ДЖЭ́КСАН ((Jackson) Махалія) (Мехейлія; 26.10.1911, г. Новы Арлеан, ЗША — 27.1.1972),

амерыканская спявачка. З 1928 працавала з рознымі хар. і інстр. групамі, вылучылася пераважна выкананнем негрыцянскіх рэліг. песень і гімнаў (т. зв. «госпел»), а таксама спірычуэл. Яе першы запіс створаны ў 1934, найб. поспех набыла яе версія песні-госпел «Уздыміся крыху» (1945). У 1950-я г. шмат выступала на радыё і тэлебачанні, спявала на інаугурацыі Дж.Кенэдзі, у прэстыжных залах, у т. л. «Карнегі-хол», з аркестрам Э.Элінгтана, гастраліравала ў Еўропе. Па рэліг. матывах не выконвала блюзы, аднак зазнала ўздзеянне традыцыі іх выканання.

Дз.А.Падбярэзскі.

т. 6, с. 97

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯГЦЯ́РЫК (Яўген Рыгоравіч) (н. 2.12.1924, г. Пржавальск, Кыргызстан),

бел. кампазітар. Скончыў Бел. кансерваторыю (1954, клас А.Багатырова), з 1962 выкладае ў Бел. акадэміі музыкі. Асн. жанры творчасці камерна-інстр. і камерна-вакальныя. Сярод твораў: кантата «Радзіма» на словы Я.Коласа (1954), «Карнавальная сюіта» (1959), паэмы «Мора», «Світанне» (1960), «Палессе» (1962) для сімф. арк.; рапсодыя на тэмы бел. нар. песень для цымбалаў з арк. (1962), уверцюра (1964), «Беларуская сюіта» (1964); п’есы для аркестра бел. нар. інструментаў; камерна-інстр. ансамблі і п’есы; вак. цыклы на словы М.Багдановіча, Ш.Пецёфі, А.Міцкевіча, М.Хведаровіча; хар. цыкл «Ляцяць песні над Белай Руссю» на словы нар. і Я.Купалы.

Р.М.Аладава.

т. 6, с. 135

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗУ́БРЫЧ (Іна Ігараўна) (н. 15.9.1934, г. Пенза, Расія),

бел. музыказнавец. Скончыла Бел. кансерваторыю (1957), у 1959—60 выкладала ў ёй. У 1955—57 выкладчык Мінскага муз. вучылішча. З 1962 лектар-музыказнавец Бел. філармоніі. Вядзе лекцыйна-прапагандысцкую работу, даследуе творчасць бел. кампазітараў, у прыватнасці хар. музыку, выступае як муз. крытык.

Тв.:

Харавая творчасць беларускіх кампазітараў 20-х гг. // Беларускае мастацтва. Мн., 1962. Вып. 3;

Уладзімір Алоўнікаў. Мн., 1970;

Ігар Лучанок, Кім Цесакоў. Мн., 1973;

Пути развития хорового творчества белорусских композиторов;

От обработок народных песен до кантат и ораторий // Музыкальная культура Белорусской ССР. М., 1977.

А.Я.Ракава.

т. 7, с. 118

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАХІ́ДЗЕ (Джансуг Іванавіч) (н. 10.1.1936, Тбілісі),

грузінскі дырыжор. Нар. арт. Грузіі (1978), нар. арт. СССР (1985). Скончыў Тбіліскую кансерваторыю (1958), выкладае ў ёй. Вучань А.Дымітрыядзі. З 1955 маст. кіраўнік і гал. дырыжор Дзярж. хар. капэлы Грузіі. У 1962—71 дырыжор, з 1982 гал. дырыжор Груз. т-ра оперы і балета. З 1973 адначасова маст. кіраўнік і гал. дырыжор Дзярж. сімф. аркестра Грузіі. Сярод пастановак: оперы «Саламея» Р.Штрауса, «І быў год восьмы...» Б.Квернадзе (абедзве 1983), «Музыка для жывых» Г.Канчэлі (1984). Інтэрпрэтатар сімфоній С.Пракоф’ева, Дз.Шастаковіча, Канчэлі, твораў І.Стравінскага, Г.Малера, Р.Штрауса, груз. кампазітараў. Дзярж. прэмія Грузіі 1977.

т. 8, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ШЫЦ (Аляксандр Антонавіч) (12.9. 1875, с. Рамашкі Міронаўскага р-на Кіеўскай вобл. — 21.9.1944),

украінскі харавы дырыжор, муз. фалькларыст, педагог. Скончыў Кіеўскую духоўную акадэмію. Вучыўся ў Муз.-драм. школе М.Лысенкі ў Кіеве. З 1913 выкладаў у Кіеўскай кансерваторыі. Кіраваў многімі хар. калектывамі. Адзін з заснавальнікаў (1917) Першага нац. хору (з 1919 Укр. рэсп. капэла). З 1919 за рубяжом. Запісаў і апрацаваў шмат рус., укр., і інш. нар. песень, у т. л. бел. «Лугам, лугам зеляненькім», «Там за садамі», «Ой, у садочку цвіла лілея» і інш., якія былі дасланы яму Р.Шырмам і ўваходзілі ў рэпертуар Дзярж. акад. харавой капэлы Беларусі.

Т.Г.Слабодчыкава.

т. 8, с. 441

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕВАШО́Ў (Валянцін Сяргеевіч) (6.8. 1915, Масква — 29.8.1994),

расійскі кампазітар, харавы дырыжор. Нар. арт. СССР (1985). Скончыў Новасібірскае муз. вучылішча (1939), вучыўся ў Ленінградскай кансерваторыі. У 1946—62 маст. кіраўнік Ансамбля песні і танца Амурскай флатыліі, Сібірскага нар. хору, з 1962 — Рускага народнага хору імя М.Пятніцкага. Аўтар запісаў і апрацовак сібірскіх нар. песень. Сярод твораў: аперэта «Вятры вясновыя» (1964); паэма-кантата «Мая Сібір» (1950), «Паэма аб Амуры» (1949); аркестрава-хар. і вак.-харэаграфічныя сюіты; творы для аркестра нар. інструментаў, для голасу і фп.; музыка да драм. спектакляў і кінафільмаў. Дзярж. прэмія Расіі 1971.

т. 9, с. 178

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУ́РЫН (Аляксандр Рыгоравіч) (3.1.19,17, С.-Пецярбург — 6.12.1992),

расійскі харавы дырыжор. Нар. арт. СССР (1976). Скончыў Ленінградскую кансерваторыю (1940). З 1937 хормайстар Ленінградскага радыё, з 1940 — ансамбля песні і танца Ленінградскай ваен. акругі, з 1947 — Малога опернага т-ра. З 1952 хормайстар, у 1961—89 гал. хормайстар Ленінградскага т-ра оперы і балета імя С.М.Кірава. Кіраваў пастаноўкай хар. сцэн у многіх класічных оперных спектаклях, у т. л.: «Хаваншчына», «Барыс Гадуноў» М.Мусаргскага, «Іван Сусанін» М.Глінкі, «Царская нявеста», «Пскавіцянка» М.Рымскага-Корсакава, «Мазепа» П.Чайкоўскага і інш. Дзярж. прэмія Расіі імя М.Глінкі 1974. Дзярж. прэмія СССР 1976.

т. 11, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУЗЫ́ЧНЫЯ ТАВАРЫ́СТВЫ,

аб’яднанні прафес. музыкантаў і аматараў музыкі, якія маюць на мэце пашырэнне муз. культуры, прапаганду і вывучэнне муз. мастацтва ці асобных яго відаў. Падзяляюцца на выканальніцкія (хар., аркестравыя, камерныя), навук., асветныя, творчыя. Існуюць т-вы нац. і міжнародныя (Міжнар. т-ва сучаснай музыкі, Міжнароднае таварыства музыказнаўства, Міжнар. т-ва муз. выхавання, Міжнар. савет нар. музыкі; многія з іх уваходзяць у Міжнародны музычны савет пры ЮНЕСКА).

Першыя М.т. — муз. акадэміі — узніклі ў Італіі ў 16 ст. У 17 ст. падобныя т-вы («калегіум музікум») з’явіліся ў інш. еўрап. краінах. У 18 ст. ўзніклі канцэртныя, т. зв. філарманічныя М.т. У 19 ст. пашырыліся аматарскія хар. т-вы, т-вы па прапагандзе музыкі і выданні твораў асобных кампазітараў (Бахаўскае, Гендэлеўскае, Вагнераўскае і інш.). У Расіі першае М.т. ўзнікла ў Пецярбургу («Музычны клуб», 1772). Існавалі таксама Пецярбургскае філарманічнае т-ва (1802), Рус. муз. т-ва (1859—1917), Музычна-этнаграфічная камісія, Рус. харавое т-ва (Масква, 1878), Маскоўскае філарманічнае т-ва (1883). У 1923 створаны Асацыяцыя сучаснай музыкі і Рас. асацыяцыя пралетарскіх музыкантаў (РАПМ), на аснове якой у 1932 заснаваны Саюз кампазітараў Расіі. 3 інш. М.т. — Аб’яднанне рэв. кампазітараў і муз. дзеячаў (1925—32), Усеўкраінскае муз. т-ва імя Леантовіча (1921—28), Усеўкраінскае т-ва рэв. музыкантаў (1928—32), Усерас. хар. т-ва (з 1957).

На Беларусі аб’яднанні прафес. музыкантаў і аматараў пашырыліся ў канцы 19 — пач. 20 ст. Існавалі; Мінскае музычна-літаратурнае таварыства, Мінскае муз. т-ва (1880), Віцебскае т-ва аматараў муз. і драм. мастацтва (1883), Брэсцкае муз.-драм. т-ва аматараў (1885), Магілёўскае муз.-драм. т-ва (1886), Мінскае муз.-драм. т-ва (1893), Мінскі муз. гурток (1896), Мінскае таварыства аматараў прыгожых мастацтваў, Магілёўскі літаратурна-музычна-драматычны гурток, Мінскае літаратурна-артыстычнае таварыства, Віцебскі музычна-драматычны гурток, Слуцкае літ.-артыстычнае т-ва (1906), Беларускі музычна-драматычны гурток у Вільні, Мінскае таварыства сяброў музыкі, Т-ва імя А.Рубінштэйна ў Віцебску (1920-я г.), «Музыку — масам» у Мінску (з 1929). Бел. кампазітары ўваходзілі ў Т-ва драм. пісьменнікаў і кампазітараў (з 1926), пазней стварылі кампазітарскую секцыю пры Бел. асацыяцыі пралет. пісьменнікаў і паэтаў (1928—32). Саюз кампазітараў Беларусі напачатку існаваў як аўтаномная секцыя Саюза пісьменнікаў Беларусі, з 1938 самастойны. У. 1987 створаны Саюз музычных дзеячаў Беларусі (да 1991 муз. т-ва Беларусі).

А.Л.Капілаў.

т. 11, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫЛЕ́ЦКІ (Мікалай Паўлавіч) (каля 1613, Кіеў — пасля 1680),

украінскі муз. тэарэтык, кампазітар, педагог. Вучыўся ў Варшаве і Вільні, з канца 1670-х г. працаваў у Маскве. Аўтар трактата «Граматыка мусікійская», дзе найб. поўна выкладзены кампазіцыйныя асновы партэсных спеваў, вытлумачаны выразныя магчымасці музыкі ў духу тэорыі афектаў (гл. Афектаў тэорыя). Вядома некалькі рэдакцый гэтага трактата на розных мовах — польскай (1675, Вільня, не захаваўся), царк.-слав. (1677, Смаленск), рус. (1679, 1681, 1979, Масква; 1910, С.-Пецярбург), укр. (1723, Пецярбург; 1970, Кіеў). Гэта фундаментальная праца некалькі дзесяцігоддзяў была асноўнай пры вывучэнні тэорыі музыкі і кампазіцыі. Пад уплывам творчасці Д. склалася кампазітарская школа шматгалосых царк. спеваў. Яму належаць шматгалосыя хар. кампазіцыі.

т. 6, с. 281

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАМА́КІН (Гаўрыіл Якімавіч) (Іаакімавіч; 6.4.1812, г. п. Барысаўка Белгародскай вобл., Расія — 21.5.1885),

рускі харавы дырыжор, педагог. Сын прыгоннага. З 1822 спяваў і вучыўся ў капэле графа Дз.М. Шарамецева, адпушчаны ім на волю. З 1830 выкладчык спеваў, у 1850—72 кіраўнік капэлы, з 1874 узначальваў мужчынскі хор С.Дз.Шарамецева. Адначасова ў 1848—59 выкладаў у навуч. установах Пецярбурга. З М.Балакіравым заснаваў Бясплатную муз. школу, яе першы дырэктар і выкладчык (1862—68). Аўтар хар. твораў і пералажэнняў для хору, дапаможнікаў «Кароткая метода спеваў» (1878) і «Кіраўніцтва да навучання спевам у народных школах» (б.г.), «Аўтабіяграфічных запісак» (выд. 1886).

Літ.:

Горяйнов Ю.С. Г.Я. Ломакин. М., 1984.

т. 9, с. 112

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)