ВАЛЕ́ТАЎ (Валянцін Васілевіч) (н. 23.2.1951, в. Востраў Ельскага р-на Гомельскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне леса- і балотазнаўства. Д-рбіял.н. (1992), праф. (1993). Скончыў Гомельскі ун-т (1976). З 1976 у Бярэзінскім біясферным запаведніку, з 1993 у Гомельскім ун-це. Навук. працы па экалогіі і антрапагеннай трансфармацыі балотных экасістэм, рацыянальным выкарыстанні і ахове расліннасці.
Тв.:
Фитомасса и первичная продукция безлесных и лесных болот. Ч. 1—2. Мн., 1992;
Фиторазнообразие и состояние сосновых лесов Березинского биосферного заповедника. Мн., 1993 (у сааўт.);
Проблемы экологии и природопользования в Гомельском регионе. Мн., 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АХІЕ́ЗЕР (Аляксандр Ільіч) (н. 31.10.1911, г. Чэрыкаў Магілёўскай вобл.),
украінскі фізік, стваральнік навук. школы па тэарэт. фізіцы. Акад.АН Украіны (1964). Д-рфіз.-матэм.н., праф. (1940). Скончыў Кіеўскі політэхн.ін-т (1934). З 1934 у Фізіка-тэхн. ін-це Украіны (Харкаў), адначасова (1940—75) у Харкаўскім ун-це. Навук. працы па ядз. фізіцы, фізіцы элементарных часціц, фізіцы плазмы і інш. кірунках фізікі.
Тв.:
Квантовая электродинамика. 3 изд. М., 1969 (разам з У.Б.Берасцецкім);
Методы статистической физики. М., 1977 (разам з С.У.Пелятмінскім);
Электродинамика адронов. Киев, 1977 (разам з М.П.Рэкалам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АХМА́РАЎ (Чынгіз Габдурахманавіч) (н. 18.8.1912, в. Троіцк Чэлябінскай вобл., Расія),
жывапісец-манументаліст. Нар. мастак Узбекістана (1964). Вучыўся ў Маскоўскім маст. ін-це (1935—42). Творча выкарыстаў традыцыі сярэдневяковага сярэднеазіяцкага жывапісу ў стварэнні тонкай па колеры і малюнку насценнай размалёўкі: у фае Вял.т-ра оперы і балета імя А.Наваі (1944—47; Дзярж. прэмія СССР 1948), у Ін-це ўсходазнаўства імя А.Біруні (1968—70) у Ташкенце, «Сагдыйскае вяселле» (1975—76) і інш. Аўтар станковых работ («Тамара Ханум», 1978, і інш.). Дзярж. прэмія Узбекістана імя Хамзы 1968.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АХРЫ́МЕНКА (Павел Паўлавіч) (н. 16.7.1919, с. Саланіца Лубенскага р-на Палтаўскай вобл.),
бел. і ўкр. крытык, літ.-знавец, фалькларыст. Д-рфілал.н. (1958), праф. (1959). Працаваў у Гомельскім ун-це (1950—72), з 1972 у Сумскім пед. ін-це. Даследчык бел. і ўкр. фальклору і л-ры, бел.-ўкр.фалькл. і літ. узаемасувязяў. Сааўтар падручнікаў і дапаможнікаў для студэнтаў («Беларуская вуснапаэтычная творчасць», 1966; «Старажытная беларуская літаратура», 1968; «Гісторыя ўкраінскай літаратуры», 1970, і інш.).
Тв.:
Тарас Шаўчэнка і Беларусь. Мн., 1969;
Летапіс братэрства. Мн., 1973;
Бібліяграфічны ўказальнік прац аб беларуска-ўкраінскіх літаратурных і фальклорных сувязях (1865—1965). Гомель, 1967.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАГДА́НАЎСКАЕ ВО́ЗЕРА,
у Беларусі, у Сенненскім раёне Віцебскай вобл., у бас.р. Крывінка (выцякае з возера), за 5 км на ПдЗ ад г. Сянно. Пл. 1,19 км², даўж. 3,37 км, найб.шыр. 0,45 км, найб.глыб. 16,2 м, даўж. берагавой лініі каля 8 км. Пл. вадазбору 89,4 км².
Схілы катлавіны выш. 4—5 м, месцамі да 10 м, у верхняй частцы разараныя, у ніжняй пад лесам. Прыбярэжная частка дна пясчаная, глыбакаводная — глеістая. Амаль чвэрць плошчы дна пад расліннасцю. Упадаюць 2 ручаі, злучана пратокай з воз. Сянно. На ўсх. беразе археал. помнік — курганны могільнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАКАПЛА́Ў ПАЛА́СА (Pallasea quadrispinosa),
беспазваночная жывёла сям. гамарыдаў атр. бакаплаваў. Пашыраны на Пн Еўропы. Па тэр. Беларусі праходзіць паўд. мяжа арэала віду. Знойдзены ў азёрах Браслаўскай групы, Лукомскім, Доўгае (Глыбоцкі р-н). Занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.
Цела даўж. да 3 см, аранжавае, дугападобнай формы, сціснутае з бакоў, складаецца з 18 сегментаў. Жыве ў алігатрофных і мезатрофных азёрах сярод вышэйшай воднай расліннасці. Корміцца арган. часцінкамі грунту, расліннымі і жывёльнымі рэшткамі. Размнажаецца круглы год, найб. у асенне-зімовы перыяд. Каштоўны корм для рыб. На Беларусі ахоўваецца ў ландшафтным заказніку Міжазёрны (Віцебская вобл.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАНДАРЭ́НКА (Валерый Мікалаевіч) (н. 1.1.1946, в. Малая Сазанка Амурскай вобл., Расія),
бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1988). Скончыў Дзярж.ін-ттэатр. мастацтва імя А.Луначарскага ў Маскве (1967). З 1975 у Рускім драм. т-ры Беларусі. Увасобленыя ім вобразы вызначаюцца паглыбленым псіхалагізмам, адметнай выканаўчай манерай: Гужа («Знак бяды» паводле В.Быкава), Азазэла («Майстры» А.Дударава паводле М.Булгакава), Косач («Вяртанне ў Хатынь» паводле А.Адамовіча), Салёны («Тры сястры» А.Чэхава), Клаўдзій, Макдуф («Гамлет», «Макбет» У.Шэкспіра), Мэкі-Нож («Трохграшовая опера» Б.Брэхта), Крыспэн («Адзіны нашчадак» Ж.Ф.Рэньяра) і інш. Здымаецца ў кіно.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРАДЗІ́НСКІ СКАРБ, Бесарабскі скарб,
рэчавы скарб, знойдзены ў 1912 каля г.п. Барадзіно (зараз Таруцінскі р-н Адэскай вобл.). Датуецца 16—15 ст. да нашай эры. Знаходзіўся ў глінянай пасудзіне, належаў военачальніку ці правадыру племя. Складаўся з 6 каменных баявых сякер (1 з нефрыту), 3 булдавешак для булавы з алебастру, 2 наканечнікаў коп’яў, утулкі ад наканечніка кап’я, сярэбраных кінжала і шпількі. Рэчы рознага паходжання: наканечнікі коп’яў аналагічныя знаходкам з сеймінска-турбінскіх могільнікаў у Прыўраллі, каменныя вырабы — знаходкам з Каўказа, шпілька і кінжал — з Цэнтр. Еўропы. Захоўваецца ў Гіст. музеі ў Маскве.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́РАНАЎ (Аляксандр Андрэевіч) (1746, г. Каргапаль Архангельскай вобл., Расія — 28.4.1819),
першы гал. правіцель рус. паселішчаў у Амерыцы (1790—1818). Да 1790 займаўся гандл.-прамысл. дзейнасцю ў Маскве, Пецярбургу і Сібіры. Садзейнічаў пашырэнню гандл. сувязяў рус. паселішчаў у Паўн. Амерыцы з Каліфорніяй, Гавайскімі а-вамі і Кітаем; стварэнню новых паселішчаў, падрыхтоўцы шэрагу экспедыцый па абследаванні раёнаў Ціхаакіянскага ўзбярэжжа, пачатку суднабудавання і развіццю прам-сці ў рус. Амерыцы, арганізацыі школ на Алясцы і інш. Удзельнічаў у абследаванні і апісанні Чугачскага зал., прылеглых астравоў і інш. раёнаў. Яго імем названы востраў у архіпелагу Аляксандра (у зал. Аляска).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́НГЛА-БІРМА́НСКІЯ ВО́ЙНЫ,
захопніцкія войны Англіі супраць Бірмы (цяпер М’янма). У першай англа-бірманскай вайне (1824—26) англ. войскі сустрэлі ўпартае супраціўленне бірманскай арміі на чале з Бандулам. Аднак пасля смерці Бандулы англічанам удалося прасунуцца да бірманскай сталіцы Ава. Паводле навязанага Бірме дагавора яна страціла вобласці Аракан, Тэнасерым, княствы Асам і Маніпур, абавязвалася выплаціць кантрыбуцыю і заключыць з Англіяй гандл. дагавор. У выніку другой англа-бірманскай вайны (1852) да англ. уладанняў далучана бірманская вобл. Пегу. У трэцяй англа-бірманскай вайне (1885) бірманская армія разгромлена і капітулявала. Бірма трапіла пад англ. панаванне і ўключана ў склад Індыі як асобная правінцыя.