НЕК (англ. neck літар. шыя),

слупападобнае геал. цела ў жарале вулкана. Складаецца з лавы, туфалавы, лавабрэкчыі, вулканічнай брэкчыі і інш. Папярочнае сячэнне акруглае або авальнае. Памеры ў дыяметры ад некалькіх метраў да 1,5 км. Залягае ў больш слабых горных пародах, пры іх эрозіі выступае ў выглядзе слупападобнага падняцця. З’яўляецца рудазмяшчальнай структурай.

т. 11, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕКРАБІЁЗ (ад грэч. nekros мёртвы + ...біёз),

неабарачальныя фізіялагічныя або паталагічныя змены ў клетцы, што адбываюцца перад яе смерцю. Спалучаюцца з парушэннямі абмену рэчываў, якія прыводзяць да перараджэння клеткі (напр., Н. ліпоідны, Н. ліпоідны дыябетычны). Найб. характэрныя адзнакі Н.: зморшчванне ядра, яго распад і растварэнне, змена шчыльнасці цытаплазмы, аўтоліз.

А.​С.​Леанцюк.

т. 11, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НО́ВЫ УРЭНГО́Й,

горад у Расіі, у Ямала-Ненецкай аўт. акрузе, на р. Еваяха (прыток р. Пур), за 60 км на Пд ад Паўн. палярнага круга. Горад з 1980. Узнік у сувязі з асваеннем Урэнгойскага радовішча. 90 тыс. ж. (1996). Чыг. станцыя. Аэрапорт. ВА «Урэнгойгазпрам» (здабыча і перапрацоўка газу і нафты).

т. 11, с. 373

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯДРУ́ЖНА,

возера ў Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Палата, за 40 км на ПнЗ ад г. Полацк. Пл. 0,6 кмг, даўж. каля 1,5 км, найб. шыр. 550 м, даўж. берагавой лініі 3,4 км. Катлавіна рэшткавага тыпу, схілы невыразныя, пад лесам. Берагі забалочаныя, пад лесам і хмызняком.

т. 11, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯСУ́ЧАЯ ЧАСТАТА́,

частата гарманічнага вагання, якое мадулюецца (гл. Мадуляцыя ваганняў) з мэтай перадачы інфармацыі. У выніку змены аднаго з параметраў вагання (радзей двух) утвараецца спектр частот, шырыня якога залежыць ад віду мадуляцыі. Напр., пры амплітуднай мадуляцыі ў спектры радыё- ці інш. частот разам з Н.ч. ёсць бакавыя частоты з перададзенай інфармацыяй.

т. 11, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́РЛІНСКАЕ ВО́ЗЕРА,

на мяжы Асіповіцкага і Клічаўскага р-наў Магілёўскай вобл., у бас. р. Бярэзіна, за 28 км на У ад г. Асіповічы. Пл. 0,2 км², даўж. каля 3,8 км, найб. шыр. 100 м, даўж. берагавой лініі 8,2 км. Старычнае. Берагі выш. да 1 м, пясчаныя. Злучана пратокамі з р. Бярэзіна.

т. 11, с. 449

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАГЛЫНА́ННЕ ХВАЛЬ,

пераўтварэнне энергіі хвалі ў інш. віды энергіі ў выніку ўзаемадзеяння з інш. хвалямі і асяроддзем, дзе распаўсюджваецца хваля. Вядзе да аслаблення энергіі хвалі паводле экспаненцыяльнага закону (аслабленне хваль выклікаецца і інш. з’явамі, напр., рассеяннем хваль). Механізм П.х. залежыць ад прыроды хвалі і ўласцівасцей асяроддзя (гл. Паглынанне гуку, Паглынанне святла).

т. 11, с. 477

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДСТА́НЦЫЯ электрычная,

электраўстаноўка або сукупнасць эл. устройстваў для пераўтварэння напружання (трансфарматарная падстанцыя) ці роду эл. току (пераўтваральная падстанцыя), а таксама для размеркавання эл. энергіі паміж спажыўцамі. З’яўляецца прамежкавым звяном у сістэме перадачы эл. энергіі ад электрастанцый да спажыўцоў. На электрыфікаваных чыгунках, у метрапалітэнах, на трамвайных і тралейбусных лініях выкарыстоўваюцца цягавыя падстанцыі.

т. 11, с. 506

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРАБІЯСФЕ́РА (ад пара... + біясфера),

слаі атмасферы паміж 6—7-м і 60—80-м км над паверхняй Зямлі, куды жывыя арганізмы трапляюць выпадкова і могуць часова існаваць, але не ў стане нармальна жыць і размнажацца; верхні аналаг гіпабіясферы. Да П. адносяць таксама населеныя касм. апараты, якія знаходзяцца на арбітах над Зямлёй.

т. 12, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАТЭНЦЫЯМЕ́ТР (ад лац. potentia сіла + ...метр),

1) электратэхнічная прылада з рухомым кантактам, якая выкарыстоўваецца для рэгулявання эл. напружання, а таксама як датчык перамяшчэнняў.

2) Тое, што электравымяральны аўтам. ці ручны кампенсатар. П. магнітны, патэнцыяламетр — прылада (індукцыйная шпуля) для вымярэння рознасці магн. патэнцыялаў (ці магнітарухальнай сілы) паміж двума пунктамі магн. поля.

т. 12, с. 187

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)