ЗАПО́ЛЬСЫ,
біялагічны заказнік на тэр. Віцебскага р-на. Створаны ў 1979 як заказнік-журавіннік рэсп. значэння для захавання ў прыродным стане месцаў росту журавін. Пл. 794 га (1997). Размешчаны на вярховым балоце са значнымі мінер. ўчасткамі. У складзе балотнай расліннасці хваёва-кусцікава-сфагнавыя фітацэнозы з вял. пашырэннем журавін, хвойнікі асаковыя, асакова-сфагнавыя, багуновыя і інш. На мінер. участках пераважаюць яловыя, бярозавыя і асінавыя лясы чарнічнага і кіслічнага тыпаў.
т. 6, с. 535
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАРЫ́Н, ізапрапілавы эфір метыл фторфасфонавай кіслаты,
атрутнае рэчыва нервова-паралітычнага дзеяння. Вельмі таксічны. Асабліва хутка выклікае пашкоджанне арганізма пры інгаляцыі (міёз, цяжкасць дыхання). Лятальная таксічная доза (умоўна) 0,1 мг мін/л.
Вадкасць без колеру і паху, tкіп 151,5 °C (кіпіць з раскладаннем), шчыльн. 1094 кг/м³ (20 °C). Змешваецца ва ўсіх адносінах з вадой і арган. растваральнікамі. Гідралізуецца воднымі растворамі шчолачаў, аміяку і амінаў (рэакцыі выкарыстоўваюць для дэгазацыі З.).
т. 6, с. 540
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАСА́ДА,
1) загадзя і старанна замаскіраванае размяшчэнне воінскага падраздзялення (або партызан) на найб. верагодных шляхах руху праціўніка з мэтай яго разгрому раптоўным ударам, захопу палонных і знішчэння баявой тэхнікі.
2) У Стараж. Русі — гарнізон у горадзе на чале з засадным ваяводам; войскі рэзерву (таксама засадны полк), падрыхтаваныя для нечаканага нападу на праціўніка. Напр., у Кулікоўскай бітве 1380 засадны полк на чале з Баброкам-Валынскім і Уладзімірам Серпухаўскім вырашыў зыход бою.
т. 6, с. 543
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАХО́ДНЕ-ІНДЫ́ЙСКІ ХРЫБЕ́Т,
падводны сярэдзінны акіянічны хрыбет на ПдЗ Індыйскага ак. Размешчаны паміж Афрыканска-Антарктычным і Цэнтральнаіндыйскім хрыбтамі. Даўж. каля 3600 км, шыр. да 700 км, адносная выш. 1000—2000 м, найменшая глыб. над хрыбтом 251 м, пераважныя глыб. над грэбенем 2000—3000 м. Восевая зона мае характэрныя рысы рыфта. Паверхня расчлянёная. Пашыраны выхады карэнных парод, у т. л. ультраасноўных (серпенцініты, перыдатыты). Характэрна павышаная сейсмаактыўнасць для восевай зоны.
т. 7, с. 14
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЛІН (Zlin),
горад на У Чэхіі ў перадгор’ях Карпат. Каля 90 тыс. ж. (1995).
Чыг. ст., вузел аўтадарог. Аэрапорт. Буйны цэнтр абутковай прам-сці (у 1894 тут узніклі першыя ф-кі Т.Баці). Прадпрыемствы гумавай, маш.-буд. (машыны і абсталяванне для абутковых ф-к), тэкст., паліграф., дрэваапр., харч. прам-сці. Кінастудыя. Тэатр. Музей рамяства і абутковага промыслу. Маст. галерэя. Штогадовы міжнар. фестываль дзіцячых фільмаў. У 1948—89 наз. Готвальдаў.
т. 7, с. 75
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЛУ́ЧАНЫ БЕЛАРУ́СКА-АМЕРЫКА́НСКІ ДАПАМО́ГАВЫ КАМІТЭ́Т,
дабрачынная арг-цыя для дапамогі беларусам у працэсе эміграцыі і ўсталявання ў ЗША. Засн. ў 1948 у г. Саўт-Рывер. Першы старшыня — І.Ермачэнка. На пач. дзейнасці дапамагаў беларусам у пошуках працы, вывучэнні англ. мовы, адаптацыі да новых умоў пражывання, садзейнічаў заснаванню час. «Беларус у Амерыцы», «Беларускае слова ў Амерыцы», газ. «Беларуская трыбуна», з 1960 друкаванню час. «Беларуская думка». Вядзе шырокую сац., культ. і адукац. дзейнасць.
т. 7, с. 77
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЗО́РКІ»,
дзіцячы часопіс. Выдаваўся з лютага 1921 да чэрв. 1922 штомесячна ў Мінску на бел. мове. Рэдактар З.Бядуля. Публікаваў маст. творы Я.Купалы, Я.Коласа, Бядулі, Я.Журбы, М.Чарота і інш., матэрыялы пра жывёльны і раслінны свет, па мастацтве і музыцы. У рубрыцы «Для маленькіх дзетак» змяшчаў пазнавальныя матэрыялы (апісанне гульняў, загадкі, песні з нотамі і інш.), у рубрыцы «Дзіцячая творчасць» — вершы, малюнкі, карэспандэнцыі чытачоў. Выйшла 10 нумароў.
т. 7, с. 109
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІГНА́ЦЬЕЎ (Рудольф Веньямінавіч) (н. 8.9.1941, г. Вічуга Іванаўскай вобл., Расія),
бел. кларнетыст. Засл. арт. Беларусі (1992). Скончыў Бел. кансерваторыю (1969). З 1967 артыст, з 1976 саліст (1-ы кларнетыст) Дзярж. акад. сімф. аркестра Рэспублікі Беларусь. Выконвае сола для кларнета ў творах класікаў і сучасных, у т. л. бел., кампазітараў (М.Аладава, А.Багатырова, Я.Глебава, Дз.Смольскага, Я.Цікоцкага і інш.). У 1972—80 выкладаў у Мінскім муз. вучылішчы.
т. 7, с. 163
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІГОЛКАЛЯЧЭ́ННЕ, акупунктура,
лячэнне ўколамі з дапамогай спец. іголак; адзін з асн. метадаў кіт. нар. медыцыны (у Кітаі вядомы з 2 ст. да н.э.). Робяць пры хваробах нерв. сістэмы, бранхіяльнай астмы, некат. хваробах унутр. органаў, страўніка, рэўматычных артрытах, алергіі, парушэнні менструальнага цыкла і інш. Кропкі для ўколаў (іх налічваецца больш за 600) выбіраюць у залежнасці ад характару хваробы.
Іголкі (залатыя, сярэбраныя, стальныя) уводзяць на пэўную глыбіню на 5—20 мін.
т. 7, с. 163
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЗАЛЯЦЫЯНІ́ЗМ,
палітыка дзярж. замкнёнасці, адмовы ад удзелу ў пераадоленні міжнар. канфліктаў. Тэрмін з’явіўся ў ЗША у сярэдзіне 19 ст. для абазначэння кірунку знешняй палітыкі, заснаванай на ідэі неўмяшання ва ўзбр. канфлікты на тэр. Еўропы. У наш час тэрмін «І.» разумеецца ў больш шырокім сэнсе. У выглядзе санкцый і інш. захадаў ён выкарыстоўваецца з мэтай эканам. і паліт. націску на асобныя краіны ў палітыцы міжнар. ін-таў, арг-цый і некат. дзяржаў.
т. 7, с. 175
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)