АРСЕ́ННЕВА (Наталля Аляксееўна) (н. 20.9.1903, г. Баку),
бел. паэтэса. З роду Арсенневых, па генеалогіі звязаных з М.Лермантавым. Дзяцінства і юнацтва правяла ў Вільні. Скончыла Віленскую Першую бел. гімназію (1921). Вучылася ў Віленскім ун-це (1921—22). Жыла з сям’ёй у Слоніме, затым у Польшчы. У 1939—40 супрацоўніца газ. «Вілейская праўда» (з 1940 «Сялянская газета»). Як жонка інтэрніраванага польск. афіцэра Ф.Кушаля адбывала з дзецьмі ссылку ў Казахстане (1940—41). У час Айч. вайны працавала ў «Беларускай газэце», якая выдавалася ў акупіраваным нямецка-фашысцкімі захопнікамі Мінску пад кантролем герм.акупац. улад. З 1944 у Германіі. З 1949 жыве ў ЗША. Друкуецца з 1920. У творчасці Арсенневай пераважае пейзажная лірыка. Ёй уласцівы лірызм, эмац. выразнасць, сінтэз жывапісных і муз. слоўна-выяўл. сродкаў. Праблематыка творчасці паглыбляецца асэнсаваннем драмы беларусаў-эмігрантаў. У лірыцы амер. перыяду дамінуюць матывы настальгіі па Беларусі. У 1940-я г. напісала лібрэта да опер М.Шчаглова «Лясное возера», «Усяслаў Чарадзей». Пераклала на бел. мову драму Г.Гаўптмана «Патанулы звон», камедыю Г.Клейста «Разбіты збан», урыўкі з трагедыі У.Шэкспіра «Рамэо і Джульета» і паэмы А.Міцкевіча «Дзяды», вершы Міцкевіча і Гётэ, лібрэта опер В.А.Моцарта «Вяселле Фігера», «Чарадзейная флейта», К.М.Вебера «Вольны стралок», Ж.Бізэ «Кармэн», часткова оперы П.Чайкоўскага «Яўген Анегін», аперэты І.Штрауса «Цыганскі барон».
Тв.:
Пад сінім небам: Вершы (1921—1925 г.). Вільня, 1927 (факс. выд.Мн., 1991);
Сягоння: Вершы, 1941—1943. Мн., 1944;
Між берагамі: Выбар паэзіі, 1920—1970. Нью-Йорк;
Таронта, 1979;
У кн.: Туга па Радзіме: Паэзія бел. эміграцыі. Мн., 1992.
Літ.:
Сачанка Б. Сняцца сны аб Беларусі... Мн., 1990. С. 43—48;
Мішчанчук М. «Між берагамі» // Культура беларускага замежжа. Мн., 1993. Ч. І;
Тарасюк Л. Праз акіян забыцця // ЛІМ. 1993. 5 лют.;
Яго ж. Пад небам паэзіі // Полымя. 1995. №6;
Сямёнава А. Лёс — і над лёсам // Голас Радзімы. 1993. 30 верас.;
Калеснік У. Наталля Арсеннева // ЛІМ. 1994. 9 снеж.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУБРО́ВЕНСКІ РАЁН,
на ПдУ Віцебскай вобл. Утвораны 17.7.1924. Пл. 1,3 тыс.км². Нас. 24 тыс.чал. (1997), гарадскога 38%. Сярэдняя шчыльн. 20 чал. на 1 км². Цэнтр раёна — г.Дуброўна, р.п.Асінторф, 149 сельскіх населеных пунктаў. Падзяляецца на 10 сельсаветаў: Баеўскі, Валяўкоўскі, Дабрынскі, Зарубскі, Засценкаўскі, Кляноўскі, Малабахаўскі, Маласавінскі, Пірагоўскі, Рэдзькаўскі.
Паверхня раўнінная, хваліста-платопадобная. На Пд частка Смаленскага ўзвышша, на ПнЗ адгор’е Аршанскага ўзвышша, на ПнЛучоская нізіна. Найвышэйшая адзнака 226,4 м (на ПдЗ ад в. Ляхаўка). Пераважаюць вышыні 180—210 м. Карысныя выкапні: торф. гліны, гравій, пясок. Сярэдняя т-растудз. -8 °C, ліп. 17,8 °C. Ападкаў 618 мм за год. Вегетац. перыяд 184 сут. З ПнУ на ПдЗ раёна перасякае р. Дняпро з прытокамі Мярэя, Расасенка, Дубровенка (Задубровенка), на Пн — Вярхіта, на ПдЗ — вярхоўі Проні і Басі. Патэр. раёна праходзіць Балтыйска-Чарнаморскі водападзел. Найб. азёры Казённае і Афанасьеўскае. Дзярнова-падзолістыя і дзярнова-падзолістыя забалочаныя глебы займаюць 91,4% с.-г. угоддзяў. Пад лесам 19% тэр., пераважна на Пн. Лясы хваёвыя, яловыя, бярозавыя і інш., трапляюцца шыракалістыя, з іх 72% — штучныя насаджэнні. Балоты займаюць каля 5,2 тыс.га, найб.Асінаўскае балота і Шчэрбінскі Мох. Зоны адпачынку Лясная дача і Дняпроўка.
Агульная плошча с.-г. угоддзяў 78 тыс.га, з іх асушана 27 тыс.га. На 1.1.1997 у раёне 13 калгасаў, 7 саўгасаў, міжгасп. прадпрыемства па кормавытворчасці. С.-г.вытв-сць спецыялізуецца на малочна-мясной жывёлагадоўлі і льнаводстве, пашыраны пасевы збожжавых культур і бульбы. Прадпрыемствы паліўнай, лёгкай, харч. і буд. матэрыялаў прам-сці. Патэр. раёна праходзяць чыгунка і аўтадарога Брэст—Масква, транзітныя магістральныя газаправоды. Дуброўна аўтадарогамі звязана з Оршай, Горкамі, Асінторфам. Красным (Расія). У раёне 14 сярэдніх, 9 базавых, 4 пач. і 3 муз. школы, школа-інтэрнат, дзіцяча-юнацкая спарт. школа, 18 дашкольных устаноў, СПТВ, 2 бальніцы, 16 фельч.-ак. пунктаў, 28 дамоў культуры і клубаў, 28 б-к. Помнікі архітэктуры: паркі ў в. Арловічы (19 — пач. 20 ст.) і ў в. Станіславова (19 ст.). Выдаецца газ. «Дняпроўская праўда».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯРЖА́ЎНАЯ ДУ́МА,
1) прадстаўнічая заканад. ўстанова ў Расіі ў 1906—17. Створана паводле Маніфеста 17 кастрычніка 1905 ва ўмовах рэвалюцыі 1905—07 пасля таго, як большасць рас. насельніцтва байкатавала выбары ў «Булыгінскую думу». Складалася з дэпутатаў, якія выбіраліся шматступеньчата па 4 нераўнапраўных курыях (ад землеўладальнікаў, гар. насельніцтва, сялян і рабочых) на 5 гадоў. Разглядала законапраекты, якія потым абмяркоўваліся ў Дзяржаўным савеце і зацвярджаліся царом. 1-я (10.5—21.7.1906, адна сесія; старшыня С.А.Мурамцаў) і 2-я (5.3—15.6.1907, адна сесія; старшыня Ф.А.Галавін). Дз.д. распушчаны царом. Пасля змены выбарчага закона Мікалаем II (чэрв. 1907) у 3-й (14.11.1907—22.6.1912, пяць сесій; старшыня М.А.Хамякоў, з 1910 А.І.Гучкоў, з 1911 М.У.Радзянка) і 4-й (28.11.1912—19.10.1917, пяць сесій; старшыня Радзянка) Дз.д. крыху павялічыўся ўплыў правых манархічных партый (гл.Чарнасоценцы). У 1-ю сусв. вайну сесіі думы склікаліся нерэгулярна, узнік «Прагрэсіўны блок», а ў ходзе Лют. рэвалюцыі 1917 — Часовы к-т Дз.д., які сфарміраваў Часовы ўрад. Распушчана Часовым урадам 19.10.1917 у сувязі з пач. выбараў ва Устаноўчы сход. Канчаткова скасавана пасля Кастр. рэвалюцыі 1917. У гады дзейнасці думы дэпутаты ад бел. губерняў (сярод іх памешчык Р.А.Скірмунт, гісторык А.П.Сапуноў) у залежнасці ад іх паліт. поглядаў выступалі за культ.-нац. аўтаномію Беларусі (у т. л. ўвядзенне ў школах навучання на бел. мове) або супраць яе і інш. 2) Ніжняя палата Федэральнага сходу (парламента) Рас. Федэрацыі, утвораная паводле канстытуцыі 1993. Яе дэпутаты выбіраюцца на 4 гады (палова па спісах паліт. партый і грамадскіх рухаў, другая палова па аднамандатных акругах паводле мажарытарнай сістэмы), працуюць на прафес. пастаяннай аснове.
Кр.: Калинычев Ф.И. Государственная дума в России: Сб. док. и материалов. М., 1957.
Літ.:
Леонтович В.В. История либерализма в России, 1762—1914: Пер. с нем. [2 изд.]. М., 1995. С. 491—542;
Запруднік Я. Справа аўтаноміі Беларусі ў першай думе і «Наша ніва» // 3 гісторыяй на «Вы». Мн., 1994. Вып. 3;
Забаўскі М.М. Палітычная барацьба ў Беларусі ў перыяд выбараў у III Дзяржаўную думу // Весці АНБССР. Сер. грамад. навук. 1987. № 5.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАГРА́ФІЯ МЕДЫЦЫ́НСКАЯ,
галіна навукі, што вывучае сувязі (залежнасці) паміж прыроднымі, сац.-эканам. і інш. ўмовамі пэўных тэрыторый і станам здароўя насельніцтва, а таксама рэгіянальныя асаблівасці ўзнікнення і пашырэння хвароб, арганізацыю мед. дапамогі.
У даследаваннях па геаграфіі медыцынскай улічваюцца кліматычныя ўмовы, ландшафтныя асаблівасці, наяўнасць або адсутнасць у геагр. асяроддзі (у т. л. ў прадуктах харчавання) некат. хім. элементаў, умовы жыцця, культ. ўзровень насельніцтва, традыцыі харчавання, ступень антрапагеннага ператварэння, забруджанасці навакольнага асяроддзя і інш. фактары. Геаграфія медыцынская падзяляецца на мед. кліматалогію, мед. ландшафтазнаўства, нозагеаграфію, мед. картаграфію, краявую эпідэміялогію і інш. раздзелы. Навук. распрацоўкі па геаграфіі медыцынскай вядомы з 18 ст. У Англіі яны звязаны з імёнамі С.Хенена, Х.Маршала, у Францыі — Ш.Будэна, у Расіі — А.Гуна, А.П.Уладзімірскага, Я.А.Чыстовіча.
На Беларусі медыка-геагр. даследаванне пачата ў 2-й пал. 18 ст. А.Меерам (клімат, сан. стан і пашырэнне хвароб у Крычаўскім старостве), І.І.Ляпёхіным (медыка-геагр. апісанні наваколляў Гомеля, Оршы, Магілёва), Ж.Э.Жыліберам (геаграфія лек. раслін бел. губерняў). Да 19 ст. адносяцца медыка-геагр., медыка-стат. і медыка-тапаграфічныя апісанні шэрагу губерняў, паветаў і гарадоў Беларусі (Л.І.Галынец, А.А.Бекарэвіч, В.В.Кошалеў і інш.). У пач. 20 ст. Мінскім т-вам урачоў складзены апісанні Мінска, Слуцка, Ігумена, пав. бальніц, даследавалася залежнасць фіз. развіцця насельніцтва ад сац.-быт. і прыродных умоў. У сав. час да 1940-х г. праведзена вывучэнне геагр. пашырэння на Беларусі, эндэмічных валлякоў, склеромы, малярыі, тыфаў, шаленства. У 1950—70-я г. даследаваліся пытанні методыкі і гісторыі геаграфіі медыцынскай (С.І.Бялоў, Дз.П.Бяляцкі, А.В.Якаўлеў і інш.), апублікавана манаграфія Бялова і М.С.Ратабыльскага «Медыцынская геаграфія Беларусі» (1977). Пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС на Беларусі арганізаваны і вядуцца комплексныя даследаванні геаграфіі пашырэння радыенуклідаў, іх уплыў на стан здароўя розных узроставых груп насельніцтва. Звесткі геаграфіі медыцынскай выкарыстоўваюць пры планаванні мерапрыемстваў па аздараўленні мясцовасцей, прафілактыцы хвароб і арганізацыі сістэмы мед. дапамогі насельніцтву.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЛО́БІНСКІ РАЁН,
на ПнУ Гомельскай вобл. Утвораны 17.7.1924 (у сучасных межах з 1962). Пл. 2,1 тыс.км². Нас. 38,1 тыс.чал. (1997). Сярэдняя шчыльнасць 18 чал. на 1 км². Цэнтр раёна — г.Жлобін; г.п. Стрэшын, 156 сельскіх нас. пунктаў. Падзяляецца на Стрэшынскі пасялковы Савет і 16 сельсаветаў: Акцябрскі, Верхнеалбянскі, Дабрагашчанскі, Кабанаўскі, Кароткавіцкі, Кіраўскі, Луцкі, Майскі, Малевіцкі, Навамаркавіцкі, Папаратнянскі, Пірэвіцкі, Салонскі, Стараруднянскі, Чырвонабярэжскі, Шчадрынскі.
Раён размешчаны пераважна ў межах Гомельскага Палесся, паўн.-зах.ч. ў межах Цэнтральнабярэзінскай раўніны, асноўная ч.тэр. занята Прыдняпроўскай нізінай. Паверхня плоская з выш. 130—145 м. Найвыш. пункт 151,5 м (каля в. Дабрагошча). Карысныя выкапні: нафта, торф, гліны, пяскі. Сярэдняя т-растудз. -6,9 °C, ліп. 18,4 °C. Ападкаў 595 мм за год. Вегетац. перыяд 193 сут. Рэкі: Дняпро з прытокамі Бярэзіна, Добасна, Окра і Ржаўка, прыток Бярэзіны р. Ала. Пашыраны глебы дзярнова-падзолістыя (40,6%), тарфяна-балотныя (13,2%). Пад лесам 31,1%. Пераважаюць хваёвыя і бярозавыя, сустракаюцца чорнаальховыя і дубовыя лясы. Балоты займаюць 2,9% тэр. Помнік прыроды — Чырвонабярэжскі парк, гідралагічны заказнік Выдрыца.
Агульная плошча с.-г. угоддзяў 101 тыс.га, з іх асушана 32,4 тыс.га. На 1.1.1997 у раёне 19 калгасаў, 9 саўгасаў, Чырвонабярэжскі саўгас-тэхнікум, 2 птушкафабрыкі, прадпрыемствы па кормавытворчасці «Ала». Асн. галіна сельскай гаспадаркі — малочна-мясная жывёлагадоўля, свінагадоўля, птушкагадоўля. Вырошчваюць збожжавыя, бульбу, лён, кармавыя культуры. Прадпрыемствы паліўнай (торфабрыкет), пач. апрацоўкі лёну (ільнозавод), харч. (мясакамбінат, малочны, крухмала-патачны з-ды) прам-сці; домабудаўнічы камбінат і камбінат буд. матэрыялаў. Лясгас. Здабыча фармовачных пяскоў. Патэр. раёна праходзяць чыгункі Мінск—Гомель і Магілёў—Калінкавічы, аўтадарогі Бабруйск—Гомель, Рагачоў—Светлагорск. Суднаходства па Бярэзіне і Дняпры. У раёне 25 сярэдніх, 7 базавых, 7 пач. школ, Чырвонабярэжскі с.-г. тэхнікум, дапаможная школа-інтэрнат, 52 дашкольныя ўстановы, 37 клубаў, 37 бібліятэк, 8 бальніц, 29 фельч.-ак. пунктаў. Помнікі архітэктуры: Пакроўская царква (1807) у г.п. Стрэшын, сядзіба — палаца-паркавы ансамбль (1890—1893) у в. Чырвоны Бераг; ветраны млын (19 ст.) каля в. Ляды, царква Усіх Святых (1902) у в. Пірэвічы.
Выдаецца аб’яднаная раённая і гарадская газ. «Новы дзень».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАПАВЕ́ДНІКІ,
1) тэрыторыя сушы або акваторыя, у межах якой увесь прыродны комплекс поўнасцю выключаны з гасп. дзейнасці і ахоўваецца дзяржавай; від запаведных тэрыторый. Участкі зямлі, яе нетраў і воднай прасторы ў межах З. аддаюцца ў карыстанне грамадскім ці дзярж. органам. Асн. задачы З.: зберажэнне эталонных або найб. тыповых для вызначанай геагр. зоны прыродных ландшафтаў, рэдкіх і каштоўных відаў жывёл і раслін; вывучэнне прыродных працэсаў у натуральным стане; распрацоўка пытанняў рэканструкцыі флоры, фауны і комплексу інш. прыродаахоўных праблем; культ.-асв. работа, папулярызацыя прыродаахоўных поглядаў і аховы прыроды (гл.Маніторынг, Біясферны запаведнік). Вылучаюць З. накіраванага рэжыму, прыродныя, эталонныя, біясферныя, мемарыяльныя і інш. Для аховы прыродных комплексаў З. ствараюцца ахоўныя зоны. Ахоўвае З. спец. служба (дзяржінспектары, егеры). Навук. работа ў З. мае комплексны характар, вядуцца даследаванні па праграме «Летапіс прыроды».
Першыя дзярж. З. ўзніклі ў стараж. Вавілоне, Грэцыі, Індыі і ствараліся з рытуальнымі і паляўнічымі мэтамі. Найстаражытнейшы З. на слав. землях — Белавежская пушча. Першымі дзярж. З. Расіі былі Баргузінскі запаведнік, Кедравая Падзь, Лагадэхскі запаведнік, Саянскі (1915). Самы вял. З. у свеце — Вялікі Габійскі (Манголія, пл. 5 млн.га), у Расіі — Таймырскі запаведнік. Найб. вядомыя З. — Асканія-Нова, Байкальскі запаведнік, Жувінтас, Каўказскі запаведнік, Кызылагаджскі запаведнік, Рэпетэкскі запаведнік і інш.
На Беларусі два З.: Бярэзінскі біясферны запаведнік і Палескі радыяцыйна-экалагічны запаведнік (адзіны ў свеце). Стварэнне, статут, структура і рэжым З. вызначаны Законам Рэспублікі Беларусь «Аб асабліва ахоўваемых прыродных тэрыторыях і аб’ектах» (1994) і адпаведнай пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 13.3.1995. Вял. роля З. Беларусі ў зберажэнні і аднаўленні каштоўных і рэдкіх відаў жывёл (алень высакародны, бабёр, зубр, лось і інш.) і раслін, даследаванні па геабатаніцы, фларыстыцы, лесазнаўстве, фауністыцы, паляўніцтвазнаўстве, глебазнаўстве, экалогіі і інш. З. ўдзельнічаюць у міжнар. праграмах па ахове прыроды ў рамках МАБ, ЮНЕП, ЮНЕСКА.
2) Навукова-даследчыя ўстановы, за якімі замацаваны тэрыторыі, дзе вядуцца адпаведныя арганізацыйныя работы і даследаванні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАХО́ДНЯЯ ДЗВІНА́ (у Латвіі Даўгава),
рака ў Расіі, Беларусі і Латвіі. Даўж. 1020 км, пл. вадазбору 87,9 тыс.км² (у межах Беларусі адпаведна 328 км і каля 33,1 тыс.км²). Пачынаецца з воз. Каракіна (Цвярская вобл., Расія) на Валдайскім узв., за 14 км ад вытоку Волгі. Упадае ў Рыжскі зал. Балтыйскага м. (Латвія). Цячэ на Беларусі пераважна з У на Зпа Суражскай нізіне, паміж Гарадоцкім і Віцебскім узв. і на большым сваім працягу па Полацкай нізіне. Асн. прытокі; Таропа (Расія), Обаль, Палата, Дрыса (Беларусь), Айвіекстэ (Латвія) — справа, Мёжа (Расія), Каспля, Лучоса, Ула, Ушача, Дзісна (Беларусь) — злева. Са стараж. часоў З. Дз. — важны гандл. шлях, у 9—11 ст. тут праходзіў адзін з напрамкаў шляху з «варагаў у грэкі». Даліна выразная, месцамі глыбокаўрэзаная або невыразная, шыр. ў верхнім цячэнні 300—900 м, у сярэднім (у межах Беларусі) — 1—1,5 км, у ніжнім — 5—6 км. Пойма пераважна двухбаковая, у вярхоўі перарывістая, месцамі чаргуецца па берагах. Рэчышча ўмерана звілістае, на Беларусі звілістае, месцамі з парогамі: вышэй Віцебска (Вярхоўскі парог), каля г. Дзісна (Дзісенскія парогі) і г. Верхнядзвінск. Шыр. ракі 15—20 м у вярхоўі, 100—150 м на Беларусі (каля г.п. Друя 700 м), у Латвіі 200—300 м каля г. Даўгаўпілс, 700 м каля Рыгі. Вусцевая вобласць — эразійная дэльта. Жыўленне мяшанае, пераважна снегавое, вял. доля грунтавога. Ледастаў з 1-й дэкады снеж. да 1-й дэкады красавіка. Веснавое разводдзе доўжыцца 60—70 дзён. Летне-асенняя межань (4—5 месяцаў) нярэдка парушаецца дажджавымі паводкамі. Зімовая межань (70—80 дзён) устойлівая. Сярэднегадавы расход вады каля Віцебска 223 м³/с, пры выхадзе за мяжу Беларусі 441 м³/с, у вусці 666 м³/с. Выкарыстоўваецца як крыніца водазабеспячэння. Суднаходства ў сярэднім цячэнні ад г. Веліж да г. Верхнядзвінск, у ніжнім — на асобных участках. Створаны Даўгаўпілская, Кегумская, Плявінская, Рыжская ГЭС. З. Дз. злучана Бярэзінскай воднай сістэмай (не дзейнічае) з бас. Дняпра. На рацэ гарады Веліж (Расія), порт Віцебск, Полацк, Наваполацк, Дзісна, Верхнядзвінск (Беларусь), Даўгаўпілс, Екабпілс, Яўнелгава, марскі порт Рыга (Латвія).
А.А.Макарэвіч.
Рака Заходняя Дзвіна каля гарадскога пасёлка Руба Віцебскага раёна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЕМЛЕТРАСЕ́ННЕ,
падземныя штуршкі і ваганні зямной паверхні, выкліканыя пераважна тэктанічнымі працэсамі, хуткімі зрухамі і разрывамі ў зямной кары ці верхняй ч. мантыі і вызваленнем назапашанай энергіі. З. могуць быць вулканічнага паходжання, зрэдку яны выкліканы дзейнасцю чалавека (запаўненне буйных вадасховішчаў, напампоўванне вады ў глыбокія свідравіны, горныя работы і выбухі).
Тэктанічныя З. прымеркаваны да зон і абласцей сучасных рухаў пліт, на якія разбіта літасфера; каля 95% іх адбываецца па краях такіх пліт, 4—5% — уздоўж сярэднеакіянічных хрыбтоў або ўнутры пліт. Месца ўзнікнення штуршка ў глыбінях Зямлі наз.ачагом З., цэнтр ачага — гіпацэнтр, праекцыя яго на зямную паверхню — эпіцэнтр. Ад ачага З. ва ўсе бакі распаўсюджваюцца сейсмічныя хвалі, сярод іх адрозніваюць падоўжаныя і папярочныя. Па паверхні зямлі ад эпіцэнтра разыходзяцца паверхневыя хвалі. Ачагі З. найчасцей узнікаюць на глыб. да 20—30 км. Энергію З. ацэньваюць велічынёй магнітуды (М) або энергет. класа (К), паверхневы эфект — у балах шкалы інтэнсіўнасці. Паводле міжнар. сейсмічнай шкалы існуюць 12 градацый — балаў. У выніку сейсмічнага раянавання праводзіцца падзел тэрыторыі па ступенях сейсмічнай актыўнасці. Прагноз З. ажыццяўляюць на аснове іх прадвеснікаў. Колькасць З., якія штогод рэгіструюцца на Зямлі сейсмічнымі станцыямі, дасягае соцень тысяч, але толькі малая доля іх выклікае разбурэнні, у т. л. катастрафічныя (напр., у Сан-Францыска ў 1906, Токіо ў 1923, Ашгабадзе ў 1948, Ташкенце ў 1966, Мехіка ў 1985, Арменіі ў 1988). Вывучае З. сейсмалогія.
На тэр. Беларусі З. звязаны з мясц. ачагамі сейсмічнасці або з’яўляюцца адгалоскамі моцных (М да 7,4) З. у Карпатах (напр., у 1977, 1990). Інтэнсіўнасць найб. значных мясц. З. Барысаўскага (1887) і Астравецкага (1908) да 6—7 балаў, Салігорскага (1978) да 5 балаў. Рэгістраваннем З., вывучэннем сейсмічнага рэжыму на тэр. Беларусі, эталоннымі вымярэннямі геафіз. і гідрагеахім. прадвеснікаў З., сейсмічным раянаваннем з 1980 займаецца Доследна-метадычная партыя пры Ін-це геал. навук Нац.АН Беларусі. Рэгіструюць З. станцыі, сеткі сейсмічных назіранняў Нац.АН Беларусі — Мінск, Гомель, Нарач, Салігорск, Плешчаніцы.
Літ.:
Болт Б.А. Землетрясения: Общедоступный очерк: Пер. с англ.М., 1981;
Гир Дж.М., Шах Х.Ч. Зыбкая твердь: Что такое землетрясение и как к нему подготовиться: Пер. с англ.М., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІКАНАСТА́С (ад ікона + грэч. stasis месца стаяння),
перагародка з абразамі і варотамі паміж асн. і алтарнай часткамі інтэр’ера правасл. храма.
І. склаўся на аснове нізкай алтарнай перагародкі з абразамі над ёй. У класічнай форме (распрацавана ў 15 ст. на Маск. Русі) складаецца з 5 радоў (чыноў) абразоў, якія ў пэўнай паслядоўнасці паказваюць жыццё царквы ад пачатку да Страшнага Суда. Верхні чын («праайцоўскі») з абразом св. Тройцы («Гасціннасць Аўраама») у сярэдзіне сімвалізуе перыяд ад Адама да Майсея. Наступны чын («прарочы») прадстаўляе старазапаветную царкву ад Майсея да Хрыста, у цэнтры — абраз «Маці Божая Знаменне», выказванне прароцтва Ісаі і пераемнасці Новага запавету ад Старога. «Святочны» чын адлюстроўвае падзеі Новага запавету, якія на працягу года асабліва ўрачыста адзначаюцца царквою. Гал. частка І. — «дэісусны» чын, у якім вакол абраза Спаса з Маці Божай і Іаанам да тэмы малення царквы за свет далучаны выявы 12 апосталаў, свяціцеляў, пакутнікаў і інш. У ніжнім («мясцовым») чыне па баках царскіх варот (сімвал уваходу ў Царства Нябеснае) абразы Спаса і Маці Божай з дзіцем і храмавыя, на бакавых дзвярах — архангелаў або дыяканаў.
На Беларусі І. вядомы з 15 ст. Захаваліся І. сярэдзіны 17 ст. (Жыровічы, Магілёў, Супрасль), для якіх характэрна разное аздабленне ў стылі барока. Існавалі ў правасл. і уніяцкіх храмах. Бел. І. вызначаўся пэўнымі асаблівасцямі: колькасць радоў 3—4, «дэісусны» чын ператвораны ў «апостальскі», які разам з абразамі, змешчанымі па вертыкалі над царскімі варотамі, утвараў крыжовы кампазіцыйны стрыжань і нёс асн. сэнсавую і дэкар. нагрузку; «праайцоўскі» чын адсутнічаў або змяшаны з «прароцкім», апошнім часам рабіўся ў выглядзе групы картушаў. У сярэдзіне 18 ст. ва уніяцкіх храмах заменены алтарамі на ўзор касцельных. У правасл. цэрквах як самабытная з’ява існаваў да 1840-х г., пазней І. стваралі па зацверджаных тыпавых праектах і пакідалі ў аздабленні толькі асобныя самабытныя дэкар. элементы.
А.А.Ярашэвіч.
Іканастас Смаленскага сабора Новадзявочага манастыра ў Маскве. Разьбяры К.Міхайлаў, Д.Залатароў і інш. 1683—86.Іканастас Міхайлаўскай царквы ў в. Сцяпанкі Жабінкаўскага раёна Брэсцкай вобл. 18 ст.Іканастас царквы ў в. Бярозавічы Пінскага раёна Брэсцкай вобл. Канец 18 — пач. 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛЕ́ТКА,
элементарная жывая сістэма, асноўная структурна-функцыянальная адзінка жывых арганізмаў (гл.Клетачная тэорыя). Можа існаваць як асобны арганізм (бактэрыі, прасцейшыя, некат. водарасці і грыбы) або ў складзе тканак шматклетачных жывёл, расл ш, грыбоў. Кожная К. складаецца з 2 асн.ч. — цытаплазмы і ядра (эўкарыёты) ці нуклеаіда (пракарыёты), дзе знаходзіцца генет. апарат. Саматычныя К. ўтвараюцца шляхам мітозу, палавыя — меёзу. Шматлікія функцыі К. (абмен рэчываў, раздражняльнасць, рух, дзяленне, самааднаўленне і інш.) выконваюцца спецыялізаванымі ўнутрыклетачнымі структурамі — арганоідамі (напр., сінтэз бялку — на рыбасомах, клетачнае дыханне — на мембранах мітахондрый). У К. бесперапынна падтрымліваецца пэўная канцэнтрацыя іонаў, якая адрозніваецца ад іх канцэнтрацыі ў навакольным асяроддзі. Абалонка К. (клетачная мембрана) у жывёл рухомая, здольная абвалакваць у асяроддзі кроплі з буйнымі малекуламі (пінацытоз) ці вірусы і невял. К. (фагацытоз). Раслінныя К. пакрыты цвёрдай абалонкай з порамі (плазмадэсмамі). Памеры К. — ад 0,1—0,25 мкм (некат. бактэрыі) да 155 мм (яйцо страуса ў шкарлупіне). Найменшая працягласць жыцця К. чалавека 1—2 дні (К. кішэчнага эпітэлію), інш. жывуць на працягу жыцця арганізма (нейроны, валокны шкілетных мышцаў). У арганізме К. адрозніваюцца па велічыні, форме, колькасці арганоідаў, наборы ферментаў, што абумоўлена каапераваннем К. і выкананнем імі спецыялізаваных функцый (напр., узбудлівыя К. — нервовыя, скарачальныя — мышачныя). Многія К. шматфункцыянальныя, напр. К. печані сінтэзуюць бялкі плазмы крыві і жоўць, назапашваюць глікаген і перапрацоўваюць яго ў глюкозу, акісляюць чужародныя рэчывы. Фактары рэгуляцыі ўнутры К. — метабаліты К., іоны, якія ўздзейнічаюць на гены (што прыводзіць да змянення колькасці ферменту) ці на сам фермент (змяняецца яго актыўнасць), і рэгуляцыя паводле прынцыпу адваротнай сувязі (прадукт рэакцыі вызначае яе інтэнсіўнасць). Фактары рэгуляцыі па-за К. — прамыя кантакты паміж К. і змяненне актыўнасці К. нерв. або гумаральнымі сігналамі. Надзейная і дакладная рэгуляцыя працэсаў унутры і па-за К. забяспечвае эвалюцыю арган. свету на Зямлі. Навука, якая вывучае К. — цыталогія.