ГРАФЕ́МА (ад грэч. graphē абрыс, контур),
мінімальная структурная адзінка пісьмовай мовы, якая адпавядае фанеме ў вуснай мове. Знаходзіць выражэнне ў літарах і выступае ў розных варыянтах у залежнасці ад стылю пісьма, месца ў слове або сказе. Гэтыя варыянты або літары (вялікія і радковыя, прамыя і курсіўныя) называюць алографамі адной і той жа графемы. Сістэма графемы пэўнага пісьменства ўтварае алфавіт гэтага пісьменства. Тэрмін «графема» ўведзены І.А.Бадуэнам дэ Куртэнэ ў 1912.
А.М.Булыка.
т. 5, с. 412
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЯЛЁНЫ КАНВЕ́ЕР,
сістэма вытворчасці і выкарыстання зялёных кармоў, пры якой жывёлы забяспечваюцца імі бесперабойна і раўнамерна з ранняй вясны да позняй восені. У склад З.к. ўключаюць прыродную і штучную пашу, адна- і шматгадовыя травы (зялёная маса), кармавыя формы бахчавых, караняплодаў, капусты, азімы рапс. Адрозніваюць прыродны, штучны і мяшаны тыпы З.к. У ім выкарыстоўваюць прыродную і сеяную пашу, атаву прыродных сенажацей, культуры палявой кормавытворчасці. На Беларусі культуры З.к. пачынаюць скормліваць жывёле з сярэдзіны мая.
т. 7, с. 126
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМЕНДА́НЦКАЯ СЛУ́ЖБА,
сістэма мерапрыемстваў, што арганізуюцца і праводзяцца з мэтай забеспячэння своечасовага і скрытнага перамяшчэння, сканцэнтравання, разгортвання і размяшчэння войск, а таксама падтрымання агульнага парадку ў раёнах іх размяшчэння і дзеянняў, кантролю за выкананнем мер маскіроўкі і рэгулявання руху. Для выканання задач К.с. назначаюцца адпаведныя каменданты, выкарыстоўваюцца штатныя падраздзяленні рэгулявання руху і К.с.; могуць прыцягвацца інш. падраздзяленні і афіцэры штабоў. Ва ўзбр. сілах ЗША, ФРГ і інш. дзяржаў для нясення К.с. прыцягваюцца падраздзяленні ваен. паліцыі.
т. 7, с. 511
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНДРАЦЕ́НКА (Раман Ісідаравіч) (12.10.1857, Тбілісі — 15.12.1904),
расійскі ваен. дзеяч, герой абароны Порт-Артура. Ген.-лейт. (1904). Скончыў Мікалаеўскае інж. вучылішча (1877), Інж. акадэмію (1882) і Акадэмію Генштаба (1886). Камандаваў (з 1903) 7-й Усх.-Сібірскай стралк. брыгадай. У рус.-яп. вайну 1904—05 нач. абароны сухап. фронту крэпасці Порт-Артур, пад яго кіраўніцтвам нанава створана сістэма абароны крэпасці. Кіраваў стварэннем новых відаў узбраення (ручныя гранаты, мінамёты), прыдумаў электрызацыю драцяных загарод. Загінуў пры артыл. абстрэле.
т. 7, с. 578
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНСАНАНТЫ́ЗМ [ад лац. consonans (consonantis) зычны гук],
сістэма зычных гукаў мовы або дыялекту на пэўным этапе развіцця. У розных мовах адрозніваецца колькасцю зычных фанем, іх прыкметамі, адносінамі паміж сабой. У сучаснай бел. літ. мове сістэму К. ўтвараюць 39 зычных фанем. У аснову іх класіфікацыі пакладзены дыферэнцыяльныя прыкметы, якія вызначаюцца ўдзелам голасу і шуму, спосабам і месцам утварэння перашкоды ў ротавай поласці, дадатковай артыкуляцыяй (у бел. мове палаталізацыяй). К. процілеглы вакалізму — сістэме галосных гукаў мовы.
т. 7, с. 590
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАСЕ́ЧНЫЯ МЕ́ЖЫ (засечныя лініі, засекі),
сістэма абарончых умацаванняў на паўд. і паўд.-ўсх. ускраінах Рус. дзяржавы ў 16—17 ст. дзеля аховы ад качэўнікаў. Складаліся з засек, валоў, равоў, частаколаў; выкарыстоўваліся і прыродныя перашкоды (рэкі, яры). Мелі апорныя пункты (астрогі і гарады-крэпасці). Найбольшай была Вялікая З.м. (ад Разані да Тулы). З перамяшчэннем меж Расіі на Пд паступова страцілі сваё значэнне. У 18 ст. вопыт буд-ва З.м. выкарыстоўвалі пры ўзвядзенні пагран. умацаваных ліній.
т. 6, с. 544
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗГУРТАВА́ННЕ ў біялогіі,
сукупнасць арганізмаў розных відаў, якія сумесна жывуць і ўяўляюць сабой вызначанае экалагічнае адзінства (напр., фітапланктон якога-н. возера, глебавыя жывёлы ўчастка лесу). Часам вызначаецца як сукупнасць усіх арганізмаў (раслін, жывёл і мікраарганізмаў), якія насяляюць участак сушы або вадаёма, і трактуецца як сінонім тэрміна біяцэноз. Вылучаюць таксама З. раслін (фітацэноз) і жывёл (зоацэноз). З. — сістэма вызначанага ўзроўню арганізацыі жывой матэрыі. Элементы З. — папуляцыі розных відаў, а само З. з’яўляецца элементам экасістэмы (біягеацэнозу).
т. 7, с. 46
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАФТАСХО́ВІШЧА,
рэзервуар ці сістэма рэзервуараў для захоўвання нафты і прадуктаў яе перапрацоўкі (бензіну, газы, дызельнага паліва і інш.). Бываюць: наземныя, паўпадземныя і падземныя; стальныя, жалезабетонныя і пластмасавыя; цыліндрычныя (верт. і гарыз.), сферычныя, прамавугольныя і кроплепадобныя. Абсталёўваюцца люкамі (для агляду, праветрывання і інш.), проціпажарнымі прыстасаваннямі, засцерагальнымі клапанамі, прыладамі дыстанцыйнага кіравання напаўненнем і апаражненнем і інш. Найб. пашыраны наземныя стальныя і падземныя жалезабетонныя. Ёмістасць пераважна 100—1000 м³, часам да 50—100 тыс. м³.
т. 11, с. 217
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАВЕ́ТРАНАЕ АЦЯПЛЕ́ННЕ,
сістэма ацяплення, пры якой памяшканне ацяпляецца пададзеным у яго падагрэтым паветрам. Выкарыстоўваецца ў прамысл., с.-г. і грамадскіх збудаваннях.
Бывае мясцовае (ацяпляльна-вентыляцыйныя агрэгаты ўстаноўлены ў памяшканні) і цэнтральнае (адзін агрэгат абслугоўвае некалькі памяшканняў). Адрозніваюць П.а. рэцыркуляцыйнае (паветра, пададзенае да паветрападагравальніка, бярэцца з памяшкання) і спалучанае з вентыляцыяй (часткова паветра бярэцца з памяшкання і часткова звонку). Перамяшчэнне паветра бывае прымусовае (за кошт вентылятара) і натуральнае за кошт рознасцей т-р і шчыльнасці паветра).
т. 11, с. 467
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́ДЫКА-САНІТА́РНАЕ АБСЛУГО́ЎВАННЕ,
сістэма мерапрыемстваў па вырашэнні праблем аховы здароўя насельніцтва. Асн. функцыі: умацаванне і прафілактыка (у т. л. вакцынапрафілактыка) здароўя насельніцтва; лячэнне і рэабілітацыя хворых, правядзенне сан.гігіенічных мерапрыемстваў, ахова здароўя маці і дзіцяці, планаванне сям’і, сан. адукацыя, забеспячэнне насельніцтва рацыянальным і дабраякасным харчаваннем, пітной вадой, лек. сродкамі і інш. Ажыццяўляецца сістэмай лячэбна-прафілактычных устаноў (бальніцы, паліклінікі, дыспансеры, санаторыі, прафілакторыі, цэнтры гігіены і эпідэміялогіі, цэнтры здароўя, дэзінфекц. станцыі, аптэчныя ўстановы і інш.).
Э.А.Вальчук.
т. 10, с. 252
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)