рэлігійная абшчына манахаў або манашак (гл.Манаства) у хрысціянстве (акрамя пратэстантызму), індуізме, будызме, ісламе, а таксама тэрыторыя, храм і ўсе будынкі, якія належаць такой абшчыне. Падзяляюцца на мужчынскія і жаночыя. Існавалі з сярэдзіны 1-га тыс. да н.э. ў Егіпце (культ. Серапіса), з 2—1 ст. да н.э. ў Індыі. На Русі з’явіліся ў 11 ст. ў сувязі з прыняццем хрысціянства. Паводле царк. рэформы, праведзенай у 1764 у Рас. імперыі, кіраванне манастырскімі землямі перададзена Калегіі эканоміі, a М. падзелены на лаўры, кафедральныя, 1-га, 2-га і 3-га класаў, пазаштатныя, прыпісныя, скасаваныя.
На Беларусі правасл. М. з’явіліся ў 12 ст. (паводле інш. звестак, у 10 ст.): Бельчыцкі Барысаглебскі манастыр і 2 на берагах Палаты, якія заснавала Ефрасіння Полацкая. У 12 ст. з’явіліся 2 М. ў Тураве — Варварынскі і Барысаглебскі. у канцы 13 — сярэдзіне 16 ст. заснавана каля 40 новых. 17 М. дзейнічала ў Полацкім пав., 7 — у Навагрудскім, па 5 — у Пінскім і Аршанскім, па 4 — у Віцебскім і Мінскім, па 3 — у Брэсцкім, Гродзенскім, Мсціслаўскім, па 2 — у Ашмянскім, Браслаўскім, Мазырскім, Слонімскім. У рымска-каталіцкай царкве М. наз.кляштар. У выніку Брэсцкай уніі 1596 створана уніяцкая царква, да якой паступова пераходзілі правасл. М. і будаваліся новыя. У канцы 17 — пач. 18 ст. на Гомельшчыне з’явіліся стараверскія М. — скіты. У 1795 1-га класа быў Пінскі Богаяўленскі брацкі мужчынскі М., 2-га класа — Віленскі Святадухаўскі манастыр і Слуцкі Спаса-Ільінскі жаночы М.; 28 М. аднесены да пазаштатных і 3 да скасаваных. У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. колькасць М. зменшылася з 60 да 37. У гэты перыяд заснаваны або адноўлены жаночы Мінскі Спаса-Праабражэнскі, мужчынскія Бялыніцкі Раства Багародзіцы, Няклюдаўскі Барысаглебскі (Талачынскі р-н), Мінскі Святадухаўскі і інш. Рашэннем Полацкага царкоўнага сабора 1839 уніяцкая царква ліквідавана, а яе М. закрыты або пераўтвораны ў праваслаўныя. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 Дэкрэтам СНК РСФСР ад 23.1.1918 царква аддзелена ад дзяржавы, маёмасць М. аб’яўлена нар. здабыткам. Адпаведны дэкрэт ад 11.1.1922 прыняў СНКБССР і М. тут пачалі хутка закрывацца. Толькі на тэр.Зах. Беларусі дзейнічаў Жыровіцкі Успенскі манастыр. У 2-й пал. 1980-х г. пачалося адраджэнне рэліг. жыцця: аднаўленне храмаў, М., духоўных навуч. устаноў. На Беларусі існуе 5 мужчынскіх і 9 жаночых М. (1999).
Архітэктура М. адлюстроўвае іх функцыю і ролю ў грамадскім жыцці, звязана з нац. рэгіянальнымі асаблівасцямі дойлідства розных краін і народаў. Найб.стараж. М. — будыйскія, з’явіліся ў 2—1 ст. да н.э. ў Індыі і пашырыліся ў краінах Паўд. і Усх. Азіі. У Індыі, Кітаі (Лунмынь, Майцзішань) пячорныя М. 2 ст. да н.э. — 5 ст. складаліся з высечаных у скале малітоўнай залы, келляў, трапезнай, б-кі, манаскага інтэрната (віхара) і інш. Наземныя М. ў Кітаі, Японіі, Паўд.-Усх. Азіі (Лінгусы ў Нанкіне, Кітай, 14—17 ст., Салін у Мандалаі, М’янма, 2-я пал. 19 ст.) уяўлялі сабой маляўнічыя комплексы з малітоўных і жылых пабудоў, мемар. храмаў і пагад ці рэгулярна-восевыя ансамблі сумежных двароў, абкружаных драўлянымі храмамі-павільёнамі. Ламаісцкія М. Тыбета (размешчаныя звычайна амфітэатрам па схілах гор), Манголіі, Бураціі, Калмыкіі складаліся з рэгулярных комплексаў з ярусных храмаў і дамоў лам. У 4—6 ст. у Паўн. Афрыцы і на Б. Усходзе з’явіліся першыя хрысц. М. абарончага тыпу. Іх абкружалі магутнымі сценамі, уключалі храмы (3-нефавыя базілікі), памяшканні для жылля, трапезы, чытання. У 6—9 ст. у Зах. Еўропе сфарміраваўся класічны тып каталіцкага М. — кляштара. Правасл. М. Візантыі, балканскіх краін, Грузіі, Украіны, Расіі, а таксама Беларусі мелі больш свабодную і разнастайную планіроўку, якая фарміравалася часам на працягу стагоддзяў (Гелацкі манастыр, М. Хора ў Канстанцінопалі, 10—11 ст.). Комплекс М. абкружалі сцены з вежамі, уздоўж сцен размяшчаліся келлі, у цэнтры — сабор, трапезная, званіца, калодзеж. Арх. формы службовых і гасп. пабудоў (шпіталі, лазні, пральні) часта звязаны з нар. дойлідствам. Пры заснаванні і пашырэнні М. улічвалі іх размяшчэнне (пры зліцці рэк, каля возера, на востраве і г.д.), прыроднае наваколле, характар рэльефу, што арганічна звязвала комплекс з ландшафтам. Абкружаныя сцяной і вежамі М. стваралі на стратэг. напрамках абарончыя фарпосты вакол гарадоў, з’яўляліся важнымі элементамі іх планіроўкі. Да сярэдзіны 16 ст. формы М. былі строгія, лаканічныя, у канцы 17 ст. іх дэкор і архітэктура ўзбагаціліся. У перыяд Адраджэння і барока М. страцілі абарончае значэнне. Пачалі ўзводзіць парадныя ансамблі М.-палацаў, пабудаваных кампактна, паводле адзінага плана (Смольны М. у С.-Пецярбургу). Вял. і ўплывовыя М. наз. лаўрамі. Найбольшыя М. ў Расіі: Данскі манастыр, Іосіфа-Валакаламскі манастыр, Кірыла-Белазерскі манастыр, Міражскі манастыр, Новадзявочы манастыр, Новаіерусалімскі манастыр, Салавецкі манастыр, Спаса-Праабражэнскі ў г. Яраслаўль (засн. ў канцы 12 ст.), Спаса-Прылуцкі каля г. Волагда (16—17 ст.) і інш. У 19—20 ст. новыя М. будавалі рэдка (М. Ла-Турэт у Эвё, Францыя, 1956—59, арх. Ле Карбюзье), яны не адыгрывалі значнай ролі ў забудове гарадоў, старыя М. часта станавіліся музеямі. На Беларусі найб. буйныя М.: у Полацку Барысаглебскі, Полацкі Спаса-Ефрасіннеўскі манастыр, Пінскі Ляшчынскі манастыр. У 17—20 ст. існавалі Магілёўскі Богаяўленскі манастыр, Магілёўскі Спаскі манастыр, Слуцкі Троіцкі манастыр і інш. Шэраг бел. М. — выдатныя арх. ансамблі, большасць з іх створана ў стылі барока, у інтэр’еры многіх захаваліся творы манум. пластыкі і жывапісу (Успенскі М. у Жыровічах, Полацкі Богаяўленскі манастыр і інш.). Гл. таксама Культавыя збудаванні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРЛАА́М (свецкае імя Шышацкі Рыгор; 1750, в. Красілаўка Чарнігаўскай вобл., Украіна — 1821 ці 1823),
праваслаўны царк. дзеяч. Скончыў Пераяслаўскую духоўную семінарыю і Кіеўскую духоўную акадэмію. У 1776 прыняў манаства, у 1780—95 ігумен і архімандрыт манастыроў у Расіі, на бел. і літ. землях Рэчы Паспалітай. У 1793 памагаў мінскаму архіепіскапу Віктару (Садкоўскаму) вяртаць уніятаў да праваслаўя. З 1805 епіскап, з 1808 архіепіскап магілёўскі і віцебскі. У час вайны 1812 падтрымаў французаў, загадаў служыць набажэнствы за Напалеона. Пасля выгнання акупантаў прыцягнуты да адказнасці па справе аб здрадзе, у 1813 пазбаўлены сану і сасланы простым манахам у Ноўгарад-Северскі і Спаса-Праабражэнскі манастыр.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБІ́НЕЦ,
пярэдняя частка праваслаўнага ці каталіцкага храма. На Беларусі вядомы з 11—12 ст. (Сафійскі сабор і Спаса-Праабражэнская царква ў Полацку). Пашыраны ў архітэктуры культ. пабудоў 15—18 ст. як частка аб’ёму над хорамі (цэрквы ў в. Мураванка Шчучынскага, Сынковічы Зэльвенскага р-наў Гродзенскай вобл., касцёлы ў в. Дзераўная Стаўбцоўскага р-на Мінскай вобл., Ішкалдзь Баранавіцкага р-на) або самастойны аб’ём, злучаны прамавугольным ці арачным праёмам з асноўным (цэрквы ў в. Яглевічы Івацэвіцкага, Здзітава Жабінкаўскага р-наў Брэсцкай вобл.). У кампазіцыі бабінец часам вылучаюць асобным верхам ці вежай-званіцай (цэрквы ў в. Вяжное Пружанскага, Рубель Столінскага р-наў Брэсцкай вобл.).
бібліяфіл, царк. дзеяч. Меў шырокую свецкую і царк. адукацыю. Працаваў на Міншчыне, Чарнігаўшчыне, дзе вывучаў гісторыю Кіеўскай Русі. Ведаў шмат моў. У 1776—87 архімандрыт Спаса-Яраслаўскага манастыра, рэктар духоўнай семінарыі ў Яраслаўлі. Сабраў каштоўную б-ку. У ліку манускрыптаў меў «Слова пра паход Ігаравы», які прадаў А.І.Мусіну-Пушкіну. Некаторыя даследчыкі прыпісваюць Быкоўскаму магчымае аўтарства «Слова...». Аўтар кнігі-трактата пра ісціну (1787).
Літ.:
Моисеева Г.Н. Спасо-Ярославский хронограф и «Слово о полку Игореве». 2 изд. Л., 1984;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕПАРХІЯ́ЛЬНЫЯ ВУЧЫ́ЛІШЧЫ,
сярэднія жаночыя навуч. ўстановы ў Рас. імперыі. Засн. паводле Статута 1843 пераважна для дачок праваслаўнага духавенства. Утрымліваліся на сродкі збораў з цэркваў, свечачных з-даў і інш. Падпарадкоўваліся Сіноду. Навучальны курс (6 кл., з 1900 спец. дадатковы 7-ы пед.кл.) набліжаўся да курса жаночых гімназій. Выпускніцы атрымлівалі права хатніх настаўніц і настаўніц пач., пераважна сельскіх, школ (з 1884 — царкоўнапрыходскіх). Пры некаторых Е.в. існавалі пач. школы, у якіх выхаванкі старэйшых класаў праходзілі практыку. У Беларусі існавалі Е.в.: Спаса-Ефрасіннеўскае каля Полацка (з 1844), у Парычах (з 1860), Мінску і Магілёве (1863), Віцебску (1864). Ліквідаваны паводле пастановы СНК ад 24.12.1917.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІСЯЛЁЎ (Фёдар Сцяфанавіч) (н. 15.9.1946, в. Іванава Слабада Клімавіцкага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. акварэліст; прадстаўнік Віцебскай школы акварэлі. Скончыў Віцебскі пед.ін-т (1971). Выкладаў у Магілёўскім культ.-асв. вучылішчы (1973—79). Працуе пераважна ў жанры пейзажа. Сярод твораў: «Вартавыя неба» (1973), «У краі азёрным» (1976), серыя «Рытмы Лаўсанбуда» (1978), «Зямля рэчыцкая» (1979), «Ляўкі. Дарога да паэта» (1982), «Полацк, Спаса-Ефрасіннеўскі манастыр» (1988), «Ноч у Гімраку» (1991), «Паводка ў Падніколлі» (1993), «Лідскі замак» (1996), «Восеньская вясёлка» (1997). Асн. роля ў стварэнні лірычнага або рамант. вобраза прыроды, арганізацыі эфектнай рытмічнай структуры кампазіцыі належыць дынамічным, падкрэслена вольным і лёгкім спалучэнням колераў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЎГАРО́ДСКАЯ ШКО́ЛА ДО́ЙЛІДСТВА,
адна з найб. значных школ стараж.-рус. дойлідства 12—15 ст. Склалася ў г.Ноўгарад і яго ўладаннях у феад.перыяд. Самыя раннія яе помнікі (Наўгародскі Сафійскі сабор, 1045—50; Георгіеўскі сабор Юр’ева манастыра, 1119) па тэхніцы ўзвядзення і кампазіцыі набліжаліся да кіеўскіх храмаў з уласцівымі ім манум. прастатой і кампактнасцю аб’ёмаў. З сярэдзіны 12 ст. будавалі пераважна невял. 4-стаўповыя храмы, якія служылі прыходскай царквой вуліцы або дамавой заможнага баярына. На іх хорах звычайна размяшчалі маленькія прыдзелы, прысвечаныя патрону заказчыка. У якасці буд. матэрыялаў выкарыстоўвалі вапняковыя пліты з цаглянымі праслойкамі, якія звонку заставаліся незацертымі. Гэта абмяжоўвала разнастайнасць дэкар. аздаблення пабудоў. Да помнікаў гэтага перыяду належаць цэрквы Георгіеўская і Успенская ў Старой Ладазе (2-я пал. 12 ст.), Спаса на Нярэдзіцы ў Ноўгарадзе (1198) і інш. З канца 13 ст. дойліды імкнуліся ўзмацніць выразнасць арх. кампазіцыі (цэрквы Міколы на Ліпне, 1292; Успення на Волатавым полі, 1352). У 14—15 ст. склаўся класічны тып багата дэкарыраванага наўгародскага храма. У ліку дэкар. элементаў пераважалі лапаткі, шматлопасцевыя абрысы асн. аб’ёмаў, разнастайныя нішы, броўкі, паўвалікі, дэкар. крыжы і інш. (цэрквы Фёдара Страцілата на Ручаі, 1360—61; Спаса на Ільіне вуліцы ў Ноўгарадзе, 1374; Пятра і Паўла ў Кажэўніках, 1406). З 2-й пал. 15 ст. ў архітэктуры Н.ш.д. праявіліся кансерватыўныя тэндэнцыі, звязаныя з адмаўленнем наўгародскіх баяр уключэння Ноўгарада ў Рус. цэнтралізаваную дзяржаву. З канца 15 ст. школа страціла сваю адметнасць і развівалася ў агульным рэчышчы рус. культуры.
Літ.:
История русского искусства. Т. 1. 2 изд. М., 1979;
Попова О.С. Искусство Новгорода и Москвы первой половины XIV в. М., 1982.
Г.А.Лаўрэцкі.
Наўгародская школа дойлідства. Царква са на Ільіне вуліцы. 14 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАБА́РКА (Grabarka),
гара ў Беластоцкім ваяв. Польшчы, праваслаўная святыня. За 11 км на У ад г. Семятычы, 3 км ад чыг. ст. Сычы. Набыла вядомасць святога месца пасля перанясення сюды абраза Спаса Збавіцеля з суседняга г. Мельнік (паводле падання, паміж 13 і 17 ст. ў час вял. небяспекі). Абраз не захаваўся. У 1947 на Грабарцы заснаваны жаночы манастыр святых Марфы і Марыі. З таго часу тут адбываюцца масавыя набажэнствы, найб. урачыстыя ў маі (Маладзёжнае агульнапольскае паломніцтва) і ў свята Праабражэння Гасподняга (19 жн.н.ст.), калі тут збіраецца 50—70 тыс. паломнікаў з Польшчы, Беларусі, Украіны і інш. краін. Паломнікі прыносяць і ставяць на Грабарцы ахвяравальныя крыжы (іх тут некалькі тысяч).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗБОР, кальвінскі збор,
тып культавага збудавання рэфарматарскай царквы. З распаўсюджаннем Рэфармацыі пашыраны ў Полчышчы, Літве і на Беларусі ў 16—1-й пал. 17 ст. Драўляныя ці мураваныя З. строгіх лаканічных форм спалучалі мясц.буд. традыцыі з асаблівасцямі гатычнага і рэнесансавага стыляў: прамавугольны або 8-гранны ў плане аб’ём, завершаны стромкім 2-схільным, вальмавым, шатровым, купальным дахам; на гал. фасадзе меў высокую абарончую вежу-званіцу з вокнамі-байніцамі, пакрытую шатром або купалам. Сцены часта ўмацоўвалі контрфорсамі. Некаторыя З. былі храмамі-крэпасцямі. Пры З. часта будаваліся школы, друкарні, шпіталі. У часы Контррэфармацыі (2-я пал. 17 ст.) многія З. прыстасоўвалі пад касцёлы, у 19 ст. — пад праваслаўныя цэрквы. Найб. вядомыя кальвінскія З.: Дзераўноўскі, Клецкі, Койданаўскі, Смаргонскі, Заслаўская Спаса-Праабражэнская царква.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕФРАСІ́ННЯ ПО́ЛАЦКАЯ [Еўфрасіння Полацкая, свецкае імя Прадслава; каля 1101 (не пазней 1104), Полацк — 23 або 25.5.1167],
полацкая князёўна, асветніца, ігумення манастыра св.Спаса ў Полацку, бел. святая. Дачка малодшага сына кн.Усяслава Брачыславіча Святаслава-Георгія і Сафіі (?), дачкі Уладзіміра Манамаха. Калі дасягнула паўналецця (12 гадоў), адмовілася ад дынастычнага шлюбу і пайшла ў манастыр (пасля 1113). Пасля 1116 пасялілася ў келлі Полацкага Сафійскага сабора, дзе ў храмавым скрыпторыі перапісвала і, магчыма, перакладала кнігі, вяла актыўную міратворчую і асветніцкую дзейнасць. Пабудавала на свае сродкі 2 царквы ў Полацку, заснавала пад Полацкам жаночы і мужчынскі манастыры, якія сталі асяродкам асветы ў Полацкім княстве (працавалі вучыльні, бібліятэкі, скрыпторыі, багадзельня, верагодна, іканапісная і ювелірная майстэрні). Па яе заказе Лазар Богша зрабіў крыж (гл.Крыж Ефрасінні Полацкай). Мужчынскаму манастыру падаравала выдатны твор візант. мастацтва — абраз «Маці боская Адзігітрыя Эфеская». Паломнічала па святых мясцінах у Іерусалім (1167), дзе памерла і была пахавана ў манастыры св. Феадосія (недалёка ад Іерусаліма). У 1187 перапахавана ў Феадосіеву пячору Кіеўскай лаўры, у 1910 — у Полацк (у 1871 сюды была перанесена частка яе мошчаў). Першая жанчына, кананізаваная рус.правасл. царквой (1547). У спісах 16—18 ст. захаваліся царк. спевы пра Е.П. Адзіная крыніца біягр. звестак пра ігуменню — «Жыціе Ефрасінні Полацкай», дзе ўслаўляецца яе імкненне да ведаў і духоўнай дасканаласці. у строгай храналагічнай паслядоўнасці перадаюцца сапраўдныя гіст. факты (звесткі пра Полацк, яго культ. жыццё, побыт княжацкай сям’і). Е.П. прылічана да Сабора Бел. Святых (1984). Яе імя носяць цэрквы ў г. Саўт-Рывер (ЗША) і Таронта (Канада).
Літ.:
Титов Ф. Преподобная Ефросиния, княжна Полоцкая // Тр. Киевской духовной академии 1910. Кн. 4;
Арлоў У. Асветніца з роду Усяслава: Ефрасіння Полацкая. Мн., 1989;
Яго ж. Таямніцы полацкай гісторыі. Мн., 1994;
Мельников А.А. Путь непечален: Ист. свидетельства о святости Белой Руси. Мн., 1992.
А.А.Мельнікаў.
Ефрасіння Полацкая. Фрэска на сцяне Полацкага Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра. 12 ст.