КА́МЕНКАЎСКІ АНТО́НІЕЎСКІ КАСЦЁЛ,

помнік архітэктуры неаготыкі. Пабудаваны ў 1908 у в. Каменка Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл. Асн. прамавугольны ў плане аб’ём накрыты двухсхільным дахам. Цэнтр. неф пераходзіць у 5-гранную апсіду з самаст. дахам, па баках якой невял. гранёныя сакрысціі. На гал. фасадзе двух’ярусная чацверыковая вежа, завершаная стромкім шатром з люкарнамі. Верхні чацвярык вежы на ўсіх фасадах вылучаны высокімі патройнымі арачнымі вокнамі. Гал. ўваход аформлены парталам, над якім акно-ружа і ніша са скульптурай. Дзверы аздоблены маст. коўкай. Астатнія фасады рытмічна расчлянёны ступеньчатымі контрфорсамі і стральчатымі аконнымі праёмамі.

Т.​В.​Габрусь.

Каменкаўскі Антоніеўскі касцёл.

т. 7, с. 512

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЭ́ЛІЧЫ, Галае балота, Баркі,

балота на ПнУ Навагрудскага, Пн Карэліцкага, Пд Іўеўскага р-наў Гродзенскай вобл. і ПнЗ Стаўбцоўскага р-на Мінскай вобл., у вадазборы р. Нёман і яго прытокаў — р. Сэрвач, каналаў Жоўта-Нёманскі і Шубіна-Нёманскі. Нізіннага тыпу. Пл. 17,5 тыс. га. у межах прамысл. пакладу 8,7 тыс. га. Глыб. торфу да 4,5 м, сярэдняя 1,7 м. Ёсць сапрапель. Асушаная ч. выкарыстоўваецца пад ворыва і сенажаць. На неасушаных землях пераважаюць балотныя алешнікі і бярэзнікі, месцамі драбналессе з хвоі, на глебе асокі і сфагнавыя імхі. Паўн. ч. балота ў межах Налібоцкіх лясоў.

т. 8, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРАМКО́ (Яўген Ігнатавіч) (н. 17.9.1920, в. Беражна Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1950). Працаваў рэдактарам раённых газ. на Міншчыне і Гродзеншчыне, у Літ. музеі Я.​Купалы, у 1951—70 у Сав. Арміі. Друкуецца з 1950. Аўтар зб-каў апавяданняў, казак і інш. для дзяцей «Звяры таксама плачуць» (1985), «Разам з дзядулем» (1997), дакумент. аповесці «Атрад «Камсамольскі» (1987), кн. «Нёманскія замалёўкі» (1989). Напісаў успаміны пра У.​С.​Караткевіча, пра дзейнасць партызан у Вял. Айч. вайну на Беларусі (зб-кі «У прынёманскіх лясах», 1975; «За край родны», 1978; абодва ў сааўт.).

т. 8, с. 447

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАЗА́НКІ,

у беларусаў даўняя мучная страва. Крута замешанае цеста з пшанічнай, жытняй або грэцкай мукі тонка раскачвалі, рэзалі на кавалкі (квадраты, трохвугольнікі), варылі, адцэджвалі, залівалі салам, алеем з цыбуляй ці смятанай, у пост — цёртым макам, тоўчаным семем, размятымі ягадамі. Шырока вядомы ў Браслаўскім р-не Віцебскай, Мядзельскім р-не Мінскай, Ваўкавыскім р-не Гродзенскай абласцей, часткова на Магілёўшчыне, Цэнтр. і Усх. Палессі. У некаторых раёнах зах. і цэнтр. частках Беларусі, на Магілёўшчыне Л. пяклі з пшанічнай мукі («праснаком») у форме «кантовых» кавалачкаў (іх называлі ламанцамі). Елі з цёртым макам, семем, звычайна на посную куццю.

Г.​Ф.​Вештарт.

т. 9, с. 98

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАЗО́ЎСКІ (Уладзімір Міхайлавіч) (н. 14.1.1934, в. Нянькава Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. мовазнавец. Канд. філал. н. (1966), праф. (1997). Скончыў БДУ (1956). Настаўнічаў. З 1961 у БДУ (у 1966—96 нам. дэкана філал. ф-та). У 1981—85 выкладаў бел. мову ў Берлінскім ун-це імя Гумбальта. Даследуе лексіку бел. літ. мовы і жывых нар. гаворак. Аўтар «Слоўніка антонімаў беларускай мовы» (1994), сааўтар падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў для ВНУ «Сучасная беларуская мова: Практычныя заняткі» (1989), «Сучасная беларуская мова: Уводзіны. Фанетыка. Фаналогія. Арфаэпія. Графіка. Арфаграфія. Лексікалогія. Лексікаграфія. Фразеалогія. Фразеаграфія» (2-е выд. 1995).

т. 9, с. 102

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАНДША́ФТНЫ ЗАКА́ЗНІК,

від заказніка, тэрыторыя якога з’яўляецца аб’ектам аховы і аднаўлення асабліва каштоўных, рэдкіх прыродных маляўнічых ландшафтаў і комплексаў. На тэр. Л.з. абмежавана гасп. дзейнасць, у т. л. забаронены суцэльная высечка лесу, пасьба жывёлы, гідрамеліярац. работы, узвядзенне будынкаў, скідванне сцёкавых вод і быт. адходаў і інш. На Беларусі 16 Л.з. рэсп. значэння (агульная пл. каля 231 тыс. га): Бабінавіцкі, Міжазёрны, Сялява, Сіньша, Чырвоны Бор у Віцебскай, Азёры, Навагрудскі, Сарачанскія азёры, Свіцязянскі ў Гродзенскай, Блакітныя азёры, Прылуцкі ў Мінскай, Мазырскія Яры ў Гомельскай, Альманскія балоты, Прастыр, Стронга ў Брэсцкай, Старыца ў Магілёўскай абласцях.

т. 9, с. 122

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕАШЭ́НЯ (Яўген Варфаламеевіч) (23.12.1900, пас. Альбярцін, цяпер у межах г. Слонім Гродзенскай вобл. — 6.12.1981),

генерал-лейтэнант інж. войск (1955). Канд. ваен. н. (1943). Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1934). У Чырв. Арміі з 1919, удзельнік баёў супраць Урангеля і Махно. У 1935—41 выкладчык у Ваен. акадэміі імя Фрунзе. У Вял. Айч. вайну нач. інж. службы, нач. штаба аператыўнай групы інж. загарод Зах. і Крымскага франтоў, нач. штаба інж. войск 1-га Бел. і Забайкальскага франтоў, удзельнік абароны Масквы і Севастопаля, Вісла-Одэрскай, Усх.-Памеранскай, Берлінскай і Хангана-Мукдэнскай аперацый. У 1946—59 на выкладчыцкай рабоце ў ваен. акадэміях.

т. 9, с. 172

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕБЯДА́, Лябёдка,

рака ў Шчучынскім і Лідскім р-нах Гродзенскай вобл., правы прыток р. Нёман. Даўж. 67 км. Пл. вадазбору 791 км². Пачынаецца каля в. Калечыцы Шчучынскага р-на, цячэ па Лідскай раўніне. Асн. прытокі: Касцянеўка, Жалудзянка (справа), Жужма, Шкардзянка, Голдаўка (злева). У верхнім цячэнні называецца Лябёдка. Даліна трапецападобная, у нізоўі месцамі невыразная. Пойма нізкая, двухбаковая, большай ч. забалочаная, шыр. 500—700 м. Рэчышча звілістае, на працягу 20,4 км каналізаванае, шыр. яго ад 8—12 м у вярхоўі да 15—25 м у ніжнім цячэнні. Берагі стромкія і абрывістыя. У пойме меліярац. каналы.

т. 9, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІС (Міхаіл Аляксандравіч) (н. 2.5.1939, в. Бяляўшчына Ваўкавыскага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне кардыялогіі. Д-р мед. н. (1982), праф. (1984). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1962). З 1967 у Гродзенскім мед. ін-це (з 1986 заг. кафедры). Навук. працы па комплексным вывучэнні метабалічных працэсаў, кардыягемадынаміцы пры ішэмічнай і гіпертанічнай хваробах, іх патагенет. тэрапіі, у т. л. з выкарыстаннем вітамінных прэпаратаў.

Тв.:

Активность ферментов углеводного обмена при ишемической болезни сердца и гипертонической болезни // Ишемическая болезнь сердца: Сб. науч. тр. Гродно, 1980;

Межвитаминные отношения при ишемической болезни сердца и гипертонической болезни. Мн., 1988 (у сааўт.).

т. 9, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛО́ША,

рака ў Ашмянскім і Астравецкім р-нах Гродзенскай вобл., левы прыток Ашмянкі (бас. р. Вілія). Даўж. 55 км. Пл. вадазбору 455 км². Пачынаецца за 1,5 км на ПдУ ад в. Ваўкоўшчына Ашмянскага р-на. У вярхоўі цячэ на паўн. схілах Ашмянскага ўзвышша. Асноўны прыток — р. Кавалёўка. Даліна да в. Лоша невыразная, ніжэй трапецападобная, яе шыр. 200—300 м. Пойма двухбаковая, пераважная шыр. 100—150 м. Рэчышча на працягу 12 км ад вытоку каналізаванае. Берагі стромкія, у вярхоўі абрывістыя. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 3,9 м³/с. Ёсць сажалка, на У ад яе Янаўскае вадасховішча.

т. 9, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)