КІБЕРНЕ́ТЫКА БІЯЛАГІ́ЧНАЯ, біякібернетыка,

навука аб заканамернасцях кіравання, сувязі і перапрацоўцы інфармацыі ў біял. сістэмах. Вывучае жывы арганізм кібернетычнымі метадамі (матэм. мадэліраванне з выкарыстаннем сістэмнага падыходу і ўлікам шматузроўневага кіравання). Звязана са многімі біял. і мед. дысцыплінамі.

Як навука сфарміравалася ў канцы 1950-х г. Яе станаўленне звязана з выкарыстаннем матэм. метадаў і сістэмных падыходаў у агульнай біялогіі ў 1-й пал. 20 ст. (англ. вучоныя Дж.​Холдэйн, Р.​Фішэр, сав. вучоны І.​І.​Шмальгаўзен і інш.), з узнікненнем паняцця адваротнай сувязі ў жывых сістэмах і мадэліраваннем біял. працэсаў (сав. вучоныя А.​А.​Багданаў, П.​К.​Анохін).

На Беларусі даследаванні па К.б. вядуцца ў ін-тах Нац. АН Беларусі: эксперым. батанікі, фотабіялогіі, фізіялогіі, тэхн. кібернетыкі; у Бел. акадэміі фіз. выхавання і спорту, НДІ кардыялогіі, Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў і інш. Вывучаюцца мадэлі механізмаў галаўнога мозга, фізіял. і псіхічны стан чалавека-аператара, пытанні К.б. у дастасаванні да праблемы фіз. культуры і біямеханікі спорту, мадэліруюцца працэсы ўтварэння хларафілу і фотасінтэзу, перамяшчэння радыенуклідаў на забруджаных тэрыторыях і спосабы іх ачышчэння, дыягностыкі і прагназіравання захворванняў.

Літ.:

Биологическая кибернетика. 2 изд. М., 1977.

А.​С.​Леанцюк.

т. 8, с. 245

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЛЬТУ́РНА-АСВЕ́ТНЫЯ ЎСТАНО́ВЫ,

агульнапрыняты тэрмін для абазначэння ўстаноў, дзейнасць якіх накіравана на арганізацыю вольнага часу, развіццё творчых здольнасцей, асветніцкай і выхаваўчай работы з насельніцтвам, садзеянне ўздыму яго агульнага культ. ўзроўню і інш. Уключаюць клубныя ўстановы, масавыя бібліятэкі, кінатэатры, паркі культуры і адпачынку і інш. У Сав. Беларусі К.-а.ў. пачалі стварацца ў 1920-я г. (у гарадах клубы, у вёсках хаты-чытальні). Асн. кірункам работы было фарміраванне камуніст. светапогляду, атэістычнае выхаванне, прапаганда і агітацыя, што з’яўлялася састаўной часткай ідэалаг. дзейнасці камуніст. партыі і дзяржавы ў цэлым. Паступова, з развіццём сеткі агульнаадук. школ, сярэдніх спец. і вышэйшых навуч. устаноў, шырокім распаўсюджаннем сродкаў масавай інфармацыі формы работы ў К.-а.ў. страчваюць сваю палітызаванасць. Асн. іх функцыяй становіцца арганізацыя вольнага часу, развіццё творчых здольнасцей асобы, таму К.-а.ў. (у шырокім сэнсе да іх належаць радыё і тэлебачанне) набываюць статус устаноў культуры, якія вядуць сац.-культ. дзейнасць. У 1990-х г. для адраджэння і развіцця гіст. традыцый нар. творчасці, аўтэнтычнага фальклору, звычаяў, абрадаў, свят, традыц. промыслаў і рамёстваў, дэкар.-прыкладнога мастацтва ствараюцца новыя тыпы ўстаноў культуры — дамы (цэнтры) рамёстваў, фальклору, школы нар. творчасці, цэнтры нац. культур і інш.

А.​А.​Скарына.

т. 9, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛЕКУЛЯ́РНАЯ БІЯЛО́ГІЯ,

навука пра малекулярныя асновы жыццёвых з’яў. Вывучае структурна-функцыян. арганізацыю генет. апарата клетак і механізмы рэалізацыі спадчыннай інфармацыі (малекулярная генетыка), малекулярныя механізмы ўзаемадзеяння вірусаў з клеткамі (малекулярная вірусалогія), заканамернасці імунных рэакцый арганізма (малекулярная імуналогія), зменлівасць і спецыялізацыю клетак у антагенезе (М.б. развіцця), а таксама структурную арганізацыю біямалекул, механізмы іх функцыянавання і рэгуляцыі актыўнасці, сувязь паміж структурай і функцыяй, узаемадзеянне з інш. малекуламі і інш.

М.б. ўзнікла ў сярэдзіне 20 ст. на стыку генетыкі, біяфізікі, біяхіміі (вылучылася з апошняй), асновай яе стала раскрыццё Ф.Крыкам і Дж.Уотсанам прасторавай будовы ДНК (1953). Вял. ўклад у развіццё М.б. зрабілі амер.. вучоныя К.Б.Анфінсен, С.​Ачоа, Д.Балтымар, П.​Берг, Дж.Ледэрберг, Х.Т.Карана, А.Корнберг, М.Нірэнберг, Р.Халі, англ. — М.Перуц, швейц. — В.Арбер, франц. — Ф.Жакоб, Ж.Мано і інш., сав. — Ю.А.Аўчыннікаў, А.​А.​Баеў. А.М.Белазерскі, А.С.Спірын, М.М.Шамякін, У.А.Энгельгарт і інш.

На Беларусі даследаванні па М.б. вядуцца ў ін-тах Нац. АН Беларусі: эксперым. батанікі, фотабіялогіі, генетыкі і цыталогіі, біяарган. хіміі, Цэнтр. бат. садзе, БДУ, НДІ гематалогіі і пералівання крыві, НДІ эпідэміялогіі і паразіталогіі і інш. Уклад у развіццё М.б. зрабілі Ю.М.Астроўскі, А.А.Ахрэм, І.​Дз.Валатоўскі, А.С.Вечар, С.В.Конеў, У.М.Рашэтнікаў, А.А.Шлык і інш.

М.​А.​Картэль.

т. 10, с. 26

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЭТАЗГО́ДНАСЦЬ,

адпаведнасць з’явы (працэсу) пэўнаму (адносна завершанаму) стану, матэрыяльная ці ідэальная мадэль якога прадстаўляецца ў якасці мэты. Спецыфічна праяўляецца ў арган. свеце, грамадскіх сістэмах, дзеяннях чалавека. Паняцце «М.» генетычна звязана з мэтамеркаваннем як сутнасным элементам чалавечай дзейнасці, які характарызуе мысліцельныя працэсы і прадметную яго дзейнасць. Дзеянні чалавека, якія адпавядаюць нейкай мэце, мэтазгодныя ў шырокім сэнсе слова. У больш вузкім сэнсе мэтазгодна такая дзейнасць, што адпавядае ўмовам дадзенага моманту і агульнаму кірунку развіцця, заснаванаму на веданні грамадскіх законаў і патрэб развіцця. М. арганічна разглядаецца як прыстасаванасць арганізмаў да ўмоў існавання, накіраванасць працэсаў развіцця жывых сістэм, якая вызначаецца ўзаемадзеяннем знешніх і ўнутр. умоў, актыўнасцю арганізмаў. Паводле Ч.​Дарвіна, адносная М. жывых арганізмаў — вынік натуральнага адбору, у ходзе якога назапашваюцца і замацоўваюцца карысныя для арганізмаў адзнакі. Тэлеалогія пашырае М. на ўсю прыроду і разглядае развіццё ўсяго існуючага як ажыццяўленне загадзя прадугледжанага плана — руху да ўстаноўленай, зададзенай зверху мэты, што пацвярджаецца гарманічнай, мэтазгоднай будовай жывых арганізмаў. У кібернетыцы М. вызначаецца тым, што складаная дынамічная сістэма захоўвае сваю ўстойлівасць дзякуючы наяўнасці адваротнай сувязі — атрыманай інфармацыі пра фактычны стан дзейных органаў сістэмы, іх узаемадзеянні з навакольным асяроддзем, а не ў сілу ўсвядомленага імкнення да якой-н. мэты.

А.​Л.​Галаўнёў.

т. 11, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАКАЗА́ЛЬНІК,

пералік упарадкаваных паводле алфавітнай, храналагічнай, нумарацыйнай ці інш. прыкметы апісанняў твораў друку і пісьменства, назваў прадметаў, уласных імён, абазначэнняў і інш., які дазваляе хутка знаходзіць неабходныя звесткі ў адпаведным інфарм. масіве. Паводле зместу і прызначэння традыцыйна адрозніваюць П. бібліягр. і дапаможныя. Бібліягр. П. з’яўляецца разнавіднасцю бібліягр. дапаможнікаў; мае самаст. даведачнае значэнне (гл. Бібліяграфія). Дапаможны П. не мае самаст. даведачнага значэння; выступае ў якасці даведніка па тэксце, ён абавязковы для даведачных, навук. і навуч. выданняў. Складаецца са спасылак да тэксту (старонкі, нумары параграфаў і да т.п.), якія паказваюць на месца знаходжання інфармацыі. У залежнасці ад зместу рубрык П. бываюць імянныя, прадметныя, геагр. і інш.; паводле прынцыпу размяшчэння матэрыялу — алфавітныя, сістэматычныя, храналагічныя і інш.; паводле структуры рубрык — простыя і разгорнутыя П., а пры наяўнасці дадатковых звестак — анатаваныя. Па ступені раскрыцця зместу дакумента бываюць П. да ўсяго тэксту, часткі тэксту, па аднаму ці некалькіх аспектах. Выбар тыпу П. залежыць ад зместу выдання, яго чытацкага прызначэння, аб’ёму, традыцый у канкрэтных галінах ведаў. Чым больш складаны тэкст выдання, тым больш разнастайныя П. да яго.

Літ.:

Кунце Х. Составление вспомогательных указателей: Пер. с нем. М., 1977;

Призмент Э.Л., Динерштейн Е.А. Вспомогательные указатели к книжным изданиям. М., 1988.

А.​І.​Чарняева.

т. 11, с. 522

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАЦЯ́ГЛАСЦЬ ГУ́КА,

час, неабходны для вымаўлення гука; аб’ектыўная характарыстыка, якая разам з інш. акустычнымі параметрамі (частотным спектрам, велічынёй амплітуды і інш.) вызначае адметнасць кожнага гука маўлення. Вымяраецца з дапамогай апаратуры ў мілісекундах, ацэньваецца на слых. Вуха чалавека можа ўлоўліваць вельмі тонкія адрозненні ў П.г., што выкарыстоўваецца ў арганізацыі фанет. сістэм моў. Працяглымі лічацца зычныя гукі ў адрозненне ад імгненных, калі яны маюць адчувальную працягласць (напр., фрыкатыўныя [з], [с] у адрозненне ад выбухных [п], [к]). Працяглымі гукамі з’яўляюцца падоўжаныя зычныя, якія ўзніклі ў выніку гіст. развіцця бел. мовы ў пэўных пазіцыях слова са спалучэння зычных (напр., насе[н’:]е, вясе[л’:]е). Больш працяглыя ў параўнанні з ненаціскнымі ў бел. мове — націскныя галосныя. У моўнай плыні адны і тыя ж гукі могуць мець розную працягласць, што выкарыстоўваецца для перадачы ўнутры- і знешнямоўнай інфармацыі. Ва ўсіх мовах П.г. ўжываецца для інтанацыйнай арганізацыі маўлення. У некат. мовах існуюць парныя па даўжыні гукі, з дапамогай якіх словы адрозніваюцца паводле сэнсу (чэш., ням., англ., венгерская мовы). Гукі маюць розную працягласць у залежнасці ад тэмпу і стылю маўлення, эмацыянальнага стану размоўцы, яго індывідуальных псіхафіз. і сац. асаблівасцей.

Літ.:

Фанетыка беларускай літаратурнай мовы. Мн., 1989;

Выгонная Л.Ц. Інтанацыя. Націск Арфаэпія. Мн., 1991.

Л.​Ц.​Выгонная.

т. 13, с. 34

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭЛЕ́ЙНАЯ АХО́ВА,

сукупнасць аўтам. прыстасаванняў (аднаго ці некалькіх рэле), што ахоўваюць эл. абсталяванне, устаноўкі, сістэмы ад пашкоджанняў ці ненармальных (аварыйных) рэжымаў. Прылады Р.а. ўспрымаюць інфармацыю пра рэжым работы ахоўнага аб’екта, выпрацоўваюць і падаюць каманды на адключэнне выключальнікаў (пры кароткіх замыканнях, перанапружаннях, перагрузках і інш.), уключэнне светлавога або гукавога сігналу.

Асобнымі прыстасаваннямі Р.а. абсталёўваюць кожны элемент эл. сістэмы — генератары, трансфарматары, лініі электраперадач і інш. Адрозніваюць Р.а.: асноўную і рэзервовую (дзейнічае пры адказе асн.), токавую (дзейнічае, калі сіла току ў ахоўным ланцугу перавышае зададзенае значэнне), дыстанцыйную (спрацоўвае ў залежнасці ад адлегласці — дыстанцыі да месца кароткага замыкання, што забяспечвае селектыўнае адключэнне пашкоджанага ўчастка ЛЭП), дыферэнцыяльную (рэагуе на рознасць токаў па канцах ахоўнага ўчастка эл. сістэмы, дзе ўстанаўліваюцца трансфарматары вымяральныя), высокачастотную (выкарыстоўвае токі высокай частаты для атрымання інфармацыі з выхаду аб’екта). Найб. пашырана максімальная токавая ахова. У Р.а. шырока выкарыстоўваюцца бескантактавая камутацыйная апаратура, аўтам. пераключальнікі.

Літ.:

Чернобровов Н.В. Релейная защита. 4 изд. М., 1971;

Федосеев А.М. Релейная защита электрических систем. М., 1976.

У.​М.​Сацута.

Схема максімальнай токавай рэлейнай аховы 3-фазнай ЛЭП ад міжфазных кароткіх замыканняў: 1 — шыны падстанцыі, ад якіх адыходзіць ЛЭП; 2 — высакавольтны выключальнік; 3 — трансфарматары току; Т, Ч, Пр, Пк — рэле токавыя, частаты, прамежкавае, паказальнае.

т. 14, с. 5

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІГНА́Л (ад лац. signum знак) у біялогіі, працэс або з’ява (вонкавая, унутраная, усвядомленая або неўсвядомленая), што перадае паведамленне пра падзею і арыентуе жывую сістэму адносна гэтай падзеі. У залежнасці ад характару сенсорнай сістэмы адрозніваюць С. акустычныя, аптычныя, біярытмічныя, тактыльныя, тэрмічныя, хім., электрамагнітныя і інш. (гл. Раздражняльнасць, Рэактыўнасць, Сігнальныя сістэмы).

С. у тэхніцы, умоўны знак, фіз. працэс ці з’ява, што нясе паведамленне (інфармацыю) аб якой-н. падзеі, стане аб’екта назірання, а таксама перадае каманду кіравання абвяшчэння ці інш. Агульныя заканамернасці перадачы і пераўтварэнняў С. вывучае інфармацыі тэорыя.

Бывае мех. (дэфармацыя, перамяшчэнне), цеплавы (напр., павышэнне т-ры), светлавы (успышка святла, зрокавы вобраз), эл. (імпульс току, радыёхваля), гукавы (мова, музыка, свіст) і інш. Інфармацыя, якую мае паведамленне прадстаўляецца зменамі аднаго ці больш параметраў С. — амплітуды (інтэнсіўнасці), працягласці, частаты, шырыні спектра, палярызацыі і інш. С. можна пераўтвараць (без змены зместу паведамлення) з аднаго віду ў другі, напр., неперарыўны С. — у дыскрэтны, гукавы — у эл., эл. — у светлавы. Выкарыстанне канкрэтных С. залежыць ад асаблівасцей канкрэтных задач перадачы паведамленняў, узроўню і характару перашкод, магчымасцей рэалізацыі прыёмнай і перадавальнай сістэм. Гл. таксама Сігнал геадэзічны, Сігналізацыя, Сігналы часу.

т. 14, с. 366

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СО́ТАВАЯ РАДЫЁСУ́ВЯЗЬ,

бесправадная перадача інфармацыі паміж рухомымі абанентамі, якія знаходзяцца ў зоне абслугоўвання, а таксама паміж імі і абанентамі стацыянарнай тэлеф. сеткі.

Зона абслугоўвання падзяляецца на ячэйкі малога радыуса (да 30 км), падобныя на пчаліныя соты (адсюль назва), і кожная з іх мае базавую станцыю (БС) з пэўнай колькасцю модуляў прыёмна-перадавальнага абсталявання.

Кожнай БС выдзяляюцца пэўныя частоты для радыёсувязі, пры гэтым для выключэння ўзаемных перашкод аднолькавыя частоты маюць прасторава аддаленыя адна ад адной БС. Сувязь паміж абанентамі адной соты ажыццяўляецца з дапамогай БС, а паміж абанентамі розных сотаў, у т. л. пры перамяшчэнні абанента з адной соты ў другую, а таксама з абанентамі стацыянарнай тэлеф. сувязі — з дапамогай цэнтра камутацыі рухомай сувязі. Сістэма С.р. з лічбавымі метадамі перадачы сігналаў забяспечвае ахову паведамленняў ад несанкцыяніраванага доступу, устойлівасць і высокую якасць сувязі, перадачу даных і інш. паслугі сувязі, у т. л. доступ да сістэм С.р. аднолькавага стандарту розных краін.

Э.​Б.​Ліпковіч.

Схема тэрытарыяльна-частотнага планавання сотавай радыёсувязі з рухомымі аб’ектамі: D — ахоўны інтэрвал; R — радыус ячэйкі; R0 — радыус зоны абслугоўвання; ЦС — цэнтральная станцыя камутацыйнай сістэмы; Бс — базавая станцыя; аднолькавым колерам вылучаны ячэйкі з аднолькавымі рабочымі частотамі.

т. 15, с. 90

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СПА́ДЧЫННАСЦЬ,

уласцівасць арганізмаў забяспечваць матэрыяльную і функцыян. пераемнасць пакаленняў; адзін з гал. фактараў эвалюцыі. Праяўляецца ў бесперапыннасці жывой матэрыі пры змене пакаленняў. Фактары С. лакалізаваны ў храмасомах і цытаплазме (спадчыннасць цытаплазматычная). Генет. інфармацыя захоўваецца, узнаўляецца і перадаецца пры размнажэнні арганізмаў у выглядзе малекул нуклеінавых к-т (ДНК, РНК), якія з’яўляюцца матэрыяльнымі носьбітамі ўсіх відаў С. Асобная роля ў С. належыць дакладнасці ўзнаўлення малекул нуклеінавых к-т у працэсах рэплікацыі і транскрыпцыі, а таксама высокай ступені дакладнасці сінтэзу бялкоў у працэсе трансляцыі. Рэалізацыя С. залежыць ад асаблівасцей генатыпу, знешніх умоў і адбываецца ў розных варыянтах. Напр., асобіны з розным генатыпам маюць аднолькавы фенатып (гл. Дамінантнасць), арганізмы з аднолькавым генатыпам — розны фенатып (гл. Мадыфікацыі). Функцыян. пераемнасць пакаленняў забяспечваецца таксама перадачай інфармацыі ад аднаго пакалення да другога ў ходзе навучання, т.зв. сігнальная С. Аснова гэтага працэсу — умоўнарэфлекторная дзейнасць вышэйшых арганізмаў (асабліва ў чалавека). У ходзе ўзнікнення і развіцця жыцця на Зямлі С. адыгрывала вырашальную ролю шляхам спалучэння кансерватыўнасці са зменлівасцю ў замацаванні дасягнутых эвалюцыйных пераўтварэнняў. Вывучэнне заканамернасцей С. мае важнае значэнне для медыцыны, сельскай гаспадаркі і інш. Гл. таксама Дарвінізм, Мендэля законы.

Р.​Г.​Заяц.

т. 15, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)