ФІЗІ́ЧНАЯ ВЕЛІЧЫНЯ́,

уласцівасць (асаблівасць, характарыстыка) фіз. аб’екта (фіз. сістэмы, працэсу, з’явы), у якасных адносінах агульная для многіх аб’ектаў, аднак колькасна індывідуальная (адрозная) для кожнага з іх. Напр., колькасць рэчыва, магутнасць, маса, тэмпература, электрычны зарад, энергія.

Кожная Ф.в. мае назву (тэрмін), літарнае абазначэнне (сімвал) і аперацыйнае вызначэнне (дэфініцыю), якое паказвае спосаб яе вымярэння або ўраўненне сувязі з інш. пераменнымі і пастаяннымі Ф.в. (гл. Сістэма фізічных велічынь, Фізічныя пастаянныя). Розныя памеры аднародных Ф.в. характарызуюцца значэннем Ф.в. — колькаснай ацэнкай гэтай Ф.в. некаторым лікам (лікавым значэннем) прынятых для яе адзінак (гл. Адзінкі фізічных велічынь). Для знаходжання лікавых значэнняў Ф.в. распрацаваны розныя метады вымярэнняў з улікам магчымых выпадковых і сістэматычных хібнасцей. Паняццем «Ф.в.» карыстаюцца ў метралогіі, фізіцы, хіміі, біялогіі, тэхніцы і інш. навуках, калі колькасныя суадносіны паміж уласцівасцямі даследаваных аб’ектаў вызначаюцца фіз. метадамі.

Літ.:

Стоцкий Л.Р. Физические величины и их единицы: Справ. М., 1984;

Чертов А.Г. Физические величины. М., 1990;

Физические величины: Справ. М., 1991.

А.​І.​Болсун.

т. 16, с. 377

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЭГО́Н (Oregon),

штат на З ЗША. Пл. 248,6 тыс. км², нас. 3,08 млн. чал., у т. л. гарадскога каля 68% (1993). Адм. цэнтр — г. Сейлем. Найб. гарады: Портленд, Юджын з Спрынгфілдам, Олбані. На З Берагавыя хр. і Каскадныя горы (вулкан Худ, 3427 м), паміж імі Уіламецкая даліна, на ПнУ Калумбійскае плато, на ПдУ нагор’е В. Басейн.

Клімат на ўзбярэжжы ўмераны, вільготны, ва ўнутраных раёнах кантынентальны, засушлівы. Сярэдняя тэмпература студзеня ад -4 °C да 4 °C, ліпеня 14—20 °C, ападкаў 300—2000 мм за год. Галоўная рака Калумбія з прытокамі Снейк і Уіламет. Каля палавіны тэрыторыі пад лесам (секвоя, дугласава піхта і інш.). Аснова эканомікі — лясная і сельская гаспадарка. Прамысловасць: дрэваапрацоўчая, цэлюлозна-папяровая, алюмініевая, выплаўка нікелю, вытворчасць электроннага і высокатэхналагічнага абсталявання, металаапрацоўчая, хімічная, харчовая. Асноўны сельскагаспадарчы раён — урадлівая Уіламецкая даліна. Вырошчваюць пшаніцу, сеяныя травы, бульбу, садавіну, агародніну. Гадуюць буйную рагатую жывёлу, птушак. Развіта рыбалоўства. Здабываюць ртуць, нікель. На рацэ Калумбія буйныя ГЭС. Транспарт: марскі (галоўны порт — Портленд), чыгуначны, аўтамабільны, трубаправодны; міжнародныя аэрапорты (Портленд, Асторыя). Развіты турызм. Нацыянальны парк Кратэр-Лейк.

М.​С.​Вайтовіч.

т. 2, с. 11

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́ЛЬЦМАНА СТАТЫ́СТЫКА,

раздзел статыстычнай фізікі, які вывучае ўласцівасці сістэм неўзаемадзейных часціц (электронаў, атамаў, малекул), што рухаюцца паводле законаў класічнай механікі.

Распрацавана ў 2-й пал. 19 ст. Дж.К.Максвелам і Л.Больцманам. Ва ўмовах цеплавой раўнавагі стан ідэальнага газу апісваецца функцыяй размеркавання 𝑓 = Cexp(-E/kT), дзе C — нарміровачная канстанта, E — поўная мех. энергія (сума кінетычнай і патэнцыяльнай энергія часціцы), k — Больцмана пастаянная, T — абс. тэмпература. Функцыя 𝑓 наз. размеркаваннем Максвела—Больцмана, з якога вынікае закон раўнамернага размеркавання кінетычнай энергіі па ступенях свабоды малекул: на кожную ступень свабоды прыпадае ў сярэднім энергія 1/2 kT. Больцмана статыстыкай карыстаюцца ў тых выпадках, калі квантавыя эфекты ў руху часціц можна не ўлічваць. Крытэрый яе дастасавальнасці (2ΠmkT)​3/2/nh>1, дзе m — маса часціцы, n — канцэнтрацыя часціц, h — Планка пастаянная. Гэты крытэрый практычна выконваецца для малекул звычайных газаў і электронаў праводнасці ў паўправадніках. Для мікрачасціц Больцмана статыстыка недакладная і заменьваецца статыстыкай Бозе—Эйнштэйна або Фермі—Дзірака (гл. Квантавая статыстыка).

Больцмана статыстыка шырока карыстаецца ў кінетычнай тэорыі газаў, фізіцы паўправаднікоў, фізіцы плазмы, тэорыі эл. і магн. з’яў у рэчыве і інш. галінах фізікі.

В.​І.​Кузьміч.

т. 3, с. 210

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭРМАДЫНАМІ́ЧНАЯ ТЭМПЕРАТУ́РНАЯ ШКАЛА́, шкала Кельвіна,

адна з тэмпературных шкал, якая грунтуецца на другім законе тэрмадынамікі і добра ўзнаўляецца. Прапанавана У.Томсанам (лордам Кельвінам). Т-ра ў гэтай шкале (абсалютная тэмпература) вымяраецца ў кельвінах.

Вызначаецца на аснове ідэальнага Карно цыкла: калі рабочае цела, якое ажыццяўляе цыкл, атрымлівае цеплату Q1 пры т-ры T1 і аддае цеплату Q2 пры т-ры T2, то суадносіны Q1/Q2 = T1/T2 не залежаць ад уласцівасцей тэрмаметрычнага (рабочага) цела, што дазваляе па суадносінах вымераных колькасцей цеплаты ўстанаўліваць адносныя змены т-ры. Для вызначэння абсалютных значэнняў т-ры ўстанаўліваюць асн. інтэрвал т-р (велічыню градуса). Першасна асн. інтэрвал Т.т.ш. супадаў з асн. інтэрвалам Цэльсія шкалы і градус быў роўны 0,01 гэтага інтэрвалу. У 1968 13-я Генеральная канферэнцыя па мерах і вагах устанавіла Т.т.ш. з адзіным рэперным пунктам — трайным пунктам вады (273,16 К дакладна), дзе 1 К прыняты роўным 1/273,16 тэрмадынамічнай т-ры трайнога пункта. Т.т.ш. рэалізуецца з дапамогай працэсаў, звязаных з тэрмадынамічнай т-рай: у шырокім дыяпазоне т-ра вымяраецца з дапамогай газавага тэрмометра, нізкія т-ры вызначаюць паводле тэмпературнай залежнасці магн. успрымальнасці парамагнетыкаў, высокія — паводле інтэнсіўнасці выпрамянення абсалютна чорнага цела.

У.​Л.​Драгун.

т. 16, с. 134

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАСЕ́ЙН (франц. bassin),

1) басейн паркавы — штучны вадаём, элемент садова-паркавага мастацтва і архітэктуры.

2) басейн спартыўны — натуральны або штучны вадаём для вучэбна-трэніровачных заняткаў і спаборніцтваў па плаванні, водным пола і скачках у ваду. Натуральныя басейны робяць на спакойных участках (з роўным дном, без віроў) рэк, азёраў і вадасховішчаў. Штучныя басейны бываюць адкрытыя, закрытыя ці камбінаваныя. У кампазіцыі будынкаў закрытых басейнаў гал. элемент — зала для плавання, трыбуны для гледачоў, дапаможныя памяшканні. Размяшчаюць у асобных будынках ці ў будынках інш. прызначэння (навуч. установах, дамах і палацах культуры, прамысл. прадпрыемствах і інш.). Найб. спарт. басейн на Беларусі — Воднаспартыўны камбінат рэспубліканскі ў Мінску.

Буйныя басейны ўключаюць ванну для плавання і воднага пола памерам 50 × 21 м, глыб. 1,8—2,3 м, ванну для скачкоў у ваду даўж. 18—20 і шыр. 14 × 21 м, глыб. 3,5—5,5 м, па баках 5-, 7,5- і 10-метровыя вышкі і 1- і 3-метровыя трампліны; дзіцячыя ванны звычайна меншых памераў і глыб. 0,6—1,2 м. Вада ў басейне павінна адпавядаць пэўным сан. нормам і падлягае перыядычнай змене і кантролю. Тэмпература вады ў агульнай ванне 22—23 °C, у дзіцячай і для скачкоў 26—27 °C.

Да арт. Басейн. Рэспубліканскі воднаспартыўны камбінат у Мінску.

т. 2, с. 339

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРУЦЭЛЁЗ (ад прозвішча англ. ўрача Д.​Бруса, які адкрыў бруцэлы),

інфекцыйна-алергічная хвароба чалавека і жывёл. Суправаджаецца ліхаманкай, пашкоджаннем рэтыкула-эпітэліяльнай, сасудзістай, нерв. і інш. сістэм, найчасцей — апорна-рухальнага апарату. Адносіцца да заанозных інфекцый, гал. крыніца якіх дробная і буйн. раг. жывёла, свінні, а таксама коні, вярблюды, сабакі, кошкі і інш. Чалавек можа заразіцца ад хворай жывёлы, ад інфіцыраваных прадуктаў (сырых малочных, мясных і інш.). У арганізм бруцэлы (узбуджальнікі бруцэлёзу) трапляюць праз слізістыя абалонкі стрававальнага тракту і дыхальных шляхоў, пашкоджаную скуру.

Інкубацыйны перыяд бруцэлёзу 2—3 тыдні. Тэмпература цела павышаецца да 39—40 °C, бывае і субфебрыльная. Першыя прыкметы хваробы — дыфузнае павелічэнне лімфатычных вузлоў і патлівасць, страта апетыту, сухасць у роце, абложаны язык, запоры, змены ў печані і селязёнцы. Пры пашкоджанні палавых органаў у мужчын узнікаюць архіты і эпідыдыміты, у жанчын — парушэнне менструальнага цыкла, выкідышы. Пры пашкоджанні нерв. сістэмы з’яўляюцца ўзрушанасць, эйфарыя, бяссонніца. У перыяд рэмісіі захоўваецца слабасць у мышцах, адынамія, цягнучы боль у канечнасцях, дыфузны разліты боль у мышцах, касцях, суставах. Пры хранічным бруцэлёзе дамінуюць ачаговыя пашкоджанні ўнутр. органаў і нерв. сістэмы. Лячэнне: тэрапеўтычнае, фізіятэрапеўтычнае, сан.-курортнае.

У арганізм жывёлы ўзбуджальнік найчасцей трапляе з кормам і вадой, а таксама праз слізістыя абалонкі і скуру. Свінні і авечкі найчасцей заражаюцца палавым шляхам. Інфекцыя можа распаўсюдзіцца ад чалавека, які даглядае жывёлу.

П.​Л.​Новікаў.

т. 3, с. 272

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНСЕРВА́ЦЫЯ (ад лац. conservo захоўваю) у выяўленчым мастацтве і архітэктуры, сукупнасць мер, накіраваных на працяглае захаванне аблічча (першапачатковага або на момант К.), мех. трываласці і хім. інертнасці помнікаў гісторыі і культуры (арх. збудаванняў, твораў выяўл. і дэкар. мастацтва, кніг, рукапісаў і інш.). Непасрэдна звязана з рэстаўрацыяй. У музеях, б-ках, архівах і інш. дзякуючы рэжыму ацяплення, вентыляцыі, кандыцыяніравання паветра прадметам забяспечваюцца аптымальныя ўмовы захавання (пастаянная тэмпература, вільготнасць, састаў паветра, ахова ад уздзеяння прамога святла, пылу, шкодных рэчываў, насякомых і інш.). Пры спец. рэжыме захоўвання ў музеях выкарыстоўваюць вітрыны з фільтрамі для ачысткі паветра, акантоўку пад шкло для экспанавання, укладанне ў паспарту і захаванне ў адмысловых папках і шафах, апрацоўку спец. сродкамі. Пры К. арх. збудаванняў і помнікаў манум. мастацтва ўмацоўваюць грунт, сцены, скляпенні, узводзяць агароджы, навесы, ахоўныя павільёны. Драўляныя пабудовы прамочваюць бясколернымі воданепрымальнымі сінт. злучэннямі.

Адрозніваюць 2 віды К. помнікаў: часовую (забяспечвае захаванне ў некранутым выглядзе і дае магчымасць даследаваць помнік, вывучаць прычыны яго разбурэння) і пастаянную (прадугледжвае стварэнне ўмоў для працяглага яго захавання і экспанавання). Пастаянная К. цалкам або часткова праводзіцца разам з рэстаўрацыйнымі работамі. Распрацоўку метадаў К. ажыццяўляюць спец. лабараторыі і рэстаўрац. майстэрні, на Беларусі — Камітэт па рэстаўрацыі і кансервацыі помнікаў Мін-ва культуры і друку.

На Беларусі К. помнікаў праводзяць з канца 19 ст. (Барысаглебская царква 12 ст. ў Гродне, у 1898 і 1910).

Літ.:

Marconi B. O sztuce konserwacji. Warszawa, 1982;

Ślesiński W. Konserwacja zabytków sztuki. Warszawa, 1989.

В.​В.​Калнін, І.​Л.​Чэбан.

т. 7, с. 591

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАТУЛІ́ЗМ (ад лац. botulus каўбаса),

вострая атручальна-інфекцыйная хвароба з пераважным пашкоджаннем нерв. сістэмы. У чалавека выклікаецца таксінамі бактэрыі Clostridium batulinum, якія трапляюць у арганізм з няякаснымі харч. прадуктамі (мяса, рыба, кансервы і інш.). Большасць выпадкаў батулізму звязана з дамашнім кансерваваннем. Мікробы батулізму распаўсюджаны ў глебе ў выглядзе спораў, вадзе, кішэчніку рыб, у хворых жывёл і чалавека. У працэсе вегетацыі і размнажэння (пры адсутнасці кіслароду) яны ўтвараюць таксін.

Прыкметы хваробы: агульная слабасць, моцны галаўны боль, параліч мышцаў. У некаторых хворых моташнасць, ірвота, панос, сухасць слізістых рота, смага. Адначасова ці пазней назіраюцца спецыфічныя сімптомы батулізму: парушэнне зроку («туман», «мушкі», «сетка» перад вачамі), дваенне прадметаў, хворы не можа чытаць, расшырэнне зрэнкаў, апушчэнне павекаў, нерухомасць вочных яблыкаў; замінка глытання («камяк» у горле, боль пры глытанні); невыразная мова, слабы, гугнявы голас або поўная яго адсутнасць (афанія). Пры цяжкай форме батулізму — расстройства дыхання (цяжкасць і ціск у грудзях, не хапае паветра, парушэнне рытму дыхання), што можа выклікаць запаленне лёгкіх. Тэмпература цела нармальная або крыху павышаецца, свядомасць захоўваецца. Лячэнне: спецыфічная антытаксічная сываратка і антыбіётыкі, салявыя растворы з аскарбінавай кіслатой, какарбаксілазай, прамыванне страўніка і кішак. Прафілактыка: выкананне асн. санітарна-гігіенічных правілаў апрацоўкі, транспарціроўкі, захавання і прыгатавання харч. прадуктаў. У жывёл атручэнне бывае ад няякаснага корму, у якім ёсць таксін палачкі батулінусу. Крыніца інфекцыі — глеба, а таксама трупы звяркоў (кратоў, мышэй, пацукоў). Асн. сімптомы — параліч мускулатуры, пераважна жавальнага і глытальнага апаратаў. Часцей атручваюцца коні, птушкі, радзей буйн. раг. жывёла і свінні, з пушных звяроў — норкі. Інкубацыйны перыяд 24 гадз — 10—12 дзён. Хвароба цягнецца 1—5, радзей 5—10 дзён. Лек. сродкі: слабіцельныя і полівалентныя сывараткі, прамыванне страўніка растворам марганцавакіслага калію, содай.

П.​Л.​Новікаў.

т. 2, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЭНБУ́РГСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ,

у Расійскай Федэрацыі. Утворана 7.12.1934. Плошча 124 тысяч км². Насельніцтва 2230,9 тысяч чалавек (1994), гарадскога 65%. Цэнтр — горад Арэнбург, найбольшыя гарады Бугуруслан, Бузулук, Меднагорск, Наватроіцк, Орск.

Прырода. Размешчана ў перадгор’ях Паўднёвага Урала. Паверхня раўнінная. На З увалы Агульнага Сырта і Арэнбургскі стэп, у цэнтральнай частцы грады Губерлінскіх гор (вышыня да 667 м), на У Заўральская раўніна і заходняя ўскраіна Тургайскага плато. Карысныя выкапні: нафта і прыродны газ, буры вугаль, жалеза, медныя і нікелевыя руды, кухонная соль, азбест, мармур і інш. Клімат рэзка кантынентальны, засушлівы. Сярэдняя тэмпература студзеня ад -14 да -18 °C, ліпеня ад 19 да 22 °C; ападкаў 300—450 мм за год. Асноўныя рэкі Урал, Сакмара і Самара. На ПдУ бяссцёкавыя азёры. Ірыклінскае вадасховішча. Глебы пераважна чарназёмныя, на Пд і ПдУ каштанавыя. Пашырана разнатраўна-ціпчаковая стэпавая расліннасць, лясы займаюць 4% тэрыторыі, трапляюцца бярозавыя гаі і дубровы, астраўныя хваёвыя лясы (у т. л. Вялікі Бузулукскі бор). Арэнбургскі запаведнік.

Гаспадарка. Асноўныя галіны прамысловасці: чорная і каляровая (вытворчасць нікелю, медзі і хромавых злучэнняў) металургія, машынабудаванне і металаапрацоўка (горнае, металургічнае, халадзільнае абсталяванне, станка- і прыладабудаванне, гідраўлічныя прэсы, электрарухавікі, трактарныя прычэпы, вузлы і дэталі, сельскагаспадарчыя машыны і інш.), газа- і нафтаперапрацоўчая, хімічная і нафтахімічная (азотныя ўгнаенні, сера, гумава-тэхнічныя вырабы і інш.); лёгкая (трыкатажная, швейная, гарбарна-абутковая прамысловасць; вытворчасць пуховых хустак і інш.), харчовая (мукамольна-крупяная, мяса-малочная і інш.); вытворчасць будаўнічых матэрыялаў (у т. л. цэменту). Здабыча газу (гл. Арэнбургскае радовішча), нафты, бурага вугалю, жалезных і нікелевых руд, азбесту, кухоннай солі і інш. Ірыклінская ДРЭС. Пасевы збожжавых (пшаніца, жыта, ячмень) і кармавых культур. Вырошчваюць грэчку, сланечнік, бульбу, агародніну, садавіну. Мяса-малочная жывёлагадоўля, авечкагадоўля; пуховая козагадоўля. Праходзяць чыгункі Самара—Арэнбург—Ташкент (з адгалінаваннем на Уфу), Арэнбург—Орск—Чэлябінск; аўтамабільныя дарогі Уфа—Арэнбург, Самара—Уральск і інш.; нафтаправоды Эмба—Орск, Ішымбай—Орск, участак газаправода Бухара—Урал, пачынаецца газаправод «Саюз».

П.​І.​Рагач.

т. 2, с. 11

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІЗІКА-ГЕАГРАФІЧНАЕ РАЯНАВАННЕ

Сучаснае фізіка-геаграфічнае раянаванне Беларусі адпавядае адзінай еўрапейскай дзесятковай сістэме фізіка-геаграфічнага раянавання сушы. Тэр. Беларусі ўваходзіць у краіну Усх.-Еўрапейскай раўніны і ў Еўрапейскую вобласць мяшаных лясоў; падзяляецца на 5 правінцый, 14 акруг, 49 раёнаў (паводле раянавання Н.​К.​Кліцуновай, Г.​І.​Марцінкевіч, І.​І.​Пірожніка, І.​І.​Шчаснай, В.​П.​Якушкі, 2001). Правінцыі вылучаны паводле араграфічных ступеней, якія адлюстроўваюць розны генезіс рэльефу, асаблівасці клімату, глебава-расліннага покрыва, накіраванасць фізіка-геаграфічных працэсаў.

Паазерская правінцыя размешчана на Пн краіны, у зоне сучлянення буйных тэктанічных структур: Латвійскай седлавіны, Беларускай антэклізы, Аршанскай упадзіны, на Пд яна заканчваецца мяжой паазерскага ледавіка, займае 18,7% тэр. Беларусі. Даантрапагенавыя адклады прадстаўлены пародамі дэвону, мелу, сілуру і ардовіку. Магутнасць антрапагенавых утварэнняў каля 100, месцамі 250—290 м.

Паверхня паступова паніжаецца да Полацкай азёрна-ледавіковай нізіны, акаймаванай краявымі марэннымі ўзвышшамі: Браслаўскім, Асвейскім, Гарадоцкім, Віцебскім, Аршанскім, Ушацка-Лепельскім, Свянцянскім, паміж якімі размяшчаюцца марэнныя раўніны (Чашніцкая і інш.). Абсалютныя вышыні ад 102 (урэз р. Зах. Дзвіна) да 130—160 на нізінах і раўнінах і 170—200 і да 295 м на ўзвышшах. Паазерскія краявыя ўтварэнні складзены з валунных суглінкаў, супескаў, пяскоў, жвірова-галечных матэрыялаў, з гляцыядыслакацыямі і адорвенямі. У межах узвышшаў сустракаюцца озавыя грады, лімнакамы, камавыя палі. Нізіны азёрна-ледавіковага паходжання (Полацкая, Суражская, Лучоская) утвораны асадкамі прыледавіковых вадаёмаў — пясчанымі, гліністымі, у т. л. стужачнымі глінамі. Рэльеф характарызуецца маладосцю і непапсаванасцю форм, наяўнасцю мноства азёр. У некаторых раёнах (Браслаўскі, Ушацкі, Мядзельскі) азёры займаюць да 10% плошчы. У будове рачных далін праяўляецца глыбокі ўрэз, дакладны выгляд у плане, наяўнасць парогаў, скразных участкаў і эразійных тэрас.

Клімат умерана цёплы вільготны, больш халаднаваты ў параўнанні з інш. правінцыямі. Сярэдняя тэмпература студзеня ад -5 да -8 °C, ліпеня 17,5—18 °C. Вегетацыйны перыяд 180—190 сут, сума актыўных тэмператур паветра вышэй за 10 °C складае 2000—2200 °. Ападкаў 600—750 мм за год. Структура глеб вызначаецца разнастайнасцю і драбнаконтурнасцю. Пераважаюць дзярнова-падзолістыя глебы, менш пашыраны дзярнова-падзолістыя забалочаныя; на долю тарфяна-балотных глеб прыпадае каля 11% плошчы. Зрэдку сустракаюцца дзярновыя забалочаныя, дзярнова-карбанатныя і алювіяльныя глебы. Больш за 60% плошчы займаюць с.-г. ўгоддзі з перавагай ворыва. З натуральнай расліннасці лясы да 33%, пераважаюць хваёвыя (58%) і драбналістыя вытворныя (19%) фармацыі; пашыраны яловыя і шыракаліста-яловыя лясы, зрэдку сустракаюцца дубровы. Драбналістыя карэнныя лясы складаюць 8,5%. Сярод балот пераважаюць вярховыя, сярод лугоў — сухадольныя. Для Паазер’я найбольш тыповымі ландшафтамі з’яўляюцца сярэдневышынныя і нізінныя, радзей узвышаныя. Своеасаблівасць ландшафтнай структуры вызначаюць азёрна-ледавіковыя, марэнна-азёрныя і ўзгоркава-марэнна-азёрныя ландшафты, якія займаюць каля 70% тэрыторыі.

Заходне-Беларуская правінцыя цягнецца ад зах. мяжы Беларусі на ПнУ, выкліньваецца ў раёне гарадоў Лепель і Новалукомль. Займае 20,4% тэр. краіны. Прымеркавана да Беларускай антэклізы і Аршанскай упадзіны. Фундамент перакрыты асадкавымі пародамі дэвону, мелу, палеагену, неагену. Для антрапагенавай тоўшчы магутнасцю 100—180 м (зрэдку 300 м) характэрны марэнныя адклады — супясчаныя, сугліністыя, пясчана-жвірова-галечныя. Сучасны рэльеф правінцыі сфарміраваны сожскім ледавіком, пазней моцна перапрацаваны і зменены эразійна-дэнудацыйнымі працэсамі. Цэнтр. частку правінцыі займае Беларуская града, якая складаецца з узвышшаў (Мінскага, Ашмянскага, Навагрудскага, Ваўкавыскага, Гродзенскага). Пераважаюць вышыні 180—300 м. Тут знаходзяцца найвышэйшыя пункты Беларусі — горы Дзяржынская (345 м), Лысая (342 м), Маяк (335 м). У межах Беларускай грады вылучаюць 3 ярусы рэльефу. Верхні (больш за 260 м) з буйнаўзгорыстым рэльефам пераважна складзены з град. Другі ярус (220—260 м) прадстаўлены сярэдне- і дробнаўзгорыстым рэльефам, марэна часта перакрыта лёсападобнымі пародамі. У рэльефе наступнай ступені (да 200 м) пераважаюць зандравыя раўніны дзюнна-ўзгорыстай формы, складзеныя з водна-ледавіковых пяскоў. Для Беларускай грады характэрна густая сетка яроў і лагчын. На Пд правінцыі працягваецца дэнудаваная марэнная Капыльская града (180—200 м) з хвалістай, месцамі дробнаўзгорыстай паверхняй. Паміж Ашмянскім і Мінскім узвышшамі размешчана Вілейская нізіна (160—180 м), на крайнім 3 — Нёманская нізіна (100—160 м). Тут жа знаходзіцца самы нізкі пункт краіны з вышынёй каля 85 м. Узвышшы і нізіны раздзелены Лідскай і Стаўбцоўскай марэннымі раўнінамі (150—180 м). Клімат правінцыі цёплы, умерана вільготны. Сярэдняя тэмпература студзеня ад -4,9° да -7,2 °C, ліпеня 17°—18 °C. Сума тэмператур вышэй за 10 °C складае 2000—2300°, працягласць вегетацыйнага перыяду 180—200 сут. Ападкаў выпадае 600—700 мм за год (на Навагрудскім узвышшы больш за 750 мм). У межах правінцыі пралягае водападзел Чорнага і Балтыйскага мораў.

Найб. тыповыя для рэгіёна дзярнова-падзолістыя (74%) і дзярнова-палева-падзолістыя глебы на лёсападобных суглінках. Дзярнова-падзолістыя забалочаныя глебы займаюць толькі 6%. У далінах рэк тыповыя поймавыя дзярновыя забалочаныя і тарфяна-балотныя, у катлавінах — тарфяна-балотныя глебы нізіннага тыпу. Лясістасць каля 30%. У складзе лясоў хвойнікі (58%), вытворныя драбналістыя фармацыі (19,5%), яловыя і шыракаліста-хваёвыя (13,5%). Каля 3% тэрыторыі займаюць лугі, 6% — балоты. Для правінцыі характэрна складаная ландшафтная структура з перавагай узвышаных (узгорыста-марэнна-эразійных, камава-марэнных) і сярэдневышынных (другасна-марэнных, водна-ледавіковых) ландшафтаў.

Перадпалеская правінцыя распасціраецца вузкай, крыху пашыранай у цэнтры паласой ад зах. да ўсх. мяжы краіны і займае 22% тэрыторыі. Прымеркавана да паўд. часткі Беларускай антэклізы, Аршанскай упадзіны, Жлобінскай седлавіны і Варонежскай антэклізы. Асадкавыя пароды — дэвонскія, мелавыя, палеагенавыя і неагенавыя, перакрытыя адкладамі антрапагену. Антрапагенавая тоўшча (40—80 м) складзена з водна-ледавіковых і марэнных утварэнняў. Сучасны рэльеф утвораны пераважна сожскім ледавіком, у далейшым значна перапрацаваны і зменены эразійна-дэнудацыйнымі працэсамі. Характэрна выраўнаваная паверхня з абсалютнымі вышынямі 150—180 м. Большая частка правінцыі занята Цэнтральнабярэзінскай водна-ледавіковай раўнінай, якая паступова паніжаецца ў бок Пд. Яна складзена з водна-ледавіковых адкладаў з выступамі асноўнай марэны. На З і ПдЗ раўніны трапляюцца кароткія дэнудаваныя (180—190 м) марэнныя грады — Салігорская і Любанская. На З ляжаць Баранавіцкая (160—180 м) і Прыбугская (170—200 м) раўніны, на У — Чачэрская раўніна (150—180 м). Тыповымі з’яўляюцца дзюнна-ўзгорыстыя формы, суфазійныя западзіны, лагчыны сцёку з азёрападобнымі пашырэннямі; сустракаюцца яры і лагчыны. Рачныя даліны, выцягнутыя з Пн на Пд, урэзаныя на глыбіню 15—25 м, даволі шырокія. Самая глыбокая даліна р. Дняпро.

Клімат цёплы, умерана вільготны і няўстойліва вільготны. Сярэдняя тэмпература студзеня ад -5 °C да -6,8 °C, ліпеня 18—18,5 °C. Сума тэмператур вышэй за 10 °C складае 2200—2400 °, вегетацыйны перыяд — 185—200 сут. Ападкаў выпадае ў сярэднім 600—700 мм. Рэкі правінцыі звязаны ў асноўным з сістэмай р. Дняпро і яго прытокаў. Шмат вадасховішчаў, найбольшыя — Любанскае, Чыгірынскае, Асіповіцкае, Салігорскае.

Пераважаюць дзярнова-падзолістыя глебы, якія займаюць каля пал. тэрыторыі. На долю дзярнова-падзолістых забалочаных глеб прыпадае 20%, тарфяна-балотных — 13%, алювіяльных — 11%. С.-г. ўгоддзі ў асн. пад ворывам (больш за 50%). Лясістасць каля 40%. Лясы хваёвыя (64%), драбналістыя — карэнныя (12%) і вытворныя (10%), шыракаліста-хваёвыя (9%). Доля лугоў і адкрытых балот не перавышае 10%. Для правінцыі тыповыя сярэдневышынныя (водна-ледавіковыя і марэнна-зандравыя) і нізінныя (азёрна-балотныя) ландшафты.

Усходне-Беларуская правінцыя прымеркавана да крайняга ўсходу краіны і працягваецца ад мяжы Беларусі з Расіяй на З да лініі Талачын — Быхаў. Займае каля 11%тэр. краіны. Прымеркавана да Аршанскай упадзіны і Варонежскай антэклізы. У даантрапагенавых адкладах пароды мелу, радзей — дэвону і юры. Магутнасць антрапагенавых утварэнняў ад 50 да 100 м, на У менш за 50 м. Пашыраны марэнныя, сустракаюцца і флювіягляцыяльныя адклады сожскага зледзянення; покрыўныя адклады складзены з лёсаў і лёсападобных суглінкаў. Большая частка правінцыі занята Аршанска-Магілёўскай раўнінай з абсалютнымі вышынямі 150—200 м. Паверхня ўскладнена моцна дэнудаванымі марэннымі градамі, суфазійнымі западзінамі, ярамі, у месцах блізкага залягання карэнных парод — карставымі лейкамі. На крайняй Пн размешчана Аршанскае ўзвышша, якое змыкаецца на ПнУ з адгор’ямі Смаленска-Маскоўскага ўзвышша. Тут самыя высокія адзнакі (200—236 м) над узроўнем мора.

Клімат цёплы ўмерана вільготны, больш кантынентальны ў параўнанні з інш. рэгіёнамі. Сярэдняя тэмпература студзеня ад -7,5 да -8,2 °C, ліпеня 17,8—18,5 °C. Вегетацыйны перыяд 183—187 сут, сума актыўных тэмператур паветра вышэй за 10 °C — 2200—2400 °. Ападкаў выпадае 600—650 мм. Найбольшыя рэкі (Дняпро, Сож) цякуць у глыбока ўрэзаных (да 30, месцамі да 50 м) распрацаваных далінах з асіметрычнымі схіламі. Рачныя тэрасы найб. выразныя ў даліне Дняпра.

У структуры глебавага покрыва пераважаюць дзярнова-падзолістыя глебы (57%). Доля дзярнова-падзолістых забалочаных глеб складае 20%, алювіяльных — 10%, тарфяна-балотных — 7%. Каля ​2/3 плошчы ўсіх глеб правінцыі займаюць с.-г. ўгоддзі з перавагай ворыва. На глебы с.-г. угоддзяў уздзейнічае водная эрозія. Характэрная асаблівасць расліннага покрыва рэгіёна — нізкая лясістасць (25%). Лясы пашыраны невялікімі масівамі плошчай 10—15 км². Адзначаецца нізкая доля хваёвых насаджэнняў (35,5%) і высокая — шыракаліста-хваёвых (26,5%), доля вытворных драбналістых лясоў 19%. Удзельная вага карэнных драбналістых лясоў самая нізкая (3,5%) у параўнанні з астатнімі правінцыямі. У ландшафтнай будове правінцыі пераважаюць сярэдневышынныя (другасна-марэнныя) і ўзвышаныя (лёсавыя) ландшафты, якія займаюць каля 70% тэрыторыі.

Палеская правінцыя ахоплівае паўд. частку краіны і займае каля 28% плошчы Беларусі. У тэктанічных адносінах прымеркавана да Прыпяцкага прагіну з глыбінёй апускання крышталічнага фундаменту ад 1000 да 6000 м, да Палескай седлавіны і Падляска-Брэсцкай упадзіны, дзе фундамент залягае на глыбіні 250—500 і 500—1000 м адпаведна. У даантрапагенавых адкладах пароды палеагену і неагену, радзей — мелу. Магутнасць антрапагенавых утварэнняў ад 50 да 100, на Пд і У менш за 50 м. Пашыраны флювіягляцыяльныя, алювіяльныя, азёрна-алювіяльныя пяскі і супескі, месцамі марэнныя і балотныя адклады.

Паверхня Палесся — плоскаўвагнутая са слабым нахілам на ПдУ пясчаная нізіна з высокім узроўнем грунтавых вод. Цэнтральную найб. паніжаную частку тэрыторыі (105—140 м) уздоўж Прыпяці і Дняпра займаюць Палеская і Прыдняпроўская нізіны з пласкахвалістым і плоскім рэльефам, ускладненым дзюнна-ўзгорыстымі формамі, лагчынамі сцёку, затарфаванымі катлавінамі. З З і У да іх далучаюцца хвалістыя водна-ледавіковыя, месцамі марэнныя раўніны — Прыбугская, Загароддзе, Церахоўская і Хойніцка-Брагінская (140—150 м). Тут жа трапляюцца дэнудаваныя марэнныя грады — Лагішынская. Вятчынска-Чалюшчавіцкая, Камянецкая з дробнаўзгорыстым рэльефам (160—170 м). Сярэднеўзгорыста-градавы канцова-марэнны рэльеф прадстаўлены Мазырскай градой (221 м) і Юравіцкім (170 м) узвышшам.

Клімат цёплы, няўстойліва вільготны, больш мяккі ў параўнанні з інш. рэгіёнамі краіны. Сярэдняя тэмпература студзеня ад -4 да -7 °C, ліпеня ад 18,5 да 19 °C. Вегетацыйны перыяд 193—208 сут. Сума актыўных тэмператур паветра вышэй за 10 °C складае 2400 °. Гадавая колькасць ападкаў вагаецца ад 500 да 650 мм, што набліжае клімат правінцыі да лесастэпавага. Большая частка тэрыторыі дрэніруецца р. Прыпяць і яе шматлікімі прытокамі. Вярхоўі рэк розных басейнаў злучаны каналамі — Дняпроўска-Бугскім, Дняпроўска-Нёманскім (Агінскім). У выніку асушэння забалочаных зямель створана густая сетка меліярацыйных каналаў і канаў, а таксама невялікіх вадасховішчаў. У поймах рэк шмат дробных азёр.

Пашыраны забалочаныя глебы, сярод якіх пераважаюць дзярнова-падзолістыя забалочаныя (28%) і тарфяна-балотныя (17%). Значная частка тарфяна-балотных глеб асушана. У поймах рэк вялікая доля поймавых (алювіяльных) глеб (17%). Зрэдку сустракаюцца дзярновыя забалочаныя і дзярновыя карбанатныя забалочаныя глебы. Занальныя дзярнова-падзолістыя глебы займаюць 34% тэрыторыі. На долю с.-г. угоддзяў з перавагай раллі прыпадае каля 46% плошчы. Правінцыя характарызуецца высокай лясістасцю (каля 40%). У структуры лясоў дамінуюць хваёвыя (54%), у т. л. шыракаліста-хваёвыя, характэрныя для Палесся, і драбналістыя карэнныя (22%) фармацыі. Сярод іншых вылучаюцца дубровы, сярод якіх унікальныя поймавыя дубровы. Лугі займаюць каля 8% тэрыторыі, столькі ж прыпадае на долю адкрытых балот. Найбуйнейшыя з іх — Выганашчанскае, Вялікі Лес, Хольча, Грычын і інш. Асушаныя балоты выкарыстоўваюцца для вырошчвання шматгадовых траў, часткова — збожжавых культур, здабычы торфу. У правінцыі пашыраны палескія (суббарэальныя) ландшафты з перавагай нізінных — азёрна-алювіяльных, алювіяльных тэрасаваных, азёрна-балотных. На іх долю прыпадае да 60% плошчы рэгіёна. Радзей трапляюцца сярэдневышынныя марэнна-зандравыя і водна-ледавіковыя ландшафты.

Літ.:

Теоретические проблемы и результаты комплексного географического районирования территории Беларуси // Выбр. навук. працы БДУ. Мн., 2001. Т. 7.

Г.​І.​Марцінкевіч.

На Браслаўскай градзе.
Узгорыста-марэнна-азёрны ландшафту Нешчарда-Гарадоцкім фізіка-геаграфічным раёне.
Азёрна-ледавіковы ландшафт у Полацкім фізіка-геаграфічным раёне.
Азёрна-балотны ландшафт у Полацкім фізіка-геаграфічным раёне Пераходнае балота ў Расонскім раёне.
Узгорыста-марэнна-эразійны ландшафт у Мінскім фізіка-геаграфічным раёне.
Водна-ледавіковы ландшафт у Вілейскім раёне.
Азёрна-балотны ландшафт у Аршанска-Магілёўскім фізіка-геаграфічным раёне. Вярховае хваёва-сфагнавае балота ў заказніку Астравы Дулебы (Бялыніцкі раён).
Азёрна-балотны ландшафт у Сярэдняпрыпяцкім фізіка-геаграфічным раёне.

т. 18, кн. 2, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)