КААГУЛЯ́ЦЫЯ (ад лац. coagulatio згортванне, згушчэнне),
узбуйненне часцінак дысперснай фазы ў дысперсных сістэмах. Прыводзіць да выпадзення з калоіднага раствору камякаватага асадку ці да застудзянення (гл.Гелі). Адбываецца пры Сутыкненні часцінак у выніку броўнаўскага руху, накіраванага перамяшчэння ў сілавым полі (напр., у эл. полі, электракаагуляцыя) ці пры інш. знешніх уздзеяннях (напр., перамешванне, вібрацыя). К. золей выклікае дабаўленне каагулянтаў. Мае месца ў геал., атм., біял. і розных тэхнал. працэсах — водаачыстцы, вытв-сці палімерных матэрыялаў, харч. прадуктаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́МЕРА ДЭЗІНФЕКЦЫ́ЙНАЯ,
збудаванне або тэхн. абсталяванне, прызначаныя для дэзінфекцыі. Асн.ч. — памяшканне ці ёмістасць, куды змяшчаюць вопратку, абутак, пасцельныя і інш. рэчы, якія неабходна апрацаваць. Бываюць К.д. газавыя (выкарыстоўваюць газападобныя дэзінфіцыруючыя сродкі — вокіс этылену, бромісты метыл і інш.), гарачапаветраныя (апрацоўваюць паветрам з т-рай 80—110 °C), парааўтаномныя (маюць абсталяванне для стварэння вадзяной пары), паравыя (апрацоўваюць вадзяной парай атм.ці павышанага ціску), парапаветрана-фармалінавыя (маюць фарсунку для распылення фармаліну), эл. (параўтварэнне адбываецца з дапамогай эл. награвальных прылад) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНСІ́ЛІУМ (ад лац. consilium нарада, абмеркаванне),
нарада ўрачоў адной ці некалькіх спецыяльнасцей для ўдакладнення ці ўстанаўлення дыягназу хваробы і спосабаў лячэння. Неабходны ў выпадках няўпэўненасці ў дыягностыцы або спосабах лячэння, пры цяжкім стане хворага, пры накіраванні яго ў спецыялізаваныя ўстановы аховы здароўя. Найчасцей склікаецца па ініцыятыве ўрача, які лечыць, просьбе хворага і яго блізкіх, а таксама на аснове пастановы суд.-мед. органаў. Праводзіцца ў бальніцы, амбулаторна-паліклінічных і санаторных установах. Заключэнне К. заносіцца ў адпаведны мед. дакумент.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНФЕРЭ́НЦЫЯ,
сорт грушы, выведзены ў Вялікабрытаніі. На Беларусі рэкамендаваны ў прысядзібным садаводстве ў паўд.-зах. абласцях.
Дрэва моцнарослае, з высокапірамідальнай кронай. Плоданашэнне на 4—5-ы год. Сорт ураджайны, пладаносіць штогод, слабазімаўстойлівы, устойлівы да паршы. Плады сярэдняй велічыні (120—150 г), бутэлькападобнай формы, зеленавата- ці саламяна-жоўтыя, з румянцам на сонечным баку. Мякаць ружовая ці цёмна-жоўтая, вельмі мяккая і сакавітая, салодкая з лёгкай кіслінкай. Спажывецкая спеласць у канцы верасня — пач. кастрычніка. Захоўваецца да снежня.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРА́ТЭР (ад грэч. kratēr вял. чаша) вулканічны, чаша- ці лейкападобнае паглыбленне на вяршыні ці схіле вулканічнага конуса (гл.Вулкан) дыяметрам ад дзесяткаў метраў да некалькіх кіламетраў і глыб. ад некалькіх да соцень метраў. На яго дне адно або некалькі жаролаў, праз якія на паверхню з магматычнага ачага па вывадным канале паступаюць лава і інш. вулканічныя прадукты. Дно бывае запоўнена лававым возерам або другасным вулканічным конусам.
Кратэр з выявамі кентаўрамахіі і амазонамахіі. 2-я чвэрць 5 ст. да н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАХО́ДНЫ СТАН, актываваны комплекс, гіпатэтычны прамежкавы стан хім. сістэмы пры яе пераходзе з пачатковага (рэагенты) у канчатковы (прадукты) стан; канфігурацыя з атамаў ці малекул рэагентаў, што ўдзельнічае ў элементарным акце рэакцыі хімічнай. Характарызуецца больш высокім значэннем патэнцыяльнай энергіі ў параўнанні з пачатковым і канчатковым станамі (гл.Энергія актывацыі) і малым часам жыцця (~10−13 с). Тэорыя П.с. (актываванага комплексу, ціабс. скарасцей рэакцый; гл.Кінетыка хімічная) ляжыць у аснове ўяўленняў аб рэакцыйнай здольнасці і механізме хім. рэакцый.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІЛО́Н (грэч. pylōn літар. брама, уваход),
1) масіўны слуп (слупы), які служыць апорай арак, мастоў, перакрыццяў будынкаў ці падземных збудаванняў.
2) Невысокія слупы, пастаўленыя па баках уезда ці ўвахода на тэр. сядзіб, палацаў, паркаў і інш. (найб. пашыраны ў архітэктуры класіцызму).
3) Вежападобнае збудаванне ў форме ўсечанай піраміды (у плане выцягнуты прамавугольнік) з трапецападобным фасадам. П. ставілі абапал вузкага ўвахода ў стараж.-егіпецкія храмы (каля 2050—1700 да н.э.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́ЖКА,
у беларусаў пасудзіна для кармлення жывёлы; бандарны выраб. Падобна да цэбра, але меншых памераў (ёмістасць 15—20 л). Рабілі Р. з кароткіх клёпак, па форме — цыліндрычную ці крыху расшыраную ўверсе. Нярэдка мела ножкі, утвораныя трыма падоўжанымі клёпкамі. Яшчэ 2 больш доўгія клёпкі выступалі зверху і мелі адтуліны, утвараючы вушкі для пяньковай ці лыкавай почапкі. Звычайна ў Р. таўклі параную бульбу і замешвалі паўвадкі корм для свіней. У наш час амаль выйшла з ужытку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЎНАВА́ГА СТАТЫСТЫ́ЧНАЯ,
стан замкнутай макраскапічнай сістэмы, у якім сярэднія значэнні фіз. велічынь, што характарызуюць гэтую сістэму, не залежаць ад часу; адно з асн. паняццяў статыстычнай фізікі.
Р.с. не з’яўляецца раўнавагай у мех. сэнсе (у сістэме пастаянна ўзнікаюць флуктуацыі фіз. велічынь каля іх сярэдніх значэнняў). Тэорыя Р.с. апісваецца ў стат. фізіцы з дапамогай Гібса размеркавання для мікракананічнага, кананічнага цівял. кананічнага статыстычнага ансамбля ў залежнасці ад тыпу кантактаў сістэмы з навакольным асяроддзем, якія дазваляюць ці забараняюць абмен энергіяй і часціцамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫЦЫ́НА (польскае rycyna ад позналац. Ricinus клешчавіна),
раслінны тлусты алей з насення клешчавіны. Атрымліваюць прасаваннем ці экстрагаваннем арган. растваральнікамі. Вязкая вадкасць светла-жоўтая ці амаль бясколерная, шчыльн. 950—974 кг/м³ (15 °C), т-ра застывання ад -8 да -18 °C. Не раствараецца ў вадзе і бензіне. Невысыхальны алей; мае 80—90% трыгліцэрыдаў рыцынолевай (12-гідраксі-цыс-9-октадэцэнавай) к-ты (гл.Алеі). Выкарыстоўваюць як змазачны матэрыял, гідраўлічную вадкасць, кампанент мазей і касметычных сродкаў, у медыцыне.