ВАНА́ДЫЕВЫЯ РУ́ДЫ,

прыродныя мінеральныя ўтварэнні, сыравіна для атрымання ванадыю. Гал. мінералы ванадыевых руд: ванадыніт, дэклуазіт, купрадэклуазіт, карнатыт і інш. Радовішчы магматычныя, кантактава-метасаматычныя, гідратэрмальныя, большасць — комплексныя, з іх атрымліваюць таксама жалеза, тытан, уран, свінец, цынк, медзь, алюміній, фосфар. Колькасць V2O5 у рудзе ад 0,1 да 29%. Буйнейшыя радовішчы ў ПАР, ЗША, Фінляндыі, Намібіі, Чылі.

т. 3, с. 500

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАНДЭ́Я (Vendée),

гістарычная вобласць у Зах. Францыі, на Пд ад вусця Луары. У час Французскай рэвалюцыі 1789—99 была цэнтрам паўстанняў раялістаў (1793—96, 1799/1800; гл. Вандэйскія войны). Мясц. сяляне падтрымлівалі дваранства і асабліва духавенства. У 1815 і 1832 яны зноў змагаліся за права на трон Бурбонаў. У пераносным значэнні Вандэя — сімвал контррэвалюцыі.

т. 3, с. 502

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́НСКАЯ КАНВЕ́НЦЫЯ 1963 аб цывільнай адказнасці за шкоду,

міжнародны акт, прыняты на міжнар. дыпламатычнай канферэнцыі па цывільнай адказнасці за ядзерную шкоду 29.4—19.5.1963. У сувязі з тым, што ядзерныя аб’екты з’яўляюцца крыніцамі павышанай небяспекі, канвенцыя прадугледжвае абсалютную адказнасць за ядзерную шкоду незалежна ад наяўнасці ці адсутнасці віны. Заключаны акт канферэнцыі падпісаў СССР.

т. 4, с. 87

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕРДЫ́КТ (англ. verdict ад лац. vere dictum літар. дакладна сказанае),

рашэнне (прыгавор) прысяжных засядацеляў у судзе прысяжных па пытанні вінаватасці ці невінаватасці падсуднага па крымінальнай справе (вердыкт абвінаваўчы або апраўдальны). Вердыкт прымаецца аднагалосна (суды некаторых штатаў ЗША) або большасцю галасоў (суды Вялікабрытаніі, дарэв. Расіі і інш.); на аснове абвінаваўчага вердыкту суд назначае пакаранне.

т. 4, с. 101

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕРТЫКА́ЛЬ,

лінія, уздоўж якой размяшчаецца нітка адвеса пад уздзеяннем сілы цяжару. Напрамак вертыкалі ў дадзеным пункце зямной паверхні адносна плоскасцей экватара і нулявога мерыдыяна знаходзяць з астр. назіранняў. Вывучэнне напрамкаў вертыкалі і яе адхіленняў ад паверхні зямнога эліпсоіда дало магчымасць вызначыць фігуру і памеры Зямлі і атрымаць ускосныя даныя аб яе ўнутр. будове.

т. 4, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕСЬ,

прыбалтыйска-фінскае племя. Упершыню ўпамінаецца гоцкім гісторыкам Іарданам у 6 ст. Паводле стараж.-рус. летапісаў, жыло на Белым воз. (Валагодская вобл., Расія), паводле тапанімічных даных, займала тэр. ад усх. Прыладажжа да Белаазер’я. Белаазерская весь з 9 ст. ў складзе Кіеўскай Русі, паступова абрусела. Нашчадкамі весі з’яўляюцца сучасныя вепсы і, верагодна, карэлы-людзікі.

т. 4, с. 120

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІБРАТЭРАПІ́Я (ад вібра... + тэрапія),

выкарыстанне вібрацыі ў лек. мэтах; адзін з метадаў фізіятэрапіі. Ажыццяўляецца з дапамогай спец. апаратаў, пераважна ў форме вібрацыйнага масажу цела ці асобных яго ўчасткаў пры шэрагу захворванняў перыферычнай нерв. сістэмы, асептычных запаленчых працэсах і інш. Лячэбнае ўздзеянне рэалізуецца праз паляпшэнне кровазвароту, абмену рэчываў, стымуляцыю нейратрафічнай і інш. функцый арганізма.

т. 4, с. 137

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУРАЎЗРЫЎНЫ́Я РАБО́ТЫ,

сукупнасць вытв. працэсаў па аддзяленні ад масіву часткі горнай пароды з адначасовым яе раздрабненнем і перамяшчэннем пры дапамозе ўзрыву. Уключаюць бурэнне зарадных поласцяў (шпураў, свідравін, камер), размяшчэнне ў іх зарадаў выбуховых рэчываў (зараджанне), забіванне і ўзбуджэнне зарадаў (ініцыіраванне ўзрыву). Выкарыстоўваюць пры разведцы і здабычы карысных выкапняў, буд-ве плацін і інш.

т. 3, с. 345

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУРМІ́СТРАЎСКА-РАДЗЕ́ЦКІ СУД,

мясцовы суд для гараджан у ВКЛ у 14—18 ст. Дзейнічаў адначасова з войтаўска-лаўніцкім судом у гарадах, якія атрымалі прывілей на магдэбургскае права. У склад суда ўваходзілі бурмістры і радцы, колькасць якіх залежала ад памераў горада. Суд разглядаў пераважна нязначныя правапарушэнні мяшчан, цяжбы купцоў і рамеснікаў.

Т.​І.​Доўнар.

т. 3, с. 351

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУХО́НКА Пётр Мікалаевіч (12.7.1906, г. Добруш Гомельскай вобл. — 5.2.1944, Герой Сав. Саюза (1944). У Вял. Айч. вайну на фронце з 1941. Сапёр Бухонка вызначыўся 26.9.1943 пры фарсіраванні Дняпра на тэр. Украіны: у час пераправы паранены Бухонка закрыў прабоіны ў лодцы, чым выратаваў байцоў і даставіў іх на правы бераг. Памёр ад ран.

П.М.Бухонка.

т. 3, с. 366

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)