КАРЫ́НТЫЯ, Карушка,

гістарычная вобласць у Цэнтр. Еўропе, у бас. р. Драва на тэр. сучасных Аўстрыі, Славеніі і Італіі. У 6 ст. каланізавана славянамі (славенцамі). У пач. 7 ст. — 658 уваходзіла ў склад дзяржавы Сама, потым — Карантаніі (гл. ў арт. Славенія, гісторыя). У 11 ст. вылучылася ў асобнае герцагства. З 12 ст. падвяргалася германізацыі. З 1282 у складзе ўладанняў графа цірольскага, з 1335 — імперыі Габсбургаў (з 1804 Аўстр. імперыі, з 1867 Аўстра-Венгрыі). Паводле Сен-Жэрменскага дагавора 1919 б.ч. К. ўвайшла ў склад Аўстрыі (зямля Карынтыя, з 1970-х г. пабрацім Беларусі), паўд.-ўсх. ч. перададзена Югаславіі (з 1991 у Славеніі), невял. раён — Італіі.

т. 8, с. 116

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯМЕ́ЦКАЯ БІБЛІЯТЭ́КА ў Лейпцыгу,

нямецкая нац. бібліятэка. Засн. ў 1912. У 1950 у яе склад уключаны Ням. музей кнігі і пісьменства (засн. ў 1884) з каштоўнымі зборамі рукапісаў, інкунабул і старадрукаў, у 1959 — зборы Т-ва ням. кнігавыдаўцоў у Лейпцыгу (засн. ў 1825), у 1964 — Ням. музей вытв-сці паперы (засн. ў 1957). Збірае і захоўвае творы нямецкамоўнага сусв. пісьменства, даследаванні па германістыцы. З’яўляецца нац. бібліягр. цэнтрам (з 1931 выдае бягучую «Нямецкую нацыянальную бібліяграфію»). У 1991 разам з Ням. б-кай у Франкфурце-на-Майне і Муз. архівам у Берліне ўвайшла ў склад створанай у 1990 федэральнай установы «Нямецкая бібліятэка».

П.​К.​Мазоўка.

т. 11, с. 409

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДСУ́ДАК,

намеснік, потым памочнік суддзі земскага, які рыхтаваў справы да суда. Пасада ўведзена ў час адм.-тэр. рэформы 1565—66. Выбіраўся шляхтаю. Разам з пісарам уваходзіў у склад суда.

У.​М.​Вяроўкін-Шэлюта.

т. 11, с. 507

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРЭ́ЦКІ ЛЕСАПІ́ЛЬНЫ ЗАВО́Д.

Дзейнічаў у маёнтку Парэчча Ігуменскага пав. (цяпер вёска ў Пухавіцкім р-не Мінскай вобл.) у 1894—1914. Вырабляў дошкі. У 1913 меў паравы рухавік, склад у Мінску, працавала 118 чал.

т. 12, с. 157

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРЦЫЯ́ЛЬНЫ ЦІСК,

ціск газу, які ўваходзіць у склад газавай сумесі, пры ўмове, што ён адзін займае ўвесь аб’ём сумесі і мае т-ру сумесі. Выкарыстоўваецца для разлікаў параметраў сумесей ідэальных газаў (гл. Дальтана законы).

т. 12, с. 148

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІКРАФІ́ТЫ [ад мікра... + ...фіт(ы)],

расліны (пераважна водарасці), якія маюць мікраскапічныя памеры і ўваходзяць у склад фітапланктону. М. — першае звяно агульнага харч. ланцуга экасістэмы вадаёма. На Беларусі пашыраны М. са складу дыятомавых, сіне-зялёных, зялёных і інш. водарасцей.

т. 10, с. 362

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРАНО́ЦКАЕ ВО́ЗЕРА,

у Расіі, на У п-ва Камчатка, на З ад Краноцкай Сопкі. Размешчана ў кальдэры вулкана на выш. 372 м. Пл. каля 245 км², глыб. да 128 м. Уваходзіць у склад Краноцкага запаведніка.

т. 8, с. 450

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЕТУ́Р (Kaieteur),

вадаспад у Гаяне (Паўд. Амерыка), на р. Патара (бас. р. Эсекіба). Выш. 225 м. Адкрыты ў 1870 англ. геолагам Ч.​Б.​Браўнам. Уваходзіць у склад аднайм. нац. парку (пл. 11,6 тыс. км², засн. ў 1929).

т. 7, с. 408

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НО́ВА-ІГУАСУ́ (Nova Iguaçu),

горад на ПдУ Бразіліі, у штаце Рыо-дэ-Жанейра. Засн. ў 1719. Уваходзіць у склад Вял. Рыо-дэ-Жанейра. Каля 550 тыс. ж. (1998). Трансп. вузел. Прам-сць: хім., маш.-буд., металургічная, харчовая.

т. 11, с. 359

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯТО́П (ад бія... + грэч. topos месца),

участак зямной паверхні (сушы або вадаёма) з аднатыпнымі абіятычнымі ўмовамі асяроддзя (рэльеф, глебы, клімат і інш.), які займае вызначаны біяцэноз; неарган. кампанент біягеацэнозу. Характэрны для дадзенага біятопа комплекс умоў вызначае відавы склад арганізмаў, асаблівасці іх існавання, трапляе пад уплыў біяцэнозу і мяняецца ад яго ўздзеяння.

Для фізіка-геагр. умоў Беларусі характэрны біятопы: балоты (нізінныя, пераходныя, вярховыя), лясы (хваёвыя, яловыя, альховыя, бярозавыя і інш.), лугі (заліўныя, сухадольныя), палі, прэсныя воды (рэкі, азёры, вадасховішчы). Пераўтваральная дзейнасць чалавека на біятоп можа прывесці да непажаданых змен у біягеацэнозах ці поўнага іх разбурэння, што адмоўна ўплывае на склад і размеркаванне фауны і флоры. Падобныя біятопы аб’ядноўваюць у біяхоры, сукупнасці якіх складаюць біяцыклы.

т. 3, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)