вёска ў Сваткаўскім с/с Мядзельскага р-на Мінскай вобл. За 20 км ад Мядзела, 130 км ад Мінска, 26 км ад чыг. ст. Княгінін. 263 ж., 100 двароў (1996).
Вядома з 1524 як прыватнаўласніцкі маёнтак. Належала Радзівілам, Сапегам, Свалынскім, Кішкам, Ваньковічам, Тызенгаўзам, Пшаздзецкім і інш. Уваходзіла ў Ашмянскі пав. Віленскага ваяв.ВКЛ. З 1793 у Рас. імперыі. З 2-й пал. 19 ст. ў Мядзельскай вол. Вілейскага пав. Віленскай губ. У 1886 у Вузле бровар, валюш, вадзяны млын, царква, у канцы 19 ст.нар. вучылішча. З 1921 у Польшчы, у Пастаўскім пав. Віленскага ваяв. З 1939 у БССР, з 1940 у Мядзельскім р-не. У 1965—87 цэнтр сельсавета. У 1970 — 272 жыхары.
Базавая школа, клуб, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіларус. салдат, якія загінулі ў 1-ю сусв. вайну. Помнік архітэктуры — Успенская царква (1820-я г.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАДЗЕ́Ц,
вёска ў Быхаўскім р-не Магілёўскай вобл., каля р. Грэза. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 16 км ад горада і чыг. ст. Быхаў, 67 км ад Магілёва. 797 ж., 289 двароў (1996).
Вядомы з 16 ст. як мястэчка Аршанскага пав. Віцебскага ваяв ВКЛ. У 1758 у Быхаўскім графстве. З 1772 у Рас. імперыі. У 1780 у Быхаўскім пав., 514 ж., 69 двароў, царква. З 1842 дзейнічала гарбарня, з 1866 нар. вучылішча. У 1897 Гарадзец — цэнтр воласці, 921 ж., 148 двароў, 2 ветракі, кузня, крама, піцейны дом, хлебазапасны магазін. У 1924—60 і з 1963 цэнтр сельсавета Быхаўскага р-на. У кастр. 1943 ням.-фаш. захопнікі спалілі вёску, загубілі 460 ж. У ліст. 1943 паміж партызанамі і карнікамі адбыўся Гарадзецкі бой 1943. У 1970 — 783 ж., 280 двароў.
Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Магіласав. воінаў, партызан, ахвяр фашызму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛУ́ША,
рабочы пасёлак у Бабруйскім р-не Магілёўскай вобл. На аўтадарозе Бабруйск—Слуцк за 26 км ад Бабруйска. 1,7 тыс.ж. (1997).
Паселішча ўзнікла ў сувязі з буд-вам шклозавода (засн. ў 1869) і развіццём дрэваапр. промыслаў. У пач. 20 ст. тут пражывала 240 чал., працавалі Глушская лесапільная фабрыка (з 1908), Глушскі шклозавод, смалярны з-д, млын, карчма. У 1917 — 581 ж., 96 двароў. З 1924 у складзе 1-га Бабруйскага, з 1927 Бабруйскага р-наў. У 1931—60 цэнтр Рымавецкага с/с. З 15.7.1935 рабочы пасёлак. У 1941—44 акупіравана ням.-фаш. войскамі, у 1942—43 дзейнічала падп. група (больш за 40 чал.). У 1970 у Глушы 1943 жыхароў.
Шклозавод, прадпрыемствы харч. і лёгкай прам-сці. Сярэдняя і муз. школы, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіласав. воінаў і партызан. У Глушы пахаваны бел. пісьменнік А.Адамовіч.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МЕЛЬСКІ ПЕТРАПА́ЎЛАЎСКІ САБО́Р,
помнік архітэктуры класіцызму. Пабудаваны па ініцыятыве і на сродкі графа М.П.Румянцава. Пастаўлены ў 1809—24 (арх. Дж.Кларк) непадалёку ад Гомельскага палаца (гл.Гомельскі палацава-паркавы ансамбль). Закладзены 18.10.1809 протаіерэем Іаанам Грыгаровічам. Дзейнічаў да 1935 і ў 1941—60. У 1988—89 перададзены вернікам. Будынак мае цэнтрычную кампазіцыю. У плане — выцягнуты крыж з развітым трансептам, кароткім сярэднім нефам і невял. рызніцамі абапал алтарнай часткі. Сяродкрыжжа завершана купалам на высокім светлавым барабане. На тарцах 4 дарычныя 6-калонныя порцікі, па баках нефа рады паўкалон. У афармленні фасадаў выкарыстаны асн. класіцыстычныя элементы дэкору. У левай частцы трансепта магіла Румянцава, на якой устаноўлена копія скульптуры італьян. майстра А.Кановы «Багіня міру» (выканана скульпт. В.І.Дэмут-Маліноўскім), сцены над магілай у абразах, сярод якіх і копія з карціны італьян. мастака Карэджа.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРУ́ШАЎКА,
вёска ў Нацкім с/с Ляхавіцкага р-на Брэсцкай вобл. За 4,5 км ад Ляхавіч, 240 км ад Брэста, 10 км ад чыг. ст. Райтанаў. 93 ж., 38 двароў (1997). Помнік архітэктуры — сядзіба (19 — пач. 20 ст.). Брацкая магіласав. воінаў і партызан.
Вядома з 16 ст. як маёнтак. Належала Барбары Радзівіл, М.Залескаму, Рэйтанам, Грабоўскім. Пры Рэйтанах у 18 ст. створаны сядзібны комплекс (пл. 14 га) і пастаўлены мураваны сядзібны дом у стылі класіцызму. Тут нарадзіўся і памёр навагрудскі пасол Т.Рэйтан. У 2-й пал. 19 ст. ў маёнтку пабудаваны новы вінакурны завод, паравы млын, пашырана штучнае возера, прасвідраваны артэзіянскія калодзежы. У канцы 19 — пач. 20 ст. пастаўлены новы сядзібны дом у стылі мадэрн, у ім былі карцінная галерэя, паляўнічая зала. У 1905 адкрыты прытулак для дзяцей, шпіталь. У Вял.Айч. вайну ў Грушаўцы размяшчаўся санаторый для лётчыкаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАМА́НАВІЧЫ,
вёска ў Калінкавіцкім р-не Гомельскай вобл., каля аўтадарогі Мінск—Мазыр. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 31 км на Пн ад Калінкавіч, 151 км ад Гомеля, 7 км ад чыг. ст. Халоднікі. 808 ж., 301 двор (1997).
Узнікла не пазней пач. 16 ст. У інвентары Мазырскага замка 1552 упамінаецца як сяло, цэнтр «нядзелі» (адм.-тэр. адзінкі ў складзе воласці), 35 двароў. З 1565 у Мазырскім павеце, дзярж. ўласнасць. У 17—18 ст. цэнтр староства. З 1793 у Рас. імперыі, у Рэчыцкім пав. Да 1861 ва ўладанні памешчыка Міхайлава і яго нашчадкаў. Мелася праваслаўная царква. З 1861 цэнтр воласці Рэчыцкага пав. У 1924—35 і з 1960 у Калінкавіцкім р-не, у 1935—60 у Даманавіцкім раёне. У 1971 — 779 жыхароў.
Агароднінасушыльны з-д. Сярэдняя школа, клуб, б-ка, амбулаторыя, аддз. сувязі. Брацкая магіласав. воінаў і партызан.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПЦЭ́ВІЧЫ,
пасёлак у Петрыкаўскім р-не Гомельскай вобл.; чыг. станцыя на лініі Калінкавічы — Лунінец. Цэнтр сельсавета. За 17 км на ПнЗ ад г. Петрыкаў, 191 км ад Гомеля. 1378 ж., 602 двары (1997).
У 16 ст. сяло ў Мінскім ваяв.ВКЛ. У 1886 у Ляскавіцкай вол. Мазырскага пав., 292 ж., 37 двароў, царква, вінакурня. З 1884 чыг. ст. У 1888 адкрыта царк.-прыходская школа. У 1904 прадпрымальнікі браты І. і А. Кеневічы заснавалі лесапільны з-д. Напярэдадні 1-й сусв. вайны адкрыта чыг.нар. вучылішча. З 1924 у Петрыкаўскім р-не. З 15.7.1935 рабочы пасёлак. У 1942 і 1943 ням. фашысты загубілі ў К. 63 жыхары. З 24.8.1951 вёска, пазней пасёлак. У 1971 у К. 1915 жыхароў.
Агароднінасушыльны з-д, дрэваапр. цэх, акц.т-ва «Жыткавічлес». Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Брацкая магіласав. воінаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́ША,
вёска ў Уздзенскім р-не Мінскай вобл., каля р. Лоша і Лашанскага вадасх., на аўтадарозе Узда—в. Валяр’яны. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 16 км на У ад г.п. Узда, 60 км ад Мінска, 38 км ад чыг. ст. Негарэлае. 167 ж., 76 двароў (1999).
Вядома з 17 ст., уладанне Галоўчынскіх, Заранкаў, Ленскіх, Завішаў, Грабоўскіх-Тапорчыкаў. У 18 ст. фарміравалася як мястэчка. З 1793 у Рас. імперыі. У 19 — пач. 20 ст. сяло, потым мястэчка Слабада Пырашаўскай вол. Ігуменскага пав. Мінскай губ. У 1860-я г. 48 двароў, школа, царква, сінагога. У 1909—270 ж., 70 двароў. З 1924 цэнтр сельсавета Уздзенскага р-на Мінскай акругі. У 1972—248 ж., 81 двор.
Лясніцтва. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Брацкая магіласав. воінаў. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. Каля вёскі стаянка каменнага веку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКАШЭ́ВІЧЫ,
рабочы пасёлак у Лунінецкім р-не Брэсцкай вобл., на р. Валхва; чыг. станцыя на лініі Лунінец—Калінкавічы. За 54 км ад Лунінца, 282 км ад Брэста. 14,7 тыс.ж. (1998).
У 19 ст. вёска Ленінскай вол. Мазырскага пав. З часу пракладкі Палескіх чыгунак (1880-я г.) — мястэчка і буйная станцыя; пабудаваны Мікашэвіцкі лесапільна-фанерны завод. У 1921—39 у Польшчы, мястэчка Лунінецкага пав. Палескага ваяв. З 1939 у БССР, з 1940 рабочы пасёлак, цэнтр сельсавета ў Ленінскім раёне. У Вял.Айч. вайну з ліп. 1941 да 9.7.1944 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі. З 1950 цэнтр Ленінскага р-на. З 1960 у Лунінецкім р-не.
Прадпрыемствы буд. матэрыялаў (Мікашэвіцкае прадпрыемства «Граніт», Мікашэвіцкі каменеапрацоўчы завод), харч. прам-сці. Рачны порт на Мікашэвіцкім канале. 3 сярэднія школы, гімназія, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, паліклініка, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіласав. воінаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НОВАЛУКО́МЛЬ,
горад у Чашніцкім р-не Віцебскай вобл., на беразе Лукомскага возера. Таварная чыг. станцыя, за 20 км ад пасажырскай чыг. ст. Чашнікі на лініі Орша—Лепель. За 23 км на Пд ад Чашнікаў, 118 км ад Віцебска. 15,1 тыс.ж. (2000). Працуюць Лукомская ДРЭС, з-ды: малочны, хлебны, аб’ёмнага домабудавання, керамзітавы, «Этон» і «Эласт» па выпуску электратэхн. прадукцыі, доследная азёрна-рыбная гаспадарка, 2 сярэднія школы, школа мастацтваў, мед. аб’яднанне, Дом быту, 2 б-кі, Палац культуры, кінатэатр. Брацкая магіласав. воінаў і партызан. Каля Н. (ва ўрочышчы Гарадок на р. Лукомка) стаянка эпохі позняга мезаліту (5—4-е тыс. да н.э.).
Узнік у сувязі з буд-вам Лукомскай ДРЭС (пачалося ў 1964) на месцы р.п. Піянерны Бешанковіцкага р-на. Са студз. 1965 у Чашніцкім р-не. З 31.12.1965 гар. пасёлак, з 31.7.1970 горад. 6,7 тыс.ж. у 1970.