МЕТАФІ́ЗІКА (ад грэч. «Meta ta phisica» пасля фізікі),
1) частка, галіна філасофіі, прысвечаная гал. абстрактным праблемам чалавечага быцця і пазнання. Тэрмін «М.» паходзіць ад назвы зборніка філас. прац Арыстоцеля, якія складалі «першую філасофію», г.зн. лічыліся ўласна філас. працамі і паводле свайго прадмета адрозніваліся ад «фізікі» як навукі аб свеце канкрэтных рэчаў і з’яў. У працэсе эвалюцыі М. паступова траціла сувязь з рэчаіснасцю і накіроўвала намаганні на абстрактны пошук нейкай агульнай першаснай асновы ўсяго існага незалежна ад акрэсленых форм яго існавання ў прасторы і часе. Панаванне метафіз. поглядаў характэрна для сярэдневяковай філас. думкі, калі М. прэтэндавала на месца асобай «навукі» аб звышпачуццёвай сутнасці свету і абгрунтоўвала думку пра яго боскае паходжанне. Адыход ад элементаў аб’ектыўных ведаў аб чалавеку і яго прыродным і сац. асяроддзі, а таксама канструяванне штучных уяўленняў аб свеце прывялі да ператварэння М; ў схаластыку. Зацікаўленасць грамадства ў навук.філас. асэнсаванні рэчаіснасці і дасягненнях прыродазнаўчых навук суправаджалася вызваленнем філасофіі ад метафіз. падыходаў. Аб’ект метафіз. разважанняў быў абмежаваны выключна з’явамі, якія былі недаступныя чалавечаму вопыту і атаясамліваліся з звышпрыродным пачаткам. Элементы М. ёсць у некат. кірунках сучаснай філасофіі, у сцвярджэннях пра існаванне «вышэйшай», г.зн. звышпачуццёвай рэчаіснасці, пра немэтазгоднасць і немагчымасць навук. пазнання сутнасці прыродных і грамадскіх працэсаў.
2) Метад мыслення, які супрацьстаіць дыялектыцы. У гэтым сэнсе паняцце М. ўпершыню выступае ў філасофіі Г.Гегеля, дзе метафіз. падыход да рэчаў і з’яў у адрозненне ад дыялектычнага лічыцца абмежаваным і не дазваляе раскрыць іх супярэчнасці, а таксама паказаць працэс развіцця паняццяў, таму што абапіраецца на канчатковыя адназначныя высновы. Паводле Гегеля. М. з’яўляецца недастатковай, але ў той жа час неабходнай умовай працэсу пазнання. Выкарыстанне ў навуцы метафіз. метаду з гіст. пункту гледжання было апраўданым у 17—18 ст., калі навука займалася збіраннем фактаў і расшчапляла прыроду на асобныя часткі. У 2-й пал. 19—20 ст. назіраецца негатыўнае стаўленне вучоных да М., што тлумачыцца пераходам навукі да абагульнення набытых навук. звестак, пранікненнем у глыбіню аб’ектаў пазнання і даследаваннем заканамерных сувязей паміж імі. Метафіз. метад абсалютызуе знешняе ўзаемадзеянне паміж аб’ектамі і ў той жа час недаацэньвае ўнутр, вытокі развіцця, у першую чаргу супярэчлівасць саміх аб’ектаў. На працягу 20 ст. М. як метад пазнання выступае ў некаторых кірунках сучаснай філасофіі (фенаменалогія, экзістэнцыялізм, рэалізм), а таксама ў тэалогіі.
Літ.:
Аристотель. Метафизика // Соч.М., 1976. Т. 1;
Ленін У.І. Філасофскія сшыткі // Тв. Т. 38 (Полн. собр. соч. Т. 29);
Вартофский М. Эвристическая роль метафизики в науке: Пер. с англ. // Структура и развитие науки М., 1978;
Исторические типы философии. М., 1991;
Мир философии. Ч. 1—2. М., 1991;
Boeder H. Topologie der Metaphysik. Freiburg-München, 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАТЭРАЗО́Й (ад грэч. proteros больш ранні + zōē жыццё),
пратэразойская акратэма (акрон), верхняя частка геал. утварэнняў дакембрыю і адпаведны адрэзак часу (акрон) іх фарміравання. Залягаюць на ўтварэннях архею, перакрываюцца адкладамі фанеразою. Пачаўся каля 2,5 млрд.г. назад і закончыўся 570 млн.г. назад. Тэрмін «П.» прапанаваў амер. геолаг Э.Эманс у 1888. Розныя краіны маюць свае стратыграфічныя схемы П.; у СССР з 1977 (цяпер і ў краінах СНД) падзяляюць П. на ніжні (карэлій) і верхні (рыфей і венд) з мяжой на ўзроўні 1650 ± 50 млн. г.
Да пачатку П. завяршылася кратанізацыя зямной кары. Скучванне яе глыб прывяло да ўтварэння гіганцкага адзінага кантынента Пангея-0 (гл.Пангея). На працягу карэлію развіваліся протагеасінкліналі, якія падзялілі Пангею-0 на вял. колькасць протаплатформ. У канцы карэлію (1,8—1,7 млрд.г. назад) протагеасінкліналі моцна спаялі протаплатформы складкавымі сістэмамі. Утварыўся суперкантынент Пангея-1, які ў познім рыфеі распаўся на суперкантыненты Гандвану і Лаўразію.
Пароды П. разам з архейскімі складаюць фундамент стараж. платформ і выходзяць на паверхню на шчытах (Украінскі, Балтыйскі, Алданскі і інш.) і ў сярэдзінных масівах. Паводле саставу, ступені метамарфізму і характару складкавасці пароды ніжняга П. падобныя на архейскія, пераважна адпавядаюць амфібалітавай і зялёнасланцавай фацыям метамарфізму, у меншай ступені праявіліся гранітызацыя і мігматызацыя; часцей трапляюцца карбанатныя пароды, розныя гнейсы і сланцы. Пароды ніжняга П. прарваны інтрузіямі гранітаў і габроідаў. Для завяршальнага этапу магматызму ў П. на Балтыйскім шчыце і ў фундаменце Рускай пліты характэрны граніты рапаківі, прымеркаваныя да мяжы карэлію і рыфею. Пароды верхняга П. больш блізкія да палеазойскіх і прадстаўлены неметамарфізаванымі і слабаметамарфізаванымі тэрыгеннымі (пясчанікі, кварцыты, кангламераты, гліны, аргіліты), карбанатнымі (вапнякі, мармур) і вулканагеннымі адкладамі. У асадкавых пародах П. пашыраны (пераважна ў верхнім П.) арган. рэшткі — прадукты жыццядзейнасці бактэрый, цыянабактэрый і сіне-зялёных водарасцей (страматаліты, анкаліты, фіталіты). У познім рыфеі прысутнічаюць рэшткі мікрафлоры, у вендзе — мнагаклетачных бесшкілетных жывёлін — чарвей, медузоідаў і інш., што сведчыць пра павелічэнне ў марской вадзе долі свабоднага кіслароду. З адкладамі П. звязаны радовішчы жалеза, марганцу, медзі, нікелю, хрому. кобальту, тытану, урану і інш.
На Беларусі ў крышт. фундаменце адклады П. прадстаўлены гнейсамі, амфібалітамі і сланцамі аколаўскай серыі ў цэнтры краіны (Аколаўская грабен-сінкліналь) і сланцамі і вулканітамі жыткавіцкай серыі ў межах Мікашэвіцка-Жыткавіцкага выступу, іх прарываюць гранітоіды жухавіцкага, бабаўнянскага. жыткавіцкага, а таксама габроіды і дыябазы русінаўскага, нагорнаўскага комплексаў і інш. У аколаўскай серыі выяўлена некалькі калчаданных, жалезных (гл.Аколаўскае радовішча жалезных рудаў) рудапраяўленняў. З пародамі, што перасякаюць жыткавіцкую серыю, звязаны руды рэдкіх металаў.
Літ.:
Семихатов М.А. Стратиграфия и геохронология протерозоя. М., 1974.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫ́ПЯЦКІ САЛЯНО́СНЫ БАСЕ́ЙН Размешчаны ва ўсх.ч.Беларускага Палесся, у межах Прыпяцкага прагіну. Пл. каля 32 тыс.км², даўж. да 260 км, шыр. да 130 км. Разведаныя запасы каменнай солі 22 012,8 млн.т, калійнай — 7171,7 млн.т. Перспектыўныя запасы калійнай солі — 4229,8 млн.т. Першае Старобінскае радовішча калійных і каменнай солей (разведана ў 1949) эксплуатуецца з 1963. На калійныя солі разведаны Петрыкаўскае радовішча калійных солей і Акцябрскае, выяўлена 5 перспектыўных плошчаў: Драздоўская, Светлагорская, Навадубраўская, Капаткевіцкая і Жыткавіцкая. Разведаны радовішчы каменнай солі: Давыдаўскае радовішча каменнай солі, Мазырскае радовішча каменнай солі і Старобінскае. Мазырскае радовішча эксплуатуецца шляхам падземнага растварэння каменнай солі і здабычы расолу праз свідравіны штогод да 180—360 тыс.т; на Старобінскім радовішчы каменная саль здабываецца шахтавым спосабам (500—520 тыс.т за год). У П.с.б. сярод сярэдне- і верхнедэвонскіх і ніжняпермскіх адкладаў выяўлена 5 саляносных фармацый: эйфельская, верхняфранская, ніжнефаменская, сярэдняверхнефаменская і ніжняпермская, якія залягаюць на глыб. 300—4695 м. У эйфельскай фармацыі лёгкарастваральныя ў вадзе солі прадстаўлены каменнай соллю, якая ўтварае ў паўн.ч. Прыпяцкага прагіну пласт магутнасцю да 31 м. Верхняфранская саляносная фармацыя пашырана на пл. каля 20 тыс.км², магутнасць 150—800 м, у раёнах праяўлення салянога тэктагенезу (Ельская, Маладушынская, Залатухінская і інш. структурныя плошчы) дасягае 1000—1500 м. Фармацыя прадстаўлена пераслойваннем пластоў і пачкаў каменнай солі, даламітавых мергеляў і глін, сульфатна-гліністых, карбанатна-сульфатна-гліністых парод, пясчанікаў, алеўралітаў, ангідрытаў, вулканічных туфаў і туфітаў. На З і Пд басейна ў асобных пластах каменнай солі развіты калійныя гарызонты (да 4) магутнасцю 1—1,5 м. Ад верхняфранскай і ніжнефаменскай саляносных фармацый сярэдневерхнефаменская фармацыя аддзяляецца магутным (да 900 м і больш) міжсалявым тэрыгенна-сульфатна-карбанатным комплексам, у якім на асобных участках у цэнтр. і паўд.ч. Прыпяцкага прагіну адзначаны адзінкавыя пласты каменнай солі магутнасцю 1—17 м. Сярэдневерхнефаменская саляносная фармацыя пашырана на пл. больш за 26 тыс.км², магутнасцю 100—3000 м. Паводле літалагічнага складу яна падзяляецца на ніжнюю, або галітавую (соленасычэнне да 85—95%) і верхнюю, або каліяносную субфармацыі. Каліяносная прадстаўлена пераслойваннем пластоў каменнай і калійных солей, карбанатна-гліністых і тэрыгенных парод. Калійныя солі пашыраны на пл. каля 14 тыс.км², выяўлена каля 60 гарызонтаў сільвінітавага, сільвін-карналітавага і карналітавага саставу. Фарміраванне саляносных адкладаў звязана з рыфтавым этапам развіцця Прыпяцкага прагіну. Дыферэнцыраваныя рухі па разломах з амплітудай да 2 км і больш абумовілі працэсы салянай тэктонікі, што асабліва праявіліся ў сярэдняверхнефаменскай галітавай субфармацыі ў выглядзе працяглых саляных валоў і сінклінальных зон субшыротнага напрамку. На З Прыпяцкага прагіну разломы з фундамента пранікаюць у каліяносную субфармацыю, што абумовіла плікатыўна-блокавую яе будову.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІМПРЭСІЯНІ́ЗМ (франц. impressionnisme ад impression уражанне),
кірунак у мастацтве апошняй трэці 19 — пач. 20 ст. Склаўся ў франц. жывапісе канца 1860 — пач. 1870-х г. Назву атрымаў ад карціны К.Манэ «Уражанне. Узыход сонца» («Impression. Soleil Levant», 1872), якая экспанавалася на парыжскай выстаўцы групы маладых франц. жывапісцаў у 1874. У групу таксама ўваходзілі А.Рэнуар, К.Лісаро, А.Сіслей. Э.Дэга, П.Сезан, П.Банар, Б.Марызо і інш. мастакі, што аб’ядналіся для барацьбы за абнаўленне мастацтва і пераадолення афіц. салоннага акадэмізму. У 1874—86 праведзена 8 выставак, пасля чаго імпрэсіяністы страцілі былое адзінства і працягвалі свае творчыя пошукі паасобку (гл.Неаімпрэсіянізм, Постімпрэсіянізм, Пуантылізм). Адным з заснавальнікаў І. быў таксама Э.Манэ (не ўваходзіў у гэтую групу, але яшчэ ў 1860—70-х г. прадвызначыў яго накіраванасць).
Імпрэсіяністы імкнуліся знайсці форму выражэння, максімальна блізкую да першаснага ўражання, гал. ролю жывапісу бачылі не ў адлюстраванні рэчаіснасці, а ў яе пачуццёвым успрыняцці. Спробы перадаць зіхаценне святла, вібрацыю паветра, зафіксаваць імгненне як бы выпадковай сітуацыі ці руху прывялі да ўзнікнення своеасаблівай тэхнікі жывапісу. Праз накладанне фарбаў асобнымі мазкамі, невыразнасць абрысаў прадметаў, вылучэнне толькі некалькіх іх гал. рысаў імпрэсіяністы здолелі ажывіць карціну, перадаць адчуванне рухомасці, хісткасці і няўстойлівасці імгнення. Такі метад дазваляў лёгка ўводзіць адну фарбу ў зону іншай без страты яе моцы, за кошт чаго ўзбагачаўся каларыт. Асобныя мазкі, якія не супадаюць з абрысамі прадмета, аптычна змешваюцца зрокам гледача, што выклікае пачуццё незвычайна светлага, трапяткога жывапісу. Яны выпрацавалі паслядоўную сістэму пленэра, скарыстаўшы пошукі Дж.Констэбла, К.Каро, мастакоў барбізонскай школы, упершыню стварылі шматгранную карціну паўсядзённага жыцця сучаснага горада. Для І. характэрна змяшэнне быт. жанру з партрэтам, тэндэнцыя да знішчэння дакладных граней паміж жанрамі.
Зварот да І. і вывучэнне яго прынцыпаў у значнай ступені паўплывалі на развіццё шэрагу нац.еўрап.маст. школ і творчасці мастакоў (М.Ліберман, Л.Карынт у Германіі; К.Каровін, В.Сяроў, І.Грабар у Расіі; М.Касат у ЗША; Л.Вычулкоўскі ў Польшчы і інш.), хоць за межамі Францыі развіваліся толькі асобныя тэндэнцыі І. Тэрмін «І.» ужываецца таксама ў дачыненні да скульптуры 1880—1910-х г., якая мае некаторыя сходныя з жывапісам І. рысы: імкненне да перадачы імгненнасці руху, цякучасць і мяккасць форм, пластычная незавершанасць (творы А.Радэна і Дэга ў Францыі, П.Трубяцкога і Г.Галубкінай у Расіі, і інш.). У бел. мастацтве рысы І. ўласцівы творчасці Я.Драздовіча, У.Кудрэвіча, В.Бялыніцкага-Бірулі.
У літаратуры — метад, які грунтуецца на дынамічнай раўнавазе суб’ектыўнага і аб’ектыўнага пачаткаў, на фіксацыі няўлоўных і амаль непадуладных рацыянальнаму асэнсаванню ўражанняў аўтара або героя, станаў яго душы, на імгненнай асацыятыўнасці. Для І. характэрны эскізнасць, фрагментарнасць, эмацыянальны прынцып арганізацыі тэксту (адсюль — пошукі складаных асацыятыўных метафар, увага да гучання слова, асаблівая семантызацыя рытму і мелодыкі), замена разгорнутых лагічных канструкцый незавершанымі фразамі, якія накладваюцца як мазкі на палатне мастака-імпрэсіяніста. Яскравая прыкмета І. — «пейзаж душы», зліццё ў адзіны непадзельны вобраз унутр. стану чалавека і стану навакольнай прыроды.
Складваўся як адзін з кірункаў літ.дэкадэнцтва ў 1860—70-я г. ў Францыі (проза бр. Ж. і Э.Ганкураў) і дасягнуў апагею ў сталай творчасці П.Верлена, праграмны верш якога «Мастацтва паэзіі» быў маніфестам літ. І. Буйнейшай з’явай І. стала спадчына «школы венскіх імпрэсіяністаў» (А.Шніцлер, П.Альтэнберг, Г. фон Гофмансталь). Пакінуў бліскучы след у творчасці пісьменнікаў розных кірункаў, у т. л. Э.Заля (раман «Старонка кахання»), у ранняй навелістыцы Т.Мана, С.Цвэйга; у творчасці М.Пруста даў імпульс станаўленню плыні свядомасці. У рус. л-ры рысы І. ў паэзіі А.Фета, у прозе А.Чэхава, І.Буніна, у ранняй паэзіі А.Блока, А.Белага, М.Валошына, Б.Пастарнака і інш., у бел. л-ры — у паэзіі М.Багдановіча.
У музыцы І. склаўся ў 1890—1910-я г. Для яго характэрна імкненне да ўвасаблення мімалётных уражанняў, да адухоўленай пейзажнасці. Навакольны свет раскрываецца праз прызму тонкіх псіхал. рэфлексаў, ледзь прыкметных адчуванняў, народжаных сузіраннем, што збліжае яго з літ. сімвалізмам: творы П.Верлена, С.Малармэ, П.Луіса, М.Метэрлінка ўвасоблены ў музыцы К.Дэбюсі — заснавальніка муз. І., і яго паслядоўнікаў. У сферы фантастыкі і экзотыкі (цікавасць да Іспаніі, краін Усходу) імпрэсіяністы прадоўжылі традыцыі рамантызму, адмовіўшыся ад вострых драм. калізій, сац. тэм.
Кампазітары-імпрэсіяністы пакінулі вытанчаныя і ясныя па выразных сродках, эмац. стрыманыя і строгія па стылі творы (пераважна праграмныя сімф. і фп. мініяцюры, сюітныя цыклы). Узбагацілася гарманічнае і тэмбравае мысленне (М.Равель, П.Дзюка і інш.). Элементы І. развіліся таксама ў інш. кампазітарскіх школах (М. дэ Фалья ў Іспаніі, А.Рэспігі, часткова А.Казела і Дж.Ф.Маліп’ера ў Італіі, Ф.Дыліус і С.Скот у Вялікабрытаніі, К.Шыманоўскі ў Польшчы, І.Стравінскі, М.Чарапнін у Расіі і інш.).
У тэатры ў канцы 19 — пач. 20 ст. ўзмацнілася ўвага рэжысёраў і выканаўцаў да перадачы атмасферы дзеяння, раскрыцця яе падтэксту. Эфект дасягаўся з дапамогай наўмысна беглых характарыстык у спалучэнні з асобнымі выразнымі дэталямі, што раскрывалі патаемныя перажыванні герояў, іх думкі, імпульсы ўчынкаў. Рэжысурай выкарыстоўваліся гукі, жывапісна-колеравыя плямы, раптоўныя змены рытмаў для стварэння эмацыянальнай насычанасці і ўнур. нарастання драматызму спектакля. Рысамі І. вызначалася творчасць рэжысёраў і акцёраў А.Антуана, Г.Рэжан (Францыя), М.Райнгарта, О.Брама (Германія), Э.Дузе (Італія), У.Меерхольда, В.Камісаржэўскай, П.Арленева (Расія), пастаноўкі МХАТа і інш.
Літ.:
Андреев Л.Г. Импрессионизм. М., 1980;
Денвир Б. Импрессионизм: Художники и картины: Пер. с англ.М., 1994;
Велтон Д. Пейзажи импрессионистов: [Перевод]. М., 1995;
Яроциньский С. Дебюсси, импрессионизм и символизм: Пер. с пол. М., 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СЫ,
нацыя, асноўнае насельніцтва Беларусі. Складае 7904 тыс.чал. (перапіс 1989), 77,4% насельніцтва Рэспублікі Беларусь. Значная частка беларусаў жыве па-за межамі Беларусі, у т. л. ў Расіі 1052 тыс. (1989), на Украіне 406 тыс., у Польшчы больш за 200 тыс., Казахстане 182 тыс., Латвіі 112 тыс., Літве 58 тыс., Эстоніі 23 тыс.чал.; у краінах Зах. Еўропы, ЗША, Канадзе, Аўстраліі і інш., паводле розных ацэнак, жыве ад 300 тыс. да 2 млн. беларусаў (гл.Дыяспара беларуская). Гавораць на беларускай мове, якая адносіцца да слав. групы індаеўрап. моўнай сям’і. Разам з рускімі і ўкраінцамі належаць да ўсх.славян. Антрапалагічны тып — сярэднееўрап. варыянт еўразійскай (еўрапеоіднай) расы. Тэрыторыя іх кампактнага рассялення ў межах Беларусі займае 207,6 тыс.км² і ахоплівае басейны верхняга Дняпра, Сажа, Зах. Дзвіны, Нёмана, Прыпяці і часткова Зах. Буга.
Археалагічныя даследаванні сведчаць, што ўжо ў 5—8 ст.тэр. Беларусі насялялі слав. плямёны, з якімі генетычна звязаны саюзаплемянныя і раннефеад. этнапалітычныя супольнасці 9—10 ст. — крывічы, дрыгавічы, радзімічы, часткова валыняне, драўляне і севяране. Працэс іх рассялення на Беларусі суправаджаўся міжэтнічнымі кантактамі з мясц. балцкімі плямёнамі (гл.Балты), якія ў асноўным былі асіміляваны, а часткова (у зах. абласцях) склалі змешаныя балта-слав. групы. У межах Кіеўскай Русі (канец 9 — пач. 11 ст.) пачалі складвацца феад. адносіны, узнікаць класы, гарады, фарміравацца стараж.руская народнасць, прынята хрысціянства. З 10 ст. землі Беларусі ўваходзілі ў склад Полацкага, Тураўскага, часткова Смаленскага, Чарнігаўскага княстваў; да 12 ст. з іх вылучыліся Пінскае, Мінскае, Друцкае, Заслаўскае, Навагрудскае і інш. княствы.
Фарміраванне і развіццё беларускай народнасці. У 13—14 ст. землі і княствы Беларусі ўвайшлі ў склад Вялікага княства Літоўскага (ВКЛ). Полацкая, Новагародская, Віцебская землі, а таксама Слуцкае, Кобрынскае, Мсціслаўскае і інш. княствы мелі ў ВКЛ пэўную сац.-эканам. і юрыдычна-прававую аўтаномію. У складзе адзінай дзяржавы спыніўся працэс іх феад. драблення, што садзейнічала стварэнню агульнай этнічнай тэрыторыі беларусаў. Сацыяльна-эканам., паліт., дэмаграфічныя і этнакультурныя фактары абумовілі пашырэнне этнасацыяльных сувязей паміж рознымі тэрытарыяльнымі часткамі Беларусі і ўнутрыэтнічную кансалідацыю. На працягу 15—16 ст. у ВКЛ павялічылася колькасць гарадоў і мястэчак, узмацніліся гандл. сувязі паміж імі, вырасла доля гандл.-рамесніцкага насельніцтва, павысілася таварнасць і прадукцыйнасць сельскай гаспадаркі, праведзены адм.-тэр. і аграрна-гасп. рэформы; кадыфікацыя і уніфікацыя дзярж.юрыд. нормаў завяршылася складаннем Статутаў Вял. княства Літоўскага 1529, 1566 і 1588. Пасля аб’яднання з Польшчай у федэратыўную дзяржаву Рэч ПаспалітуюВКЛ захоўвала паліт. аўтаномію, свой урад, юрыд. правы, войска, фінансы і інш., што ў пэўнай меры стрымлівала польскі ўплыў на бел. і літ. народы. Аднак з таго часу ўзмацніліся працэсы паланізацыі і акаталічвання. Для бел. сялянства і гараджан асн. каштоўнасцю была этнагенетычная спадчына, якая аб’ядноўвала розныя тэрытарыяльныя групы беларусаў на аснове агульнасці іх гіст. лёсу, культуры, мовы, рэлігіі. Значную ролю адыгрывалі фактар кампактнага рассялення беларусаў і іх дэмаграфічнае становішча (бел. землі складалі большасць тэр.ВКЛ, а насельніцтва — асн. этнічны масіў). Беларусы складалі значную частку насельніцтва і ў гарадах этнічнай Літвы — Троках, Коўне, сталіцы ВКЛ Вільні. Дамінуючае дэмаграфічнае становішча беларусаў у межах ВКЛ і высокі ўзровень развіцця іх культуры вызначылі поліэтнічны характар пашырэння іх мовы. Старабел. мова («руськая») была афіцыйнай дзярж. мовай ВКЛ, сродкам зносін паміж усх.-слав. насельніцтвам і літоўцамі-аўкштайтамі, жмудзінамі, латгаламі і больш дробнымі этнічнымі групамі (татары, яўрэі, цыганы, караімы і інш).
У перыяд складвання бел. народнасці этнакансалідуючую функцыю адыгрываў і канфесіянальны фактар. Большасць усх.-слав. насельніцтва ВКЛ да 16 ст. вызнавала праваслаўе. Гэтага веравызнання трымалася таксама частка насельніцтва этнічнай Літвы і Жмудзі. Пасля дынастычнага саюзу ВКЛ і Польшчы (гл.Крэўская унія 1385) на землях Літвы і Беларусі пачало пашырацца каталіцтва, у 16 ст. ў сувязі з еўрап. рэфармацыйным рухам — пратэстантызм (лютэранства, кальвінізм і інш.), а пасля Брэсцкай уніі 1596 — уніяцтва. Праваслаўныя цэрквы Беларусі, Украіны і Літвы, пераведзеныя ва уніяцтва, трапілі пад духоўную ўладу рымскага пантыфікату і ўспрынялі асн. догматы каталіцызму. Наступ каталіцтва і уніяцтва выклікаў у большасці правасл. насельніцтва незадаволенасць і пратэст. Найб. глыбока паланізацыя пранікла ў самасвядомасць, матэрыяльную і духоўную культуру пануючых класаў Беларусі. У 17 ст. большая палова бел. шляхты спавядала каталіцкую ці уніяцкую веру, карысталася польскай мовай, прытрымлівалася агульнасаслоўных стэрэатыпаў ладу жыцця і паводзін (напр., панібрацтва). Усе этнастваральныя фактары, што садзейнічалі складванню бел. народнасці ў 14—16 ст., у цэлым мелі аб’яднальную тэндэнцыю. Жыхары абшчыны сваю супольнасць звычайна вызначалі агульным сельскім ці валасным этніконам, які паходзіў ад назвы сяла ці цэнтра воласці. У межах паветаў, княстваў, зямель, ваяводстваў насельніцтва аб’ядноўвалася вакол гарадоў і мястэчак у т.зв.зямляцтвы (напр., мазыране, палачане, мсціслаўцы, случане і інш.). Зямляцкія этнонімы былі ўстойлівыя і ў самой Беларусі, і за яе межамі. У 14—16 ст. значна пабольшала роля працэсаў этнагенетычнай кансалідацыі і агульнадзярж. інтэграцыі. Пра гэта сведчыць пашырэнне этнонімаў «русіны» і «літвіны». Руссю (рус. землямі) у той час называлі ўсх. і цэнтр.тэр. Беларусі. Кампактны арэал назвы «літвіны» бытаваў пераважна ў раёнах Вілейкі, Смаргоні, Ашмян, Крэва, Маладзечна, Ліды і інш. (т.зв. Павілейская Літва). Але ў 16—17 ст. «Літвой» і «літвінамі» называлі ўсё насельніцтва ВКЛ. Канкрэтна беларусаў называлі «літвіны рускага роду», «літвіны рускай веры», «літвіны-беларусцы», «літоўскія беларусы», што адлюстравана і ў гіст. дакументах (напр., бел. першадрукар і асветнік Ф.Скарына называў сябе палачанінам, русінам і літвінам).
Розныя ўзроўні працэсаў этнічнага формаўтварэння, саслоўна-класавая і канфесіянальная дыферэнцыяцыя адбіліся на складванні бел. народнасці, на разнастайнасці формаў і элементаў яе культуры і побыту. Асаблівасцю гарадоў і мястэчак Беларусі быў іх хуткі рост. У канцы 16 ст. іх было больш за 300, а іх жыхары складалі каля 16—20% насельніцтва. Многія з іх мелі магдэбургскае права. Павялічвалася маёмаснае, прававое і саслоўнае размежаванне іх насельніцтва. Да асобных катэгорый належалі духавенства і арыстакратыя. Іншаэтнічнае насельніцтва часта не ўваходзіла ў катэгорыю мяшчан, а аб’ядноўвалася ў свае абшчыны з асобнымі правамі і прывілеямі.
Асн. масу насельніцтва Беларусі 14—16 ст. складалі сяляне. Яны падзяляліся на дзяржаўных і прыватнаўласніцкіх. У выніку аграрнай рэформы — валочнай памеры, праведзенай у ВКЛ у 16 ст., саслоўна-сац. і гасп.-эканам. арганізацыя сялянства змянілася і стала складацца з трох асн. катэгорый: слугі, асадныя сяляне і цяглыя сяляне.
Асн. збожжавай культурай было жыта; сеялі таксама авёс, ячмень, проса, пшаніцу і інш. Былі пашыраны агародныя і садовыя культуры. З землеапрацоўчых прылад пераважала саха для парнай запрэжкі. Пры ляднай (падсечна-агнявой) сістэме апрацоўкі зямлі сяляне карысталіся матыкамі, баронамі, сукаваткамі, смыкамі. Збожжавыя культуры сеялі ўручную з сявенькі-лубянкі, жалі сярпом, малацілі цапамі, веялі зерне веялкай-шуфлікам, малолі на муку або абдзіралі на крупы. Павелічэнне плошчы ворных зямель суправаджалася ўзнікненнем новых пасяленняў. Іх памеры, характар узнікнення і інш. асаблівасці адлюстраваліся і ў назвах-вызначэннях. Побач з вядомымі са старажытнасці назвамі сяло, сяльцо, весь, вёска, пагост з 15 ст. пачалі сустракацца слабада. воля, вольта, засценак, селішча. Асн. тыпам планіроўкі новых пасяленняў быў вулічны, што адпавядаў дзярж. плану забудовы. Існавала таксама бессістэмная, або кучавая, забудова. Асноўным тыпам жылля была зрубная хата з двума памяшканнямі (хата + сенцы). Вядома і трохкамернае жыллё (святліца + сенцы + жылое або гасп. памяшканне). Дах накрывалі саломай, дранкай, гонтай. Печы рабілі з комінам або без яго (курная хата). Вокны былі невялікія, іх закрывалі засаўкай, бычыным пухіром, прамасленай паперай, зрэдку шклом. Жылыя дамы заможнай шляхты былі значна большыя, шматкамерныя, часам двухпавярховыя.
Пэўныя асаблівасці мела архітэктура гарадоў і мястэчак, якія паступова набывалі урбанізаваны тып, набліжаны да зах.-еўрапейскіх традыцый горадабудаўніцтва. У іх павялічвалася колькасць мураваных пабудоў (найбольш у зах. абласцях). Мураванымі былі пераважна абарончыя (замкі, крэпасці) і культавыя (цэрквы, касцёлы), радзей жылыя, бытавыя і адм. пабудовы.
Да 16 ст. адносіцца з’яўленне пэўных відаў адзення, якія пазней ўвайшлі ў традыц.бел.нар. касцюм. Асновай жаночага і мужчынскага касцюма заставалася кашуля (сарочка). Мужчынскі гарнітур дапаўняўся паясным (штаны, споднікі), плечавым (кафтан) і верхнім (кажух, армяк, даламан) адзеннем. У жаночы гарнітур уваходзіла плечавое і паясное адзенне (андарак, панёва, фартух, летнік, спадніца), розныя галаўныя ўборы (хустка, рантух, плахта, каптур, чапец, магерка, капялюш), а таксама паясы, кашалькі, упрыгожанні. З даўніх часоў на Беларусі бытаваў скураны абутак. Для сял. асяроддзя характэрнымі былі і лапці, пашытыя са скуры або сплеценыя з лыка.
Аснову харч. рацыёну насельніцтва 14—16 ст. складалі прадукты земляробства, агародніцтва, жывёлагадоўлі. Дадатковымі крыніцамі былі паляўніцтва, рыбалоўства, бортніцтва. З напіткаў спажывалі мёд, квас, піва і інш. (гл. таксама Беларускія народныя стравы).
Фальклор беларусаў перыяду фарміравання народнасці меў тыя самыя жанры і элементы, што і ў папярэднія стагоддзі: песні, магічныя заклінанні, звязаныя з язычніцкай абраднасцю, галашэнні, быліны, казкі, легенды, загадкі. Узнік і новы эпічны жанр — гіст. песні і паданні, гал. тэмай якіх была барацьба народа з іншаземнымі захопнікамі, а таксама з уласнымі прыгнятальнікамі. Шырока бытавалі лірычныя песні. Зліццём язычніцкіх і хрысц. элементаў характарызаваліся многія абрады і звычаі, звязаныя з каляндарна-аграрнымі святамі і сямейна-бытавой абраднасцю. Гл. таксама Народная паэтычная творчасць.
Традыцыі перадаваліся ў спадчыну з пакалення ў пакаленне ў рамках сям’і. Тагачасныя сем’і падзяляліся на малыя (шлюбная пара і іх дзеці) і вялікія (бацькоўскія і брацкія родзічы 2—3 пакаленняў, сваякі, якія мелі агульную маёмасць, вялі сумесную гаспадарку і лічыліся адным «дымам»). Распараджальнікам і галавой сям’і быў бацька, а ў выпадку яго смерці — маці (пры адсутнасці дарослага сына). Сямейна-бытавыя адносіны рэгламентаваліся звычаёвым правам і дзярж. сямейным правам.
Са стараж. часоў на Беларусі былі вядомы школы. Яны існавалі пераважна пры манастырах і цэрквах, з 16 ст. — пры брацтвах (гл.Брацкія школы). Пры ордэнах езуітаў, францысканцаў, бенедыкцінцаў існавалі калегіумы. Адукацыя гар. насельніцтва была звязана з агульнаеўрап. традыцыямі. Разам з тым духоўная культура і грамадская думка беларусаў у 14—16 ст. мелі свае асаблівасці. У той час узнікала бел.-літоўскае летапісанне (гл.«Летапісец вялікіх князёў літоўскіх», Беларуска-літоўскі летапіс 1446, «Хроніка Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага», Хроніка Быхаўца). Вяршыняй тагачаснай бел. культуры стала гуманістычная дзейнасць Ф.Скарыны, які ў перакладзе на старабел. мову выдаў Біблію (Прага, 1517—19). Яго паслядоўнікі С.Будны, В.Цяпінскі і інш. былі актыўнымі дзеячамі бел.Рэфармацыі. З жыццём і побытам беларусаў знаёміў еўрап. чытача адзін з выдатных паэтаў эпохі Адраджэння М.Гусоўскі. Вострыя праблемы грамадска-паліт. жыцця ўзнімалі М.Сматрыцкі, Л.Карповіч, С.Зізаній, Афанасій Брэсцкі і інш. З 16 ст. вядомы школьны тэатр, папулярнымі ў народзе былі лялечны тэатр батлейка, бел. харавыя песні-гімны — канты і псалмы. Склалася адметная беларуская іканапісная школа, дасягнулі росквіту драўляная скульптура і разьба па дрэве, беларуская рэзь стала шырока вядома за межамі Беларусі. Узнікла своеасаблівая архітэктура: Мірскі, Навагрудскі, Лідскі, Крэўскі замкі, Мураванкаўская і Сынковіцкая цэрквы-крэпасці і інш.
Асн. вынікам дзейнасці комплексу сац.-эканам., паліт., этнічных працэсаў 14—16 ст. на Беларусі стала складванне самаст. этнасацыяльнай супольнасці феад. тыпу — бел. народнасці і яе асн. этнічных прыкмет — мовы, культуры, самасвядомасці.
Цяжкім і складаным у гісторыі беларусаў быў перыяд 17—18 ст. Шматлікія войны з суседзямі і паміж магнатамі прывялі да сац.-эканам. крызісу Рэчы Паспалітай, які скончыўся яе падзеламі (1772, 1793 і 1795) паміж суседнімі дзяржавамі. Абвастрэнне нац.-класавых, рэлігійных і інш. супярэчнасцей выклікалі ўздым вызв. войнаў і антыфеад. паўстанняў. У выніку войнаў, голаду і эпідэмій рэзка зменшылася колькасць насельніцтва, што негатыўна паўплывала на развіццё бел. народнасці. Бел. шляхта на працягу 17—18 ст. ў асноўнай масе была паланізавана. Сялянства, частка гараджан, ніжэйшага і сярэдняга духавенства, дробнай і часткова сярэдняй шляхты актыўна супраціўлялася паланізацыі, што забяспечвала этнаэвалюцыйнае развіццё бел. народа. Дыферэнцыяцыя бел. культуры на культуру нар. мас і пануючых саслоўяў набывала ярка выражаную этнічную накіраванасць, калі менавіта народ захоўваў традыцыйнасць этнавызначальных прыкмет этнасу.
У 17—18 ст. на ПнУ і У Беларусі, сумежных тэр. Смаленшчыны і Пскоўшчыны стабілізавалася назва Белая Русь, вядомая з 14 ст., паступова ў шырокі ўжытак увайшлі паняцці «беларускі край», «беларускія гарады», «беларуская мова», «беларуская вера» (уніяцтва). Канфесіянальны склад заставаўся стракатым. Падтрымка каралеўскім дваром і магнатамі каталіцкай царквы садзейнічала пашырэнню на Беларусі розных каталіцкіх ордэнаў (дамініканцаў, езуітаў, францысканцаў, бенедыкцінцаў, кармелітаў і інш.), якія актыўна падтрымлівалі уніяцтва. Да канца 18 ст. католікі складалі каля 15%, уніяты 70%, праваслаўныя 6%, іудзеі 7%, пратэстанты і інш. 2% насельніцтва Беларусі. Палітыка акаталічвання і паланізацыі закранула і мову. У 1696 на канфедэрацыі Рэчы Паспалітай прынята рашэнне, паводле якога агульнадзярж. мовай абвяшчалася польская. Гэтыя і інш. неспрыяльныя сац.-паліт. фактары пагоршылі ўмовы развіцця духоўнай культуры бел. народа.
І.У.Чаквін.
Фарміраванне беларускай нацыі. Драматычныя падзеі апошняй трэці 18 ст. шмат у чым прадвызначылі далейшы лёс бел. этнасу. Устанаўленне паліт. улады рас. царызму садзейнічала захаванню і нават узмацненню феад. прыгону. Сельская гаспадарка Беларусі знаходзілася ў крызісным стане. За 1796—1858 насельніцтва Беларусі павялічылася на 27% і складала 3,3 млн.чал.Вял. страты панесла Беларусь у час Айчыннай вайны 1812. У пач. 19 ст. з’явіліся першыя прыкметы нац. кансалідацыі. У Віленскім ун-це ў канцы 1810-х г. М.Баброўскі і І.Даніловіч паклалі пачатак збіранню і публікацыі помнікаў бел. пісьменства 16—17 ст., садзейнічалі абуджэнню цікавасці да гіст. мінулага сярод студэнтаў — сяброў таварыстваў філаматаў і філарэтаў.
Развіццё бел. этнасу ў пач. 19 ст. характарызавалася не толькі працэсам фарміравання нац. самасвядомасці, але і іншаэтнічным асіміляцыйным уздзеяннем. Пры патуранні царскай адміністрацыі паланізацыя і акаталічванне карэннага насельніцтва ў канцы 18 — пач. 19 ст. нават узмацніліся. Тэарэтычным абгрунтаваннем гэтай дзейнасці сталі працы польскіх даследчыкаў С.Ліндэ, Л.Галамбёўскага, А.Дамбоўскага, А.Нарушэвіча, якія разглядалі беларусаў як этнагр. групу польскага народа. Пасля задушэння паўстання 1830—31 у дзярж. і навуч. установах замест польскай мовы ўводзілася руская. Полацкі царкоўны сабор 1839 абвясціў «уз’яднанне» уніятаў з пануючай праваслаўнай царквой. Гэта выклікала супраціўленне многіх вернікаў, асабліва на ПнЗ Беларусі. Пачалося афармленне тэорыі заходнерусізму, паводле якой беларусы лічыліся не самастойным этнасам, а адгалінаваннем рус. народа. Этнагр. асаблівасці, якія адрознівалі беларусаў ад рускіх, тлумачыліся польскім уплывам і падлягалі знішчэнню для аднаўлення нібыта «спрадвечна рускага характару краю». Заходнерусізм стаў ідэалогіяй і формай самасвядомасці часткі праваслаўнага духавенства, чыноўнікаў і дваран.
У 1840—50-я г. сярод шырокага кола мясц. інтэлігенцыі павялічылася цікавасць да гіст. мінулага Беларусі, вывучэння фальклору і побыту карэннага насельніцтва. З польскамоўнага літ. руху вылучылася т.зв. беларуская школа, творчасць прадстаўнікоў якой была прысвечана Беларусі. Асобныя творы Я.Чачота, Я.Баршчэўскага, А.Рыпінскага, У.Сыракомлі былі напісаны на бел. мове, а ў Я.Дуніна-Марцінкевіча яна стала асноўнай. У 1840-я г. А.Абрамовіч зрабіў першыя спробы стварэння нац. музычных твораў. У 1852 пастаўлена першая бел. опера «Сялянка» («Ідылія», муз. С.Манюшкі і К.Кжыжаноўскага, лібрэта Дуніна-Марцінкевіча). Самасвядомасць і творчасць гэтага кола інтэлігенцыі не заўсёды мелі ясна акрэслены нац. змест, але аб’ектыўна яны стваралі аснову бел. нацыянальнай мастацкай культуры. У цэлым развіццё нац. кансалідацыі слаба закранула этнас. Літвінамі сябе па-ранейшаму называлі жыхары Гродзенскага, Ваўкавыскага, Слонімскага, часткова Слуцкага пав. У Віленскай губ., Мінскім, Дзісенскім, Барысаўскім пав. літвінамі называлі толькі католікаў, а праваслаўных — беларусамі. Зах. Беларусь, як і раней, называлі Літвой, а этнічную Літву — Жмуддзю, Самагіціяй. Саманазва «беларусы» была найб. пашырана ў «гістарычнай Беларусі» — Віцебшчыне, Магілёўшчыне, Смаленшчыне, але яна мела пераважна тапанімічны характар. Захоўваліся шматлікія этніконы тыпу віцебцы, магілёўцы, гомельцы, пінчукі, бужане. Большасць памешчыкаў, 92% якіх былі католікамі, лічылі сябе палякамі. Многія з іх захоўвалі элементы мясц. («літоўскага», ці «беларускага») патрыятызму, які ў пач. 1860-х г. набыў нацынальна-паліт. і асветніцкі характар. У 1862 мінскі маршалак А.Аскерка выдаў у Варшаве бел. лемантар. Дробная шляхта сваю этнічную прыналежнасць звязвала з канфесіянальнай: католікі лічылі сябе палякамі, праваслаўныя — рускімі. Аналагічным чынам вызначалі сябе мяшчане. Этнічнае самавызначэнне інтэлігенцыі залежала гал. чынам ад яе паліт. арыентацыі, але большая частка аддавала перавагу польскай дэмакр. культуры. І толькі сярод нешматлікага кола дэмакр. інтэлігенцыі сфарміравалася ўяўленне пра тое, што беларусы валодаюць усімі ўмовамі для самастойнага развіцця і маюць на тое ўсе правы. Лідэрам гэтай групы стаў К.Каліноўскі. Яго публіцыстыка ў газ.«Мужыцкая праўда» сведчыла пра спеласць нац. руху. У час паўстання 1863—64 на Вілейшчыне па патрабаванні сялян былі адкрыты бел. школы. Паражэнне паўстання адмоўна адбілася на развіцці бел. этнасу. Лепшыя прадстаўнікі дэмакр. інтэлігенцыі загінулі, многія сасланы ў Сібір. Царская адміністрацыя ўстанавіла на Беларусі ваенна-паліцэйскі рэжым. Руская мова заняла пануючае становішча ва ўсіх сферах грамадскага жыцця. Было забаронена друкаваць бел. кнігі лацінкай.
Сялянская рэформа 1861 абумовіла пазітыўныя зрухі ў эканам. развіцці Беларусі. Вял. значэнне мела будаўніцтва густой сеткі чыгунак. Эканам. становішча сялян палепшылася. Вынікам гэтага стаў хуткі рост колькасці насельніцтва. За 40 паслярэформенных гадоў колькасць жыхароў падвоілася. У 1897 на Беларусі жыло 6,5 млн.чал.
У 1868 у Пецярбургу ўзнікла асветніцкая арг-цыя«Крывіцкі вязок». Далейшае развіццё нац. руху было звязана з народніцкай ідэалогіяй. У канцы 1870-х — пач. 1880-х г. у Пецярбургу была створана група «Гоман» — першая паліт. самастойная арг-цыябел.нац. інтэлігенцыі, якая выдавала час.«Гомон», інш. выданні. У 2-й пал. 1880-х г. у Мінску ўзнікла група ліберальнай інтэлігенцыі (М.В.Доўнар-Запольскі, У.З.Завітневіч, А.І.Слупскі, Я.Лучына і інш.), якая імкнулася абудзіць нац. самасвядомасць легальнымі сродкамі. Для гэтага выкарыстоўвалася першая прыватная на Беларусі газ.«Минский листок», а таксама выдадзеныя ў 1889—93 календары. Яшчэ большы ўплыў на фарміраванне нац. самасвядомасці зрабіла творчасць Ф.Багушэвіча. Яго прадмова да «Дудкі беларускай» з’явілася сапраўдным маніфестам нац. адраджэння (гл. таксама Беларускі нацыянальна-вызваленчы рух).
Вял. значэнне мела дзейнасць шматлікіх збіральнікаў і даследчыкаў фальклору, лінгвістаў, этнографаў. Іх публікацыі пераканаўча сведчылі, што беларусы з’яўляюцца самастойным этнасам, а не «сапсаванымі» рускімі ці палякамі.
На працягу 2-й пал. 19 ст. ў этнічнай самасвядомасці беларусаў адбыліся істотныя змены. Паводле перапісу 1897, 74% насельніцтва Беларусі лічылі роднай мовай беларускую. Да беларусаў сябе адносілі каля 43% саслоўя дваран. Роднай мовай беларускую лічылі 40% чыноўнікаў, 10% юрыстаў, 20% урачоў, 29% паштова-тэлеграфных служачых, 60% настаўнікаў. Сярод сялянства назва «беларусы» выцесніла большасць лакальных этніконаў. Тэрмін Беларусь замацаваўся за ўсёй этнічнай тэрыторыяй беларусаў. Аднак саманазва «беларус» яшчэ не мела агульнаэтнічнага і нац. зместу. Таму поруч з ім ужываліся канфесіянізмы («рускія», і «палякі»), а жыхары паўн.-заходняй і цэнтр. часткі Беларусі нярэдка называлі сябе «тутэйшымі».
Нац. рух, які ўступіў у новы перыяд свайго развіцця, меў сацыяліст. характар. У 1903 створана Беларуская сацыялістычная грамада (БСГ). Паскорыўся працэс фарміравання бел. прафесійнай мастацкай культуры. Узніклі бел. выдавецтвы «Загляне сонца і ў наша аконца» ў Пецярбургу, «Наша ніва», «Наша хата» і «Палачанін» у Вільні і інш. З’явіліся перыяд. выданні: газеты «Наша доля», «Наша ніва», «Гоман», «Беларус», часопісы «Лучынка», «Саха», «Крапіва», альманах «Маладая Беларусь». Характэрнай рысай усёй бел. нацыянальнай культуры было абуджэнне агульнаэтнічнай самасвядомасці.
Вял. ўплыў на фарміраванне нац. самасвядомасці як сістэмы навук. поглядаў зрабілі працы Я.Ф.Карскага «Беларусы» (т. 1—3, 1903—22), артыкулы Доўнар-Запольскага, матэрыялы перапісу 1897, працы В.Ластоўскага, асабліва яго «Кароткая гісторыя Беларусі» (1910). Вядучую ролю ў пашырэнні нац. самасвядомасці адыгрывала прэса, у першую чаргу газ. «Наша ніва», рэдакцыя якой стала арганізацыйным цэнтрам усяго нац. руху. Важнай формай папулярызацыі нац. культуры сталі бел. вечарынкі, што арганізоўваліся ў Вільні, Гродне, Полацку, Карэлічах, а таксама ў Пецярбургу, Варшаве, Тамбове і інш. Развіццю нац. культуры спрыяла кадыфікацыя бел. мовы. У 1908—10 былі спробы стварэння прыватных бел. школ.
Галоўным арэалам кансалідацыі бел. нацыі сталі цэнтр. і паўн.-зах. часткі Беларусі (Лідскі, Дзісенскі, Ашмянскі, Вілейскі, Гродзенскі, Ваўкавыскі, Слонімскі, Навагрудскі, Слуцкі і Мінскі пав). Менавіта сярэднебел. гаворкі, асабліва іх паўн.-зах. група, склалі дыялектную аснову бел. літаратурнай мовы. На пач. 20 ст.нац. самасвядомасць стала характэрнай рысай прадстаўнікоў практычна ўсіх класаў і сац. слаёў грамадства, што сведчыла пра завяршэнне фарміравання бел. нацыі як самаст. этнасацыяльнага арганізма.
П.У.Церашковіч.
Развіццё беларускай нацыі ў 20 ст. Першая сусв. вайна, Лютаўская і Кастр.рэв. 1917, грамадз. вайна, герм. і польск. акупацыі паставілі бел. народ на мяжу выжывання. У выніку страт на франтах і сярод мірнага насельніцтва ў часы ваен. дзеянняў і акупацый, эпідэмій, бежанства, эміграцыі з 7,5 млн.чал., што жылі на Беларусі ў 1914, на канец 1917 засталося 6,9 млн., а на пач. 1921 — 6,7 млн.чал. Радыкальныя змены ў паліт. сітуацыі пацягнулі за сабой трансфармацыю звыклых стэрэатыпаў, фарміраванне якасна новых уяўленняў аб сабе і суседзях. Важным крокам на шляху да бел. дзяржаўнасці было абвяшчэнне 25.3.1918 Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР). 1.1.1919 Часовы рабоча-сялянскі ўрад Беларусі абнародаваў Маніфест аб утварэнні Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі (БССР). Фактар дзяржаўнасці адыграў вял. этнафарміравальную ролю. У лют. 1919 БССР была аб’яднана з Літвой у Літоўска-Беларускую ССР. 31.7.1920 Беларусь зноў абвешчана незалежнай рэспублікай. Паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921зах.тэр. Беларусі з насельніцтвам больш за 4 млн.чал. засталася пад уладай Польшчы. Прымусовае адарванне Заходняй Беларусі стрымлівала этнічную кансалідацыю беларусаў. З пераходам да мірнага будаўніцтва, стварэннем СССР паступова вырашаліся нац. і культ. праблемы, пачалася беларусізацыя, якая прадугледжвала пашырэнне сферы ўжывання бел. мовы, вылучэнне на ключавыя пасады мясц. кадраў, развіццё нац. культуры.
Станаўленне новай школы ішло пераважна на роднай мове. На 15.12.1927 у БССР з 5510 школ 4573 былі беларускія. Працавалі таксама рус., яўр., укр., польск., лат., літ., ням. і інш. школы. Існавалі і школы змешанага тыпу: бел.-рус., бел.-польскія, бел.-яўр., рус.-яўр. і інш. Раўнапраўнымі дзярж. мовамі лічыліся бел., рус., польская і яўрэйская. Справаводства ў парт., дзярж., грамадскіх установах і арг-цыях пераводзілася на бел. мову. У станаўленні нац. адзінства пэўную ролю адыграла вышэйшая школа, у т. л.БДУ, Бел.ін-т сельскай і лясной гаспадаркі, Віцебскі ветэрынарны ін-т і інш. У 1929 на аснове Інстытута беларускай культуры створана Акадэмія навук Беларусі. Працэсу кансалідацыі спрыяла развіццё прафесійных формаў культуры беларусаў. На рэв. хвалі з нар. глыбінь у л-ру прыйшлі маладыя пісьменнікі і паэты. Узніклі літ. аб’яднанні («Узвышша», «Полымя», «Маладняк»), якія адыгралі прыкметную ролю ва ўздыме нац. свядомасці. Стварэнне бел. прафесійных тэатраў (Першы БДТ у 1920, Другі БДТ у 1926) стала стымулам для развіцця бел. драматургіі. Бел. мастакі, апрача нац. выставак, дэманстравалі свае творы ў Маскве, Лейпцыгу, Лос-Анжэлесе. У бел. кіно вядучае месца адводзілася гіст.-рэв. фільмам. Развівалася прафесійная музыка, аснову якой складалі нар. мелодыі. Палітыка беларусізацыі дала магутны імпульс для росквіту нац. культуры, абудзіла духоўныя сілы народа. У працэсе культурнай рэвалюцыі назіраліся супярэчлівыя тэндэнцыі, выкліканыя ігнараваннем інтарэсаў пэўных грамадскіх плыняў. Істотныя страты беларусам прычынілі прымусовая калектывізацыя і звязаныя з ёй высылкі за межы Беларусі заможных сялян. Калектывізацыя пакінула глыбокі след у духоўным жыцці беларусаў: разбураліся многія нар. традыцыі, звычаі, абрады, якія складваліся стагоддзямі. Гіпертрафіраваных памераў дасягнула антырэліг. прапаганда: закрываліся і рабаваліся цэрквы, знішчаліся многія арх. і гіст. помнікі. З канца 1920-х г. пачалася кампанія па выкрыцці т.зв. нацыяналдэмакратызму. Да «нацдэмаў» найперш адносілі пісьменнікаў і паэтаў сял. паходжання. Ахвярамі беззаконня сталі таксама вядомыя вучоныя, дзеячы мастацтва, настаўнікі і інш. (гл.Рэпрэсіі палітычныя ў СССР).
І ўсё ж бел.л-ра і мастацтва набывалі жанравую разнастайнасць і займалі пачэснае месца ў агульнасаюзнай і еўрапейскай культуры. У пач. 1930-х г. у БССР уведзена ўсеаг. абавязковае навучанне (пачатковае ў вёсцы, сямігадовае ў горадзе), у асноўным была ліквідавана непісьменнасць (паводле перапісу 1939 было 80,81% пісьменных). У 1938 працавала 7132 школы, у якіх вучылася больш за мільён дзяцей.
Складаным працэсам на Беларусі была індустрыялізацыя. У выніку хуткіх тэмпаў прамысл. развіцця БССР з аграрнай ператварылася ў індустрыяльна-аграрную рэспубліку. У працэсе тэхн. пераўзбраення нар. гаспадаркі мяняліся побыт і матэрыяльная культура беларусаў: традыц. касцюм паступова страчваў функцыі этнічнай прыкметы, традыц. прылады працы паступова выцясняліся машынамі. Замест шматлікіх вёсачак, засценкаў, хутароў узнікалі калгасныя пасёлкі, заснаваныя на нетрадыцыйных прынцыпах гасп. планавання. Пачалася планамерная забудова і рэканструкцыя гарадоў.
У Зах. Беларусі, якая да 1939 знаходзілася ў межах Польшчы, на нац. працэсы ўплывалі супярэчлівыя тэндэнцыі этнасац. развіцця. З аднаго боку, нарастала польска-каталіцкая каланізацыя «ўсходніх крэсаў», з другога — абуджэнне нац. самасвядомасці беларусаў. Запаволенае яе эканам. развіццё і слабая урбанізацыя былі адной з прычын кансервацыі традыц. культуры беларусаў. Важным паліт. актам, які станоўча паўплываў на развіццё бел. народа, было ўз’яднанне беларусаў у адзінай рэспубліцы (1939).
Працэсы ўнутранай кансалідацыі бел. этнасу перапыніла Вялікая Айчынная вайна Савецкага Саюза 1941—45. За гады акупацыі гітлераўцы разбурылі і зруйнавалі на Беларусі 209 гарадоў і раённых цэнтраў, 9200 вёсак, правялі больш за 140 карных аперацый, у час якіх спалілі 628 вёсак разам з жыхарамі. Загінуў кожны чацвёрты жыхар Беларусі. Вайна выклікала вял. міграцыі насельніцтва: у першыя месяцы вайны з тэр. Беларусі эвакуіравана 1,5 млн.чал.; больш за мільён беларусаў змагаліся на франтах, больш за 440 тыс. партызан і падпольшчыкаў вялі барацьбу на акупіраванай ворагам тэрыторыі (гл.Партызанскі рух на Беларусі ў Вялікую Айчынную вайну).
Пасля вайны ўнутрыэтнічная кансалідацыя бел. этнасу набірала сілу. У перыяд аднаўлення нар. гаспадаркі адраджаліся традыц. промыслы і рамёствы. Да канца 1950-х г. з дапамогай усёй краіны Беларусь аднавіла свой эканам. патэнцыял. Аднак толькі праз 30 гадоў яна дасягнула даваен. колькасці насельніцтва.
З 1960-х г. з разгортваннем навукова-тэхн. прагрэсу, інтэнсіўным развіццём урбанізацыі і міграцыі, ростам адукацыйнага патэнцыялу насельніцтва адбываліся глыбокія структурныя зрухі ў эканам., паліт., сац. і духоўным абліччы беларусаў. Унутраная кансалідацыя этнасу спалучалася з нарастаннем інтэграцыйных працэсаў. Тэмпы эканам. развіцця Беларусі былі вышэйшыя за сярэднія паказчыкі ў СССР. Павялічылася ўраджайнасць с.-г. культур, прадукцыйнасць жывёлагадоўлі. Індустрыяльнае аблічча рэспублікі сталі вызначаць працаёмкія і навукаёмкія галіны прамысловасці. Хуткі рост прам-сці паўплываў на рост міграцыйных працэсаў і тэмпы урбанізацыі. У гарадах Беларусі жыве 68,6% яе насельніцтва (на 1.1.1995). Міграцыя з вёсак найб. актыўнай і адукаванай іх часткі, масавы прыток сельскіх жыхароў у гарады пэўным чынам паўплывалі на этнічныя працэсы, на аблічча гараджан (73% ад гараджан склалі беларусы). Вяскоўцы прыносілі ў гар. лад жыцця бел. традыцыйную культуру: песні, танцы, абрады, звычаі.
Пад уплывам навук.-тэхн. прагрэсу адбываюцца змены ў матэрыяльнай культуры народа. Бел.нар. адзенне знайшло сваё ўвасабленне ў сцэнічным і абрадавым касцюме. Традыцыі нар. творчасці выкарыстоўваюцца ў мадэліраванні сучаснага адзення. У асобных нас. пунктах захоўваюцца нар. промыслы і рамёствы.
Значныя змены адбываюцца ў жыллёвым буд-ве, ва ўпарадкаванні сельскіх і гар. паселішчаў. Сельскае жыллё развіваецца па 2 кірунках: удасканальванне традыц. тыпаў і забудова вёскі шматпавярховымі дамамі і катэджамі. Аднак пераважае традыц. жыллё: 73% жыллёвага фонду сельскіх нас. пунктаў прыпадае на індывід. хаты. Будуюцца ў вёсках цагляныя і шлакабетонныя дамы; на змену саламянаму даху прыйшлі чарапіца, гонта, бляха, шыфер.
Ідзе інтэнсіўная трансфармацыя інтэр’ера (вылучэнне пакояў, наяўнасць фабрычнай мэблі, хатняй бібліятэкі і інш.).
Пэўнай традыцыйнасцю вылучаецца нац. кухня беларусаў. Па-ранейшаму аддаецца перавага жытняму хлебу, штодзень на стале ў беларусаў бывае бульба ў розных варыянтах. Як і раней, пашыраны стравы з круп. Аднак і ў харчаванні адбыліся пэўныя змены: больш спажываецца мясных і малочных прадуктаў, яек, цукру; параўнальна менш хлеба і бульбы. Стравы, якія раней гатавалі на свята, сталі паўсядзённымі. У той жа час такія стравы, як дранікі, калдуны, бабка, мачанка, пераходзяць на святочны стол і служаць свайго роду этнічнай прыкметай бел. кулінарыі.
Пазітыўныя змены адбыліся і ў духоўнай культуры беларусаў. Ажыццяўляецца ўсеагульная сярэдняя адукацыя. За 1970—90 колькасць нац. інтэлігенцыі падвоілася. Сярод спецыялістаў з вышэйшай адукацый, што працуюць у нар. гаспадарцы, беларусы складаюць 61% (1974), колькасць студэнтаў беларусаў павялічылася да 70,7% (1989). Калі ў 1970 на 1 тыс. беларусаў, што працавалі ў нар. гаспадарцы, прыпадала 40 чал. з вышэйшай і 515 з сярэдняй адукацыяй, то ў 1989 — адпаведна 115 і 774 чал. Беларусы прадстаўлены ва ўсіх групах інтэлігенцыі. Сярод дактароў навук беларусаў 47%, сярод кандыдатаў — каля 50%. Адметнай рысай самасвядомасці беларусаў стала прафесійная культура (літаратура, мастацтва). Яна заняла моцныя пазіцыі ў перадачы этнічных ведаў.
Вялікае значэнне ва ўмацаванні агульнаэтнічнага адзінства набылі тэлебачанне, радыё, друк, якія знаёмяць з багатай спадчынай беларусаў, іх гісторыяй, культурай. У абрадавым жыцці беларусаў ідуць складаныя, супярэчлівыя працэсы. Абраднасць выцясняецца за межы сям’і. Паралельна з працэсам арганізаванага ўкаранення новай абраднасці ідзе актывізацыя абрадавай творчасці нар. мас. Ступень захаванасці нац. самабытнасці найб. высокая ў абрадах, звязаных з жыццём сям’і (радзіны, вяселле, пахаванне). У апошнія дзесяцігоддзі заўважаецца адраджэнне каляндарных свят (провады зімы, гуканне вясны, зажынкі, дажынкі, Купалле), а з 1990-х г. агульнанац. святамі сталі Каляды, Вялікдзень, Дзяды.
Неадназначныя працэсы ідуць і ў моўнай сферы беларусаў. Перапіс 1959 зафіксаваў павелічэнне колькасці беларусаў, якія лічаць бел. мову роднай. Аднак з 1970 працэнт такіх людзей памяншаўся. Мацнейшыя арыентацыі на бел. мову ў сельскай мясцовасці. Больш трывала яна ўтрымлівалася ў сферы чытання, менш — ва ўнутры- і міжнац. зносінах. Патэнцыяльнае валоданне роднай мовай у беларусаў больш высокае, чым яе фактычнае выкарыстанне. Ва ўмовах інтэнсіўнай адаптацыі беларусаў да індустрыяльна-урбанізаванага асяроддзя, інтэрнацыяналізацыі ладу жыцця змяніліся адносіны ў выкарыстанні бел. і рус. моў на карысць апошняй. У выніку нац. свядомасць часткі беларусаў стала абапірацца на мову не як на аб’ектыўную прыкмету, а як на этнічны сімвал. Матэрыялы спец. даследаванняў і перапісаў сведчаць, штонац. самасвядомасць беларусаў абапіраецца на 2 мовы: беларускую і рускую. Масавае двухмоўе стала ўстойлівай з’явай, што пацвердзіў рэферэндум 1995. Руская мова адносіцца да найбольш пашыраных у свеце моў, валодае высокім інфармацыйна-камунікатыўным патэнцыялам, з’яўляецца роднаснай беларускай мове, што і вызначае яе шырокае выкарыстанне беларусамі.
Інтэнсіфікацыя этнакультурных кантактаў, рост нац. змешаных сем’яў, інтэрнацыяналізацыя працоўных калектываў ідзе на фоне нац. цярпімасці і суправаджаецца пэўнай мадыфікацыяй этнасу. У выніку кансалідацыйных працэсаў устойліва замацаваўся ў якасці агульнаэтнічнай назвы этнонім «беларусы». У іншанац. асяроддзі беларусы выступаюць як адзіная нац. агульнасць.
У этнічнай гісторыі беларусаў 1970—80-я г. адзначаны развіццём эканомікі, культуры, своеасаблівай раўнавагай (балансам) інтарэсаў розных нац. і сац. сіл, умацаваннем нац. самасвядомасці. Аднак у канцы 1980 — пач. 1990-х г. заўважаюцца негатыўныя тэндэнцыі ў эканоміцы, дэмаграфічным развіцці (павялічваецца смяротнасць, зніжаецца нараджальнасць), у культуры этнасу, экалогіі (найперш Чарнобыльская катастрофа 1986).
Канец 20 ст., як і яго пачатак, стаў пераломным у гісторыі беларусаў, калі на эвалюцыйны шлях развіцця вял. ўплыў аказвалі паліт. і сац. зрухі. 27.7.1990 сесія Вярх. Савета БССР прыняла Дэкларацыю «Аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі», якой 25.8.1991 нададзены статус канстытуцыйнага закону. Пасля распаду СССР глабальныя паліт. змены адбыліся і на Беларусі. На 1990-я г. прыпадаюць змены ў культурна-гіст. самасвядомасці беларусаў: умацоўваецца рэліг. самасвядомасць і прыналежнасць чалавека да пэўнага этнасу, а ўтварэнне менавіта сваёй бел. дзяржаўнасці спрыяе развіццю этнакансалідуючых тэндэнцый.
Гісторыя сведчыць, што беларусы на працягу свайго шматвяковага шляху стварылі і захавалі багатую, самабытную і унікальную культуру, якая ўвайшла ў сусветную цывілізацыю, паказалі мужнасць і гераізм, цярпенне і працавітасць, міласэрнасць і ўменне жыць у добрасуседстве. Гэта дае надзею на будучае, што і ў 3-м тысячагоддзі беларусы не страцяць свайго «твару», знойдуць сваё месца ў шматколернай сусветнай супольнасці народаў.
Да арт.Беларусы. Свінцовая пячатка Усевалада Яраславіча з Полацка. 11 ст.Да арт.Беларусы. Карта Вялікага княства Літоўскага і Белай Русі Г.Баплана. Каля 1654.Да арт.Беларусы. Дзяўчынкі са Случчыны. Пач. 20 ст.Да арт.Беларусы. Дзяўчына ў святочным уборы. Вёска Колкі Клецкага р-на Мінскай вобл.Неглюбскія ручнікі. Вёска Неглюбка Веткаўскага раёна.Хата ў вёсцы Старое Сяло Веткаўскага раёна.
Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту. Экспазіцыя сектара «Цэнтральная Беларусь».Крыжы з аброчнымі тканінамі на могілках у Чарнобыльскай зоне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЭ́НДНАЕ ПРАДПРЫЕ́МСТВА,
дзяржаўнае прадпрыемства, перададзенае ў арэнду на аснове арэнднага дагавору паміж дзяржаўнымі органамі і арганізацыяй арандатараў, якая фарміруецца паводле рашэння працоўнага калектыву. Арганізацыя арандатараў з’яўляецца ўласнікам атрыманых прадукцыі і даходу, што збліжае работніка са сродкамі вытворчасці, павышае зацікаўленасць у росце эфектыўнасці прадпрыемства. Важным стымулам з’яўляецца таксама стварэнне на арэндным прадпрыемстве ўласнасці, якая належыць работнікам прадпрыемства на долевай аснове. Арэнда прадпрыемства выгадная і дзяржаве: павялічваюцца яе даходы ў выглядзе арэнднай платы, пашыраецца выпуск прадукцыі, умацоўваецца эканоміка. Арэнднае прадпрыемства з’яўляецца правапераемнікам маёмасных правоў і абавязкаў дзяржаўнага прадпрыемства: пэўны час яно павінна захоўваць вытворчы профіль, выконваць дзяржаўны заказ, заказы на рэалізацыю прадукцыі і інш. У астатнім арэнднаму прадпрыемству даецца самастойнасць: у адпаведнасці са сваім статутам самому выбіраць спосаб кіравання, размяркоўваць (пасля выплаты абавязковых плацяжоў) прыбытак, вызначаць формы і сістэмы аплаты працы, распарадак рабочага дня, парадак прадастаўлення выхадных дзён і адпачынкаў. На пачатку 1995 у розных галінах эканомікі Беларусі каля 3 тысяч арэндных прадпрыемстваў, на якіх працавала 378 тысяч чалавек. У аўтамабільным і рачным транспарце арэндныя прадпрыемствы давалі амаль палавіну, у будаўніцтве і бытавым абслугоўванні — каля 40% прадукцыі. У пераходны да рыначнай эканомікі перыяд арэндныя прадпрыемствы ствараюць умовы для прыватызацыі пераўтварэннем іх у прадпрыемствы калектыўнай ці прыватнай уласнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТЭНАСФЕ́РА (ад грэч. asthenēs слабы + сфера),
Гутэнберга слой, слой паніжанай вязкасці ў верхняй мантыі Зямлі, які падсцілае літасферу. Вылучаюць па паменшанай скорасці праходжання сейсмічных хваляў і павышанай электраправоднасці адносна літасферы і астатняй мантыі. Астэнасфера складзена з перыдатытаў, рэчыва якіх знаходзіцца ў пластычным і вязкім стане, можа цячы і ствараць гідрастатычную раўнавагу (ізастазію). Пад акіянамі пашырана ўсюды з глыб. 50—70 км, пад кантынентамі адзначана з глыб. 80—100 км, найб. выразная — у тэктанічна актыўных зонах стараж. платформаў і пад маладымі платформамі. Пад астраўнымі дугамі астэнасфера шматслойная (поліастэнасфера). Рэчыва астэнасферы ў такіх структурах часткова расплаўлена (на 1—10%). Пад стабільнымі ўчасткамі стараж. шчытоў і дакембрыйскіх пліт выяўлена не ўсюды. Ніжняя мяжа астэнасферы знаходзіцца на глыб. 250—300 км (да 400 км). На тэр. Беларусі астэнасфера вылучаецца пад Беларускай антэклізай на глыб. 200—210 км (магутнасць 20—30 км) і пад Прыпяцкім прагінам на глыб. 90—100 км (магутнасць да 140 км). Рэчыва астэнасферы ўдзельнічае ў фарміраванні пакладаў карысных выкапняў, з ёй звязаны працэсы магматызму і метамарфізму.
Астэнасфера адкрыта ў 1914 Дж.Барэлам. Першае пацвярджэнне яе існавання атрымаў у 1926 Б.Гутэнберг (адсюль другая назва). Ён паказаў, што ў астэнасферы адбываюцца працэсы, якія выклікаюць гарызантальныя і вертыкальныя рухі блокаў літасферы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСЦЫЛО́ГРАФ (ад лац. oscillum ваганне + ...граф),
вымяральная прылада для графічнага назірання і запісу функцыянальных сувязяў паміж эл. велічынямі, што характарызуюць які-н. фізічны працэс. З дапамогай асцылографа вызначаюць змены сілы току і напружання ў часе, вымяраюць частату, зрух фазаў, характарыстыкі электравакуумных і паўправадніковых прылад, а з дапамогай спец. датчыкаў (напр., тэрмапары) неэл. велічыні: т-ру, ціск, паскарэнне і інш. Асцылографы бываюць нізка- (да 1 МГц) і высокачастотныя (да 100 МГц і вышэй), адна- і многапрамянёвыя, імпульсныя, запамінальныя, спец. тэлевізійныя і інш.
Святлопрамянёвы асцылограф складаецца з люстранага гальванометра (шлейфа), святлоаптычнай сістэмы і прыстасаванняў для працягвання святлоадчувальнага носьбіта запісу (напр., фотапаперы) і непасрэднага назірання, вызначальніка часу. Бывае з фатаграфічным, электраграфічным, ультрафіялетавым і камбінаваным запісам адхілення светлавога праменя, адбітага ад шлейфа, скорасць працягвання носьбіта запісу да 5000 мм/с. Можна адначасова даследаваць да 64 розных працэсаў, напрыклад пры вывучэнні вібрацый і дэфармацый у самалётах, турбінах. Электроннапрамянёвы асцылограф прызначаны для непасрэднага назірання і фатаграфавання эл. працэсаў на экране электронна-прамянёвай трубкі (ЭПТ). Сігнал падаецца на вертыкальна адхіляльныя пласціны (шпулі) ЭПТ, напружанне разгорткі пры назіранні часавай залежнасці — на гарызантальна адхіляльныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІ́ТВА КАЛЯ́ СІ́НІХ ВО́Д 1362.
Адбылася паміж войскамі ВКЛ і аб’яднаным войскам Крымскай, Перакопскай і Ямбалукскай ордаў на р. Сінія Воды (Сінюха; левы прыток Паўд. Буга). Бітва была гал. падзеяй у наступленні ВКЛ на падпарадкаваныя татарам землі паўд.-зах. Русі. У 1362 вял.кн.ВКЛ Альгерд, выкарыстаўшы паляпшэнне адносін з Польшчай і крыжакамі, выступіў супраць ардынскага панавання ў міжрэччы Дняпра і Дуная. Яго войска было сабрана ў ВКЛ, папоўнена на Валыні і Кіеўшчыне. Восенню Альгерд з войскам рушыў з Кіева на зах. Падолле. Войска татар, якое ўзначалілі князі Кутлубуг, Качубей (Качыбей, Хачыбей) і Дзімітр — «отчычы і дзедзічы Падольскай зямлі», падзялялася на 3 часткі. Альгерд свае 6 палкоў паставіў у лінію глыбокай абароны ў некалькі радоў, што не давала магчымасці варожай конніцы зайсці ў тыл. Лёгка адбіўшы націск татар, войскі Альгерда нанеслі ўдары ў цэнтры фронту і па флангах. Пасля нядоўгага бою супраціўленне татар было зламана і яны ратаваліся ўцёкамі. У час пагоні быў захоплены абоз ардынцаў. Асабліва вызначыліся ў бітве ратнікі з Новагародка, якімі камандавалі князі Карыятавічы. У выніку перамогі ВКЛ пашырыла сваю тэр. да вусцяў Дняпра і Днястра, замацавала ў сваім складзе Чарнігава-Северскія землі, Падолле, Валынь, Кіеўшчыну. Пачалося вызваленне ўсх.-слав. зямель ад ардынскага панавання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІ́ТВА НА ВО́РСКЛЕ 1399.
Адбылася паміж войскамі ВКЛ на чале з вял.кн. Вітаўтам і Залатой Арды на чале з ханам Цімурам-Кутлукам і цемнікам Едыгеем 12.8.1399 каля р. Ворскла (левы прыток Дняпра; верагодна, на тым самым полі, дзе адбылася Палтаўская бітва 1709). Саюзнікамі Вітаўта былі некалькі тысяч татар, прыведзеных ханам Тахтамышам. Вітаўт абяцаў Тахтамышу дапамогу ў захопе ханскага трона Залатой Арды, за што Тахтамыш павінен быў выдаць яму ярлык на Маскоўскае вял. княства, Ноўгарад, Пскоў. Вітаўта падтрымаў і папа рымскі, які абвясціў крыжовы паход на Залатую Арду. У войску ВКЛ былі атрады з Польшчы, Тэўтонскага ордэна, Валахіі. Аднак асн. сілу войска ў 15—20 тыс.чал. складалі харугвы прыкладна 50 князёў ВКЛ. Войска Залатой Арды (верагодна, большае за войска ВКЛ) сустрэла Вітаўта ў межах Залатой Арды каля пераправы цераз р. Ворскла. Спачатку татары зацягвалі час перагаворамі, а з падыходам асн. іх сіл войска Вітаўта было акружана і разбіта, тысячы воінаў загінулі ці трапілі ў палон. Вітаўт і Тахтамыш з рэшткамі войска ўцяклі. Перамога дала магчымасць Цімуру-Кутлуку ўчыніць спусташальны набег на землі Кіеўшчыны і Валыні. ВКЛ захавала кантроль над паўн. Прычарнамор’ем, хоць праваліліся планы Вітаўта дамагчыся панавання над усёй Руссю. Паражэнне садзейнічала заключэнню Віленска-Радамскай уніі 1401 ВКЛ з Польшчай.