ДЭМАБІЛІЗА́ЦЫЯ (ад дэ... + мабілізацыя),

1) перавод узбр. сіл і эканомікі краіны з ваен. становішча на мірнае.

2) Скарачэнне пасля заканчэння вайны ўзбр. сіл да штатаў мірнага часу шляхам расфарміравання асабістага складу вайсковых часцей, злучэнняў і ўстаноў.

3) Звальненне з узбр. сіл ваеннаслужачых пасля сканчэння тэрміну ваен. службы.

4) Пераносна — аслабленне гатоўнасці, актыўнасці, пільнасці, насцярожанасці.

т. 6, с. 345

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́ФЕНБАХ (Offenbach),

горад на З Германіі, зямля Гесен. Фактычна зліўся з г. Франкфурт-на-Майне. Засн. ў 10 ст. Каля 120 тыс. ж. (1999). Трансп. вузел. Порт на р. Майн. Прам-сць: маш.-буд., у т. л. аўтамабіле- і трактарабудаванне; гарбарна-абутковая, хім., ювелірная. Міжнар. кірмаш скураных тавараў і музей. Цэнтр службы надвор’я Германіі.

т. 11, с. 459

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́ПАРТ, у ВМФ рапо́рт (польск. raport ад франц. rapport паведамленне),

1) вусны або пісьмовы даклад ваеннаслужачага начальніку па службовых пытаннях. У выглядзе Р. афармляюцца таксама заявы, прапановы і асабістыя просьбы ваеннаслужачых. Ва Узбр. сілах Беларусі і шэрагу інш. краін парадак аддання (падання) Р. вызначаецца Статутам унутранай службы.

2) Справаздача аб выкананні задання або абавязацельства.

т. 13, с. 308

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗВА́ННІ ВО́ІНСКІЯ,

званні, якія персанальна прысвойваюцца ваеннаслужачым і ваеннаабавязаным запасу ўзбр. сіл у адпаведнасці з іх службовым становішчам, заслугамі, ваен. і спец. падрыхтоўкай, выслугай гадоў, прыналежнасцю да віду ўзбр. сіл, роду войск ці віду службы. З.в. вызначаюць старшынство ва ўзаемаадносінах паміж ваеннаслужачымі, тэрміны ваен. службы і знаходжанне ў запасе, права на матэрыяльнае і грашовае забеспячэнне і льготы. Ва Узбр. Сілах Рэспублікі Беларусь ваеннаслужачыя і ваеннаабавязаныя ў залежнасці ад прысвоеных З.в. падзяляюцца на наступныя склады: салдаты; сяржанты і старшыны; прапаршчыкі; афіцэры. Афіцэрскі склад падзяляецца на малодшых, старшых і вышэйшых афіцэраў. Кожнаму ваеннаслужачаму і ваеннаабавязанаму прысвойваецца адпаведнае З.в. (гл. табл.). Прысваенне і пазбаўленне З.в. праводзіцца ў адпаведнасці з законамі Рэспублікі Беларусь. Пры пэўных абставінах З.в. можа быць адноўлена.

Званні воінскія
Салдаты
радавы (курсант)
яфрэйтар
Сяржанты і старшыны
малодшы сяржант
сяржант
старшы сяржант
старшына
Прапаршчыкі
прапаршчык
старшы прапаршчык
Малодшыя афіцэры
малодшы лейтэнант
лейтэнант
старшы лейтэнант
капітан
Старшыя афіцэры
маёр
падпалкоўнік
палкоўнік
Вышэйшыя афіцэры
генерал-маёр
генерал-лейтэнант
генерал-палкоўнік

Г.​А.​Маслыка.

т. 7, с. 34

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫМАКО́Ў (Яўген Максімавіч) (н. 29.10.1929, Кіеў),

расійскі дзярж. і паліт. дзеяч, Акад. Рас. АН (1979, чл.-кар. з 1974), д-р эканам. н. Скончыў Маскоўскі ін-т усходазнаўства (1953). Працаваў у Дзярж. к-це СССР па радыёвяшчанні і тэлебачанні (1953—62), газ. «Правда» (1962—70), Ін-це сусв. эканомікі і міжнар. адносін АН СССР (1970—77). Дырэктар ін-таў усходазнаўства (1977—85), сусв. эканомікі і міжнар. адносін (1985—89) АН СССР. У 1989—90 канд. у чл. Палітбюро ЦК КПСС, старшыня Савета Саюза Вярх. Савета СССР. У вер.—ліст. 1991 першы нам. старшыні КДБ, у ліст. — снеж. 1991 дырэктар Цэнтр. службы разведкі СССР. Дырэктар Службы знешняй разведкі (1991—96), міністр замежных спраў (1996—98), старшыня ўрада (вер. 1998 — май 1999) Рас. Федэрацыі. Са снеж. 1999 кіраўнік фракцыі «Айчына — уся Расія» ў Дзярж. думе Расіі. Працы па эканам., сац.-паліт. гісторыі і міжнар. адносінах краін Б. Усходу. Дзярж. прэмія СССР 1980.

Тв.:

Анатомия ближневосточного конфликта. М., 1978;

Восток после краха колониальной системы. М., 1982.

т. 13, с. 71

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯНЧУ́К (Барыс Міхайлавіч) (н. 15.5.1918, г. Анапа Краснадарскага краю, Расія),

бел. дырыжор, педагог. Нар. арт. Беларусі (1970). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1942). З 1944 дырыжор аркестраў вайск. часцей, штаба Ленінградскай ваен. акругі, нач. ваенна-арк. службы Паўд. групы войск. Адзін з дырыжораў зводнага аркестра ў час Парада Перамогі 1945 на Краснай плошчы. У 1962—79 нач. ваенна-арк. службы і гал. дырыжор аркестраў БВА, з 1965 адначасова выкладаў у Бел. кансерваторыі (з 1986 праф.). Выканальніцкі почырк П. вылучаецца глыбокім разуменнем стылю муз. твора і маст. ініцыятыўнасцю. Аўтар марша «Партызаны Беларусі», «Беларускага марша» на тэмы песень У.​Алоўнікава, «Беларускага камсамольскага марша» на тэмы песень І.​Лучанка, «Страявога марша» на тэмы песень Ю.​Семянякі, інструментоўкі Дзярж. гімна Беларусі, шматлікіх апрацовак, інструментовак і пералажэнняў твораў бел. кампазітараў Р.​Пукста, А.​Багатырова, Я.​Глебава, Л.​Захлеўнага, Н.​Сакалоўскага і інш. Выдаў дапаможнік «Дырыжору духавога аркестра» (1975). Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1972.

Дз.​М.​Жураўлёў.

Б.М.Пянчук.

т. 13, с. 157

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАДЭ́ЦКІ КО́РПУС,

сярэдняя ваенна-навучальная ўстанова закрытага тыпу. Спачатку прызначаліся для падрыхтоўкі дваранскіх дзяцей (у асн. сыноў афіцэраў) да вайск. службы. Узніклі ў Прусіі ў 1653. У Рэчы Паспалітай да вайск. службы рыхтавалі Варшаўская школа рыцарства (1765—95), Гродзенскі і Нясвіжскі К.к. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) прускі кароль Фрыдрых Вільгельм II заснаваў Калішскі кадэцкі корпус (1793—1831). У Рас. імперыі К.к. існавалі ў 1732—1917. Падпарадкоўваліся Гал. ўпраўленню ваенна-навуч. устаноў. У 18 ст. мелі самаст. кіраванне, рыхтавалі кадры для вайск. і цывільнай службы, з 1830-х г. пераважна для вайсковай. Падзяляліся на губернскія, сталічныя і спец. (артылерыйскі, інжынерны, марскі). У 1857—63 выпускнікі К.к. атрымлівалі адразу афіцэрскі чын (да 1857 з губернскіх пераводзіліся ў сталічныя). У выніку ваен. рэформ 1860—70-х г. рэарганізаваны ў ваенныя гімназіі, у 1882 адноўлены. З гэтага часу ў К.к. давалі агульную адукацыю з элементамі ваеннай падрыхтоўкі. З 1913 у некаторыя К.к. прымаліся дзеці недваранскага паходжання. Выпускнікі, як і ваенных гімназій, пераводзіліся ў ваенныя вучылішчы, дзе атрымлівалі спец. падрыхтоўку. У жн. 1917 К.к. перайменаваны ў гімназіі ваен. ведамства. Да 1917 у Рас. імперыі было 29 К.к. (акрамя Марскога і Пажскага), у якіх навучалася больш за 10 тыс. чал. На Беларусі ў 1842—63 існаваў Брэсцкі кадэцкі корпус, у 1835—1918 — Полацкі кадэцкі корпус. Шклоўскае шляхетнае вучылішча ў 1778—97 існавала як прыватная навуч. ўстанова.

Літ.:

Алпатов Н.И. Учебно-воспитательная работа в дореволюционной школе интернатного типа: (Из опыта кадетских корпусов и воен. гимназий в России). М., 1958;

Брыгадзін П., Лукашэвіч А. Шклоўскае шляхетнае вучылішча // Бел. мінуўшчына. 1997. № 4.

А.​М.​Лукашэвіч.

т. 7, с. 407

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЕ́ННЫ КАМІСАРЫЯ́Т, ваенкамат,

орган мясц. ваен. кіравання на Беларусі і ў некаторых інш. краінах. Задачы: падрыхтоўка моладзі да нясення ваеннай службы, правядзенне прызываў на тэрміновую ваен. і альтэрнатыўную службу і вучэбныя зборы, ажыццяўленне мерапрыемстваў па падрыхтоўцы і правядзенні ваен. мабілізацыі, выкананне інш. абаронных мерапрыемстаў. Для правядзення прызываў на ваен. службу пры ваенных камісарыятах ствараюцца прызыўныя камісіі.

т. 3, с. 444

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЖА́РНАЕ ДЭПО́,

будынак, у якім размяшчаецца дзяжурная змена, пажарная і аварыйна-выратавальная тэхніка для ліквідацыі пажараў і інш. надзвычайных сітуацый. У склад П.д. ўваходзяць: гараж, пункт сувязі, пасты газадымаахоўнай службы і тэхн. абслугоўвання, башня для мыцця і сушкі пажарных рукавоў, складскія памяшканні для пажарна-тэхн. і аварыйна-выратавальнага абсталявання, памяшканні для правядзення заняткаў, прыёму ежы, адпачынку і інш.

т. 11, с. 511

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЭТАРЫЯ́НЦЫ (лац. praetoriani),

у Старажытным Рыме прывілеяваная частка войска. Першапачаткова П. наз. ахова палкаводцаў, якая набіралася з саюзнікаў і рым. коннікаў. Створаная ў 2 н.э. Аўгустам імператарская гвардыя (9 кагорт па 1000 чал. у кожнай) таксама наз. П. Камплектаваліся з італійцаў. Адрозніваліся ад легіянераў большай платай, меншым тэрмінам службы. П. скасаваны ў 312 Канстанцінам Вялікім.

А.​Г.​Зельскі.

т. 13, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)