МЮРЫ́Д (араб. які шукае, імкнецца; перан. — вучань),
у мусульманскіх краінах чалавек, які жадае прысвяціць сябе ісламу, авалодаць асновамі містычнага вучэння суфізму. Паводле канонаў мюрыдызму М. выбірае сабе настаўніка і падначальваецца яго волі, спавядаецца і каецца перад ім.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРЭ́ЦКІ ШКЛОЗАВО́Д.
Дзейнічаў у маёнтку Парэчча Ігуменскага пав. (цяпер вёска ў Пухавіцкім р-не Мінскай вобл.) у 1892—1915. Выпускаў бутэлькі, ліставое паўбелае і аконнае шкло. У 1895 меў паравую машыну, паравы кацёл, працавала 111 чалавек.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЎКАЛА́К (ад стараслав. влък воўк + длакъ поўсць),
вобраз у старадаўніх павер’ях беларусаў і інш.слав. народаў; пярэварацень, чалавек, які чароўным спосабам ператварыўся ў воўка. Уяўлялі, што ў адрозненне ад звычайнага воўка ваўкалак больш высокага росту, з вялікай галавой, чатырма вачыма, вые не па-воўчы, а стогне і плача, як чалавек. Паводле паданняў, ваўкалакаў падзялялі на дзве групы: ваўкалакі — фантастычныя істоты, у якіх нібыта ператваралі людзей чараўнікі, і ваўкалакі, у якіх ператвараліся самі чараўнікі.
Генетычна вобраз ваўкалака звязаны з татэмізмам, абрадамі пераапранання ў шкуры татэмных жывёл, якім пакланяліся (у мінулым гуцулы нават спраўлялі свята воўка). Паступова вобраз ваўкалака страціў рэліг. значэнне і захаваўся ў фальклоры як фантастычны персанаж.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАСА́ЎСКАС ((Krasauskas) Стасіс Альгірда) (1.6.1929, г. Каўнас, Літва — 10.2.1977),
літоўскі графік. Нар.маст. Літвы (1977). Скончыў Маст.ін-т Літвы (Вільнюс, 1958), з 1961 выкладаў у ім. Працаваў у станковай і кніжнай графіцы ў тэхніках лінагравюры, манатыпіі, дрэварыту. Творы вызначаюцца метафарычнасцю, сімвалічнасцю і асацыятыўнасцю вобразаў, экспрэсіўнасцю кампазіцый, напружанасцю штрыха і тонавых кантрастаў: станковыя гравюры «Юнацтва» (1961), «Маці» (1964), «Жанчына» (1972), цыклы «Акно» (1968), «Нараджэнне жанчыны» (1973), «Вечна жывыя» (1975), ілюстрацыі да твораў Ю.Марцінкявічуса («Кроў і попел», 1960), Э.Межэлайціса («Чалавек», 1962), У.Шэкспіра («Санеты», 1967) і інш.Дзярж. прэмія Літвы 1965. Дзярж. прэмія СССР 1976.
Літ.:
Корсакайте И.К. Стасис Красаускас. М., 1988.
В.Я.Буйвал.
С.Красаўкас. Ілюстрацыя да зборніка вершаў «Чалавек» Э.Межэлайціса. 1962.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫЦЦЁВАЯ ЁМІСТАСЦЬ ЛЁГКІХ,
максімальны аб’ём паветра, які выдыхаецца пасля самага глыбокага ўдыху. Пры макс. выдыху колькасць газаў у лёгкіх памяншаецца да астаткавага аб’ёму (каля 1,5 л), што разам з Ж.ё.л. складае агульную ёмістасць лёгкіх. У норме Ж.ё.л. раўняецца каля 0,75 агульнай ёмістасці і характарызуе макс. аб’ём, у межах якога чалавек можа мяняць глыбіню свайго дыхання. Пры спакойным дыханні здаровы дарослы чалавек удыхае і выдыхае 0,3—0,5 л паветра (т.зв. дыхальны аб’ём). Велічыня Ж.ё.л. у норме залежыць ад полу, узросту, целаскладу, фіз. развіцця чалавека; пры захворваннях істотна памяншаецца. Вызначаюць з дапамогай спіраграфіі, згодна з табліцамі, намаграмамі і формуламі. У мужчын Ж.ё.л. складае 3,5—4,5 л (у добра трэніраваных да 6), у жанчын — 2,5—3,5 л.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРХА́Т,
у будыйскай міфалогіі хінаяны чалавек, які дасягнуў найвышэйшага ўзроўню духоўнага развіцця, т.зв. нірваны. У міфалогіі махаяны стан архата лічыцца не канчатковай мяжой у развіцці асобы, і таму архаты павінны працягваць шлях удасканалення як бадхісатвы (той, хто вырашыў стаць будай).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́ДЫУМ (ад лац. medius сярэдні),
1) у спірытызме — пасрэднік паміж светам «духаў» і людзьмі, праз якога ў стане трансу перадаюцца «паведамленні» памерлых; у парапсіхалогіі — чалавек з незвычайнымі («медыумічнымі») здольнасцямі, напр., да звышадчувальнага ўспрымання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗААНО́ЗЫ (ад заа... + грэч. nosos хвароба),
інфекцыйныя і інвазійныя хваробы, на якія хварэюць жывёлы. Да З. адносяць некрабактэрыёз, мыт, пастэрэлёз, чуму свіней і буйн. раг. жывёлы і інш. З. наз. таксама хваробы, якімі чалавек можа заразіцца ад жывёл (антрапазаанозы, напр., шаленства, бруцэлёз, чума).