АНТАГАНІ́СТЫ,

1) у анатоміі і фізіялогіі — органы з процілеглымі функцыямі і дзеяннем. Прыклады антаганістаў: мышцы і іх групы, што дзейнічаюць адначасова (або па чарзе) у двух процілеглых напрамках (напр., згінальнікі і разгінальнікі канечнасцяў — біцэпс і трыцэпс рукі чалавека), пара нерваў, якія пры ўзбуджэнні аказваюць процілеглы ўплыў на орган, што інервуецца. Антаганісты наз. таксама зубы верхняй і ніжняй сківіц, якія процістаяць адзін аднаму пры змыканні.

2) У мікрабіялогіі — мікраарганізмы, якія прыгнечваюць рост, развіццё і інш. праяўленні жыццядзейнасці інш. мікробаў і арганізмаў (гл. ў арт. Антаганізм).

т. 1, с. 378

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫВЕ́ТРЫВАННЯ РАДО́ВІШЧЫ,

паклады карысных выкапняў, якія ўзніклі ў зоне хім. выветрывання горных парод у зямной паверхні. Фарміруюцца пры разлажэнні горных парод пад уздзеяннем вады, вуглекіслаты, кіслароду, а таксама арган. і неарган. кіслот. Адрозніваюць: інфільтрацыйныя радовішчы, якія ўзніклі ў выніку растварэння і пераадкладу рэчываў хімічна актыўнымі воднымі растворамі, што цыркулююць у глыбіні Зямлі (некаторыя радовішчы жалеза, медзі, нікелю, урану, самароднай серы); астаткавыя радовішчы, якія сфарміраваліся на паверхні Зямлі ў выніку вынасу вадой з горных парод растваральных злучэнняў і намнажэння ў астатку цяжкарастваральных каштоўных мінералаў (некаторыя радовішчы жалеза, марганцу, нікелю, баксітаў, кааліну, магнезіту).

т. 4, с. 302

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАМО́РФНЫЯ ГЛЕ́БЫ,

1) група глеб, якія фарміруюцца пад уплывам устойлівага залішняга ўвільгатнення, што суправаджаецца торфаназапашваннем і агляеннем. Да гідраморфных глеб адносяць тарфяна-балотныя глебы розных тыпаў, часам таксама глеіста-балотныя, глеіста-перагнойна-глеевыя і глеіста-тарфяніста-глеевыя. Характэрная асаблівасць гідраморфнага глебаўтварэння — анаэробныя ўмовы і аднаўленчыя працэсы. Гідраморфныя глебы меліярыруюць і ўключаюць у с.-г. вытв-сць.

2) Глебы, якія фарміруюцца ва ўмовах акумулятыўных ландшафтаў пад непасрэдным уплывам грунтавых вод.

3) Глебы, якія фарміруюцца пры пастаянным або перыядычным уздзеянні ўзыходных грунтавых вод на ўвесь профіль ці якую-н. яго частку.

т. 5, с. 230

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАКЛЁПАЧНАЕ ЗЛУЧЭ́ННЕ,

нераздымнае злучэнне дэталей з дапамогай заклёпак (метал. стрыжняў з закладнымі галоўкамі). Робіцца ўнахлёстку, устык з адной або двума накладкамі. Выкарыстоўваецца ў канструкцыях, якія працуюць ва ўмовах ударных і вібрацыйных нагрузак, для змацавання дэталей, якія не зварваюцца або не дапускаюць награвання, і інш. З.з. выцясняюцца больш эканамічнымі зварнымі і клеявымі злучэннямі.

Заклёпачнае злучэнне: а — схема злучэння (1, 2 — замыкальная і закладная галоўкі; 3 — стрыжань заклёпкі, 4 — дэталі, якія злучаюцца); б — пашыраныя тыпы заклёпак (1—3 — з патайной, паўпатайной, плоскай галоўкамі; 4 — канічная з падгалоўкам).

т. 6, с. 505

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗМЕ́І-ЯЙЦАЕ́ДЫ (Dasypeltinae),

падсямейства вужападобных змей. 2 роды З.я.: афр. (Dasypeltis) і інд. (Elachistodon) па 1 віду ў кожным: D. scaber i E. westermanni. Пашыраны ў Паўд. і Цэнтр. Афрыцы, Паўд. Азіі.

Даўж. да 80 см. Верх цела пясчана-жоўты або бураваты, аднаколерны або з цёмным малюнкам з палос ці плям, якія часта зліваюцца ў зігзагападобную або рамбічнай формы паласу ўздоўж хрыбта. Корміцца птушынымі яйцамі, якія заглынае цалкам. У страваводзе шалупіна яйца расціскаецца ніжнімі адросткамі пазванкоў, якія ўваходзяць у яго поласць. Шалупіны выкідваюцца праз рот.

т. 7, с. 95

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫЧЫ́НА І ВЫ́НІК,

філасофскія катэгорыі, якія выражаюць генетычную сувязь паміж асобнымі станамі аб’ектаў і сістэм; дыялектычныя процілегласці, якія знаходзяцца ў адзінстве і пры пэўных умовах пераходзяць адна ў адну. Узнікненне любых аб’ектаў і сістэм і змена іх уласцівасцей у часе маюць падставы ў папярэдніх станах; гэтыя падставы наз. прычынамі, а змены, якія выклікаюцца імі — вынікам. Вынік пэўных прычын становіцца ў сваю чаргу прычынай інш. з’яў, адваротна ўздзейнічае на сваю прычыну і выклікае яе змену. Параджэнне прычынай выніку і адваротнае ўздзеянне на прычыну складаюць сутнасць прычынна-выніковай сувязі (прычыннасці).

т. 13, с. 87

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРАХНО́ЗЫ [ад грэч. arachnē павук + ...оз(ы)],

хваробы жывёл і чалавека, якія выклікаюцца ядавітымі і паразітычнымі павукападобнымі (пераважна кляшчамі). З ядавітых павукоў асабліва небяспечныя тарантул, каракурт; сярод арахнозаў, якія выклікаюцца кляшчамі (акарозаў), шырока вядомы кароста, многія дэрматозы. Асабліва цяжка хварэюць маладыя і знясіленыя жывёлы.

т. 1, с. 455

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЭ́ННАЯ ПАРО́ДА ў геалогіі — горныя пароды, якія залягаюць на месцы ўтварэння і мала зменены працэсамі выветрывання. У геамарфалогіі — пароды, якія з’яўляюцца больш стараж., чым рэльеф, утвораны пры іх удзеле (напр., неагенавыя пароды — К.п. ў адносінах да чацвярцічных форм рэльефу і адкладаў, што складаюць гэтыя формы).

т. 8, с. 126

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІПАСО́МЫ,

штучныя ліпідныя везікулы (бурбалкі). Складаюцца з аднаго або некалькіх фосфаліпідных біслаёў, якія раздзелены воднай фазай. Дыяметр 25—10 тыс. нм. Выкарыстоўваюцца як мадэлі біял. мембран і мікракантэйнеры, якія дастаўляюць лек. рэчывы (антыбіётыкі, вітаміны, гармоны, ферменты і інш.) у органы і тканкі.

С.​С.​Ермакова.

т. 9, с. 273

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРАРЭЦЭ́ПТАРЫ (ад бара... + рэцэптары),

адчувальныя нерв. канцы ў сценках крывяносных сасудаў, якія ўспрымаюць змены крывянога ціску і рэфлекторна рэгулююць яго ўзровень. Пры павышэнні крывянога ціску барарэцэптары пасылаюць у ц. н. с. імпульсы, якія прыгнечваюць тонус сасудзістага цэнтра, узбуджаюць вегетатыўную нерв. сістэму, што вядзе да паніжэння ціску.

т. 2, с. 300

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)