ПАРЫ́ЖСКІ МІ́РНЫ ДАГАВО́Р 1815,

мірны дагавор паміж удзельнікамі 7-й антыфранц. кааліцыі (Расіяй, Вялікабрытаніяй, Аўстрыяй і Прусіяй) і пераможанай Францыяй, падпісаны ў Парыжы 20 ліст. Завяршыў апошнюю з Напалеонаўскіх войнаў (крас.—чэрв. 1815), у выніку якой у Францыі ў другі раз быў скінуты з прастола Напалеон I і адноўлена ўлада Бурбонаў (гл. «Сто дзён»), Умовы П.м.д. 1815 былі больш суровымі, чым умовы Парыжскага мірнага дагавора 1814. Францыя, зведзеная да межаў 1790, страчвала важныя стратэг. раёны (Філіпвіль, Саарлуі і інш.), павінна была выплаціць кантрыбуцыю (700 млн. франкаў), утрымліваць войскі саюзнікаў, якія заставаліся на яе тэр. на працягу 3—5 гадоў (фактычна акупацыя спынена ў 1818).

т. 12, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛАНЕТА́РНАЯ ТУМА́ННАСЦЬ,

абалонка з разрэджанага іанізаванага газу, якая акружае гарачы белы карлік і расшыраецца. Па знешнім выглядзе падобная на дыск планеты (адсюль назва).

Пры сцісканні ядра зоркі, якім заканчваецца стадыя чырвонага гіганта, яе вонкавыя слаі скідваюцца з вял. скорасцю і аддзяляюцца ад ядра. Паводле сучасных тэорый зорка з вугляродным ядром і масай 0,6—4 сонечныя масы ўтварае П.т. і пераўтвараецца ў белы карлік. Абалонка расшыраецца са скарасцямі да некалькіх тысяч метраў за секунду, паглынае ультрафіялетавае выпрамяненне цэнтр. зоркі і перавыпрамяняе яго ў бачнай частцы спектра праз флуарэсцэнцыю. Стадыя П.т. доўжыцца да 50 тыс. гадоў. Гл. таксама Туманнасці галактычныя.

А.​А.​Шымбалёў.

т. 12, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЧАЛІ́НЫ ЯД, апітаксін,

сакрэт залоз джальнага апарату рабочай пчалы меданоснай. Празрыстая вязкая жаўтаватая вадкасць, са спецыфічным пахам і горкім смакам. На паветры хутка цвярдзее. Тэрмаўстойлівы. Раствараецца ў вадзе, рэакцыя кіслая. У водным растворы хутка разбураецца, высушаны захоўвае актыўнасць некалькі гадоў. Мае меліцін (асн. таксічны кампанент), гістамін, ферменты, арган. кіслоты, мікраэлементы і інш. Пры кожным джаленні пчала выдзяляе 0,2—0,3 мг П.я., смяротная для чалавека доза каля 0,2 г (500—1000 джаленняў). У штучных умовах пчолы выдзяляюць П.я. у адказ на раздражненне слабымі эл. імпульсамі ў спец. апараце. Прэпараты з П.я. выкарыстоўваюць у медыцыне пры лячэнні міязіту, радыкуліту, неўралгіі, крапіўніцы, мігрэні і інш.

В.​І.​Сапега.

т. 13, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЫЕАКТЫ́ЎНЫЯ ЭЛЕМЕ́НТЫ,

хімічныя элементы, ізатопам якіх уласцівы радыеактыўны распад (гл. Радыеактыўнасць). Да Р.э. адносяць тэхнецый, праметый, палоній і ўсе размешчаныя за ім элементы перыяд. сістэмы.

Р.э. з ат. н. 90—103 — актыноіды, з ат. н. 93—103 (размешчаны ў перыяд. сістэме за уранам) — трансуранавыя элементы. Р.э. з ат. н. 84—92 трапляюцца ў прыродзе (прыродныя). З прыродных Р.э. толькі торый і уран маюць ізатопы, перыяды паўраспаду якіх параўнальныя з часам існавання Зямлі (-10​9 гадоў); іх наз. першаснымі. Астатнія прыродныя Р.э. — прадукты распаду урану і торыю (гл. Радыеактыўныя рады), наз. другаснымі. Трансуранавыя элементы, а таксама тэхнецый і праметый наз. штучнымі Р.э. (атрыманы пры розных ядз. рэакцыях).

т. 13, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАКІ́ТА (Сяргей) (сапр. Законнікаў Сяргей Васілевіч; 15.10.1909, в. Ліцвінава Дубровенскага р-на Віцебскай вобл. — 23.3.1942),

бел. паэт. Вучыўся ў Камуніст. ін-це журналістыкі ў Мінску. З 1929 працаваў у гомельскай газ. «Палеская праўда», з 1930 кіраўнік Гомельскай філіі БелАппа, з 1933 у Мінску ў рэдакцыях газет, на Бел. радыё, у Дзярж. выд-ве Беларусі. У 1936 рэпрэсіраваны, асуджаны на 10 гадоў зняволення ў лагерах. Працаваў на лесасплаве ў Горкаўскай вобл., загінуў на лесапавале. Рэабілітаваны ў 1956. Друкаваўся з 1928. Аўтар кн. вершаў «Альбо-альбо» (увайшла ў калектыўны зб. «Разгон», 1930), «Я агітую за пяцігодку» (1934). Паэзіі Р. ўласцівы агітацыйнасць і дэкларатыўнасць.

т. 13, с. 284

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСКО́ЛАТЫ КА́МЕНЬ,

геалагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1974). Размешчаны за 1,8 км на ПдЗ ад в. Якімавічы Слонімскага р-на Гродзенскай вобл. 2 камлыгі дробназярністага шэрага граніту-гнейсу з жылкамі ружовага граніту. Паўн. камлыга даўж. 4,1 м, шыр. 2,7 м, выш. 3,8 м, у абводзе 14 м, аб’ём 23 м​э, маса каля 60 т; паўд. — даўж. 4 м, шыр. 2,1 м, выш. 2,1 м, у абводзе 12 м, аб’ём 10 м³, маса каля 26 т. Прынесены ледавіком каля 220—150 тыс. гадоў назад са Скандынавіі адзіным блокам, які раскалоўся пры раставанні лёду. У мінулым меў культавае значэнне.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 13, с. 353

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РО́СІ ((Rossi) Эрнеста) (27.3.1827, г. Ліворна, Італія —4.6.1896),

італьянскі акцёр. Вучань Г.​Модэны, у трупе якога працаваў з 1846. З 1855 пастаянна гастраліраваў у краінах Еўропы і Амерыкі, у 1877, 1878, 1890, 1895, 1896 — у Расіі. Сусв. вядомасць набыў выкананнем шэкспіраўскага трагедыйнага рэпертуару: Гамлет, кароль Лір, Атэла, Макбет, Рычард III (аднайм. трагедыі У.​Шэкспіра). Сярод інш. роляў: Дон Гуан, Барон («Каменны госць», «Скупы рыцар» А.​Пушкіна), Іаан Грозны («Смерць Іаана Грознага» А.​К.​Талстога), Паала («Франчэска да Рыміні» С.​Пеліка). Мастацтва Р. вызначалася праўдзівасцю пачуццяў, эмацыянальнасцю, паслядоўнасцю развіцця характараў, дасканалай акцёрскай тэхнікай. Аўтар тэатр. мемуараў «40 гадоў артыстычнага жыцця» (т. 1—3, 1887—89).

т. 13, с. 407

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУБ-ЭЛЬ-ХА́ЛІ,

пустыня на ПдУ Аравійскага п-ва ў Саудаўскай Аравіі. Даўж. каля 1200 км, шыр. да 500 км, пл. каля 650 тыс. км² (адна з самых вял. пясчаных пустынь на зямным шары). Раўніна паніжаецца з З на У ад выш. 500—1000 м да 100—200 м. Пераважаюць рухомыя пяскі, што ўтвараюць барханы (выш. да 200 м), грады і асобныя масівы. Сярод пяскоў месцамі камяністыя раўніны. На У вял. саланчакі. Ападкаў менш за 50 мм за год, могуць не выпадаць некалькі гадоў запар. Пастаянны паверхневы сцёк адсутнічае. У міжградавых паніжэннях рэдкая расліннасць (салянкі, вярблюджая калючка). Качавая вярблюдагадоўля. Радовішчы нафты.

т. 13, с. 425

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СА́БІНА ((Sabina) Карал) (29.12.1813, Прага — 9.11.1877),

дзеяч чэш. нац.-вызв. і рэв. руху, літаратар. Вучыўся ў Пражскім і Венскім ун-тах. Адзін з арганізатараў тайнага радыкальнага гуртка «Чэшскі рыпіл» (1844, на ўзор ірл. Асацыяцыі рыпілераў). У час Рэвалюцыі 1848—49 у Чэхіі лідэр радыкальных дэмакратаў, рэдактар шэрагу іх газет і часопісаў, член Сватавацлаўскага к-та, яго ваен. арг-цыі «Сворнасць» і паліт. саюза «Слав. ліпа». У 1849 арыштаваны, прыгавораны да пакарання смерцю (заменена на 18 гадоў зняволення), у 1857 амнісціраваны. У 1859—72 быў інфарматарам аўстр. паліцыі. Аўтар літ.-крытычных і літ.-тэарэт. твораў, рамантычных апавяданняў і раманаў сац. зместу, лібрэта оперы Б.​Сметаны «Прададзеная нявеста».

т. 14, с. 47

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕДЛАВЫ́ КА́МЕНЬ З Я́МКАМІ,

геалагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1997). Размешчаны за 100 м на ПдУ ад в. Занарач Мядзельскага р-на Мінскай вобл., каля шашы Брусы—Нарач. Ружова-шэры дробназярністы граніт з крышталямі палявога шпату. Даўж. 4 м, шыр. 3,2 м, выш. 1 м, у абводзе 11,5 м, аб’ём бачнай часткі 13 м³, маса 30 т. Прынесены ледавіком каля 20—15 тыс. г. назад са Скандынавіі. На верхняй пляцоўцы захаваліся 8 штучных паўсферычных паглыбленняў з адшліфаванымі сценкамі дыяметрам 3—4 см, глыб. 1,5—2 см, якія зроблены чалавекам каля 2—2,5 тыс. гадоў назад. У старажытнасці меў культавае значэнне.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 14, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)