ВАЕ́ННА-ПРАМЫСЛО́ВЫЯ КАМІТЭ́ТЫ (ВПК),
грамадскія арг-цыі ў Расійскай імперыі ў 1-ю сусв. вайну. Створаны ў 1915, мелі на мэце мабілізацыю прам-сці на патрэбы вайны, атрыманне ад царскага ўрада выгадных ваен. заказаў і паліт. уступак, раскол рэв. руху і падпарадкаванне рабочага класа ўплыву буржуазіі. На пач. 1916 створаны Цэнтр. ВПК і 220 мясцовых, аб’яднаных у 33 абласныя. У 1915 ВПК дзейнічалі ў Гродне, Вільні, Беластоку, Мінску, Слоніме, Пінску, Бабруйску, Магілёве, Гомелі, Полацку і Віцебску (з аддзелам у Дзвінску). 19.7.1915 на з’ездзе ў Вільні сфарміраваны Паўн.-Зах. ВПК, які пашыраў сваю дзейнасць на Зах. і часткова Паўн.-Зах. франты. Пасля Кастр. рэвалюцыі ВПК пастаўлены пад кантроль ВСНГ, у 1918 перайменаваны ў нар.-прамысл. к-ты, у ліп. 1918 за дзейнасць супраць сав. улады ліквідаваны.
т. 3, с. 442
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАНЬЧА́НСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1927.
Пачалося 1 жн. ў г. Наньчан з паўстання салдат Нац.-рэв. арміі (каля 20 тыс. чал.), якія абвясцілі сябе кіт. Чырв. арміяй (галоўнакамандуючы Хэ Лун). Быў створаны Рэв. к-т Гаміньдана, у які фактычна ўвайшлі адны камуністы (Чжоў Эньлай, Чжан Гатао, Лінь Бяо і інш.). Паўстанцы раззброілі гаміньданаўскі гарнізон Наньчана і накіраваліся на Пд Кітая, дзе меркавалі стварыць рэв. базу ў Гуанчжоў пад лозунгамі радыкальнай агр. рэвалюцыі. Не здолеўшы знайсці падтрымку ў сялянства, паўстанцы ў канцы вер. 1927 былі разбіты каля г. Шаньтоў. Невял. іх група на чале з Чжу Дэ прабілася да пач. 1928 у прав. Хунань, дзе на яе аснове быў створаны 4-ы корпус кіт. Чырв. арміі. Дзень Н.п. адзначаецца ў Кіт. Нар. Рэспубліцы як Дзень Арміі.
В.У.Адзярыха.
т. 11, с. 141
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЙНАРО́ЎСКІ (Андрэй) (?—1740),
украінскі казацкі старшына, удзельнік змовы Мазепы. Пляменнік Мазепы. Пасля разгрому шведаў у Палтаўскай бітве 1709 разам з Мазепам уцёк за мяжу. Арыштаваны ў Гамбургу па патрабаванні рус. ўрада. Сасланы ў Якуцк, дзе і памёр. Вобраз Вайнароўскага створаны ў аднайм. паэме К.Ф.Рылеева.
т. 3, с. 459
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АФРЫКА́НСКІ БАНК РАЗВІЦЦЯ́ (African Development Bank; АБР). Створаны ў 1963 пры садзейнічанні Эканам. камісіі ААН для Афрыкі. Уваходзяць 50 краін. Месца знаходжання — Абіджан (Кот-д’Івуар). Мэта дзейнасці — спрыяць эканам. і сац. прагрэсу краін-удзельніц праз фінансаванне праграм рэгіянальнага развіцця, заахвочванне дзярж. і прыватных інвестыцый, аказанне тэхн. дапамогі.
т. 2, с. 142
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АФРЫКА́НСКІ ФОНД РАЗВІЦЦЯ́ (African Development Fond; АФР). Створаны ў 1972. Уваходзяць 20 краін, у т. л. Вялікабрытанія, ЗША, Італія, Канада, Францыя, ФРГ. Месца знаходжання — Абіджан (Кот-д’Івуар). Мэта дзейнасці — мабілізаваць дадатковыя сродкі і рэсурсы для эканам. і сац. развіцця краін Афрыкі і крэдытавання іх на льготных умовах.
т. 2, с. 142
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРЫ́САЎСКАЯ ЗАПА́ЛКАВАЯ ФА́БРЫКА «БЯРЭ́ЗІНА».
Створана ў 1901 у г. Барысаў. Вырабляла да 60 тыс. карабкоў запалак за год і фанерныя сядзенні для крэслаў. Выкарыстоўваліся паравыя рухавікі ў 15—75 к.с. У 1910 працавалі 399 рабочых. На базе ф-кі створаны Барысаўскі фанерна-запалкавы камбінат (цяпер ВА «Барысаўдрэў»).
т. 2, с. 330
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ ІНСТЫТУ́Т ПРАВАЗНА́ЎСТВА,
вышэйшая недзяржаўная навучальная ўстанова. Створаны ў 1991 на базе б. Мінскай вышэйшай юрыд. школы. Рыхтуе юрыстаў па спецыялізацыях: прававое забеспячэнне знешнепаліт. дзейнасці; гасп. права. Аддзяленні: дзённае (прымаюцца асобы з сярэдняй адукацыяй), завочнае (з сярэдняй ці вышэйшай неюрыд. адукацыяй) і павышэння кваліфікацыі. Навучанне платнае.
т. 2, с. 445
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯСПЕЛЕАЛО́ГІЯ (ад бія... + спелеалогія),
навука, якая вывучае жыццё ў пячорах, трэшчынах горных парод і інш. Асновы біяспелеалогіі створаны рум. біёлагам Э.Ракавіцэ (1907), які даследаваў асаблівасці экалагічных умоў пячор, трэшчын і іх уплыў на жывыя арганізмы, заканамернасці эвалюцыі падземных біёт, размнажэнне, геагр. пашырэнне іх жыхароў і інш.
т. 3, с. 177
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ САЮ́З ФЕ́РМЕРАЎ (БСФ),
добраахвотнае супольніцтва сялянскіх (фермерскіх) гаспадарак, іх тэр. саюзаў і асацыяцый. Створаны ў 1989 як Бел. сял. саюз, з 1993 — БСФ. Аб’ядноўвае 650 фермерскіх гаспадарак, шэраг мясц. асацыяцый. Гал. мэты: ахова правоў і інтарэсаў фермераў, садзейнічанне павышэнню эфектыўнасці іх працы і вытв-сці.
т. 2, с. 456
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МЕЛЬСКІ РАДЫЁЗАВО́Д.
Створаны ў 1966—69 як з-д металаканструкцый «Прамень». З 1975 сучасная назва. Уваходзіў у цэнтр. навук.-вытв. аб’яднанне «Вымпел». Выпускаў радыёэлектронныя прылады, антэны, радыёрэлейныя лініі, сістэмы навігацыі, тавары нар. ўжытку. З 1992 уваходзіць у міждзярж. карпарацыю «Вымпел». Выпускае сродкі сувязі, халадзільныя ўстаноўкі, быт. тэхніку.
т. 5, с. 348
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)