гідралагічныя аб’екты натуральнага або штучнага паходжання, каштоўныя ў экалагічных, навуковых, эстэтычных, гісторыка-культурных адносінах. Да гідралагічных помнікаў прыроды могуць належаць азёры, балоты, вадасховішчы, сажалкі, участкі рэк з поймамі, старых каналаў, крыніцы. На Беларусі (на 1.1.1997) 2 помнікі рэсп. значэння (Палыкавіцкая крыніца ў Магілёўскім і Блакітная крыніца ў Слаўгарадскім р-нах Магілёўскай вобл.) і 41 мясц. значэння, з іх 19 у Мінскай, 14 у Магілёўскай і 8 у Віцебскай абл. На іх тэр. ўстаноўлены асобы рэжым аховы і выкарыстання: забаронены меліярац.работы, змяненне рэчышчаў, парушэнні берагоў і поймы, знішчэнне берагаахоўнай воднай і балотнай расліннасці, скідванне сцёкавых вод, здабыча карысных выкапняў і інш. мерапрыемствы, якія выклікаюць засмечванне, забруджванне, вычарпанне вадаёмаў ці змяненне хім. саставу вод.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАВІМЕ́ТР (ад лац. gravis цяжкі + ...метр),
прылада для вымярэння сілы цяжару і адпаведнага паскарэння свабоднага падзення. Адрозніваюць гравіметры статычныя і дынамічныя, стацыянарныя і перасоўныя. Спосабы вымярэнняў бываюць абсалютныя і адносныя (вымяраецца змяненне паскарэння свабоднага падзення g у дадзеным пункце адносна пэўнага зыходнага пункта; гл.Гравіметрычная здымка). Прылады, устаноўленыя на суднах і самалётах, улічваюць таксама ўплыў сіл інерцыі. Адносная хібнасць вызначэння g да 10−7 — 10−9.
Статычныя гравіметры засн. на прынцыпе работы спружынных вагаў: змены g ураўнаважваюцца пругкай сілай (ці пругкім момантам) адчувальнага элемента (выкарыстоўваюцца для адносных вымярэнняў). Да дынамічных гравіметраў адносяць струнныя (выкарыстоўваюць для адносных вымярэнняў па зменах частаты ваганняў нагружанай струны) і балістычныя (выкарыстоўваюць для абсалютных вымярэнняў часу праходжання пры свабодным падзенні пробным целам зададзенай адлегласці).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГРАД»,
самаходная рэактыўная сістэма залпавага агню. У склад «Град» ўваходзяць; баявая машына БМ-21, трансп. машына, асколачна-фугасныя рэактыўныя снарады М-210ф.
Прызначаны для знішчэння і падаўлення жывой сілы і баявой тэхнікі праціўніка ў месцах іх канцэнтравання, артыл. і мінамётных батарэй, разбурэння ўмацаванняў, апорных пунктаў і інш. на адлегласці да 20,4 км. Баявая БМ-21 зроблена на базе аўтамабіля «Урал»; мае абсталяванне для забеспячэння адзіночнага і залпавага агню, бяспечнай работы разліку пры яго знаходжанні ў кабіне баявой машыны ці ў сховішчы на аддаленні да 60 м ад яе. Снарады перавозяцца і захоўваюцца на трансп. машыне на спец. стэлажах. У Беларусі «Град» прыняты на ўзбраенне рэактыўных артыл. дывізіёнаў сухап.Узбр. Сіл. Гл. таксама Рэактыўная артылерыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАВІДО́ВІЧ (Сяргей Фёдаравіч) (н. 20.6.1942, в. Карпілаўка Лагойскага р-на Мінскай вобл.),
бел. пісьменнік, мастак. Скончыў Вышэйшую школу МУС Рэспублікі Беларусь (1981). Зб-кі вершаў «Спасцігнуў я тайну» (1991), паэм «Люстэрка лёсу» (1993), паэт.-празаічных твораў «Нясу свой крыж» (1995), «Горкая кропля» (1997) вызначаюцца глыбінёй абагульненняў, вобразнасцю, метафарычнасцю. Аўтар больш як 30 паэм, сярод іх «Зона», «Адкрыты ліст», «Маналог», «Лёс лесу» і інш. Многія яго вершы пакладзены на музыку (кампазітары Я.Глебаў, І.Лучанок, В.Іваноў, Л.Захлеўны і інш.). Як мастак працуе ў жанрах пейзажа («Вясна», «Курапаты», «Лагойшчына»), тэматычнай карціны («Трэба выжыць, Беларусь», «Мама-выратавальніца», «Чарнобыльская пастка», «Першамай-86») — усе 1990-я г.Работы прасякнуты любоўю да Радзімы, актуальныя па тэматыцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАНСКІ́ МАНАСТЫ́Р,
мужчынскі манастыр у Маскве. Засн. ў 1591. На яго тэрыторыі: 1-купальны Малы сабор (1591—93) з трапезнай (1678) і шатровай званіцай (1679); 5-купальны Вялікі сабор з галерэяй (1684—93; іканастас 1693—99, размалёўкі 1792 па эскізах В.Бажэнава); Ціхвінская надбрамная царква (1713—14, прыпісваецца арх. І.Заруднаму); званіца на зах. браме (1753, арх. А.Еўлашаў); царква Архангела Міхаіла ў стылі класіцызму (капліца кн. Галіцыных, 1805, арх. І.Еготаў; у ёй збор надмагілляў работы І.Мартаса і інш.); некропаль дзеячаў гісторыі і культуры. У паўд.-ўсх. частцы манастыра могілкі (з канца 17 ст.), дзе пахаваны ўдзельнікі вайны 1812, дзекабрысты і інш.
Літ.:
Аренкова Ю.И., Мехова Г.И. Донской монастырь. М., 1970.
Да арт.Данскі манастыр. Надбрамная царква Ціхвінскай Багародзіцы. 1713—14.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРУГІ́ ЗАКО́Н ТЭРМАДЫНА́МІКІ закон павелічэння энтрапіі, адзін з асн. законаў тэрмадынамікі. Паводле Д.з.т. ў замкнёнай (ізаляванай у цеплавым і мех. сэнсе) сістэме энтрапія S сістэмы застаецца нязменнай (пры абарачальных, раўнаважных працэсах) або павялічваецца (пры неабарачальных працэсах) і ў стане раўнавагі дасягае максімуму(∆S ≥ 0).
Гістарычна Д.з.т. ўзнік з аналізу работы цеплавых машын у працах С.Карно (1824). Першую фармулёўку закона даў Р.Клаўзіус (1850): немагчымы пераход цеплыні ад цела больш халоднага да цела больш нагрэтага без якіх-н. інш. змен у тэрмадынамічнай сістэме ці навакольным асяроддзі (іншыя фармулёўкі эквівалентныя). Д.з.т. ў тэрмадынамічным сэнсе азначае, што ўсе рэальныя макраскапічныя працэсы неабарачальныя, а ў імавернасна-статыстычным сэнсе, — што найб. імаверным станам сістэмы з’яўляецца яе раўнаважны стан. Гл. таксама Больцмана прынцып, Неабарачальныя працэсы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫСПАНСЕРЫЗА́ЦЫЯ,
метад дынамічнага назірання за станам здароўя насельніцтва, які ўключае комплекс прафілакт., дыягнастычных і лячэбна-аздараўленчых мерапрыемстваў. Ажыццяўляецца дыспансерамі для ўмацавання здароўя і захавання працаздольнасці насельніцтва. Уключае пастаянны нагляд за станам здароўя асоб, якія знаходзяцца на дыспансерным уліку, вывучэнне і аздараўленне ўмоў іх працы і быту, выяўленне і лячэнне хворых на пач. стадыях хвароб, правядзенне індывідуальнай і сац. прафілактыкі.
Адрозніваюць 2 формы Д.; здаровых асоб (дзеці, падлеткі, цяжарныя, спартсмены) і хворых (хваробы сардэчна-сасудзістай сістэмы, язвавая хвароба, цукр. дыябет, новаўтварэнні і інш.). На Беларусі ўведзена ў 1919—21 як спосаб работы ўстаноў аховы маці і дзіцяці, з 1925—27 — прамысл. рабочых.
Літ.:
Демченкова Г.З., Полонский М.Л. Теоретические и организационные основы диспансеризации населения. М., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭНСІТО́МЕТР (ад лац. densitas шчыльнасць + ...метр),
прылада для вымярэння аптычнай шчыльнасці праяўленых фатаграфічных матэрыялаў. Д. адрозніваюць паводле прынцыпу вымярэнняў (прамы адлік і метад параўнання), характару фотапрыёмніка (вока, фотаэлемент ці фотапамнажальнік), характару выхадных даных (нерэгістравальныя і аўтаматызаваныя рэгістравальныя прылады) і па велічыні вымеранага поля (уласна Д. і мікрафатометры).
Прынцып работы Д. заснаваны на Бугера—Ламберта—Бэра законе. У прыладах прамога адліку выкарыстоўваецца 1 светлавы пучок, зыходная інтэнсіўнасць якога параўноўваецца з інтэнсіўнасцю пучка, што прайшоў праз фотаслой. Прылады, якія працуюць на прынцыпе параўнання, маюць 2 пучкі (вымяральны і параўнання) ад адной крыніцы святла, што паступаюць на 2 фотапрыёмнікі (ці па чарзе на 1). Рознасны сігнал даводзяць да нулявога ўзроўню з дапамогай пераменнага аслабляльніка святла, калібраванага па значэннях аптычнай шчыльнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЛО́БА (Мікалай Фёдаравіч) (н. 5.1.1935, г. Гомель),
бел. архітэктар. Скончыў БПІ (1960). Працаваў з 1952 у канструктарскім бюро Мін-ва гандлю, з 1962 у Ін-це будаўніцтва і архітэктуры, з 1971 у «Белкамунпраекце», з 1974 у «Мінскпраекце». Асн.работы ў Мінску: рэканструкцыя парку імя Горкага (1975) і тэр. стадыёна «Дынама» (1980), арх.-ландшафтныя комплексы ўсх. раёнаў горада на аснове Сляпянскага водна-паркавага паўкальца (Дзярж. прэмія СССР 1989), 17 паркаў і сквераў вакол водна-паркавай сістэмы (1988), добраўпарадкаванне набярэжнай р. Свіслач ад Камсамольскага воз. да вадасх. Дразды (1989), помнік партызанам-падпольшчыкам братам Сянько (1973, у сааўт.). Сярод інш. работ: праект генплана г. Старыя Дарогі (1967), паркі ў Оршы (1971), Віцебску (1972), Кобрыне (1973), Асіповічах (1982), рэканструкцыя і аднаўленне парку ў Нясвіжы (1990, у сааўт-.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖУК-ГРЫШКЕ́ВІЧ (Раіса Мікалаеўна) (н. 22.10.1919, г. Пружаны Брэсцкай вобл.),
дзеяч бел. эміграцыі, пісьменніца. Жонка В.А.Жук-Грышкевіча. Скончыла Пружанскую польск. гімназію (1938), настаўнічала на Пружаншчыне. У Вял.Айч. вайну вывезена на прымусовыя работы ў Германію. Пасля вызвалення жыла ў бел. лагеры для перамешчаных асоб у Ватэнштэце. З 1949 у г. Таронта (Канада), скончыла ун-т (1954). З 1954 працавала ў г. Мюнхене (ФРГ), у Канадзе. З 1965 сакратар, рэферэнт па культуры, старшыня Гал. управы Згуртавання беларусаў Канады, заснавала Згуртаванне беларускіх жанчын Канады. З 1967 сябра, сакратар-скарбнік Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Канадзе; з 1973 скарбнік-сакратар Выдавецкага к-та пры Каардынацыйным к-це беларусаў Канады (ККБК), з 1989 старшыня ККБК. Аўтар кн. «Жыцьцё Вінцэнта Жук-Грышкевіча» (1993).