у беларусаў абрадавая страва на радзінах. Каша з прасяных, ячных або грэцкіх круп на малацэ, з яйкамі, мёдам, цукрам, маслам, якую варыла бабка-павітуха. Бабіну кашу падавалі пад канец святочнага абеду, калі пачынаўся «торг» за яе. Пасля «торгу» гаршчок з бабінай кашай заставаўся ў самага шчодрага (звычайна гэта быў кум) госця. Ён разбіваў гаршчок на шчасце нованароджанаму і частаваў усіх кашай на чарапку. У наш час на радзінах замест бабінай кашы па традыцыі ў гаршку падаюць цукеркі, пячэнне і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБРУ́ЙСКІ «КАРАЛЕ́ЎСКІ ДВОР».
Існаваў у Бабруйску з 2-й пал. 16 ст. да 1649 як рэзідэнцыя Бабруйскага староства. Размяшчаўся непадалёку ад Бабруйскага замка на беразе р. Бярэзіна. Цэнтр кампазіцыі — вял. драўляны дом на 7 падклецях (у іх размяшчаліся службовыя памяшканні). Жылая частка ўключала прыхожую, сталовую, 6 камор і 4 жылыя пакоі з камінамі і печамі з рознакаляровай паліванай кафлі. На галерэю жылой часткі вяла 2-маршавая вонкавая лесвіца. Двор быў абнесены астрогам. За дваром над Бярэзінай размяшчаліся стайня з вазоўняй і бровар, на р. Бабруйка — млын.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́ЛІЦКІ ВАЛУ́Н,
помнік прыроды на Беларусі. За 500 м на Пн ад в. Балічы Шчучынскага р-на Гродзенскай вобласці. Валун шэрага гнейсу з мноствам крышталёў гранату, даўж. 4,1 м, шыр. 2 м, выш. 1,5 м, у абводзе 9,5 м, аб’ём 12,3 м³, маса каля 33 т. Прынесены ледавіком каля 200 тыс.г. назад са Скандынавіі. Мае 31 паўсферычнае паглыбленне (3—5 см у папярочніку, да 4 см глыбіні), зробленае чалавекам каля 2—2,5 тыс.г. назад. У язычніцкія часы прадмет пакланення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛЯСЛА́Ў IIIКрывавусты
(Boleslaw III; 20.8.1085—28.10.1138),
польскі князь [1102—38]. З дынастыі Пястаў. Сын князя Уладзіслава Германа. Да 1113 у барацьбе за адзінаўладдзе ў краіне перамог старэйшага незаконнанароджанага брата Збігнева (у т. л. ў 1109 адбіў напад яго саюзніка герм. караля Генрыха V) і аб’яднаў польскія землі. Пасля працяглых войнаў 1102—22 супраць «Свяшчэннай Рымскай імперыі» далучыў да Польшчы Усх. (1116) і на ўмовах леннай залежнасці Зах. (1123) Памор’е, нанова правёў там хрысціянізацыю. У 1138 падзяліў краіну паміж сынамі на ўдзелы (Сілезія, Вял. Польшча, Малая Польшча, Мазовія).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАНА́НАВЫ,
позназімовы сорт яблыні селекцыі Бел.НДІ пладаводства. Выведзены скрыжаваннем сартоў Бабушкіна і Банан зімовы. Раянаваны з 1967 па ўсіх садовых зонах рэспублікі.
Дрэва моцнарослае з прыўзнята-круглаватай кронай. Плоданашэнне пачынае на 5—6-ы год пасля пасадкі. Сорт зімаўстойлівы, сярэднеўстойлівы да паршы, сярэднеўрадлівы. Плады сярэдняй велічыні (100—120 г), пляската-круглаватыя, саламяна-жоўтага колеру з лёгкім загарам з сонечнага боку. Мякаць шчыльная, сакаўная, прыемнага кісла-салодкага смаку. Дэсертны, спажываецца ў свежым выглядзе, захоўваецца больш за 200 сутак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАНКУ́ЗАЎ (Анатоль Іванавіч) (15.1.1921, в. Мхінічы Краснапольскага р-на Магілёўскай вобласці — 23.5.1980),
Герой Сав. Саюза (1945), ген.-м. (1953). Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1947). У Чырв. Арміі з 1938. Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял.Айч. вайну з 1941 на Карэльскім, Зах., Бранскім, Калінінскім, 2-м і 1-м Прыбалтыйскіх, 3-м Бел. франтах: камандзір узвода, роты, нач. штаба, камандзір палка. Полк пад яго камандаваннем вызначыўся ў крас. 1945 у баі за крэпасць і ваенна-марскую базу Пілау (г. Балтыйск, Калінінградская вобл.). Да 1962 у Сав. Арміі.
удзельнік паўстання 1863—64 на Беларусі і ў Літве, грамадскі дзеяч, спявак, танцмайстар. Італьянец па паходжанні. З 1842 жыў у Вільні. Быў настаўнікам спеваў у Дваранскім ін-це, выступаў як спявак. Наведваў з канцэртамі Мінск, Віцебск, інш. гарады Беларусі. У 1862 разам з К.Каліноўскім увайшоў у Літоўскі правінцыяльны камітэт, рыхтаваў падп. выданні. У лют. 1863 высланы ўладамі (паводле іншых звестак уцёк) за мяжу, дзе закупляў зброю для паўстанцаў. Удзельнік Парыжскай камуны 1871, капітан, камандзір эскадрона ў злучэннях В.Урублеўскага. Памёр ад ран.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНКІЛО́З (ад грэч. ankylos крывы, сагнуты),
поўная нерухомасць сустава пры паталагічных зменах яго тканак. Адрозніваюць анкілозы касцявыя (касцявое зрастанне сустаўных паверхняў паміж сабой), пазасустаўныя (утварэнне касцявой перамычкі за кошт акасцянення мяккіх тканак вакол сустава; сустаўная шчыліна пры гэтым захавана), фіброзныя (утварэнне рубцовых спаек паміж сустаўнымі паверхнямі). Пры касцявым і пазасустаўным анкілозе вобласць нерухомага сустава пры функцыян. нагрузцы (хадзе) бязбольная, пры фіброзным — узмоцненая нагрузка выклікае боль у суставе. Развіваецца ад раненняў, закрытых пераломаў касцей у суставе, ад запалення (туберкулёз, ганарэя і інш.), працяглай нерухомасці сустава. Лячэнне хірург. і фізіятэрапеўтычнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЫФЕРАМАГНЕ́ТЫК,
рэчыва, у якім усталяваўся антыферамагнітны парадак магнітных момантаў атамаў ці іонаў. Рэчыва становіцца антыферамагнетыкам ніжэй за пэўную т-ру (TN; гл.Нееля пункт) і застаецца ім звычайна да T=0 К. Да антыферамагнетыкаў адносяцца: цвёрды кісларод (α-мадыфікацыя пры TN<24 К), хром (TN=310 К), шэраг рэдказямельных металаў, многія злучэнні, у састаў якіх уваходзяць пераходныя металы (аксіды, фтарыды, сульфіды, галагеніды, карбанаты і інш.). Антыферамагнетыкі перспектыўныя для выкарыстання ў прыладах запісу і апрацоўкі інфармацыі, стварэння акустычных ліній затрымкі, як магн. элементы ў магнітааптычных запамінальных прыладах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ПЕКС (ад лац. apex вяршыня) у астраноміі, пункт нябеснай сферы, у напрамку да якога перамяшчаецца нябеснае цела ў сваім руху адносна навакольных зорак. Залежыць ад выбару зорак, адносна якіх вызначаецца рух. Апекс гадавога руху Зямлі вакол Сонца знаходзіцца ў плоскасці экліптыкі пад вуглом, роўным амаль 90° да напрамку Зямля—Сонца, і перамяшчаецца, замыкаючы за год круг. Апекс руху Сонечнай сістэмы адносна бліжэйшых зорак знаходзіцца ў сузор’і Геркулеса. Процілеглы апексу пункт — антыапекс. Апексам наз. таксама пункт арбіты ШСЗ, найб. аддалены на Пн ад плоскасці зямнога экватара.