ВЯЛІ́КАЕ УКЛЕ́ЙНА,

возера ва Ушацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Альзініца, за 16 км на ПдЗ ад г.п. Ушачы. Пл. 0,39 км², даўж. 1,2 км, найб. шыр. 470 м, найб. глыб. 17,5 м, даўж. берагавой лініі каля 3 км. Пл. вадазбору 25,9 км². Схілы катлавіны выш. 15—25 м, месцамі абрывістыя, пад лесам, на З выш. 3—5 м, парослыя разнатраўна-злакавай расліннасцю. Берагі нізкія, пад хмызняком, месцамі зліваюцца са схіламі. Дно пясчанае, глыбей за 5—6 м выслана сапрапелем. Злучана ручаём з воз. М.​Уклейна, на ПнУ выцякае ручай у возера без назвы.

т. 4, с. 369

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛІ́КІ СУПО́НЕЦ,

возера на мяжы Глыбоцкага і Ушацкага р-наў Віцебскай вобл., у бас. р. Альзініца, за 19 км на З ад г.п. Ушачы. Пл. 0,42 км², даўж. 960 м, найб. шыр. 550 м, найб. глыб. 23,8 м, даўж. берагавой лініі больш за 2,6 км. Пл. вадазбору 6,13 км². Схілы катлавіны выш. 15—18 м (на Пн 5—10 м, спадзістыя) пад лесам, на ПнЗ разараныя. Дно складанай будовы (чаргуюцца ўпадзіны і мелі). Зона мелкаводдзя вузкая, выслана пяскамі і глеямі, глыбей — сапрапелем. Расліннасць уздоўж берагоў утварае паласу шыр. 8—50 м. Злучана пратокай з воз. Малы Супонец.

т. 4, с. 385

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯРЭ́ЙСКІ (Арэст Георгіевіч) (н. 20.7.1915, в. Аносава Смаленскай вобл., Расія),

рускі графік. Нар. мастак СССР (1983). Правадз. чл. АМ СССР (1983). Сын Г.С.Вярэйскага. У 1936—38 свабодны слухач Ленінградскай АМ. Асн. работы: ілюстрацыі да кн. «Васіль Цёркін» А.​Твардоўскага (1942—48); «Ціхі Дон» (1951—52), «Лёс чалавека» (1958) і «Паднятая цаліна» (1967) М.​Шолахава і інш. Выканаў серыі станковых работ: «Твар ворага» (1942), «А.​В.​Сувораў» (1950), «Ангара» (1959—60), «Петраградцы 1917 г.» (1967) і інш. Дзярж. прэмія СССР 1978.

Н.​В.​Шаранговіч.

А.Вярэйскі. Рыгор і Аксіння. Ілюстрацыя да кнігі М.​А.​Шолахава «Ціхі Дон». 1951—52.

т. 4, с. 399

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЧЭ́РСКІ (Рыгор Арсенавіч) (н. 26.10.1932, в. Садоўшчына Барысаўскага р-на Мінскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне кардыялогіі. Д-р мед. н. (1980), праф. (1983). Скончыў 1-ы Ленінградскі мед. ін-т (1956). З 1972 у Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў. Навук. працы па ішэмічнай і гіпертанічнай хваробах, атэрасклерозе, рэўматызме, хваробах крыві, парушэннях сардэчнага рытму, антыкаагулянтнай тэрапіі, ультрагукавой дыягностыцы і метадзе дэфібрыляцыі.

Тв.:

Справочник по клинической электрокардиографии. Мн., 1985 (разам з Л.​Г.​Баранавым, У.​Р.​Лісюціным);

Справочник участкового терапевта. Мн., 1986 (у сааўт.);

Справочник по дифференциальной диагностике внутренних болезней. Мн., 1990 (у сааўт.).

т. 4, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАБО́ВІЧ (Міхаіл Маркавіч) (7.12.1905, в. Вялікія Гулякі Фастаўскага р-на Кіеўскай вобл. — 12.7.1965),

расійскі артыст балета, педагог. Нар. арт. Расіі (1951). Скончыў Маскоўскае харэаграфічнае вучылішча, выкладаў у ім (у 1954—58 маст. кіраўнік). У 1924—52 саліст Вял. т-ра. Сярод класічных партый: Салор («Баядэрка» Л.​Мінкуса), Зігфрыд, Дэзірэ («Лебядзінае возера», «Спячая прыгажуня» П.​Чайкоўскага), Альберт («Жызэль» А.​Адана), Жан дэ Брыен («Раймонда» А.​Глазунова). Першы выканаўца партый Вацлава («Бахчысарайскі фантан» Б.​Асаф’ева), Прынца, Рамэо («Папялушка», «Рамэо і Джульета» С.​Пракоф’ева) і інш. Сярод вучняў У.Васільеў. Аўтар балетных сцэнарыяў, артыкулаў і рэцэнзій. Дзярж. прэміі СССР 1946, 1950.

т. 4, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЙЦЮ́НІШСКАЯ КАПЛІ́ЦА,

помнік архітэктуры барока з элементамі абарончага дойлідства. Пабудавана, ў 1614 (паводле інш. звестак у 1633) у в. Гайцюнішкі (Воранаўскі р-н Гродзенскай вобл.) каля Гайцюнішскага дома-крэпасці як кальвінская капліца па фундацыі дачкі ўладальніка Гайцюнішак П.​Нонхарта Зузаны. Стала сямейнай пахавальняй Нонхартаў і інш. уладальнікаў вёскі кальвінскай веры. Кампактны прамавугольны ў плане мураваны будынак з развітой апсідай быў накрыты вальмавым дахам, з трох бакоў умацаваны магутнымі контрфорсамі. Над уваходам на даху ўзвышалася вежачка-сігнатурка. Тарэц апсіды быў завершаны трохвугольным франтонам. Аконныя праёмы мелі лучковыя завяршэнні. Захаваліся руіны.

Гайцюнішская капліца. Фота пач. 20 ст.

т. 4, с. 441

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРЫСВЯ́ТА, Друкша,

рака ў Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., левы прыток р. Дзісна (бас. р. Зах. Дзвіна). Даўж. 44 км. Пл. вадазбору 1020 км².

Пачынаецца каля в. Грытуны (да пабудовы ГЭС «Дружба народаў» у 1953 para выцякала з воз. Дрысвяты). Цячэ праз азёры Доўгае, Верхняе і Богінскае. Участак б. рэчышча паміж вёскамі Ёдзішкі і Вусце цяпер лічыцца прытокам Д. — Дрысвяткай. Верхняе цячэнне ракі ў межах Браслаўскай грады, ніжняе — на З Полацкай нізіны. Асн. прыток — р. Прорва (злева). На вадазборы 139 азёр. Даліна пераважна трапецападобная. Пойма перарывістая. Рэчышча сярэдне звілістае, на працягу каля 9 км каналізаванае.

т. 6, с. 227

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРЫСВЯ́ЦКІ ЗА́МАК.

Існаваў у 14—17 ст. на в-ве Замак на воз. Дрысвяты ў Браслаўскім р-не Віцебскай вобл. Пабудаваны на гарадзішчы днепра-дзвінскай культуры і перыяду Кіеўскай Русі 10—13 ст. Пляцоўка замка (75 × 50 м) мела авальную форму, узвышалася над паверхняй возера на 6—7 м, была абкружана валам. У ганцы 14 — пач. 15 ст. на востраве стаяў «двор Дрысвяты» вял. кн. ВКЛ Вітаўта, пазней — караля Аляксандра. У пісьмовых крыніцах замак згадваецца ў 1514, 1557, 1561 і ў часы Лівонскай вайны 1558—83. Перастаў існаваць у 2-й пал. 17 ст.

т. 6, с. 228

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУ́БАХ (Аляксандр Давідавіч) (9.7.1883, в. Ботава Маскоўскай вобл. — 1942),

бел. вучоны ў галіне меліярацыі і гідралогіі. Акад. АН БССР (1928), д-р с.-г. н. (1926), праф. (1921).Скончыў Маскоўскі с.-г. ін-т (1908). У 1908—16 інжынер-гідратэхнік у Мінскай і Магілёўскай губ. З 1920 заг. кафедры БСГА. У 1927—30 заг. аддзела Бел. НДІ сельскай і лясной гаспадаркі. У 1925—30 старшыня Навук.-тэхн. савета пры Наркамземе БССР. У 1927—42 заг. кафедры Ленінградскай лесатэхн. акадэміі. Распрацоўваў пытанні гідралогіі лясоў, балот, уплыву лесу на рачны сцёк. Зрабіў навук. аналіз заканамернасцей фарміравання воднага рэжыму балот.

т. 6, с. 241

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУ́КСА (Мар’ян Мікалаевіч) (н. 5.4.1943, в. Каракулічы Мадзельскага р-на Мінскай вобл.),

бел. паэт. Скончыў БДУ (1969). Настаўнічае. Друкуецца з 1960. Аўтар зб-каў вершаў «Спатканне» (1967), «Крокі» (1972), «Прыгаршчы суніц» (1976), «Зона супраціўлення» (1982), «Твая пара сяўбы» (1985), «Заснежаныя ягады» (1989, Літ. прэмія імя А.​Куляшова 1990), «Горн прымірэння» (1993) і інш., для дзяцей — «Зялёны акварыум» (1980). Прыгажосць Бацькаўшчыны, роднай прыроды, паэзія кахання, праблемы дабра і зла, веры — асн. матывы яго твораў.

Тв.:

Валуны на пагорках. Мн., 1994.

Літ.:

Стальмахоў В. Паэтычнае слова Мар’яна Дуксы // Асаблівасці развіцця літаратурнага працэсу ў Беларусі на сучасным этапе. Мн., 1979.

т. 6, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)