ЛІМІ́Т [ад лац. limes (limitis) мяжа],

гранічная норма (сродкаў, часу і г.д.); вызначанае колькаснае абмежаванне на куплю, продаж, крэдыт, аб’ёмы здзелак, увоз і вываз тавараў, здабычу карысных выкапняў, выкарыстанне крэдытных рэсурсаў, узровень аплаты працы, валютных аперацый і інш.

т. 9, с. 260

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАМЕНКЛАТУ́РА (лац. nomenclatura пералік, роспіс імёнаў),

1) пералік назваў, сістэма тэрмінаў, катэгорый, якія ўжываюцца ў якой-н. галіне навукі, тэхнікі і інш. (напр., наменклатура тавараў).

2) Кола, пералік службовых асоб, пасад, якія прызначаюцца (замяшчаюцца) або зацвярджаюцца вышэйстаячым органам.

т. 11, с. 135

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРБА́РНАЯ, ФУ́ТРАВАЯ І АБУТКО́ВАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

галіна лёгкай прамысловасці, спецыялізаваная на выпуску натуральных і штучных скур, скураных тавараў, спілаку, футра і вырабаў з яго, пашыве абутку. У 1995 на Беларусі дзейнічала 140 прадпрыемстваў галіны. Гл. Гарбарная прамысловасць, Футравая прамысловасць і Абутковая прамысловасць.

т. 5, с. 54

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭ́МПІНГ (англ. dumping літар. скідванне),

продаж тавараў на знешнім рынку па штучна заніжаных цэнах, магчыма, ніжэй сабекошту. Мэта Д.: спрыянне экспансіі на новыя рынкі і абарона пазіцый дадзенай дзяржавы на замежных рынках шляхам абмежавання канкурэнцыі; процідзеянне залішняму продажу тавараў на ўнутр. рынку, які прыводзіць да зніжэння цэн, і, як вынік, да змяншэння даходаў вытворцаў. Д. выклікае негатыўныя вынікі: у краіне экспарцёра для спажыўцоў, што плацяць высокія цэны і пакрываюць страты ад нізкіх дэмпінгавых цэн; у краіне імпарцёра стрымлівае айчынную вытв-сць (спрыяе росту беспрацоўя), прадукцыя якой становіцца неканкурэнтаздольнай побач з больш таннай імпартаванай. ЕЭС забараніла Д. паводле Рымскага трактата 1957. Антыдэмпінгавы кодэкс, што прадугледжвае правядзенне перагавораў пад эгідай ГАТТ, прыняты ў час т.зв. такійскага раунда 1973—79. Д. валютны — вынік дэвальвацыі.

т. 6, с. 350

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́РТАЧНАЯ СІСТЭ́МА забеспячэння насельніцтва, форма прамога рэгулявання забеспячэння насельніцтва шляхам устанаўлення нарміраванага водпуску тавараў па картках. Упершыню ўведзена ў Парыжы ў 1793 у час франц. рэвалюцыі. Пашыранай была ў гады 1-й сусв. вайны 1914—18 (у агульнадзярж. маштабе яе выкарыстала Германія, у Расіі была ўведзена мясц. гар. ўправамі ў пач. 1916). У Сав. Расіі існавала ў 1918—21, у СССР у 1928—36, у гады Вял. Айч. вайны і ў часы пасляваеннага аднаўлення нар. гаспадаркі. У снежні 1947 у СССР была праведзена грашовая рэформа і адменены карткі на харч. і прамысл. тавары. З канца 1980-х у СССР, у 1990-х гг. у некаторых рэгіёнах Беларусі ўжываліся элементы К.с.: водпуск харч. тавараў па картках (талонах) і інш.

т. 8, с. 104

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНДА́УР, Індур,

горад у цэнтр. ч. Індыі, у штаце Мадх’я-Прадэш, на плато Малва. 1091,7 тыс. ж. (1991). Вузел чыгунак і аўтадарог. Аэрапорт. Прамысл. і гандл. цэнтр. Прам-сць: тэкст., хім., цэментная, харч. (масларобчая і мукамольная), мэблевая. Вытв-сць спарт. тавараў. Ун-т.

т. 7, с. 234

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́РНЕР (ад англ. corner кут, to corner загнаць у кут),

скупка біржавых кантрактаў, тавараў адной ці некалькімі юрыд. ці фіз. асобамі з мэтай далейшага перапродажу. У выніку ствараецца ненатуральны дэфіцыт тавару на рынку, а іх цэны павялічваюцца, што забяспечвае атрыманне прыбытку. Біржавымі правіламі К. забараняецца.

т. 8, с. 421

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАШО́ВАЯ АДЗІ́НКА,

устаноўлены заканадаўствам дзяржавы грашовы знак, які з’яўляецца элементам нац. грашовай сістэмы і прызначаны для сувымярэння і выяўлення цэн усіх тавараў, паслуг і да т.п. на ўнутр. рынку. У кожнай краіне мае сваю назву і пераважна падзяляецца на 100 частак (напр., 1 рубель = 100 капейкам).

т. 5, с. 418

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНВЕНЦЫ́ЙНЫЯ ЦЭ́НЫ,

у знешнім гандлі цэны на экспартуемую і імпартуемую прадукцыю (тавары і паслугі), якія ўстанаўліваюцца міжнар. дагаворамі і пагадненнямі на ўзроўні ўрадаў краін. У адпаведных канвенцыях па цэнах прадугледжваюцца таксама ўзаемныя правы і абавязкі дзяржаў у галіне цэнаўтварэння і ўзроўняў цэн на пэўныя віды прадукцыі, тавараў.

т. 7, с. 574

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНАПО́ЛЬНАЯ ЦАНА́,

від рыначнай цаны, які ўстанаўліваецца пад уплывам панавання манапалістаў на рынку дадзенага тавару, таксама пад уплывам попыту і прапановы. З’яўляецца вынікам згоды паміж манапалістамі і вызначаецца, зыходзячы з разліку атрымання найбольшага прыбытку ад продажу тавараў. Можа ўстанаўлівацца манаполіямі вышэй або ніжэй за кошт тавару.

т. 10, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)