марское млекакормячае атр. кітападобных. Жыве ў арктычных водах Грэнландыі, Паўн. Канады, Шпіцбергена і ПнУЗямлі Франца-Іосіфа.
Даўж. да 6,1 м, маса 1—1,5 т. Афарбоўка светлая з мноствам чорных плямаў (дзіцяняты цёмныя). У самцоў (зрэдку ў самак) у левай верхняй сківіцы бівень (рог) даўж. да 3 м (адсюль назва), якім яны прабіваюць аддушыны ў ільдах. Корміцца галаваногімі малюскамі і рыбай. Рэдкі. Ахоўваецца, занесены ў Чырв. кнігу СССР.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«АВАНГА́РД»
(Vanguard),
серыя амерыканскіх штучных спадарожнікаў Зямлі (ШСЗ) для вывучэння каляземнай прасторы і іх ракет-носьбітаў. Першы амер.ШСЗ належаў да тыпу «Авангард» (снеж. 1957). З 11 запушчаных «Авангардаў» на арбіту выйшлі 3(1959).
Маса ШСЗ 1,5 — 23 кг. 1-я і 2-я ступені ракеты-носьбіта «Авангард» вадкасныя, 3-я — цвердапаліўная; макс. карысны груз каля 11 кг пры вывадзе на арбіту выш. да 500 км; стартавая маса 10,2 т, даўжыня 22,4 м, дыяметр корпуса 1,14 м.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЦЕ́М’ЕЎ (Эдуард Мікалаевіч) (н. 30.11.1937, г. Новасібірск),
рускі кампазітар. Засл. дз. маст. Расіі (1985). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1960). У творчасці шырока выкарыстоўвае серыйную тэхніку, алеаторыку, электронную музыку. Сярод твораў: араторыя «Я забіты пад Ржэвам» на сл. А.Твардоўскага (1963), кантата «Рытуал» (1980), сімфонія «Пілігрымы» (1985); электронная музыка — «Мазаіка Венецыі», «Варыяцыі на адзін тэмбр», «Сем варот у свет Саторый»; вак.-інстр. Цыкл «Цяпло зямлі»; музыка да кінафільмаў (больш за 80). Дзярж. прэмія Расіі імя братоў Васільевых 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРА́,
ізаляванае рэзкае падняцце зямной кары сярод роўнай мясцовасці. Вышыня гары ад падножжа да вяршыні больш за 200 м. Гарой называюць таксама вяршыні ў горных краінах. Найвышэйшая гара на Зямлі — Джамалунгма (Эверэст) у Гімалаях (8848 м над узроўнем мора). На раўнінных тэр. гарамі зрэдку называюць і невял. падняцці, якія фактычна з’яўляюцца ўзгоркамі. Найвыш. пункты Беларусі: Дзяржынская гара (345 м), Лысая гара (342 м), Маяк (335 м), Замкавая гара (323 м), Мілідаўская гара (320 м), Гаршэва гара (296 м).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛО́БУС (ад лац. globus шар),
картаграфічны відарыс на паверхні шара, які захоўвае геам. падабенства контураў і суадносіны плошчы. Вылучаюць геагр. глобусы, якія адлюстроўваюць паверхню Зямлі, нябеснай сферы, Месяца і інш. Глобус геагр. адрозніваюць паводле тэматыкі (агульнагеагр., паліт., тэктанічныя, кліматычныя і інш.), маштабу і прызначэння. Выкарыстоўваюць пераважна як наглядныя навуч. дапаможнікі. Найб. выкарыстоўваюць зямныя глобусы ў маштабах 1:30 млн. — 1:80 млн. Лічыцца, што першы глобус быў зроблены ням. географам і падарожнікам М.Бегаймам (1492).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́РЦАГ ((Herzog) Роман) (н. 5.4.1934, г. Ландсгут, Германія),
нямецкі паліт. і дзярж. дзеяч. Д-р. юрыд.н., прафесар. Скончыў Мюнхенскі ун-т (1957). З 1958 пераважна на навук. і выкладчыцкай рабоце ў Мюнхене, Шпаеры, Зах. Берліне. Чл. партыі Хрысц.-дэмакр. саюз (з 1970). Міністр адукацыі, культуры і спорту (1978—80), дэп. ландтага і міністр унутр. спраў (1980—83) зямлі Бадэн-Вюртэмберг. Віцэ-прэзідэнт (1984—87) і прэзідэнт (1987—94) Федэральнага Канстытуцыйнага суда. Федэральны прэзідэнт ФРГ з ліп. 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫ́ЖАЛЬ,
у беларускай народнай міфалогіі бог агню, апякун рамёстваў, найперш кавальскага. Яго ўяўлялі магутным дэманам, які пад зямлёй у вогненнай кузні куе зброю, каб скінуць Перуна. Ж. паважалі за мужнасць і непакорнасць, але баяліся яго. Былі ўпэўнены, што, калі ён доўга працаваў у кузні, перагравалася зямля і пачыналася засуха, гарэлі тарфяныя балоты і лясы. Калі Ж. выходзіў з-пад зямлі, Пярун у гневе кідаў у Ж. вогненныя стрэлы-маланкі. Не папаўшы ў Ж., маланка магла быць прычынай пажару.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ІВА́НКА»,
бел.нар. гульня. На зямлі чарцілі круг («лес»), а ў сярэдзіне крута квадрацік («дом лесавіка»). У квадрацік змяшчалі «Іванку» (ляльку ці любы прадмет) і выбіралі «лесавіка». Астатнія ўдзельнікі гульні — «лебедзі». Яны заляталі ў «лес», спрабавалі забраць «Іванку», а «лесавік» — злавіць «лебедзя» рукой або дакрануцца да яго галінкай. Злоўленыя «лебедзі» выбываюць з гульні. «Лебедзь», якому ўдасца вынесці з «ле́су» «Іванку», становіцца «лесавіком», і гульня пачынаецца спачатку. Гульня заканчваецца, калі злоўлены ўсе «лебедзі» або па жаданні ўдзельнікаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМЕ́ННЫЯ КУРГАНЫ́,
пахавальныя збудаванні 1-га — пач. 2-га тыс., цалкам складзеныя з камянёў і зямлі. Пашыраны ў Верхнім і Сярэднім Панямонні, сярэднім цячэнні Зах. Буга. Маюць круглую форму, дыяметр 6—20 м, вышыню 0,5—0,8 м. Большасць даследчыкаў лічыць іх помнікамі заходнябалцкіх (яцвяжскіх) плямён. Пахавальны абрад трупапалажэнне і трупаспаленне. Пры раскопках знойдзены розныя побытавыя рэчы, зброя і ўпрыгожанні. У К.к. 11—13 ст. трапляюцца рэчы балцкіх і славянскіх тыпаў, што сведчыць пра славянізацыю балцкіх плямён.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПРАЛІ́ТЫ [ад грэч. kopros памёт, кал + літ(ы)],
выкапнёвыя экскрэменты марскіх жывёл (чарвей, малюскаў, іхтыязаўраў і інш.), што захоўваюць першасную форму, а часам і неператраўленыя рэшткі ежы. Месцамі складаюць марскія мулы. У выкапнёвым стане (з ардовіку) трапляюцца капрагенныя вапнякі, даламіты і фасфарыты, якія ўяўляюць сабой псеўдамарфозы на К. Фасфарытызаваныя К. рыфейскага ўзросту — самыя стараж. сляды жывёл на Зямлі. К. маюць да 55—60% трыкальцыю фасфату і выкарыстоўваюцца як угнаенні. Трапляюцца пераважна ў Вялікабрытаніі і Францыі.