ЛІГУРЫ́ЙСКАЕ МО́РА (Mare Ligure),

частка Міжземнага м. паміж а-вамі Корсіка, Эльба і берагамі Францыі, Манака і Італіі. Пл. 15 тыс. км² Глыб. больш за 2,5 тыс. м. Буйны заліў Генуэзскі. Прылівы паўсутачныя, да 0,3 м. Узбярэжжа Л.м. — сусветна вядомы курортны раён (Італьянская і Французская Рыўера). Гал. парты — Генуя, Ліворна, Спецыя (Італія), Ніца (Францыя).

т. 9, с. 248

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕР’Е́ (Уладзімір Іванавіч) (29.5.1837, Масква — 30.6.1919),

расійскі гісторык, паліт. дзеяч. Чл.-кар. Пецярбургскай АН (1902). Д-р гіст. н., праф. (1868). Скончыў Маскоўскі ун-т (1858), дзе і працаваў (1868—1904). Вучань Ц.М.Граноўскага. Адзін са стваральнікаў Вышэйшых жаночых курсаў у Маскве. Старшыня Маскоўскай гар. думы (1892—1904), чл. партыі акцябрыстаў (1906—17), чл. Дзярж. савета (з 1907). Адзін з першых рус. гісторыкаў даследаваў гісторыю новага часу, эпоху Франц. рэвалюцыі 1789—99. Аўтар прац: «Барацьба за польскі трон у 1733 г.» (1862), «Адносіны Лейбніца да Расіі і Пятра Вялікага» (1871), «Ідэя народаўладдзя і Французская рэвалюцыя 1789 г.» (1904), «Аб канстытуцыі і парламентарызме ў Расіі» (1906), «Французская рэвалюцыя 1789—1795 гг. у асвятленні І.​Тэна» (1911), «Заходняе манаства і папства» (т. 1—2, 1913—15), «Філасофія гісторыі ад Аўгусціна да Гегеля» (1915).

Літ.:

Шаханов А.Н. Воспоминания В.И. Герье // История и историки. М., 1990.

т. 5, с. 174

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАКАРА́ (ад назвы г. Бакара ў Францыі),

французская вытворчасць вырабаў з хрусталю. Узнікла ў 1816 на шкляной мануфактуры Сент-Ан (засн. каля 1766) у г. Бакара. Вядомасць набыла ў 2-й пал. 19 ст. тэхн. дасканаласцю пышных і багата ўпрыгожаных дробнай агранкай сервізаў і вазаў. Вырабы гэтай вытворчасці (існуе і цяпер) і сам тып дробнай агранкі таксама наз. бакарой.

т. 2, с. 229

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРТО́ ((Artôt) Маргерыт Жазефін Дэзірэ) (21.7.1835, Парыж — 3.4.1907),

французская спявачка (мецца-сапрана і сапрана). Выконвала партыі драм. і каларатурнага сапрана, у іх ліку Віялета («Травіята» Дж.​Вердзі), Маргарыта («Фауст» Ш.​Гуно), Фідэс («Прарок» Дж.​Меербера). Выступала ў многіх краінах, у т. л. ў Расіі. П.​І.​Чайкоўскі прысвяціў Арто «Раманс» f-moll для фп. і 6 рамансаў для голасу і фп.

т. 1, с. 506

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРДО́ ((Bardot) Брыжыт) (н. 28.9.1934, Парыж),

французская кінаактрыса. У кіно з 1952. Вядомасць набыла пасля фільма «І бог стварыў жанчыну» (1956). Здымалася ў фільмах «Парыжанка», «У выпадку няшчасця», «Жанчына і паяц», «Бабета ідзе на вайну», «Ісціна», «Пагарда», «Віва, Марыя!» і інш. Яе жыццёвы шлях і міф пра яе прааналізаваны ў фільме «Прыватнае жыццё». З 1973 не здымаецца. Вядомая як абаронца жывёльнага свету.

Літ.:

Дмитриев В., Михалкович В. Анатомия мифа: Брижитт Бардо. М., 1975.

Б.Бардо.

т. 2, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭНЁЎ (Deneuve; сапр. Дарлеак; Dorléac) Катрын

(н. 22.10.1943, Парыж),

французская кінаактрыса. Ў кіно з 1956. Наіўныя, прастадушныя гераіні фільмаў «Шэрбурскія парасоны» (1964), «Дзяўчаты з Рашфора» (1967), «Асліная шкура» (1970) і інш. саступілі месца складаным, драм. вобразам, поўным разбуральных страсцей у фільмах «Дзённая прыгажуня» (1966), «Трыстана» (1970), «Агіда» (1965), «Сука» (1972). У 1980—90-я г. найб. вылучылася выкананнем гал. роляў у фільмах «Апошняе метро» (1980), «Індакітай» (1991), «Мая любімая пара года» (1992).

т. 6, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЦЬЁ ((Mathieu) Мірэй) (н. 22.7.1946, г. Авіньён, Францыя),

французская спявачка-шансанье. Вучылася ў прыватных педагогаў. У пач. творчай дзейнасці пераймала манеру выканання Э.Піяф. Стварыла індывід. выканальніцкі стыль, які вылучаецца яскравай экспрэсіяй. У рэпертуары (спявае на многіх мовах) творы П.​Марыа, Ф.​Лея і інш. (сярод найб. вядомых — «Маё крэда», «Чаму, маё каханне?», «Апошні вальс», «Парыжскае танга» і інш.). Акрамя канцэртаў, удзельнічае ў тэлевізійных шоу і інш.

Літ.:

Бутковская Т. Новое амплуа М. Матье // Муз. жизнь. 1984. № 5.

т. 10, с. 231

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРЫ́ЖСКІ БАСЕ́ЙН (Bassin de Paris),

Паўночна-французская нізіна, узгорыстая раўніна на Пн Францыі, на месцы тэктанічнага прагіну. Пераважаюць выш. 100—150 м, паступова павышаецца ад цэнтра (у раёне Парыжа) да Ардэн, Вагезаў, Цэнтральнага Французскага масіву і Армарыканскага ўзв. Па перыферыі — куэставыя грады (да 500 м). Густая сетка рэк (гал. ч. бас. р. Сена). Клімат умераны, марскі, ападкаў 500—700 мм за год. Гаі шыракалістых лясоў. Асн. індустр. і с.-г. раён Францыі. Нафтавыя і газавыя радовішчы.

т. 12, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРАНДА́ЎЭР (Brandauer; сапр. Штэнг; Steng) Клаўс Марыя

(н. 22.6.1943, г. Бад-Аўсзе, Аўстрыя),

аўстрыйскі акцёр тэатра і кіно. З 1963 выступае на сцэнах буйнейшых т-раў Дзюсельдорфа, Вены, Мюнхена, Гамбурга, Берліна, Зальцбурга. Выканаўца гал. роляў у п’есах У.​Шэкспіра, Ф.​Шылера, П.​Бамаршэ, а таксама ў сучасным рэпертуары. Міжнар. вядомасць атрымаў пасля здымкаў у фільмах І.​Саба «Мефіста» (у сав. пракаце «Мефістофель»), «Палкоўнік Рэдль», «Ханусен» і С.​Полака «Развітанне з Афрыкай». Здымаўся ў ролі Дантона ў тэлевіз. фільме «Французская рэвалюцыя».

т. 3, с. 241

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖУДЫ́К (Judic) Ганна [сапр. Дам’ен

(Damiens) Ганна Марыя Луіза; 17.7.1850, г. Семюр, Францыя — 15.4.1911], французская артыстка аперэты, эстр. спявачка. Вучылася ў Парыжскай кансерваторыі. З 1867 выступала ў парыжскіх т-рах, з 1872 — у «Буф-Парызьен» (па запрашэнні Ж.​Афенбаха),

з 1876 у «Вар’етэ». Яе творчасці былі ўласцівы дасканалае вак. майстэрства, лёгкасць і віртуознасць камедыйнай тэхнікі. Сярод партый: Алена, Герцагіня («Прыгожая Алена», «Герцагіня Геральштэйнская» Афенбаха), Дэніза («Мадэмуазель Нітуш» Ф.​Эрвэ). Як эстр. спявачка стварыла ўласны стыль выканання, заснаваны на гранічнай выразнасці жэста.

т. 6, с. 442

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)