БАБРУ́ЙСКАЯ КАНДЫ́ТАРСКАЯ ФА́БРЫКА «ЧЫРВО́НЫ ХАРЧАВІ́К».

Засн. ў 1870 у г. Бабруйск як дражджавы з-д. З 1931 спецыялізуецца на вырабе пасцілы, павідла, мармеладу. У Вял. Айч. вайну разбурана, адноўлена ў 1944. У 1951 пабудаваны літаграфскі ўчастак, у 1959 — халвічны, у 1973 — мармеладны. У 1987 рэканструявана, пушчаны гал. вытв. і падрыхтоўчы цэхі. З 1994 адкрытае акц. т-ва «Чырвоны харчавік». Асн. прадукцыя (1995): мармелад, зефір, ірыс, дражэ, халва.

т. 2, с. 188

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАГУ́НА (італьян. laguna ад лац. lacus возера),

мелкаводная частка акіяна (мора), аддзеленая ад яго барам або касой і злучаная з ім вузкім адным ці некалькімі пралівамі. Ад слабай сувязі з морам або ад поўнага адасаблення Л. маюць большую ці меншую салёнасць і спецыфічныя лагунныя адклады. Трапляюцца на ўзбярэжжах Чорнага, Каспійскага і інш. мораў. Таксама Л. наз. ўчастак мора паміж каралавым рыфам і берагам або ў сярэдзіне атола.

т. 9, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГІЛЁЎСКАЯ ФА́БРЫКА МАСТА́ЦКІХ ВЫ́РАБАЎ.

Створана ў 1960 на базе вышывальнай арцелі імя Н.​Крупскай. Асн. прадукцыя: строчанавышытыя, трыкат. вырабы (жаночыя сукенкі, блузы, касцюмы, спадніцы і інш.) з традыц. бел. арнаментам, сувеніры з саломы і дрэва. Створаны ўчастак па вырабе сувеніраў з ільновалакна (жанравыя кампазіцыі, фігуркі людзей). Працуе апорны пункт па рабоце з майстрамі-надомнікамі.

Магілёўская фабрыка мастацкіх вырабаў. К.​Арцёменка. Кампазіцыя «Хлеб-соль». 1970-я г.

т. 9, с. 460

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГНІТААПТЫ́ЧНЫ ДЫСК,

разнавіднасць аптычных дыскаў, дзе запіс інфармацыі ажыццяўляецца тэрмамагн. спосабам.

Пры запісе інфармацыі рухомы носьбіт лакальна награваецца лазерным выпрамяненнем, у зоне разагрэву каэрцытыўная сіла рабочага слоя рэзка змяншаецца (гл. Тэрмамагнітныя з’явы) і нагрэты ўчастак перамагнічваецца пад уздзеяннем слабога знешняга магн. поля. Пры ўзнаўленні адбіты ад М.д. палярызаваны лазерны прамень перыядычна паварочвае плоскасць палярызацыі на вугал, значэнне якога залежыць ад намагнічанасці рабочага слоя (гл. Кера эфект).

т. 9, с. 477

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРАДО́ЦКІ ЗА́МАК.

Пабудаваны ў 1-й пал. 17 ст. на правым беразе р. Гаражанка, на процілеглым баку ад г. Гарадок Віцебскай вобл. Меў форму пяцівугольніка, быў умацаваны ровам і валам, паўн.-зах. ўчастак замчышча прыкрывала балота, адкуль выцякаў і ўпадаў у абарончы роў ручай. Праз кожныя 20 м крапасной агароджы размяшчаліся бастыёны, сляды якіх выяўлены з паўн. і ўсх. бакоў. Знойдзены нязначныя фрагменты посуду і інш. рэчаў 17—18 ст.

т. 5, с. 45

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРАТО́Н (ад грэч. kratos сіла, моц),

кансалідаваны ўчастак зямной кары, няздольны да пераўтварэння пад уплывам альпінатыпнай складкавасці. Вылучаюць паднятыя К. — масівы пераважна сіялічнага (Si, Al) складу (стараж. платформы), і апушчаныя К. — масівы з сіматычнай (Si, Fe, Mg) асновай (пераважна вобласці дна акіянаў). Тэрмін уведзены ням. геолагам Г.​Штыле ў 1940 (замест прапанаванага ў 1928 аўстр. геолагам Л.​Коберам «кратаген») і шырока ўжываецца ў замежнай геал. і геагр. літаратуры.

т. 8, с. 466

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРО́Г,

мелкаводны камяністы або скалісты ўчастак у рэчышчы ракі з рэзкім падзеннем узроўню вады і вял. скорасцю цячэння. Утвараецца звычайна ў месцах выхаду цяжка размываемых горных парод або нагрувашчвання валуноў і абломкаў горных парод. П. перашкаджаюць суднаходству і лесасплаву. Ніжэй П. часта будуюць ГЭС (напр., Днепрагэс, Усць-Ілімская ГЭС на р. Ангара). На Беларусі П. трапляюцца на рэках Зах. Дзвіна (Вярхоўскі П. вышэй г. Віцебск), Дняпро (Кабяляцкія П. каля г. Орша).

т. 12, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАБРУ́ЙСКІ МАШЫНАБУДАЎНІ́ЧЫ ЗАВО́Д.

Засн. ў 1898 у г. Бабруйск як механічны, кацельны і чыгуналіцейны з-д (вырабляў абсталяванне для бровараў і інш.). З 1932 маш.-буд. з-д. У Вял. Айч. вайну разбураны, адноўлены ў 1945. У 1961 пушчаны сталеліцейны цэх, у 1966—71 — чыгуналіцейны і электрацэх, рамонтна-мех. ўчастак, у 1981 — машыназборачны цэх. Асн. прадукцыя (1995): цэнтрабежныя помпы для гарнаруднай, металургічнай, нафтавай, хім., энергет. і інш. галін прам-сці і для камунальнай гаспадаркі.

т. 2, с. 191

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДМО́ЎНАЕ СУПРАЦІЎЛЕ́ННЕ,

уласцівасць некаторых звычайна нелінейных элементаў эл. ланцугоў змяншаць падзенне напружання на іх пры павелічэнні сілы току (напр., 4-слойны некіроўны дыёд, тунэльны дыёд). У ланцугах пераменнага току індуктыўнае супраціўленне можна разглядаць як адмоўнае супраціўленне ў адносінах да ёмістаснага. У ланцугах пастаяннага току адмоўнае супраціўленне ўзнікае ў вобласці значэнняў токаў і напружанняў пры наяўнасці на вольт-ампернай характарыстыцы элемента ўчастка, які зніжаецца.

Вольтамперная характарыстыка элемента з адмоўным супраціўленнем. AB — спадальны ўчастак.

т. 1, с. 120

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ПЫСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.

Дзейнічала ў 1941—44 у г.п. Копысь Аршанскага р-на Віцебскай вобл. Складалася з 3 груп (кіраўнікі Я.​А.​Точын, Ц.​Р.​Марозаў, А.М. і З.​М.​Шэвень), аб’ядноўвала больш за 40 чал. Падпольшчыкі запісвалі па радыё і распаўсюджвалі сярод насельніцтва зводкі Саўінфармбюро, здабывалі звесткі аб праціўніку для партызан, выводзілі са строю сельгастэхніку, учынялі дыверсіі (спалілі маслазавод, паліцэйскі ўчастак і інш.). Фашысты высачылі падпольшчыкаў, арыштавалі і закатавалі.

т. 8, с. 415

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)