«Агульны рынак», група з 12 зах.-еўрап.краін (Бельгія, Вялікабрытанія, Германія, Грэцыя, Данія, Ірландыя, Іспанія, Італія, Люксембург, Нідэрланды, Партугалія, Францыя), якія ў 1957 аб’ядналіся ў эканам. саюз і ажыццявілі інтэграцыю сваіх эканомік. У ЕЭС створаны адзіны ўнутр. рынак, зняты абмежаванні на свабоднае перамяшчэнне тавараў, капіталаў, рабочай сілы паміж краінамі, створана адзіная валютная сістэма, устаноўлена агульная с.-г. і трансп. палітыка. У 1967 органы Еўрапейскага аб’яднання вугалю і сталі і Еўрапейскай супольнасці па атамнай энергіі зліліся з органамі ЕЭС і трыадзіная інтэграцыйная арг-цыя пачала афіцыйна называцца Еўрапейскімі супольнасцямі, а неафіцыйна з 1992 — Еўрапейскай супольнасцю, якая мае агульныя выканаўчыя, прававыя і заканад. органы. Супольнасць мае таксама цесныя сувязі з краінамі, якія сталі на шлях развіцця. Кіруючыя органы ЕЭС — Камісія і Савет Міністраў — знаходзяцца ў г. Брусель (Бельгія).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАЛАТЫ́ СТАНДА́РТ,
грашова-валютная сістэма, заснаваная на золаце як грашовым тавары. Упершыню быў аформлены ў Вялікабрытаніі ў канцы 18 ст., але шырокае развіццё атрымаў у канцы 19 ст. З.с. выступаў у форме золатаманетнага, залатазліткавага і золатадэвізнага. Золатаманетны стандарт характарызаваўся свабоднай чаканкай і абарачэннем залатых манет, разменам грашовых сродкаў на залатыя манеты, вывазам і ўвозам золата. З пачаткам 1-й сусв. вайны золатаманетны стандарт практычна перастаў існаваць (у ЗША да 1934). Залатазліткавы стандарт, які ўзнік пасля вайны, прадугледжваў толькі размен грашовых сродкаў на залатыя зліткі, а золатадэвізны — на замежную валюту (долары і фунты стэрлінгаў). Пасля сусв.эканам. крызісу 1929—33 абмен на залатыя зліткі захавалі толькі ЗША у адносінах з афіц. органамі інш.краін. У 1971 гэты абмен быў спынены і З.с. перастаў існаваць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯЗМЕ́ННАСЦЬ СУ́ДДЗЯЎ,
адзін з асн. канстытуцыйных прынцыпаў судаўладкавання большасці дэмакр.краін свету. Заключаецца ў тым, што суддзя, які прызначаны (у рэдкіх выпадках — выбраны), займае сваю пасаду пажыццёва або да дасягнення пэўнага ўзросту. У Рэспубліцы Беларусь у адпаведнасці з Канстытуцыяй і Законам «Аб судаўладкаванні і статусе суддзяў у Рэспубліцы Беларусь» ад 13.1.1995 суддзі выконваюць свае абавязкі бестэрмінова, акрамя назначаных на гэтую пасаду ўпершыню. Суддзі, назначаныя на такую пасаду ўпершыню, пасля 5 гадоў работы суддзёй назначаюцца бестэрмінова. Суддзі па адм. справах і выканаўчых вядзеннях назначаюцца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь тэрмінам на 5 гадоў. Суддзі ўсіх судоў нязменныя: яны не могуць быць пераведзены на інш. пасаду або ў інш. суд без асабістай згоды. Паўнамоцтвы суддзі могуць быць спынены толькі ў парадку і на падставах, устаноўленых законам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРЫ́ЖСКІ МІ́РНЫ ДАГАВО́Р 1763,
мірны дагавор паміж Вялікабрытаніяй і Партугаліяй з аднаго боку, Францыяй і Іспаніяй — з другога, які завяршыў удзел гэтых краін у Сямігадовай вайне 1756—63. Падпісаны 10 лют. ў Парыжы. Паводле дагавора ў Амерыцы да Вялікабрытаніі адыходзілі ад Францыі — Новая Францыя (Канада), в-аў Кап-Брэтон, усе землі на У ад р. Місісіпі (Усх. Луізіяна, за выключэннем Новага Арлеана), шэраг астравоў Карыбскага м.; у Афрыцы — б.ч. калоніі Сенегал; у Індыі — амаль усе франц. ўладанні. Францыя вяртала Вялікабрытаніі захоплены ў 1756 в-аў Менорка ў Міжземным м. Іспанія перадавала Вялікабрытаніі Фларыду ў Паўн. Амерыцы, за што атрымлівала ад Францыі Зах. Луізіяну. Франц. войскі пакідалі Гановер і (разам з ісп. войскамі) Партугалію. П.м.д. азначаў перамогу Вялікабрытаніі над Францыяй у барацьбе за калан. і гандл. першынство.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖНАРО́ДНЫ САЮ́З ГЕАЛАГІ́ЧНЫХ НАВУ́К (МСГН),
навуковая арганізацыя, якая каардынуе даследаванні глабальных геал. праблем, садзейнічае міжнар. супрацоўніцтву ў галіне навук аб Зямлі. Засн. ў 1961. Членамі саюза з’яўляюцца нац.геал. арг-цыі больш як 110 краін. Мае пастаянныя камісіі, камітэты, кансультатыўныя саветы. Уваходзіць у склад Міжнар. савета навук. саюзаў. Сакратарыят знаходзіцца ў г. Тронхейм (Нарвегія). Разглядаюцца пытанні, звязаныя з выяўленнем і ацэнкай энергет. і мінер. рэсурсаў, небяспечных геал. працэсаў, з праблемамі глабальных змен у прыродзе і ўплыву геал. працэсаў на навакольнае асяроддзе. Выконваюцца: міжнар. праграмы геал. карэляцыі, праекты па мадэліраванні радовішчаў карысных выкапняў, «Цыркум-Атлантык» і інш. Выдае геал.час. «Episodes» («Эпізоды»). З 1997 у склад саюза ўваходзіць Бел.нац. камітэт геолагаў (штаб-кватэра ў Ін-це геал. навук Нац.АН Беларусі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́РШЫ МІЖНАРО́ДНЫ КАНГРЭ́С БЕЛАРУСІ́СТАЎ (Адбыўся 25—27.5.1991 у Мінску; удзельнічалі даследчыкі беларусістыкі) (гл.Беларусазнаўства) больш чым з 10 краін свету. Падрыхтаваны на працягу года Арганізац. к-там пад кіраўніцтвам праф. А.Мальдзіса пры ўдзеле АНБССР, Мін-ва культуры БССР, Саюза пісьменнікаў Беларусі, Рэсп. асацыяцыі беларусістаў. Распачаў дзейнасць Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў (прыняты яе статут і выбраны кіруючыя органы). Навук. праца кангрэса праходзіла на пленарных і секцыйных пасяджэннях па кірунках; «Гісторыя і культура» (секцыя характарызавалася разнастайнай тэматыкай выступленняў),
«Мовазнаўства» (шмат часу прысвечана пытанням рэфармавання сучаснай бел. мовы; усяго каля 30 выступленняў), «Л-ра, маст. пераклад і фальклор» (каля 20 паведамленняў пра найноўшыя здабыткі ў галіне перакладу і апрацоўкі літ. спадчыны). У заключны дзень працы адбыўся «круглы стол» (агульнакангрэсавая нарада) «Бел. дыяспара».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІКЕ́Т (франц. piquet літар. калок, вяха),
1) адзін з элементаў вартавой аховы ў арміях шэрагу еўрап.краін, у т. л.ВКЛ, у 18—19 ст. Прызначаўся ў складзе да ўзвода (пяхоты або кавалерыі) у мэтах прадухілення нечаканага нападу праціўніка на размяшчэнне войска, якое адпачывае. Высылаўся ў бок праціўніка на 2—4 км ад сваіх войск; меў паперадзе парных вартавых або аванпост. У выпадку нападу праціўніка выконваў ролю бліжэйшай падтрымкі аванпоста. У рас. арміі ў канцы 19 ст. называліся вартавымі заставамі.
2) Прынятая ў СНД адзінка вымярэння даўжыні чыг. ліній, роўная 100 м.
3) Часам П. называюць дом лясной аховы, будку дарожнай службы і інш. 4) Група дэманстрантаў, забастоўшчыкаў і інш., якія стаяць каля ўрадавых устаноў, пасольстваў і інш. з напісанымі на плакатах паліт. ці эканам. лозунгамі і патрабаваннямі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРСЕЛО́НСКІ УНІВЕРСІТЭ́Т,
адна са старэйшых навуч. устаноў Еўропы. Засн. ў 1450 у г. Барселона (аўт. вобласць Каталонія, Іспанія). У 1873 ун-т атрымаў статус дзярж. установы, з 1985 незалежная ВНУ. Выкладанне на каталонскай і ісп. мовах. У складзе ун-та дэпартаменты, ф-ты, ін-ты, цэнтры, школы, 17 б-к, абсерваторыя, музеі. Найб. значнымі падраздзяленнямі з’яўляюцца дэпартаменты: гуманітарных і сацыяльных навук (ф-ты: філас., геагр., гіст., філал., мастацтваў); права, эканомікі і сац. навук (ф-ты: права, эканомікі і кіравання бізнесам, у т. л. статыстыка і сацыялогія); эксперыментальных навук і матэматыкі (ф-ты: біял., хіміі, фізікі, матэматыкі, геал.); навук аб здароўі (ф-ты: мед., фармакалагічны, стаматалагічны, псіхалогіі), цэнтр сястрынскай справы і інш.; адукацыйных навук (ф-тадукац. навук, цэнтр адукацыі). Ін-ты: адукац. навук, па вывучэнні працы, сучасных моў, Іспаніі, краін Усходу і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАВЕ́ЖСКІЯ ПАГАДНЕ́ННІ 1991.
Падпісаны кіраўнікамі Беларусі (С.Шушкевіч і В.Кебіч), Расіі (Б.Ельцын і Г.Бурбуліс), Украіны (Л.Краўчук і В.Фокін) 8.12.1991 у бел. урадавай рэзідэнцыі каля б. хутара Віскулі Пружанскага р-на ў Белавежскай пушчы. Ад імя дзяржаў — заснавальніц СССР яны канстатавалі, што СССР як суб’ект міжнар. права і геапаліт. рэальнасць спыняе існаванне, і падпісалі Пагадненне аб стварэнні Садружнасці Незалежных Дзяржаў (СНД). у складзе Рэспублікі Беларусь, РСФСР і Украіны. СНД абвяшчалася адкрытай для далучэння інш. дзяржаў. Былі прыняты заявы кіраўнікоў 3 краін аб імкненні СНД праводзіць курс на ўмацаванне міжнар. міру і бяспекі, пра гарантыі выканання міжнар. абавязацельстваў па дагаворах і пагадненнях б.СССР, забеспячэння адзінага кантролю за ядзернай зброяй і яе нераспаўсюджаннем, пра каардынацыю эканам. палітыкі. Вярх. Савет Рэспублікі Беларусь ратыфікаваў Пагадненне аб стварэнні СНД 10.12.1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУБІ́НСКІ Сяргей Антонавіч [13(25).10.1884, в. Наройкі Бельскага пав. Гродзенскай губ., цяпер у Бельска-падляскім ваяв., Польшча — 27.8.1937], бел. археолаг. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1914). Працаваў настаўнікам. З 1925 чл.гіст.-археал. камісіі, з 1928 навук. супрацоўнік Інбелкульта, з 1929 у Ін-це гісторыі АНБССР, з 1933 у Акадэміі гісторыі матэрыяльнай культуры (Ленінград). Даследаваў помнікі ранняга жал. веку і эпохі сярэдневякоўя, курганныя старажытнасці ў Бельскім пав., гарадзішчы і могільнікі на Бабруйшчыне, Віцебшчыне, Магілёўшчыне, Мазыршчыне, Міншчыне. У 1926—28 вывучаў гарадзішчы Банцараўшчына і Чаркасова. Склаў і выдаў першую «Бібліяграфію па археалогіі Беларусі і сумежных краін» (1933), у якую ўключыў працы па дакласавым грамадстве, раннім феадалізме, нумізматыцы, сфрагістыцы, архітэктуры абарончых збудаванняў. Беспадстаўна рэпрэсіраваны ў 1937, рэабілітаваны ў 1958.
Літ.:
Каробушкіна Т.М. Археолаг С.А.Дубінскі // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1986. № 4.