ДРУГІ́ ЗАКО́Н ТЭРМАДЫНА́МІКІ закон павелічэння энтрапіі, адзін з асн. законаў тэрмадынамікі. Паводле Д.з.т. ў замкнёнай (ізаляванай у цеплавым і мех. сэнсе) сістэме энтрапія S сістэмы застаецца нязменнай (пры абарачальных, раўнаважных працэсах) або павялічваецца (пры неабарачальных працэсах) і ў стане раўнавагі дасягае максімуму(∆S ≥ 0).

Гістарычна Д.з.т. ўзнік з аналізу работы цеплавых машын у працах С.Карно (1824). Першую фармулёўку закона даў Р.Клаўзіус (1850): немагчымы пераход цеплыні ад цела больш халоднага да цела больш нагрэтага без якіх-н. інш. змен у тэрмадынамічнай сістэме ці навакольным асяроддзі (іншыя фармулёўкі эквівалентныя). Д.з.т. ў тэрмадынамічным сэнсе азначае, што ўсе рэальныя макраскапічныя працэсы неабарачальныя, а ў імавернасна-статыстычным сэнсе, — што найб. імаверным станам сістэмы з’яўляецца яе раўнаважны стан. Гл. таксама Больцмана прынцып, Неабарачальныя працэсы.

т. 6, с. 215

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КВА́РТА (ад лац. quarta чвэрць),

бел. старажытная мера (адзінка) аб’ёму сыпкіх рэчываў і вадкасцей. У сістэме мер ВКЛ 1 К. = 1/4 гарца = 0,7057 л. Адзінка, у 4 разы меншая за К., называлася кватэрка. К. наз. таксама пасудзіна такой ёмістасці (умяшчальнасці). Гл. таксама Гарнец.

т. 8, с. 211

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛА́ШСКАЕ ПЛАТО́,

у горнай сістэме Зах. Саянаў, на Пд Сібіры. Выш. да 3129 м (г. Бай-Тайга). Складзена пераважна з метамарфізаваных алеўралітаў, сланцаў, пясчанікаў і кангламератаў. Расчлянёна глыбокімі рачнымі далінамі са стромкімі скалістымі схіламі. На міжрэччах камяністыя стэпы; асобныя гальцовыя вяршыні; на схілах лістоўнічна-кедравыя лясы.

т. 1, с. 229

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДЫРО́НДАК (Adirondack),

горны масіў у сістэме Апалачаў, у ЗША. Выш. да 1628 м (г. Марсі). Рэльеф сярэднягорны са згладжанымі ледавіковымі формамі. Складзены з крышт. пародаў. Шмат азёраў, горных рэк. На схілах хваёвыя і мяшаныя лясы. Раён турызму. Курорт Лейк-Плэсід, цэнтр Зімовых Алімпійскіх гульняў (1932, 1980).

т. 1, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́РЦАГ (ням. Herzog),

у старажытных германцаў выбарны правадыр племені; у Зах. Еўропе ў час ранняга сярэдневякоўя — племянны князь; у час феад. раздробленасці — буйнейшы тэрытарыяльны ўладальнік, які займаў 2-е месца пасля караля ў сістэме ваенна-леннай іерархіі; з ліквідацыяй феад. раздробленасці — адзін з вышэйшых дваранскіх тытулаў.

т. 5, с. 201

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́НСКАЯ СІ́ЛА,

устарэлая пазасістэмная адзінка магутнасці. Абазначаецца к.с., л.с. (рус. лошадиная сила), PS (ням. Pferdestärke), CV (франц. chevalvapeur), HP (англ. horse power). Замест яе ў Міжнароднай сістэме адзінак ужываецца ват. 1 к.с. = 75 кгс∙м/с = 735,499 Вт. У ЗША і Вялікабрытаніі 1 HP = 745,7 Вт.

т. 8, с. 408

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛАКГА́УЗ (ням. Blockhaus),

абароннае збудаванне для вядзення кругавога кулямётнага, часам і артыл. агню. У 1-ю і 2-ю сусв. войны выкарыстоўваліся для прыкрыцця мастоў, горных праходаў і інш., а таксама ў сістэме даўгачасных умацаванняў. Сцены і пакрыцці рабілі з дрэва, бетону і інш., меў жылыя памяшканні для гарнізона.

т. 3, с. 185

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРА́БСКІЯ ЛІ́ЧБЫ,

назва дзесяці матэм. знакаў: 0, 1, 2, 3, 4, 5, 6, 7, 8, 9, з дапамогай якіх па дзесятковай сістэме лічэння запісваюцца любыя лікі. Узніклі ў Індыі (не пазней як у 5 ст.), у Еўропе вядомыя з 10—13 ст. з араб. крыніц (адкуль і назва).

т. 1, с. 447

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬГІЦЫ́ДЫ [ад лац. alga марская трава, водарасць + ...цыд(ы)],

хімічныя рэчывы, якія знішчаюць водарасці. Найчасцей як альгіцыды выкарыстоўваюцца злучэнні з актыўным хлорам, хлорная вапна, чацвярцічныя солі амонію, многія солі і комплексы медзі. Прымяняюцца для ачысткі ў тэхн. сістэме, водазабеспячэння, прадухілення цвіцення вады і барацьбы з пашырэннем непажаданай альгафлоры.

т. 1, с. 277

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЁМІСТАСНАЕ СУПРАЦІЎЛЕ́ННЕ,

велічыня, якая характарызуе супраціўленне пераменнаму току электраёмістасці ланцуга (яго ўчастка). Ё.с. сінусаідальнаму току xc=1/ωC, дзе ω — цыклічная (вуглавая) частата, C — ёмістасць ланцуга. У Міжнар. сістэме адзінак вымяраецца ў омах. Разам з індуктыўным супраціўленнем складае рэактыўнае супраціўленне, якое ўваходзіць у склад агульнага (поўнага) электрычнага супраціўлення.

т. 6, с. 408

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)