У цэнтры еўрап. часткі Расійскай Федэрацыі. Утворана 14.1.1929. Пл. 47 тыс.км². Нас. 6517 тыс.чал. (1998, з Масквой 14 816 тыс.чал.), гарадскога 80% (з улікам нас. Масквы 91%). Цэнтр — г.Масква. Найб. гарады: Падольск, Люберцы, Мыцішчы, Каломна, Электрасталь, Серпухаў, Хімкі, Каралёў, Балашыха. Разам з Масквой М.в. утварае Маскоўскі сталічны рэгіён.
Прырода. Размешчана ў цэнтры Усх.-Еўрап. раўніны, у міжрэччы Волгі і Акі. Рэльеф пераважна раўнінны. На З і Пн Смаленска-Маскоўскае ўзв. (выш. да 310 м) з узгорыстай часткай — Клінска-Дзмітраўскай градой (выш. да 285 м). Паўд.ч. займае Маскварэцка-Окская раўніна, паўд.-ўсх. — забалочаная Мяшчорская нізіна. Карысныя выкапні: торф, фасфарыты, шкловыя пяскі, вогнетрывалая гліна, жвір, вапнякі. Ёсць крыніцымінер. вод. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-растудз. -10 °C, ліп. 17 °C. Ападкаў 450—650 мм за год. Густая рачная сетка. Гал. рэкі — Ака (з прытокамі Пратва, Нара, Лапасня, Цна, Асётр) і Масква (з прытокамі Руза, Істра, Яўза, Пахра), Клязьма. На Пн прытокі Волгі — Дубна, Лама. Больш за 350 азёр, у т. л. Сянежскае, Трасценскае, Святое. На канале імя Масквы і р. Масква шэраг вадасховішчаў (Істрынскае, Мажайскае, Клязьмінскае і інш.). Глебы пераважна дзярнова-падзолістыя, на Пн і ў Мяшчорскай нізіне балотныя, на Пд светла-шэрыя і чарназёмныя ападзоленыя, па далінах рэк алювіяльныя. Каля 40% тэрыторыі М.в. занята мяшанымі лясамі, асн. масівы на З і У вобласці. Лесапаркавы ахоўны пояс, рэкрэацыйная зона. Прыокска-тэрасны запаведнік, нац. парк Ласіны Востраў.
Гаспадарка. М.в. эканамічна цесна звязана з Масквой. Па ўзроўні развіцця прам-сці яна саступае толькі Маскве і С.-Пецярбургу. Асн. галіна прам-сці — машынабудаванне (энергетычнае, цяжкае, транспартнае, станкабудаванне, эл.-тэхн., прыладабудаванне і інш.), прадстаўлена вытв-сцю катлоў для цеплавых электрастанцый, пракатнага абсталявання, металарэзных станкоў, вагонаў метрапалітэна, грузавых і пасаж. вагонаў, цеплавозаў, аўтобусаў, легкавых аўтамабіляў, сіласаўборачнай тэхнікі, швейных машын, фотаапаратаў, аптычнай і быт. тэхнікі, кабельнай прадукцыі і інш. Развіты ваенна-прамысл. комплекс (аэракасмічная, радыёэлектронная прам-сць, вытв-сць зброі, боепрыпасаў). Вял. значэнне для машынабудавання мае пераробная металургія (вытв-сць высакаякаснай сталі і пракату). Энергетыка працуе пераважна на прывазным паліве (Кашырская, Шатурская ДРЭС, Люберацкая, Маскоўская ЦЭЦ, Загорская ДАЭС і інш.). Вытв-сць электраэнергіі 22 млрд.кВт∙гадз (1996). Самая старая галіна лёгкай прам-сці — тэкстыльная; выраб баваўняных, шарсцяных, шаўковых тканін (каля 10% агульнарас. вытв-сці). Развіты трыкат., швейная, гарбарна-абутковая, дывановая галіны. Хім.прам-сць (вытв-сць азотных і фосфарных угнаенняў, сернай к-ты, сінт. смол, пластмасы, хім. валакна і нітак, гумавых вырабаў, лакаў і фарбаў). Прам-сцьбуд. матэрыялаў (цэмент, цэгла, шыфер, жалезабетонныя канструкцыі, азбестацэментныя трубы). Вытв-сць фарфора-фаянсавых і шкляных вырабаў, мэблі, буд. дэталей, паперы, паліграф. прадукцыі. Шэраг прадпрыемстваў харч. прам-сці. Маст. промыслы (кераміка, размалёўка драўляных шкатулак, метал. падносаў і інш.) у Фядоскіне, Гжэлі, Жоставе і інш. Сельская гаспадарка прыгараднага тыпу. Пл.с.-г. угоддзяў 1880 тыс.га, у т. л. пад ворывам 1504 тыс.га. Вядучая галіна — жывёлагадоўля (малочнага і малочна-мяснога кірунку), свіна-, птушка-, авечка- і козагадоўля. У раслінаводстве гал. месца займае вытв-сць кармоў (каля 3/5 пасяўных плошчаў). Пасевы пшаніцы, жыта, ячменю, аўса, бульбы, агародніны, у т. л. у закрытым грунце. Кветкаводства і вырошчванне грыбоў. М.в. мае густую сетку ўсіх відаў транспарту; 11 радыяльных чыг. магістралей у напрамку ад Масквы, 13 аўтадарог, Маскоўская кальцавая аўтадарога. Суднаходства па рэках Ака, Масква і па канале імя Масквы. Рачныя парты: Дубна, Серпухаў, Каломна, Васкрасенск. 4 аэрапорты: Шарамецева (міжнар.), Дамадзедава, Унукава, Быкова. Развіты трубаправодны транспарт. Нафтаправоды да Масквы ад Разані і Яраслаўля, газаправоднае кальцо Серпухаў—Васкрасенск—Нагінск—Дзмітраў—Валакаламск—Серпухаў. Курорты Дорахава, Цішкава, Міхайлаўскае. Турызм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУСЬ,
назва этнапаліт. супольнасці ва Усх. Еўропе ў сярэдневякоўі. Вядома з 839, калі група варагаў (шведаў) назвала сябе пры двары герм. імператара пасламі «кагана Русі». Звесткі «Баварскага этнографа» сярэдзіны 9 ст. дазваляюць лакалізаваць Р. у Падняпроўі. Большасць звестак 9—10 ст. атаясамлівае Р. з нарманамі, меншая — са славянамі. У 10 ст. Р. заключыла шэраг дагавораў з Візантыяй (911, 944, 971). У 1-м з іх сярод «рускіх» гарадоў названы Полацк. Растоў і інш., імёны амаль усіх «рускіх» паслоў у дагаворах германскія. У 11 ст. з’яўляюцца ўласныя пісьмовыя крыніцы Р. — стараж.-рус. летапісы. «Аповесць мінулых гадоў» паведамляе, што «Руская зямля» называецца так з часоў візант. імператара Міхаіла Ісаўра (з 942), назва паходзіць ад запрошаных княжыць у Ноўгарад варагаў (гл.Рурыкавічы, Рурык-Сінявус-Трувор). Там жа пералічаны слав. плямёны ў складзе Р., што акрэслівае межы Кіеўскай Русі 10—11 ст. Са шматлікіх версій паходжання назвы Р. найб. верагоднай лічыцца гіпотэза пра запазычанне славянамі фін. слова «ruotsi» («весляры»), якім жыхары Усх. Прыбалтыкі называлі швед.гандл.-рабаўнічыя атрады. Гэтым словам пазней названа змешаная слав.-сканд. праслойка, якая кантралявала гандаль рабамі і інш. таварамі з Хазарыяй, Араб. халіфатам і Візантыяй, а потым падпарадкавала плем. княствы і ўзначаліла ўтварэнне Кіеўскай дзяржавы. Вял. ролю ў культ. кансалідацыі Р. адыграла прыняцце ў 988 хрысціянства з Візантыі. Да пач. 11 ст.сканд. кампанент Р. славянізаваўся, Р. набыла характар правасл.слав. дзяржавы (Кіеўская Русь), у межах якой пачаўся працэс зліцця стараж. плямён у агульны ўсх.-слав. («рускі» ў тагачасным сэнсе) этнас. Аднак да 13 ст. гэты працэс не быў скончаны, захоўваліся выразныя мясц. асаблівасці, што дало магчымасць у далейшым утварыцца на тэр. Р. некалькім этнасам. У царк. крыніцах і летапісах 12—13 ст. шмат прыкладаў выкарыстання назвы Р., у т. л. адносна тэр. Беларусі. Напр., Кірыла Тураўскі адзначаў, што ён «рожден и воспитан града та Турова в Руской стране», а ў полацкай грамаце 1264 падкрэсліваецца, што «Руськая земля слывет Полочьская». Такі ж сэнс тэрміна пераважае ў замежных крыніцах. Разам з тым у летапісах з сярэдзіны 12 ст. сустракаецца паняцце «Р.» у вузкім сэнсе, якое тычылася толькі рэгіёна Кіева-Чарнігава-Пераяслава (у 10 — пач. 11 ст. асабістае ўладанне кіеўскага князя). Тэрмін «Р.» захаваў значэнне ў дачыненні да б. зямель Кіеўскай Русі і пасля таго, як яны ў 13—14 ст. увайшлі ў склад розных дзяржаў (ВКЛ, Польшчы, Венгрыі, Маскоўскага вял. княства і інш.), усх.-слав. насельніцтва якіх працягвала называцца Р., рускімі або русінамі, але набыў характар метаэтноніма — агульнай назвы некалькіх этнасаў, якія пачалі фарміравацца (продкі сучасных украінцаў, беларусаў, рускіх). У складзе ВКЛ пад Р. у шырокім сэнсе разумелі ўсю тэр.ўсх.-слав. насельніцтва, за выключэннем Верхняга Панямоння (з 13 ст.наз. Літва). Разам з тым у 16 ст. фіксуецца і больш вузкае значэнне назвы Р., якое тычылася толькі ўсх.ч. сучаснай Беларусі (з 17 ст. назва Белая Русь). Жыхары ВКЛ у межах пасля 1569, называючы сябе «рускімі», «русінамі», часам ужо выразна адрознівалі сябе ад жыхароў Расіі («маскоўцаў») і казацкай Украіны («чаркасаў»). Вял. княства Маскоўскае з 2-й пал. 16 ст. атрымала афіц. назву «Рускае царства». З таго часу паліт. і культ. эліта гэтай дзяржавы пачала атаясамліваць паняцце «Р.» і «Расія», што стварыла пэўныя цяжкасці ў завяршэнні этнагенезу інш. нашчадкаў стараж. Р. — беларусаў і ўкраінцаў, бо правіцелі Расіі, карыстаючыся стараж. саманазвай гэтых народаў («рускія») адмаўлялі ім у праве на нац. самавызначэнне і прэтэндавалі на іх землі, г. зн. на ўсю былую Р.
Літ.:
Насонов А.Н. «Русская земля» и образование территории древнерусского государства. М., 1951;
Насевіч В, Спірыдонаў М. «Русь» у складзе Вялікага княства Літоўскага ў XVI ст. // З глыбі вякоў: Наш край. Мн., 1996. Вып. 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛА́НС (франц. balance літар. вагі) у эканоміцы, сістэма паказчыкаў, якая характарызуе пэўную з’яву праз супастаўленне асобных яе частак (бакоў), якія павінны ўраўнаважваць адна адну. Дае магчымасць скаардынаваць патрэбнасці і рэсурсы, сувымяраць затраты і вынікі вытв.-гасп. дзейнасці на асобных прадпрыемствах, у галінах эканомікі ці маштабе ўсёй нар. гаспадаркі, у межах пэўных рэгіёнаў ці ўсёй краіны. Як правіла, баланс складаецца з 2 частак: 1-я характарызуе ўтварэнне рэсурсаў па крыніцах паступлення, 2-я — іх размеркаванне па кірунках выкарыстання.
Асобныя віды ці элементы балансу выкарыстоўваліся ў эканам. практыцы здаўна. У 18 ст. шатландскі эканаміст Дж.Сцюарт увёў тэрмін «плацежны баланс». На пач. 20 ст. ў Вялікабрытаніі і ЗША прапанавана методыка яго складання, стандартызаваная Лігай Нацый і Міжнар. валютным фондам для ўсіх краін свету. Пазней сістэма балансу і балансавы метад распрацаваны ў СССР і выкарыстоўваліся ў сацыяліст. краінах, у т. л. на Беларусі, як найважнейшы інструмент планавай эканомікі. У краінах з развітой рыначнай эканомікай выкарыстоўваюцца міжнар. сістэма нацыянальных рахункаў, але не выключаецца і магчымасць выкарыстання балансу. Напрыклад, у 1930-я г. В.Лявонцьеў з дапамогай міжгаліновага балансу вывучаў структуру амер. эканомікі. Гэты метад атрымаў назву «затраты—выпуск».
Самы пашыраны — бухгалтарскі баланс, які з’яўляецца асн. дакументам бухгалтарскай справаздачнасці прадпрыемстваў і ўстаноў. Ён складаецца ў форме 2 табліц — актыву (адлюстроўвае склад, размяшчэнне і выкарыстанне гасп. сродкаў) і пасіву (крыніцы ўтварэння гэтых сродкаў і іх мэтавае прызначэнне). Астатнія балансы падзяляюцца на матэрыяльныя, вартасныя і балансы нар. гаспадаркі (з яго састаўнымі часткамі). Матэрыяльныя балансы адлюстроўваюць вытв-сць і выкарыстанне відаў прадукцыі, сыравіны, матэрыялаў, наяўнасць і выкарыстанне вытв. магутнасцяў, абсталявання, асн. фондаў і інш.; распрацоўваюцца ў фіз. адзінках, умоўна-натуральным і вартасным выражэнні. З матэрыяльных балансаў найб. пашыраныя: паліўна-энергетычны (характарызуе наяўнасць, размеркаванне і выкарыстанне паліва і энергіі); вытворчых магутнасцяў [паказвае наяўныя магутнасці на пач. і канец пэўнага перыяду, іх рух (прырост, выбыццё), ступень выкарыстання ў выпуску канкрэтных відаў прамысл. прадукцыі]; машын і абсталявання (адлюстроўвае іх наяўныя рэсурсы і размеркаванне па відах выкарыстання); асноўных фондаў (характарызуе іх узнаўленне ў маштабе нар. гаспадаркі, галіны эканомікі, а таксама па формах уласнасці). Да матэрыяльных балансаў адносяць таксама балансы зямельных угоддзяў, с.-г. прадукцыі, кармоў і інш.Вартасныя балансы адлюстроўваюць утварэнне даходаў з усіх крыніц паступлення і іх размеркаванне па кірунках выкарыстання. З вартасных балансаў найб. пашыраны: баланс грашовых даходаў і расходаў насельніцтва па краіне, яе асобных рэгіёнах, па сац. групах для разліку рэальных даходаў і пакупніцкай здольнасці насельніцтва, попыту і прапаноў на тавары, рэгулявання грашовага абарачэння і эмісіі грошай; баланс фінансавых рэсурсаў — прагнозна-аналітычны дакумент, паказчыкі якога з’яўляюцца асновай для распрацоўкі дзярж. бюджэту, абгрунтавання падатковай, цанавой і крэдытнай палітыкі краіны; плацежны баланс адлюстроўвае знешнеэканам. аперацыі краіны за пэўны перыяд (ён актыўны, калі сума грашовых паступленняў перавышае суму расходаў і плацяжоў, і пасіўны, калі сума расходаў і плацяжоў большая за суму паступленняў); гандлёвы баланс — суадносіны экспарту і імпарту тавараў у краіне, аснова плацежнага балансу. Сярод працоўных балансаў асн. з’яўляецца баланс працоўных рэсурсаў, які складаецца па краіне, абласцях і раёнах, уключае звесткі пра наяўныя рэсурсы і пра іх выкарыстанне па сферах, галінах і відах занятасці.
З 1926 у СССР, у т. л.БССР, распрацоўваўся баланс народнай гаспадаркі для характарыстыкі працэсу грамадскага ўзнаўлення, яго маштабаў, тэмпаў, прапорцый, стану і тэндэнцый развіцця ўнутр.эканам. сувязяў. Ён складаўся з 4 асн. раздзелаў: баланс сукупнага грамадскага прадукту, нац. даходу, працоўных рэсурсаў і зводнай табліцы, якая абагульняла ўсе раздзелы і адлюстроўвала збалансаванасць асн. элементаў нар. гаспадаркі. Аднак сістэма разлікаў, асабліва валавога прадукту і нац. даходу, істотна адрознівалася ад міжнар. практыкі і скажала рэальны стан эканомікі. Таму з 1995 баланс нар. гаспадаркі Беларусі не распрацоўваецца. Спынена і распрацоўка балансу грамадскага прадукту (адлюстроўваў агульны аб’ём вытв-сці прадукцыі, яе матэрыяльна-рэчыўную, галіновую і сац. структуру), балансу нацыянальнага даходу (паказваў яго вытв-сць, размеркаванне і выкарыстанне) і міжгаліновага балансу (інструмент эканам. аналізу і ўстанаўлення прапорцый у працэсе расшыранага ўзнаўлення ў маштабе галін нар. гаспадаркі). Гэтыя балансы трансфармуюцца з улікам стандартаў міжнар. сістэмы нац. рахункаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАГО́РНЫ КАРАБА́Х,
гістарычная вобласць у Закаўказзі, у складзе Азербайджана. Пл. 4,4 тыс.км². Нас. 194 тыс.чал. (1991), гарадскога 52,7%. Сярэдняя шчыльн. 43,9 чал. на 1 км². Жывуць армяне (76,9%), азербайджанцы (21,5%), рускія (1%) і інш. У выніку армяна-азерб.ўзбр. канфлікту (1988—94) значна вырасла міграцыйная актыўнасць насельніцтва; тысячы азербайджанцаў пакінулі тэр. Н.К., адначасова павялічыўся прыток армян з Азербайджана ў Н.К. Цэнтр — г. Ханкэнды (б. Сцепанакерт). Гарады: Шуша, Акдэры (Мардакерт).
Прырода. Рэльеф гарысты. Асн. частка тэр. Н.К. размешчана ў межах М. Каўказа. На Пн — хр. Мураўдаг (выш. да 3724 м, г. Гямыш), у цэнтры, на З і Пд — Карабахскі хр. (выш. да 2725 м), на ПнУ і У — раўніны. Горы складзены часткова з кайназойскіх вулканагенна-асадкавых парод (туфы, туфабрэкчыі, лавы рознага складу, пясчанікі, вапнякі). Тэр. Н.К. адносіцца да ліку тэктанічна актыўных. Карысныя выкапні: поліметал. руды з прамысл. запасамі свінцу, цынку, медзі, барыты, буд. матэрыялы (мармур, мергелі, вапнякі, вогнетрывалыя гліны). Крыніцымінер. вод. Клімат на б.ч. тэрыторыі ўмерана цёплы з сухой зімой. На раўніне і ў сярэднягор’і сярэдняя т-растудз. ад 3 °C да -2 °C, у высакагор’і ад -6 °C да -10 °C, ліп. адпаведна 20—25 °C і 10—15 °C. За год на раўніне і ў сярэднягор’і выпадае 400—600 мм ападкаў, у высакагор’і — больш за 800 мм. Гал. рэкі: Тэртэр, Хачынчай, Каркарчай (бас. Куры), Кендэланчай, Ішханчай (бас. Аракса) багатыя энергарэсурсамі. На р. Тэртэр — Сарсангскае вадасх. з ГЭС. Глебы на раўніне і нізкагор’і пераважна каштанавыя, у сярэднягор’і — горна-лясныя, вышэй — горна-лугавыя. Расліннасць на раўніне палыновая і палынова-злакавая паўпустынная, у перадгор’ях і нізкагор’і зараснікі паўксерафітных хмызнякоў у спалучэнні са стэпавай расліннасцю, вышэй — шыракалістыя. лясы (дуб, граб, бук), субальпійскія і альпійскія лугі. Пад лесам і хмызнякамі каля 32% тэрыторыі.
Гісторыя. Сляды дзейнасці чалавека на тэр. Н.К. выяўлены з ніжняга палеаліту. У старажытнасці і сярэднявеччы — ч.гіст. Арменіі (арм. Арцах). У 1 ст. да н. э. — 8 ст.н. э. ў складзе Албаніі Каўказскай. У 11 ст. адбылося нашэсце сельджукаў, у 13 ст. — манголаў, у 16 ст. заваяваны Іранам. З сярэдзіны 18 ст.цэнтр. вобласць Карабахскага ханства са сталіцай у г. Шуша. Да пач. 19 ст. ў Н.К. захаваліся 5 арм. мелікстваў (княстваў) — апошніх рэшткаў арм. дзяржаўнасці. Паводле Гюлістанскага мірнага дагавора 1813 у складзе Рас. імперыі. У 1918—20 — аб’ект вострай барацьбы паміж Азербайджанам і Арменіяй, у выніку якой загінула больш за 20% насельніцтва Н.К. Пасля ўсталявання ў Н.К. сав. улады ў ліп. 1921 перададзены ў склад Азерб. ССР. У ліп. 1923 ператвораны ў Нагорна-Карабахскую аўт. вобласць (НКАВ). У лют. 1988 аблсавет НКАВ звярнуўся да Вярх. Саветаў СССР, Арм. ССР і Азерб. ССР з просьбай аб далучэнні да Арменіі, што стала пачаткам арм.-азерб. канфлікту. 26.11.1991 Вярх. Савет Азербайджана скасаваў аўтаномію Н.К. У студз. 1992 абвешчана Нагорна-Карабахская Рэспубліка (НКР). У ходзе ваен. дзеянняў у 1992—93 сілы самаабароны НКР пры падтрымцы Арменіі ўсталявалі кантроль над усёй тэр. Н.К. і шэрагам прылеглых раёнаў Азербайджана. У маі 1994 у г. Бішкек (Кіргізія) падпісана пагадненне аб спыненні агню ў Н.К. У цяперашні час Арменія і Азербайджан вядуць перагаворы пад эгідай Мінскай групы Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе пра будучыню Н.К.
Гаспадарка. Н.К. — пераважна агр. краіна. С.-г. ўгоддзі займаюць каля 200 тыс.га, у т. л. пасяўныя пл. 51,7 тыс.га. Вядучыя галіны земляробства — вінаградарства, вытв-сць збожжа, садоўніцтва. Вырошчваюць збожжавыя (азімая пшаніца, ячмень), тэхн. (тытунь, бавоўнік), кармавыя і агародніна-бахчавыя культуры, бульбу. Вінаградарства развіта ў перадгор’ях, сярэднягор’і і на раўніне, пераважаюць тэхн. гатункі. Асн.пл. пладова-ягадных культур у Ханкэндыйскім і Ханджавендскім р-нах. Тутавае пладаводства. Жывёлагадоўля мяса-малочнага (на раўніне, у перадгор’ях і сярэднягор’і) і мяса-шэрснага (у высакагор’і) кірунку. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, авечак, коз, свіней, птушак. Развіта шаўкаводства. Прам-сць працуе пераважна на мясц. сыравіне. Асн. галіны: харч. (вінаробная, масласыраробная, мясная), лёгкая (шаўковая, абутковая, дывановая, швейная), маш.-буд. (эл.-тэхн.), электраэнергетыка, лясная і дрэваапр., у т. л. мэблевая. Вытв-сцьбуд. матэрыялаў. Транспарт аўтамаб., чыг. і паветраны. Асн. аўтадарогі Еўлах—Агдам—Ханкэнды—Шуша—Лачын, Еўлах—Акдэры—Кельбаджар, чыгунка Еўлах—Агдам—Ханкэнды. У г. Ханкэнды аэрапорт. Курорт Шуша і бальнеакліматычная лячэбная мясцовасць Туршсу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАУ́РУ (науруанскае Naoero, англ. Nauru),
Рэспубліка Науру (Republic of Nauru), дзяржава ў паўд,зах.ч. Ціхага ак., на невялікім ізаляваным в-ве Науру, за 42 км на Пд ад экватара. Пл. 21 км². Нас. 10,6 тыс.чал. (1999). Афіц. сталіцы не мае, рэзідэнцыя ўрада — у акрузе Мененг, урадавыя будынкі і парламент — у акрузе Ярэн. Афіц. мова — науру, шырока ўжываецца англійская. Краіна падзяляецца на 14 акруг. Нац. свята — Дзень незалежнасці (31 студз.).
Дзяржаўны лад. Н. — рэспубліка ў складзе Садружнасці на чале з Вялікабрытаніяй (без права ўдзелу ў канферэнцыях краін Садружнасці на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў). Дзейнічае канстытуцыя 1968. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, якога выбірае парламент тэрмінам на 3 гады. Заканад. ўлада належыць парламенту (18 дэпутатаў, якія выбіраюцца насельніцтвам на 3 гады).
Прырода. Н. — каралавы востраў, абкружаны вузкім бар’ерным рыфам на адлегласці 150—300 м ад берага. Паверхня — плато з фасфатызаваных вапнякоў выш. да 65 м, вакол якога цягнуцца берагавыя тэрасы шыр. 100—300 м. Клімат экватарыяльны мусонны. Сярэдняя т-ра паветра ўвесь год каля 28 °C. Ападкаў за год каля 2500 мм, вільготны перыяд прыпадае на ліст.—люты. Рэк і ручаёў няма, пітную ваду завозяць. На ПдЗ вострава саланаватае воз. Буада. Расліннасць — цвердалістыя лясы, пераважна з калафіліуму, рэдкалессі і хмызнякі. Шмат марскіх птушак. Мора багатае рыбай, малюскамі, ракападобнымі.
Насельніцтва. Карэнныя жыхары — науру (мяшанага, пераважна мікранезійскага паходжання) складаюць 58% насельніцтва. Ёсць выхадцы з інш. астравоў Акіяніі (26%), кітайцы і еўрапейцы (па 8%). Сярод вернікаў пераважаюць пратэстанты (60%), ёсць католікі і інш. Сярэднегадавы прырост насельніцтва нулявы. Сярэдняя шчыльн. 505 чал. на 1 км². Усё насельніцтва лічыцца гарадскім, жыве ў пасёлках па ўзбярэжжы, занята ў прам-сці і абслуговых галінах.
Гісторыя. Першым з еўрапейцаў на востраве высадзіўся ў 1798 англ. мараплавец Дж.Ферн. З 1830-х г. пачалася каланізацыя краіны. У 1888 востраў анексіравала Германія і далучыла да свайго пратэктарату Маршалавы а-вы. У 1898 тут выяўлены вял. запасы фасфатаў, з 1906 іх распрацоўвала Брыт. ціхаакіянская фасфатная кампанія. У 1914 востраў акупіравалі войскі Аўстраліі, якая ў 1919 атрымала ад Лігі Нацый мандат на кіраванне ім (разам з Вялікабрытаніяй і Новай Зеландыяй). У 1942—45 акупіраваны яп. войскамі. З 1947 падапечная тэр.ААН, зноў пад сумесным кіраваннем Вялікабрытаніі, Аўстраліі і Новай Зеландыі. На мяжы 1940—50-х г. у краіне ўзмацніўся нац,вызв. рух. У 1951 на аснове створанага яшчэ ў 1927 Савета правадыроў засн. Науруанскі савет мясц. самакіравання, у 1966 — Заканад. і Выканаўчы саветы.
31.1.1968 абвешчана незалежнасць Н. Паводле канстытуцыі 1968 першым прэзідэнтам выбраны Х. дэ Робарт. У 1970 усе правы на здабычу і продаж фасфатаў перайшлі да «Науруанскай фасфатнай кампаніі». З чэрв. 1998 прэзідэнт краіны — Б.Давіёга. Дзейнічаюць партыя Н., Дэмакр. партыя Н., прафс. аб’яднанне Науруанская рабочая арг-цыя.
Гаспадарка. Н. ўваходзіць у лік краін з параўнальна высокім сярэднім узроўнем даходаў насельніцтва (каля 10 тыс.дол. на чалавека, 1993). Аснова эканомікі — здабыча і экспарт фасфатаў (адны з лепшых у свеце, вядзе нац. «Науруанская фасфатная кампанія»), якія паступова зніжаліся з 2 млн.т (у 1970—80) да 285 тыс.т (у 1990-х г.). Ажыццяўляюцца пачатковая перапрацоўка фасфатаў, выпуск фасфатнай мукі. У 2000 запасы фасфатаў будуць вычарпаны. Іх здабыча прывяла да таго, што каля палавіны тэрыторыі вострава ператворана ў кар’ер. Для рэкультывацыі зямель створаны спец. фонд. Для кампенсацыі страты асн.крыніцы даходаў урад краіны ўкладвае буйныя сродкі ў нерухомасць за мяжой і спец. фонды акумуляцыі. Аб’ём науруанскіх інвестыцый за мяжой 1,2 млрд. долараў. З 1974 Н. мае статус афшорнай зоны (падатковыя льготы; зарэгістравана каля 250 замежных банкаў). Ёсць невял. прадпрыемствы харч. прам-сці, саматужныя промыслы. Вытв-сць электраэнергіі 32 млн.кВт∙гадз (1997). Сельская гаспадарка мае дапаможны характар. Вырошчваюць какосавыя арэхі (2 тыс.т штогод), агародніну, садавіну. Рыбалоўства развіта слаба, рыбу завозяць пераважна з Аўстраліі. Транспарт у асн. марскі і паветраны. Порт Науру. Аэрапорт. Ёсць аўтадарога (даўж. 19 км) уздоўж узбярэжжа і вузкакалейная чыгунка (3,9 км), якая звязвае месца распрацоўкі фасфатаў з узбярэжжам. Штогод экспарт складае каля 25—30 млн.дол., імпарт — каля 20 млн. долараў. Н. экспартуе фасфаты, імпартуе харч. і спажывецкія тавары, машыны і абсталяванне, паліва, буд. матэрыялы. Асн.гандл. партнёры: Аўстралія, Японія, Новая Зеландыя, Філіпіны. Замежны турызм. У якасці грашовай адзінкі выкарыстоўваецца аўстрал. долар.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПО́ЛЫМЯ»,
літаратурна-мастацкі і грамадска-паліт. часопіс. Выдаецца са снежня 1922 у Мінску на бел. мове штомесячна. У 1922—24 [да № 3(11)] выданне Бел.каап.-выдавецкага т-ва «Савецкая Беларусь», у 1924 [з № 4(12)] — 31 — Дзярж.выд-ва Беларусі; у 1932—34 (да № 5) орган Арг.к-та Саюза сав. пісьменнікаў БССР, з 1934 (з № 6—7) — праўлення Саюза сав. пісьменнікаў БССР, з 1945 — Саюза сав. пісьменнікаў Беларусі (з № 2, 1957 — Саюза пісьменнікаў Беларусі), з 1993 (№ 5) заснавальнікамі з’яўляюцца Саюз бел. пісьменнікаў і калектыў рэдакцыі. У 1932—41 (да № 3) выходзіў пад назваю «Полымя рэвалюцыі». У Вял.Айч. вайну не выдаваўся. У першы склад рэдкалегіі ўваходзілі З.Жылуновіч (Ц.Гартны), М.Кудзелька (М.Чарот), З.Бядуля, У.Ігнатоўскі і В.Нодэль. У 1920 — пач. 1930-х г. у рэдагаванні час. ўдзельнічалі А.Сянкевіч, Ц.Гартны, М.Зарэцкі, Я.Купала і інш. Рэдактары П.Галавач (1932—33), М.Лынькоў (1933—41), П.Броўка (1945-48), М.Танк (1948—67), П.Кавалёў (1967—72), К.Кірэенка (1972—86), С.Законнікаў (з 1986). Друкуе творы бел. пісьменнікаў, пераклады твораў класікаў сусв. л-ры і сучасных пісьменнікаў замежных краін, артыкулы па пытаннях бел. л-ры і мастацтва, гісторыі, краязнаўства, эканомікі, культуры, грамадска-паліт. і сац. жыцця Беларусі, рэцэнзіі. Адыгрывае вял. ролю ў развіцці бел. л-ры.
У «П.» ўпершыню апубл. многія творы Я.Купалы, Я.Коласа (у т. л. раздзелы паэмы «На шляхах волі», паэма «Рыбакова хата», аповесці «Дрыгва», «На ростанях»), В.Адамчыка, Л.Арабей, У.Арлова, М.Арочкі, А.Асіпенкі, З.Астапенкі, А.Астрэйкі, М.Аўрамчыка, Р.Баравіковай, Р.Барадуліна, С.Баранавых, А.Бачылы, Д.Бічэль-Загнетавай, Т.Бондар, П.Броўкі. Я.Брыля (у т. л. раман «Птушкі і гнёзды», аповесць «Ніжнія Байдуны»), Г.Бураўкіна, В.Быкава (у т. л. аповесці «Здрада», «Круглянскі мост», «Сотнікаў», «Знак бяды», «У тумане», «Аблава», «Сцюжа», «Ваўчыная яма»), З.Бядулі, А.Васілевіч, В.Віткі, А.Вялюгіна, А.Вярцінскага, Галавача, Ц.Гартнага, М.Гарэцкага (у т. л. раман-хроніка «Віленскія камунары»), С.Гаўрусёва, Н.Гілевіча, М.Гіля, П.Глебкі, Ю.Голуба, С.Грахоўскага, А.Грачанікава, К.Губарэвіча, А.Гурло, Л.Дайнекі, Г.Далідовіча, У.Дамашэвіча, С.Дзяргая, У.Дубоўкі, І.Дуброўскага, А.Дудара, А.Дударава, А.Жука, Я.Журбы, Законнікава, М.Зарэцкага (у т. л. раманы «Сцежкі-дарожкі», «Вязьмо»), А.Звонака, В.Зуёнка, В.Іпатавай, Кавалёва, В.Каваля, В.Казько, Л.Калюгі, В.Карамазава, У.Караткевіча, А.Карпюка, К.Кірэенкі, В.Коўтун, К.Крапівы (у т. л. п’есы «Партызаны», «Хто смяецца апошнім», «Мілы чалавек», «Брама неўміручасці»), А.Кудраўца, А.Кулакоўскага, А.Куляшова (у т. л. паэмы «У зялёнай дуброве», «Прыгоды цымбал», «Новае рэчышча», «Грозная пушча», «Далёка да акіяна». «Хамуціус»), М.Лобана, А.Лойкі, Е.Лось, Лынькова, А.Макаёнка, П.Макаля, М.Матукоўскага, Н.Мацяш, І.Мележа (у т. л. раманы «Мінскі напрамак», «Людзі на балоце», «Подых навальніцы», «Завеі, снежань»), Б.Мікуліча, П.Місько, А.Мрыя, Р.Мурашкі, М Мятліцкага, І.Навуменкі, Я.Нёманскага, І.Новікава, У.Някляева, В.Палтаран, А.Пальчэўскага, С.Панізніка, П.Панчанкі. У.Паўлава, Г.Пашкова, П.Пестрака (у т. л. раман «Сустрэнемся на барыкадах»), А.Петрашкевіча, П.Пруднікава, І.Пташнікава, Я.Пушчы, А.Пысіна, А.Русецкага, Р.Сабаленкі, Э.Самуйлёнка, Б.Сачанкі, Ю.Свіркі, Р.Семашкевіча. А.Сербантовіча, Я.Сіпакова, Я.Скрыгана, М.Стральцова, М.Танка, В.Таўлая, П.Труса, Н.Тулупавай, А.Федарэнкі, Ў.Хадыкі, М.Хведаровіча, В.Хомчанкі, А.Чарнышэвіча, М.Чарота, К.Чорнага (у т. л. аповесці «Вясна», «Люба Лук’янская», раманы «Трэцяе пакаленне», «Пошукі будучыні», «Млечны шлях»), І.Чыгрынава, І.Шамякіна (у т. л. раманы «Глыбокая плынь», «Крыніцы», «Сэрца на далоні», «Снежныя зімы», «Атланты і карыятыды», «Вазьму твой боль»), С.Шушкевіча, А.Якімовіча, Я.Янішчыц, Ф.Янкоўскага і інш ; літ.-крытычныя і літ.-знаўчыя артыкулы А.Адамовіча, С.Александровіча, С.Андраюка, В.Бечыка, Дз.Бугаёва, Р.Бярозкіна, У.Гніламёдава, І.Замоціна, В.Каваленкі, У.Калесніка, Г.Кісялёва, А.Клышкі, Лойкі, А.Мальдзіса, М.Мушынскага, Ю.Пшыркова, В.Рагойшы, Я.Саламевіча, А.Сямёнавай, М.Тычыны, Р.Шкрабы, У.Юрэвіча і інш.
Літ.:
Лынькоў М. Шляхам жыцця // Полымя. 1972. № 11;
Танк М. Летапіс вялікіх здзяйсненняў // Там жа. 1982. № 11;
Саламевіч Я. Праз гады // Там жа. 1992. № 11—12;
Конон В. На рубежах утверждения // Неман. 1982. № 12;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕНТ-ЛЮСІ́Я (Saint Lucia),
дзяржава ў Вест-Індыі на аднайм. востраве ў групе Наветраных а-воў (архіпелаг М. Антыльскія а-вы). Пл. 620 км². Нас. 156,3 тыс.чал. (2000). Афіц. мова — англійская, шырока распаўсюджаны мясц. крэольскі дыялект франц. мовы (патуа). Сталіца, найб. горад і порт — Кастры. Адм. падзел — 11 акруг. Нац. свята — Дзень незалежнасці (22 лют.).
Дзяржаўны лад. С.-Л. — канстытуцыйная манархія. Чл. Садружнасці. Дзейнічае канстытуцыя 1979. Кіраўнік дзяржавы — брыт. манарх, якога прадстаўляе ген.-губернатар. Орган заканад. улады — двухпалатны парламент, які складаецца з сената (11 чл., прызначаюцца ген.-губернатарам) і палаты сходу (17 чал., выбіраюцца насельніцтвам на 5 гадоў). Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад на чале з прэм’ер-міністрам (кіраўнік большасці ў палаце сходу).
Прырода. Востраў С.-Л. вулканічнага паходжання. Рэльеф горны, выш. да 959 м (г. Жымі). Клімат трапічны, пасатны. Сярэднемесячныя т-ры 18—26 °C. Гадавая колькасць ападкаў ад 1500—1700 мм на ўзбярэжжы да 2500—3500 мм на ўсх. схілах гор. Ёсць гарачыя крыніцы. У гарах захаваліся вільготна-трапічныя лясы з каштоўнымі пародамі дрэў. Жывёльны свет прадстаўлены ў асн. птушкамі. Мора багатае рыбай, ракападобнымі і малюскамі. Ёсць некалькі рэзерватаў.
Насельніцтва. 96% складаюць сентлюсійцы, нашчадкі рабоў, прывезеных з Афрыкі, у антрапал. адносінах негры (больш за 90%) і мулаты. У гарадах невял. колькасць выхадцаў з Індыі і англічан. Вернікі пераважна католікі (90%), ёсць пратэстанты (7%) і англікане (3%). Сярэднегадавы прырост каля 1%. Сярэдняя шчыльн. каля 250 чал. на 1 км², на ўзбярэжжы каля 500 чал. на 1 км². Гарадскога насельніцтва больш за 50%. Найб. гарады: Кастры (з прыгарадамі больш за 50 тыс.ж., 2000), В’е-Фор, Міку, Суфрыер. У сельскай гаспадарцы занята 43% працаздольных, у прам-сці і гандлі — 18%, у абслуговых галінах — 39%. Значная эміграцыя, пераважна ў Вялікабрытанію.
Гісторыя. Стараж. насельнікі С.-Л. — індзейцы аравакі і карыбы, б.ч. якіх знішчана еўрапейцамі. Адкрыта Х.Калумбам у 1502. У 1605 тут засн.англ. пасяленне. У 17—18 ст. за валоданне С.-Л. ішла барацьба паміж Францыяй і Вялікабрытаніяй; канчаткова замацавана за апошняй паводле Парыжскага мірнага дагавора 1814. У 1958—62 чл. Вест-Індскай федэрацыі. З 1967 «асацыіраваная з Вялікабрытаніяй дзяржава». 22.2.1979 абвешчана незалежнасць С.-Л. ў складзе Садружнасці. У С.-Л. дзейнічаюць паліт. партыі: Аб’яднаная рабочая партыя С.-Л., Лейбарысцкая партыя, Прагрэсіўная лейбарысцкая партыя. С.-Л. — чл.ААН (з 1979).
Гаспадарка. С.-Л. — аграрная краіна сярэдняга ўзроўню развіцця, важнае значэнне для эканомікі мае замежны турызм. Валавы ўнутр. прадукт на 1 чал. складае 4100 дол. за год. 32% яго ствараецца ў прам-сці, 11% — у сельскай гаспадарцы, 57% — у абслуговых галінах, пераважна ў турысцкай справе. С.-Л. — краіна развітога міжнар. турызму (штогод наведваюць 300—350 тыс. замежных турыстаў, даход ад турызму ў 1998—291 млн.дол.). У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца каля 22 тыс.га зямлі, у т. л. каля 19 тыс.га пад ворывам і шматгадовымі насаджэннямі, 3 тыс.га пад пашай. Пераважаюць дробныя сялянскія гаспадаркі, ёсць плантацыі экспартных культур. Каля палавіны с.-г. зямель пад пасадкамі бананаў (штогадовы збор каля 100 тыс.т). Вырошчваюць таксама манга, какосавыя арэхі, цытрусавыя, какаву, батат, маніёк, цукр. трыснёг, рыс, вінаград. Жывёлагадоўля мае другараднае значэнне. Пагалоўе (тыс. галоў): буйн. раг. жывёлы каля 15, свіней каля 10, авечак і коз каля 15. Птушкагадоўля (260 тыс. курэй у 1997). Марское рыбалоўства. Гал.прамысл. прадпрыемствы — нафтавы тэрмінал для перагрузкі супертанкераў (прывозяць нафту для ЗША з Б.Усходу) і нафтаперапр.з-д (б.ч. прадукцыі экспартуецца). Працуюць невял. прадпрыемствы па зборцы электронных кампанентаў, вытв-сці паперы і кардону, тытунёвых вырабаў, тканін, адзення, цацак. Апрацоўчая прам-сць базіруецца на перапрацоўцы мясц.с.-г. сыравіны (вытв-сць копры, какосавага алею, мыла, рому, безалкагольных напіткаў). Лесанарыхтоўкі і дрэваапр.прам-сць. Вытв-сць электраэнергіі — 110 млн.кВт∙гадз. (1998). Развіты саматужныя промыслы (ганчарныя вырабы, сувеніры і інш.). Транспарт аўтамаб. і марскі. На востраве 1,2 тыс.км аўтадарог, у т. л. каля 100 км з цвёрдым пакрыццём, 10 тыс. легкавых аўтамабіляў, 9,1 тыс. грузавых і аўтобусаў; 2 міжнар. аэрапорты. Марскія парты Кастры і В’е-Фор. У 1997 экспарт склаў 70,1 млн.дол., імпарт — 292,4 млн.дол. У экспарце пераважаюць бананы (41% па кошце), нафтапрадукты, адзенне, какава, агародніна, фрукты, какосавы алей і копра, у імпарце — харч. і прамысл. тавары, паліва. Гал.гандл. партнёры: ЗША (24% экспарту, 36% імпарту), Вялікабрытанія (50% экспарту, 11% імпарту), карыбскія краіны (16% экспарту і 22% імпарту), Японія, Канада. Краіна атрымлівае эканам. дапамогу ад Вялікабрытаніі. Грашовая адзінка — усх.-карыбскі долар.
І.Я.Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІСЛА́НДЫЯ (Ísland),
Рэспубліка Ісландыя (Lýðveldið Ísland), дзяржава на в-ве Ісландыя ў паўн.ч. Атлантычнага ак. На Пн абмываецца Грэнландскім м., на У — Нарвежскім м., на З Дацкі прал. аддзяляе І. ад Грэнландыі. Пл. 103 тыс.км². Нас. 272,55 тыс.чал. (1996). Дзярж. мова — ісландская. Сталіца — г.Рэйк’явік. І. падзяляецца на 8 абласцей, якія ўключаюць 23 акругі (сіслы). Нац. свята — Дзень абвяшчэння незалежнай рэспублікі (17 чэрвеня).
Дзяржаўны лад. І. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1944. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, якога выбірае насельніцтва на 4 гады. Вышэйшы орган дзярж. улады — парламент (альцінг) складаецца з 2 палат: верхняй і ніжняй (выбіраюцца на 4 гады). Выканаўчая ўлада належыць прэзідэнту і ўраду. Акругамі кіруюць чыноўнікі, прызначаныя цэнтр. уладай. Органы мясц. кіравання — выбарныя муніцыпалітэты гарадоў. Суд. сістэма складаецца з Вярх. суда, які з’яўляецца вышэйшай апеляцыйнай інстанцыяй, гар. і ніжэйшых судоў.
Прырода. Большая ч. вострава — плато выш. 400—800 м над узр. м, месцамі ўкрытае лёдам, са шматлікімі вулканамі (каля 200). Найб. вядомыя — Гекла, Лакі, Аск’я і Хванадальсхнукур (найвыш. пункт І., 2119 м). На З і Пд — паласа ўзбярэжных нізін Моцна парэзаная берагавая лінія са шматлікімі фіёрдамі. Характэрны гарачыя крыніцы, гейзеры. Частыя землетрасенні. Карысныя выкапні: торф, лігніт, ісландскі шпат, сера. Мінер.крыніцы. Клімат субарктычны, марскі, абумоўлены ўплывам Гальфстрыма. Сярэдняя т-растудз. ад 0 °C на ўзбярэжжы да -10 °C у гарах, ліп. адпаведна 11 °C і 0 °C. Ападкаў за год ад 465 мм на Пн да 2000—4000 мм на Пд. Ледавікі і снежнікі (пераважна на Пд) займаюць больш за 13% тэр. краіны, буйнейшыя з іх Ватнаёкудль (пл. каля 8400 км², магутнасць да 1 км), Лаўнгёкудль (1020 км²), Хофсёкудль (1000 км²). Рэкі кароткія (з парогамі і вадаспадамі), маюць значныя запасы гідраэнергіі. Характэрны шматлікія невял. азёры, буйнейшыя з іх — Тынгвадлаватн, Міватн. Глебы пераважна горныя арктычныя, на ўзбярэжных нізінах і невысокіх плато — вулканічныя, тарфяніста-дзярновыя. Расліннасць небагатая — горная тундра, тарфяныя балоты, увільготненыя злакавыя лугі. Жывёльны свет: пясцы, лемінгі, шмат птушак, прыбярэжныя воды багатыя рыбай. Нац. паркі — Тынгведлір, Міватн-ог-Лахсаў, Скафтафедль, Ёкульсаўргльювур; шматлікія рэзерваты, помнікі прыроды.
Насельніцтва. 99% складаюць ісландцы. Нац. меншасці: датчане, амерыканцы, шведы, немцы і інш. Сярод вернікаў пераважаюць пратэстанты (лютэране) — 96%, ёсць католікі. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 2,6 чал. на 1 км², найб. на ПдЗ вострава (каля 15 чал. на 1 км²). Гар. насельніцтва 92%. Найб. гарады (тыс.ж.): Рэйк’явік — 104,3 (1995), Коўпавагур — 16,7, Хабнарфіёрдур — 15,6, Акурэйры — 14,4 (1991). У прам-сці занята 24%, у сельскай гаспадарцы — 6% працаздольнага насельніцтва.
Гісторыя У старажытнасці І. была невядома. Каля 867 востраў адкрылі нарвежцы. У 9 ст. тут жылі нешматлікія пустэльнікі. Паміж 870 і 930 на ім пасялілася каля 20 тыс.чал. Гэта былі пераважна праціўнікі караля Харальда I Сінязубага, які аб’яднаў Нарвегію і актывізаваў барацьбу супраць родавай знаці. У І. прыбывалі і каланісты з нарв. пасяленняў у Ірландыі і Шатландыі. Тагачаснае грамадства падзялялася на свабодных (гл.Бонды) і несвабодных жыхароў, Родавыя вярхі мелі вырашальны голас на сходах (цінгах). Каля 930 у І. створаны агульнанар. сход (альцінг). Адным з асн. заняткаў насельніцтва было мараплаўства. У 980-я г. ісландцы адкрылі Грэнландыю, каля 1000 дасягнулі Паўн. Амерыкі; яны падтрымлівалі гандл. сувязі з народамі Еўропы, у т. л. з усх. славянамі. Каля 1000 альцінг ухваліў прыняцце ў І. хрысціянства, якое пранікала сюды пераважна з Нарвегіі. У 1056 і 1106 створаны першыя епіскапствы, падпарадкаваныя нарв.царк. іерархіі. Перыяд незалежнасці І. (10—12 ст.) быў і эпохай росквіту ісландскай культуры, асабліва л-ры. Родавае процістаянне і адсутнасць цэнтр выканаўчай улады прывялі ў 13 ст. да грамадз. вайны, што дапамагло нарв. каралям завалодаць востравам (1262—64). Панаванне нарвежцаў прыспешыла працэс феадалізацыі краіны. Улада на месцах перайшла ў рукі каралеўскіх чыноўнікаў, мясц. заканадаўства прыстасавана да нарвежскага. Маёмасць апальнай знаці была канфіскавана ва ўласнасць кароны і здавалася ў арэнду. У 1380 разам з Нарвегіяй І. апынулася ў уніі з Даніяй. З гэтага часу ўсе царк і свецкія пасады ў І. займалі датчане. У 1537—50 Крысціян III навязаў І. лютэранства, пераадолеўшы супраціўленне ч. грамадства і каталіцкага духавенства. Паступовае пагаршэнне клімату (з 13 ст.), пірацтва на Атлантычным ак., увядзенне Даніяй гандл. абмежаванняў (з 1602 дацкая манаполія на гандаль з І.), выбухі вулканаў і эпідэміі зрабілі немагчымым у 14—18 ст.эканам. і дэмаграфічнае развіццё вострава (заняпад сельскай гаспадаркі, запавольванне прыросту насельніцтва). У пач. 19 ст. І. канчаткова страціла фармальныя прыкметы аўтаноміі (у 1800 указам дацкага караля скасаваны альцінг, у 1808 ліквідавана мясц. самакіраванне). Пасля скасавання дацка-нарв. уніі (1814) І. засталася ў складзе ўладанняў Даніі. У 1-й пал. 19 ст. ў асяроддзі маладой і нешматлікай ісландскай інтэлігенцыі ўзнік рух за нац адраджэнне пад лозунгамі эканам. і паліт. незалежнасці, які ўзначаліў І.Сігурдсан. У выніку дацкі ўрад вымушаны быў пайсці на ўступкі: у 1843 адноўлены альцінг (з дарадчымі функцыямі), у 1854 скасавана дацкая гандл. манаполія, у 1871 І. атрымала абмежаваную аўтаномію (замацавана паводле канстытуцыі 1874), пашыраную ў 1903. У 1870—90 значная колькасць насельніцтва эмігрыравала ў ЗША і Канаду. У канцы 19 — пач. 20 ст. ў І. сфарміраваўся каап. рух, пачалі стварацца першыя паліт. партыі.
1.12.1918 І. абвешчана суверэннай дзяржавай (з уласным урадам і паўнамоцным парламентам) у персанальнай уніі з Даніяй. 18.5.1920 альцінг прыняў канстытуцыю краіны. У час 2-й сусв. вайны, пасля захопу Даніі ням.-фаш. войскамі (май 1940), у І. высадзіліся брыт., у ліп. 1941 — амер. войскі. 17.6.1944 паводле рэферэндуму, праведзенага ў сувязі з заканчэннем 25-гадовага тэрміну уніі з Даніяй, І. абвешчана рэспублікай. Першым прэзідэнтам стаў С.Б’ёрнсан. З 1948 краіна карысталася амер. дапамогай у межах Маршала плана. У 1-й пал. 20 ст., дзякуючы развіццю рыбалоўства і рыбаперапрацоўкі, адбыўся хуткі ўздым узроўню жыцця насельніцтва. З мэтай забеспячэння сваіх эканам. інтарэсаў І. пашырыла сферу выключнага рыбалоўства (у 1975 — да 200 марскіх міль), што стала прычынай канфлікту з Вялікабрытаніяй, ФРГ і інш.еўрап. дзяржавамі (т. зв. «трасковыя войны»). Робяцца спробы развіцця інш. галін прам-сці, энергетыкі і сельскай гаспадаркі. У паліт. жыцці І. гал. ролю адыгрываюць Партыя незалежнасці (засн. ў 1929), Прагрэс. партыя, С.-д. партыя (абедзве засн. ў 1916), Нар. саюз (засн. ў 1968); дзейнічае Федэрацыя прафсаюзаў І. Ніводная з партый не мае вырашальнага ўплыву ў грамадстве, што выклікае неабходнасць стварэння кааліцыйных урадаў і прыводзіць да частай змены кабінетаў. Пасля 2-й сусв. вайны найб. трывалыя кааліцыі стваралі Партыя незалежнасці з Прагрэс. партыяй (1950—56, 1974—78, 1983—88, з 1995) і сацыял-дэмакратамі (1959—71, 1991—95). Прэм’ер-міністр Д.Одсан (з 1991). Прэзідэнт краіны О.Р.Грымсан (з 1996). І. — член ААН (з 1946), НАТО (з 1949), Паўн. савета (з 1952), Еўрап. асацыяцыі свабоднага гандлю (з 1970), Савета Еўропы, Арг-цыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе.
Гаспадарка. Паводле аб’ёму валавога ўнутр. прадукту (ВУП) на душу насельніцтва І. займае адно з вядучых месцаў у групе развітых дзяржаў (18,8 тыс.дол. ЗША, 1995). Доля прамысловасці ў ВУП каля 30%, сельскай гаспадаркі — 12%. Каля 20% ВУП і 75% экспартных паступленняў забяспечваюць рыбалоўства і рыбаперапрацоўка, у якой занята 12% працаздольнага насельніцтва. Улоў рыбы ў 1995 склаў 1,62 млн.т. Ловяць пераважна мойву (1/2 улову), траску, селядцоў. Асн. раёны перапрацоўкі рыбы (засолачныя станцыі і халадзільнікі, з-ды рыбакансервавыя, па вытв-сці рыбнай мукі і тлушчу) — Рэйк’явік, Акурэйры, Сіглуфіёрдур, Вестманаэяр. Выпрацоўка электраэнергіі 4,9 млрд.кВтгадз (1995), пераважна на ГЭС (93,5%). Геатэрмальная электрастанцыя ў г. Крафла. Спажыванне электраэнергіі на душу насельніцтва ў І. адно з самых высокіх у свеце (18 тыс.кВтгадз за год). Гарачыя крыніцы выкарыстоўваюць на абагрэў жылля і цяпліц. Чорная і каляровая металургія развіваецца на таннай электраэнергіі, вядзецца металаапрацоўка, вытв-сцьбуд. матэрыялаў, мінер. угнаенняў. Вытв-сць (тыс.т, 1995): алюмінію — 88, ферасіліцыю — 72, дыятаміту — 29, цэменту — 185. Гал. цэнтры — Хабнарфіёрдур (алюмініевы з-д), Акранес (цэментны з-д), Гувунес (камбінат азотных угнаенняў). Ёсць верфі па рамонце і буд-ве рыбалоўных суднаў (Рэйк’явік, Акурэйры), малочныя з-ды і мясакамбінаты, тэкст., трыкат., гарбарна-абутковыя прадпрыемствы. Аснова сельскай гаспадаркі — мяса-воўнавая авечкагадоўля і малочная жывёлагадоўля. С.-г. ўгоддзі выкарыстоўваюцца пераважна пад сенажаці і пашы (22% тэр. краіны). Гадуюць авечак (451 тыс. галоў, 1996), буйн. раг. жывёлу, коней, поні. Апрацоўваецца каля 1% тэрыторыі. Вырошчваюць бульбу, турнэпс, кармавыя травы, у цяпліцах (больш за 100 га) — памідоры, агуркі і інш. Транспарт марскі і аўтамабільны. Асноўная ч. грузаперавозак прыпадае на марскі флот (танаж каля 170 тыс. брута-рэг. т). У рыбалоўным флоце больш за 1 тыс. суднаў агульным танажом каля 130 тыс. брута-рэг. т. Аўтатранспарт (119 тыс. аўтамабіляў) ажыццяўляе пераважна ўнутр. груза- і пасажыраперавозкі. Даўж. аўтадарог больш за 12,5 тыс.км. У краіне 24 аэрапорты і аэрадромы. Гал.трансп. цэнтр Рэйк’явік. У Кеблавіку міжнар. аэрапорт і амер.ваен. база. Экспарт (1,6 млрд.дол. ЗША, 1994): рыба і рыбапрадукты (75% кошту), алюміній (9,5%), дыятаміт, ферасіліцый, бараніна, воўна і інш. Імпарт (1,5 млрд.дол. ЗША, 1994): машыны і абсталяванне (19%), сродкі транспарту (11%), с.-г. прадукты (10%), нафта і газ (9%). Асн.гандл. партнёры: Вялікабрытанія, ЗША, Нарвегія. Ірландыя, Германія, Японія, Данія, Швецыя Беларусь набывае ў І. пераважна рыбу (468 тыс.дол. ЗША, 1996). І. наведвае каля 160 тыс. замежных турыстаў за год. У 1994 даход ад турызму склаў 137 млн.дол. ЗША. Грашовая адзінка — ісландская крона.
Літаратура. Фальклор І. збярогся ў запісах 13 ст. (зб. міфалагічных і гераічных песень «Эда Старэйшая»), Былі пашыраны вершы скальдаў, сагі, створаныя невядомымі аўтарамі, у т. л. радавыя сагі, у якіх апавядалася пра жыццё першых ісландскіх пасяленцаў і іх нашчадкаў («Сага аб Эгіле», «Сага аб жыхарах пясчанага берага», «Сага аб людзях Лаксдаля», «Сага аб Грэціры», «Сага аб Ньяле»); сагі стараж. часоў («Сага аб Вёльсунгах», якая з’яўляецца пераказам «Эды Старэйшай», «Сага аб Храмундзе Грэйпсане», «Сага аб Хэрвёр» і інш.); у каралеўскіх сагах — жыццяпісы нарвежскіх каралёў («Хеймскрынгла» С.Стурлусана, аўтара празаічнай «Эды Малодшай» — трактата аб язычніцкай міфалогіі). У 12 ст. створана кароткая гісторыя І. «Кніга аб ісландцах» А.Торгільсана, пазней — «Кніга аб паселішчах». Пасля страты І. незалежнасці (13 ст.) яе л-ра доўгі час была ў заняпадзе і прадстаўлена пераважна перакладам Бібліі, зробленым пратэстантамі, і кнігай лютэранскага пастара Хадльгрымюр П’етурсана «Перадвелікодныя псалмы» (1666). Асн.літ. жанрам амаль да 19 ст. былі т. зв. рымы — вершаваныя пераказы розных сюжэтаў. У канцы 19 — пач. 20 ст. вяліся спрэчкі вакол праблем рамантызму і рэалізму. Значнае месца ў л-ры гэтага часу належыць творчасці Г.Магнусана — песняра сял. жыцця (цыкл «Ферма ў гарах», т. 1—4, 1908—11). Рэаліст. тэндэнцыі выявіліся ў апавяданнях Г.Паўльсана, у іранічнай паэзіі С.Г.Стэфансана. Найб. вядомыя празаікі 20 ст. Г.Гунарсан, Т.Тоўрдарсан (майстар гумарыстычнага стылю), Х.К.Лакснес. Сярод сучасных раманістаў О.І.Сігурдсан («Гульня фарбаў зямлі», 1947, «Ліст пастара Бёдвара», 1965), С.Бергвейсан, Б.Б’ярман, Д.Відар. Укладам у паэзію І. 20 ст. стала творчасць неарамантыка Д.Стэфаўнсана, які браў натхненне ў фальклоры і баладах Т.Гудмундсана — песняра Рэйк’явіка. Новыя мадэрнісцкія тэндэнцыі выявіліся ў творчасці С.Стэйнара («Час і вада», 1948), паэтаў Сігурдсана, С.Х’яртарсана, Ханес П’етурсана, М.Іохумсана. Прызнанне атрымалі празаік Т.Вільх’яўльмсан, драматургі А.Богасан, Стэфаўнсан, С.Нордаль, публіцыст І.Аўрнасан.
Архітэктура і выяўленчае мастацтва. Найб. раннія помнікі мастацтва на тэр. І. адносяцца да 9—10 ст. (пераважна метал. вырабы, аздобленыя плеценым арнаментам) і маюць сляды ўплыву мастацтва вікінгаў. Стараж. ісландцы будавалі «доўгія дамы», часта паглыбленыя ў зямлю, з дзярновых і тарфяных блокаў, з дзярновымі дахамі і размешчанымі ў рад памяшканнямі. З прыняццем хрысціянства (каля 1000) мастацтва І. развівалася ў рэчышчы раманскага, пазней гатычнага стыляў з уплывамі ірл., нарв. мастацтва і нарманскага звярынага стылю. З 11—12 ст. вядома арнаментальная разьба па дрэве (рэльефы, распяцці, статуі). Плецены арнамент упрыгожвае і сярэбраныя пасудзіны 12—13 ст., гатычныя мініяцюры 14—15 ст., алтарныя вышываныя пакрывалы. У 2-й пал. 16—18 ст. мастацтва ў І. заняпала, актыўна развівалася толькі нар. творчасць (разьба, ткацтва). З сярэдзіны 18 ст. будаваліся гарады з каменнымі пабудовамі, пераважна па праектах дацкіх архітэктараў (саборы ў Хоўлары, Рэйк’явіку). У 19 ст. склаўся тып 2—3-павярховага ісландскага дома з прывазнога лесу, туфу, базальту, з абшыўкай гафрыраваным жалезам. Узнікла нац. школа жывапісу (партрэтыст С.Гудмундсан, пейзажысты Т.Торлаўхсан, А.Іоўнсан), у якой вобразы дзікай, некранутай прыроды І. сталі сімваламі нац. адраджэння. Рэаліст. жывапіс 20 ст. адлюстроўвае яркія вобразы радзімы (К’ярваль, І.Стэфаўнсан), казкі і паданні (Г.Торстэйнсан), быт. сцэны (К.Іоўнсдаўцір, Г.Шкевінг), гіст. і фалькл. матывы (А.Свейнсан, С.Оўлафсан, скульпт. Э.Іоўнсан). У архітэктуры І. з 1920-х г. выкарыстоўваюцца сучасныя формы і канструкцыі (маналітны жалезабетон, стальны каркас), метады кампазіцыі, планіроўкі (новая забудова Рэйк’явіка і Акурэйры); будуюцца 4—5-павярховыя секцыйныя дамы, грамадскія, адм. і прамысл. будынкі (арх. Гудмундсан, Г.Самуэльсан, С.Тордарсан). У сучасным мастацтве суіснуюць рэаліст. тэндэнцыі (С.Сігурдсан) і авангардныя плыні (С.Арынб’ярнар, Т.Скуласан). Характэрныя віды нар. творчасці — разьба, вышыўка, вязанне.
Літ.:
Васильев Я.А. Исландия вчера и сегодня. М., 1986;
Андрессон К.Е. Современная исландская литература, 1918—1948: Пер. с исл. М., 1957;
Стеблин-Каменский М.И. Древнескандинавская литература. М., 1979;
Искусство стран и народов мира. Т. 2. М., 1965;
Eldjárn K. Icelandic art. New York, 1961.
Л.В.Лоўчая (прырода, насельніцтва, гаспадарка), Г.М.Бутырчык (літаратура), В.Я.Буйвал, С.У.Пешын (архітэктура і выяўленчае мастацтва).
Герб і сцяг Ісландыі.Да арт.Ісландыя. Вадаспад на поўдні краіны.Да арт.Ісландыя. Горад Акурэйры на паўночным узбярэжжы.
у складзе Азербайджана, аддзелена ад яго тэр. Арменіі. Мяжуе па р. Аракс з Іранам і Турцыяй. Пл. 5,5 тыс.км². Нас. 306 тыс.чал. (1991), гарадскога 33%. Сярэдняя шчыльн. 55,6 чал. на 1 км². Жывуць азербайджанцы (95,6%), рускія і інш. Цэнтр — г.Нахічэвань. Гарады: Ардубад, Джульфа, Шарур.
Прырода. Паверхня гарыстая, каля 75% тэрыторыі на выш. больш за 1000 м. На Пн — Даралагезскі хр., на У — Зангезурскі хр. (выш. да 3904 м, г. Капутджух). Паўд. і паўд.-зах. часткі тэр. ўздоўж р. Аракс — раўніна выш. 600—1000 м. Карысныя выкапні: малібдэнавыя і поліметал. руды, каменная соль, сера, буд. матэрыялы. Шматлікія крыніцымінер., пераважна вуглякіслых вод. Клімат рэзка кантынентальны, засушлівы. Сярэдняя т-растудз. ад -3 °C на раўніне, да -14 °C у гарах, ліп. адпаведна 28 °C і 25 °C (на вяршынях гор да 5 °C). Ападкаў за год ад 200 мм на раўніне да 600 мм у гарах. Гал. рака Аракс з прытокамі Арпа, Нахічэванчай. Вадасховішчы Батабатгёль і Узунабінскае (на р. Нахічэванчай) і Арпачайскае. Глебы шэразёмныя, бурыя і каштанавыя. Расліннасць на раўніне палыновая і салянкавая, у гарах стэпавая, субальпійская і альпійская; лясоў амаль няма.
Гісторыя. Тэр. рэспублікі заселена чалавекам з эпохі неаліту. У 8—7 ст. да н.э. ў складзе дзяржаў Мана і Мідыя, у 6—4 ст. да н.э.Ахеменідаў дзяржавы, у 4 ст. да н.э. — дзяржавы Аляксандра Македонскага, у пач. 2 ст. да н.э. — Атрапатэны. У 1 ст. да н.э. захоплена Рымам, у 3 ст.н.э. — Персіяй, у 623 — Візантыяй, у сярэдзіне 7 ст. — арабамі. У 9—10 ст. уваходзіла ў склад дзяржаў Саджыдаў (879—930) і Саларыдаў (941—965); гарады Нахічэвань, Джульфа, Ардубад сталі цэнтрамі рамяства і гандлю. У 11 ст. заваявана сельджукамі (г. Нахічэвань быў сталіцай дзяржавы султана Алп-Арслана), з 12 ст. ў складзе азерб. дзяржавы Эльдыгізідаў. У 13—15 ст. пад уладай манголаў, Цімура і цюркаў-агузаў, у 15—16 ст. у складзе дзяржаў Кара-Каюнлу і Ак-Каюнлу. З канца 16 ст. пад уладай Ірана ў складзе Сефевідаў дзяржавы (да 1720-х г.) і імперыі Надзір-шаха (1736—47). Неаднаразова перажыла нашэсці тур. і іранскіх войск. У 16 ст. ў складзе Сефевідскай дзяржавы вылучылася населенае азербайджанцамі і армянамі васальнае Нахічэванскае ханства, якое пасля распаду імперыі Надзір-шаха ў сярэдзіне 18 ст. стала незалежным, але ў канцы 18 ст. зноў трапіла пад уладу Ірана. Паводле Туркманчайскага дагавора 1828 у складзе Расіі, у 1849 тут утвораны Нахічэванскі пав. Эрыванскай губ. У пач. 20 ст. ўзніклі першыя с.-д. ячэйкі і арг-цыі «Гумет», вясной і летам 1917 у Нахічэвані і інш. месцах — Саветы, але ўлада заставалася ў руках мясц. бекаў і ханаў. У ліст. 1917 — сак. 1918 тут дзейнічала адміністрацыя Закаўказскага камісарыята. У чэрв. 1918 Нахічэвань акупіравана тур., у ліст. — брыт. войскамі; чл. партыі «Мусават» абвясцілі ў краі т.зв. Аракскую рэспубліку. У 1919—20 пад уладай мусаватыстаў і дашнакаў. У ліп. 1920 Нахічэванскі край заняла Чырв. Армія. 28.7.1920 абвешчана Нахічэванская ССР, якая заключыла ваен.-эканам. саюз з РСФСР і Азербайджанам. У лют. 1923 3-і Усенахічэванскі з’езд Саветаў ператварыў Нахічэванскую ССР у Нахічэванскі аўт. край у складзе Азерб. ССР. 9.2.1924 аўт. край ператвораны ў Нахічэванскую АССР. З 1989 насельніцтва Нахічэванскай АССР, якое ў выніку нагорна-карабахскага крызісу было адрэзана ад асн.тэр. Азербайджана, актыўна ўдзельнічала ў руху за незалежнасць Азербайджана і яднанне азербайджанцаў СССР і Ірана. У снеж. 1989 — студз. 1990 адбываліся масавыя несанкцыяніраваныя пераходы насельніцтвам рэспублікі сав.-іранскай граніцы. У ліст. 1990 Нахічэванская АССР перайменавана ў Нахічэванскую Аўт. Рэспубліку. З 1991 у складзе незалежнай Азербайджанскай Рэспублікі.
Гаспадарка. Асн. галіны прам-сці: горназдабыўная (поліметал. руды, каменная соль, сера), лёгкая (шоўкаматальная, бавоўнаачышчальная, трыкат., швейная), харч. і харчасмакавая (плодакансервавая, мяса-малочная, тытунёвая, разліў мінер. вод), электра- і радыётэхн., дрэваапр., у т. л. мэблевая. Вытв-сцьбуд. матэрыялаў (цэгла, асфальтабетон, абліцовачны камень). На р. Аракс азербайджанска-іранскі гідратэхн. комплекс «Аракс». Сельская гаспадарка спецыялізуецца на вырошчванні вінаграду, костачкавых фруктаў, тытуню, цвёрдых гатункаў пшаніцы. Пасяўныя пл. займаюць каля 25 тыс.га, пераважае паліўное земляробства. Вінаградарства (тэхн. і кішмішныя гатункі) і садоўніцтва (абрыкосы, персікі, чарэшні і інш.) развіты ў перадгорных і сярэднягорных раёнах. Вырошчваюць збожжавыя на прыараксінскіх раўнінах, тытунь у Нахічэванскім і Шарурскім р-нах, агародніна-бахчавыя культуры паўсюдна. Бульбаводства. Жывёлагадоўля мяса-малочнага і мяса-воўнавага кірунку. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, авечак. Развіта шаўкаводства. Транспарт аўтамаб., чыг. і паветраны. Уздоўж мяжы з Іранам і Турцыяй праходзяць участкі аўтадарогі і чыгункі Баку—Ерэван. Даўж. чыгункі 190 км. Бальнеалагічныя курортныя мясцовасці Бадамлы, Сіраб.
Да арт.Нахічэванская Аўтаномная Рэспубліка. Статак авечак на пашы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕКУЛЯРЫЗА́ЦЫЯ (франц. sécularisation ад позналац. saecularis свецкі),
1) адчужэнне царкоўнай маёмасці на карысць дзяржавы. Праводзілася ў розных краінах свету з мэтай паслаблення эканам. магутнасці і паліт. ролі царквы ў дзяржаве.
На Беларусі ажыццяўлялася ў 18 — пач. 20 ст. У Рас. імперыі ўрад Кацярыны II адабраў у правасл. царквы населеныя маёнткі ў 1760-я г. Аднак на землях Беларусі, далучаных у выніку падзелаў Рэчы Паспалітай, царызм не рашаўся ісці на абвастрэнне адносін з моцным і ўплывовым каталіцкім клірам, таму тут канфіскацыя маёнткаў у духавенства абмежавалася толькі агульнымі мерамі, што ўжываліся да ўладальнікаў, якія заставаліся за мяжой ці выступілі супраць рас. улады. Канфіскацыі ў 1770—90-я г. закранулі частку царк. маёнткаў (больш за 40 тыс. рэвізскіх душ), што належалі пераважна Віленскаму біскупству. У Рэчы Паспалітай у 1773 быў скасаваны ордэн езуітаў, а яго маёнткі перададзены Адукацыйнай камісіі, якая распрадала іх шляхце. На 1790 у паезуіцкіх маёнтках на тэр.зах. і цэнтр. Беларусі знаходзіліся 644 гарадскія і 7179 сельскіх дымоў. Ва ўсх. Беларусі езуіты захаваліся да высылкі іх з Рас. імперыі паводле ўказа 1820. Палажэннем К-та міністраў і ўказам Сената ад 13.4.1822 35 маёнткаў (9830 рэвізскіх душ), што належалі езуітам, канфіскаваны і замацаваны за казной. Карэнны пералом у адносінах царызму да.царк. маёмасці ў зах. губернях настаў пасля паўстання 1830—31 з мэтай нейтралізацыі шляхецка-каталіцкай апазіцыі. Указам ад 19.7.1832 ад ліквідацыі некамплектных (што не мелі поўнага складу манахаў) рымска-каталіцкіх кляштараў іх маёнткі перададзены ў склад казны. У 1837 на Беларусі былі 93 паманастырскія маёнткі з 10 183 рэвізскімі душамі. У час хваляванняў у Віцебскай і Магілёўскай губ. з-за пераводу уніятаў у праваслаўе (1833 і 1834) у рымска-каталіцкага і уніяцкага духавенства канфіскавана 5 маёнткаў і ўстаноўлена казённае кіраванне яшчэ адным. Паводле 8-й рэвізіі (1834) у пауніяцкіх вёсках налічваліся 2894 рэвізскія душы. 25.12.1841 падпісаны шэраг указаў аб прыёме ў дзярж. маёмасць усіх населеных маёнткаў вышэйшага правасл. і іншавернага духавенства зах. губерняў; 10.5.1843 — аб перадачы ў казну населеных маёнткаў прыходскіх цэркваў; 28.2.1844 — вылучаных па «эксдывізіях» (па рашэнні суда) на ўласнасць каталіцкага духавенства. Такіх падухоўных маёнткаў у 1847 у 5 бел. губернях было 546 і 87 269 рэвізскіх душ сялян; трэцяя частка з іх прыпадала на Віленскую губ.Асн. маса зямельных уладанняў была адабрана ў каталіцкага духавенства, бо правасл. царква мела параўнальна невял. колькасць сялян. Вышэйшае духавенства, незадаволенае пазбаўленнем матэрыяльных сродкаў, рабіла ўсё, каб пакінуць у сваім распараджэнні найб. колькасць зямлі і зацягвала перадачу ў казну асобных маёнткаў. Рэшткі царк. уладанняў секулярызаваны ў выніку Кастр. рэвалюцыі 1917.
2) Працэс выхаду з-пад уплыву рэлігіі і царквы розных сфер грамадскага жыцця (палітыкі, права, культуры, асветы, нац. і сямейна-быт. адносін); адзін з аспектаў агульнага працэсу мадэрнізацыі, звязанага з развіццём навукі і вытв-сці, урбанізацыяй. Адбываецца на ўзроўні індывідуальнай свядомасці, сац. ін-таў і прыводзіць да аслаблення б. грамадскіх сувязей і традыцый. Характарызуецца стратай рэлігіяй ролі адзінай крыніцы каштоўнасцей, ідэалаў і норм, манаполіі на тлумачэнне аб’ектыўнай рэальнасці, аслабленнем уплыву царквы на асобу і дзяржаву. Рысы С. выявіліся ў сярэдневякоўі, асабліва праявіліся ў эпоху Адраджэння, Рэфармацыі, бурж. рэвалюцый. У СССР працэс С. найб. інтэнсіўна працякаў у 1920—30-я г. і звязаны з палітыкай дзяржавы, накіраванай на адлучэнне царквы ад жыцця грамадства. У адпаведнасці з дэкрэтам СНК РСФСР (1918) і пастановай СНКБССР (1922) «Аб аддзяленні царквы ад дзяржавы і школы ад царквы» былі адменены ўсе ранейшыя прывілеі царквы, маёмасць царквы і рэліг. т-ваў абвешчана агульнанароднай, рэліг. арг-цыям забаронена адкрываць ці мець агульнаадук. школы, выкладаць у школах рэліг. вучэнні. З боку дзяржавы вялася актыўная барацьба з рэлігіяй: храмы зачынялі і разбуралі, духавенства цярпела ганенні, царква і рэлігія абвяшчаліся «перажыткам старога». Пэўнае ажыўленне рэліг. жыцця назіралася ў перыяд Вял.Айч. вайны ў сувязі з падтрымкай з боку правасл. і рымска-каталіцкага духавенства барацьбы сав. народа супраць ням.-фаш. акупантаў. У 1990-я г. ў постсав. краінах тэмпы С. істотна знізіліся: рэлігія стала адным з элементаў духоўнай культуры, павялічылася колькасць храмаў, рэліг. арг-цыі сталі ўдзельнікамі міратворчай і дабрачыннай грамадскай дзейнасці. У канцы 20 — пач. 21 ст. працэс С. развіваецца адначасова з працэсам сакралізацыі розных сфер грамадскага жыцця і захоўваннем рэлігіі і царквы як сродкаў падтрымання духоўнасці і захавання традыц. грамадскіх структур.
Літ.:
Яблоков И.Н. Социология религии. М., 1979;
Зинченко А.Л. Реформа государственной деревни и секуляризация церковного землевладения в западных губерниях Российской империи // Исторические записки. М., 1985. Т. 112;
Кублицкая Е.А. Методологические аспекты изучения особенностей секуляризации в условиях перестройки // Проблемы перестройки: социал. аспект. М., 1989;
Сосно В.А. Конфискации церковных имений на Беларуси при включении ее в состав Российской империи // Наш радавод. Гродна, 1992. Кн. 4, ч. 3;
Яго ж. Секуляризация церковных крестьян на Беларуси в 30—40-е гг. XIX в. // Церковь в истории славянских народов. М., 1997.