антыманархічная рэвалюцыя ў Партугаліі, у выніку якой у краіне ўстаноўлены рэсп. лад. Выклікана незадаволенасцю насельніцтва антыдэмакр. і рэпрэсіўным курсам каралеўскага ўрада. Пачалася ноччу 4.10.1910 у Лісабоне з паўстання рэспубліканцаў на чале з М. душ Сантушам, якіх падтрымалі армейскія часці сталічнага гарнізона і маракі 2 крэйсераў. 5 кастр. пасля капітуляцыі ўрадавых войск і эміграцыі караля Мануэла II [1908—10] у Вялікабрытанію кіраўнікі паўстання абвясцілі Партугалію рэспублікай. Быў створаны часовы ўрад на чале з Т.Брагам. Часовы ўрад аддзяліў царкву ад дзяржавы, скасаваў дваранскія тытулы, правёў выбары ва Устаноўчы сход, які 21.8.1911 прыняў новую канстытуцыю краіны (набыла сілу 11.9.1911). Яна прадугледжвала стварэнне двухпалатнага парламента, які выбіраў прэзідэнта рэспублікі, увядзенне свабоды друку і слова, права рабочых на забастоўкі, скасаванне манаскіх ордэнаў, устанаўленне ў прам-сці 8-гадзіннага рабочага дня і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАТСДА́МСКАЯ ДЭКЛАРА́ЦЫЯ 1945.
Апублікавана ад імя кіраўнікоў урадаў ЗША, Вялікабрытаніі і Кітая 26 ліп. ў час працы Патсдамскай канферэнцыі 1945; патрабавала ва ультыматыўнай форме безагаворачную капітуляцыю Японіі ў 2-й сусв. вайне. Прадугледжвала ліквідацыю ў Японіі ўлады і ўплыву мілітарыстаў, часовую акупацыю яп. тэрыторыі, пакаранне яп.ваенных злачынцаў, абмежаванне суверэнітэту краіны а-вамі Хонсю, Хакайда, Кюсю, Сікоку і інш. меншымі, дэмілітарызацыю яп. эканомікі, аднаўленне і ўмацаванне ў Японіі дэмакр. традыцый, выкананне дэкларацыі Каірскай канферэнцыі 1943 і інш. 28.7.1945 яп.ўрад адхіліў П.д., але пасля далучэння да яе СССР (8 жн.) і пачатку савецка-японскай вайны 1945 прыняў палажэнні дэкларацыі (14 жн.; загад яп.узбр. сілам аб спыненні супраціўлення аддадзены пазней). 2.9.1945 Японія падпісала акт аб капітуляцыі, паводле якога яп.ўрад і яго пераемнікі абавязаліся «сумленна выконваць умовы Патсдамскай дэкларацыі».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫПІСНЫ́Я СЯЛЯ́НЕ,
феадальна-залежнае насельніцтва Расіі ў 17 — сяр. 19 ст., якое замест аброку і падушнага падатку было абавязана працаваць на казённых і прыватных з-дах ці ф-ках. У канцы 17 і асабліва ў 18 ст.ўрад дзеля падтрымкі буйной прам-сці шырока практыкаваў прыпіску (звычайна без указання тэрміну) дзярж. сялян да з-даў ці мануфактур на Урале і ў Сібіры. Фармальна сяляне заставаліся ўласнасцю дзяржавы, але прадпрымальнікі эксплуатавалі і каралі іх як сваіх прыгонных. Цяжкае становішча П.с. выклікала шматлікія паўстанні і ўцёкі. З канца 18 ст.ўрад спыніў прыпіску сялян да з-даў. У пач. 19 ст. П.с. пад назвай «неадменных работнікаў» увайшлі ў катэгорыю пасэсійных сялян, скасаваную ў 1861—63 пасля адмены прыгоннага права.
Літ.:
Панкратова А.М. Формирование пролетариата в России. (XVII—XVIII вв.). М., 1963.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРА́Д (Arad),
горад на З Румыніі. Адм. ц. жудэца Арад. 191 тыс.ж. (1989). На р. Мурэш. Трансп. вузел. Машынабудаванне (вагона- і станкабудаванне), хім. (вытв-сць азотных угнаенняў), дрэваапр., тэкст., швейная, гарбарна-абутковая, харч.прам-сць. У час рэвалюцыі 1848—49 у Арадзе часова знаходзіўся ўрад Л.Кошута.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІАА́Н II (Камнін) (lōannēs; 13.9.1087, Канстанцінопаль — 1143),
імператар Візант. імперыі [1118—43]. З дынастыі Камнінаў. Сын Аляксея I Камніна і прадаўжальнік яго палітыкі. Атрымаў перамогі над печанегамі (1122), сербамі (каля 1124), венграмі (1129), сельджукамі (1135), разграміў Кілікійскую Арменію (каля 1136), заваяваў Антыёхію (1137). Яго ўрад правёў рэформу кіравання флотам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫКАНА́ЎЧАЯ ЎЛА́ДА,
у адпаведнасці з тэорыяй падзелу ўлад адна з самаст. галін дзярж. улады. Ажыццяўляе функцыі кіравання (кіраўнік дзяржавы, урад) паводле дзеючых законаў і інш. нарматыўных актаў. Прымае ўласныя пастановы і рашэнні для выканання актаў заканадаўчай улады. У Рэспубліцы Беларусь выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад — Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРУГІ́ УСЕРАСІ́ЙСКІ З’ЕЗД САВЕ́ТАЎрабочых і салдацкіх дэпутатаў,
адбыўся 7—9.11(25—27.10).1917 у Петраградзе. Прысутнічала 649 дэлегатаў, 390 бальшавікоў, 160 эсэраў, 72 меншавікі, 14 аб’яднаных інтэрнацыяналістаў, у т. л. ад Беларусі і салдат Зах. фронту 51 дэлегат. Парадак дня: 1) аб арганізацыі ўлады; 2) аб вайне і міры; 3) аб зямлі. У 3 гадз 10 мін 8 ліст. (26 кастр.) з’езд атрымаў вестку, што ўзяты Зімні палац і арыштаваны Часовы ўрад. Меншавікі, правыя эсэры і бундаўцы (каля 70 чал.) адмовіліся прызнаць сацыяліст. рэвалюцыю і пакінулі з’езд. З’езд прыняў напісаную У.І.Леніным адозву «Рабочым, салдатам і сялянам!», якая абвяшчала пераход улады ў рукі Саветаў. Прыняў Дэкрэты аб міры і аб зямлі, рашэнне аб пераходзе ўлады на месцах да Саветаў і інш. На з’ездзе створаны першы сав.ўрад — Савет Народных Камісараў на чале з Леніным.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́ПАЎСКІ ПУТЧ 1920, Капа—Лютвіца путч,
спроба кансерватыўна настроеных вайскоўцаў і праварадыкальных паліт. сіл на чале з памешчыкам В.Капам і ген. В.Лютвіцам захапіць уладу ў Германіі 13—17.3.1920. Быў накіраваны супраць Веймарскай рэспублікі. 10 сак. Лютвіц, падцягнуўшы да Берліна сілы путчыстаў, прад’явіў герм. ўраду ультыматум з патрабаваннямі распусціць Нац. сход, перавыбраць прэзідэнта краіны і адмовіцца ад скарачэння ўзбр. сіл, што праводзілася паводле Версальскага мірнага дагавора 1919. 13 сак. фарміраванні путчыстаў (у т. л. ваенізаваныя добраахвотніцкія) занялі Берлін, стварылі ўрад на чале з Капам. Прэзідэнт рэспублікі Ф.Эберт і ўрад Г.Баўэра пераехалі ў Дрэздэн, потым Штутгарт. Усеагульная забастоўка прафсаюзаў (удзельнічала 12 млн.чал.), рознагалоссі сярод путчыстаў, адсутнасць іх падтрымкі з боку б.ч. рэйхсвера і міністэрскай бюракратыі і інш. прычыны прывялі да паражэння путчу; 17 сак. Кап уцёк у Швецыю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІСПА́НСКІЯ РЭВАЛЮ́ЦЫІ 19 СТАГО́ДДЗЯ,
рэвалюцыйныя рухі ў Іспаніі ў 1808—74, накіраваныя на дэмакратызацыю паліт. сістэмы і правядзення ліберальных рыначных пераўтварэнняў. Першая Іспанская рэвалюцыя 1808—14 адбывалася ва ўмовах акупацыі Іспаніі франц. войскамі ў ходзе напалеонаўскіх войнаў (пад націскам французаў прынята Баёнская канстытуцыя 1808), мела пераважна нац.-вызв. характар (герылья, антыфранц. паўстанні ў Мадрыдзе, Сарагосе і інш.). У выніку вызвалення Іспаніі ад французаў (1812—13) прынята Кадыская канстытуцыя 1812, якая абмяжоўвала ўладу манарха. Аднак кароль Фердынанд VII, вярнуўшыся з франц. палону, скасаваў канстытуцыю і ў маі 1814 аднавіў абс. манархію. Штуршком да другой Іспанскай рэвалюцыі 1820—23 стала паражэнне Іспаніі ў вайне за незалежнасць іспанскіх калоній у Амерыцы 1810—26, што садзейнічала дыскрэдытацыі абсалютызму і росту ліберальнай апазіцыі. Пачалася ў студз. 1820 з паўстання ў арміі пад кіраўніцтвам Р.Рыега-і-Нуньеса паблізу ад г. Кадыс. У выніку нар. хваляванняў 6—7.3.1920 у Мадрыдзе Фердынанд VII аднавіў Кадыскую канстытуцыю, склікаў картэсы. Аднак з прычыны жорсткай паліт. барацьбы паміж памяркоўнымі лібераламі («мадэрадас», узначальвалі ўрад з сак. 1820), левымі лібераламі («эксальтадас», узначальвалі ўрад са жн. 1822) і найб. радыкальнай рэв. плынню камунерас не ўдалося завяршыць агр. і інш. рэформы, і рэвалюцыя ў крас.—вер. 1823 была задушана каралеўскімі і французскімі (накіраваны ў Іспанію паводле рашэння Свяшчэннага саюза) войскамі. У Іспаніі зноў усталявалася абс. ўлада манарха. Трэцяя Іспанская рэвалюцыя 1834—43 звязана з грамадз. вайной 1833—40 (гл.Карлісцкія войны) і праходзіла пад лозунгамі аднаўлення канстытуцыі 1812, разгрому карлістаў і інш.Рэв.ўрад «мадэрадас» (студз. 1834 — вер. 1835) скасаваў цэхі і абвясціў свабоду гандлю. Яго змяніў урад «прагрэсістаў» (пераемнікі «эксальтадас»), які ў 1835—37 правёў агр. рэформу (адменены маяраты, царк. дзесяціна, баналітэты, прывілеі сеньёраў, асабістыя павіннасці сялян), распрацаваў канстытуцыю 1837 (больш кансерватыўная за канстытуцыю 1812). Пасля паражэння карлістаў (1839—40) рэгентам у 1841 абвешчаны адзін з лідэраў «прагрэсістаў» ген. Б.Эспартэра, які ўстанавіў дыктатуру. Пасля яго звяржэння зноў утвораны ўрад «мадэрадас» (1843). Чацвёртая Іспанская рэвалюцыя 1854—56 выклікана незадаволенасцю насельніцтва ростам беспрацоўя і падаткаў, дэфіцытам дзярж. бюджэту і інш. сац праблемамі. Пасля выступлення групы апазіцыйных генералаў пад кіраўніцтвам Л.О’Донеля (чэрв. 1854) і нар. паўстанняў у Барселоне, Мадрыдзе, Малазе, Валенсіі (ліп. 1854) сфарміраваны ўрад на чале з Эспартэра. Аднак ён не здолеў палепшыць становішча працоўных і спыніць рэв. рух; 14.7.1856 О’Донель справакаваў адстаўку Эспартэра і распусціў картэсы. Пятая Іспанская рэвалюцыя 1868—74 пачалася з паўстання ваен. маракоў у Кадысе (вер. 1868) і гараджан у Мадрыдзе і Барселоне. У выніку ўтвораны ўрад з «прагрэсістаў» і прадстаўнікоў Ліберальнага саюза. Паводле прынятай у 1869 новай канстытуцыі Іспанія абвешчана канстытуцыйнай манархіяй (у 1870—73 правіў кароль Амадэй Савойскі). 11.2.1873 пад націскам рэспубліканцаў Іспанія абвешчана рэспублікай. Аднак у выніку кансерватыўнага ваен. перавароту 1874 у краіне адноўлена манархія на чале з каралём Альфонсам XII.
Літ.:
Додолев М.А. Россия и Испания 1808—1823 гг.: Война и революция в Испании и рус.-исп. отношения. М., 1984.
Да арт.Іспанскія рэвалюцыі 19 ст.. Расстрэл іспанскіх паўстанцаў французамі ў ноч на 3 мая 1808 года. Карціна Ф.Гоі. 1814.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПЕРАСТРАХО́ВАЧНЫ ДАГАВО́Р» 1887,
тайны дагавор паміж Расіяй і Германіяй (18.6.1887, Берлін), паводле якога абодва бакі абавязваліся захоўваць дружалюбны нейтралітэт у выпадку вайны адной з дзяржаў з трэцяй дзяржавай (акрамя Францыі і Аўстра-Венгрыі) і не дапускаць тэр. змен на Балканах без узаемнай дамоўленасці. У 1890 ўрад Германіі адмовіўся аднавіць дагавор.