.​Смірноў, Г.​А.​Спяранскі, М.​І.​Старавойтаў, І.​І.​Сцепанец, Н.​А.​Сярмяжка, Б.​І.​Сяўко, М.​Я.​Трахановіч. Л.​А.​Улашчанка, Э.​М.​Фарбераў, В.​М.​Федзій, В.​І.​Феньвеш, К.​А.​Філіпава, В.​С.​Хальдзін, А.​К.​Хацкевіч, І.​М.​Хацяноўская, Л.​А.​Цяўлоўская, Г.​А.​Чарнышоў, Ю.​А.​Чурыкаў, В.​Р.​Шаўкалюк, Л.​М.​Шубіна, А.​Р.​Шухман, В.​М.​Шышкова, К.​А.​Яўлампіеў, Ю.​М.​Яфімаў, А.​М.​Яшуніна.

1968. А.​Н.​Абдулава, Х.​А.​Агаджанаў, Г.​Ф.​Бальчэўская, Р.​І.​Баравік, А.​У.​Бендава, А.​М.​Богіна, В.​Я.​Браім. А.​Л.​Будзько, Г.​А.​Будзько, П.​В.​Бялевіч, А.​І.​Валатоўская, У.​А.​Віткоўскі, В.​А.​Галкін, М.​Ф.​Галкоўскі, В.​М.​Гумілеўская, А.​Р.​Далгіцэр, Г.​А.​Дзягілева, А.​П.​Дзянісаў, Г.​І.​Жаркоў, Х.​Н.​Кантаровіч, М.​С.​Куц, А.​І.​Лабанок, Б.​П.​Макараў, Л.​І.​Палкоўнікава, А.​К.​Памазан, І.​М.​Пляшкевіч, В.​М.​Раеўскі, Л.​М.​Ражанава, Л.​Д.​Рыф, В.​У.​Скварцова, М.​Л.​Скоблава, Л.​Я.​Стасевіч, Н.​Р.​Таважынская, Б.​П.​Ткачук, Б.​П.​Фёдараў, В.​С.​Фядулаў, А.​І.​Фянько, У.​С.​Чарнышоў, Л.​І.​Чарняўскі, М.​М.​Чырык, У.​А.​Чычоў, Л.​Я.​Шайнюк, А.​М.​Шапіра, Ф.​Ф.​Шапіра, Б.​Б.​Эдэльман, Ц.​А.​Эйдлін, Г.​Э.​Эстэрлейн.

1969. Ю.​А.​Агееў, К.​А.​Акінін, А.​С.​Акчурын, А.​Я.​Атрошчанка, З.​І.​Бабій, В.​Я.​Банцін, Э.​Ц.​Банціна, І.​С.​Берлін, П.​Я.​Будзяк, К.​П.​Бяляева, В.​І.​Галкін, В.​І.​Градоўкіна, У.​П.​Грамовіч, Т.​І.​Дабрынец, І.​П.​Далгіх, С.​П.​Данілюк, А.​А.​Дзедзік, К.​М.​Доўнар, Ж.​П.​Друцкая-Чацверыкова, К.​М.​Ды-Машыо (Савіцкая), І.​А.​Жыткевіч, У.​Я.​Зайцаў, І.​І.​Зямляцкі, В.​Р.​Карділаў, Л.​Ф.​Катранжы, А.​Г.​Корчыкаў, Л.​П.​Крук, А.​П.​Курловіч, В.​А.​Курыленка, В.​С.​Лабада, А.​С.​Лаўрыновіч, Л.​К.​Лаўрыновіч (Корхава), Дз.​Дз.​Мазура, У.​М.​Макараў, А.​У.​Нікалайчык, Н.​І.​Озерава, М.​С.​Патапчук, В.​В.​Пражаева, А.​Дз.​Рамановіч, Л.​М.​Раманоўская, А.​А.​Ранцанц, Н.​У.​Сіўко, М.​М.​Смірноў, А.​П.​Снытко, Ю.​Ф.​Ступакоў, Р.​Л.​Сучшынская, Л.​І.​Трушко, Ю.​М.​Тур, П.​П.​Філіпаў, В.​М.​Фокіна, А.​П.​Ханцееў, З.​І.​Цурбакова, Э.​М.​Цурбакоў, Н.​Я.​Чамадурава, Г.​А.​Чарвякова, А.​Ц.​Чарноцкі, Б.​М.​Шарашэўская, М.​П.​Шаўчук, У.​П.​Шмакаў, Ф.​С.​Шэйн, В.​У.​Юдчыц.

1970. Я.​А.​Аверына, Ф.​Я.​Алер, Р.​М.​Бакіевіч, Р.​М.​Баравік, Л.​Н.​Бароўскі, М.​М.​Барысава, К.​І.​Белавусаў, К.​П.​Бузук (Стрыжова), В.​М.​Быкаў, Э.​А.​Быстрова, А.​А.​Бялова, М.​Ф.​Варвашэвіч, В.​А.​Вялічка, Н.​І.​Гапачка, Т.​Я.​Гаробчанка, Л.​А.​Герасімчук, У.​А.​Глінскіх, А.​І.​Горак, Л.​П.​Гур’ева (Шаўчэнка), Б.​І.​Добін, Л.​Г.​Іванова, Г.​І.​Калеснічэнка, Г.​А.​Купікоўская, Л.​А.​Манакова. М.​Я.​Матукоўскі, Р.​М.​Назаранка, Н.​Р.​Пабедзімава, А.​Л.​Петрашкевіч, Б.​М.​Пянчук, П.​М.​Райчук, Т.​З.​Русецкая, М.​А.​Скрыпка, Ю.​М.​Сохар, А.​А.​Сухін, С.​К.​Сцефановіч, Л.​Л.​Тарасава, Н.​Р.​Халадкова, М.​Р.​Цубатаў, А.​М.​Цурбакоў, Л.​С.​Чахоўскі, П.​П.​Шамшур, С.​А.​Шапіра. М.​Х.​Шмелькін, К.​С.​Шнып, К.​А.​Шышкін, Э.​С.​Яворскі.

1971. Л.​А.​Айзенберг, С.​А.​Акружная, А.​М.​Аляксандрава, Л.​В.​Арцабасава, Н.​У.​Арцімовіч, У.​І.​Багадайка, Я.​А.​Багдановіч, Н.​А.​Белавусава (Лук’яненка), Г.​В.​Вагау, П.​Е.​Валошын, П.​С.​Вараб’ёў, У.​П.​Ганчароў, Э.​І.​Гатоўскі, Я.​Ф.​Грунін, В.​М.​Дзягілеў, Ю.​А.​Зінін, М.​Дз.​Канішчава, Х.​К.​Карака, У.​А.​Караткевіч, Г.​А.​Краўчанка, Л.​П.​Кучарэнка, П.​А.​Ламан, М.​А.​Лашкін, Л.​І.​Мельнікава, У.​А.​Мішчанчук, У.​В.​Музюкін, С.​В.​Руткоўская, В.​К.​Садоўская, Дз.​А.​Селіванаў, А.​М.​Скаромны, Л.​М.​Собалева, В.​К.​Старыковіч, А.​У.​Сухіна, В.​С.​Турмовіч, В.​В.​Фамічэнка, І.​В.​Хабібуліна (Атлыгіна), У.​Т.​Халіп, Н.​Д.​Цёмкіна, Л.​А.​Цімохава-Нісневіч, В.​І.​Шаўчэнка, А.​А.​Шкілёнак, В.​І.​Шмудзянкоў, Я.​П.​Шыпіла.

1972. Л.​І.​Алешчанка, А.​М.​Анісімаў, У.​М.​Багалюбскі, В.​П.​Бажэнаў, В.​М.​Баркоўскі, М.​Н.​Баркоўскі, У.​У.​Будкевіч, М.​М.​Вайцюк, М.​А.​Васілеўскі, Т.​Г.​Волкава (Магілеўская), Л.​Э.​Гадлеўскі, Ю.​М.​Газіеў, Я.​З.​Галынскі, М.​А.​Глушакоў, Л.​І.​Грынь; К.​Дз.​Гусеў, Л.​Р.​Еўдакімава, Н.​А.​Жылякова, А.​В.​Крайнікава, Л.​П.​Лях, С.​М.​Машэра, У.​В.​Мінкевіч, Ю.​П.​Міроненка, А.​А.​Мурзіч, В.​М.​Панін, В.​І.​Перапяліца, М.​П.​Правілаў, М.​Я.​Рамізаў, Л.​А.​Смольскі, Л.​А.​Смялкоўскі, Г.​Ф.​Сямёнава-Нагуманава, Г.​Б.​Тадароўская, А.​А.​Тарэеў, Г.​А.​Траццякоў, Т.​А.​Тэвасян, А.​Г.​Храмушын, П.​В.​Чарнушын, А.​А.​Шагідзевіч, Р.​І.​Юдэлевіч.

1973. М.​М.​Абрамаў, Н.​У.​Андросава, Н.​І.​Анціпенка, Я.​Р.​Астаманава, В.​Ф.​Босак, М.​М.​Бялян, І.​М.​Гатоўчыц, І.​Р.​Герман, Н.​Я.​Дашкевіч, А.​А.​Забалотнікаў, А.​Б.​Задорын, В.​І.​Зеніна, Л.​І.​Зубцова, В.​Р.​Кастэнка, А.​Б.​Кашпераў, С.​Р.​Косцін, А.​Р.​Красільшчыкаў, С.​У.​Краўчанка, Г.​М.​Кухальская, В.​А.​Лапо, Ж.​І.​Летнякова, Г.​П.​Луцэвіч, А.​Дз.​Лявончык, В.​Б.​Маняці, А.​І.​Марцынюк, Я.​В.​Мягарская, Б.​М.​Падва, Ю.​А.​Пашкін, З.​М.​Печнікава (Бурцава), Л.​Я.​Руды, В.​У.​Саркісьян, В.​В.​Сердзюкоў, Л.​М.​Сінельнікава, Т.​У.​Скварцова, А.​І.​Смагін, Л.​А.​Стаховіч (Храбтова), А.​А.​Супрына, Н.​М.​Тарлецкі-Бутрымовіч, Г.​С.​Татарская, В.​А.​Туніс, А.​І.​Харкевіч, В.​С.​Чабяркус, І.​С.​Шчарбінская, Э.​А.​Язерская, Я.​Ю.​Якубаў, В.​С.​Ясюнас.

1974. Э.​І.​Ахрэмчык, М.​А.​Багданаў, А.​П.​Барысава, Я.​В.​Баўдзей, П.​А.​Валадарскі, Н.​В.​Варатнікова, Л.​П.​Васільева, Г.​В.​Ваяводзіна, Р.​І.​Вінікавецкая, В.​Л.​Вуячыч, С.​П.​Габрылян, Я.​І.​Гардзей, Ю.​М.​Гільдзюк, У.​К.​Грашчанка, В.​Г.​Грушоў, Л.​П.​Гуляка, Р.​Б.​Дабржынец, В.​М.​Дашкевіч, Л.​М.​Дворжац-Алексютовіч, Л.​Л.​Дзядук, Л.​В.​Доўнар-Запольская, Н.​Р.​Духан, В.​М.​Елізар’еў, У.​А.​Епіфанцаў, Я.​І.​Ждан, Л.​М.​Жукава, Н.​І.​Жураўленка, Г.​М.​Загародні, У.​А.​Залатухін, Р.​Я.​Зарэцкая, Г.​А.​Заяц, М.​М.​Зелікман, М.​С.​Карпенка, У.​М.​Кузьменка, В.​Я.​Мазынскі, Н.​В.​Нікалаева, Н.​В.​Пранова, А.​А.​Пякарская, Н.​Г.​Ракавецык, В.​А.​Раманава-Казлоўская, М.​Л.​Рэўзіна, В.​С.​Савін, В.​Ф.​Сербін, Г.​Ф.​Сідзельнікава, В.​В.​Смірноў, А.​А.​Сокал, Б.​Л.​Спас, Л.​А.​Секержыцкая (Галенчык), М.​Я.​Тархова, Э.​І.​Турусава, В.​М.​Філатаў, А.​П.​Фралоў, Т.​У.​Церайкоўская-Кірына. А.​Я.​Цыплакова, І.​І.​Чаркас, В.​Г.​Чарныш, Ю.​А.​Чупрынаў, А.​Дз.​Шастакова, А.​Г.​Шпакоўская, В.​М.​Шушкевіч, Г.​І.​Шылянкова, А.​Б.​Эскін, У.​М.​Яфрэмаў.

1975. Ю.​І.​Авяр’янаў, В.​П.​Агеева, А.​П.​Аксёнава, Г.​С.​Алейнік (Тваркоўская), А.​М.​Аржылоўскі, А.​М.​Асташанка, Л.​В.​Ашуркова, Б.​А.​Багадух, Э.​В.​Балотная, Л.​Я.​Баценнік, Т.​І.​Белічэнка, А.​В.​Блашкевіч, В.​Б.​Валадзько, Л.​А.​Волкава, Я.​Г.​Волкаў, Э.​С.​Габрыэлян, М.​М.​Гавядзінаў (Дзінаў), А.​М.​Гаманюк, Т.​Дз.​Гаркуша-Весялова, Б.​Р.​Гарт, Я.​П.​Гладкоў, С.​Х.​Грынштэйн, Т.​Я.​Дабродзька, С.​К.​Дамашэвіч, Т.​С.​Данілкіна, Э.​А.​Дашкевіч, Л.​Л.​Дворжац, Л.​С.​Дзяменцьева, Н.​М.​Дзячэнка, К.​А.​Драздова, А.​С.​Дружыніна, М.​А.​Жук, Г.​А.​Зайцава, В.​А.​Залатухін, А.​А.​Збарамірскі, Т.​А.​Золатава, М.​А.​Карабчанская, У.​У.​Карака, Н.​У.​Кафанава, А.​А.​Кашперава, С.​М.​Кліменка, У.​Дз.​Кокушкін, У.​М.​Крупскі, К.​Б.​Кузняцова, М.​К.​Лапацін, А.​Р.​Луцэнка, Ю.​Л.​Лясны, Г.​Р.​Маляўскі, Л.​С.​Мацкевіч, Г.​А.​Міхневіч, У.​М.​Мышко-Міткавец, Л.​С.​Падва (Цвяткова), У.​М.​Палякоў, М.​У.​Перапечка, В.​С.​Пятліцкая, У.​А.​Раманоўскі, Ю.​А.​Раўкуць, Л.​Л.​Руткоўская, В.​П.​Саладзілаў, В.​Г.​Сарокіна-Глебава, Т.​Г.​Сівохіна, Б.​В.​Сінецкі, М.​Р.​Солапаў, К.​І.​Соцкая, К.​І.​Стафановіч, Г.​Я.​Табуліна, Л.​У.​Таер, Л.​Я.​Трубяцкая, Л.​З.​Тэр-Мінасян, А.​Я.​Уладамірскі, П.​С.​Фейгін, А.​Г.​Фядотаў, І.​А.​Цвятаева, В.​А.​Цвяткоў, А.​П.​Ціхан, Ю.​П.​Цырук, В.​А.​Чобан, С.​Ф.​Шамаль, Л.​І.​Шастакэва, А.​С.​Шыманская, У.​Б.​Шынтальнікаў, Ю.​І.​Шэфер, С.​Ф.​Юркевіч, М.​М.​Якунін.

1976. Г.​В.​Абібок, Г.​П.​Абрамава, В.​У.​Агаян, Г.​Г.​Аляксандраў, С.​Г.​Аляксандраў, А.​М.​Аляшкевіч, І.​С.​Андрэеў, Н.​І.​Анціпенка, Б.​В.​Баеў, Т.​І.​Баляслаўская, В.​М.​Бандарэнка, В.​І.​Беднашэя, А.​М.​Белавус, Л.​Ф.​Блінава-Бутвілоўская, Л.​Г.​Бржазоўская, В.​П.​Будкоў, С.​Я.​Буйноўская, В.​Я.​Бяхмецьева, В.​К.​Галуза, Ю.​С.​Гальперына, М.​А.​Ганкін, І.​І.​Гаркуша, С.​В.​Гаркуша (Натапава), А.​П.​Гаўрыльчык, У.​М.​Генералаў, Л.​С.​Герасімава, Р.​Р.​Гімпелева, І.​А.​Грабчук, В.​І.​Гурыновіч, В.​У.​Гурыновіч, А.​С.​Гусеў, Э.​Дз.​Дзераўцова, Л.​А.​Дуброўская, В.​А.​Дыкштэйн, А.​С.​Ельяшэвіч, В.​Ф.​Емяльянаў, В.​Р.​Еранькова, А.​Б.​Залётнеў, У.​І.​Зарэцкі, Р.​І.​Зубарава, Л.​П.​Івашкоў, Р.​А.​Ісачэнка, Я.І Канькова, Л.​І.​Катковіч, М.​М.​Кірычэнка, В.​А.​Кішчанка, С.​В.​Кліменка, А.​А.​Козак, Ю.​У.​Кулік, А.​М.​Лапуноў, Т.​У.​Ліхачова, В.​І.​Лунёва, Я.​М.​Лявонцьеў, С.​І.​Мадорскі, В.​М.​Мазур, В.​Б.​Макарава, Г.​М.​Мезенцаў, А.​В.​Мельнікава, Т.​В.​Міронава, У.​С.​Мунціян, Т.​Дз.​Ненарокамава, Л.​І.​Падбярозкіна, Я.​І.​Палейка, Я.​Р.​Пукст, С.​І.​Пясцяхін, Я.​Ф.​Пятроў, В.​І.​Рагачова, С.​З.​Радушкоўскі, А.​А.​Рожкіна, С.​М.​Рудзько, А.​Р.​Рудкоўскі, Р.​Г.​Савельева, В.​В.​Сазонава, М.​М.​Салко, С.​С.​Свірыдава, М.​І.​Сеўрукоў, Л.​А.​Сіманоўская, Э.​М.​Скуратава, М.​В.​Слесарчук, В.​С.​Слюсарава, Т.​У.​Спяжарная-Мераненка, А.​М.​Старжынская, М.​Дз.​Сцяпанава, С.​К.​Сянкевіч, В.​В.​Токман, І.​С.​Токман, Н.​М.​Траццяк, С.​В.​Трубіна, А.​М.​Уладамірская-Пастрэвіч, В.​В.​Фомчанка, С.​І.​Фяцісава, В.​Л.​Хаіт, С.​Я.​Хітрык, А.​Б.​Хрысценка, В.​М.​Ціхан, З.​М.​Чавуская, Б.​У.​Чаркоўскі, П.​Я.​Шалгачоў, В.​В.​Шкрабалюк, Г.​В.​Шкуратаў, А.​М.​Шпілеўская, С.​М.​Шульга, Б.​А.​Шурын, Л.​М.​Шчацінкіна, Н.​Е.​Шыдлоўская, С.​М.​Шытыка, Л.​М.​Юдоіна, Н.​І.​Язенчык, І.​А.​Ярмоленка, Н.​М.​Яўдошанка.

1977. Р.​М.​Аладава, М.​Я.​Альтшулер, Г.​К.​Аляксеюс, А.​А.​Аляшкевіч, У.​А.​Андрыенка, Л.​М.​Андрыянава, Л.​В.​Андрэйчыкаў, Л.​А.​Арахоўскі, Л.​А.​Афанасьева, Т.​Ц.​Афанасьева, В.​А.​Багданава, А.​А.​Бажэлка, Л.​П.​Бандарэнка, І.​Ю.​Беражная, Л.​С.​Бірукова, А.​Д.​Вайнштэйн, Г.​С.​Валкавіцкая, Ю.​Я.​Вальштэйн, А.​М.​Ваніцкі, П.​М.​Веркалаб, А.​М.​Гаманюк, Т.​В.​Гарачава, М.​І.​Гельфанд, Э.​І.​Герасімовіч, Л.​Г.​Герлаван, Я.​С.​Грахаў, К.​Л.​Губарэвіч, А.​М.​Гужалоўская, В.​А.​Далгінец, С.​Я.​Дубоўская-Вавілава, Б.​А.​Дынерштэйн, І.​А.​Жураўленка, А.​К.​Жухоўскі, М.​А.​Жылюк, Г.​І.​Забара, У.​Дз.​Зайцаў, А.​В.​Кастрыцкі, У.​Т.​Кін-Камінскі, Н.​А.​Крывашэева, Г.​Р.​Куляшова, У.​І.​Курган, У.​Б.​Матрос, Т.​Л.​Мельнікава, Ю.​М.​Міхневіч, Л.​А.​Пашкун, Э.​І.​Пелагейчанка, К.​К.​Печнікаў, Т.​Г.​Пузіноўская, П.​Я.​Рабаў, Ю.​К.​Раброва, Л.​А.​Раманоўская, Р.​П.​Рыжэвіч, А.​С.​Самарадаў, Ю.​Ц.​Свірын, Л.​А.​Сіверцава, Г.​В.​Сімкіна, Т.​Дз.​Сініна, В.​П.​Смірноў, Р.​Б.​Смольскі. Г.​І.​Стрыжакова, А.​В.​Ступянёва, В.​С.​Тамаль, У.​В.​Таран, А.​Л.​Ткачонак, Ю.​А.​Траян, В.​Ф.​Фомкін. П.​К.​Ханіс, П.​А.​Харкоў, І.​Ф.​Чальцова. А.​С.​Шабашова, А.​І.​Шалыгін, Т.​І.​Шапшалава, В.​М.​Шведава, У.​І.​Шэлестаў.

1978. Л.​І.​Абрамава, Л.​Б.​Афанасьеў, А.​П.​Барысава, Э.​І.​Бацянкова. Л.​І.​Бацяноўская, А.​А.​Беразоўская, С.​М.​Боршч, Я.​Г.​Буракоў, В.​С.​Бурэйка, А.​М.​Бычкоў. С.​В.​Бялькевіч, А.​У.​Валадковіч, Э.​С.​Векер, В.​В.​Войчанка, Г.​К.​Ганчароў, Е.​К.​Гразнова, Л.​А.​Гурына, А.​А.​Друкт, Дз.​І.​Жарава, Л.​А.​Зайцава, Ю.​У.​Засядацелеў, М.​М.​Ізворска-Елізар’ева, А.​А.​Караткевіч, С.​Э.​Кліменка, С.​М.​Клімковіч, В.​І.​Клімчук, Ю.​А.​Кухаронак, Н.​П.​Марчанка, У.​І.​Матросаў, С.​В.​Міліцын, А.​А.​Парфяновіч, А.​В.​Паўловіч, М.​В.​Прошка, В.​А.​Ракіцкі. В.​У.​Роўда, Л.​П.​Рыбатчанка, К.​І.​Сцепанцэвіч, П.​П.​Тарасевіч, Т.​У.​Філан, Г.​С.​Чарнова, Я.​В.​Шпігельман, В.​М.​Шымановіч (Ждановіч), І.​А.​Шынкевіч, Н.​А.​Якаўлева, В.​І.​Ялатаў.

1979. Л.​І.​Анішчанка, Л.​Ф.​Бархатава, Р.​Х.​Баталаў, Р.​Я.​Белацаркоўскі, Б.​М.​Бергер, Л.​А.​Бяссмертная, Т.​Г.​Валадзько, Т.​А.​Ванецян, А.​І.​Васільчанка, Я.​Дз.​Вялкаў, З.​В.​Вяржбіцкая, Г.​В.​Галкін, А.​М.​Галкіна, В.​В.​Галубовіч-Кастальцава, У.​М.​Ганчароў, Б.​Я.​Гарэлік, Л.​А.​Грамыка, А.​І.​Грахава, А.​В.​Двараннікаў, У.​І.​Дзерышаў, Г.​І.​Дзягілева, Л.​А.​Дубовікава, В.​Ю.​Зяневіч, Г.​В.​Казлоў, А.​У.​Касцецкі, У.​В.​Корпусь, В.​І.​Косціна, Я.​А.​Крыжаноўскі, В.​А.​Лагвіенка. Н.​І.​Лапшова, А.​М.​Малчанава, Л.​Ф.​Мурашка, М.​В.​Мятліцкі, Л.​І.​Рабушка, І.​С.​Радзінская, Л.​М.​Рамазанава, В.​Ф.​Раткевіч, Г.​І.​Рыхтэрман, Р.​І.​Сергіенка, В.​А.​Сімакін, Г.​М.​Слесараў, У.​Я.​Смарыга, У.​М.​Стрыго, І.​І.​Сучкоў, В.​В.​Сысюк, У.​К.​Турчынскі, А.​Р.​Хамцэнкаў, С.​М.​Цывіна, Л.​І.​Чарняк, Л.​В.​Часоўскіх, Л.​І.​Чорнаіванава, В.​І.​Чэпелеў, М.​У.​Штарнеўскі, Л.​З.​Шульман, Л.​У.​Шылай, Н.​А.​Юўчанка, Т.​Б.​Яварчук (Ляўчук), І.​С.​Ярмалінская, Т.​А.​Ярмоленка.

1980. А.​М.​Аляксандрава, Н.​Ц.​Андрыянава, М.​М.​Андрэеў, Г.​К.​Аўсянкіна, А.​А.​Бабчонак, Ф.​І.​Бабчонак, М.​М.​Баглаеў, В.​А.​Бартосік, А.​Р.​Барысенка, Р.​Л.​Бузук. У.​А.​Бурш, П.​У.​Бухарын, А.​Л.​Вергуноў, М.​Я.​Вяпрынскі, С.​К.​Галамшток, С.​Л.​Гуцеева, М.​Д.​Даўгаполаў, Б.​В.​Дзевятаў, Ф.​Г.​Дуднік, І.​В.​Жаглова, А.​Э.​Завадская, А.​М.​Зарэмба, М.​Д.​Зейгер, Я.​І.​Златава, В.​М.​Зяленін, А.​Ф.​Іванова, Н.​І.​Казлова, Г.​А.​Карант, Л.​Я.​Колас, Г.​В.​Крэмень, А.​А.​Кузьмін, Н.​А.​Майзлер, Р.​Г.​Мачулін, М.​А.​Мішын, В.​П.​Нагорны, Я.​В.​Натапаў, І.​С.​Папоў, З.​М.​Пасюціна, А.​С.​Паўлікоў, А.​П.​Правілаў, Т.​У.​Праўдзівец, М.​Ц.​Ражноў, У.​П.​Рошчын, Я.​З.​Савікоўскі, Т.​М.​Салаўёва, Ю.​А.​Сарычаў, К.​У.​Сафроненка, Г.​А.​Сідарава, А.​С.​Сідараў, С.​М.​Скальская, Ю.​А.​Трашкееў, А.​С.​Тэадаровіч, Г.​І.​Фёдарава, Ю.​М.​Фейгін, М.​В.​Філатава, А.​В.​Чабатароў, А.​І.​Шахурдзін, В.​Р.​Ясаў.

1981. Т.​І.​Аляксеева, І.​П.​Архангельскі, Н.​Ф.​Баяндзіна, В.​В.​Букань, В.​М.​Бутрымовіч, Э.​І.​Вашчак-Шумілава, В.​В.​Волкаў, Ю.​М.​Герман, Л.​А.​Годаў, Ф.​Ф.​Гулевіч, Л.​А.​Дрозд, М.​Р.​Дуднік, У.​А.​Емяльянаў, В.​І.​Ермаловіч, Б.​А.​Есялевіч, С.​Б.​Журавель, Г.​А.​Зайцава, В.​Ф.​Зайцаў, М.​Л.​Закашанскі, Г.​В.​Кажгаліева, А.​П.​Кірыенка, Я.​В.​Клімакоў, Г.​М.​Клімчык, І.​І.​Ланюк, М.​А.​Лявонцьеў, М.​М.​Лявончык, Ал.Ан.Ляляўскі, В.​В.​Маслюк, А.​М.​Мацвееў, Я.​Б.​Парватаў, Л.​І.​Прохарава, Б.​І.​Пяцюк, А.​У.​Рубцоў, У.​Н.​Рулёў, Б.​І.​Светларусава, А.​Я.​Соніна, Б.​І.​Спектар, А.​С.​Суцкавер, Т.​П.​Сцяпанава, В.​А.​Тарнаўскайтэ, А.​У.​Ташкінаў, Л.​Б.​Тышко, У.​У.​Федарчук, В.​А.​Філіпчык, А.​У.​Фіневіч, В.​П.​Фядосава, Р.​І.​Харык, Т.​В.​Хвосцікава, А.​М.​Хрысціч, І.​А.​Цюрын, А.​А.​Шароў, Т.​А.​Шчарбакова, У.​А.​Шылаў, А.​У.​Энгельбрэхт, Г.​У.​Юрэвіч, Л.​П.​Юшкевіч, Л.​І.​Яфрэмава, А.​М.​Яфрэмаў.

1982. Г.​М.​Агейкіна, В.​А.​Баратава, А.​Р.​Барысенка, Т.​Л.​Баўкалава, В.​І.​Бялецкая, А.​І.​Вакуленка, І.​П.​Герасевіч, В.​І.​Данілаў, І.​М.​Дзянісава, Дз.​В.​Дойбан, А.​В.​Дольнікаў, У.​А.​Капранаў, Т.​С.​Карвякова, Н.​Н.​Конанава, А.​С.​Лабуш, І.​І.​Ларчанка, У.​І.​Лаўрухін, В.​М.​Лесін, А.​Д.​Лук’янава, В.​С.​Манаеў, Дз.​М.​Марозаў, Я.​І.​Мінін, В.​М.​Міронава, В.​І.​Міхайлаў, М.​М.​Мядзелец, Г.​А.​Петрашкевіч, Э.​П.​Петрашкевіч, Т.​У.​Праўдзівец, У.​І.​Раговіч, І.​П.​Сачак, А.​Ю.​Сідарава, В.​І.​Скорабагатаў, У.​Г.​Судноўскі, У.​П.​Сусько, М.​Я.​Фінберг, Л.​М.​Халецкая, Г.​Я.​Цароў, В.​М.​Цішына, В.​П.​Чудайкіна, М.​А.​Шавель, А.​П.​Штэпа, У.​А.​Экнадыёсаў, Н.​М.​Янкоўская.

1983. Ю.​Дз.​Агейкін. Н.​Я.​Бартосік (Бяляева), А.​В.​Башкірава, У.​М.​Варанкоў, Н.​Х.​Галеева, А.​А.​Галуза, А.​Я.​Гураў, А.​К.​Длускі, М.​П.​Забалотная, Э.​М.​Ігнаценка, М.​С.​Калядка, І.​Л.​Каробкін, Л.​І.​Крывёнак, Л.​І.​Куксянкова, Н.​І.​Ламановіч, Н.​С.​Мотлах, Л.​Н.​Немагай, Я.​У.​Рубіна, П.​В.​Рыдзігер, Л.​Ю.​Смірноў, М.​М.​Трухан, Ю.​А.​Франкоў, Т.​І.​Чарнышова, І.​І.​Юр’ева, Г.​А.​Яфрэмаў.

1984. Г.​У.​Алісейчык, А.​Г.​Аляшкевіч, Т.​А.​Анікіна, В.​Г.​Асвяцінскі, Н.​В.​Белая, В.​Р.​Богдан, Г.​М.​Букаціна, Н.​М.​Варанецкая, П.​В.​Вікман, Т.​Л.​Вінаградава, В.​І.​Гаявая, Н.​А.​Дадышкіліяні, А.​В.​Дзічкоўскі, С.​І.​Дзмітрыева, Г.​У.​Доля, М.​П.​Дрынеўскі, А.​А.​Дудараў, А.​А.​Душачкін, А.​А.​Жук, М.​М.​Жыраў, Г.​В.​Закрэўская, А.​Ю.​Захарэвіч, Г.​І.​Зелікава, М.​А.​Казінец, Л.​У.​Казлова, З.​У.​Каладзяжная (Феакцістава), Г.​Б.​Каржанеўская, А.​М.​Кашталапаў, С.​Я.​Клімакова, Т.​А.​Корнева, А.​І.​Красікава, С.​У.​Курыленка, Л.​П.​Максімава, А.​В.​Мікрукоў, М.​М.​Моладаў, С.​У.​Ніканчык, Б.​У.​Нічкоў, А.​П.​Няцветаў, Л.​В.​Паўлоўская, Г.​В.​Полюх, У.​А.​Пятровіч, І.​С.​Пятроўскі, С.​Б.​Радзінскі, У.​П.​Ратабыльскі, Л.​І.​Рулёва, У.​П.​Рылатка, Л.​І.​Сарокіна, А.​І.​Сафронава, У.​В.​Сафронаў, Ф.​М.​Севасцьянаў, Б.​А.​Трэпель, Н.​А.​Фацеева, Х.​А.​Хазіева, І.​Л.​Цацоха, У.​А.​Ціханаў, М.​А.​Шабашава, В.​І.​Шведава, А.​В.​Шымановіч, А.​С.​Якаўлеў, А.​Я.​Якутовіч, Г.​Р.​Яцкоўскі.

1985. М.​В.​Адамовіч, А.​У.​Баброўскі, В.​В.​Баравікоў, А.​І.​Барбаш, М.​А.​Бартніцкая, З.​В.​Белахвосцік, М.​Д.​Браценнікаў, А.​М.​Буднік, Б.​І.​Бур’яр, Ф.​С.​Варанецкі, Г.​П.​Вевер, А.​Ф.​Гарцуеў, І.​В.​Глушакоў, Т.​М.​Горлева, Р.​С.​Грыбовіч, Н.​С.​Гусева, Г.​Б.​Давыдзька, Л.​А.​Данько, С.​У.​Дзмітрыеў, У.​П.​Жданаў, С.​М.​Жукоўская, В.​М.​Козел (Ермалінская), У.​А.​Лашук, Р.​І.​Ліпскі, В.​Я.​Ліхадзей, Л.​Е.​Мікуліч, А.​І.​Міхальцова, Дз.​М.​Мохаў, С.​В.​Осіпаў, Р.​П.​Паноў, Н.​А.​Руднева, А.​А.​Сабітаў, А.​А.​Савіцкая, В.​М.​Сарокін, А.​І.​Стрыкуноў, Н.​К.​Тамашова, В.​Б.​Тацішчава, А.​Б.​Цівуноў, В.​А.​Цюпа, Н.​М.​Шабанава, Т.​Р.​Шаметавец, М.​М.​Шутаў, В.​Л.​Яканюк.

1986. В.​П.​Амяльчэня, Н.​В.​Антонава, М.​І.​Бардыга, Г.​Я.​Барысава, Л.​У.​Баталава, Л.​А.​Баярынцава, І.​В.​Баярынцаў, В.​В.​Белаш, А.​Р.​Бутвілоўскі, А.​У.​Ганчароў, Э.​Д.​Гельдэбрэхт, С.​М.​Дашкевіч, А.​А.​Жугжда, Н.​С.​Загорская, В.​С.​Корнеў, Л.​У.​Кузьміна, В.​В.​Окунеў, А.​А.​Саламаха, Л.​А.​Свярдлоў, І.​М.​Селязнёва, І.​Я.​Сідорчык. І.​В.​Таран, Н.​Р.​Філіпава, Л.​А.​Ціткова, В.​А.​Шалкевіч.

1987. А.​Л.​Брухацкі, В.​П.​Букін, Н.​Б.​Задорына, А.​М.​Ісаеў, Ф.​А.​Розаў. С.​Ю.​Сільніцкі, Т.​Дз.​Сініна, І.​З.​Чарнышова, Ю.​В.​Чарнышоў.

1988. А.​Дз.​Ануфрыенка, Л.​М.​Барташэвіч, А.​П.​Васько, З.​А.​Дарашкевіч, У.​І.​Драбышэўскі, Дз.​П.​Дыджыёкас, М.​Г.​Емяльянаў, А.​М.​Казакоў, В.​К.​Каратай. Н.​К.​Кудашкіна, М.​С.​Магілеўскі, В.​А.​Сінельнікаў, Н.​М.​Траццяк, Н.​У.​Хараброва, Т.​А.​Харламава.

1989. І.​Дз.​Адзінцова, А.​М.​Анісімаў, Н.​А.​Аладка, С.​І.​Баброўская, Ю.​К.​Багаеўскі, Р.​М.​Бачыла, А.​К.​Брысь, Н.​І.​Венядзіктава, Г.​І.​Гайдук, В.​М.​Галец, В.​А.​Грыгалюнас, І.​Л.​Дзянісаў, А.​А.​Дудзіч, А.​І.​Елісееў, В.​П.​Елсукова, В.​М.​Жалонкіна, Т.​І.​Жданава, А.​В.​Ждановіч, Г.​М.​Зуева, В.​І.​Кавалерава, Л.​В.​Карпілава, В.​У.​Катавіцкі, Т.​В.​Катовіч, Н.​М.​Кашпур, М.​Дз.​Краснабаеў, Б.​Я.​Крупскі, Л.​В.​Кучко, І.​У.​Лінкевіч, С.​В.​Ліцвінёнак, З.​Э.​Марголін, М.​В.​Міронаў, В.​Т.​Навуменка, С.​І.​Нікіціна, У.​А.​Осін, АР.​П’янзін, Л.​А.​Падзельская, В.​Л.​Разепіна, С.​Л.​Раманоўская-Якавец, В.​Я.​Рачкоўскі, В.​Л.​Сакалова, М.​У.​Самалазаў, Л.​І.​Станевіч, Л.​В.​Сучкова, А.​А.​Трызна, Р.​К.​Уласюк, Л.​С.​Фанабровіч, С.​К.​Філіпенка, А.​А.​Ханіна, В.​Я.​Хомчанка, К.​Н.​Чамекаў, Р.​І.​Шацько, Г.​В.​Шкуратаў, І.​А.​Шрубейка, І.​Р.​Шуценіч, У.​Р.​Янкоўскі.

1990. А.М Арцём’еў, Дз.​М.​Браўдэ, С.​А.​Бурак, Н.​В.​Віктарава, А.​Р.​Галкін, А.​Э.​Гузій, І.​У.​Гусачэнка, С.​Э.​Іваноў, У.​В.​Мальцаў, Н.​І.​Мачалава, В.​Г.​Мнацаканаў, І.​Б.​Мысліўчык. В.​В.​Небальсін, У.​Г.​Пятроў, М.​І.​Разцоў, Г.​І.​Сяўковіч, В.​Р.​Харытонава, В.​К.​Цімафееў, Дз.​М.​Ялінская, В.​П.​Ялінскі.

1991. Л.​М.​Абрамава, Я.​А.​Агеенка, Р.​М.​Астрадзінава, Л.​А.​Бажко, В.​Г.​Брылон, К.​І.​Валчкова, А.​С.​Васільеў, Т.​Г.​Ганчарова, Т.​М.​Кавалеўская, В.​В.​Корзун, Г.​Е.​Лазуціна, Л.​А.​Малашкевіч, Л.​А.​Марозава, В.​В.​Міронаў, Т.​У.​Папова, В.​П.​Паўлюць, М.​М.​Пінігін, В.​Я.​Растрыжанкоў, Т.​А.​Ратабыльская, В.​М.​Салаўёў, В.​М.​Слышкоў, А.​Дз.​Смелякоў, А.​П.​Станілевіч, І.​А.​Сцяпанаў, Л.​П.​Сямёнава, Ю.​А.​Сяменчанка, Р.​С.​Таліпаў, А.​В.​Талочка, Л.​А.​Цяўлоўская, К.​Т.​Чыгір, А.​М.​Шабад.

1992. К.​Дз.​Бабанін, Т.​В.​Багрэева, А.​Ю.​Гаршкоў, А.​Р.​Дабышчук, М.​М.​Дашкевіч, А.​М.​Перавожкіна (Лясная), У.​Дз.​Пестунаў, Ю.​А.​Рудакоў, А.​М.​Сцепанюк, Г.​П.​Янсон, Т.​Г.​Ярмоліч.

1993. Т.​Ю.​Агарава, У.​М.​Бублякоў, Б.​А.​Вальвачоў, В.​А.​Гінялевіч, П.​Ф.​Дударэнка, Н.​А.​Залатарова, М.​Д.​Зарэцкі, Т.​А.​Кабяк, Л.​Ф.​Каробкіна, А.​І.​Колбышаў, І.​С.​Ламака, Б.​В.​Левін, Ю.​І.​Лізянгевіч, Г.​У.​Маланкіна, А.​Л.​Маханькоў, М.​П.​Мацкевіч, В.​М.​Пахніна, В.​У.​Шабуня, В.​М.​Юркевіч.

1994. В.​А.​Грыбайла, І.​У.​Забара, С.​М.​Завадская, С.​П.​Львовіч, Л.​А.​Лявонава, П.​Я.​Магазіннік, А.​А.​Рыбакоў, А.​В.​Шаўкаплясаў.

1995. Я.​Г.​Кульбачная, М.​Ф.​Макарцоў, Л.​А.​Мартынава, М.​М.​Маршын, В.​Ю.​Мінгалёў, У.​К.​Савіцкі, Л.​А.​Чарнышова.

1996. В.​І.​Багушэвіч, С.​Я.​Бачкоў, З.​Б.​Глінскіх, М.​В.​Дударава, Г.​С.​Іванова, Я.​В.​Іўковіч, А.​П.​Кандыба, В.​С.​Маршак, В.​Я.​Молчан, А.​Л.​Унукава, І.​А.​Фільчанкоў, У.​Ф.​Чарнышоў.

1997. А.​М.​Бубашкін, Н.​Ф.​Вінаградская, У.​У.​Грыцэўскі, Т.​Ф.​Зміцюра, А.​В.​Ігнаценка, Г.​М.​Кутовіч, С.​Ф.​Лагуценка, Л.​М.​Мардачова, Ю.​С.​Марціновіч, Г.​У.​Мушперт, І.​В.​Нарбекава, Л.​Р.​Румянцава, В.​А.​Рыбчынскі, Л.​А.​Саржанка, А.​П.​Сураў, С.​І.​Сухавей, А.​В.​Троіцкі, А.​Б.​Тырдаў, А.​П.​Цебянькоў, А.​К.​Цярпіцкі, С.​П.​Чугай, Г.​І.​Шофман, П.​П.​Юрчанкоў.

1998. І.​І.​Базан, А.​М.​Белавус, Я.​А.​Бойка, Т.​А.​Булгакава, І.​Ю.​Давыдзенка, В.​В.​Кандрасюк, С.​А.​Паляшчанкоў, С.​Л.​Пяткевіч, Р.​М.​Цыркін, І.​У.​Чырко, С.​В.​Шаранговіч, Т.​І.​Юрык, А.​А.​Ягорава, В.І Якавец.

1999. Я.​Р.​Белацаркоўская, Ю.​Л.​Вута, С.​В.​Іваноў, Г.​А.​Лабанок, Л.​М.​Рабая, Е.​Дз.​Рахманава, У.​П.​Саўчыкаў, С.​Б.​Уксусаў, Т.​С.​Юркевіч.

2000. Дз.​В.​Бойка, У.​Ю.​Іваноў, С.​М.​Кавальчык, В.​М.​Капыцько, А.​Л.​Кот, А.​У.​Пашкевіч, Э.​Г.​Сакура, Г.​А.​Сігаў, Л.​А.​Сідаркевіч, М.​В.​Шабовіч.

2001. К.​Я.​Андронаў, П.​В.​Васючэнка, Д.​А.​Волкава, С.​А.​Гавенка, Дз.​А.​Гарэлік, Э.​В.​Грыгарук, В.​Г.​Грыцаева, А.​В.​Гур’еў, Е.​Э.​Дабрук, Т.​Л.​Дарожка, Н.​А.​Дудчанка, Л.​М.​Еранькоў, Ю.​У.​Жыгамонт, Н.​У.​Задорына, Л.​В.​Зорына, Ж.​А.​Капуснікава, М.​У.​Каралёва, А.​А.​Карпаў, К.​М.​Карчэўская, А.​У.​Карэлін, У.​М.​Кур’ян, А.​У.​Курэйчык, М.​А.​Лазарава, Ю.​А.​Лахмакоў, Т.​В.​Лісавенка, А.​Ф.​Малчанаў, В.​Л.​Марозаў, А.​М.​Меранкоў, Т.​А.​Нерсісян, Н.​В.​Нікіціна, У.​М.​Няхаенка, С.​С.​Пазняк, А.​А.​Пашатава, В.​М.​Прабадзяк, А.​Ю.​Пятросава, Я.​І.​Таганаў, А.​І.​Хадоска, В.​А.​Хайкова, Э.​С.​Ханок, Н.​У.​Хмялеўская-Налётка, Я.​В.​Хромаў, А.​А.​Шадзько, К.​В.​Шуліпаў, В.​А.​Шчарбакоў, І.​А.​Шыцікава, З.​І.​Ялонскі.

2002. В.​М.​Захараў, Т.​У.​Кавалёва, М.​Я.​Клімянюк, А.​А.​Клявенскі, Н.​Л.​Кот, В.​У.​Кузняцоў, А.​А.​Кучараў, В.​А.​Ласоўскі, А.​А.​Мазурава, Р.​Я.​Мінін, Л.​В.​Разумава, А.​Л.​Рымашэўскі, Н.​М.​Сяўніцкая, Н.​М.​Фурман, С.​Л.​Цімохіна, Л.​Г.​Чаранок, В.​Я.​Шыпіла, А.​В.​Янушкевіч, Г.​Н.​Янчык.

2003. С.​В.​Антонаў, М.​Я.​Баглова (Петэрсон), С.​П.​Бартохава, В.​А.​Буслаева, А.​У.​Волчак, К.​А.​Воранаў, Л.​М.​Ганчарова, Т.​А.​Герасімовіч, В.​М.​Давыдзенка, М.​М.​Казачонак, Дз.​В.​Марынін, С.​В.​Навуменка, М.​А.​Паніматчанка, В.​В.​Разумава, У.​Я.​Сівіцкі, Л.​І.​Шніп (Рублеўская), Дз.​М.​Якубовіч.

Г.​А.​Забела.

т. 18, кн. 1, с. 448

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДНАЎЛЕННЕ І РАЗВІЦЦЁ НАРОДНАЙ ГАСПАДАРКІ БЕЛАРУСІ ПАСЛЯ ВЯЛІКАЙ АЙЧЫННАЙ ВАЙНЫ (2-я палова 1940-х—1950-я г.)

Народная гаспадарка. З пачатку вызвалення Беларусі ад ням.-фаш. захопнікаў неабходна было за кароткі тэрмін ліквідаваць вынікі спусташальнай вайны, аднавіць і забяспечыць развіццё нар. гаспадаркі, знайсці рэсурсы для паляпшэння жыцця людзей. Людскія страты Беларусі за гады Вял. Айч. вайны (1941—44) склалі каля 3 млн. чал., што было больш за 11% ад агульных страт СССР. На катаржныя работы акупанты вывезлі каля 380 тыс. чал. У выніку ў 1945 у гаспадарцы рэспублікі рабочых і служачых было на 474 тыс. (на 53,3%) менш, чым у 1940. Толькі прамыя нар.-гасп. страты дасягалі 75 млрд. руб. (у цэнах 1941). Знішчана больш за палавіну нац. багацця Беларусі (страты па СССР складалі каля 30% нац. багацця). Па некаторых важных галінах (прамысловасць, энергетыка) эканоміка Беларусі была адкінута да ўзроўню 1913, а па агульным узроўні развіцця — да 1928. За гады вайны на Беларусі знішчана 209 (з 270) гарадоў і раённых цэнтраў, 9200 сёл і вёсак, разбурана больш за 10 тыс. прадпрыемстваў (85% даваен. фабрык і заводаў).

Пасля вызвалення дзейнічалі толькі 2% даваен. энергетычных магутнасцей. Асабліва вял. страты панёс транспарт. У сельскай гаспадарцы захопнікі разрабавалі і спустошылі 10 тыс. калгасаў, 92 саўгасы, 316 МТС. У параўнанні з 1940 на 40% скараціліся пасяўныя плошчы, пагалоўе буйн. раг. жывёлы — прыблізна на ​2/3, коней — на 61%, свіней — на 89%, авечак і коз — на 78%.

З вызваленнем усх. раёнаў Беларусі ў вер. 1943 пачаліся аднаўленчыя работы. Аднак гэты працэс ускладняўся тым, што яшчэ больш як 1,5 года ішла вайна Сав. Саюза супраць фаш. Германіі і значная частка сродкаў накіроўвалася на патрэбы фронту. У гэтай сувязі гал. ўвага аддавалася аднаўленню цяжкай прамысловасці і транспарту, якія забяспечвалі наступленне сав. войск. У пач. 1944 адраджэнне эканомікі пачалося ў 36 вызваленых раёнах Гомельскай, Магілёўскай і Віцебскай абл. У маі 1944 уведзены ў дзеянне гомельскія паравозарамонтны і цагельны з-ды, у жніўні — з-д «Гомсельмаш». У вызваленым 3.7.1944 Мінску ў пач. жніўня далі прадукцыю 13 фабрык і заводаў. Хутка аднаўляўся транспарт. Першы цягнік у Мінск прыйшоў на сёмы дзень пасля вызвалення — 10 ліпеня, у Маладзечна — 11, у Ліду — 19 ліпеня. За 1944 адноўлена і здадзена ў эксплуатацыю 196 маш.-буд. прадпрыемстваў, у т. л. 18 буйных, якія выраблялі ваен. матэрыялы, рамантавалі і збіралі самалёты, танкі, аўтамашыны і інш. тэхніку для патрэб фронту. Да мая 1945 пачалі працаваць каля 12 тыс. прамысл. аб’ектаў, у т. л. 8 тыс. прадпрыемстваў, 4 тыс. арцелей і майстэрань. З поўным вызваленнем рэспублік ад акупацыі пачаўся наступны этап адраджэння эканомікі Беларусі. У 1945 выраблена прамысл. прадукцыі ў 3,7 раза больш, чым у 1944; але яе аб’ём за гэты перыяд складаў каля 20% (па СССР — 92%), выпрацоўка электраэнергіі — 16, металарэзных станкоў — 3, фанеры і абутку — па 5%. Да канца 1945 адноўлена 2574 км гал. чыгуначных пуцей. Больш марудна адраджалася харч. прамысловасць. Да канца 1945 на Беларусі працавала 118 прадпрыемстваў гэтай галіны, якія давалі 18% валавой прадукцыі даваен. ўзроўню. У сельскай гаспадарцы вясной 1945 пасяўныя плошчы дасягнулі 73,8% даваенных. Валавы збор збожжа ў 1945 складаў каля 50% ад даваеннага, слаба развівалася грамадская жывёлагадоўля. Цяжкія вынікі вайны, захаванне пазаэканам. прымусу, адсутнасць матэрыяльнага заахвочвання абумовілі нізкія тэмпы аднаўлення агр. вытворчасці.

Пасля завяршэння вайны аднаўленчыя работы ў рэспубліцы яшчэ больш актывізаваліся. Матэрыяльная база аднаўлення фарміравалася за кошт цэнтралізаваных фін. асігнаванняў, паставак саюзнага ўрада, рээвакуацыі абсталявання бел. прадпрыемстваў і мат.-тэхн. каштоўнасцей з сав. тылу, дапамогі сав. рэспублік. Некаторай кампенсацыяй страт гаспадаркі Беларусі былі рэпарацыйныя пастаўкі з былых краін гітлераўскага блока. Падтрымку бел. народу аказвала міжнар. грамадства. На працягу 1945—47 Беларусь атрымала пэўную колькасць прадуктаў харчавання, адзення, абутку, мед. абсталявання, лекаў і інш. аб’ёмам каля 142 тыс. т на суму амаль 61 млн. долараў ЗША па лініі Адміністрацыі дапамогі і аднаўлення Аб’яднаных Нацый (ЮНРРА).

Закон аб пяцігадовым плане аднаўлення і развіцця нар. гаспадаркі БССР на 1946—50 гал. задачай ставіў аднаўленне нар. гаспадаркі ў межах даваен. ўзроўню і яе далейшае развіццё. Значную ролю ў яго выкананні адыгрывалі энтузіязм насельніцтва, парт. прапаганда ў спалучэнні з цвёрдым вытв. рэжымам, што захаваўся ад ваен. часу, сацыяліст. спаборніцтва. Найб. ўвага аддавалася цяжкай прамысловасці, найперш машынабудаванню. Ужо ў 1946 у параўнанні з папярэднім годам аб’ём прамысл. прадукцыі вырас у 1,5 раза, павысілася прадукцыйнасць працы. Паступова аднаўлялася паліўна-энергетычная база. У 1948 здабыча торфу складала 116,6% ад узроўню 1940. Да пач. 1949 агульная магутнасць электрастанцый рэспублікі дасягнула 116,3% даваен. ўзроўню. Змянялася структура прамысл. вытворчасці, зніжалася ўдзельная вага лёгкай, харч., лясной, дрэваапрацоўчай галін, затое расла доля электраэнергетыкі, машынабудавання, металаапрацоўкі. Пры агульным росце аб’ёму вытворчасці ўсёй прамысловасці на 115% у параўнанні з 1940 аб’ём машынабудавання і металаапрацоўкі вырас амаль у 2,4 раза, у т. л. машынабудавання ў ​3/4 раза. З мэтай удасканалення тэрытарыяльнай структуры прамысл. вытворчасці больш хуткімі тэмпамі ішло эканам. развіццё зах. абласцей БССР, дзе аб’ём валавой прадукцыі ў 1950 павялічыўся ў параўнанні з 1940 амаль удвая. Доля зах. абласцей у агульным аб’ёме прамысл. вытворчасці рэспублікі вырасла амаль да 15%. Марудна аднаўлялася вытворчасць тавараў нар. ўжытку. Лёгкая прамысловасць у 1950 у параўнанні з даваен. узроўнем выпусціла баваўняных тканін толькі 17,7%, панчошна-шкарпэткавых вырабаў 33, бялізнавага трыкатажу 31,6%. Адставала і вытворчасць харч. прадукцыі. У канцы 4-й пяцігодкі мясаперапрацоўчая прамысловасць дала толькі 65% прадукцыі ў параўнанні з 1940, вытворчасць макаронных вырабаў склала 73, хлебабулачных — 57,3%.

На аднаўленні сельскай гаспадаркі неспрыяльна адбілася засуха 1946 (не выкананы планы сяўбы збожжавых і развіцця жывёлагадоўлі). Нізкія тэмпы развіцця с.-г. вытворчасці былі абумоўлены адсутнасцю матэрыяльнага стымулявання працы ў калгасах, непрадуманай падатковай палітыкай і планаваннем. Асаблівасці аднаўлення зах.-бел. вёскі выяўляліся ў пераводзе прыватнаўласніцкіх гаспадарак на «калектыўны шлях развіцця». Да канца 1946 там арганізаваны 133 калгасы (0,6% усіх сял. гаспадарак). Пасля некаторых падрыхтоўчых мерапрыемстваў у 1949 пачалася прымусовая масавая калектывізацыя, без уліку вопыту 1930-х г. Да канца 1950 пераважная частка сялян зах. абласцей Беларусі ўцягнута ў калгасы, якія аб’ядналі каля 84% гаспадарак. Разбурэнне традыцыйнага сялянскага ўкладу прывяло там да істотнага скарачэння пагалоўя жывёлы: буйн. раг. жывёлы прыкладна ў 8 разоў (у т. л. кароў — больш чым у 9), свіней — у 8 разоў. У цэлым за 4-ю пяцігодку ў агр. сектары Беларусі адбыліся пазітыўныя змены. Вытворчасць збожжа павялічылася на 12%, бульбы — на 15, ільновалакна — на 36%, цукр. буракоў — у 2,5 раза. Аднак па шэрагу важных галін сельская гаспадарка не выканала заданняў. У параўнанні з даваенным перыядам у 1950 пасяўныя плошчы складалі 94,3%, валавы збор збожжа — 98,4, бульбы — 80,3, пагалоўе буйн. раг. жывёлы — 96,6, коней — 62, свіней — 64,4, авечак — 54,7%.

У 5-м пяцігадовым плане развіцця нар. гаспадаркі БССР на 1951—55 пастаўлены задачы павышэння матэрыяльнага і культурнага ўзроўню жыцця насельніцтва, актыўнага ўключэння ў навукова-тэхн. рэвалюцыю. Ажыццяўленню іх садзейнічаў перагляд эканам. палітыкі ў бок змяшчэння акцэнтаў у нар.-гасп. развіцці на карысць вытв-сці тавараў нар. ўжытку, павелічэння капіталаўкладанняў у лёгкую і харч. прамысловасць, сельскую гаспадарку. У 1-й пал. 1950-х г. уведзены ў дзеянне заводы падшыпнікавы, гадзіннікавы і буд. матэрыялаў у Мінску, цукровы ў Скідзелі, швейных машын у Оршы, шаўкаткацкая ф-ка ў Віцебску і інш. За 1951—55 пабудавана 1010 прамысл. прадпрыемстваў, у т. л. 150 буйных, аб’ём прамысловасці Беларусі павялічыўся больш чым у 2 разы, а колькасць прадпрыемстваў — толькі на 9%. Павялічыўся асартымент прамысл. вырабаў, наладжаны серыйны выпуск трактароў, грузавых аўтамабіляў, металарэзных станкоў. Пераадолена адставанне лёгкай і харч. прамысловасці, што дазволіла павялічыць амаль удвая вытворчасць тавараў нар. ўжытку. У гэты перыяд праведзены шэраг мерапрыемстваў, скіраваных на аднаўленне матэрыяльнага стымулявання, удасканаленне планавання с.-г. вытворчасці, павышэнне яе самастойнасці: павышаны нарыхтоўча-закупачныя цэны, адменены абавязковыя пастаўкі з уласнай дапаможнай гаспадаркі і інш. У агр. сектары ўпершыню за пасляваен. гады адбыліся пэўныя зрухі, больш стала буйн.-раг. жывёлы, пабольшаў валавы збор с.-г. культур, пашырыліся механізацыя і электрыфікацыя. У параўнанні з 1950 вытворчасць мяса ў калгасах павялічылася на 41%, малака — на 28%, пасяўныя плошчы расшыраны на 540 тыс. га, магутнасць трактарнага парка вырасла ў 2 разы, колькасць збожжавых камбайнаў — у 4,8, грузавых аўтамабіляў — у 2,6 раза. Аднак карэнных змен у развіцці сельскай гаспадаркі не адбылося. Заданні 5-га пяцігадовага плана не былі выкананы па ўсіх асн. паказчыках, а па вытворчасці збожжа, бульбы, пагалоўі кароў, свіней, авечак не быў дасягнуты даваен. ўзровень. У 1958 для павышэння эфектыўнасці агр. вытворчасці былі ліквідаваны МТС, на іх базе створаны станцыі па рамонце с.-г. тэхнікі, а тэхніка перададзена калгасам за выкуп. Але неадкладны выкуп зношанага парка МТС паставіў шматлікія эканамічна слабыя калгасы ў цяжкае фін. становішча.

Грамадска-палітычнае жыццё. Гал. асаблівасцю сав. паліт. сістэмы, якая складалася з Камуніст. партыі, сав. дзяржавы, прафсаюзаў, камсамола, каап. аб’яднанняў, грамадскіх арг-цый, быў яе замкнуты характар. Ядром з’яўлялася Камуніст. партыя. Усе грамадска-паліт. арг-цыі дзейнічалі пад яе непасрэдным кіраўніцтвам.

ВКП(б) (потым КПСС).была не столькі палітычнай, колькі дзярж. арг-цыяй, мела ўсе функцыі заканадаўчай і выканаўчай улады. КП(б)Б з’яўлялася яе састаўной часткай. У 1945—46 пярвічныя парт. арг-цыі створаны на большасці прадпрыемстваў, у шэрагу калгасаў і саўгасаў. На 1.1.1946 у БССР было 48,2 тыс. членаў партыі, а ў пач. 1958—172,7, тыс. Парт. к-ты займаліся падборам і расстаноўкай кадраў. Пад гэты прынцып падпадала выбарчая сістэма ў саміх парт. органах, Саветах, усіх грамадскіх арг-цыях. Выбары павінны былі дэманстраваць поўную згоду мас з парт. ўстаноўкамі. Усе кандыдаты ў дэпутаты вылучаліся са згоды і па рэкамендацыі парт. органаў.

Паводле Канстытуцыі СССР гал. функцыі дзярж. кіраўніцтва і арганізацыі грамадскага жыцця належалі Саветам. У 1947 адбыліся выбары ў Вярх. Савет БССР (абраны 371 дэпутат), у 1948 — у мясц. Саветы (абрана 65 тыс. дэпутатаў). У задачы Саветаў уваходзіла аднаўленне нар. гаспадаркі, адраджэнне гарадоў і вёсак, развіццё культуры і адукацыі, паляпшэнне ўмоў жыцця насельніцтва. Але яны не з’яўляліся сапраўднымі органамі народаўладдзя, а знаходзіліся на службе парт. апарату, які праз камуністаў праводзіў у жыццё свае рашэнні і дырэктывы. Колькасць членаў партыі ў мясц. Саветах пастаянна павялічвалася. Так, у 1948 пасля выбараў у мясц. Саветах Беларусі камуністы складалі 26,68%, у 1950—30,4, у 1953—35,6, у 1955—40,79%. З сярэдзіны 1950-х г. рабіліся спробы павысіць ролю Саветаў у кіраўніцтве краінай і грамадствам. У выніку роля рэсп. і мясц. Саветаў у кіраўніцтве эканомікай і грамадска-паліт. жыццём вырасла, актывізавалася заканадаўчая дзейнасць Вярх. Савета БССР. Ствараліся новыя камісіі па кіраўніцтве гасп. дзейнасцю ў мясц. Саветах.

Прафесійныя саюзы ў пасляваен. гады займаліся ў асн. арганізацыяй працоўных на выкананне вытв. планаў, сац. абарона рабочых і служачых ажыццяўлялася недастаткова. У 1946 у БССР налічвалася больш за 350 тыс. членаў прафсаюзаў (каля 70% агульнай колькасці працаўнікоў). Была адроджана ўся структура прафес. органаў (фабрычна-заводскія і мясц. к-ты, якія арганізоўвалі спаборніцтва працоўных, наладжвалі работу клубаў, дамоў культуры, садзейнічалі тэхн. творчасці, клапаціліся пра жыллёва-быт. ўмовы і інш.). У 1948 створаны Бел. рэсп. савет прафсаюзаў, абласныя саветы і к-ты, гар. і раённыя к-ты прафсаюзаў, адначасова дзейнічалі і галіновыя к-ты. Такім чынам, у будове прафсаюзаў спалучаліся галіновы і вытв.-тэр. прынцыпы, што адпавядала структуры парт. арг-цый. У адпаведнасці з рашэннямі снежаньскага (1957) пленума ЦК КПСС прадугледжваліся меры па павышэнні ролі прафсаюзаў у жыцці сав. грамадства, кіраўніцтве вытворчасцю, абароне правоў і інтарэсаў працоўных. Пад кіраўніцтвам прафсаюзаў на прадпрыемствах сталі дзейнічаць вытв. нарады. Але ўдасканаленне структуры, форм і метадаў іх дзейнасці адбывалася ў рамках адм.-каманднай сістэмы кіравання, якая выключала самастойнасць прафсаюзаў.

У жыцці моладзі вызначальную ролю адыгрываў камсамол (у СССР — ВЛКСМ, у БССР — ЛКСМБ), які займаўся пытаннямі патрыят. выхавання моладзі, яе шэфствам над новабудоўлямі і інш. Спробы перабудовы работы камсамола ў 2-й пал. 1950-х г. не выходзілі за межы структурных змен і ўмацавання ўлады бюракратычнага апарату над моладдзю. У Беларусі існавалі і інш. грамадскія арг-цыі тыпу ДТСААФ, ДНД, дваровыя і вулічныя к-ты, культ., навук.-спарт. і інш. аб’яднанні. Такім чынам, у першыя пасляваен. гады ў СССР і Беларусі захоўвалася паліт. сістэма, якая склалася ў 1920—30-я г. Прыкметай таго, што яна стала менш жорсткай, быў і ўказ Прэзідыума Вярх. Савета СССР ад 26.3.1947 аб скасаванні ў краіне смяротнага пакарання. На працягу 1948—49 у СССР не было вынесена ніводнага смяротнага прысуду. Аднак у студз. 1950 выйшаў новы ўказ, паводле якога смяротнае пакаранне зноў аднаўлялася. Відаць, гэта было звязана з пачаткам працэсаў па т.зв. «ленінградскай справе», па якой больш за 200 парт. і сав. работнікаў асудзілі, а некаторых прыгаварылі да расстрэлу. Актывізаваліся рэпрэсіі і ў Беларусі. Як і ў перадваен. час, да ліст. 1951 іх арганізатарам быў міністр дзярж. бяспекі БССР Л.​Ф.​Цанава. У канцы 1940-х г. ён паспрабаваў расправіцца з С.​В.​Прытыцкім, які ўзначальваў Гродзенскі абком партыі. I толькі дзякуючы прынцыповай пазіцыі ЦК КП(б)Б, найперш яго 1-га сакратара М.​С.​Патолічава, Прытыцкага здолелі абараніць. Шырокую агалоску ў 1951 атрымала т.зв. «справа Саевіча». Міністр асветы БССР П.​В.​Саевіч быў абвінавачаны ў змове з «югаслаўскімі рэвізіяністамі», трацкізме, нацыяналізме, «валютных махінацыях». Ваен. трыбунал БВА прыгаварыў яго да 25 гадоў папраўча-працоўных лагераў. У пасляваен. гады былі зноў рэпрэсіраваны бел. пісьменнікі А.​Александровіч, У.​Дубоўка, А.​Звонак, П.​Пруднікаў. Усяго ў студз. 1953 у лагерах СССР знаходзіліся 2 468 524 вязні. Пры гэтым асуджаныя па паліт. матывах складалі 21%.

Адукацыя, навука, культура. За гады вайны на Беларусі было знішчана каля 7 тыс. будынкаў навучальных устаноў, што значна ўскладніла працэс аднаўлення сістэмы адукацыі. Аднак ужо ў 1945/46 навуч. г. ў рэспубліцы працавала амаль 11 тыс. навуч. устаноў (1,3 млн. вучняў), з якіх 82% былі пачатковымі, 15% — сямігадовымі і толькі 3% — сярэднімі. На бел. мове заняткі вяліся ў 96,5% школ (у Мінску ў 50%). Больш за 40% навуч. устаноў размяшчаліся ў часовых і прыстасаваных памяшканнях. Адраджалася сістэма вячэрняй адукацыі (у 1951 дзейнічала 230 школ рабочай і 714 сельскай моладзі). На працягу 1949—52 уведзена абавязковае сямігадовае навучанне з пераводам выкладання на двухмоўную аснову. Значныя сродкі выдзяляліся на развіццё сярэдняй спец. адукацыі (у сярэдзіне 1950-х г. на Беларусі былі 123 тэхнікумы і вучылішчы). У 1950-я г. істотна скарацілася колькасць пачатковых школ пры адначасовым пашырэнні сярэдніх і сямігадовых навуч. устаноў. У 1955/56 навуч. г. ў рэспубліцы было 11,4 тыс. школ з 1,2 млн. вучняў, але ў гарадах практычна не засталося беларускамоўных школ.

Да канца вайны працу аднавілі 12 ВНУ (з 25), у іх было 600 выкладчыкаў, 5 тыс. студэнтаў. Цэнтрам вышэйшай адукацыі БССР быў Мінск, дзе акрамя 8 даваен. ВНУ (БДУ, ін-ты — пед., мед., політэхн., юрыд., нар. гаспадаркі, фіз. культуры, кансерваторыя) у 1945 адкрыты лесатэхн. (з 1961 тэхналагічны) і тэатральны (з 1953 тэатральна-мастацкі) ін-ты. Асаблівая ўвага звярталася на стварэнне пед. ін-таў, якіх у 1953 у БССР налічвалася 11 — у Гродне (1944), Брэсце (1950), Полацку (1953) і інш. Пры заснаванні новых ВНУ у 1-е пасляваен. дзесяцігоддзе перавага аддавалася спецыяльнасцям, неабходным для развіцця нар. гаспадаркі. Былі адкрыты Гродзенскі с.-г. ін-т (1951), Гомельскі ін-т інжынераў чыг. транспарту (1953), Мінскі ін-т механізацыі і электрыфікацыі сельскай гаспадаркі (1954). Недахоп выкладчыкаў вымушаў запрашаць на працу ў айч. ВНУ спецыялістаў з інш. рэспублік, што паскорыла русіфікацыю бел. вышэйшай школы, вяло да заняпаду вывучэнне нац. гісторыі і культуры (у БДУ нават часова была скасавана кафедра гісторыі Беларусі). Пры гэтым у 1950-я г. 1 студэнт у БССР прыпадаў на 550 чал. (у Украіне на 300).

Нягледзячы на амаль поўнасцю разбураную за час акупацыі доследна-эксперыментальную базу айч. навук. устаноў, ужо ў 1944 у Мінску аднавілі дзейнасць ін-ты гісторыі, эканомікі і сельскай гаспадаркі АН Беларусі. У 1946 працавала 38 навук. устаноў, у т. л. 21 НДІ. Запрашэнне на працу ў АН Беларусі спецыялістаў з вядучых навук. цэнтраў СССР дазволіла істотна павялічыць колькасны склад навук. супрацоўнікаў. У 1955 у 76 навук. установах рэспублікі працавала 4,1 тыс. чал. (125 дактароў і 1354 канд. навук). Былі адкрыты ін-ты філасофіі і права (1947), энергетыкі (1952), фізіялогіі (1953), фізікі і матэматыкі (1955), мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору (1957). Паводле новага (1957) статута АН Беларусі падзялялася на 5 аддзяленняў: грамадскіх, фізіка-тэхн., фізіка-матэматычных, біял., хім. і геал. навук; было 38 акадэмікаў і 28 член-карэспандэнтаў, пад кіраўніцтвам якіх распрацоўвалася 258 навук. тэм (60 мелі агульнасаюзнае значэнне). Навук. праца шэрагу бел. вучоных была высока ацэнена: Дзярж. прэмію СССР атрымалі Г.​В.​Багамолаў (1947, 1952) і П.​І.​Альсмік (1951). За крытыку «лысенкаўскага» кірунку ў развіцці сав. біялогіі і абарону генетыкі ў кастр. 1947 зняты з пасады прэзідэнт АН Беларусі А.​Р.​Жэбрак; член-карэспандэнт А.​М.​Жырмунскі падвергся праследаванню за выступленне на Міжнар. кангрэсе геолагаў.

Актывізацыя знешнепалітычнай дзейнасці БССР. Новы этап знешнепаліт. дзейнасці Беларускай ССР пачаўся ў 1944, калі Вярх. Савет СССР прыняў 1 лютага Закон «Аб прадастаўленні саюзным рэспублікам паўнамоцтваў у галіне знешніх зносін і аб пераўтварэнні ў сувязі з гэтым Народнага камісарыята замежных спраў з агульнасаюзнага ў саюзна-рэспубліканскі народны камісарыят». У выніку саюзныя рэспублікі атрымалі права ўступаць у непасрэдныя зносіны з замежнымі дзяржавамі, заключаць з імі пагадненні і абменьвацца дыпламат. і консульскімі прадстаўнікамі. Адначасова прыняты законы аб стварэнні вайсковых фарміраванняў саюзных рэспублік, аб скасаванні ўпраўленняў упаўнаважаных НКЗС СССР пры СНК саюзных рэспублік. На Беларусі такое ўпраўленне, створанае ў 1923 замест ліквідаванага тады рэсп. НКЗС, фактычна спыніла сваю дзейнасць у пач. 1930-х г. У сак. 1944 6-я сесія Вярх. Савета БССР, якая сабралася ў нядаўна вызваленым ад акупантаў Гомелі, абмеркавала пытанне аб стварэнні саюзна-рэсп. наркаматаў замежных спраў і абароны. У дакладзе Старшыні Прэзідыума Вярх. Савета БССР Н.​Я.​Наталевіча падкрэслівалася, што пашырэнне правоў саюзных рэспублік у галіне абароны і знешніх зносін з’яўляецца важным крокам у развіцці бел. дзяржаўнасці, адзначалася вялікае практычнае значэнне выхаду Беларусі на міжнар. арэну. Ён вылучыў 3 асноватворныя прынцыпы будучай знешнепаліт. дзейнасці рэспублікі: БССР выходзіць на міжнар. арэну як самастойная дзяржава ў складзе Саюза ССР; у сваёй знешняй палітыцы яна будзе абапірацца на ўзрастаючую гасп., паліт. і культурную моц усяго СССР; на міжнар. арэне Беларусь зойме належнае ёй месца, бо па ўзроўні прамысловай і с.-г. вытворчасці, культурнага развіцця, багатай гіст. мінуўшчыны, колькасці насельніцтва і тэрыторыі яна з поспехам вытрымлівае параўнанні з многімі дзяржавамі Еўропы і інш. кантынентаў. Наталевіч сфармуляваў бліжэйшыя мэты і задачы знешняй палітыкі Беларусі: рабіць усё магчымае для хутчэйшай перамогі над фашызмам і рыхтаваць рахунак Германіі за страты, якія Беларусь панесла ў гады вайны; умацоўваць палітыку міру, наладжваць і пашыраць сувязі з усімі свабодалюбівымі краінамі, найперш з дзяржавамі, саюзнымі па антыгітлераўскай кааліцыі; усталяваць дружалюбныя і добрасуседскія адносіны з Польшчай. У дакладзе былі вызначаны прынцыпы, мэты і задачы знешнепаліт. дзейнасці, якімі рэспубліка збіралася кіравацца ў перыяд заканчэння вайны і пасляваен. гады. 24.3.1944 Вярх. Савет БССР прыняў Закон «Аб стварэнні саюзна-рэспубліканскага Народнага камісарыята замежных спраў Беларускай ССР». У адпаведнасці з ім Канстытуцыя БССР 1937 дапоўнена арт. 16а, паводле якога рэспубліка атрымала права ўступаць у непасрэдныя зносіны з замежнымі дзяржавамі, заключаць з імі пагадненні і абменьвацца дыпламат. і консульскімі прадстаўнікамі. Змены, што тычыліся знешнепаліт. паўнамоцтваў вышэйшых органаў дзярж. улады, былі ўнесены і ў інш. артыкулы Канстытуцыі БССР. 30.3.1944 нам. Старшыні СНК БССР К.​В.​Кісялёў прызначаны наркомам замежных спраў Беларусі. У 1946 НКЗС перайменаваны ў Мін-ва замежных спраў БССР. Гал. прычынай прадастаўлення, а дакладней вяртання, саюзным рэспублікам знешнепаліт. правоў былі разлікі тагачаснага сав. кіраўніцтва атрымаць у асобе 16 саюзных рэспублік СССР дадатковыя галасы ў Арг-цыі Аб’яднаных Нацый (ААН) і на пасляваен. міжнар. канферэнцыях.

Першы этап знешнепаліт. дзейнасці БССР пасля аднаўлення НКЗС ахоплівае 1944—53. Гэта час другога (пасля 1918—22) выхаду Беларусі на міжнар. арэну, фарміравання асн. кірункаў дыпламат. актыўнасці Беларусі, станаўлення яе дыпламат. школы. У апошнія ваен. і першыя пасляваен. гады знешнепаліт. дзейнасць БССР была асабліва актыўная і прыкметная. Дэлегацыя Беларусі ўдзельнічала ў працы Падрыхтоўчай камісіі ААН у Лондане (ліст.—снеж. 1945), 1-й і наступных сесій Ген. Асамблеі ААН, была абрана ў 1946 у члены Эканам. і Сац. Савета. Па ініцыятыве бел. дэлегацыі ў лют. 1946 прынята адна з першых рэзалюцый Ген. Асамблеі — аб выдачы і пакаранні ваен. злачынцаў. На працягу 1946—48 Беларусь прынята ў 4 спецыялізаваныя ўстановы ААН: Міжнар. саюз электрасувязі, Сусв. паштовы саюз, Сусв. метэаралагічную арг-цыю, Сусв. арг-цыю аховы здароўя (СААЗ). Аднак актыўнага ўдзелу ў іх працы не прымала, а з пачаткам «халоднай вайны» засяродзілася на канфрантацыі з зах. дзяржавамі. У 1949 дэлегацыі СССР, УССР, БССР і інш. краін Усх. Еўропы па распараджэнні саюзнага кіраўніцтва пакінулі СААЗ і працягвалі ўдзельнічаць толькі ў 3 з 11 спецыялізаваных устаноў ААН. У 1948 бел. дэлегацыя ўстрымалася ў ліку 8 дэлегацый у час прыняцця Усеаг. дэкларацыі правоў чалавека, у 1950 байкатавала працу Ген. Асамблеі і астатніх органаў і камітэтаў ААН. Пазіцыя БССР па ўсіх пытаннях парадку дня Ген. Асамблеі і інш. органаў ААН дыктавалася неабходнасцю строгага выканання дырэктыў Палітбюро ЦК ВКП(б)—КПСС і асабіста І.​В.​Сталіна.

У 1946—53 дэлегацыя БССР унесла ў розныя органы ААН 21 прапанову, з якіх, аднак, былі прыняты толькі 3. У прыватнасці адхілены неаднаразовыя бел. прапановы па праблемах бежанцаў, перамешчаных асоб, апатрыдаў (асоб без грамадзянства) і беспадданых, якія прадугледжвалі прымусовую рэпатрыяцыю грамадзян Беларусі і асоб бел. нацыянальнасці. СССР, УССР і БССР галасавалі супраць стварэння Міжнар. арг-цыі па справах бежанцаў і Упраўлення Вярх. камісара ААН па справах бежанцаў, адмовіліся ўдзельнічаць у іх працы і падпісаць Канвенцыю аб статусе бежанцаў ад 25.7.1951. Да канца 1950-х г. БССР падпісала 54 міжнар. дагаворы, канвенцыі і пагадненні, у т. л. Канвенцыю аб папярэджанні генацыду і пакаранні за яго (1948), Жэнеўскія канвенцыі аб абароне ахвяр вайны (1949). Амаль усе яны былі шматбаковымі і заключаліся ў рамках ААН і яе спецыялізаваных устаноў.

8.2.1947 Кісялёў выступіў з заявай урада БССР па германскім пытанні на нарадзе намеснікаў Савета Міністраў замежных спраў (СМЗС) у Лондане. У заяве патрабавалася ад Германіі выплаціць рэпарацыю на карысць Беларусі ў суме 1,5 млрд. долараў, што складала не больш за 10% ад агульнай сумы яе страт у гады вайны. Бел. ўрад выступаў за дэмілітарызацыю, дэмакратызацыю і дэнацыфікацыю Германіі, супраць яе расчлянення, але за ўстанаўленне кантролю над яе паліт. і эканам. жыццём з боку 4 дзяржаў-пераможцаў. У парадку разлікаў па рэпарацыях з Германіі на Беларусь вывезены 182 прадпрыемствы (больш за 30 тыс. адзінак абсталявання). 16.4.1948 Кісялёў выступіў на нарадзе намеснікаў СМЗС з заявай урада БССР па пытанні аб былых італьянскіх калоніях.

Статус паўнапраўнага члена ААН дазволіў Беларусі прыняць удзел у Парыжскай мірнай канферэнцыі (29.7—15.10.1946), прысвечанай распрацоўцы мірных дагавораў дзяржаў-пераможцаў з былымі саюзнікамі фаш. Германіі (Італіяй, Румыніяй, Балгарыяй, Венгрыяй і Фінляндыяй). У рабоце канферэнцыі ўдзельнічалі дэлегацыі 21 дзяржавы, якія зрабілі найб. ўклад у перамогу над фаш. кааліцыяй, у т. л. СССР, УССР і БССР. У склад дэлегацыі БССР уваходзілі 7 паўнамоцных дэлегатаў (Кісялёў — кіраўнік, А.​Г.​Бондар, П.​В.​Лютаровіч, А.​А.​Чыжоў, Ф.​П.​Шмыгаў, Г.​Г.​Навіцкі, В.​І.​Фясько) і 2 прадстаўнікі (Н.​П.​Новак і У.​М.​Яшумаў). Бел. дэлегацыя, якая дзейнічала ў адпаведнасці з агульнасаюзнай лініяй і падзелам працы паміж 3 сав. дэлегацыямі, падтрымлівала праекты мірных дагавораў і выступала са сваімі прапановамі і заўвагамі. Члены дэлегацыі ўдзельнічалі ў рабоце 10 камісій, зрабілі 50 выступленняў у камісіях і на пленарных пасяджэннях канферэнцыі. Беларусь была абрана ў склад мандатнай камісіі, а Кісялёў узначальваў камісію па паліт. і тэр. пытаннях для Балгарыі і выступаў у абарону яе інтарэсаў. У італьянскай камісіі бел. дэлегацыя прапанавала свой варыянт італа-югаслаўскай граніцы, які прадугледжваў адыход да Югаславіі спрэчных тэрыторый са слав. насельніцтвам, аднак большасцю галасоў «беларуская лінія» была адхілена. Не прайшла і бел. папраўка аб удакладненні мяжы паміж Югаславіяй і Трыестам. Бел. дэлегацыя выказалася ў падтрымку ’рэпарацыйных патрабаванняў сав. ўрада да былых саюзнікаў фаш. Германіі, аднак не ставіла пытанне пра задавальненне рэпарацый непасрэдна на карысць Беларусі. У атмасферы вострай паліт. і дыпламат. барацьбы паміж сав. і зах. блокамі прадстаўнікі БССР часам праяўлялі спрошчаны, прапанаваны з Масквы, падыход да вырашэння канкрэтных пытанняў мірнага ўрэгулявання, выступалі супраць выкарыстання Міжнар. суда для вырашэння спрэчак адносна тлумачэння ці выканання мірных дагавораў з былымі саюзнікамі Германіі. У час канферэнцыі і пасля яе завяршэння кіраўніцтва Балгарыі і Югаславіі выказвала падзяку дэлегацыі Беларусі за адстойванне інтарэсаў гэтых дзяржаў. Тэксты гэтых мірных дагавораў канчаткова ўзгоднены ў ліст.—снеж. 1946 на сесіі СМЗС — СССР, ЗША, Вялікабрытаніі і Францыі ў Нью-Йорку. 10.2.1947 міністр замежных спраў БССР Кісялёў падпісаў у Парыжы мірныя дагаворы з Балгарыяй, Венгрыяй, Румыніяй, Італіяй і Фінляндыяй. 13.9.1947 Прэзідыум Вярх. Савета БССР ратыфікаваў іх.

Членства БССР у ААН дазволіла рэспубліцы атрымаць міжнар. дапамогу з боку Адміністрацыі дапамогі і аднаўлення Аб’яднаных Нацый (ЮНРРА), якая ў 1943—47 дзейнічала з мэтай аказання дапамогі ў аднаўленні эканомікі краінам, што пацярпелі ад дзяржаў фаш. «восі» ў выніку 2-й сусв. вайны. 18.12.1945 у Вашынгтоне падпісана пагадненне паміж урадам БССР і ЮНРРА аб пастаўках тавараў, абсталявання і харчавання ў Беларусь на суму 61 млн. дол. да 30.6.1946 (пазней яго тэрмін прадоўжаны да 31 снежня). Праграма паставак ЮНРРА для Беларусі выконвалася з канца 1945 да 31.3.1947 (некаторыя тавары паступалі і пасля яе заканчэння). Беларусь атрымала тавараў на суму 60 820 000 дол. агульнай вагой каля 142 тыс. т. На падставе пагаднення ў Мінску дзейнічала місія ЮНРРА, якая назірала за размеркаваннем паставак. Асн. катэгорыямі паставак былі харч. тавары, прамысл. і с.-г. абсталяванне, адзенне і абутак, мед. абсталяванне і лекі. Большую частку складалі тавары з ЗША. Памер атрыманай Беларуссю дапамогі складаў 2,6% паставак ЮНРРА для Еўропы ў доларах і 0,9% у вазе. Дапамога ЮНРРА, нягледзячы на ўсю яе эканам. і маральна-паліт. значнасць, задавальняла толькі самыя неабходныя патрэбы рэспублікі.

Яскравай праявай знешнепаліт. дзейнасці Беларусі было пагадненне паміж урадам БССР і Польскім к-там нац. вызвалення (ПКНВ) ад 9.9.1944 аб эвакуацыі бел. насельніцтва з тэр. Польшчы і польскіх грамадзян з тэр. Беларусі. Яго падпісалі старшыні СНК БССР П.​К.​Панамарэнка і ПКНВ Э.​Асубка-Мараўскі. Пагадненне датычылася рэпатрыяцыі бел. і польскага насельніцтва ў сувязі са зменай савецка-польскай граніцы ў выніку падпісання адпаведнага дагавора 16.8.1945. У адпаведнасці з пагадненнем рэпатрыяцыі падлягалі ўсе грамадзяне бел., укр., рус. і русінскай нацыянальнасцей, што пражывалі на тэр. Польшчы (на З ад «Керзана лініі») і жадалі перасяліцца на Беларусь, а таксама ўсе палякі і яўрэі, якія былі ў польскім грамадзянстве да 17.9.1939, пражывалі ў Зах. Беларусі і жадалі перасяліцца ў Польшчу. Асн. хваля рэпатрыяцыі адбылася ў 1944—46. У 1944—48 у Польшчу з СССР перасяліліся 1 417 583 чал., у т. л. з Украіны амаль 788 тыс. (каля 52%), Беларусі 274 163 (18%). Пераважная частка перасяленцаў накіроўвалася на зах. землі Польшчы, якія яна атрымала за кошт тэр. Германіі паводле Патсдамскіх пагадненняў 1945. Паміж урадамі СССР і Польшчы 6.7.1945 падпісана пагадненне аб праве на выхад з сав. грамадзянства асоб польскай і яўр. нацыянальнасцей, што пражывалі ў СССР, аб іх эвакуацыі ў Польшчу і аб праве на выхад з польскага грамадзянства асоб рус., укр., бел., русінскай і літоўскай нацыянальнасцей, якія пражывалі на тэр. Польшчы, і аб іх выездзе ў СССР. Гэта пагадненне датычыла гал. чынам палякаў і яўрэяў, дэпартаваных у аддаленыя раёны СССР у 1939—41. Усяго ў Польшчу, паводле падліку бел. эмігранцкага гісторыка М.​Волаціча, у 1944—49 пераселена 674 тыс. выхадцаў з бел. этнічнай тэрыторыі (з улікам Віленшчыны і тых, хто пераехаў з інш. краін), у т. л. 120 тыс. палякаў, 469 тыс. беларусаў (пераважна католікаў, якія падалі сваю нацыянальнасць як польскую), 85 тыс. яўрэяў. З Польшчы ў СССР за перыяд з вер. 1944 да снеж. 1946 перасялілася 518 219 чал., у т. л. ў БССР 35 961 чал. Кіраўніцтва БССР аддавала значную ўвагу пытанням перасялення. У 1944—46 на пасяджэннях бюро ЦК КП(б)Б яны разглядаліся 16 разоў, прынята 5 сумесных пастаноў СНК БССР і ЦК КП(б)Б. Парт.-дзярж. кіраўніцтва БССР неаднаразова звяртала ўвагу парт. і сав. органаў на сур’ёзныя недахопы ў правядзенні перасяленчай кампаніі, у т. л. на рэгістрацыю беларусаў-католікаў на выезд у Польшчу, факты безгаспадарнасці і бяздушныя адносіны да беларусаў, якія прыбывалі з Польшчы. Пасля заканчэння рэпатрыяцыі ў СССР засталося каля 680 тыс. т.зв. «забужанскіх» палякаў, у т. л. 250 тыс. жыхароў Беларусі. 25.3.1957 у Маскве падпісана пагадненне аб тэрмінах і парадку далейшай рэпатрыяцыі з СССР асоб польскай нацыянальнасці.

Сав. ўрад выказаў гатоўнасць садзейнічаць добраахвотнай рэпатрыяцыі палякаў, якія мелі сем’і ў Польшчы, а таксама тых, хто раней не змог скарыстацца правам на рэпатрыяцыю, сваякам рэпатрыянтаў у СССР.

Паводле дагавора паміж СССР і Польшчай аб сав.-польскай дзярж. граніцы ад 16.8.1945 сав. ўрад перадаў Польшчы са складу БССР Беластоцкую вобл. і частку Белавежскай пушчы. Ад БССР адыходзілі 17 раёнаў Беластоцкай вобл. з г. Беласток і 3 раёны Брэсцкай вобл. Польскі бок перадаваў БССР 15 вёсак, населеных пераважна беларусамі. Ад Беларусі была адрэзана тэрыторыя плошчай 14,3 тыс. км² з насельніцтвам каля 638 тыс. чал. (паводле польскага перапісу 1946). Дэмаркацыя граніцы завяршылася ў крас. 1947. Да 1955 бел.-польская граніца, паводле рашэнняў сав. ўрада, перасоўвалася на У 4 разы. Падрыхтоўка, падпісанне і ратыфікацыя дагавора былі зроблены без удзелу ўпаўнаважаных прадстаўнікоў Беларусі, чые інтарэсы ён непасрэдна закранаў. Беларусь і Украіна не мелі дыпламат. адносін з замежнымі дзяржавамі. У 1945 сав. ўрад не падтрымаў прапанову польскага боку пра адкрыццё консульстваў Польшчы ў Кіеве, Мінску і Вільнюсе.

Пасля смерці Сталіна і прыходу да ўлады новага кіраўніцтва, асабліва пасля XX з’езда КПСС (1956) знешнепаліт. дыктат цэнтра ў адносінах да саюзных рэспублік аслабеў, пашырыліся магчымасці ўдзелу Беларусі ў міжнар. жыцці. У 1958 адкрыта пастаяннае прадстаўніцтва БССР пры ААН у Нью-Йорку, у 1962 — пры Еўрап. аддзяленні ААН у Жэневе, пры ЮНЕСКА у Парыжы; пашырылася і кола спецыялізаваных устаноў ААН, у якія разам з СССР і Украінай уступіла Беларусь. У 1954 яна стала членам Міжнар. арг-цыі працы і ЮНЕСКА, у 1957 — МАГАТЭ, пачала ўдзельнічаць у праграмах тэхн. дапамогі ААН слабаразвітым краінам. Аднак для знешнепаліт. дзейнасці БССР было ўласціва прамаруджванне ў далучэнні да асобных міжнар. пактаў ці іх ратыфікацыі, неадпаведнасць рэсп. заканадаўства пэўным палажэнням міжнар. пактаў (асабліва па правах чалавека). У 1953 пры Савеце Міністраў БССР створана Упраўленне па замежным турызме. У 1955 Беларусь наведалі першыя групы іншаземных турыстаў, больш за 100 яе пасланцоў пабывалі за мяжой. Пачало функцыянаваць Бел. аддзяленне Усесаюзнай гандл. палаты. Аднак гандл. сувязі былі невялікія па памерах і асартыменце. Экспартныя пастаўкі з Беларусі ў гэты час уключалі 15—18 таварных пазіцый, большасць якіх прыпадала на сыравіну. Толькі з сярэдзіны 1950-х г. у экспарце павялічылася доля машын і абсталявання. Напр., Фінляндыя ў 1955 набыла 25 трактароў Мінскага з-да; у 1956 больш за 100 прадпрыемстваў рэспублікі пастаўлялі сваю прадукцыю ў 47 краін. Асн. частка прадукцыі бел. прадпрыемстваў накіроўвалася краінам — членам Савета Эканам. Узаемадапамогі (СЭУ), прыкладна ​1/3 яе — усім астатнім дзяржавам.

З сярэдзіны 1950-х г. развіваліся сувязі прыгранічных, а пазней — і ўнутраных абласцей, краёў, гарадоў, раёнаў на аснове дагавораў аб супрацоўніцтве з аналагічнымі адм.-тэр. адзінкамі краін — членаў СЭУ. У 1956 Гродзенская і Брэсцкая вобл. першыя заключылі пагадненні з прыгранічнымі Беластоцкім і Люблінскім ваяв. Польшчы. Па лініі мясц. органаў улады новы імпульс набылі сувязі параднёных гарадоў СССР, у т. л. і БССР, і замежных дзяржаў. Першымі былі Мінск і Нотынгем (Вялікабрытанія), якія сталі пабрацімамі ў 1957. Актывізацыі міжнар. кантактаў насельніцтва садзейнічала стварэнне новых грамадскіх арг-цый. К-т маладзёжных арг-цый БССР, засн. ў 1958, наладзіў сувязі з саюзамі і аб’яднаннямі моладзі больш як 20 краін свету. Падтрымліваючы міжнар. рух прыхільнікаў міру, Бел. к-т абароны міру (засн. ў 1951) і працоўныя рэспублікі сталі ўдзельнікамі многіх акцый, што праводзіліся на тэр. рэспублікі: мітынгаў, міжнар. сустрэч, кангрэсаў. Пашырыліся функцыі і сац. база Бел. т-ва культурных сувязей з заграніцай (засн. ў 1952, у 1958 рэарганізавана ў Бел. т-ва дружбы і культурнай сувязі з замежнымі краінамі). Хоць сфера знешнепаліт. дзейнасці БССР (як і УССР) была шырэйшая, чым інш. саюзных рэспублік, але практычна ўсе пытанні адносін з замежнымі дзяржавамі, міжнар. арг-цыямі вырашаліся сав. урадам і саюзнымі органамі.

Расшырэнне правоў БССР. У першыя пасляваен. гады дзейнасць заканадаўчых органаў засяроджвалася найперш на адраджэнні нар. гаспадаркі рэспублікі. У гэтых умовах грамадзянскае права было скіравана на ўмацаванне дзярж. уласнасці, планавага пачатку ў нар. гаспадарцы, удасканаленне прававых форм эканам. сувязей паміж гасп. арг-цыямі. Напр., пытанні, звязаныя з устанаўленнем дагаворных адносін, урэгуляваны пастановай Савета Міністраў СССР ад 21.4.1949 «Аб заключэнні гаспадарчых дагавораў», дзе падкрэслівалася неабходнасць заключэння дагавораў, па якіх прадпрыемствы абавязваліся афармляць гасп. сувязі па пастаўках прадукцыі. З 1950 гэтыя дагаворы заключаліся ў нарматыўна ўстаноўленыя тэрміны.

Было некалькі пашырана права асабістай уласнасці. У адпаведнасці з указам Прэзідыума Вярх. Савета СССР «Аб праве грамадзян на куплю і будаўніцтва індывідуальных жылых дамоў» ад 26.8.1948, грамадзяне маглі купіць або пабудаваць 1 - ці 2-павярховы дом з 1—5 пакоямі. У сувязі з тым, што гэты дакумент устанаўліваў адзіную норму для ўсяго СССР, Прэзідыум Вярх. Савета БССР указам ад 4.3.1949 прыняў нормы Грамадзянскага кодэкса БССР аб праве грамадзян на куплю і будаўніцтва жылога дома. У вер. 1953 забаронена адм. высяленне грамадзян з ведамасных дамоў, за выключэннем выпадкаў, прадугледжаных законам.

Адбыліся змены і ў грамадзянска-працэсуальным заканадаўстве. Указам Прэзідыума Вярх. Савета БССР ад 24.7.1946 удакладнены правамоцтвы нар. судоў. З гэтага часу разгляду нар. суда падлягалі ўсе справы па спрэчках, што ўзнікалі з грамадзянскіх адносін: калі адным ці абодвума бакамі былі прыватныя асобы; дзярж. і грамадскіх арг-цый паміж сабой па камунальных паслугах; калгасаў паміж сабой і з дзярж. і грамадскімі арг-цыямі (акрамя зямельных спрэчак калгасаў), аб працоўных канфліктах рабочых і служачых. Адпаведныя змены ў 1955 унесены ў Грамадзянска-працэсуальны кодэкс. Цяпер па спрэчках паміж дзярж., каап. (акрамя калгасаў) і інш. грамадскімі арг-цыямі нар. суды разглядалі толькі справы, што вынікалі з дагавораў аб карыстанні камунальнымі паслугамі на суму больш за 100 руб., а з дагавораў перавозак — на суму ад 100 да 1000 руб.

На аснове пастановы Савета Міністраў БССР ад 8.4.1946 Дзярж. арбітраж рэспублікі праводзіў абследаванне і інструктаж мясц. органаў, інструктаваў ведамасныя арбітражы. Органы арбітражу ўзмацнілі барацьбу з парушэннямі фін., планавай і дагаворнай дысцыпліны ў дзейнасці гасп. арг-цый, паведамлялі Савету Міністраў, аблвыканкомам, мін-вам і ведамствам пра выяўленыя недахопы ў рабоце дзярж. органаў і прадпрыемстваў, уносілі прапановы па іх устараненні, у неабходных выпадках даводзілі да ведама органаў пракуратуры аб парушэннях закона для прыцягнення вінаватых да адказнасці.

Зямельнае права рэгулявалася рэсп. заканадаўствам і тычылася гал. чынам сферы с.-г. землекарыстання. З пач. узбуйнення дробных калгасаў у 1950 устаноўлена, што зямельныя ўгоддзі аб’яднаных с.-г. арцелей злучаюцца ў адзіны зямельны масіў. У сувязі з масавай калектывізацыяй сельскай гаспадаркі ў зах. абласцях Беларусі ўдакладнялася прававое рэгуляванне прысядзібнага землекарыстання калгаснікаў і сялян-аднаасобнікаў. У 1955 уведзены абавязковы дзярж. ўлік наяўнасці і размеркавання зямлі па ўгоддзях і землекарыстальніках, дзярж. рэгістрацыя ўсіх землекарыстанняў па адзінай агульнасаюзнай сістэме. Уліку падлягалі ўсе землі, якія знаходзіліся ў карыстанні калгасаў, саўгасаў, гарадоў і вёсак, дзярж., каап. і грамадскіх устаноў, прадпрыемстваў і арг-цый, аднаасобных сял. гаспадарак і асобных грамадзян, а таксама землі дзярж. зямельнага запасу і дзярж. ляснога фонду.

Крымінальнае заканадаўства Беларусі значна ўзмацняла барацьбу з цяжкімі злачынствамі і павышала крымінальную адказнасць за іх учыненне, адначасова звужала сферу крымінальных рэпрэсій за дробныя правіннасці. Указам Прэзідыума Вярх. Савета СССР ад 26.5.1947 адменена смяротная кара, а ў якасці вышэйшай меры пакарання прадугледжвалася зняволенне на 25 гадоў у папраўча-працоўны лагер. Аднак 12.1.1950 смяротнае пакаранне адноўлена ў адносінах да здраднікаў радзімы, шпіёнаў і дыверсантаў, а ў 1954 пашырана і на асоб, што ўчынілі наўмысныя забойствы пры абцяжваючых абставінах. У 1950-я г. пачалося звужэнне сферы крымінальнай адказнасці. Так, у 1955 адменена крымінальная адказнасць за самавольны праезд у таварных цягніках, за продаж, абмен і водпуск на бок кіраўнікамі прадпрыемстваў і арг-цый абсталявання і матэрыялаў; у 1956 — у адносінах да рабочых і служачых за самавольнае пакіданне прадпрыемстваў і ўстаноў, прагул без уважлівай прычыны. 25.12.1958 Вярх. Савет СССР прыняў Асновы крымінальнага заканадаўства Саюза ССР і саюзных рэспублік, у якім рэгламентаваліся найб. важныя пытанні сав. крымінальнага заканадаўства. Такім чынам, у пасляваенны перыяд заканадаўства развівалася ў рэчышчы ўмацавання пазіцый дзяржавы ва ўсіх сферах праваадносін. Галоўным у тагачаснай заканадаўчай палітыцы было аднаўленне нар. гаспадаркі і скасаванне шэрагу законаў ваен. часу.

У вер. 1946 Вярх. Савет БССР зацвердзіў 1-ы пасляваен. пяцігадовы план аднаўлення і развіцця нар. гаспадаркі рэспублікі на 1946—50, а таксама ўказы Прэзідыума Вярх. Савета «Аб пераўтварэнні Савета Народных Камісараў БССР у Савет Міністраў БССР», «Аб утварэнні новых саюзна-рэспубліканскіх міністэрстваў» і інш. 9.2.1947 адбыліся выбары ў Вярх. Савет БССР, які адпаведна выбраў новы Прэзідыум Вярх. Савета, стварыў урад і Вярх. суд рэспублікі, рэдакцыйную камісію па ўнясенні змен і дапаўненняў у Канстытуцыю Беларускай ССР, прыняў 55 розных актаў, у т. л. 15 законаў, 27 пастаноў па пытаннях фарміравання цэнтр. органаў дзярж. улады. У ліп. 1947 Вярх. Савет прыняў Закон «Аб змяненні і дапаўненні тэксту Канстытуцыі БССР», у адпаведнасці з якім за вышэйшымі органамі дзярж. улады замацавана права на прыняцце заканадаўства аб шлюбе і сям’і, зацвярджэнне справаздачы аб выкананні дзяржбюджэту БССР, унясенне ўдакладненняў у гарантыі правоў грамадзян на адпачынак, адукацыю і інш. Актыўную работу праводзіў Прэзідыум Вярх. Савета БССР, у складзе якога дзейнічалі канцылярыя Прэзідыума, прыёмная Старшыні Прэзідыума, а таксама аддзелы: інфармац.-статыстычны, юрыд., па ўліку і рэгістрацыі ўзнагароджаных, па падрыхтоўцы да разгляду хадайніцтваў аб памілаванні, фін.-гаспадарчы. На працягу 1946—55 ён кіраваў арганізац.-масавай работай мясц. Саветаў, зацвярджаў палажэнні аб выбарах, прымаў указы аб парадку іх правядзення, вырашаў пытанні адм.-тэр. падзелу ў рэспубліцы, ратыфікаваў міжнар. дагаворы, вырашаў міжнар.-прававыя пытанні і інш.

Пасля XX з’езда КПСС (лют. 1956) праца вышэйшых органаў дзярж. улады Беларусі актывізавалася. Прэзідыум Вярх. Савета стаў склікаць сесіі ў адпаведнасці з патрабаваннямі Канстытуцыі — не радзей як 2 разы на год. У яго заканадаўчай дзейнасці пачала выяўляцца агульнасаюзная тэндэнцыя пашырэння правоў саюзных рэспублік у вырашэнні пытанняў гасп. і сац.-культ. будаўніцтва. Пашырыліся кантрольна-наглядная і гасп. функцыі Вярх. Савета БССР, створаны новыя камісіі: заканадаўчых прапаноў, па замежных справах, мандатная; у 1957 — па нар. адукацыі і культ.-асв. рабоце, ахове здароўя і сац. забеспячэнні, жыллёвым будаўніцтве, сельскай гаспадарцы. У адпаведнасці з Канстытуцыяй БССР на кожнай сесіі Вярх. Савета новага склікання фарміраваўся склад урада — Савета Міністраў БССР. Гал. звёнамі яго апарату былі групы па галінах нар. гаспадаркі і сац.-культ. будаўніцтве (13 у 1949), 5 аддзелаў (арганізац.-інструктарскі, ваенны, прававы, кадраў, агульны) і сакратарыяты; у крас. 1949 арганізаваны групы па штатах і кантролі, у 1950 — па ўзнагароджанні перадавікоў сельскай гаспадаркі. У студз. 1955 у апараце Савета Міністраў БССР замест груп створаны 15 галіновых аддзелаў. 18.7.1955 апарат Савета Міністраў рэарганізаваны: галіновыя аддзелы скасаваны, замест іх створана рэферантура па мін-вах і ведамствах. У 1957 у краіне ажыццёўлена перабудова кіравання прамысловасцю і будаўніцтвам. У адпаведнасці з Законам СССР ад 10.5.1957 «Аб далейшым удасканаленні арганізацыі кіравання прамысловасцю і будаўніцтвам» з мэтай больш аператыўнага кіравання нар. гаспадаркай на Беларусі створаны эканам.-адм. раён, кіраўніцтва нар. гаспадаркай рэспублікі ад саюзна-рэсп. мін-ваў і ведамстваў перайшло да Савета нар. гаспадаркі БССР.

Асновай судовай сістэмы з’яўляліся нар. суды, на якія былі ўскладзены задачы па ахове сацыяліст. уласнасці, правоў і законных інтарэсаў грамадзян, умацаванні законнасці і правапарадку. На Беларусі нар. суды дзейнічалі ў кожным адм. раёне (горадзе), у буйных раёнах і гарадах стваралася некалькі ўчасткаў нар. судоў. У ліп. 1947 Савет Міністраў БССР зацвердзіў 262 участкі нар. судоў; да 1.11.1948 дадаткова створана 11 участкаў. Нар. суды разглядалі большасць крымінальных і грамадзянскіх спраў. Значна пашыраны паўнамоцтвы абласных судоў і Вярх. суда рэспублікі. У 1948 пры Вярх. судзе БССР створана калегія, якая разглядала справы аб дысцыплінарных парушэннях старшынь і членаў абласных судоў. У 1954 у Вярх. судзе ўтвораны прэзідыум, які ў парадку нагляду разглядаў крымінальныя і грамадзянскія справы па пратэстах Ген. пракурора СССР, Старшыні Вярх. Савета СССР, пракурора і старшыні Вярх. суда БССР на прыгаворы судовых калегій Вярх. суда БССР. 12.2.1957 Вярх. Савет СССР прыняў палажэнне аб Вярх. судзе СССР, паводле якога павышалася роля Вярх. судоў саюзных рэспублік у ажыццяўленні нагляду за разглядам спраў судамі рэспублік. У адпаведнасці з Палажэннем аб пракурорскім наглядзе ў кастр.—ліст. 1955 на Беларусі створаны міжраённыя пракуратуры, якія дзейнічалі на тэр. 2—3 адм. раёнаў. У канцы 1958 на Беларусі дзейнічалі раённыя, міжраённыя, гар. пракуратуры, пракуратура Мінска, абл. пракуратуры, пракуратура рэспублікі. Такім чынам, у пасляваен. перыяд заканадаўчая дзейнасць Вярх. Савета БССР і распарадчыя функцыі Савета Міністраў рэспублікі актывізаваліся. Але яны будаваліся на аснове заканатворчасці Саюза ССР. Суд і пракуратура выконвалі тыя пастановы, якія зыходзілі ад вышэйшых агульнасаюзных органаў: ЦК КПСС, Вярх. Савета СССР, Вярх. суда СССР, Ген. пракуратуры СССР.

Літ.:

Купрэвіч В.Ф. Акадэмія навук Беларускай ССР. Мн., 1958;

Белорусская ССР в международных отношениях: Междунар. договоры, конвенции и соглашения Бел. ССР с иностр государствами (1944—1959). Мн., 1960;

Экономика Советской Белоруссии, 1917—1967. Мн., 1967;

Белязо А.П. Беларуская вёска ў пасляваенныя гады. Мн., 1974;

Киселев К.В. Записки советского дипломата. М., 1974;

Гісторыя Беларускай ССР. Т. 5. Мн., 1975;

История государства и права Белорусской ССР. Т. 2. Мн., 1976;

Снапковский В.Е. Белорусская ССР в ООН (1945—1985 гг.). Мн., 1985;

Яго ж. Путь Беларуси в ООН, 1944—45 гг. Мн., 1994;

Яго ж. Знешнепалітычная дзейнасць Беларусі ў 1944—1953 гг. Мн., 1997;

Экономика Белоруссии в период послевоенного возрождения. Мн., 1988;

На пороге кризиса: нарастание застойных явлений в партии и обществе. Мн., 1990;

Осипов А.Г. Крах административно-командной системы, М., 1990;

Юхо Я.А. Кароткі нарыс гісторыі дзяржавы і права Беларусі. Мн., 1992;

Яго ж. Гісторыя дзяржавы і права Беларусі. Мн., 2000;

Нарысы гісторыі Беларусі, Ч. 2. Мн., 1995;

Вішнеўскі А.Ф. Гісторыя дзяржавы і права Беларусі. Мн., 2000;

Знешняя палітыка Беларусі: Зб. дак. і матэрыялаў. Т. 4—5. Мн., 2001—02;

История Беларуси. Мн., 2001;

Сасим А.М. Промышленность Беларуси в XX столетии. Мн., 2001.

Ю.​Л.​Грузіцкі (народная гаспадарка), І.​І.​Гвардзееў (грамадска-палітычнае жыццё, расшырэнне правоў БССР), А.​Ф.​Самусік (адукацыя, навука, культура), У.​Е.​Снапкоўскі (актывізацыя знешнепалітычнай дзейнасці БССР).

Прадукцыя Мінскага аўтамабільнага завода: МАЗ-200 (уверсе) і 1-ы 40-тонны самазвал 1950.
Сустрэча генеральнага сакратара ААН Д.​Хамаршэльда ў Мінскім аэрапорце. Чэрвень 1956.

т. 18, кн. 2, с. 261

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БССР У МІЖВАЕННЫ ПЕРЫЯД

Утварэнне СССР. Ваенна-палітычны саюз БССР і РСФСР, заключаны ў час грамадзянскай вайны і ваен. інтэрвенцыі 1918—20, не адпавядаў новым умовам. Пытанне пра заключэнне новага саюзнага дагавора неаднойчы абмяркоўвалася ў ЦК ВКП(б) і ЦБ КП(б)Б. 16.1.1921 паміж РСФСР і БССР падпісаны новы дагавор, паводле якога: прызнаваліся суверэнітэт і незалежнасць Беларусі; ствараліся аб’яднаныя наркаматы ваенных і марскіх спраў, ВСНГ, знешняга гандлю, фінансаў, працы, шляхоў зносін, пошты і тэлеграфа; для каардынацыі дзейнасці ў галіне гасп. і культ. будаўніцтва створана прадстаўніцтва БССР пры ўрадзе РСФСР. Аднак канчаткова адносіны паміж дзяржавамі не былі вызначаны. Толькі пасля кастр. (1922) пленума ЦК РКП(б), які падтрымаў план Леніна (у яго аснове ляжаў прынцып федэрацыі), кіраўніцтва КП(б)Б атрымала больш ясныя паліт. арыенціры. IV Усебел. з’езд Саветаў (14—18.12.1922) прыняў рашэнне пра неабходнасць утварэння Саюза ССР і выбраў дэлегацыю на X Усерас. з’езд Саветаў у складзе 33 чал. Сярод дэлегатаў былі А.​Р.​Чарвякоў (старшыня ЦВК і СНК БССР), В.​А.​Багуцкі, Ш.​Ш.​Ходаш, А.​С.​Славінскі, Я.​А.​Адамовіч, У.​М.​Ігнатоўскі і інш.

I Усесаюзны з’езд Саветаў 30.12.1922 прыняў Дэкларацыю і Дагавор аб утварэнні Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік у складзе РСФСР, УССР, БССР і ЗСФСР. У выбраны з’ездам ЦВК СССР ад БССР увайшло 7 чалавек. Да кампетэнцыі вышэйшых органаў улады СССР адышлі знешняя палітыка, граніцы, узбр. сілы, транспарт, сувязь, планаванне нар. гаспадаркі, фінансы, аб’яўленне вайны і заключэнне міру. Асн. палажэнні Дагавора зацвердзіла Канстытуцыя СССР, прынятая на II з’ездзе Саветаў СССР у 1924.

У склад БССР, абвешчанай 31.7.1920, уваходзіла 6 няпоўных паветаў Мінскай губ. Бел. дзеячы культуры, сав. і парт. кіраўніцтва БССР, найперш А.​Р.​Чарвякоў, У.​М.​Ігнатоўскі і інш., неаднаразова ставілі ў ЦК РКП(б) пытанне пра вяртанне ў склад БССР усх.-бел. зямель. Вяртанне гэтых тэрыторый у склад БССР адбывалася ў складаных унутр. і знешнепаліт. абставінах. На фоне актыўнага супраціўлення губернскіх улад і адсутнасці масавай падтрымкі з боку мясц. насельніцтва пры вызначэнні межаў рэспублікі найбольшая роля адводзілася знешнепаліт. фактару. Далучэнне да БССР раёнаў з большасцю бел. насельніцтва супрацьпастаўлялася палітыцы нац. ўціску і прыгнёту, якая праводзілася Польшчай у Заходняй Беларусі. Пашыраная Сав. Беларусь павінна была стаць адзіным цэнтрам прыцягнення бел. нац.-вызв. і рэв. руху за мяжой. Пры пастаноўцы тэр. пытання кіраўніцтва БССР прытрымлівалася тактыкі паслядоўных зваротаў і пошуку прыхільнікаў у цэнтр. парт., сав. і гасп. органах. І ў 1924, і ў 1926 праблема граніц БССР напачатку разглядалася ў ЦК РКП(б), і толькі пасля вырашэння пытання ў парт. парадку прынятая пастанова праводзілася праз саюзныя, рэсп. і губ. Саветы.

У выніку ўзбуйнення ў 1924 тэр. Сав. Беларусі павялічылася больш чым у 2 разы і склала 110 584 км², колькасць насельніцтва дасягнула 4,2 млн. чал. У выніку 2-га ўзбуйнення ў 1926 тэр. рэспублікі павялічылася яшчэ на 15 727 км², а насельніцтва — на 649 тыс. чал. У пач. 1927 тэр. БССР склала 125 950 км², а насельніцтва каля 5 млн. чал., 80% з якіх складалі беларусы.

Сацыяльна-эканамічнае становішча БССР у 1920-я г. Новая эканамічная палітыка. Прамысловасць і сельская гаспадарка знаходзіліся ў запушчаным стане. У выніку войнаў і інтэрвенцый плошча пад пасевамі збожжавых у параўнанні з 1913 скарацілася на 40%, пад бульбай — на 55%. З 815 буйных прамысл. прадпрыемстваў не працавала 470. Прамысл. вытворчасць скарацілася ў 5 разоў, валавая прадукцыя сельскай гаспадаркі складала крыху больш за палавіну даваеннай. Гаспадарчую разруху дапаўнялі паліўны крызіс, катастрафічнае становішча сувязі і транспарту, гіперінфляцыя.

Цяжкія матэрыяльныя ўмовы побач з паспешлівымі мерамі, якія прымаліся ўладамі для выпраўлення становішча, выклікалі незадаволенасць усіх сац. пластоў грамадства. Тавараабарот паміж горадам і вёскай амаль поўнасцю спыніўся. У гарадах адбываліся забастоўкі рабочых, сяляне супраціўляліся канфіскацыі збожжа. Цяжкае становішча рэспублікі ўзмацнялася паліт. і крымінальным бандытызмам. Сяляне да мерапрыемстваў сав. улады ставіліся насцярожана, праяўлялі актыўнасць антысав. фарміраванні, колькасць якіх на тэр. БССР хутка расла (у маі 1921 яны налічвалі, 2 тыс. чалавек, а ў чэрвені — 3,5 тыс., за 1921—22 учынена больш за 2,1 тыс. бандыцкіх нападаў). У вёсках ставіліся ваен. пасты, у чэрв. 1921 уведзена ваен. становішча ў Мінску.

Паварот да новай эканамічнай палітыкі [нэп; абвешчана на X з’ездзе РКП(б), люты—сак. 1921] быў зроблены па прычыне незадаволенасці насельніцтва і напачатку меў на мэце рэфармаванне толькі эканам. адносін. Адным з гал. стрыжняў нэпа стала замена харчразвёрсткі натуральным падаткам (ад 13 да 18 відаў прадуктаў), які ўскладаўся не на ўсю вёску, а на кожную асобную гаспадарку дыферэнцыравана (у залежнасці ад колькасці ворнай зямлі і едакоў у сям’і, ураджайнасці). Збор харчпадатку лічыўся адказным заданнем, у распараджэнне харчовых органаў вылучаліся падраздзяленні чырвонаармейцаў.

Дэкрэтам ВЦВК РСФСР ад 17.3.1922 з 1 жніўня ўводзіўся адзіны натуральны падатак, які павінен быў здавацца шасцю відамі прадукцыі. Сем’ям чырвонаармейцаў, інвалідам, беднаце даваліся льготы. У 1923 усе віды натуральнага падаткаабкладання на вёсцы заменены адзіным с.-г. падаткам, які выплачваўся часткова прадуктамі, часткова грашыма, што дазваляла сялянам вызначаць кірунак развіцця сваёй гаспадаркі з пазіцый эканам. мэтазгоднасці.

Прынцып падатковай палітыкі быў класавы. Калі першапачаткова плацілі ўсе, то ў 1923 амаль 26 тыс. бядняцкіх гаспадарак у розным памеры вызваляліся ад падатку, а сума скідак раскладвалася на заможных. Гэта дрэнна адбівалася на развіцці прадукцыйнасці сял. гаспадарак і падрывала веру значнай часткі сялян у справядлівасць сав. улады. Да таго ж падатковая палітыка ўключала ў сябе як адзін з элементаў сваёй сістэмы празмерна нізкія цэны на хлеб, што пазней прывяло да дысбалансу ў эканам. адносінах паміж горадам і вёскай.

Прадугледжаны Дэкрэтам аб зямлі падзел памешчыцкіх і інш. зямель паміж сялянамі ў сувязі з ням. і польскай акупацыямі на большай частцы тэр. БССР пачаўся толькі ў 1920. У першую чаргу зямлёй забяспечваліся беззямельныя і малазямельныя сяляне. Тым не менш каля 40% гаспадарак не былі забяспечаны мінімальнай спажывецкай нормай. У сувязі са спыненнем перасялення і слабым паглынаннем яго прамысловасцю лішак вясковага насельніцтва з года ў год павялічваўся.

У 1925 Наркамат земляробства БССР распрацаваў план аднаўлення сельскай гаспадаркі (пазней гэта палітыка атрымала назву «прышчэпаўшчына» ад прозвішча наркома земляробства Дз.​Ф.​Прышчэпава). План прадугледжваў: вырашэнне праблемы аграрнай перанаселенасці, скарачэнне скрытага беспрацоўя ў вёсцы праз ліквідацыю групы беззямельных і малазямельных сялян; развіццё прадукцыйных сіл сял. гаспадаркі, ліквідацыю яе спажывецкага характару і перавод на рэйкі таварна-грашовых адносін; каапераванне сельскай гаспадаркі. Землеўпарадчымі работамі планавалася ахапіць да 60% тэрыторыі. З мэтай інтэнсіфікацыі сельскай гаспадаркі прадугледжвалася: развіццё жывёлагадоўлі; ліквідацыя 3-польнай сістэмы паляводства; пашырэнне вырошчвання тэхн. і кармавых культур, травасеяння; развіццё садаводства і пчалярства; наладжванне агранамічнай і ветэрынарнай работы. Меры па развіцці прадукц. сіл уключалі зніжэнне на 40% агульнай сумы с.-г. падатку, прадастаўленне дадатковых дзярж. сродкаў сістэме с.-г. крэдыту, палягчэнне найму працоўнай сілы, пашырэнне права здачы зямлі ў арэнду, на якой дазвалялася выкарыстоўваць наёмную рабочую сілу, ліквідацыю адм. перашкод дробнаму сял. гандлю, зніжэнне цэн на с.-г. машыны і павелічэнне працягласці крэдыту на іх куплю, прадастаўленне ўсім сялянам права ўдзелу ў кааперацыі. Аднолькава законнымі прызнаваліся сял. арцель, абшчына, індывідуальнае карыстанне зямлёй у выглядзе хутароў і адрубоў.

Дробная арэнда і наём рабочай сілы дазвалялі больш поўна выкарыстоўваць працоўныя рэсурсы і сродкі вытворчасці. Аднак арэнда ў сял. гаспадарцы БССР не набыла вял. пашырэння: у 1925 ёй карысталася каля 7,7%, у 1927—11% сялян, што тлумачылася адсутнасцю буйных прыватнаўласніцкіх гаспадарак, падатковай і сац. палітыкай у адносінах да заможных сялян.

У 1929 у сельскай і лясной гаспадарцы БССР працавала 81,1 тыс. наёмных работнікаў, большасць з іх складалі малазямельныя сяляне-беднякі, якія не маглі пражыць са сваёй зямлі.

Да 1928 агульная колькасць сялян, якія выйшлі на хутары і адрубы, перасягнула 25% усіх гаспадарак (прыкладна палова з іх перасялілася яшчэ ў час правядзення Сталыпінскай рэформы), ім належала каля 20% зямлі. Усяго ў 1921—29 землеўпарадкавана да 44% агульнай плошчы сял. землекарыстання; у 1925—28 у раёны Сібіры і Д. Усходу выехала 74,8 тыс. бел. сялян. Аднак у цэлым перасяленне сялян не змяніла забяспечанасці зямлёй бел. вёскі, тым больш што частка іх вярнулася назад.

Ажыўленне ў сельскай гаспадарцы абумовіла рост зацікаўленасці сялян у сродках вытворчасці і крэдытах, прымусіла іх шукаць рынкі збыту сваёй прадукцыі. Пачаўся рост крэдытных кааператываў, ствараліся малочна-жывёлагадоўчая, садова-агародніцкая, насенняводчая, меліярацыйная і інш. віды кааперацыі. На пач. 1928 у БССР дзейнічала 1869 с.-г. кааператыўных т-ваў, якія аб’ядноўвалі 331,4 тыс. членаў. Колькасць кааператыўных аб’яднанняў вытворчага тыпу [камуны, таварыствы апрацоўкі зямлі (ТАЗы), арцелі] знізілася з 710 у 1921 да 611 у 1928, яны аб’ядноўвалі каля 5,2 тыс. сял. двароў. Нерэнтабельныя гаспадаркі, у т. л. слабыя саўгасы, ліквідоўваліся.

У сярэдзіне 1920-х г. колькасць бяднейшых сялян скарачалася, адбывалася ўраўноўванне вёскі, скарачэнне колькасці крайніх груп (прадпрымальнікаў і батракоў). У 1927 беднякі складалі 46,5%, сераднякі — амаль 51%, заможныя сяляне, т.зв. кулакі, — 2,5% агульнай колькасці сялян. Аднак ураўноўванне ішло па ўзроўні ніжэй сярэдняга. Частка батракоў хоць і атрымала зямельныя надзелы, але наймацца не перастала з-за недахопу зямлі або сродкаў вытворчасці, частка з іх вымывалася з вёскі. Заможнае сялянства ўяўляла сабой сац. праслойку дробнай сельскай буржуазіі. Забарона ў 1929 найму рабочай сілы і арэнды наогул зрабіла немагчымым яго далейшае існаванне.

У выніку праведзеных мерапрыемстваў спачатку даволі хутка павышаўся дабрабыт сялян, аднаўляліся памеры пасяўных плошчаў, павялічыўся прыток прадукцыі сельскай гаспадаркі ў гарады. Хоць зямля і заставалася нацыяналізаванай, дзяржава ў пэўнай ступені гарантавала правы сялян на яе ўладанне. У 1925 сельская гаспадарка ў асноўным дасягнула даваеннага ўзроўню. У 1926 кошт усёй валавой прадукцыі перасягнуў сярэднегадавыя паказчыкі 1911—13 амаль на 10%.

Нягледзячы на землеўпарадкаванне, на большай частцы захоўвалася цераспалосіца, культура земляробства была нізкая. Не ўдалося спыніць драбленне сял. гаспадарак і памяншэнне іх надзелаў. У 1928 памер сярэдняга сял. надзелу зноў знізіўся да ўзроўню 1917. Зусім нязначнай была забяспечанасць сельскай гаспадаркі трактарамі і іншай тэхнікай (у 1929 у БССР мелася 237 трактароў).

Вызваленне сельскай гаспадаркі ад палітыкі «ваеннага камунізму» дало штуршок рэформам у галіне прамысловасці, гандлю, фінансаў. Палітыка сав. улады была скіравана на падтрымку дробнай вытворчасці, здольнай у кароткі перыяд ліквідаваць таварны голад, пашырыць тавараабарот паміж горадам і вёскай. Дазвалялася дзярж. арэнда і арганізацыя прыватных дробнапрамысловых прадпрыемстваў, уводзілася права ўласнасці на жыллёвыя пабудовы, фабрычна-заводскія прадпрыемствы, с.-г. і прамысл. прадукты і інш. У руках дзяржавы засталіся буйная прамысловасць, чыг. і рачны транспарт, банкаўская сістэма, амаль увесь оптавы гандаль, вял. частка жыллёвага фонду, зямля, лясы, нетры. Рынак прымусіў перавесці прамысл. прадпрыемствы на гасп. разлік і здзейсніць т.зв. трэстафікацыю. Аднак звычайным стала ўмяшанне парт. органаў у работу прамысловасці, а гасп. разлік падрываўся сістэмай дзярж. фінансавання для больш буйных прадпрыемстваў і трэстаў. Каля 80% несельскагаспадарчых сектараў эканомікі заставаліся нацыяналізаванымі. Дзяржбанк меў манаполію крэдыту, стаўкі па ім ён павышаў ці паніжаў паводле загадаў парт. кіраўніцтва. Пасля 1923 «кантрольныя лічбы» і прагнозы развіцця вытворчасці вызначаў Дзяржплан. Усё гэта стварала тэндэнцыю дзярж. цэнтралізацыі. Адзінай формай дзярж. капіталізму ў БССР была арэнда ў прамысловасці, бо канцэсіі і акцыянерныя т-вы развіцця не атрымалі.

У 1921—22 пачаў працаваць 1-ы дзярж. машынабудаўнічы і чыгуналіцейны з-д «Энергія», з-д «Метал» у Мінску, аднавілі дзейнасць шклозавод «Стрэва», хрусталёвая ф-ка «Барысаў», лесазавод у Бабруйску, фанерны з-д і запалкавая ф-ка «Дняпро» (Рэчыцкі пав.) і інш. У 1923—27 адноўлены і пабудаваны дзесяткі фабрык і з-даў, у т. л. ў Мінску кафельна-керамічны і гарбарны з-ды, шпалерная ф-ка. Выключна важнае значэнне для развіцця прамысл. патэнцыялу БССР мела павелічэнне яе тэрыторыі ў 1924 і 1926. Колькасць цэнзавых прадпрыемстваў у 1926/27 гасп. г. дасягнула 410, а занятых на іх рабочых — 32 137 чал. На працягу 1924—28 аб’ём валавой прамысл. прадукцыі вырас у БССР у 2,3 раза. Аснову прамысловасці рэспублікі, як і ў дарэвалюцыйны час, складалі харчовая, дрэваапрацоўчая і гарбарная галіны, на долю якіх прыпадала асн. частка агульнага аб’ёму валавой прадукцыі. Сярод галін, што развіваліся найб. дынамічна, былі тарфяная, металаапрацоўчая, электраэнергетыка.

Нэп спрыяў хуткаму росту лёгкай прамысловасці. Яна спажывала большую таварную частку прадукцыі сял. гаспадаркі і забірала залішнюю рабочую сілу. Стаўка рабілася на стымуляванне развіцця дробных і сярэдніх прадпрыемстваў, якія гістарычна пераважалі на Беларусі, што ў хуткім часе дазволіла забяспечваць шырокія слаі насельніцтва харч. і прамысл. таварамі. Паводле перапісу 1923 у гарадах і гар. пасёлках рэспублікі дзейнічала 10 367 прадпрыемстваў, у т. л. 35% дзяржаўных. У 1926 у БССР было 60 178 дробных прамысл. прадпрыемстваў, на якіх працавала 100 725 чал. (з іх прыватных 58 034 з 10 295 наёмнымі работнікамі). Пераважная большасць прадпрыемстваў працавала без наёмных рабочых. У 1926 дробнасаматужная вытворчасць складала 42,1% усёй прамысл. прадукцыі рэспублікі, на яе прадпрыемствах было занята каля 70% рабочых.

Прыватныя прадпрыемствы з самага пачатку былі пастаўлены ў няроўныя ўмовы з дзяржаўнымі, якія мелі цэнтралізаванае забеспячэнне, гарантаваныя дзярж. заказы і закупкі. У горшых умовах знаходзіліся арэндныя прадпрыемствы. Тэрміны арэнды (ад 1 да 6 гадоў), адсутнасць упэўненасці ў заўтрашнім дні не спрыялі распрацоўцы доўгатэрміновай стратэгіі і значным капіталаўкладанням з боку прадпрымальнікаў. Праводзіліся пераважна арэндныя здзелкі, разлічаныя на хуткае ўзбагачэнне без вялікіх затрат, каля ​3/4 арэндных дагавораў заключалася толькі на 1 год. Нэпман 1920-х г. аддаваў перавагу рознічнаму, паўаптоваму гандлю, пасрэдніцкай дзейнасці.

Рэалізацыя нэпа накладвала адбітак і на жыццё рабочых: адмянялася абавязковая працоўная павіннасць часоў грамадз. вайны, скасоўваліся абмежаванні па перамене месца працы, у 1923—24 адбыўся пераход на здзельную аплату і выплату заробку грашыма. Тым не менш сярэдняя заработная плата не задавальняла нават самыя сціплыя запатрабаванні. Складанымі былі і жыллёвыя ўмовы рабочых. Павелічэнне кватэрнай платы і камунальных плацяжоў абумовілі фактычную ліквідацыю вынікаў «жыллёвага перадзелу» перыяду «ваеннага камунізму».

Да аграрнай перанаселенасці вёскі, адсутнасці пастаянных заняткаў у значнай часткі гар. і местачковага насельніцтва дадаліся частковы перавод прамысловасці на капіталіст. прынцыпы гаспадарання, закрыццё шэрагу прадпрыемстваў, што выклікала рост беспрацоўя. У 1921 у БССР афіцыйна зарэгістравана 7,8 тыс., у 1924—25,9 тыс. беспрацоўных. З далучэннем Гомельскага і Рэчыцкага пав. (1926) іх колькасць, нягледзячы на аднаўленне прамысловасці, у 1928 дасягнула 64,4 тыс. чал.

Цэнтр. звяном нэпа стала свабода гандлю, дзе і дасягнуты найб. адчувальныя вынікі, звязаныя з паляпшэннем матэрыяльнага становішча людзей. Вял. сетка біржаў і кірмашоў, гандл. прадпрыемстваў звязвалі прамысловасць з рынкам і сялянамі. Існавалі розныя віды гандлю: прыватны, кааператыўны, дзяржаўны. У 1922/23 г. на долю прыватніка прыпадала 90% усіх гандлёвых прадпрыемстваў і 85% тавараабароту. Умацаванне грашовай сістэмы (рэформа 1922—24), стварэнне камерцыйных банкаў, т-ваў узаемнага крэдыту, ашчадных кас спрыялі эканам. росту прыватніка. Адным з паказчыкаў фін. стабілізацыі, даверу да дзяржавы стала хуткае павелічэнне колькасці ўкладчыкаў і памераў укладаў. Аднак становішча прыватніка ўскладнялася высокімі падаткамі і трансп. расходамі, фактычнай немагчымасцю атрымання крэдытаў.

У перыяд станаўлення нэпа краіна перажыла некалькі дысбалансаў прамысл. і с.-г. цэн. Так, у 1922 рынак быў выбіты з раўнавагі дарагоўляй с.-г. прадуктаў і лішкам прамысл. тавараў, у выніку чаго рэзка знізіўся дзярж. прыбытак. У 1923 у сялян была перавытворчасць, а фабрыкі зменшылі выпуск прадукцыі, што пазбавіла сялян прыбытку («нажніцы цэн»), Дзярж. маніпуліраванне крэдытамі дазволіла ліквідаваць крызіс і стабілізаваць сітуацыю. Крызіс збыту ў 1923—24 стаў прычынай наступлення ўлад на нэпманаў. На прыватны гандаль распаўсюджвалася нарміраванне рознічных цэн, за парушэнне якіх гандляроў прыцягвалі да адказнасці.

Лінія на выцясненне прыватнага гандлю запаволіла продаж прамысл. тавараў, што вяло да фін. цяжкасцей у прамысловасці. Кіраўніцтва краіны даволі хутка адрэагавала на крызіс 1925 і прыняло рашэнне аб пераглядзе гасп. планаў. Курс у адносінах да прыватніка быў крыху падкарэкціраваны: лягчэй было атрымаць гандлярам крэдыты ад дзяржавы і тавары ад дзярж. прамысловасці; палепшана забеспячэнне сыравінай; саматужнікам і рамеснікам даваліся льготы.

У 1926 пачалося новае наступленне на нэпманаў. Пастанова ад 26.8.1926 «Аб дзяржаўным рознічным гандлі» прапаноўвала павялічыць долю каап. і дзярж. гандлю за кошт прыватнага. Скарачаўся водпуск тавараў і сыравіны, зніжаліся крэдыты, ліквідоўваліся таварныя біржы, расло падаткаабкладанне, павышалася квартплата для ўладальнікаў гандлёвых і прамысл. прадпрыемстваў. Доля прыватніка ў валавой прамысл. прадукцыі з 1925/26 па 1927/28 гасп. г. зменшылася з 49,2 да 28,6%, а на 1.10.1928 у БССР засталіся толькі 4 прыватныя цэнзавыя прадпрыемствы. У дробнай вытворчасці прыватныя прадпрыемствы яшчэ выпрацоўвалі больш за ​3/4 прадукцыі, але аб’ём яе хутка скарачаўся. Толькі за 1927/28 гасп. г. закрыта каля 5 тыс. гандлёвых прадпрыемстваў, крыніцы існавання былі пазбаўлены каля 20 тыс. чал. Меры супраць гандлю адразу ж адбіліся на саматужна-рамеснай прамысловасці, узніклі цяжкасці з набыццём сыравіны і збытам прадукцыі. У 2-й пал. 1920-х г. зноў ствараліся глаўкі па галінах, якія паўтаралі арганізацыю кіравання пры «ваенным камунізме», павялічылася ўмяшанне дзяржавы ў тавараабарот. На 1926/27 гасп. г. прынята новае палажэнне абс.-г. падатку — ён павялічваўся амаль у 2 разы для заможных гаспадарак, ім абмяжоўвалася выдача крэдытаў.

З аднаго боку, нэп садзейнічаў уздыму эканомікі, а з другога — вёў да росту сац. дыферэнцыяцыі. Вострай праблемай гарадоў стала беспрацоўе. Цяжкія матэрыяльныя і жыллёвыя ўмовы, рост бюракратызму, новы віток сац. расслаення грамадства ўзмацнялі негатыўныя настроі. Рабочыя выказвалі незадавальненне высокімі, на іх погляд, акладамі спецыялістаў. Сярод работнікаў парт. і дзярж. апарату, дзе заставалася нямала прыхільнікаў ідэалогіі і метадаў часоў «ваеннага камунізму», зноў стала пераважаць думка пра несумяшчальнасць выкарыстання прыватнага капіталу з задачамі сац. будаўніцтва.

Крызіс 1927—28 у адрозненне ад папярэдняга быў не толькі эканам., але і сац.-палітычным. Нягледзячы на нядрэнны ўраджай, збожжа было нарыхтавана амаль удвая менш, чым у 1926. Для збожжанарыхтовак прыцягнуты органы АДПУ і міліцыі, на вёску камандзіравана вял. колькасць парт. і сав. працаўнікоў з гарадоў. Комплекс надзвычайных мер дазволіў значна павялічыць нарыхтоўкі, аднак рэзка пагоршыліся адносіны часткі сялян да сав. улады. Пастановай Палітбюро ЦК ВКП(б) ад 14.2.1929 уведзена картачная сістэма на хлеб, а пазней і на інш. тавары. Карткі выдаваліся толькі працуючым у дзярж. сектары эканомікі і іх утрыманцам. Насельніцтва прамысл. гарадоў і пасёлкаў атрымала перавагу ў параўнанні з жыхарамі неіндустрыяльных гарадоў; працуючыя на індустрыяльных аб’ектах — перад тымі, хто працаваў на другарадных вытворчасцях. Па-за дзярж. сістэмай забеспячэння апынуліся сяляне (каля 80% насельніцтва краіны) і пазбаўленыя паліт. правоў («лішэнцы»). Прамысл. тавары ў вёску завозілі ў значна меншых памерах і ў асноўным у канцы года. Аднак дзярж. забеспячэнне не гарантавала пражытачнага мінімуму нават гар. насельніцтву.

Індустрыялізацыя. У сярэдзіне 1920-х г. Беларусь мела 3,4% насельніцтва СССР, а выпускала ўсяго 1,6% прамысл. прадукцыі. У рэспубліцы пераважалі дрэваапрацоўчая, харчовая і лёгкая галіны прам-сці. Рабочыя, занятыя ў саматужна-рамеснай прам-сці, складалі амаль ​3/4 рабочых рэспублікі. Удзельная вага інжынераў і тэхнікаў складала менш за 2% агульнай колькасці занятых. Умовы, у якіх знаходзілася рэспубліка, дыктавалі неабходнасць больш інтэнсіўнага прамысл. развіцця.

Курс на індустрыялізацыю ўзяты на XIV з’ездзе ВКП(б) і X з’ездзе КП(б)Б (снеж. 1925). У сав. мадэлі індустрыялізацыі акцэнт рабіўся на развіццё перадавых на той перыяд галін, матэрыяльнай асновы ваен.-прамысл. комплексу. Аднак з сярэдзіны 1920-х г. і да канца 1-й пяцігодкі ў БССР асн. ўвага аддавалася развіццю лёгкай і харч. прамысловасці, што было абумоўлена дастатковымі запасамі мясц. сыравіны, кадрамі, традыцыямі. Асн. сродкі накіроўваліся ў паліўную, дрэваапрацоўчую, папяровую, гарбарную і харч. галіны, бо развіццё іх патрабавала менш выдаткаў і часу. Частка капіталаўкладанняў накіравана на развіццё энергетыкі, машынабудаўнічай прам-сці і на вытворчасць буд. матэрыялаў.

Курс на індустрыялізацыю патрабаваў велізарных капіталаўкладанняў, пераразмеркавання сродкаў на карысць прамысловасці, тым больш, што грашовая эмісія звяла да нуля станоўчыя вынікі грашовай рэформы. З паскарэннем індустрыялізацыі ў канцы 1920-х г. адбывалася перапампоўванне сродкаў з агр. сектара ў прамысловы. Былі зведзены да мінімуму невытворчыя расходы, выкарыстоўваліся працоўны энтузіязм народа, «добраахвотна-прымусовыя» пазыкі ў працоўных.

З 1928 эканоміка і культура БССР развіваліся ў адпаведнасці з 5-гадовымі перспектыўнымі планамі. За гады 1-й пяцігодкі ў рэспубліцы пабудавана 78 буйных, 480 дробных і сярэдніх прамысл. прадпрыемстваў, у т. л. швейныя ф-кі «Сцяг індустрыялізацыі» (Віцебск), імя Камінтэрна (Гомель), імя Валадарскага (Магілёў), імя Дзяржынскага (Бабруйск), панчошна-трыкатажная ф-ка імя КІМ (Віцебск), Магілёўская ф-ка штучнага валакна, «Гомсельмаш», найбуйнейшая ў рэспубліцы электрастанцыя БелДРЭС і інш. Прадукцыя металаапрацоўчай галіны вырасла ў 3,8, харчовай — у 4,7, гарбарна-абутковай — у 6, швейнай — амаль у 13 разоў. На Беларусі былі створаны паліўная, машынабудаўнічая, хімічная галіны прам-сці, наладжана вытв-сць штучнага валакна, трыкатажу. У 1932 у рэспубліцы выпушчана 1500 металарэзных станкоў і больш за 13 тыс. розных с.-г. машын. Аднак планавыя паказчыкі пяцігодкі не былі выкананы. Аб’ём прамысл. вытворчасці БССР за пяцігодку павялічыўся ў 2,7 раза замест планавых 3,7 раза, план капітальнага буд-ва выкананы на 68,1%.

Да пач. 1930 ліквідавана беспрацоўе ў гарадах, аднак у выніку перазаключэння калектыўных дагавораў, тарыфнай рэформы, перагляду норм выпрацоўкі павялічылася ўраўнілаўка, што выклікала незадавальненне рабочых, якое парт.-дзярж. кіраўніцтва накіроўвала супраць «буржуазных» кадраў.

Каб стрымаць падзенне жыццёвага ўзроўню рабочых, яшчэ з пач. 1920-х г. пры фабрыках і заводах ствараліся сельскія дапаможныя гаспадаркі, сетка рабочых кааператываў і аддзелаў рабочага забеспячэння, якія ў пач. 1934 ахоплівалі больш за 100 тыс. рабочых і служачых. У 1934 дапаможныя гаспадаркі прадпрыемстваў рэспублікі мелі 27 тыс. га зямлі, пад калектыўнымі агародамі — каля 8 тыс. га; з агульнай колькасці рабочых сем’яў прамысл. гарадоў 22% мелі індывідуальныя ўчасткі, плошча якіх складала 6,9 тыс. га.

У 1931 — сярэдзіне 1932 эканам. палітыка была ўдасканалена. Пачала выкараняцца ўраўнілаўка на вытворчасці, уводзіўся гасп. разлік, разгортваўся калгасны гандаль. У канцы 1932 уведзены кантроль за фондам заработнай платы і дысцыплінай на прадпрыемствах, пашпартная сістэма ў гарадах прыгранічных раёнах.

Лістападаўскі пленум (1934) ВКП(б) прыняў рашэнне аб адмене ў СССР з 1.1.1935 картачнай сістэмы на хлеб. Неўзабаве былі адменены карткі на мясныя і рыбныя прадукты, тлушч, цукар і бульбу, на прамысл. тавары. Аднак праблема не была вырашана. З-за недахопу харчовых і спажывецкіх тавараў у гарадах выстройваліся вял. чэргі.

Пастановай ЦК ВКП(б) і СНК СССР з 25.7.1936 устаноўлены нормы водпуску тавараў у адны рукі. Сітуацыя з таварным дэфіцытам асабліва абвастрылася ў канцы 1930-х г. У Гомелі, Віцебску, Барысаве і інш. месцах хлеб прадавалі па спісах.

У гады 2-й і 3-й пяцігодак прамысловасць рэспублікі развівалася дастаткова высокімі тэмпамі. Аб’ём валавой прадукцыі за 1932—37 вырас амаль у 1,9 раза. Пабудаваны такія буйныя прадпрыемствы, як Аршанскі льнокамбінат, Крычаўскі цэментны, Гомельскі шкляны, Магілёўскі аўтарамонтны з-ды, 2-я чарга БелДРЭС і інш. Аднак другі 5-гадовы план быў выкананы на 77%.

Значную ролю ў вытворчасці прадметаў спажывання ў 1930-я г. працягвалі адыгрываць саматужнікі, хаця колькасць іх хутка скарачалася: у 1926 іх налічвалася 89 066, у 193 5 — толькі 6385.

У сувязі з пагаршэннем міжнар. становішча ў канцы 1930 — пач. 1940-х г. былі прыняты новыя законы ў прам-сці і сельскай гаспадарцы, якія прадугледжвалі больш цяжкія меры пакарання за парушэнне прац. дысцыпліны. Адноўлены 8-гадзінны прац. дзень і 7-дзённы прац. тыдзень.

Да канца 1930-х г. БССР ператварылася з аграрнай краіны ў аграрна-індустрыяльную. У 1929—40 у рэспубліцы ўведзены ў дзеянне і рэканструяваны 1863 прадпрыемствы, якія выпускалі 90% прадукцыі. Беларусь вывозіла ў значных памерах прамысл. прадукцыю ў інш. раёны СССР. Змянілася і сац. структура насельніцтва. У адпаведнасці з перапісам насельніцтва 1939 доля рабочых у складзе насельніцтва дасягнула 21,9%, доля інтэлігенцыі — 14,5%. На аснове індустрыялізацыі фактычна быў ліквідаваны сац. пласт дробных прадпрымальнікаў, гандляроў, рамеснікаў і інш. прадстаўнікоў прыватнай сферы.

Калектывізацыя. У канцы 1920-х г. рост с.-г. вытворчасці стаў запавольвацца. Узнікла ідэя вырашыць збожжавую праблему на базе калгасаў і саўгасаў, тым больш, што ў 1928 паказчыкі іх вытв-сці былі больш высокія, чым у аднаасобным сектары.

Першыя калектыўныя гаспадаркі ва ўсх. Беларусі з’явіліся ў канцы 1917 — пач. 1918. Аднак у гады нэпа цікавасць да калектыўных форм гаспадарання знізілася. У 1927 на тэр. БССР існавала 416 калгасаў, створаных у асноўным на памешчыцкіх і царкоўных землях. Сярод іх членаў пераважалі беззямельныя сяляне і батракі, колькасць сялян, што ўступалі ў калгасы са сваімі зямельнымі надзеламі, не перавышала ​1/5. Адначасова ствараліся саўгасы, у 1925 у БССР іх было 154.

Пытанне аб калектывізацыі сельскай гаспадаркі як асноўнай задачы на вёсцы пастаўлена на XV з’ездзе ВКП(б) (снеж. 1927). Нягледзячы на шырокую агітацыю за стварэнне калгасаў, адм. меры да неплацельшчыкаў падаткаў і ўкрывальнікаў збожжа, рост падаткаў у адносінах да заможных сялян, матэрыяльную і фін. дапамогу калектыўным гаспадаркам, стварэнне новых калгасаў і ўступленне ў іх аднаасобнікаў у 1928—1-й пал. 1929 не набыло шырокіх памераў. Колькасць калгасаў за гэты час у БССР павялічылася з 611 да 1543, а сялян у іх — з 8 да 12,9 тыс. чал. (удзельная вага калектывізаваных гаспадарак — каля 1,5%). Сярод членаў калгасаў бяднейшыя сяляне складалі каля 69%, сераднякі — 31%.

У ліст. 1929 узяты курс на фарсіраваную калектывізацыю. Наркамзем БССР быў падвергнуты крытыцы за адсутнасць дакладнай лініі ў правядзенні калектывізацыі, забаронены хутарская і дробнапасялковая формы землекарыстання. У абставінах гонкі тэмпаў калектывізацыі, нарастаючага націску зверху, разгарнулася «спаборніцтва» мясц. арг-цый за хутчэйшае правядзенне калектывізацыі. Да пач. 1930 працэнт калектывізацыі ў БССР узняўся да 20,9% (165,3 тыс. сял. гаспадарак). Да 1.3.1930 у БССР у калгасах лічылася 58% сял. гаспадарак. 10.2.1930 ЦК КП(б)Б накіраваў у ЦК ВКП(б) дакладную запіску з прапановаю прызнаць БССР рэспублікай суцэльнай калектывізацыі. Празмерна хуткае стварэнне велізарнай колькасці калгасаў пры адсутнасці вопыту іх вядзення, недахопе кадраў сельскіх кіраўнікоў, спецыялістаў і тэхнікі выклікалі дэзарганізацыю ў сельскай гаспадарцы. Рэакцыяй сялян на фарсіраванне тэмпаў калектывізацыі і прымусовае абагульненне сродкаў вытворчасці стаў масавы забой жывёлы (да мая 1930 пагалоўе коней і буйн. раг. жывёлы скарацілася больш чым на чвэрць).

У студз. 1930 усім акругкомам і райкомам КП(б)Б разасланы цыркуляр «Аб ліквідацыі кулацтва як класа», паводле якога «прыём кулакоў у члены ўсіх відаў кааперацыі» забараняўся. Дырэктывамі цэнтр. органаў кіравання, прынятымі ў студз.—лют. 1930, колькасць раскулачаных па раёнах вызначалася ў 3—5‰ усіх сял. двароў, а па рэспубліцы ў цэлым — 4,2% (34 тыс.), што было значна больш за рэальную колькасць заможных гаспадарак (каля 2%). У раскулачаныя траплялі сераднякі і беднякі, якія не жадалі ўступаць у калгасы. Паводле афіц. звестак да канца мая 1930 у БССР раскулачана 15 629 кулацкіх гаспадарак. Выяўленне і высяленне кулакоў праводзілі органы дзярж. бяспекі, мясц. органы ўлады і іх актыў. Раскулачванне нярэдка мела характар не толькі экспрапрыяцыі іх асн. сродкаў вытворчасці, але і канфіскацыі ўсёй маёмасці, уключаючы прадметы асабістага ўжытку.

Задачам стымулявання суцэльнай калектывізацыі была падпарадкавана і падатковая палітыка краіны. Пастановай ЦВК і СНК СССР аб адзіным с.-г. падатку ад 23.2.1930 устанаўліваліся 3 сістэмы абкладання: калгасаў і калгаснікаў, аднаасобных гаспадарак, кулацкіх гаспадарак. Для першых быў вызначаны прынцып прапарцыянальнага абкладання даходаў, аднаасобныя і кулацкія гаспадаркі абкладаліся падаткам у індывідуальным парадку па спец. прагрэсіўнай шкале. Акрамя с.-г. падатку апошнія павінны былі плаціць яшчэ самаабкладанне і т.зв. культзбор. Кулацкія гаспадаркі, якія не выконвалі ўстаноўленыя для іх сельсаветам нормы цвёрдага задання ў належны тэрмін, падлягалі адказнасці ў крымінальным парадку. Калектывізацыя і раскулачванне выклікалі незадавальненне і супраціўленне сял. мас. Толькі за 3 першыя месяцы 1930 у рэспубліцы зарэгістравана каля 520, за 1-ю пал. 1931 — не менш як 1169 выступленняў супраць калектывізацыі.

Усю віну за «перагібы» ў правядзенні калектывізацыі І.​В.​Сталін усклаў на мясц. работнікаў (арт. «Галавакружэнне ад поспехаў», газ. «Правда» ад 2.3.1930). Рэзалюцыя Бюро ЦК КП(б)Б ад 17.4.1930 «Аб барацьбе з перагібамі ў калгасным руху» адзначала небальшавіцкі падыход да серадняка, указвала, што асобныя члены партыі даходзілі да грубага прымусу, дапускалі арышты тых, хто не жадаў уступаць у калгас, а раскулачванне ў шэрагу выпадкаў закранала серадняка. Сяляне ўспрынялі гэта як змену курсу і пачалі выходзіць з калгасаў. Да мая 1930 працэнт калектывізацыі знізіўся да 11%.

Студзеньскі (1931) пленум ЦК КП(б)Б зноў адзначыў неабходнасць павышэння тэмпаў калектывізацыі. Да 1.1.1932 яе працэнт падняўся да 50,4% агульнай колькасці сял. гаспадарак. Вясной 1932 была зроблена спроба стварыць матэр. стымулы для працаўнікоў сельскай гаспадаркі шляхам увядзення здзельнай аплаты працы. У пастанове ЦК ВКП(б) ад 14.3.1932 асуджалася прымусовае абагульненне жывёлы калгасамі, больш таго, паводле яе калгасы павінны былі памагаць бескароўным калгаснікам у набыцці кароў.

Паводле пастановы СНК СССР і ЦК ВКП(б) ад 6 і 10.5.1932 дазваляўся гандаль па цэнах, што складваліся на рынку, даходы калгасаў і калгаснікаў ад продажу на рынку прадукцыі ўласнай вытворчасці не абкладаліся падаткам, а з аднаасобніка бралася не больш за 30%. Аднак гандаль дазваляўся толькі пасля выканання дзярж. плана, стварэння насеннага і інш. фондаў. Статут с.-г. арцелі 1930 дазваляў калгасніку мець невял. асабістую дапаможную гаспадарку, хоць не вызначаў яе памеры і ўмовы функцыянавання. У выніку сяляне самавольна пашыралі ўчасткі і вялі на іх дробнатаварную гаспадарку. У сак. 1933 ЦК ВКП(б) указаў кіраўнічым органам Беларусі на недапушчальнасць такога становішча, і СНК БССР прыняў пастанову, паводле якой участак не павінен быў перавышаць 0,5 га і мог засявацца толькі агароднымі культурамі ці ранняй бульбай.

Паводле закону ад 7.8.1932 «Аб ахове маёмасці дзяржаўных прадпрыемстваў, калгасаў і кааперацыі і ўмацаванні грамадскай (сацыялістычнай) уласнасці» (празваны ў народзе закон «Аб пяці каласках») за крадзеж калгаснай і кааператыўнай маёмасці прызначаўся расстрэл, а пры змякчальных абставінах — зняволенне не менш як на 10 гадоў з канфіскацыяй маёмасці, без права на амністыю. Паводле гэтага закона ў БССР на працягу 1933—34 асуджана больш за 10 тыс. чал. У канцы 1932 органам ДПУ і судовым органам загадвалася ўзмацніць работу па спагнанні цвёрдых заданняў з заможных і кулакоў. Камуністы, якія не забяспечылі выкананне норм збожжанарыхтовак, аб’яўляліся памагатымі кулакоў і падлягалі дэпартацыі разам з імі або турэмнаму зняволенню на 5—10 гадоў, нават расстрэлу. Калгасы, прызнаныя сабатажнікамі, заносіліся на «чорную дошку». У такія калгасы спыняўся завоз тавараў, забараняліся кааператыўны і калгасны гандаль, крэдытаванне, датэрмінова спаганяліся крэдыты, зачыняліся ўсе млынавыя прадпрыемствы.

Вынікам калектывізацыі і неабгрунтаванай эканам. палітыкі стаў масавы голад у СССР у 1932—33. У БССР ад голаду загінула некалькі тысяч чалавек (найбольш на Палессі).

Адной з мэт законаў аб абавязковых пастаўках дзяржаве збожжа, сланечніку, бульбы і жывёлы калгасамі і аднаасобнікамі (1933), аб закупках збожжа спажывецкай кааперацыяй (1934) было павышэнне зацікаўленасці калгаснікаў і аднаасобнікаў у вытворчасці с.-г. прадукцыі, стварэнне больш спрыяльных умоў для росту ўраджайнасці і развіцця калгаснага гандлю. Збожжа, якое заставалася пасля выканання абавязковых паставак (а для калгасаў — і натуральнай платы МТС) пакідалася ў распараджэнні вытворцаў. Паводле пастановы СНК СССР і ЦК ВКП(б) ад 19.1.1934 закупкі збожжа ў насельніцтва праводзіліся толькі на аснове добраахвотнасці. Аднак дырэктывай ад 31.8.1934 калгасы, якія выканалі планы збожжанарыхтовак і натураплаты, абавязваліся да размеркавання даходаў па працаднях ствараць фонды для выканання плана дзярж. закупак.

У калгасах былі створаны паліт. аддзелы пры МТС, якія былі арыентаваны на правядзенне ў вёсцы надзвычайных мер. Сельсаветам і нават райкомам партыі было прадпісана выконваць задачы, пастаўленыя перад імі палітаддзеламі. У 1933—34 у БССР створаны 72 палітаддзелы. Паводле дырэктывы пленума ЦК і ЦКК ВКП(б) (студз. 1933) яны кантралявалі кадры калгасаў і МТС.

З мая 1932 да мая 1933 з рэспублікі выслана 35 тыс. сялянскіх сем’яў, на працягу 1933 у калгасах «выкрыта» і выключана 2700 «кулакоў-шкоднікаў», за «варожую» дзейнасць зняты 1544 работнікі. З агульнай колькасці рэпрэсіраваных і высланых за гэты час каля 10 тыс. складалі т.зв. сацыяльна чужыя і контррэвалюцыйныя элементы, каля 2,5 тыс. былыя калгаснікі. У такіх умовах з 1.1.1933 па 10.9.1934 зарэгістравана 1163 тэрарыстычныя акты на вёсцы, у т. л. 117 забойстваў актывістаў і 861 падпал калгасных двароў. З 2-й пал. 1934 узмацніліся тэмпы калектывізацыі: у студз. 1935 яе працэнт склаў 72,6%, у канцы года — 85,6%. Збожжапастаўкі 1934 былі выкананы, што дазволіла ўладам паставіць пытанне пра адмену картачнай сістэмы забеспячэння гараджан.

У сярэдзіне 1930-х г. частка аднаасобных сялян стала на шлях прадпрымальніцтва, павысіла прадукцыйнасць сваіх зямельных надзелаў, мела дапаможны заробак (праца на лесараспрацоўках, саматужны промысел, рамізніцтва і г.д.) і выконвала ўсе дзярж. павіннасці. У 1934—35 стаўкі падатку для аднаасобных гаспадарак зноў перагледжаны. З 1935 дадатковаму абкладанню падлягалі і калгаснікі, якія мелі пастаянныя даходы ад саматужных промыслаў.

У адпаведнасці з прыкладным статутам с.-г. арцелі, прынятым на 2-м Усесаюзным з’ездзе калгаснікаў-ударнікаў (люты 1935), калгаснікі атрымалі пэўную юрыдычную гарантыю ад дзяржавы на вядзенне прысядзібнай гаспадаркі. У залежнасці ад рэгіёна калгасніку дазвалялася мець ад 0,25 да 0,5 га прысядзібнай зямлі і 1—3 каровы, неабмежаваную колькасць дробнай жывёлы і птушкі. Надзелы адыгрывалі важную ролю ў валавой вытворчасці жывёлагадоўлі і гародніны, а да канца 2-й пяцігодкі значна апярэдзілі калгасы і па колькасных і па якасных паказчыках. У 1938 яны займалі 3,8% усіх плошчаў, а давалі 45% усёй с.-г. прадукцыі. Статут замацаваў прынцып размеркавання калгаснай прадукцыі па працаднях, былі палегчаны ўмовы прыёму ў калектыўныя гаспадаркі.

У 1939 у калгасах уведзены пэўны мінімум працадзён (для БССР 80), што фактычна рабіла дысцыпліну ў калгасах больш жорсткай. Рэкамендавалася скараціць прысядзібныя надзелы калгаснікаў, уводзіўся дадатковы падатак на сял. сады; калгаснікам забаранілі касіць для сваіх кароў сена на калгасных лугах; павялічаны нормы паставак збожжа і мяса. У выніку натуральная аплата працадзён была зніжана без грашовай кампенсацыі.

Завяршэнню калектывізацыі на Беларусі перашкаджала хутарская сістэма землекарыстання, таму быў узяты курс на ліквідацыю апошніх хутарскіх гаспадарак. За 2 даваенныя гады пераселена або зусім ліквідавана 192 тыс. хутароў. У 1920—30-я г. ў БССР рэпрэсіравана і выслана за межы рэспублікі больш за 250 тыс. сялян.

З далучэннем да БССР у вер. 1939 Зах. Беларусі парт.-сав. ўлады прынялі меры па правядзенні там калектывізацыі. Да чэрв. 1941 на тэр. зах. абласцей Беларусі арганізавана 1115 калгасаў, якія аб’ядноўвалі 49 тыс. сял. двароў (6,7% агульнай іх колькасці). У той час калгасам належала 7,8% усёй зямлі. На землях памешчыцкіх маёнткаў ствараліся саўгасы (у 1-й пал. 1940 іх арганізавана 28). Адначасова з калектывізацыяй праводзілася абрэзка зямель т.зв. кулацкіх гаспадарак, высылка асаднікаў і інш.

Да пачатку Вял. Айч. вайны ступень абагуленасці гаспадарак ва ўсх. Беларусі дасягнула 93,4%, а па пасяўной плошчы — 96,2%. У 1932—40 сярэдні памер с.-г. арцелі павялічыўся з 36 двароў да 75, пасяўная плошча — з 215 да 367 га. Прыкладна такімі ж былі і саўгасы. Да 1941 у БССР іх было 132 і яны валодалі 0,9% усёй плошчы с.-г. угоддзяў. У 1940 ва ўсх. абласцях БССР было 236 МТС, трактарны парк складаў 9,7 тыс. машын. Калектывізацыя прывяла да карэнных змен у арганізацыі с.-г. працы, сацыяльна-бытавых і грамадска-культурных адносін на вёсцы.

Грамадска-палітычнае жыццё Беларусі. Паводле рашэння II Усебеларускага з’езда Саветаў (1920) вышэйшым органам дзярж. улады ў БССР з’яўляўся з’езд Саветаў Беларусі, а ў перыяд паміж з’ездамі — ЦВК і яго Прэзідыум. Старшыня ЦВК адначасова прызначаўся і старшынёй Савета Народных Камісараў (да 1924). 2-я сесія ЦВК БССР (5.2.1921) зацвердзіла палажэнне аб Савеце Народных Камісараў, паводле якога яму належала права выдаваць «дэкрэты, распараджэнні, інструкцыі і ўвогуле прымаць усе меры, неабходныя для правільнага і хуткага цячэння дзяржаўнага жыцця». Для кіраўніцтва рознымі галінамі нар. гаспадаркі і культуры прадугледжвалася ўтварэнне 15 нар. камісарыятаў. Утварэнне СССР і прыняцце Канстытуцыі СССР 1924 выклікала неабходнасць змен і ў канстытуцыйным заканадаўстве БССР, што вырашыў VI Усебел. (Надзвычайны) з’езд Саветаў (сак. 1924). VIII Усебел. з’езд Саветаў (11.4.1927) зацвердзіў Канстытуцыю БССР 1927, у якой пацвярджалася, што БССР «ёсць сацыялістычная дзяржава дыктатуры пралетарыяту», а носьбіт вярхоўнай улады — Усебеларускі з’езд Саветаў рабочых, сялянскіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў. Фактычна ж адбывалася зліццё парт. і савецкага дзярж. апаратаў (дзярж. кіраўнікі ўваходзілі ў склад парт. органаў, а парт. кіраўнікі ў склад дзярж. савецкіх устаноў). Паводле Канстытуцыі БССР 1937 замест з’езда Саветаў і выбранага ім ЦВК і яго Прэзідыума вышэйшым органам улады з’яўляўся Вярхоўны Савет БССР і Прэзідыум Вярхоўнага Савета. БССР абвяшчалася сацыяліст. дзяржавай рабочых і сялян, паліт. аснову якой складаюць Саветы дэпутатаў працоўных, а эканам. аснову — сацыяліст. сістэма гаспадаркі і сацыяліст. ўласнасць на прылады і сродкі вытворчасці. Усе найважнейшыя пытанні дзярж. жыцця адносіліся да кампетэнцыі саюзных органаў.

Адзінай кіруючай і накіроўваючай сілай была Камуністычная партыя. X з’езд РКП(б) (8—16.3.1921) прыняў спец. рэзалюцыю «Аб адзінстве партыі», паводле якой фракцыі ў РКП(б) былі забаронены. Пачаліся ліквідацыі апазіцыйных партый, увядзенне цэнзуры і інш. У 1921 арыштавана 860 актыўных членаў Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (БПС-Р), у чэрв. 1924 адбыўся яе самароспуск. У 1921 самаліквідаваўся Бунд, распалася Яўрэйская камуніст. партыя. Напачатку ўдзельнікі небальшавіцкіх партый і рухаў маглі адмовіцца ад сваіх паліт. поглядаў, уступіць у кампартыю і працаваць у розных установах і ведамствах. Да сярэдзіны 1920-х г. у СССР сфарміравалася аднапартыйная сістэма. Крайні цэнтралізм улады і кіравання прывёў да разрастання апарата. Камуніст. партыя таксама падвяргалася перыядычным праверкам наяўнага складу членаў і «чысткам», вялася барацьба з апазіцыямі ўнутры партыі. У 1921 колькасць выключаных з КП(б)Б дасягнула амаль 20%, у 1924—4,2%, у 1929—3717 чалавек.

У 1920-я г. з’явіліся законы па забеспячэнні свабод і правоў грамадзян, ствараліся кодэксы, у т. л. грамадзянскі, працоўны і крымінальны; пашыраліся выбарчыя правы, праводзілася судовая рэформа, фарміравалася адвакатура і пракуратура. ВЧК была рэарганізавана ў АДПУ з ранейшымі функцыямі. У кастр. 1922 ДПУ зноў дазволена выкарыстанне пазасудовых рэпрэсій.

Большасць новых палажэнняў і законаў адлюстроўвалі класавы і парт. прынцыпы. Прадстаўнікі рабочага класа прыцягваліся ў выбарныя дзярж. і парт. органы, прафесійныя, камсамольскія і інш. грамадскія арг-цыі, карысталіся прывілеямі пры ўступленні ў бальшавіцкую партыю. Сяляне выбіралі ў Саветы ўсіх узроўняў сваіх прадстаўнікоў у параўнанні з рабочымі па квоце 1:5. Усеагульнае, роўнае і прамое выбарчае права пры тайным галасаванні ўпершыню абвешчана ў Канстытуцыі БССР 1937.

У 1920-я г. пэўная частка асоб была выключана з паліт. і грамадскага жыцця — т.зв. «лішэнцы» (выхадцы з былых прывілеяваных саслоўяў, гандляры, святары, царскія супрацоўнікі праваахоўных органаў, дзеці прадстаўнікоў гэтых пластоў грамадства і г.д.). Яны не мелі права не толькі выбіраць і быць выбранымі, але займаць дзярж. ці грамадскія выбарныя пасады, быць членамі прафсаюза, атрымліваць дапамогу па беспрацоўі і г.д.

Рэчаіснасцю сав. жыцця была вял. колькасць урачыстасцей, састаўной часткай якіх былі шматтысячныя дэманстрацыі, парады, мітынгі і інш. Да ранейшых 12 рэлігійных (выключаны з календара ў 1930) дадаліся шматлікія новыя святы і памятныя даты: 1 мая, гадавіны Кастрычніцкай рэвалюцыі, Парыжскай камуны, Міжнар. юнацкі дзень, Міжнар. дзень жанчын, дэманстрацыі ў падтрымку сав. улады, бягучых рэв. падзей у Еўропе і г.д. Вуліцам, прадпрыемствам, навуч. установам даваліся новыя назвы. Гербы і старыя эмблемы саступалі месца сав. сімволіцы, здымаліся манархічныя помнікі, адкрываліся новыя ў памяць рэвалюцыянераў.

У пач. 1920-х г. у БССР сталі з яўляцца розныя культ.-асв. т-вы і суполкі, грамадскія аб’яднанні навук., творчага і прафес. кірунку: эканамічныя, гісторыі і старажытнасцей, бібліяфілаў, мед., пед. т-вы, літ. арг-цыі; прафес. аб’яднанні мелі юрысты, музычныя працаўнікі, мастакі, зубныя ўрачы і інш. Акрамя таго, працавалі рэліг. абшчыны, дзейнічалі мусульманскае дабрачыннае т-ва, яўр. гар. к-т і інш.

У пачатку нэпа была дазволена свабода друку (дзейнічалі прыватныя выдавецтвы і выданні), аднак паводле парт. і ўрадавых пастаноў 1922—23 уводзілася цэнзура практычна ўсіх друкаваных выданняў, пад кантроль дзяржавы пастаўлены грамадскія аб’яднанні. Дазвол на існаванне атрымлівалі аб’яднанні, якія ставілі за мэту ўдзел у сацыяліст. будаўніцтве, найб. буйныя з іх узначальвалі вядомыя парт. і дзярж. дзеячы. Членства ў іх паступова з добраахвотнага станавілася абавязковым.

З 1924 афіц. палітыкай нац.-дзярж. і культ. будаўніцтва ў БССР стала беларусізацыя. Першыя крокі ў яе ажыццяўленні зроблены ў 1919—20 (дзяржаўнасць бел. мовы, стварэнне бел. школ). У КП(б)Б улілося шмат дзеячаў нац.-вызв. руху, многія з якіх пазней увайшлі ў склад вышэйшых парт. і дзярж. органаў БССР і сталі ініцыятарамі беларусізацыі (А.​Р.​Чарвякоў, З.​Х.​Жылуновіч, У.​М.​Ігнатоўскі, А.​Л.​Бурбіс, А.​В.​Баліцкі). Яе правядзенню спрыялі і рашэнні ВКП(б) па нац. палітыцы пач. 1920-х г. Наркаматы БССР пераводзілі справаводства на бел. мову, для падрыхтоўкі кадраў стваралася шырокая сетка курсаў беларусазнаўства. У 1921 пацверджаны дэкрэт урада Літ.-Бел. ССР (1919) пра раўнапраўе ў якасці дзяржаўных бел., рус., яўр. (ідыш) і польскай моў. У 1921 адкрыты БДУ, у 1922 — Ін-т бел. культуры, на базе якога ў 1929 створана Бел. акадэмія навук. Аб’яўленая ў ліп. 1923 ЦВК СССР і ЦВК БССР амністыя ўдзельнікам антысавецкіх нац. арг-цый і фарміраванняў, бел. паліт. і культ. дзеячам, членам бел. нац. урадаў і бел. партый, якія не прымалі актыўнага ўдзелу ва ўзбр. барацьбе супраць сав. улады і заявілі аб лаяльных да яе адносінах, дала ім магчымасць далучыцца да нац.-культ. будаўніцтва. 2-я сесія ЦВК БССР (15.7.1924) спец. пастановай «Аб практычных мерапрыемствах па правядзенні нацыянальнай палітыкі» ўзняла беларусізацыю на дзярж. ўзровень. Побач з вывучэннем гісторыі, культуры, нац. і эканам. асаблівасцей Беларусі ажыццяўляўся перавод працы навучальна-выхаваўчых, навуковых і адм. устаноў на бел. мову. Калі ў 1925 у рэсп. установах бел. мовай валодала толькі 22% супрацоўнікаў, а ў акруговых і раённых — 36%, то ў 1926 — адпаведна 54% і 42%, а ў 1927—80% і 70%. Адным з кірункаў нац. палітыкі была т.зв. каранізацыя, згодна з якой на партыйную, сав. і грамадскую работу вылучаліся кадры з карэннага насельніцтва. З сярэдзіны 1920-х г. пачаўся даволі паспяховы перавод навучання ва ўсіх тыпах устаноў на родныя мовы навучэнцаў. Бел. мова стала абавязковым прадметам выкладання ў рус., яўр., польскіх і інш. нац. школах рэспублікі. На ўсіх дзярж. мовах выдаваліся газеты, часопісы, л-ра.

У святле гэтых падзей Берлінская канферэнцыя Рады БНР (кастр. 1925) аб’явіла аб роспуску сваіх паліт. цэнтраў і спыненні барацьбы з сав. уладай і прызнала БССР месцам кансалідацыі бел. народа. Важнай паліт. падзеяй у жыцці БССР стала Акадэмічная канферэнцыя па рэформе бел. правапісу ў Мінску (ліст. 1926) — першае міжнар. навук. мерапрыемства па беларусазнаўстве. У ёй удзельнічалі супрацоўнікі навук. і навуч. устаноў БССР, грамадскія дзеячы, вядомыя вучоныя Літвы, Латвіі, Германіі, Польшчы, Украіны і Расіі, прадстаўнікі бел. культуры, якія знаходзіліся за межамі БССР (В.​Ластоўскі, К.​Езавітаў, А.​Галавінскі, У.​Жылка, У.​Пігулеўскі). Некаторыя з іх таксама прызналі Мінск адзіным цэнтрам нац.-культ. развіцця Беларусі і засталіся тут працаваць.

Згортванне нэпа суправаджалася адступленнямі ад праведзеных рэформ і ў паліт. сістэме. Ліберальная інструкцыя 1925 па выбарах у Саветы ў ліп. 1926 адменена, новыя інструкцыі зноў значна пашыралі катэгорыі асоб, пазбаўленых выбарчых правоў. У 2-й пал. 1920-х г. узмоцнены кантроль Саветаў над сходамі сялян, у якіх маглі ўдзельнічаць толькі тыя, хто меў выбарчыя правы. Узмацняўся кантроль партыі за дзейнасцю Саветаў. Спісы кандыдатаў у Саветы складаліся парт. арг-цыямі і ўзгадняліся ў райкомах партыі. Скліканню кожнага з’езда Саветаў БССР ці сесіі ЦВК папярэднічалі пленумы ЦК КП(б)Б, якія вызначалі парадак дня і прымалі на ім праекты рашэнняў. Такі ж парадак устанаўліваўся і ў адносінах мясц. Саветаў. Функцыі Саветаў абмяжоўваліся гасп. і культ.-арганізац. пытаннямі. Камсамол і прафсаюзы таксама дзейнічалі пад парт. кантролем, узмацнілася цэнзура. У канцы 1920-х г. адмаўленне ад удзелу ў выбарах ужо разглядалася як негатыўныя адносіны да партыі і сав. улады.

З сярэдзіны 1920-х г. узмацніўся кантроль за паліт. паводзінамі грамадзян. Да паліт. злачынства прыраўноўвалася не толькі антысав. дзеянне, але і яго тэарэт. магчымасць. У пач. 1930-х г. значна павялічыўся рэпрэсіўны апарат, утвораны пазасудовы орган — асобая нарада замест судовай калегіі АДПУ.

З канца 1920-х г. пачалася барацьба з т.зв. бел. нацыянал-дэмакратызмам, які разглядаўся як антысавецкая плынь. Рэпрэсіраваны ўдзельнікі бел. нац. руху 1917—24, якія засталіся жыць на тэр. СССР. Пачатак гэтаму пакладзены дзейнасцю ў БССР у маі—чэрв. 1929 камісіі ЦК ВКП(б) на чале з У.​П.​Затонскім па абследаванні практыкі правядзення нац. палітыкі. Вынікам дзейнасці камісіі стала т.зв. справа «Саюз вызвалення Беларусі» (СВБ): арыштаваны 108 прадстаўнікоў бел. інтэлігенцыі, у т. л. акадэмікі Бел. АН В.​Ю.​Ластоўскі, Я.​Ю.​Лёсік, С.​М.​Некрашэвіч, прафесары А.​А.​Смоліч і У.​І.​Пічэта, наркомы земляробства (Дз.​Ф.​Прышчэпаў) і асветы (А.​В.​Баліцкі), пісьменнікі М.​Гарэцкі, У.​Дубоўка, Я.​Пушча. Пасля закрытага кастр. (1930) пленума ЦК КП(б)Б, які ўхваліў дзеянні АДПУ і прапановы бюро ЦК, арыштаваныя па абвінавачванні ў прыналежнасці да «СВБ» былі засуджаны на розныя тэрміны зняволення або высланы за межы БССР. Адначасова паводле рашэнняў пленума пачалася чыстка партыі ад т.зв. нацыянал-ухілістаў, найперш у яе кіруючых звёнах. Усё гэта прывяло да згортвання палітыкі беларусізацыі.

У 1931 супрацоўнікі АДПУ правялі аперацыю супраць «контррэвалюцыйных шкодніцкіх арганізацый»: «Беларускі філіял працоўнай сялянскай партыі» (БФПСП), «Беларускі філіял меншавікоў», «Беларускі філіял прампартыі». Іх ячэйкі «выяўлены» ў Дзяржплане БССР, ВСНГ БССР, ЦСУ, Наркамземе, Наркамаце забеспячэння, Белсельсаюзе, Белкалгасцэнтры, Белсельтрэсце, Белсельбанку, НДІ сельскай і лясной гаспадаркі, Белбудаб’яднанні, Белметалаб’яднанні, Белскураб’яднанні, спажывецкай кааперацыі і інш.

У 1933 супраць бел. інтэлігенцыі спецорганамі праведзены справы «Беларуская народная грамада» (з’яўлялася працягам «СВБ», праходзіла 68 чалавек пераважна бел. пісьменнікаў, настаўнікаў, студэнтаў) і «Беларускі нацыянальны цэнтр» (праходзіў 161 чал., пераважна дзеячы нац.-вызв. руху Зах. Беларусі, якія перабраліся ў БССР). Ячэйкі арганізацый былі «выяўлены» спецорганамі ў Дзяржплане, наркаматах асветы, аховы здароўя, сувязі, Акадэміі навук, БДУ, Бел. с.-г. акадэміі, Саюзе пісьменнікаў, Бел. ваеннай акрузе, у шэрагу гарадоў і раёнаў БССР.

Паводле пастановы Прэзідыума ЦВК СССР ад 1.12.1934 справы па паліт. абвінавачаннях разбіраліся ў пазасудовым парадку з выкарыстаннем вышэйшай меры пакарання. У 1929—30, 1933 праведзены парт. чысткі. Калі на 1.1.1933 кампартыя Беларусі налічвала 65 040 чал., то ў 1934—37 909. У выніку праверкі партдакументаў за 1935—36 выключана з партыі і знята з работы 17% старшынь райкомаў і 14% іх намеснікаў, 22% сакратароў райвыканкомаў і інш.; у партыі засталося 31 937 членаў. Вынікам «вялікага тэрору» 1937 стала наступнае скарачэнне колькасці партыйцаў да 31 603 чал., нягледзячы на новыя прыёмы, якія ішлі паралельна. Аднаўленне складу КП(б)Б пачалося з 1938, на 1.1.1941 яна налічвала ўжо 72 177 членаў. Выбары 1937 і 1938 у Вярхоўны Савет СССР і Вярхоўны Савет БССР мелі адпаведна працэнт удзелу 97,4% і 99,65%, практычна ўсе з тых, хто галасаваў, аддалі свае галасы за «кандыдатаў блока камуністаў і беспартыйных».

У 1937—38 ва ўсіх сферах нар. гаспадаркі выкрыты т.зв. «контррэвалюцыйныя, шкодніцкія» арг-цыі. Праведзены паліт. працэсы над удзельнікамі «Аб’яднанага антысавецкага падполля», «Беларускай аўтакефальнай царквы», «Беларускай народнай грамады», «Беларускага нацыянальнага цэнтра», «Беларускай філіі меншавікоў», «Беларускага філіяла Прампартыі», «Беларускага філіяла Працоўнай сялянскай партыі», Польскай арганізацыі вайсковай, «Саюзнага бюро РСДРП (меншавікоў)», «Партыі вызвалення сялян» і інш.; арыштаваны і расстраляны старшыні ЦВК і СНК БССР, іх намеснікі, члены ЦВК і СНК, сакратары ЦК КП(б)Б, былі рэпрэсіраваны амаль усе наркомы, прафсаюзныя і камсамольскія дзеячы, кіраўнікі нар. гаспадаркі, 26 акадэмікаў і 6 членаў-карэспандэнтаў Бел. АН, больш за 100 бел. пісьменнікаў, супрацоўнікі праваахоўных органаў і інш. Большасць з іх была прыгаворана пазасудовымі органамі да вышэйшай меры пакарання.

У 1937 была звернута ўвага на факты дэспатызму і здзекаў над калгаснікамі і аднаасобнікамі з боку мясц. органаў улады. У БССР для разбору «шкодніцкай» дзейнасці прыбылі нам. старшыні Камісіі парт. кантролю пры ЦК ВКП(б) і адначасова заг. с-г. аддзела ЦК Я.​А.​Якаўлеў і заг. аддзела кіруючых парт. органаў ЦК ВКП(б) Г.​М.​Малянкоў. Пры іх удзеле адбыўся ліпеньскі (1937) пленум ЦК КП(б)Б. Недахопы ў развіцці сельскай гаспадаркі, масавыя незадавальненні і пратэсты сялян супраць падатковай палітыкі, невыкананне планаў шэрагам прадпрыемстваў тлумачыліся контррэв. дзеяннямі антысавецкага падполля. З 24 прамоўцаў на пленуме ў далейшым рэпрэсіраваны 20 чалавек.

У выкананне пастановы СНК СССР і ЦК ВКП(б)Б ад 2.8.1937 «Аб аказанні дапамогі калгаснаму сялянству Беларускай ССР і ліквідацыі шкодніцтва ў справе калгаснага ўладкавання», дырэктыў партыі і ўрада аб ліквідацыі наступстваў шкодніцтва ў галіне судовай працы Вярхоўным судом БССР былі перагледжаны больш за 50 тыс. спраў адносна каля 70 тыс. асуджаных у 1934—37 калгаснікаў, аднаасобнікаў і сельскага актыву за невыкананне дзяржабавязкаў. З 50% асуджаных адразу была знята судзімасць. У шэрагу раёнаў БССР восенню 1937 праведзены адкрытыя працэсы над раённымі кіраўнікамі, прыцягнуты да адказнасці работнікі органаў пракуратуры і суда.

Пастанова СНК і ЦК ВКП(б) «Аб арыштах, пракурорскім наглядзе і вядзенні следства» ад 17.11.1938 азначала адыход ад масавых рэпрэсій. Органам НКУС і Пракуратуры забаранялася праводзіць масавыя аперацыі па арыштах і высяленні, а самі арышты прадпісвалася здзяйсняць у адпаведнасці з Канстытуцыяй толькі паводле пастановы суда ці з санкцыі пракурора. Ліквідаваліся «тройкі», справы неабходна было перадаваць на разгляд судоў ці Асобай нарады пры НКУС.

Адмова ад масавых рэпрэсій праходзіла без шырокага асвятлення ў друку, рэабілітацыя арыштаваных была частковай і непаслядоўнай. У дакладной у ЦК ВКП(б) ад 7.7.1939 П.К Панамарэнка асудзіў адкрытыя працэсы 2-й пал. 1937 — пач. 1938 над раённымі кіраўнікамі. У выніку быў спынены шэраг спраў (Бялыніцкая, Кармянская, Бярэзінская, Пухавіцкая, Клічаўская, Чавуская, Мазырская, Аршанская і інш.).

Паводле афіц. звестак у 1935—40 ад паліт. рэпрэсій у БССР пацярпелі 86 168 чал., з іх 28 425 прыгавораны да вышэйшай меры пакарання і расстраляны. У агульную лічбу каля 600 тыс. ахвяр паліт. рэпрэсій уваходзіць таксама больш за 100 тыс. жыхароў рэспублікі, рэпрэсіраваных у адм. парадку на тэр. Зах. Беларусі ў 1939—41, 1944—53.

У выніку масавых чыстак адбылася практычна поўная змена кіруючых кадраў усіх узроўняў. Да ўлады прыйшло новае пакаленне ўпраўленцаў, падрыхтаванае савецкай сістэмай адукацыі. На 1.1.1941 у БССР працавалі 27,7 тыс. спецыялістаў з вышэйшай і каля 60 тыс. з сярэдняй адукацыяй. Аднак забяспечанасць спецыялістамі гаспадаркі і культуры заставалася недастатковай, узровень падрыхтоўкі кадраў быў мінімальны. У дзярж. і гасп. органы, установы культуры і школы пасля невялікай падрыхтоўкі і нават без яе, прыцягваліся работнікі з агульнай сярэдняй і 7-гадовай адукацыяй. Яны складалі больш як ​1/3 працаўнікоў разумовай працы.

Адукацыя, навука, культура. Першыя дэкрэты сав. улады па пытаннях адукацыі былі накіраваны на ліквідацыю царскай школьнай сістэмы і распрацоўку асноўных прынцыпаў сав. школы. «Палажэнне аб адзінай працоўнай школе» і пастанова 1-й Парт. нарады (1921) дэкларавалі сувязь школы з палітыкай Камуніст. партыі, бясплатную абавязковую агульную і політэхн. адукацыю, адзіную для ўсіх грамадзян свецкую школу, дэмакр. арганізацыю навучання працоўнага характару. Навучанне павінна было складаць 9 гадоў. З 1922 асн. школай БССР стала 7-гадовая школа, аднак масавай у 1920-я г. была пачатковая 4-гадовая. У адпаведнасці з задачай політэхнізацыі 7-гадовыя школы набылі вытворчы ўхіл. На вёсцы ствараліся школы сялянскай моладзі, у горадзе пры фабрыках і заводах — фабрычна-заводскія сямігодкі. Да сярэдзіны 1920-х г. сярэдняя школа на Беларусі адсутнічала, праграму сярэдняй адукацыі выконвалі рабочыя факультэты, агульнаадук. курсы, з 1926—9-гадовыя школы і школы 2-й ступені (8—9-ы класы). У 1930-я г. вялася уніфікацыя школы ў межах усяго СССР. Пастановай СНК СССР і ЦК ВКП(б) «Аб структуры пачатковай і сярэдняй школы ў СССР» (15.5.1934) усталёўвалася адзіная сістэма агульнаадук. школы: пачатковая (1—4-ы класы), няпоўная сярэдняя (1—7-ы класы), сярэдняя (1—10-ы класы).

У час беларусізацыі выкладанне ў школах праводзілася на роднай мове навучэнцаў, у праграмы ўведзены прадметы краязнаўчага цыкла, бел. мова стала абавязковым прадметам выкладання ва ўсіх нац. школах, пры паступленні ў тэхнікумы і ВНУ патрабавалася веданне бел. мовы. Пастановай СНК і Прэзідыума ЦВК БССР ад 7.4.1926 у рэспубліцы ўводзілася ўсеагульнае пачатковае навучанне, з 1932/33 навуч. г. — няпоўнае сярэдняе. Адначасова з сістэмы адукацыі пачалі знікаць школы нац. меншасцей.

У 1920-я г. побач з агульнаадукацыйнай існавала прафес.-тэхн. школа, асн. тыпамі якой былі школа фабрычна-заводскага вучнёўства, прафшкола, прафклас, с.-г. школа, вучэбна-практычныя майстэрні, школы с.-г., саўгаснага і трактарнага вучнёўства. У 1940 пачалася перабудова сістэмы прафес.-тэхн. адукацыі, стваралася сістэма працоўных рэзерваў.

У 1920—30-я г. ў БССР разгорнута сетка школ і пунктаў па ліквідацыі непісьменнасці і малапісьменнасці сярод дарослых (у 1928/29 навуч. г. 309 ліквідацыйных пунктаў і 319 школ малапісьменных). Працавалі вячэрнія школы для дарослых. Паводле перапісу насельніцтва ў снеж. 1926 пісьменных у рэспубліцы ва ўзросце ад 9 да 49 гадоў было 53,1%, у 1940/41 навуч. г. — каля 85% насельніцтва.

З уз’яднаннем Зах. Беларусі з БССР у 1939 там пачалося ўвядзенне сав. школьнай сістэмы, усеагульнага бясплатнага навучання ў аб’ёме сямігодкі, ствараліся нац. школы. У 1940/41 навуч. г. на тэр. Беларусі працавалі 12 294 школы ўсіх відаў, у якіх навучалася 1 737,1 тыс. чалавек і працавала 56,9 тыс. настаўнікаў.

У 1920-я г. актыўна развівалася сетка сярэдніх спец. навучальных устаноў.

Адкрыты тэхнікумы: Віцебскі механіка-будаўнічы, Мінскі арх.-будаўнічы, Полацкі лясны, Мінскія гідратэхнікум і палітэхнікум, Магілёўскі культ.-асветны, Аршанскі чыг. і інш. У 1930 у БССР працавала 58 сярэдніх спец. навуч. устаноў (11,2 тыс. навучэнцаў). Адначасова адбывалася станаўленне вышэйшай школы Беларусі. У пач. 1920-х г. у БССР працавалі Горы-Горацкі земляробчы ін-т, Віцебскае аддзяленне Маскоўскага археал. ін-та, Віцебскі дзярж. маст.-практычны ін-т (у 1923 рэарганізаваны ў мастацкі тэхнікум), Віцебскі, Магілёўскі і Мінскі пед. ін-ты. У 1920 Мінскі політэхнічны тэхнікум пераўтвораны ў ВНУ, а ў 1922 рэарганізаваны ў інстытут сельскай і лясной гаспадаркі. 30.10.1921 адбылося ўрачыстае адкрыццё БДУ (3 ф-ты, 1250 студэнтаў). У выніку ўзбуйнення Беларусі ў 1924 сетка ВНУ рэспублікі пашырылася, што не адпавядала матэрыяльным магчымасцям краіны. Шэраг навуч. устаноў падлягаў рэарганізацыі і зліццю: Віцебскі, Мінскі і Магілёўскі вышэйшыя пед. ін-ты аб’ядноўваліся з пед. ф-там БДУ; Мінскі і Горацкі с.-г. ін-ты — у Бел. дзярж. акадэмію сельскай гаспадаркі. У 1924 пачаў працу ветэрынарны ін-т у Віцебску. Падрыхтоўкай кадраў парт. і сав. работнікаў займаліся сав. і парт. школы, якія працавалі ў Мінску, Віцебску, Гомелі і Магілёве. У 1925 Мінская вышэйшая парт. школа рэарганізавана ў Камуніст. універсітэт імя У.​І.​Леніна, а ў 1932 пераўтворана ў Вышэйшую камуністычную с.-г. школу Беларусі. З правядзеннем беларусізацыі з мэтай надання краязнаўчага ўхілу ва ўсіх ВНУ засноўваліся спец. кафедры па вывучэнні Беларусі. У 1925/26 навуч. г. для падрыхтоўкі навукова-пед. кадраў пры ВНУ ствараліся аспірантуры. У 1930—31 Мінскі, Віцебскі і Магілёўскі пед. тэхнікумы рэарганізаваны ў педінстытуты; пачалі працу Аршанскі і Гомельскі пед. ін-ты. Да канца 1920-х г. у сістэму адукацыі ўведзена вышэйшае завочнае навучанне, экстэрнат. У 1930 адкрыты 4 новыя ВНУ: электратэхнічны, хіміка-тэхналагічны, будаўнічы ў Мінску і механічны ў Гомелі. У 1930/31 навуч. г. ўстановы рэарганізаваліся па галіновай прыкмеце, на базе асобных ф-таў ствараліся самастойныя ВНУ і перадаваліся ў падпарадкаванне гасп. аб’яднанняў, для якіх яны рыхтавалі спецыялістаў. Сетка ВНУ значна пашырылася, толькі на базе с.-г. акадэміі створана 11 ВНУ. Драбленне матэрыяльнай базы прывяло да стварэння маламоцных ін-таў: у 1925 працавалі 4 ВНУ з 4342 студэнтамі, а ў 1931—32 з 10 547 студэнтамі. У 1933 ВНУ з вузкай спецыялізацыяй зноў аб’яднаны, аднавілі працу с.-г. акадэмія і політэхн. інстытут. У 1932 пачала дзейнічаць Мінская кансерваторыя. У 1935—37 створаны 2-гадовыя настаўніцкія ін-ты ў Мінску, Віцебску, Гомелі, Магілёве, Оршы і Рагачове, а пасля далучэння Зах. Беларусі да БССР — у Баранавічах, Гродне, Пінску. У 1937 адкрыты Мінскі ін-т фіз. культуры. У 1939/40 навуч. г. ў БССР дзейнічалі 22 вышэйшыя (15,4 тыс. студэнтаў) і 102 сярэднія спец. навуч. ўстановы (133,6 тыс. навучэнцаў), каля 20 тыс. займалася на завочных аддзяленнях і курсах.

Навука. У 1921 створана Навукова-тэрміналагічная камісія, на базе якой у 1922 арганізаваны Інстытут беларускай культуры (Інбелкульт). Старшынямі Інбелкульта былі С.​Некрашэвіч, з 1924 — У.​Ігнатоўскі; у яго дзейнасці ўдзельнічалі Я.​Дыла, З.​Жылуновіч, У.​Пічэта, Я.​Карскі, Я.​Купала, Я.​Колас, Я.​Лёсік і інш. У 1923 у Мінску створана Бел. доследная станцыя па ахове с.-г. культур, у 1924 — Мінская лясная доследная станцыя, Цэнтральнае бюро краязнаўства. У 1926 у БССР дзейнічала 240 краязнаўчых арганізацый з ахопам каля 10 тыс. чалавек. Значную навук. работу праводзілі вучоныя БДУ і Бел. ін-та сельскай і лясной гаспадаркі. 1.1.1929 на аснове Інбелкульта адкрыта Акадэмія навук. У 1932 у яе складзе налічвалася 14 НДІ, працавалі 22 правадзейныя члены Бел. АН, 150 навук. работнікаў. Усяго ў рэспубліцы ў канцы 1930-х г. дзейнічала 40 н.-д. устаноў, у якіх было занята больш за 1,5 тыс. навук. супрацоўнікаў.

У 1920—30-я г. адкрыты шэраг культ.-асветных устаноў — рабочых клубаў, хат-чытальняў, чырвоных куткоў, дамоў культуры, бібліятэк (у 1927 у рэспубліцы налічвалася 271 хата-чытальня і 95 нар. дамоў). У кастр. 1921 пачала працаваць Бел. дзярж. бібліятэка. У 1937 у рэспубліцы было 14 музеяў. У сав. гіст. навуцы пераўтварэнні ў галіне культуры ў міжваенны перыяд атрымалі назву культурнай рэвалюцыі.

Літ.:

Партийная этика: Дискуссии 20-х гг. М., 1989;

История Отечества: люди, идеи, решения: Очерки истории Сов. государства. М., 1991;

Хлевнюк О.В. 1937-й: Сталин, НКВД и советское общество. М., 1992;

Яго ж. Политбюро. Механизм политической власти в 30-е годы. М., 1996;

Зеленин И.Е. Политотделы МТС — продолжение политики «чрезвычайщины» (1933—1934) // Отечеств. история. 1992. №6;

Яго ж. Коллективизация и единоличник (1933 — первая половина 1935 г.) // Там жа. 1993. № 3;

Адамушка У. Палітычныя рэпрэсіі 1920—50-х гадоў на Беларусі. Мн., 1994;

Ивницкий Н.А. Коллективизация и раскулачивание (начало 30-х годов). М., 1994;

Нарысы гісторыі Беларусі. Ч. 2. Мн., 1995;

Революция и человек: быт, нравы, поведение, мораль. М., 1997;

Шишкин В.А. Власть. Политика. Экономика: послереволюционная Россия (1917—1928 гг.). СПб., 1997;

Голанд Ю. Кризисы, разрушившие НЭП. Валютное регулирование в период НЭПа. М., 1998;

Бяспалая М.А. Беларуская вёска ў першыя гады нэпа (1921—1923). Мн., 1999;

Касцюк М. Бальшавіцкая сістэма ўлады на Беларусі. Мн., 2000;

Платонаў Р.П. Беларусь у міжваенны перыяд. Мн., 2001;

НЭП в контексте исторического развития России XX века. М., 2001;

Перед крутым поворотом: Тенденции в полит. и духов. жизни Беларуси (1925—1928 гг.): Отражение времени в арх. док. Мн., 2001;

Раманава І. «Зона»: Бел. памежжа па сав. бок дзярж. кардону ў 1930-я гг. // Спадчына. 2001. №1—2;

Яе ж. Голад 1932—1934 гг. і Беларусь // Там жа. 2004. №1;

Яе ж. Рэпрэсіі супраць нацыянальных меншасцей Беларусі ў міжваенны перыяд // Беларусь у XX стагоддзі. Мн., 2002. Вып. 1;

Гісторыя Беларусі. Ч. 2. Мн., 2002.

І.​М.​Раманава.

Заворванне былога балота.
Віцебская панчошна-трыкатажная фабрыка ў час будаўніцтва.
Мокрапрадзільны ватэрны цэх Віцебскай ільнопрадзільнай ф-кі «Дзвіна».
Мінскі фармацэўтычны завод.
Віцебскі камбінат па вытворчасці алею.
Галоўны корпус і рабочы пасёлак Асінаўскай электрастанцыі.
Галоўны корпус і сілавая станцыя Магілёўскага гарбарнага завода.
Упаковачны цэх Барысаўскай запалкавай фабрыкі.
Дыскаванне глебы. Сельгаскамуна імя БВА. Любанскі раён.
Фрэзер для глебы. Сельгаскамуна імя БВА. Любанскі раён.
Трактарная калона «Інтэрнацыянал».
Сыраварня. Калгас «Рассвет». 1930-я г.
Мінск. Вуліца Савецкая. 1929.
Чытальныя залы Віцебскага латышскага і Мінскага польскага клубаў.
Універсітэцкі гарадок у Мінску.
Школа фабрычна-заводскага вучнёўства пры Віцебскай ільнопрадзільнай ф-цы «Дзвіна».
Сямігадовая школа ў в. Дукора Пухавіцкага раёна.
Вырабы керамічнага аддзялення Віцебскага мастацкага тэхнікума.
Туберкулёзны санаторый «Сасноўка». Віцебскі раён.
Цэнтральная бульбяная станцыя ў Мінску.
Клуб у калгасе «Рассвет».

т. 18, кн. 2, с. 222

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Рэспубліка Беларусь на міжнароднай арэне

Фарміраванне асноў знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь. Нягледзячы на актывізацыю знешнепаліт. дзейнасці і пашырэнне міжнар. сувязей рэспублікі ў пасляваен. дзесяцігоддзі, пэўную эвалюцыю іх зместу і форм, яны не падняліся на якасна новую ступень, а іх узровень і практычныя вынікі не адпавядалі эканам., навукова-тэхн. і культурнаму патэнцыялу Беларусі, запатрабаванням яе сац.-эканам. і культурнага развіцця. Артыкул 28 Канстытуцыі БССР 1978 зацвердзіў, што рэспубліка «ў знешнепалітычнай дзейнасці кіруецца мэтамі, задачамі і прынцыпамі знешняй палітыкі СССР, вызначанымі Канстытуцыяй СССР». Канстытуцыя СССР 1977 адносіла да кампетэнцыі Саюза ССР устанаўленне агульнага парадку і каардынацыю адносін саюзных рэспублік з замежнымі дзяржавамі і міжнар. арг-цыямі, прадстаўніцтва СССР у міжнар. адносінах, сувязі СССР з замежнымі дзяржавамі і міжнар. арг-цыямі, знешні гандаль і інш. віды знешнеэканам. дзейнасці на аснове дзярж. манаполіі. Закон СССР аб парадку заключэння, выканання і дэнансацыі міжнар. дагавораў 1978 канкрэтызаваў і пашырыў паўнамоцтвы саюзных рэспублік у рэалізацыі міжнар.-прававой кампетэнцыі Саюза ССР. Але ўвогуле прававыя асновы нац.-дзярж. будаўніцтва СССР у галіне міжнар. дзейнасці, закладзеныя ў 1944, закансерваваліся ў пасляваен. перыяд, не былі дапоўнены неабходнымі юрыд., палітыка-дыпламат. і арганізац.-практычнымі мерапрыемствамі. Пэўнае ажыўленне знешнепаліт. дзейнасці Беларусі адбылося ў час перабудовы. Гэта выявілася найперш у актывізацыі замежных сувязей з Польшчай і інш. дзяржавамі, развіцці знешнегандл., культурных і гуманітарных кантактаў з зах. краінамі, пастаноўцы Чарнобыльскай праблемы на форуме нацый, развіцці міжпарламенцкіх сувязей, павароце да бел. эміграцыі, дыпламат. намаганнях, скіраваных на рэалізацыю нац. інтарэсаў бел. народа. На міжнар. арэне БССР не выступала як самастойны суб’ект еўрап. і сусв. палітыкі, не набыла міжнар.-прававога прызнання як суверэнная і незалежная дзяржава. Рэспубліка не мела дыпламат. адносін ні з адной дзяржавай свету, а яе прадстаўніцтвы пры міжнар. арг-цыях фактычна з’яўляліся філіяламі агульнасаюзных прадстаўніцтваў. Толькі дасягненне рэальнага суверэнітэту адкрыла перад Беларуссю перспектыву ўваходжання ў сусв. супольнасць дзяржаў і правядзення знешняй палітыкі ва ўласных нац. інтарэсах.

Пасля абвяшчэння незалежнасці 25.8.1991 і дэнансацыі Вярх. Саветам Рэспублікі Беларусь 10.12.1991 Саюзнага дагавора Беларусь выйшла на міжнар. арэну ў дзвюх якасцях: як новая незалежная дзяржава і як еўрап. краіна, якая мае глыбокія гістарычныя традыцыі дзяржаўнасці і знешняй палітыкі. Рэспубліка Беларусь з’яўляецца спадкаемніцай дзяржаў, што існавалі на тэр. Беларусі. З набыццём незалежнасці пачаўся новы перыяд у гісторыі бел. дзяржаўнасці і знешнепаліт. дзейнасці Беларусі. Ён вызначаецца станаўленнем знешняй палітыкі і дыпламатыі Рэспублікі Беларусь. У адпаведнасці з Дэкларацыяй аб дзярж. суверэнітэце, актамі аб самаліквідацыі СССР і ўтварэнні Садружнасці Незалежных Дзяржаў (СНД) Вярх. Савет і ўрад Рэспублікі Беларусь заявілі аб будаўніцтве незалежнай дзяржавы і правядзенні самаст. унутранай і знешняй палітыкі. Канстытуцыя краіны замацавала абавязацельствы дзяржавы зыходзіць у сваёй знешняй палітыцы з агульнапрызнаных прынцыпаў і норм міжнар. права, якія абвешчаны прыярытэтнымі над нац. заканадаўствам. Канстытуцыйную сілу набылі палажэнні Дэкларацыі аб дзярж. суверэнітэце аб ператварэнні Беларусі ў нейтральную краіну і бяз’ядзерную зону.

Канстытуцыйна-прававую базу бел. знешняй палітыкі складалі: Дэкларацыя Вярх. Савета БССР «Аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі» ад 27.7.1990, Заява Вярх. Савета Рэспублікі Беларусь «Аб прынцыпах знешнепаліт. дзейнасці Рэспублікі Беларусь» ад 3.10.1991, Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, прынятая 15.3.1994, змененая і дапоўненая 24.11.1996, Канцэпцыя нац. бяспекі Рэспублікі Беларусь, зацверджаная Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь у ліп. 2001 (1-я рэдакцыя 1995), Ваен. дактрына Рэспублікі Беларусь, зацверджаная Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь у студз. 2002 (1-я рэдакцыя 1992), інш. дакументы, прынятыя Прэзідэнтам, Вярх. Саветам і Нац. сходам Рэспублікі Беларусь, якія рэгулююць дзейнасць дзярж. органаў улады ў галіне знешняй палітыкі, а таксама агульнапрызнаныя прынцыпы і нормы міжнар. права, зафіксаваныя ў Статуце ААН, Хельсінкскім Заключным акце, Парыжскай хартыі для новай Еўропы і інш. дакументах АБСЕ. У адрозненне ад большасці замежных дзяржаў у Рэспублікі Беларусь пакуль што няма афіцыйна прынятай канцэпцыі знешняй палітыкі. У пач. 21 ст. сфарміраваліся асн. прынцыпы бел. знешняй палітыкі, да якіх адносяцца: адпаведнасць знешнепаліт. мэт нац. рэсурсам, прыярытэт агульнапрызнаных прынцыпаў і норм міжнар. права, развіццё ўсебаковага супрацоўніцтва з замежнымі дзяржавамі і міжнар. арг-цыямі, добраахвотнасць уваходжання і ўдзелу ў міждзярж. утварэннях, адданасць палітыцы паслядоўнай дэмілітарызацыі міжнар. адносін, адсутнасць тэр. прэтэнзій да памежных дзяржаў і непрызнанне тэр. прэтэнзій да Рэспублікі Беларусь. Стратэгічныя мэты знешняй палітыкі Беларусі: абарона суверэнітэту і незалежнасці дзяржавы, абарона інтарэсаў грамадзян, грамадства і дзяржавы, захаванне бяз’ядзернага статуса. Сярод асн. задач бел. знешняй палітыкі: стварэнне знешніх умоў для павышэння дабрабыту народа, умацавання паліт., эканам., культурнага і духоўнага патэнцыялу дзяржавы; раўнапраўная інтэграцыя Беларусі ў сусв. паліт., эканам., навук., культурную і інфармацыйную прастору; садзейнічанне пабудове стабільнага, справядлівага, дэмакр. светапарадку, заснаванага на прынцыпах міжнар. права; фарміраванне добрасуседскіх адносін з памежнымі дзяржавамі; абарона правоў і інтарэсаў грамадзян Беларусі за мяжой. Асн. прыярытэтныя кірункі знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь: развіццё ўзаемавыгадных адносін з Рас. Федэрацыяй; развіццё стабільных адносін з Еўрап. Саюзам і дзяржавамі — яго ўдзельніцамі; умацаванне супрацоўніцтва з дзяржавамі СНД; удзел у Еўразійскім эканам. супольніцтве; падтрыманне і развіццё сяброўскіх адносін з суседнімі дзяржавамі; развіццё сяброўскіх адносін з усімі еўрап. дзяржавамі з мэтай дасягнення Беларуссю статуса раўнапраўнага ўдзельніка агульнаеўрап. інтэграцыйных працэсаў; развіццё раўнапраўных адносін з ЗША; развіццё ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва з дзяржавамі Азіі (у першую чаргу з Кітаем, Індыяй, Японіяй), арабскага свету, Афрыкі; павышэнне ўзроўню паліт. і эканам. супрацоўніцтва з краінамі Лац. Амерыкі; садзейнічанне ўмацаванню кансалідуючай ролі ААН на глабальным і рэгіянальным узроўнях; удзел Беларусі ў шматбаковым супрацоўніцтве як фактару інтэграцыі краіны ў сусв. супольніцтва; развіццё шматбаковага супрацоўніцтва па пытаннях міжнар. бяспекі і раззбраення, прадухілення і ліквідацыі надзвычайных сітуацый, ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС; супрацоўніцтва з НАТО па пытаннях мер даверу і бяспекі ў ваен. сферы, забеспячэнне еўрап. бяспекі і стабільнасці, барацьбы з тэрарызмам, нелегальнай міграцыяй, аховы граніц, нац. бяспекі; падтрымка асн. падыходаў Руху недалучэння да праблем усеаг. і рэгіянальнай бяспекі, да выраўноўвання базавых умоў развіцця краін незалежна ад іх эканам. патэнцыялу.

Са снеж. 1991 пачаўся працэс міжнар. прызнання Рэспублікі Беларусь. Першымі дзяржавамі свету, якія прызналі незалежнасць Беларусі і ўстанавілі з ёй дыпламат. адносіны, былі Украіна і ЗША (27 і 28.12.1991 адпаведна). На працягу 1992 адбылося поўнае міжнар. прызнанне Рэспублікі Беларусь. На 1.7.2003 яна мела дыпламат. адносіны са 156 дзяржавамі свету. Краіну за мяжой прадстаўляюць 53 дыпламат. прадстаўніцтвы ў 46 краінах свету, у т. л. 44 пасольствы, 2 пастаянныя прадстаўніцтвы пры міжнар. арг-цыях, 6 ген. консульстваў, 1 консульства; 10 бел. паслоў акрэдытаваны па сумяшчальніцтве ў 16 краінах. За мяжой таксама функцыянуюць 12 аддзяленняў пасольстваў Беларусі: 10 у рэгіёнах Рас. Федэрацыі, 1 у Боне (Германія), 1 у Алматы (Казахстан). На Беларусі дзейнічаюць 34 пасольствы, 13 консульскіх устаноў, 12 прадстаўніцтваў міжнар. арг-цый, у т. л. Выканаўчы к-т і Эканам. суд СНД; па сумяшчальніцтве ў Рэспубліцы Беларусь акрэдытавана 80 паслоў замежных дзяржаў. Значна пашырылася дагаворна-прававая база міжнар. адносін Беларусі з замежнымі краінамі і міжнар. арг-цыямі. На 1.7.2003 Беларусь ажыццяўляе выкананне 2701 міжнар. дагавора, з іх 1378 двух- і 1323 шматбаковыя; падпісана 47 інвестыцыйных і 76 гандл.-эканам. пагадненняў. Беларусь значна пашырыла свой удзел у міжнар. універсальных і рэгіянальных арг-цыях.

У пач. 1990-х г. прыярытэтнымі кірункамі знешняй палітыкі Беларусі з’яўляліся: умацаванне рэальнага суверэнітэту і незалежнасці, супрацоўніцтва з дзяржавамі СНД у развіцці паліт. і эканам. інтэграцыі на постсав. прасторы, наладжванне добрасуседскіх адносін з суседнімі дзяржавамі, ператварэнне краіны ў бяз’ядзерную і нейтральную дзяржаву, «вяртанне ў Еўропу» і развіццё сувязей з краінамі Захаду, міжнар. дапамога ў ліквідацыі вынікаў Чарнобыльскай катастрофы 1986. Да сярэдзіны 1990-х г. па гэтых кірунках дасягнуты значныя вынікі. Беларусь зрабіла істотны ўклад ва ўмацаванне міжнар. бяспекі ў галіне ядзернага раззбраення і кантролю над узбраеннямі. Яна атрымала ў спадчыну ад СССР самую вышэйшую ў свеце канцэнтрацыю ваенных: 1 ваенны на 43 цывільныя асобы. Спатрэбілася шмат сіл і сродкаў для скарачэння арміі са 160 да 80 тыс. чал. У адпаведнасці з Дагаворам аб звычайных узбр. сілах у Еўропе (ДЗУСЕ), да якога дзяржава далучылася ў 1992, Беларусь знішчыла каля 10% узбраенняў і тэхнікі, ліквідаваных усімі 30 дзяржавамі — удзельніцамі ДЗУСЕ. Да канца 1996 Беларусь выканала ўмовы дагавора, што патрабавала ад яе значных фін. сродкаў. У сувязі з гэтым у 1995 рэалізацыя ДЗУСЕ была часова прыпынена. Беларусь стала першай краінай, якая ратыфікавала Пагадненне аб адаптацыі ДЗУСЕ у 2000. У 1992 за межы краіны была выведзена тактычная ядзерная зброя. У 1993 бел. парламент ратыфікаваў Дагавор аб стратэгічных наступальных узбраеннях (СТАРТ-1) і Лісабонскі пратакол 1992, які прадугледжвае далучэнне Беларусі да Дагавора аб нераспаўсюджванні ядзернай зброі ў якасці няядзернай дзяржавы. У 1993 Рэспубліка Беларусь падпісала Канвенцыю аб забароне хім. зброі, у 1996 — Дагавор аб усеаг. забароне выпрабаванняў ядзернай зброі. У ліст. 1996 з тэр. Беларусі выведзена стратэгічная ядзерная зброя і яна дэ-факта стала бяз’ядзернай дзяржавай. Паслядоўная палітыка Беларусі ў сферы ядзернага раззбраення атрымала высокае міжнар. прызнанне. Яна з’яўляецца ўдзельнікам усіх асноўных дамоўленасцей у галіне нераспаўсюджвання: Дагавора аб нераспаўсюджванні ядзернай зброі, Канвенцыі аб забароне хім. зброі, Канвенцыі аб забароне біял. і таксічнай зброі, Дагавора аб усёабдымнай забароне ядзерных выпрабаванняў; у 1995 падпісала пагадненне аб гарантыях з МАГАТЭ. Прыняцце Беларусі ў Групу ядзерных пастаўшчыкоў у 2000 засведчыла поўную адпаведнасць бел. сістэмы экспартнага кантролю міжнар. нормам. У 2002 Беларусь стала ўдзельніцай Гаагскага кодэкса паводзін па прадухіленні распаўсюджвання балістычных ракет. У 1998 на 53-й сесіі Ген. Асамблеі па ініцыятыве бел. дэлегацыі прынята рэзалюцыя «Рэгіянальнае раззбраенне», у якой ухвалена бел. прапанова аб стварэнні ў Цэнтр. і Усх. Еўропе прасторы, свабоднай ад ядзернай зброі. У 2002 на 57-й сесіі Ген. Асамблеі Беларусь стала ініцыятарам праекта рэзалюцыі «Забарона распрацоўкі і вытворчасці новых відаў зброі масавага знішчэння і новых сістэм такой зброі», прынятай без галасавання. У рамках Венскага дакумента 1999 перагавораў па мерах умацавання даверу і бяспекі (МДБ) у 2001 дасягнута паліт. дамоўленасць аб дадатковых МДБ з Літвой, падпісана міжурадавае пагадненне аб дадатковых МДБ з Украінай. У 2004 былі дасягнуты аналагічныя паліт. дамоўленасці з Латвіяй (4.3.2004) і Польшчай (21.7.2004). У 2001 Беларусь ратыфікавала Дагавор аб адкрытым небе. З 1994 бел. кіраўніцтва выступала супраць пашырэння НАТО на Усход і прасоўвання блока да межаў Беларусі, бо лічыла гэта вялікай гіст. памылкай Захаду; заяўляла, што існаванне НАТО пасля распаду Варшаўскага дагавора не выклікана гіст. неабходнасцю, і прапаноўвала альянсу самараспусціцца ці сур’ёзна рэфармавацца. Беларусь выступае за стварэнне сістэмы еўрап. бяспекі без падзяляльных граніц і пры ўмацаванні каардынуючай ролі АБСЕ.

Пасля абрання ў ліп. 1994 прэзідэнтам дзяржавы А.​Р.​Лукашэнкі пачаўся новы этап у гісторыі суверэннай Беларусі і яе знешняй палітыкі. Значна зменены знешнепаліт. дактрына і механізм распрацоўкі і рэалізацыі бел. знешняй палітыкі. У 1995 Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь сфармуляваў наступныя знешнепаліт. прыярытэты дзяржавы: умацаванне суверэнітэту краіны; узмацненне шматбаковага і двухбаковага супрацоўніцтва з дзяржавамі СНД пры паглыбленні адносін з Расіяй; развіццё адносін з дзяржавамі Захаду, у т. л. Цэнтр. і Усх. Еўропы; стварэнне спрыяльных умоў для супрацоўніцтва з міжнар. арг-цыямі. У канцы 1990-х г. быў абвешчаны курс на шматвектарную знешнюю палітыку, што праявілася ў актывізацыі сувязей з дзяржавамі Азіі, Афрыкі і Лац. Амерыкі і ўступленні Беларусі ў 1998 у Рух недалучэння, а таксама вылучана канцэпцыя стварэння «пояса добрасуседства» вакол Рэспублікі Беларусь. Аднак паляпшэння адносін з Польшчай і краінамі Балтыі, як і нармалізацыі адносін з краінамі Еўрасаюза, ЗША і Захадам увогуле, дасягнуць не ўдалося. Фарміраванне пояса добрасуседства абумоўлена для Беларусі, якая знаходзілася ў складаных адносінах з Захадам, неабходнасцю працягвання палітыкі «прагматычнага рэалізму» з зах. суседзямі, выкарыстання трансп. калідораў суседніх краін у інтарэсах бел. эканомікі, аднаўлення і развіцця гандл.-эканам. і навук.-тэхн. кааперацыі краін-суседзяў, вырашэння экалагічных праблем, прыцягнення патэнцыялу бел. дыяспары з мэтай садзейнічання эфектыўнаму правядзенню знешнепаліт. і знешнеэканам. курса Беларусі адносна адпаведных краін. Бел. канцэпцыя фарміравання «пояса добрасуседства» па перыметры сваіх зах. і паўд. межаў дапаўняе і ўраўнаважвае рас. інтэграцыйны вектар знешняй палітыкі, накіраваны на ўсход і паўн. ўсход. Асн. кампанентамі гэтага пояса з’яўляюцца фарміраванне паліт., ваен., эканам., экалагічнай, культурнай і інфармацыйнай прасторы бяспекі, супрацоўніцтва і стабільнасць у адносінах з зах. прыгранічнымі дзяржавамі, а таксама Украінай.

Пасля канстытуцыйнага рэферэндуму (ліст. 1996) адносіны з Захадам ускладніліся. АБСЕ, Савет Еўропы, Еўрап. Саюз, зах. дзяржавы не прызналі яго вынікі і ўвялі абмежавальныя меры ў адносінах да Рэспублікі Беларусь. Савет Еўропы прыпыніў статус спецыяльна запрошанай краіны, а Еўрасаюз — дзеянне Пагаднення аб партнёрстве і супрацоўніцтве. ЗША аб’явілі палітыку «выбарчага ўдзелу», якая прадугледжвае спыненне кантактаў з бел. кіраўніцтвам і падтрымку інстытутаў цывільнага грамадства на Беларусі. Пры гэтым Захад заявіў, што яго мэтай з’яўляецца не ізаляцыя Беларусі, а вяртанне яе ў сям’ю цывілізаваных еўрап. краін, на шлях дэмакратыі і рыначных рэформ.

Знешняя палітыка адыгрывала асаблівую ролю ў забеспячэнні ўнутранай трансфармацыі Беларусі. Ва ўмовах станаўлення нац. дзяржаўнасці, карэнных сац.-эканам. і паліт. пераўтварэнняў менавіта знешняя палітыка дзяржавы дэманстравала свету характар і накіраванасць перамен, якія адбываліся ў краіне. Гал. мэтай і нязменнай задачай знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь з моманту абвяшчэння незалежнасці была адаптацыя да сістэмы міжнар. зносін, што склаліся пасля «халоднай вайны» і распаду СССР. Такая адаптацыя адбывалася ў 3 узаемазвязаных кірунках: адукацыя, прафесіяналізацыя і міжнар.-паліт. сацыялізацыя новых кіруючых колаў і эліт Беларусі, першапачаткова амаль незнаёмых з міжнар. сферай; фарміраванне знешнепаліт. механізму і знешнепаліт. працэсу новай дзяржавы; упісанне Беларусі ў рэаліі постсав. свету на падставе набыцця ёю комплексу знешніх інтарэсаў, новай міжнар. ідэнтычнасці і адпрацоўкі ўзаемадзеяння з інш. суб’ектамі міжнар. адносін. Знешняя палітыка Беларусі, як і любой інш. дзяржавы, абумоўлена найперш прыродай сац. сіл, што яе фарміруюць, ідэалогіяй і канкрэтнымі зацікаўленасцямі, забеспячэнне якіх дасягаецца сувязямі народа і дзяржавы са знешнім светам. На працягу першага 10-годдзя незалежнасці ў краіне паступова складваліся новыя сац. структура, дзярж. ідэалогія, усведамленне і новае разуменне нац.-дзярж. інтарэсаў. Гэтыя працэсы яшчэ далёка не завершаны.

На Беларусі склаўся канстытуцыйна-прававы механізм распрацоўкі і прыняцця знешнепаліт. рашэнняў. Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь у адпаведнасці са сваімі канстытуцыйнымі паўнамоцтвамі ажыццяўляе кіраўніцтва знешняй палітыкай краіны і прадстаўляе яе ў міжнар. зносінах. Савет Бяспекі ажыццяўляе падрыхтоўку рашэнняў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у галіне забеспячэння нац. бяспекі, аналіз узаемасувязей знешніх і ўнутраных пагроз нац. бяспецы і іх улік пры рэагаванні на гэтыя пагрозы. Нац. сход вядзе заканадаўчую работу па забеспячэнні знешнепаліт. і знешнеэканам. курсу дзяржавы і выканання яе міжнар. абавязацельстваў. Практычная рэалізацыя знешнепаліт. і знешнеэканам. курсу дзяржавы ўскладзена на ўрад Рэспублікі Беларусь. Міністэрства замежных спраў з’яўляецца асн. органам выканаўчай улады, які ажыццяўляе знешнепаліт. курс, зацверджаны Прэзідэнтам; каардынуе знешнепаліт. дзейнасць і замежныя сувязі органаў дзярж. і мясц. кіравання. Больш чым 10-гадовы вопыт самастойнага існавання суверэннай Беларусі сведчыць, што яна ў значнай ступені здзейснілася як еўрап. дзяржава з уласнымі геапаліт. традыцыямі, нац. інтарэсамі і знешнепаліт. прыярытэтамі. Краіна прасунулася па шляху ўмацавання незалежнасці і даказала здольнасць бел. нацыі і яе дзярж. структур да самаст. існавання. Аднак на шляху станаўлення знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь застаюцца аб’ектыўныя цяжкасці і нявырашаныя праблемы. Яе геапаліт. становішча характарызуецца далейшымі пошукамі сваёй міжнар. ідэнтычнасці.

Будынак Выканаўчага камітэта Садружнасці Незалежных Дзяржаў. Мінск.

Беларусь — адна з заснавальніц Арганізацыі Аб’яднаных Нацый (ААН). Са жн. 1944, калі Сав. Саюз у Думбартан-Оксе (прыгарад Вашынгтона) упершыню ўнёс прапанову аб уключэнні ў склад Міжнар. арг-цыі бяспекі ўсіх 16 саюзных рэспублік, да мая 1945, калі Устаноўчая канферэнцыя Аб’яднаных Нацый у Сан-Францыска прыняла рашэнне аб уключэнні БССР і УССР у лік заснавальнікаў новай міжнар. арг-цыі, вакол пытання аб членстве сав. рэспублік вялася напружаная дыпламат. барацьба паміж СССР і яго зах. саюзнікамі па антыгітлераўскай кааліцыі. Асн. вехі гэтай барацьбы — канферэнцыі ў Думбартан-Оксе, Ялце і Сан-Францыска. Сав. кіраўніцтва пачало рыхтавацца да выхаду саюзных рэспублік на міжнар. арэну і стварэння іх уласных наркаматаў замежных спраў з вясны 1943, калі вызначыўся карэнны паварот у ходзе 2-й сусв. вайны на карысць антыгітлераўскай кааліцыі. У сувязі з распрацоўкай планаў пасляваен. ўладкавання свету, якім займаліся зах. дзяржавы, перад СССР рэальнай станавілася небяспека апынуцца ў адзіноцтве ці ў лепшым выпадку мець толькі некалькі саюзнікаў і ў будучай Міжнар. арг-цыі бяспекі, і на канферэнцыях па пытаннях пасляваен. мірнага ўрэгулявання. Каб умацаваць свае пазіцыі на міжнар. арэне, сав. кіраўніцтва вырашыла дамагацца т.зв. «множнага прадстаўніцтва» саюзных рэспублік у міжнар. арг-цыях і асамблеях. Першая такая спроба зроблена ў канцы 1943, калі сав. ўрад папрасіў прадаставіць асобнае членства ў Камісіі Аб’яднаных Нацый па ваен. злачынствах для 7 саюзных рэспублік, што панеслі найб. страты ў вайне (Украіны, Беларусі, Малдавіі, Літвы, Латвіі, Эстоніі і Карэла-Фінскай ССР). Але ЗША і Вялікабрытанія адхілілі просьбу СССР, адмову яны матывавалі адсутнасцю ў рэспублік канстытуцыйных паўнамоцтваў для вядзення знешнепаліт. дзейнасці. Гэта падштурхнула сав. кіраўніцтва вярнуць рэспублікам знешнепаліт. паўнамоцтвы, якія яны дэлегавалі саюзнаму цэнтру пры ўступленні ў Саюз ССР. З улікам таго, што Вялікабрытанія магла разлічваць у міжнар. арг-цыях і на канферэнцыях на падтрымку дзяржаў — членаў Брытанскай Садружнасці нацый, а ЗША — абапірацца на галасы залежных ад іх краін Лац. Амерыкі, Сав. Саюз вырашыў таксама стварыць сабе шматгалосую падтрымку ў асобе саюзных рэспублік. Аднак ні Украінская ССР, ні Беларуская ССР, як і інш. саюзныя рэспублікі, не з’яўляліся ў поўным сэнсе суверэннымі дзяржавамі, а былі састаўнымі часткамі сав. саюзнай дзяржавы і цалкам падпарадкоўваліся саюзнаму цэнтру і парт.-дзярж. кіраўніцтву. На Маскоўскай канферэнцыі міністраў замежных спраў СССР, ЗША і Вялікабрытаніі (кастр. 1943) яе ўдзельнікі выказаліся за стварэнне ў пасляваен. перыяд Міжнар. арг-цыі бяспекі, заснаванай на прынцыпах суверэннай роўнасці ўсіх міралюбівых дзяржаў. Гэтыя рашэнні пацверджаны на Тэгеранскай канферэнцыі кіраўнікоў СССР, ЗША і Вялікабрытаніі (ліст.—снеж. 1943). У пач. 1944 разгарнулася праца па стварэнні новай міжнар. арг-цыі.

Юрыдычнай падставай для выхаду саюзных рэспублік на міжнар. арэну стаў закон Вярх. Савета СССР ад 1.2.1944 «Аб прадастаўленні саюзным рэспублікам паўнамоцтваў у галіне знешніх зносін і аб пераўтварэнні ў сувязі з гэтым Народнага камісарыята замежных спраў з агульнасаюзнага ў саюзна-рэспубліканскі народны камісарыят». Саюзныя рэспублікі атрымалі права ўступаць у непасрэдныя зносіны з замежнымі дзяржавамі, заключаць з імі пагадненні і абменьвацца дыпламат. і консульскімі прадстаўнікамі. Адпаведныя змены ўнесены ў Канстытуцыю СССР. Вярх. Савет БССР 24.3.1944 прыняў закон «Аб стварэнні саюзна-рэспубліканскага Народнага камісарыята замежных спраў Беларускай ССР». У адпаведнасці з ім Канстытуцыя БССР была дапоўнена арт. 16 а, паводле якога рэспубліка атрымала права ўступаць у непасрэдныя зносіны з замежнымі дзяржавамі, заключаць з імі пагадненні і абменьвацца дыпламат. і консульскімі прадстаўнікамі. На канферэнцыі прадстаўнікоў СССР, ЗША і Вялікабрытаніі (21.8.—28.9.1944 у Думбартан-Оксе), перад якой стаяла задача папярэдняга абмеркавання пытанняў, звязаных са стварэннем новай міжнар. арг-цыі, кіраўнік сав. дэлегацыі А.​А.​Грамыка выступіў з патрабаваннем уключэння ўсіх 16 сав. саюзных рэспублік у лік яе першапачатковых дзяржаў-членаў. Супраць сав. патрабавання катэгарычна выступілі прэзідэнт ЗША Ф.​Рузвельт і дзярж. сакратар К.​Хэл. У пасланні Рузвельта да І.​В.​Сталіна ад 1.9.1944 адзначалася, што такое сав. патрабаванне можа паставіць пад пагрозу ўвесь праект стварэння міжнар. арг-цыі, і выказвалася гатоўнасць абмеркаваць гэта патрабаванне пасля таго, як яна пачне сваю працу. У адказе Сталіна Рузвельту ад 7.9.1944 падкрэслівалася выключна важнае значэнне, якое надаваў савецкі кіраўнік гэтаму пытанню. У ім гаварылася, што такія сав. рэспублікі, як Украіна і Беларусь, па колькасці насельніцтва і па паліт. значэнні пераўзыходзяць некаторыя дзяржавы, аднесеныя да ліку ініцыятараў стварэння новай арганізацыі. Сустрэўшы супраціўленне ЗША максімальнаму задавальненню сав. просьбы, Сталін паставіў Украіну і Беларусь у ліку першых рэспублік-кандыдатаў на першапачатковае членства ў арганізацыі. Збіраючыся на канферэнцыю ў Крым, Рузвельт у размове з сенатарамі заявіў, што ў выпадку просьбы Сталіна аб членстве 16 рэспублік, ён запатрабуе членства ўсіх 48 штатаў ЗША.

Да Крымскай (Ялцінскай) канферэнцыі (4—11.2.1945) урады СССР і ЗША падрыхтавалі кампрамісныя патрабаванні па працэдуры галасавання ў Савеце Бяспекі і першапачатковым членстве. Прапановы Вашынгтона па працэдуры галасавання ўлічылі пункт гледжання Масквы аб неабходнасці безумоўнага аднагалосся пастаянных членаў Савета Бяспекі па ўсіх найважнейшых пытаннях. Сав. ўрад, у сваю чаргу, адмовіўся ад патрабавання членства для ўсіх 16 рэспублік і вылучыў просьбу аб уключэнні ў лік заснавальнікаў арганізацыі трох ці, па меншай меры, дзвюх рэспублік: Украіны, Беларусі і Літвы. Аргументуючы просьбу, В.​М.​Молатаў падкрэсліў, што гэтыя рэспублікі панеслі найвялікшыя страты ў вайне і былі першымі тэрыторыямі, якія падвергліся ням. агрэсіі. Уключэнне Літвы ў формулу «тры» ці дзве савецкія рэспублікі» мела для сав. кіраўніцтва мэтай празандзіраваць магчымасць прызнання Захадам інкарпарацыі прыбалтыйскіх краін у склад СССР. Але паколькі ЗША і Вялікабрытанія па-ранейшаму адмаўляліся прызнаваць уключэнне Літвы, Латвіі і Эстоніі ў склад СССР, то яны адмоўна паставіліся да прапановы аб допуску Літвы ў першапачатковыя члены арганізацыі. У далейшым яе кандыдатура сав. урадам не прапаноўвалася. Рузвельт быў вымушаны пагадзіцца з сав. прапановай. Ён лічыў, што фактычная ўлада ў арганізацыі будзе належаць Савету Бяспекі; і таму не разглядаў як недарэчную прапанову Сталіна пра 2 дадатковыя галасы для Украіны і Беларусі. Рузвельт таксама пайшоў насустрач Сталіну, які гаварыў, што голас для Украіны неабходны для захавання «савецкага адзінства», г. зн. для захавання маналітнасці сав. шматнац. дзяржавы. Згода Рузвельта на допуск дзвюх сав. рэспублік у арганізацыю сустрэла незадавальненне шэрагу членаў дэлегацыі ЗША. Пад іх націскам прэзідэнт звярнуўся да У.​Чэрчыля і Сталіна з просьбай даць таксама ЗША 2 дадатковыя галасы, на што тыя неадкладна пагадзіліся. Рузвельт і Чэрчыль пасля пэўных дэбатаў згадзіліся з просьбай Сталіна з улікам шырокага разумення міжнар. палітыкі. Яны палічылі сваім маральным абавязкам дапусціць у арганізацыю краіны, якія першымі прынялі на сябе ўдар фаш. Германіі, не скарыліся ворагу і зрабілі значны ўклад у агульную справу антыгітлераўскай кааліцыі. Дамоўленасць па Украіне і Беларусі па ініцыятыве Рузвельта і Чэрчыля была ўключана ў сакрэтны пратакол Крымскай (Ялцінскай) канферэнцыі. У пратаколе пасяджэння кіраўнікоў урадаў СССР, ЗША і Вялікабрытаніі ад 11.2.1945 у раздзеле I «Сусветная арганізацыя» было запісана, што ўстаноўчая канферэнцыя Аб’яднаных Нацый будзе склікана 25.4.1945 у ЗША; на яе павінны быць запрошаны Аб’яднаныя Нацыі па стане на 8.2.1945, а таксама нацыі, якія далучыліся да Аб’яднаных Нацый і аб’явілі вайну агульнаму ворагу да 1.3.1945. У час працы ўстаноўчай канферэнцыі дэлегаты Вялікабрытаніі і ЗША «падтрымаюць прапанову аб допуску да першапачатковага членства дзвюх Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік, а іменна Украіну і Беларусь».

У Сав. Саюзе пра рашэнні Крымскай (Ялцінскай) канферэнцыі па пытанні членства УССР і БССР у новай міжнар. арг-цыі ведала вузкае кола асоб. Украіна і Беларусь, якія, паводле сталінскай тэрміналогіі, кваліфікаваліся як «дзве асноўныя рэспублікі СССР», з’яўляліся аб’ектам дыпламат. гульні. У сак. 1945 урады УССР і БССР, якія не атрымалі запрашэнняў на ўстаноўчую канферэнцыю Аб’яднаных Нацый у Сан-Францыска, па ўказанні з Масквы заявілі, што накіруюць на канферэнцыю свае дэлегацыі нават пры адсутнасці афіц. запрашэнняў. Гэты нечаканы ход сав. дыпламатыі абвастрыў рознагалоссі паміж СССР і зах. краінамі, распаліў атмасферу вакол падрыхтоўкі канферэнцыі ў Сан-Францыска. Адміністрацыя ЗША пры падтрымцы брытанскага ўрада энергічна пярэчыла супраць такога кроку, адзначала, што рашэнне Крымскай (Ялцінскай) канферэнцыі не прадугледжвала ўдзелу дэлегацый Украіны і Беларусі на Сан-Францыскай канферэнцыі. Аднак намаганнямі Молатава ўдалося дамагчыся згоды ад ЗША, Вялікабрытаніі і Кітая падтрымаць на канферэнцыі сав. просьбу аб запрашэнні прадстаўнікоў Украіны і Беларусі ў Сан-Францыска. Перспектывы рэалізацыі ялцінскай дамоўленасці ўскладніліся пасля таго, як у ЗША у канцы сакавіка стала вядома пра тайнае пагадненне адносна дадатковых галасоў для СССР і ЗША. У краіне выбухнуў паліт. скандал. Праціўнікі Рузвельта з асяроддзя рэспубліканцаў адхілялі ў прынцыпе ідэю дадатковых галасоў, лічачы, што яна супярэчыць прыродзе міжнар. арг-цыі і прынцыпу суверэннай роўнасці дзяржаў. Палітыкі і аглядальнікі ўказвалі на тое, што Беларусь і Украіна не з’яўляюцца суверэннымі краінамі. Нават паплечнікі і сябры Рузвельта лічылі памылкай яго просьбу аб двух дадатковых галасах для ЗША. За тыдзень да смерці 5.4.1945 прэзідэнт Рузвельт на сваёй апошняй прэс-канферэнцыі падрабязна спыніўся на праблеме дадатковых галасоў для Украіны і Беларусі. Ён паведаміў, што яго ўрад не будзе прасіць у Сан-Францыска трох галасоў для ЗША, паколькі яны нічога не вырашаюць. 2.4.1945 ТАСС апублікавала паведамленне «Аб удзеле Украінскай ССР і Беларускай ССР у міжнароднай арганізацыі для падтрымання міру і бяспекі». У ім гаварылася, што на Крымскай (Ялцінскай) канферэнцыі сав. ўрад паставіў пытанне аб удзеле ў стварэнні міжнар. арг-цыі гэтых дзвюх рэспублік у якасці першапачатковых членаў, якое было падтрымана ЗША і Вялікабрытаніяй.

Канчаткова пытанне аб членстве Украіны і Беларусі ў міжнар. арг-цыі бяспекі вырашана на Устаноўчай канферэнцыі Аб’яднаных Нацый у Сан-Францыска (25.4—26.6.1945). Канферэнцыя 27.4.1945 аднагалосна прыняла рашэнне пра ўключэнне Украінскай і Беларускай Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік у лік першапачатковых членаў арг-цыі. Прапанову сав. ўрада, з якой выступіў кіраўнік дэлегацыі СССР Молатаў, падтрымалі кіраўнікі дэлегацый ЗША, Вялікабрытаніі, Кітая, Ірана, Францыі, Бразіліі, Чэхаславакіі і Аўстраліі. 30.4.1945 таксама аднагалосна ўсе 47 краін-удзельніц канферэнцыі прагаласавалі за запрашэнне дэлегацый УССР і БССР на ўстаноўчы форум Аб’яднаных Нацый. За гэта рашэнне галасавалі і ўсе лацінаамерыканскія краіны ў абмен на дадзенае СССР абавязацельства падтрымаць запрашэнне Аргенціны. На 1-м пасяджэнні кіраўнікоў дэлегацый Кіруючага к-та 27 крас. ад імя ўрадаў УССР і БССР заявы зрабіў Молатаў. Заява ўрада БССР у адрас Сан-Францыскай канферэнцыі была падпісана Старшынёй СНК БССР П.​К.​Панамарэнкам і наркомам замежных спраў К.​В.​Кісялёвым (датавана 26.4.1945). У ёй гаварылася, што ўрад БССР, імкнучыся забяспечыць шчыры і эфектыўны ўдзел бел. народа ў дзейнасці Аб’яднаных Нацый, скіраванай на дасягненне міру і бяспекі, звяртаецца да канферэнцыі з заявай аб сваім жаданні далучыцца да міжнар. арг-цыі па падтрыманні міру і бяспекі ў якасці першапачатковага члена-заснавальніка і быць прадстаўленым на канферэнцыі ў Сан-Францыска. Адзначалася, што БССР як суверэнная дзяржава мае канстытуцыйныя прэрагатывы ў галіне міжнар. адносін, што дае ёй поўнае права і падставу прыняць удзел у міжнар. канферэнцыі Аб’яднаных Нацый. Падкрэсліваўся вялікі ўклад Беларусі ў барацьбу свабодалюбівых нацый супраць агульнага ворага — гітлераўскай Германіі. Заяўлялася, што БССР лічыць сваім правам і абавязкам удзельнічаць ва ўсеаг. арганізацыі бяспекі і канферэнцыі ў Сан-Францыска і што прынцыпу найб. поўнага і шырокага прадстаўніцтва ўсіх міралюбівых краін у гэтай арганізацыі былі б нанесены сур’ёзныя страты, калі б Бел. Рэспубліка не была прадстаўлена ў гэтай арганізацыі і на канферэнцыі, закліканай стварыць такую арганізацыю, і калі б вырашэнне праблем забеспячэння пасляваен. міру і бяспекі рабілася без удзелу прадстаўнікоў БССР.

1.5.1945 ген. сакратар Сан-Францыскай канферэнцыі А.​Хіс накіраваў з Вашынгтона ў Мінск тэлеграму наркому замежных спраў Кісялёву, у якой паведамляў пра рашэнне канферэнцыі запрасіць БССР стаць паўнапраўным членам міжнар. арг-цыі, а яе прадстаўнікам неадкладна прыбыць для ўдзелу ў канферэнцыі. 30 крас. Прэзідыум Вярх. Савета БССР назначыў дэлегацыю БССР на Сан-Францыскую канферэнцыю ў складзе Кісялёва (кіраўнік дэлегацыі), Г.​І.​Байдакова, А.​Р.​Жэбрака, У.​М.​Перцава, Ф.​П.​Шмыгава. Дэлегацыя атрымала паўнамоцтвы падпісаць канчатковы тэкст Статута Усеаг. міжнар. арг-цыі для падтрымання міру і бяспекі пры ўмове яго наступнай ратыфікацыі ў адпаведнасці з законамі БССР. 8.5.1945 урадавая дэлегацыя БССР прыступіла да работы Сан-Францыскай канферэнцыі і зрабіла канструктыўны ўклад у распрацоўку Статута ААН. Дэлегацыя Беларусі адстойвала права вета пастаянных членаў Савета Бяспекі, выступала за ўключэнне ў Статут ААН палажэнняў аб самавызначэнні народаў і сац.-эканам. правах чалавека, забеспячэнні інтарэсаў каланіяльных і залежных народаў і краін, за дакладнае вызначэнне агрэсіі, строгае выкарыстанне санкцый да парушальнікаў Статута, пярэчыла допуску ў ААН франкісцкай Іспаніі. 23.5.1945 адбылася першая з моманту стварэння ў 1919 наркамата замежных спраў БССР прэс-канферэнцыя наркома замежных спраў рэспублікі. Кісялёў заявіў, што БССР будзе праводзіць самастойную знешнюю палітыку, якая ва ўсіх прынцыповых пытаннях супадае з пазіцыяй СССР. 26.6.1945 прадстаўнікі 50 дзяржаў, у т. л. СССР, УССР і БССР, падпісалі Статут ААН, Статут Міжнар. суда і Часовае пагадненне аб стварэнні Падрыхтоўчай камісіі. 30.8.1945 Прэзідыум Вярх. Савета БССР ратыфікаваў Статут ААН. 24.10.1945 ратыфікацыйная грамата БССР была здадзена на захаванне, як і ратыфікацыйныя граматы СССР і УССР. У гэты ж дзень Статут ААН набыў сілу. Устаноўчая канферэнцыя Аб’яднаных Нацый у Сан-Францыска з’явілася першым міжнар. форумам 20 ст., у якім дэлегацыя Беларусі ўдзельнічала на раўнапраўнай і правамоцнай аснове. Нягледзячы на тое, што бел. кіраўніцтва, вярх. органы ўлады рэспублікі не ставілі перад Сталіным, сав. кіраўніцтвам пытанне аб выхадзе на міжнар. арэну ці ўключэнні ў склад міжнар. арг-цыі, і тое, што яно было вырашана ў выніку дзейнасці сав. дыпламатыі, уваходжанне Беларусі ў склад першапачатковых членаў ААН мела вялікае гіст. значэнне, адпавядала нац. інтарэсам бел. народа. Подпіс БССР пад Статутам ААН азначаў, што сусв. супольніцтва фармальна прызнавала яе суверэннай і незалежнай дзяржавай. Рэспубліка атрымлівала ўсе прывілеі і імунітэты ААН, права выбірацца ў яе гал. органы, у т. л. ў Савет Бяспекі, магчымасць удзельнічаць у абмеркаванні сусв. праблем, даводзіць сваю пазіцыю да ААН, уносіць на яе разгляд свае прапановы і заўвагі. Больш за 40 гадоў ААН была для Беларусі адзіным акном у знешні свет. Рэспубліка Беларусь як адна з дзяржаў-заснавальніц ААН разглядае сваё членства ў ААН і яе спецыялізаваных установах і органах як велізарны паліт. капітал, адзін з прыярытэтных знешнепаліт. кірункаў дзейнасці дзяржавы, як важны кампанент інтэграцыі Беларусі ў сусв. супольнасць. У 2004 у Рэспубліцы Беларусь дзейнічалі 11 праграм, агенцтваў і арг-цый сістэмы ААН: Праграма развіцця ААН (ПРААН), Дэпартамент грамадскай інфармацыі, Дзіцячы фонд ААН, Міжнар. арг-цыя працы, Упраўленне вярх. камісара ААН па справах бежанцаў, Аб’яднаная праграма ААН па ВІЧ/СНІДу, Міжнар. валютны фонд, Сусв. банк, Міжнар. фін. карпарацыя, Сусв. арг-цыя аховы здароўя і фонд ААН у галіне народанасельніцтва. Міжнар. арг-цыі, акрамя фінансавання праектаў і праграм, садзейнічаюць прыцягненню ў Беларусь тэхн. дапамогі для рэалізацыі праектаў.

Кіраўнік дэлегацыі БССР К.​В.​Кісялёў падпісвае Статут ААН. Сан-Францыска. 26.6.1945.

Беларусь і міжнародныя арганізацыі. Першая спроба ўстанаўлення адносін і ўдзелу Беларусі ў працы міжнар. канферэнцый і арг-цый адносіцца да перыяду мірнага ўрэгулявання пасля заканчэння 1-й сусв. вайны. Дэлегацыі БНР неафіцыйна ўдзельнічалі ў працы Парыжскай мірнай канферэнцыі (1919—20) і Генуэзскай міжнар. канферэнцыі па эканам. і фін. пытаннях (1922). БССР, як і інш. сав. рэспублікі, даручыла прадстаўляць свае інтарэсы на Генуэзскай канферэнцыі дэлегацыі РСФСР. 10.5.1922 БССР падпісала пагадненне з Эпідэмічнай камісіяй Лігі Нацый па пытаннях аховы здароўя і разам з РСФСР і УССР стала яе членам. Дэлегацыя БССР прыняла ўдзел у канферэнцыі Аб’яднаных Нацый у Сан-Францыска (крас.—чэрв. 1945) і падпісала Статут ААН. Беларусь у ліку 51 дзяржавы з’яўляецца дзяржавай-заснавальніцай, першапачатковым членам ААН. У жн. 1945 Беларусь уступіла ў Адміністрацыю Аб’яднаных Нацый па дапамозе і аднаўленні краін, якія пацярпелі ў гады 2-й сусв. вайны (ЮНРРА). Пагадненне паміж ЮНРРА і ўрадам БССР падпісана ў Вашынгтоне 18.12.1945. Дэлегацыя БССР прымала ўдзел у Міжнар. канферэнцыі па ахове здароўя (Нью-Йорк, 1946), якая заснавала Сусв. арг-цыю аховы здароўя (СААЗ). БССР далучылася да Статута СААЗ 7.4.1948. На 1-й сесіі СААЗ (1948) яна была абрана членам яе Выканаўчага к-та. У 1949 БССР разам з СССР і УССР, краінамі Усх. Еўропы спыніла актыўнае членства ў СААЗ на падставе неабгрунтаванага рашэння сав. кіраўніцтва. 13.5.1947 Беларусь уступіла ў Сусв. паштовы саюз (СПС), 16.5.1947 — у Міжнар. саюз электрасувязі (МСЭ), 12.4.1948 — у Сусв. метэаралаг. арг-цыю (СМА). У 1947 міністр замежных спраў БССР К.​В.​Кісялёў паставіў перад МЗС СССР пытанне аб неабходнасці ўваходжання СССР, УССР і БССР у Арг-цыю Аб’яднаных Нацый па пытаннях адукацыі, навукі і культуры (ЮНЕСКА), якое аднак тады вырашыць не ўдалося. У 1954 БССР увайшла ў Міжнар. арг-цыю працы (МАП) і ЮНЕСКА, у 1957 — Міжнар. агенцтва па атамнай энергіі (МАГАТЭ), у 1970 — Сусв. арг-цыю інтэлектуальнай уласнасці (САІУ), у 1985 — Арг-цыю Аб’яднаных Нацый па прамысл. развіцці (ЮНІДО). У 1958 пачало працаваць пастаяннае прадстаўніцтва БССР пры ААН у Нью-Йорку, у 1960-я г. адкрыліся пастаянныя прадстаўніцтвы БССР пры Аддзяленні ААН і інш. міжнар. арг-цыях у Жэневе, пры ЮНЕСКА у Парыжы, у 1982 — пры міжнар. арг-цыях у Вене. БССР была абрана непастаянным членам Савета Бяспекі на 1974—75, неаднаразова выбіралася членам Эканам. і Сац. савета, прымала ўдзел у рабоце розных функцыянальных і дапаможных органаў ААН, якія займаюцца пытаннямі раззбраення, дэкаланізацыі, эканам. і сац. супрацоўніцтва, правоў чалавека, інш. пытаннямі. Акрамя ААН і яе спецыялізаваных устаноў БССР з’яўлялася членам яшчэ 6 міжнар. міжурадавых арг-цый — Міжнар. архіўнага савета (з 1956), Міжнар. бюро выставак (з 1960), Пастаяннай палаты трацейскага суда (з 1962), Міжнар. арг-цыі марской спадарожнікавай сувязі (ІНМАРСАТ, з 1979). Як член ААН удзельнічала ў асобных канферэнцыях у рамках Міжнар. арг-цыі грамадзянскай авіяцыі (ІКАО) і Міжнар. марской арг-цыі (ІМО), хаця і не была іх членам.

З 1990—91 пачаўся якасна новы перыяд дзейнасці Беларусі ў міжнар. арг-цыях. Рэспубліка Беларусь значна пашырыла свой удзел у міжнар. універсальных і рэгіянальных арг-цыях. Яна з’яўляецца дзяржавай — заснавальніцай Садружнасці Незалежных Дзяржаў (СНД). У 1992 уступіла ў Міжнар. валютны фонд, Міжнар. банк рэканструкцыі і развіцця (МБРР), Міжнар. фін. карпарацыю (МФК), Міжнар. агенцтва па гарантыях інвестыцый, Еўрап. банк рэканструкцыі і развіцця, аднавіла актыўнае членства ў СААЗ, атрымала статус назіральніка пры Ген. пагадненні па тарыфах і гандлі (ГАТТ), у 1993 стала членам ІКАО. У 1992 у Мінску было адкрыта 1-е на постсав. прасторы прадстаўніцтва ААН — Праграмы развіцця ААН (ПРААН). Беларусь з’яўляецца членам больш як 50 спецыялізаваных устаноў ААН і інш. міжурадавых арг-цый, якія ўзаемадзейнічаюць з ААН на аснове спец. пагадненняў. Рэспубліка Беларусь дзейнічае ў ААН і яе спецыялізаваных установах у адпаведнасці са сваімі нац. інтарэсамі. Яна выступае за развіццё ўсебаковага супрацоўніцтва з ААН, лічыць неабходным рэфармаванне і ўмацаванне сістэмы ААН і яе асн. органаў, каб павысіць эфектыўнасць гэтай вядучай міжнар. арг-цыі. У рамках ЮНЕСКА для Беларусі распрацоўваліся праграмы «Генетычная спадчына», «ЮНЕСКА — Чарнобыль», «Чалавек і біясфера». У краіне дзейнічае нац. Камісія Рэспублікі Беларусь па справах ЮНЕСКА, падпісаны мемарандумы аб супрацоўніцтве паміж Беларуссю і ЮНЕСКА. Беларусь падпісала 44 канвенцыі МАП. Планамерна ідзе працэс далучэння Беларусі да Сусв. гандл. арг-цыі (СГА), пры якой краіна атрымала ў 1995 статус назіральніка. У крас. 1995 паміж Беларуссю і МАГАТЭ падпісана пагадненне аб прымяненні гарантый. Удзельная вага спецыялізаваных устаноў ААН у агульным аб’ёме замежнай дапамогі краіне складае нязначную частку. Беларусь актыўна ўдзельнічае ў працы такіх функцыянальных органаў ААН, як Еўрап. эканам. камісія (ЕКЕ), Дзіцячы фонд ААН (ЮНІСЕФ), ПРААН, Канферэнцыя Аб’яднаных Нацый па гандлі і развіцці (ЮНКТАД) і інш. У 1995 у Мінску адкрыта прадстаўніцтва Упраўлення Вярх. камісара ААН па бежанцах, у 1996 — пастаяннае прадстаўніцтва Міжнар. арг-цыі па мігрантах. У крас. 1994 Мінск з трохдзённым візітам наведаў Ген. сакратар ААН Б.​Бутрас-Галі. Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А.​Р.​Лукашэнка прымаў удзел у спец. урачыстым пасяджэнні Ген. Асамблеі, прысвечаным 50-годдзю ААН (1995) і Саміце Тысячагоддзя (2000). З 1998 Беларусь з’яўляецца паўнапраўным членам Руху недалучэння (РН) і актыўна развівае ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва па шэрагу кірункаў дзейнасці ААН з дзяржавамі — членамі гэтага найбуйнейшага міжнар. аб’яднання краін.

Рэспубліка Беларусь у 1992 прынята ў Арг-цыю па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (АБСЕ) і Савет Паўн.-атлантычнага супрацоўніцтва (з 1997 Савет еўраатлантычнага партнёрства), атрымала статус спецыяльна запрошанай дзяржавы ў Савеце Еўропы (СЕ), а ў 1993 падала заяўку на прыём у гэтую арг-цыю. У 1995 дзяржава падпісала ’Дагавор аб партнёрстве і супрацоўніцтве (не набыў сілы), у 1996 — Часовае пагадненне па пытаннях гандлю з Еўрап. Саюзам (ЕС), у 1995 стала ўдзельнікам праграмы НАТО «Партнёрства дзеля міру», у 1996 уступіла ў Цэнтральнаеўрап. Ініцыятыву (ЦЕІ), у 1997 — у Арг-цыю па забароне хім. зброі. Рэспубліка Беларусь — паўнапраўны член больш як за 20 міжнар. міжурадавых арг-цый. Яна выступае за ператварэнне СНД у рэгіянальную арг-цыю з высокім узроўнем эканам. і паліт. інтэграцыі. Бел. прадстаўнікі актыўна ўдзельнічаюць у сустрэчах кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў, працы каардынацыйных органаў СНД (Міжпарламенцкай Асамблеі, Савета міністраў замежных спраў, Савета міністраў абароны, Міждзярж. эканам. к-та і інш.). Мінск з’яўляецца месцам знаходжання выканаўчых і каардынацыйных органаў СНД. Рэспубліка Беларусь падпісала і ратыфікавала найважнейшыя ўстаноўчыя дакументы СНД, у т. л. яго Статут. Беларусь выступае за павышэнне эфектыўнасці рэгіянальных інтэграцыйных аб’яднанняў на постсав. прасторы, у прыватнасці, за фарміраванне зоны свабоднага гандлю ў межах СНД, стварэнне мытнага саюза ў рамках Еўраазіяцкага Эканам. супольніцтва (ЕўрАзЭС), якое складаецца з 5 краін — членаў Мытнага саюза (Беларусі, Казахстана, Кіргызстана, Расіі, Таджыкістана). 23.2.2003 кіраўнікі Беларусі, Казахстана, Расіі і Украіны падпісалі Заяву аб фарміраванні Адзінай эканам. прасторы і стварэнні Арг-цыі рэгіянальнай інтэграцыі. Сумесна з Арменіяй, Казахстанам, Кыргызстанам, Расіяй і Таджыкістанам Рэспубліка Беларусь вядзе работу па паглыбленні ваенна-паліт. інтэграцыі ў рамках Дагавора аб калектыўнай бяспецы 1992. У 2002 кіраўнікамі 6 згаданых дзяржаў падпісаны Статут Арг-цыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы (АДКБ) і Пагадненне аб яе прававым статусе. З 18.9.2003 АДКБ пачала функцыянаваць як самастойная міжнар. арг-цыя (Статут АДКБ зарэгістраваны ў Сакратарыяце ААН 16.12.2003).

Развіваюцца эканам. і паліт. адносіны Беларусі з ЕС. У 1999 паміж бел. урадам і Еўрап. камісіяй падпісана Праграма TACIS «Развіццё грамадзянскай супольнасці» ў Беларусі, якая прадугледжвае выдзяленне 5 млн. еўра на развіццё няўрадавых арг-цый, сродкаў масавай інфармацыі і адукацыі; Еўрап. камісія выдзеліла 1,6 млн. еўра на фінансаванне гуманітарных праектаў, што рэалізуюцца на Беларусі ў галіне мед. абслугоўвання і сац. рэабілітацыі. Выконваліся інш. праекты ў рамках праграмы тэхн. дапамогі TACIS на 2000—2003. Еўрасаюз з’яўляецца найбуйнейшым пасля Расіі знешнегандл. партнёрам Беларусі. На долю дзяржаў — членаў ЕС прыпадае каля 15% агульнага гандл. абароту Беларусі і больш за 40% гандл. абароту з краінамі далёкага замежжа. Развіццё эканам. адносін з Беларуссю ЕС увязвае з развіццём у краіне дэмакр. працэсу, забеспячэннем уладамі правоў чалавека, правядзеннем свабодных і справядлівых выбараў у адпаведнасці з міжнар. стандартамі. Гал. мэтай бел. знешняй палітыкі на еўрап. напрамку з’яўляецца стварэнне стабільнай сістэмы агульнаеўрап. бяспекі і супрацоўніцтва вакол АБСЕ. У 1992 Беларусь падпісала Хельсінкскі заключны акт і Парыжскую хартыю для новай Еўропы. У час сустрэчы кіраўнікоў дзяржавы і ўрадаў краін — удзельніц АБСЕ у Будапешце (снеж. 1994) Беларусь, Вялікабрытанія, ЗША і Расія падпісалі Мемарандум аб гарантыях бяспекі Беларусі. Бел. дэлегацыі ўдзельнічалі ў сустрэчах кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў краін — удзельніц АБСЕ ў Лісабоне (1996) і Стамбуле (1999). У Стамбуле А.​Р.​Лукашэнка падпісаў Хартыю еўрап. бяспекі, Пагадненне аб адаптацыі ДЗУСЕ, Венскі дакумент 1999 па мерах умацавання даверу і бяспекі, Дэкларацыю Стамбульскага саміту. АБСЕ разам з ЕС і СЕ у межах «еўрапейскай тройкі» садзейнічае працэсу дэмакратызацыі Беларусі. У 1998—2001 у Мінску знаходзілася кансультацыйна-назіральная група АБСЕ, з 2002 дзейнічае офіс АБСЕ у Мінску. У 2003 Парламенцкая Асамблея АБСЕ прызнала права Нац. сходу Рэспублікі Беларусь прадстаўляць інтарэсы Беларусі ў Асамблеі. Беларусь зацікаўлена ў збалансаваным развіцці ўсіх кампанентаў агульнаеўрап. бяспекі і супрацоўніцтва і лічыць, што ваен., эканам. і экалагічнае вымярэнні АБСЕ заслугоўваюць больш актыўнага ўключэння ў парадак дня АБСЕ. У 1993 Беларусь далучылася да Еўрап. культурнай канвенцыі, у 1994 — да Венецыянскай камісіі «Дэмакратыя праз правы» ў межах Савета Еўропы. У студз. 1997 на сесіі Парламенцкай Асамблеі СЕ прынята рашэнне аб прыпыненні для Беларусі дзеяння статуса «спецыяльна запрошанай» дзяржавы. Беларусь развівае супрацоўніцтва з ЦЕІ з мэтай аб’яднання намаганняў дзяржаў-членаў для арганізацыі гнуткай і прагматычнай рэгіянальнай кааперацыі. Яна зацікаўлена ў падключэнні да рэгіянальнага і субрэгіянальнага супрацоўніцтва ў балтыйска-чарнаморскім рэгіёне, у т. л. дамагаецца статуса назіральніка ў Савеце дзяржаў Балтыйскага мора (СДБМ) і Арг-цыі чарнаморскага эканам. супрацоўніцтва (АЧЭС).

Пасля распаду Варшаўскага дагавора і СССР перад рэспублікай узнікла праблема вызначэння адносін з ваенна-паліт. арг-цыяй НАТО. У 1992 краіну наведаў ген. сакратар НАТО М.​Вернер. Ён заявіў, што захад і НАТО з павагай ставяцца да імкнення Беларусі стаць нейтральнай і бяз’ядзернай дзяржавай і адзначыў іх зацікаўленасць у добрых адносінах з Беларуссю і яе суседзямі. У 1997 штаб-кватэрай НАТО ухвалена Індывідуальная праграма партнёрства (ІПП) Рэспублікі Беларусь з НАТО на 1997—99. У 1998 адкрыта пастаяннае прадстаўніцтва Беларусі пры НАТО у Бруселі. Беларусь выканала ІПП з НАТО на 2000—01 і 2002—03, у якіх зроблены акцэнт на мерапрыемствы неваен. характару. Краіна зацікаўлена ў канструктыўным супрацоўніцтве з НАТО, прызнаючы яе важную ролю ва ўмацаванні еўрап. і міжнар. бяспекі.

Рэспубліка Беларусь — член «Інтэрспадарожніка», Еўрап. арг-цыі спадарожнікавай сувязі (ЕВТЕЛСАТ), Еўрап. вяшчальнага саюза, Сусв. энергетычнага савета, Міжнар. арг-цыі па эканам. і навук.-тэхн. супрацоўніцтве ў галіне электратэхн. прамысловасці (Інтэрэлектра), Міжнар. эпізаатычнага бюро, Міжнар. арг-цыі па стандартызацыі (ІСО), Міжнар. электратэхн. камісіі, Міжнар. арг-цыі па заканадаўчай метралогіі, Міжнар. арг-цыі па сертыфікацыі электраабсталявання на адпаведнасць стандартам бяспекі. Нац. арг-цыі Рэспублікі Беларусь, яе юрыд. асобы ўваходзяць у склад наступных міжнар. няўрадавых арг-цый: Міжнар. федэрацыю інвалідаў (з 1991), Міжнар. федэрацыю вышэйшых органаў (з 1992), Міжнар. арг-цыю крымінальнай паліцыі «Інтэрпол» (з 1993), Міжпарламенцкі саюз (з 1995), Сусв. федэрацыю глухіх (з 1995), шэраг міжнар. спарт. арг-цый і федэрацый, у т. л. Міжнар. алімпійскі к-т, Сусв. федэрацыю асацыяцый садзейнічання ААН. З мэтай пашырэння супрацоўніцтва і павышэння эфектыўнасці ўдзелу краіны ў рабоце міжнар. арг-цый урад Рэспублікі Беларусь надае вял. значэнне гэтаму кірунку ў знешнепаліт. дзейнасці дзяржавы. У гэтай сувязі Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь 19.5.1997 прыняў пастанову «Аб супрацоўніцтве Рэспублікі Беларусь з міжнароднымі арганізацыямі», паводле якой усе міжнар. арг-цыі, членам якіх з’яўляецца Беларусь, замацаваны за гал. мін-вамі і інш. рэсп. органамі дзярж. кіравання. Каардынацыю і кантроль за ўзаемадзеяннем Беларусі з міжнар. арг-цыямі ажыццяўляе Мін-ва замежных спраў.

Генеральны дырэктар ЮНЕСКА Ф.​Маёр (злева) і прэм’ер-міністр Беларусі С.​С.​Лінг у час падпісання мемарандума аб супрацоўніцтве паміж Рэспублікай Беларусь і ЮНЕСКА. Мінск. Верасень 1998.

Двухбаковыя сувязі Рэспублікі Беларусь з замежнымі дзяржавамі. У пач. 1990-х г. Рэспубліка Беларусь стала наладжваць сяброўскія адносіны з замежнымі краінамі. Прыярытэтным кірункам яе знешняй палітыкі было развіццё супрацоўніцтва з краінамі СНД, Еўропы і ЗША. На прасторы СНД гал. партнёрам Беларусі была Расія. У ходзе афіц. візіту ў Рэспубліку Беларусь Прэзідэнта Рас. Федэрацыі Б.​М.​Ельцына 21.2.1995 падпісаны двухбаковы дагавор аб дружбе, добрасуседстве і супрацоўніцтве, які вызначыў адносіны Расіі і Беларусі як дачыненні дзвюх суверэнных, незалежных дзяржаў. У 2-й пал. 1990-х г. бел.-рас. адносіны выведзены на якасна новы ўзровень. 2.4.1996 А.​Р.​Лукашэнка і Б.​М.​Ельцын падпісалі ў Маскве дагавор пра стварэнне Супольнасці Расіі і Беларусі, 2.4.1997 — аб Саюзе Беларусі і Расіі. Да апошняга дагавора быў прыкладзены Статут Саюза Беларусі і Расіі, які пасля ўсенар. абмеркавання быў падпісаны прэзідэнтамі дзвюх краін 23.5.1997. У чэрв. 1997 Прэзідэнт Беларусі падпісаў Закон аб ратыфікацыі Статута і Дагавора. У снеж. 1998 у Маскве падпісаны Дэкларацыя аб далейшым яднанні Беларусі і Расіі, дагавор аб роўных правах грамадзян і пагадненне аб стварэнні роўных умоў суб’ектам гаспадарання Беларусі і Расіі. У Дэкларацыі выказваўся намер «працягваць паэтапны рух да добраахвотнага яднання ў саюзную дзяржаву пры захаванні нацыянальнага суверэнітэту дзяржаў — удзельніц Саюза». 8.12.1999 прэзідэнты Беларусі і Расіі падпісалі ў Маскве Дагавор аб стварэнні Саюзнай дзяржавы і Праграму дзеянняў па рэалізацыі палажэнняў Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы. Адпаведныя дакументы па збліжэнні бел. і рас. прававых, эканам., фін., мытных і інш. сістэм, фарміраванні міждзярж. структур улады ў перспектыве прадугледжваюць стварэнне Саюзнай дзяржавы. Пашырэнне супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Расіяй садзейнічала наладжванню сувязей паміж прадпрыемствамі, дзелавымі коламі, грамадзянамі абедзвюх краін. Натуральнай з’явай у бел.-рас. адносінах сталі кантакты паміж кіраўнікамі дзяржаў і ўрадаў, рэгіянальных органаў улады, рас. і бел. парламентарыямі. Найб. значныя пытанні двухбаковых адносін разглядаюць Вышэйшы Дзярж. Савет і Савет Міністраў Саюзнай дзяржавы, якія збіраюцца на рэгулярнай аснове. Парламентарыі Расіі і Беларусі сумесна працуюць у рамках Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі. Да канца 1990-х г. Рэспубліка Беларусь і Рас. Федэрацыя мелі каля 200 міждзярж. і міжурадавых пагадненняў, працэс пашырэння дагаворна-прававой базы працягваўся і ў наступныя гады. У 2-й пал. 1990-х г. Беларусь і Расія пачалі ўмацоўваць супрацоўніцтва ў ваен. сферы. У 1995 Расія атрымала права выкарыстоўваць і ўтрымліваць на тэр. Беларусі свае ваен.-стратэг. аб’екты — сістэму папярэджання аб ракетным нападзе ў Баранавічах і РЛС у Вілейцы. 19.12.1997 Беларусь і Расія падпісалі дагавор аб ваен. супрацоўніцтве. Рэспубліка Беларусь удзельнічае ў навейшых праграмах пераўзбраення рас. арміі, праводзіць мадэрнізацыю ўласнай сістэмы супрацьпаветранай абароны. У 2000 абвешчана пра стварэнне адзінай рас.-бел. ваен. групоўкі колькасцю да 300 тыс. чал. у выпадку ўзнікнення канфліктнай сітуацыі на зах. граніцах Саюза Беларусі і Расіі. Беларусь і Расія каардынуюць дзейнасць на міжнар. арэне. Расія неаднаразова падтрымлівала Рэспубліку Беларусь у міжнар. арг-цыях (ААН, АБСЕ, СЕ). У 2003 распрацоўваўся Канстытуцыйны Акт Саюзнай дзяржавы, абмяркоўваліся пытанні падпісання пагаднення аб увядзенні рас. рубля ў якасці адзінай валюты Саюзнай дзяржавы. Бел. бок лічыць, што аб’яднанне дзвюх дзяржаў павінна праводзіцца на аснове Саюзнага дагавора 1999 і пры захаванні суверэнітэту Беларусі і Расіі. Кіраўніцтва Рэспублікі Беларусь неаднаразова падкрэслівала немагчымасць уваходжання Беларусі ў склад Рас. Федэрацыі на правах аднаго з яе суб’ектаў.

Важнае месца ў знешняй палітыцы Рэспублікі Беларусь займае супрацоўніцтва з Украінай. Бел.-ўкр. сувязі значна пашырыліся ў 2-й пал. 1990-х г. У ліп. 1995 адбыўся першы афіц. візіт на Беларусь прэзідэнта Украіны Л.​Д.​Кучмы. 17.7.1995 у Мінску падпісаны дагавор аб дружбе, добрасуседстве і супрацоўніцтве паміж Беларуссю і Украінай. У маі 1997 ва Украіне з афіц. візітам пабываў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Лукашэнка. Гал. вынікам візіту стала падпісанне дагавора аб дзярж. граніцы паміж Рэспублікай Беларусь і Украінай. Пазней кантакты паміж кіраўнікамі дзяржаў, урадаў, міністрамі замежных спраў, кіраўнікамі мін-ва і ведамстваў дзвюх краін сталі нармальнай з’явай; пашырылася супрацоўніцтва паміж бел. і ўкр. парламентарыямі. Да пач. 21 ст. Украіна і Беларусь сфарміравалі развітую юрыд. базу міждзярж. ўзаемадзеяння (больш за 40 дагавораў, пагадненняў і інш. прававых дакументаў, якія ўрэгулявалі бел.-ўкр. адносіны ў розных сферах супрацоўніцтва). Павышаная ўвага аддавалася вырашэнню праблем вызначэння дзярж. граніцы і прыгранічнага супрацоўніцтва. У лют. 1997 Беларусь і Украіна ў асн. завяршылі работы па дэлімітацыі дзярж. граніцы, восенню 1997 пачалі яе дэмаркацыю. З 1.11.1997 на бел.-ўкр. граніцы быў уведзены пагранічны кантроль. У 1999 набыло моц пагадненне аб парадку перасячэння граніцы грамадзянамі, што пражываюць у пагранічных раёнах, якое спрашчала рэжым перасячэння граніцы грамадзянамі Беларусі і Украіны. Развіваецца супрацоўніцтва паміж асобнымі рэгіёнамі Беларусі і Украіны.

Сяброўскія адносіны Беларусь захоўвала ў 1992—2003 з інш. дзяржавамі СНД. Яе гал. партнёрамі былі Казахстан, Кыргызстан, Таджыкістан, Малдова. На мяжы 20—21 ст. пашырылася супрацоўніцтва Беларусі з Туркменістанам, Арменіяй і Азербайджанам. Важнымі падзеямі ў развіцці двухбаковых адносін Беларусі з краінамі СНД сталі візіты Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ва Узбекістан (снеж. 1994), Малдову (вер. 1995), Казахстан (вер. 1997), Таджыкістан (крас. 2000), Арменію (май 2001), Туркменістан (май 2002). У 1995—2003 Рэспубліку Беларусь з візітамі наведвалі вышэйшыя дзярж. кіраўнікі Арменіі, Казахстана, Кыргызстана, Малдовы, Таджыкістана. Рэспубліка Беларусь падпісала дагаворы аб дружбе і супрацоўніцтве з Малдовай (21.12. 1992), Казахстанам (17.1.1996), Таджыкістанам (5.4.2000), Туркменістанам (15.5.2002).

Рэспубліка Беларусь імкнулася развіваць партнёрскія адносіны з Літвой і Латвіяй — яе непасрэднымі суседзямі на паўн.-зах. напрамку. 24.10.1991 Беларусь падпісала Дэкларацыю аб прынцыпах добрасуседскіх адносін з Літвой, 16.12.1991 — з Латвіяй. У 1-й пал. 1990-х г. адносіны Беларусі з Літвой і Латвіяй мелі дружалюбны характар. У лют. 1995 адбыўся афіц. візіт у Літву Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. 21.2. 1994 падпісаны дагавор аб вызначэнні граніцы паміж Рэспублікай Беларусь і Латвіяй, 6.2.1995 — дагавор аб добрасуседстве і супрацоўніцтве паміж Рэспублікай Беларусь і Літвой і дагавор аб бел.-літ. граніцы. З сярэдзіны 1990-х г. кантакты на вышэйшым дзярж. узроўні істотна скараціліся, хоць Літва і Латвія выказвалі гатоўнасць весці дыялог з Беларуссю па пытаннях вызначэння граніц, развіцця пагранічнага супрацоўніцтва і рэадмісіі нелегальных мігрантаў, што траплялі на іх тэр. з Беларусі. У 1997 Беларусь пачала дэмаркацыю граніцы з Літвой. У 2001 у парламенце Літвы створана група па развіцці супрацоўніцтва з Нац. сходам Рэспублікі Беларусь. Беларусь разглядае Літву і Латвію як найзручнейшы выхад да Балтыйскага мора, асабліва праз порт Вентспілс, які яшчэ з сав. часоў непасрэдна звязаны з Наваполацкім нафтаперапрацоўчым з-дам. На характар адносін Беларусі з Літвой і Латвіяй істотна ўплывала збліжэнне гэтых краін з ЕС і НАТО. З 2003 Літва і Латвія па рэкамендацыі ЕС узмацнілі рэжым на граніцы з Беларуссю.

Даволі актыўна ў 1-й пал. 1990-х г. развіваліся адносіны паміж Беларуссю і Польшчай. У кастр. 1991 гэту краіну з афіц. візітам наведаў Старшыня Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь В.​Ф.​Кебіч, у чэрв. 1992 — Старшыня Вярх. Савета Рэспублікі Беларусь С.​С.​Шушкевіч. У ліст. 1992 Рэспубліку Беларусь наведала з візітам прэм’ер-міністр Польшчы Х.​Сухоцкая, у чэрв. 1993 — Прэзідэнт Польшчы Л.​Валенса. У сак. 1996 у Брэсце адбылася сустрэча прэзідэнтаў Беларусі і Польшчы А.​Лукашэнкі і А.​Квасьнеўскага. Развівалася супрацоўніцтва паміж бел. і польскімі парламентарыямі. 23.6.1992 Беларусь і Польшча падпісалі дагавор аб добрасуседстве і дружалюбным супрацоўніцтве. У 2-й пал. 1990-х г. бел.-польскія адносіны на паліт. узроўні сталі больш стрыманымі, але з пач. 21 ст. паліт. сувязі зноў пашыраюцца. Даволі актыўна супрацоўнічаюць прыгранічныя рэгіёны Беларусі і Польшчы. Польшча лічыць немэтазгоднай паліт. ізаляцыю Беларусі. У снеж. 2003 Мін-ва замежных спраў Польшчы прапанавала распрацаваць канцэпцыю «ўсходняга вымярэння» ЕС у адносінах да Беларусі, Малдовы, Расіі і Украіны. З улікам гэтай прапановы ў сак. 2003 падрыхтаваны дакумент ЕС «Пашыраная Еўропа» (Wider Europe), дзе вызначаны асновы палітыкі пашыранага ЕС у адносінах да яго ўсх. суседзяў. У кастр. 2003, выканаўшы патрабаванне ЕС, Польшча ўвяла паўнавартасны візавы рэжым у адносінах да Беларусі.

Да 1997 Рэспубліка Беларусь пашырала ўзаемадзеянне з краінамі Цэнтр. і Паўд.-Усх. Еўропы (Чэхія, Славакія, Венгрыя, Румынія, Балгарыя, Славенія, Харватыя, Македонія, Боснія і Герцагавіна). У ліп. 1992 адбыўся візіт у Рэспубліку Беларусь Прэзідэнта Румыніі І.​Іліеску. Старшыня Вярх. Савета Рэспублікі Беларусь Шушкевіч наведаў з візітамі Румынію (май 1993) і Балгарыю (кастр. 1993). Беларусь падпісала дагаворы аб дружбе і супрацоўніцтве з Румыніяй (7.5.1993) і Балгарыяй (19.10. 1993). У 2-й пал. 1990-х г. паліт. дыялог Беларусі з краінамі гэтага рэгіёна быў згорнуты. Найб. схільнасць да захавання кантактаў з Беларуссю праяўляла Балгарыя, якая падтрымлівала сувязі з Нац. сходам Рэспублікі Беларусь. У новым дзесяцігоддзі паліт. дыялог паміж Беларуссю і краінамі Цэнтр. і Паўд.-Усх. Еўропы зноў пачаў набываць дынаміку, але пакуль не стаў актыўным з той прычыны, што краіны гэтага рэгіёна аддаюць перавагу развіццю сувязей з еўрап. і еўраатлантычнымі арг-цыямі. У 2-й пал. 1990-х г. гал. паліт. партнёрам Беларусі ў рэгіёне стала Саюзная Рэспубліка Югаславія (СРЮ, з 2003 Сербія і Чарнагорыя). У сак. 1996 адбыўся афіц. візіт у Рэспубліку Беларусь прэзідэнта СРЮ З.​Ліліча. 6.3.1996 Беларусь і СРЮ падпісалі дагавор аб дружбе і супрацоўніцтве. У студз. 1998 і крас. 1999 СРЮ наведаў з візітамі Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь. Вясной 1999 бел. парламент падтрымаў просьбу югаслаўскага кіраўніцтва аб прыёме Саюзнай Рэспублікі Югаславіі ў Саюз Беларусі і Расіі, аднак пасля перамогі ў СРЮ апазіцыі на парламенцкіх і прэзідэнцкіх выбарах у кастр. 2000 пытанне аб далучэнні Югаславіі да саюза страціла актуальнасць і двухбаковыя адносіны набылі больш прагматычны характар.

Важным кірункам знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь пасля яе выхаду на міжнар. арэну ў 1991 стала развіццё адносін з краінамі Зах. Еўропы. У 1-й пал. 1990-х г. вельмі актыўна пашыралася супрацоўніцтва Беларусі з Аўстрыяй, Бельгіяй, Германіяй, Вялікабрытаніяй, Італіяй, Нідэрландамі, Францыяй, Швейцарыяй. У сак. 1995 Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь пабываў з афіц. візітам у Бельгіі, у ліп. 1996 — у Францыі, дзе 11.7.1996 падпісаны двухбаковы дагавор аб узаемаразуменні і супрацоўніцтве (моцы не набыў, бо не ратыфікаваны франц. парламентам). У 2-й пал. 1990-х г. адносіны Рэспублікі Беларусь з еўрап. краінамі пагоршыліся. Дзяржавы Зах. Еўропы не прызналі вынікі канстытуцыйнага рэферэндуму ў Беларусі (ліст. 1996) і лічылі нелегітымным Нац. сход Рэспублікі Беларусь. У выніку практычна цалкам прыпыніліся кантакты на вышэйшым дзярж. узроўні. У пач. 2001 дыялог паміж Рэспублікай Беларусь і дзяржавамі Зах. Еўропы пачаў выходзіць са стану стагнацыі. Зах.-еўрап. краіны (Аўстрыя, Бельгія, Вялікабрытанія, Германія, Італія, Швейцарыя, Швецыя) праяўляюць цікавасць да пашырэння паліт. кантактаў з Беларуссю. У парламентах Вялікабрытаніі і Італіі створаны групы па развіцці супрацоўніцтва з Нац. сходам Рэспублікі Беларусь. Працягваецца пашырэнне дагаворна-прававой базы двухбаковых адносін. Аднак развіццё паўнавартаснага паліт. дыялогу, найперш на вышэйшым дзярж. узроўні, ставіцца ў залежнасць ад развіцця адносін Беларусі з вядучымі еўрап. арг-цыямі.

У 1-й пал. 1990-х г. паспяхова развівалася супрацоўніцтва Рэспублікі Беларусь са Злучанымі Штатамі Амерыкі. У ліп. 1993 ЗША наведаў з афіц. візітам Старшыня Вярх. Савета Рэспублікі Беларусь С.​С.​Шушкевіч, у студз. 1994 у Рэспубліцы Беларусь упершыню з афіц. візітам пабываў Прэзідэнт ЗША У.​Дж.​Клінтан. З 1992 Беларусь і ЗША праводзілі сумесную працу па праграмах ліквідацыі стратэгічных наступальных узбраенняў. На правядзенне адпаведных мерапрыемстваў да канца 1996 Беларусь атрымала з боку ЗША каля 123 млн. долараў. У 2-й пал. 1990-х г. адносіны Рэспублікі Беларусь з ЗША пагоршыліся. У 1996 ЗША адмовіліся прызнаць вынікі бел. канстытуцыйнага рэферэндуму. У лют. 1997 амер. кіраўніцтва афіцыйна сфармулявала сваю пазіцыю ў адносінах да Беларусі, выказала намер падтрымліваць адносіны з бел. урадам на ўзроўні прадстаўніцтва, дастатковага для выканання задач ЗША, а гал. прыярытэтам зрабіць развіццё кантактаў з бел. апазіцыйнымі партыямі і рухамі, незалежнымі СМІ і няўрадавымі арг-цыямі (у далейшым палітыка ЗША у адносінах да Беларусі атрымала назву «выбарачнае ўзаемадзеянне»). У кангрэсе ЗША у 2-й пал. 1990-х г. і ў пач. новага дзесяцігоддзя неаднаразова праходзілі слуханні па праблемах дэмакратыі на Беларусі, дзе жорсткай крытыцы падвяргалася ўнутраная і знешняя палітыка Рэспублікі Беларусь. Заклікі кіраўніцтва Рэспублікі Беларусь весці раўнапраўны, добразычлівы дыялог на аснове прызнання ўнутрыбел. рэалій не знаходзілі ў ЗША належнага водгуку.

Важным. кірункам знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь з’яўляецца супрацоўніцтва з краінамі Азіі. У 1992—93 адбыліся візіты бел. кіраўнікоў у Кітай, Манголію, Ізраіль, Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, Індыю, Кувейт. Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Лукашэнка наведаў з афіц. візітамі Турцыю (1996), Рэспубліку Карэя, В’етнам (1997), Сірыю (1998, 2003), Іран (1998), Аб’яднаныя Арабскія Эміраты (2000), Катар (2001), Кувейт, Бахрэйн (2002). У 1997—2002 Беларусь наведвалі прэзідэнт Сацыялістычнай Рэспублікі В’етнам Чан Дык Лыонг, прэм’ер-міністр Лівана Р.​Харыры, міністры замежных спраў Сірыі, Лівана, М’янмы, Кувейта, Ірана, Манголіі, Лаоса. На мяжы 20—21 ст. актывізавалася супрацоўніцтва Беларусі з Іракам, аднак ваен. інтэрвенцыя ЗША і іх саюзнікаў супраць гэтай краіны ў 2003 перашкодзіла развіццю бел.-іракскіх сувязей. Рэспубліка Беларусь падпісала дагаворы аб дружбе і супрацоўніцтве з Турцыяй (24.7.1996) і В’етнамам (24.4.1997). Краіны Азіі прызнаюць бел. ўнутрыпаліт. рэаліі і імкнуцца да пашырэння сувязей з Беларуссю па парламенцкай лініі. На працягу 1997—2003 Нац. сход Рэспублікі Беларусь меў добрыя адносіны з парламентамі В’етнама, Ізраіля, Ірана, Кувейта, Турцыі. Плённым з’яўляецца супрацоўніцтва Рэспублікі Беларусь з адпаведнымі краінамі ў рамках міжнар. арг-цый (ААН, Рух недалучэння, Міжпарламенцкі саюз і інш.).

Адным з гал. партнёраў Беларусі ў Азіі з’яўляецца Кітай. Бел.-кітайскія сувязі захоўваюць дружалюбны характар, вызначаюцца ўзаемнай павагай бакоў адзін да аднаго і ўзаемаразуменнем па важнейшых пытаннях сучаснага жыцця. Умацаванню двухбаковых сувязей садзейнічалі візіты вышэйшых дзярж. кіраўнікоў Беларусі і Кітая. Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Лукашэнка наведаў Кітай з афіц. і дзярж. візітамі ў 1995, 1997 і 2001, неаднаразова наведвалі Беларусь таксама і прадстаўнікі вышэйшага кіраўніцтва КНР (у 1995 у Рэспубліцы Беларусь пабываў прэм’ер Дзяржсавета КНР Лі Пэн, у 2000 — нам. Старшыні КНР Ху Цзіньтао, у ліп. 2001 адбыўся візіт Старшыні КНР Цзян Цзэміня). Актыўна супрацоўнічаюць дэпутаты Нац. сходу Рэспублікі Беларусь і Усекітайскага сходу нар. прадстаўнікоў, пашыраюцца сувязі на ўзроўні асобных рэгіёнаў дзвюх краін. У крас. 2001 Кітай сфармуляваў 4 прынцыпы адносін з Беларуссю. У прыватнасці, абвешчана, што Кітай з’яўляецца сябрам бел. народа, заўсёды падтрымліваў і будзе падтрымліваць унутраную палітыку бел. дзяржавы, лічыць прэзідэнцкія выбары ўнутранай справай Беларусі, выступае супраць умяшання ў яе ўнутраныя справы.

У адрозненне ад бел.-кітайскіх адносін супрацоўніцтва паміж Рэспублікай Беларусь і Японіяй у 1990-я г. заставалася вельмі стрыманым. У 1996 Японія не прызнала вынікі бел. канстытуцыйнага рэферэндуму, хаця ў пач. новага дзесяцігоддзя стала праяўляць цікавасць да развіцця супрацоўніцтва з Нац. сходам Рэспублікі Беларусь. У парламенце Японіі створана бел.-японская група міжпарламенцкага супрацоўніцтва. Даволі плённым у цяперашніх умовах з’яўляецца бел.-японскае ўзаемадзеянне на ўзроўні грамадскіх аб’яднанняў (у прыватнасці, цікавасць да развіцця сувязей з Беларуссю праяўляюць прадстаўнікі японскіх клубаў «Раторы»).

Дружалюбнасць і ўзаемаразуменне характарызуюць адносіны Рэспублікі Беларусь з Індыяй. У 1997 адбыўся афіц. візіт у Індыю Прэзідэнта Лукашэнкі. У 2001 Беларусь наведаў міністр замежных спраў Індыі А.​Абдула. Бел.-індыйскія адносіны грунтуюцца на значнай дагаворна-прававой аснове. Канструктыўна супрацоўнічаюць бел. і індыйскія парламентарыі. Абедзве краіны маюць агульныя або падобныя падыходы да вырашэння многіх актуальных праблем сучаснасці і паспяхова супрацоўнічаюць у рамках ААН і інш. міжнар. арг-цый, што дазваляе ўзняць іх адносіны на больш высокі паліт. ўзровень.

У Лац. Амерыцы асн. партнёрам Рэспублікі Беларусь заставалася Куба. У 1-й пал. 1990-х г. бел.-кубінскі дыялог прыпыніўся, але ў 2-й пал. 1990-х г. адносіны зноў набылі сталы характар. У вер. 2000 Кубу з афіц. візітам наведаў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь. 3.9.2000 Беларусь і Куба падпісалі дагавор аб сяброўскіх адносінах і супрацоўніцтве. Куба паважліва ставіцца да бел. ўнутрыпаліт. рэалій і падтрымлівае сувязі з Нац. сходам Рэспублікі Беларусь. У 2-й пал. 1990-х г. Беларусь пашырыла паліт. дыялог з інш. краінамі Лац. Амерыкі і Карыбскага рэгіёна. На працягу 1998—2001 адбыліся візіты вышэйшых службовых асоб Беларусі ў Аргенціну, Калумбію, Уругвай, Чылі, Перу, Коста-Рыку, Панаму, Сент-Кітс і Невіс, Сент-Люсію, Ямайку. Пашыраецца дагаворна-прававая база адносін з Аргенцінай, Бразіліяй, Мексікай, Перу, Уругваем, Чылі, Эквадорам.

У Афрыцы Беларусь вядзе актыўны паліт. дыялог з краінамі Магрыба (Паўн. Афрыка). У сак. 1998 Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Лукашэнка наведаў з афіц. візітам Егіпет, у ліст. 2000 — Лівію. Развіваюцца кантакты Беларусі з Тунісам, Марока. У апошнія гады пашыраецца супрацоўніцтва Беларусі з Паўд.-Афрыканскай Рэспублікай і Анголай.

Будынак Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь.

Гандлёва-эканамічныя адносіны Рэспублікі Беларусь з замежнымі краінамі. У 1990-я г. эканам. сувязі Беларусі з замежнымі дзяржавамі набылі якасна новы характар. У 1994 Рэспубліка Беларусь падтрымлівала гандлёва-эканам. адносіны з 97 краінамі свету, у 2000 — са 153. Пытаннямі развіцця гандлёва-эканам. супрацоўніцтва паміж Беларуссю і замежнымі дзяржавамі займаліся Дзярж. к-т па знешніх эканам. сувязях (у 1994—98 Мін-ва знешнеэканам. сувязей), Бел. гандлёва-прамысл. палата, замежныя дыпламат. прадстаўніцтвы Рэспублікі Беларусь. Беларусь удзельнічала ў міжнар. выстаўках і кірмашах, рабоце замежных арг-цый, праводзіць канферэнцыі і семінары, адкрывае свае гандл. дамы, сэрвісныя цэнтры і інш. У 2001 за мяжой дзейнічалі 169 аб’ектаў, праз якія вялася рэалізацыя бел. тавараў, з іх 135 у Рас. Федэрацыі, 11 у краінах СНД, 23 у краінах па-за межамі СНД. Распрацавана Нац. праграма развіцця экспарту на 2000—05, створаны Міжведамасны савет па развіцці экспарту, Каардынацыйны савет па замежных інвестыцыях пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь (у 2001 прынята рашэнне пра ўключэнне ў склад рабочых груп Каардынацыйнага савета буйнейшых замежных інвестараў з Германіі, ЗША, Нідэрландаў, Швейцарыі, Вялікабрытаніі, Расіі, Турцыі). У 2001 з мэтай актывізацыі крэдытна-інвестыцыйнага супрацоўніцтва бел. Мін-ва замежных спраў падрыхтавала Інвестыцыйны атлас Рэспублікі Беларусь на рус. і англ. мовах. З шэрагам краін Беларусь стварыла спец. міжурадавыя камісіі па гандлёва-эканам. супрацоўніцтве (Арменія, Аўстрыя, В’етнам, Германія, Індыя, Ірак, Іран, Казахстан, Кітай, Кыргызстан, Латвія, Літва, Малдова, Польшча, Славакія, Турцыя, Узбекістан, Украіна, Швейцарыя і інш.), што дазваляе вызначыць перспектыўныя кірункі двухбаковага супрацоўніцтва і найб. эфектыўныя спосабы дасягнення пастаўленых мэт. Знешнегандл. абарот Рэспублікі Беларусь (у доларах ЗША) у 1995 склаў 10 367 млн., у 2000—15 823, у 2002—17 077,7 млн.; агульны аб’ём экспарту ў 1995 склаў 4803 млн., у 2000—7331, у 2002—8097,8 млн. долараў; імпарту ў 1995—5564 млн., у 2000—8492 млн., у 2002—8979,9 млн. долараў. У гандлі з замежнымі краінамі Рэспубліка Беларусь захоўвае адмоўнае сальда.

Асаблівую ўвагу бел. кіраўніцтва аддае развіццю эканам. сувязей у межах СНД. У 1995 створаны Мытны саюз паміж Беларуссю, Расіяй і Казахстанам. На сустрэчы ў Маскве ў сак. 1996 кіраўнікі Беларусі, Расіі, Казахстана і Кыргызстана падпісалі дагавор аб паглыбленні эканам. інтэграцыі (у 1998 да «чацвёркі» далучыўся Таджыкістан). У 2000 Беларусь, Казахстан, Кыргызстан, Расія і Таджыкістан заснавалі новае інтэграцыйнае аб’яднанне — Еўра-Азіяцкую супольнасць (ЕўрАзЭС). У 2003 Беларусь, Казахстан, Расія і Украіна абмяркоўвалі пытанні стварэння адзінай эканам. прасторы, маючы на мэце ўмацаванне інтэграцыйных сувязей на постсав. прасторы і каардынацыю дзеянняў пры ўваходжанні ў сусв. гандл. арг-цыю. У 2000 Рэспубліка Беларусь экспартавала ў краіны СНД тавараў на 4453,4 млн. долараў (з іх у Расію — на 3710,1), у 2002 — на 4461,3 (з іх у Расію — на 3977,1). Бел. імпарт з краін СНД у 2000 склаў 6000,9 млн. долараў (у т. л. з Расіі — 5604,7), у 2002—6215,7 (у т. л. з Расіі — 5922,3). Экспарт у краіны па-за межамі СНД у 2000 склаў 2926,3 млн. долараў, у 2002—3636,5 млн. Імпарт у адпаведныя краіны ў 2000 склаў 2476,5 млн. долараў, у 2002—2764,2 млн. Асн. гандлёва-эканам. партнёрам Беларусі ў межах СНД на працягу 1992—2002 заставалася Расія. У 1995 гандл. абарот з гэтай краінай складаў 5150,3 млн. долараў, у 1996—6546,5, у 1997—9453,1, у 1998—9278,5, у 1999—6988,7, у 2000—9314,8, у 2001—9400,6, у 2002—9899,4, у 2003—12 458,0 млн. Другім па значэнні партнёрам Беларусі ў межах СНД заставалася Украіна, хаця ў адрозненне ад Расіі гандаль з ёй меў адмоўную дынаміку. У 1995 гандл. абарот Беларусі з Украінай складаў 1176,2 млн. долараў, у 2000—900,3, у 2002—562,3. У 2002 у агульным аб’ёме тавараабароту Рэспублікі Беларусь з замежнымі краінамі (па-за межамі СНД) удзельная вага краін Еўропы склала 75,9% (4860,5 млн. долараў), Азіі — 11,1% (708,5), Амерыкі — 7,5% (481,7), Афрыкі — 1,7% (105,6). Гал. знешнеэканам. партнёрамі Беларусі былі Вялікабрытанія, Германія, Італія, Латвія, Літва, Польшча.

У таварнай структуры бел. экспарту ў 2002 пераважалі мінер. прадукты, трансп. сродкі, механічныя і электрычныя машыны і абсталяванне, прадукцыя хім. прамысловасці, тэкст. вырабы. На мяжы стагоддзяў пераважная частка экспарту прадукцыі высокай і сярэдневысокай навукаёмістасці (грузавыя аўтамабілі, трактары, падшыпнікі, халадзільнікі і маразільнікі, аўтадарожная і с.-г. тэхніка, рухавікі ўнутр. згарання, фарбы і лакі, шыны) накіроўвалася ў дзяржавы СНД, найперш у Расію. На рынкі краін Захаду пастаўлялася пераважна нізкатэхнал. прадукцыя з невысокай ступенню апрацоўкі (прадукцыя сельскай гаспадаркі, лесаматэрыялы, тэкст. вырабы, лом і адходы металаў, стальныя пруткі і дрот, калійныя ўгнаенні). Міжнар. абарот паслуг Рэспублікі Беларусь у 2002 склаў 1891,3 млн. долараў, у т. л. экспарт паслуг — 1218,9 млн. Найб. ўдзельную вагу ў агульным аб’ёме экспарту паслуг у 2002 займалі трансп. паслугі, аб’ём якіх склаў 691,4 млн. долараў. Экспарт дзелавых паслуг у 2002 склаў 253,6 млн. долараў, паслуг сувязі — 61,4 млн. Станоўчае сальда ў гандлі паслугамі па выніках 2002 склалася ў памеры 546,5 млн. долараў і на 61,9% кампенсавала адмоўнае сальда ў знешнім гандлі таварамі.

У 1-й пал. 1990-х г. Рэспубліка Беларусь атрымлівала крэдыты ад Аўстрыі, Бельгіі, Германіі, Італіі, Швейцарыі. Сродкі на правядзенне эканам. рэформ на Беларусі выдзялялі ЕС, Міжнар. валютны фонд (МВФ), Еўрап. банк рэканструкцыі і развіцця. У жн. 1994 Рэспубліка Беларусь атрымала замежных крэдытаў на суму 1049,5 млн. долараў. З 2-й пал. 1990-х г. памеры крэдытавання бел. эканомікі развітымі дзяржавамі Захаду скараціліся, поўнасцю спынілася крэдытаванне з боку МВФ. З 1997 Беларусь удзельнічае ў рэалізацыі праграм па выпуску прадукцыі прамысловасці, фінансаванне якіх праводзіцца са сродкаў бюджэту Саюза Беларусі і Расіі («Развіццё дызельнага аўтамабілебудавання», «Арганізацыя серыйнай вытворчасці абсталявання для выпуску хімічных валокнаў» і інш.).

Новы імпульс у 1990-я г. атрымала практыка прыцягнення замежнага капіталу ў форме сумесных і замежных прадпрыемстваў. У 1992 у Рэспубліцы Беларусь зарэгістравана 201 сумеснае і 8 замежных прадпрыемстваў, у 2000 — адпаведна 1816 і 1332. На 1.1.2003 на Беларусі дзейнічалі 1396 сумесных і 1271 замежнае прадпрыемства. У пач. 21 ст. найб. прыцягальнымі для замежных інвестараў сталі сферы прамысл. вытворчасці, гандл. дзейнасць і транспарт. У прамысл. сектары асн. інвестыцыі прыпадалі на машынабудаванне, харчовую, лёгкую, дрэваапрацоўчую і хім. прамысловасць. Найбуйнейшыя прадпрыемствы створаны з удзелам інвестараў з Расіі, Германіі, Вялікабрытаніі, Чэхіі ў сферы будаўніцтва, вытворчасці электраізалятараў, выдавецкай справы і паліграфіі, дрэваапрацоўкі і вытворчасці прадуктаў харчавання. Цікавасць у замежных інвестараў выклікала стварэнне на тэр. Беларусі ў 2-й пал. 1990-х г. свабодных эканам. зон «Брэст», «Гомель-Ратон», «Мінск» і «Віцебск». Беларусь развівае таксама кантакты з пагранічнымі дзяржавамі (Расіяй, Украінай, Польшчай, Літвой, Латвіяй) у рамках еўрарэгіёнаў «Буг», «Нёман», «Азёрны край», «Белавежская пушча», «Дняпро».

Складанае становішча, у якое трапіла бел. эканоміка ў сувязі з разрывам сувязей, што склаліся ў сав. часы, паўплывала на характар яе гандлёва-эканам. дзейнасці. У 1990-я г. адмоўнай рысай гандлю Беларусі з замежнымі краінамі была вялікая ўдзельная вага безграшовых форм разліку, найперш бартэру. У 1999 бартэр у экспарце ў Расію дасягнуў 52,2% ад агульнай колькасці пастаўленай прадукцыі, у краіны па-за межамі СНД — 11,9%; у імпарце з Расіі доля бартэру склала 38,9%, з краін па-за межамі Расіі — 13,3%. У пач. 21 ст. доля бартэрных паставак у агульным аб’ёме бел. знешняга гандлю пачала скарачацца.

Культурныя і навуковыя кантакты, сувязі ў галіне спорту і турызму. Перабудова міжнар. адносін Беларусі ва ўмовах незалежнасці паўплывала на характар яе замежных сувязей у галіне навукі і культуры. У канцы 20 — пач. 21 ст. Рэспубліка Беларусь праводзіла навук. даследаванні і распрацоўкі разам са шматлікімі замежнымі навукова-даследчымі і навуч. ўстановамі. Актыўна ажыццяўлялася супрацоўніцтва з акадэміямі навук, інш. навук. ўстановамі. Да канца 1990-х г. міжурадавыя, міжакадэмічныя і міжінстытуцкія дагаворы і пагадненні заключаны з 60 краінамі свету. Толькі ў 2001 Нац. АН Беларусі мела 33 дагаворы і пагадненні, заключаныя на міжакадэмічным узроўні. На міжінстытуцкім узроўні выконваліся 302 дагаворы, праекты і кантракты з замежнымі навук. ўстановамі, фірмамі і арг-цыямі 38 краін, адбылося 780 навук. камандзіровак супрацоўнікаў АН Беларусі ў 50 краін далёкага замежжа і 245 прыёмаў замежных вучоных і спецыялістаў з 33 дзяржаў свету ў навук. установах Беларусі. Важным кірункам міжнар. супрацоўніцтва быў удзел АН Беларусі ў міжнар. навук. праграмах і праектах па лініі ЮНЕСКА, МАГАТЭ, Міжнар. навукова-тэхн. цэнтра, еўрап. праграмах INTAS і INCO-Copernicus. Значныя аб’ёмы даследаванняў і распрацовак выкананы па кантрактах з арг-цыямі Германіі, ЗША, Індыі, Рэспублікі Карэя, Нідэрландаў, Югаславіі.

Міжнар. сувязі ў галіне адукацыі ажыццяўляліся шляхам падрыхтоўкі ў бел. ВНУ спецыялістаў для замежных краін, арганізацыі двухбаковага супрацоўніцтва паміж навуч. ўстановамі Беларусі і навуч. і навук. цэнтрамі замежных краін з мэтай навучання, павышэння кваліфікацыі, правядзення навук. даследаванняў. Так, у сярэдзіне 1990-х г. навуч. ўстановы Беларусі падпісалі каля 130 пагадненняў з навуч. ўстановамі, прадпрыемствамі і фірмамі краін Еўропы, Азіі і Амерыкі. У 1994 у адпаведнасці з міжнар. пагадненнямі, а таксама на аснове дагавораў у навуч. установах Беларусі вучылася больш за 2,5 тыс. студэнтаў з 93 краін далёкага замежжа. У сваю чаргу бел. вучоныя і студэнты маглі вучыцца і стажыравацца на прадпрыемствах і ў навук. цэнтрах замежжа.

Моцным сродкам збліжэння народаў заставаліся ўзаемаабмен дасягненнямі літаратуры, кіно, выяўл. мастацтва, арганізацыя муз. і тэатральных фестываляў. У 1993 Рэспубліка Беларусь далучылася да Еўрап. культурнай канвенцыі 1954. Якасна новы змест набылі Дні бел. культуры, дзе Беларусь стала заяўляць пра сябе як пра краіну з адметнай нац. культурай еўрап. ўзроўню. З 1992 у Віцебску праводзяцца штогадовыя міжнар. муз. фестывалі «Славянскі базар» з удзелам вядомых спевакоў, кампазітараў, музыкантаў з замежных краін. У 1-й пал. 1990-х г. актывізавалася дзейнасць па вяртанні на Бацькаўшчыну культурных каштоўнасцей, што знаходзіліся за межамі Беларусі (рэстытуцыі). У сярэдзіне 1990-х г. адпаведныя міжурадавыя пагадненні падпісаны ці падрыхтаваны да падпісання з большасцю краін СНД, Польшчай, Літвой, Германіяй, Чэхіяй, Славакіяй, ЗША. Умацаванню культ. сувязей спрыяла дзейнасць на Беларусі Культурна-адукац. цэнтра імя Гётэ (Германія), Франка-бел. інфарм. залы, Брытанскага савета, Інфарм. цэнтра пасольства ЗША.

Разнастайную палітру муз. праграм прадстаўлялі бел. прафесійныя калектывы за мяжой (у 1990-я г. гастролі праходзілі ў Бразіліі, Германіі, Індыі, Іспаніі, Італіі, Кітаі, Літве, Польшчы, Францыі, Швейцарыі, Японіі і інш.). Актыўную гастрольную дзейнасць ажыццяўлялі трупы бел. балета і оперы, Дзярж. акадэмічны сімфанічны аркестр, Дзярж. ансамбль танца, Дзярж. акадэмічны нар. хор імя Г.​І.​Цітовіча, ансамбль салістаў «Класік-авангард» і інш. Бел. тэатральнае мастацтва было прадстаўлена на найб. прэстыжных творчых форумах свету, сярод якіх Эдынбургскія фестывалі ў Вялікабрытаніі, Шылераўскія фестывалі і Бонскае біенале ў Германіі, Шэкспіраўскія фестывалі ў Іспаніі і Польшчы, Чэхаўскія фестывалі ў Расіі, фестывалі тэатр. мастацтва ў Егіпце, Францыі і многія інш. Годна прадстаўлялі сваю творчасць за межамі краіны бел. мастакі, скульптары, кінематаграфісты. Толькі ў 2001 з гастролямі, канцэртнымі праграмамі, для ўдзелу ў міжнар. конкурсах, фестывалях, выстаўках па лініі Мін-ва культуры Рэспублікі Беларусь больш за 3 тыс. артыстаў і дзеячаў мастацтва выехалі ў 18 краін свету, у т. л. ў Германію, Ірландыю, Іспанію, Італію, Кітай, Латвію, Нідэрланды, Польшчу, Расію, Турцыю, Украіну, Францыю. Мін-ва культуры забяспечвала міжнар. культурнае супрацоўніцтва з больш чым 30 краінамі свету на аснове 33 міжурадавых і міжведамасных дагавораў, заключаных з гэтымі дзяржавамі, у т. л. 4 пагадненні з рознымі рэгіёнамі Рас. Федэрацыі.

Паспяхова развіваліся сувязі паміж Рэспублікай Беларусь і ЮНЕСКА. У вер. 1998 Беларусь і ЮНЕСКА падпісалі мемарандум аб супрацоўніцтве. Пры дапамозе ЮНЕСКА адзначаліся 400-годдзе памяці гуманіста і філосафа С.​Буднага, 100-годдзе з дня нараджэння бел. пісьменнікаў М.​Багдановіча і М.​Гарэцкага. Таксама ЮНЕСКА дапамагала Беларусі ў захаванні традыцыйнай культуры, мовы, фальклору, культурных і гіст. помнікаў, у вырашэнні праблем, звязаных з наступствамі Чарнобыльскай катастрофы 1986. Дзякуючы дапамозе гэтай арг-цыі, наладжана камп’ютэрная сетка ў АН Беларусі, разгорнута сістэма камп’ютэрных каталогаў у Нац. б-цы Рэспублікі Беларусь. Паводле рашэння ЮНЕСКА 2 помнікі бел. даўніны — Белавежская пушча і замкавы комплекс Мір — унесены ў Спіс сусв. культурнай і прыроднай спадчыны. Значную работу па ўмацаванні міжнар. сувязей Беларусі праводзяць Бел. т-ва дружбы і культурных сувязей з замежнымі краінамі, Міжнар. асацыяцыя беларусістаў, інш. арг-цыі. Працягваецца супрацоўніцтва паміж Беларуссю і замежнымі дзяржавамі ў рамках параднёных гарадоў. Пры дапамозе замежных краін і міжнар. арг-цый Беларусь паспяхова вырашала праблемы ў сферы аховы навакольнага асяроддзя; толькі ў 2002 рэалізавана 12 міжнар. экалагічных праектаў на суму больш за 4,8 млн. долараў.

У 1990-я г. на Беларусі актыўна развівалася сістэма міжнар. турызму, якая стала адной з форм знешнеэканам. дзейнасці дзяржавы. У 2002 пытаннямі міжнар. турызму займалася каля 500 бел. фірм. Гал. партнёрамі Беларусі ў сферы міжнар. турызму з’яўляюцца Расія, Украіна, Германія, Польшча, Вялікабрытанія, Турцыя, Чэхія, Славакія, Балгарыя, Швецыя, Нідэрланды, Літва. У 1992 за мяжой (без краін СНД) пабывала 312 258 турыстаў з Беларусі, у 1995—570 899, у 2000—1 181 570, у 2002—1 198 669. Колькасць замежных турыстаў, што наведалі Беларусь, павялічылася з 29 877 чал. у 1992 да 55 177 чал. у 2002. У Беларусь турысты пераважна прыбываюць з Польшчы, Вялікабрытаніі, Расіі, Латвіі, Германіі, Ізраіля, Літвы, Кіпра, Украіны. У 1996 у межах сумеснага праекта ўрада Рэспублікі Беларусь і ПРААН «Садзейнічанне сацыяльна-эканамічнаму развіццю Рэспублікі Беларусь у пераходны перыяд» распрацаваны турыстычны маршрут «Залатое кальцо Беларусі». Планавалася, што ён аб’яднае ў адзіны турысцка-гасп. комплекс усе тэрыторыі і аб’екты краіны, якія маюць цікавасць як турысцка-экскурсійныя і рэкрэацыйныя аб’екты ці спартыўна-аздараўленчыя базы і зоны адпачынку.

Умацоўваюцца спарт. сувязі Беларусі з замежнымі краінамі. Бел. спартсмены паспяхова ўдзельнічалі ў летніх і зімовых Алімпійскіх гульнях у Барселоне (1992), Лілехамеры (1994), Атланце (1996), Нагана (1998), Сіднеі (2000), Солт-Лейк-Сіці (2002), інш. міжнар. спаборніцтвах. Напр., на XXVIII летніх Алімпійскіх гульнях у Афінах (2004) 153 спартсмены Беларусі спаборнічалі ў 23 відах алімпійскіх праграм і атрымалі 2 залатыя, 6 сярэбраных і 7 бронзавых медалёў. Неаднаразова міжнар. спарт. турніры праводзіліся і на бел. тэрыторыі. Рэспубліка Беларусь стала паўнапраўным членам К-та па развіцці спорту Савета Еўропы, прычым бел. прадстаўнік першы з краін Усх. Еўропы ўвайшоў у склад яго Выканкома.

Літ.:

Белорусская ССР в международных отношениях: Междунар. договоры, конвенции и соглашения БССР с иностр. государствами (1944—1959). Мн., 1960;

Броўка Ю.П. Да пытання аб удзеле Беларускай ССР у стварэнні Арганізацыі Аб’яднаных Нацый // Весці АН БССР. Сер. грамад. навук. 1963. №2;

Яго ж. Международная правосубъектность БССР. Мн., 1967;

Переписка Председателя Совета Министров СССР с президентами США и премьер-министрами Великобритании во время Великой Отечественной войны 1941—1945 гг. Т. 1—2. М.;

1976;

Советский Союз на международных конференциях периода Великой Отечественной войны, 1941—1945 гг.: Сб. док. Т. 3—5. М., 1978—84;

Белорусская ССР в международных отношениях: Многосторон. междунар. договоры, конвенции и соглашения БССР (1960—1980). Мн., 1983;

Языкович Л.В. Деятельность Белорусской ССР в ЮНЕСКО. Мн., 1986;

Снапковский В.Е. Путь Беларуси в ООН, 1944—1945 гг. Мн., 1994;

Яго ж. «Мы, народы Объединенных Наций...»: Об участии Беларуси в деятельности ООН // Нёман. 1995. №10;

Яго ж. Знешнепалітычная дзейнасць Беларусі, 1944—1953 гт. Мн., 1997;

Яго ж. Внешняя политика Республики Беларусь: первые итоги первого десятилетия // Бел. журн. междунар. права и междунар. отношений. 2000. № 4;

Яго ж. Беларуская дзяржаўнасць і дыпламатыя ў XX ст. // Там жа. 2001. № 1;

Яго ж. Белорусско-российские отношения на рубеже столетий (конец 1999 — начало 2001 гг.) // Там жа. 2001. №2;

Яго ж. Беларусь в международных отношениях // История Беларуси: (Краткий очерк). Мн., 2002;

Запруднік Я. Беларусь на гістарычных скрыжаваннях. Мн., 1996;

Белоруссия на перепутье: в поисках международной идентичности. М., 1998;

Национально-государственные интересы Республики Беларусь. Мн., 1999;

Смирнов В.С. Внешняя политика и дипломатия Республики Беларусь. Мн., 1999;

Розанов А. Внешняя политика Беларуси: новые очертания // Беларусь в мире. 1999. №2—3;

Суверенитет и многовекторность внешней политики Республики Беларусь в современных условиях. Мн., 2000;

Шадурский В.Г. Культурные связи Беларуси со странами Центральной и Западной Европы (1945—1990-е гг.). Мн., 2000;

Приоритеты внешней политики Республики Беларусь. Мн., 2001;

Внешняя политика Беларуси в исторической ретроспективе: Материалы междунар. науч. конф., 24—25 мая 2002 г. Мн., 2002;

Знешняя палітыка Беларусі: Зб. дак. і матэрыялаў. Т. 6. Мн., 2003;

Тихомиров А.В. Беларусь в международных отношениях, 1772—2002. Мн., 2003;

Качуровский Е., Астапченко Ю. Беларусь: новая торговая политика. Мн., 2003;

Мир и Беларусь. Аспекты устойчивого развития. Мн., 2003;

Беларусь і Польшча — Polska i Białorus. Warszawa, 2003;

Челядинский А.А. Внешнеполитические приоритеты и интересы Республики Беларусь // Бел. журнал междунар. права и междунар. отношений. 2003. №4;

Актуальные вопросы международных отношений и внешней политики Беларуси: Материалы науч. семинаров, янв.—дек., 2002 г. Мн., 2003;

Беларусь в современном мире. Мн., 2003.

У.​Е.​Снапкоўскі (фарміраванне асноў знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь, Беларусь — адна з заснавальніц Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, Беларусь і міжнародныя арганізацыі), А.​В.​Ціхаміраў (двухбаковыя сувязі Рэспублікі Беларусь з замежнымі дзяржавамі, гандлёва-эканамічныя адносіны Рэспублікі Беларусь з замежнымі краінамі, культурныя і навуковыя кантакты, сувязі ў галіне спорту і турызму).

т. 18, кн. 2, с. 711

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)