НАРВЕ́ЖЦЫ,

народ, асн. насельніцтва Нарвегіі (4,15 млн. чал.). Агульная колькасць 5 млн. чал. (1992). Жывуць таксама ў Швецыі (38 тыс. чал.), Даніі (11 тыс. чал.) і інш. краінах Еўропы, у ЗША (620 тыс. чал.), Канадзе (160 тыс. чал.), Аўстраліі (5 тыс. чал.). Гавораць на нарвежскай мове. Вернікі пераважна лютэране, ёсць паслядоўнікі інш. плыней пратэстантызму, католікі.

т. 11, с. 159

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРНАДО́ТЫ (Bernadotte),

каралеўская дынастыя, якая з 1818 правіць у Швецыі (у 1818—1905 адначасова ў Нарвегіі). Родапачынальнік дынастыі — маршал Францыі Ж.​Б.​Бернадот, у жн. 1810 абраны наследнікам швед. прастола; быў на троне ў 1818—44 пад імем Карла IV Юхана. Інш. прадстаўнікі Бернадотаў: Оскар I [1844—59], Оскар II [1859—1907], Густаў V [1907—50], Густаў VI Адольф [1950—73], Карл XVI Густаў [з 1973].

т. 3, с. 118

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́ТЭРН (Vättern),

возера на Пд Швецыі. Размешчана на выш. 89 м. Пл. 1,9 тыс. км². Даўж. 129 км, шыр. каля 28 км, глыб. да 119 м. Берагі высокія, скалістыя, са стромкімі схіламі. Сцёк у Балтыйскае м. Суднаходнае (Ветэрн — частка ўнутр. воднага шляху Стакгольм—Гётэбарг). Да Ветэрна прымыкае нац. парк Тыведэн. На Ветэрне — гарады Мутала, Хускварна, Карлсбарг; буйны порт Іёнчэпінг.

т. 4, с. 131

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́ТЛАНД (Gotland),

самы вял. востраў у Балтыйскім м., тэр. Швецыі. Утварае самастойную адм. адзінку (лен). Пл. 2960 км². Нас. 57,6 тыс. чал. (1993). Паверхня — плато (выш. да 83 м), складзенае з вапнякоў і пясчанікаў; пашыраны карставыя формы рэльефу. Клімат умераны, марскі. Хвойныя і шыракалістыя лясы. Тарфянікі. Рэзерват Хал-Хангвар. Пасевы збожжавых, бульбы. Жывёлагадоўля. Распрацоўкі вапняку. Адм. цэнтр і гал. порт — г. Вісбю.

т. 5, с. 370

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАЦЭ́НТ [ад лац. docens (docentis) той, хто навучае],

вучонае званне і пасада выкладчыка вышэйшых навуч. устаноў шэрагу краін. У Рэспубліцы Беларусь прысвойваецца кандыдатам навук або высокакваліфікаваным спецыялістам без вучонай ступені, якія маюць пэўны стаж выкладчыцкай работы ў ВНУ, навук. працы, вынаходствы. У некаторых замежных краінах (Аўстрыі, Балгарыі, Швецыі і інш.) званне Д. прысвойваецца, як правіла, асобам, якія маюць вучоную ступень магістра.

т. 6, с. 71

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЛЬСТА́ДСКІЯ ПАГАДНЕ́ННІ 1905.

Падпісаны паміж Швецыяй і Нарвегіяй 26 кастр. ў г. Карльстад (Швецыя) пасля папярэдніх двухбаковых перагавораў (праходзілі 31.8—23.9.1905) і ўхвалення парламентамі абедзвюх краін. Аформілі скасаванне швед.-нарв. уніі 1814—1905, вызначылі цэласнасць тэр. Нарвегіі, стварэнне нейтральнай пагран. зоны, умовы бяспошліннага транзіту тавараў для Швецыі праз тэр. Нарвегіі, пацвердзілі правы качавання шведскіх саамаў на нарв. землях і інш.

т. 8, с. 75

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІ́ВІК,

археалагічны помнік у правінцыі Сконе на Пд Швецыі, месца размяшчэння аднаго з буйнейшых пахавальных насыпаў у Скандынавіі. Меў 64 м у дыяметры, насыпаны над цыстай (каменная скрыня для пахавання), пліты якой упрыгожаны малюнкамі з выявамі працэсій, чалавечых фігур, калясніцы з вознікам, караблёў, коней, сякер, сонечных дыскаў. На час адкрыцця (1748) быў поўнасцю разрабаваны. Паводле стылю малюнкаў датуецца 10 ст. да н.э.

т. 8, с. 246

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́ЛАРЭН (Mälaren),

возера ў сярэдняй ч. Швецыі. Пл. 1163 км², глыб. больш за 60 м, даўж. каля 120 км. Катлавіна тэктоніка-ледавіковага паходжання (0,3—0,6 м над узр. м). Берагі моцна парэзаныя, шматлікія залівы, бухты, мысы, каля 1200 астравоў. Злучана пратокамі і каналамі з Балтыйскім м. і воз. Ельмарэн. Суднаходства, водны турызм. На берагах рэзерваты Энгсё і Ельставікен. Каля ўсх. берага — г. Стакгольм.

т. 10, с. 271

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕ́ЛЬСКАЕ НАСЕ́ЛЬНІЦТВА,

пастаянныя жыхары сельскіх паселішчаў катэгорыя насельніцтва. У большасці эканамічна развітых краін С.н. складае 15—25% (напр., у Канадзе, ЗША, Францыі, Швецыі, Японіі), да 15% (напр., у Вялікабрытаніі, Ізраілі, Нідэрландах), у Расіі — 27%. На Беларусі паводле перапісу насельніцтва 1999 С.н. складае 31% (3084 тыс. чал.). Колькасць насельніцтва, маладзейшага за працаздольны ўзрост — 20%, пенсіённага ўзросту — 34%. Гл. таксама Перапіс насельніцтва.

Дз.​М.​Кудзелка.

т. 14, с. 312

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭЛАГА́РДЗІ (De la Gardie),

сям’я шведскіх ваен. і паліт. дзеячаў. Понтус (1520—5.11.1585). Француз па паходжанні. Барон, маршал (1582). Служыў у дацкім войску. У 1565 трапіў у шведскі палон і перайшоў на службу да караля Эрыка XIV, потым — Юхана III Вазы. З 1580 удзельнічаў у вайне з Расіяй, вёў мірныя перагаворы. Якаб Понтус (20.6.1585, Талін — 12.8.1652), сын Понтуса. Граф (1615), маршал (1620). Удзельнік польск. і швед. інтэрвенцыі ў пач. 17 ст. ў Расію, заключэння Сталбоўскага міру 1617, вайны Швецыі з Рэччу Паспалітай 1617—29. З 1619 швед. намесніку Рэвелі (цяпер Талін), з 1622 ген.-губернатар Ліфляндыі. У 1632—44 чл. рэгенцкага савета пры непаўналетняй каралеве Крысціне. Магнус Габрыэль (15.10.1622—26.4.1686), сын Якаба Понтуса. Граф, швагер (брат жонкі) Карла X Густава. Маршал і вял. канцлер (1660). Фаварыт каралевы Крысціны. У 1654—60 у вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 узначальваў швед. армію ў Інфлянтах, Літве і Беларусі. Вёў перагаворы пра заключэнне Аліўскага міру 1660. Садзейнічаў развязванню вайны з Прусіяй, якая скончылася ў 1675 паражэннем Швецыі. За няўмелае кіраўніцтва арміяй адхілены ад пасады.

т. 6, с. 340

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)