ВАЛЬФСО́Н (Мірон Барысавіч) (сапр. Меер Шмера Бенцыянавіч; кастр. 1880, г. Гомель — 22.5.1932),

рэвалюцыянер, грамадскі дзеяч, вучоны-эканаміст. У 1899—1901 чл. Гомельскага к-та сацыял-дэмакратаў, у 1901 арыштаваны і засуджаны да 4 гадоў высылкі ў Якуцію. У 1906 адышоў ад бальшавікоў і далучыўся да меншавікоў. У 1917 меншавік-інтэрнацыяналіст, падтрымліваў Л.​Мартава. У кастр. 1917 накіраваны ЦК РСДРП меншавікоў у Гомель для каардынацыі выбарчай кампаніі меншавікоў і бундаўцаў ва Устаноўчы сход. У 1918 выйшаў з радоў меншавікоў, з 1920 чл. РКП(б). У 1920—30-я г. займаўся навук. працай у галіне паліт. Эканоміі; нам. гал. рэдактара 1-га выдання Малой савецкай энцыклапедыі.

Э.​А.​Ліпецкі.

т. 3, с. 495

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЦІМО́ВІЧ (Анатоль Яфімавіч) (н. 26.9.1940, в. Куранец Вілейскага р-на Мінскай вобл.),

бел. скульптар. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1966). Выкладчык АМ Беларусі (з 1966). Асн. творы ў галіне манум. скульптуры: мемарыяльны комплекс «Слава» ў г. Алматы (1975, у сааўт.), рэльеф «Салідарнасць» на фасадзе Бел. цэнтра моды ў Мінску (1979), манум. кампазіцыя «Рагнеда» (1992) у Заслаўі, Дзярж. герб Беларусі на Доме ўрада (1994). Станковыя работы: «Трубач» (1969), «Араты», «Змена» (абедзве 1980). Распрацоўвае гіст. вобразы Ефрасінні Полацкай, Ф.​Скарыны, К.​Каліноўскага, княгіні Вольгі. Адзін з аўтараў Кургана славы Савецкай Арміі — вызваліцельніцы Беларусі і мемарыяльнага комплексу (уваход) Брэсцкай крэпасці-героя.

А.Арцімовіч. Рагнеда. 1992. Заслаўе.

т. 1, с. 535

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРДЗІ́ЦКІ (Аляксей Кузьміч) (н. 2.5.1934, в. Пугачова, цяпер у межах г. Брэст),

бел. крытык. Скончыў Брэсцкі пед. ін-т (1956). Працаваў у дзіцячым доме, сакратаром райкома камсамола, журналістам на Брэстчыне. З 1962 у Ін-це л-ры АН Беларусі, з 1966 у Дзяржкамдруку Беларусі, з 1972 літ. кансультант Саюза бел. пісьменнікаў. Друкуецца з 1959. Аўтар кніг дыялогаў, інтэрв’ю, гутарак пра л-ру («Дыялогі», 1968; «Сустрэчы», 1972; «Вачыма сяброў», 1977; «Сябрына», 1986; «Гутаркі», 1988); літ.-знаўчых прац («Пра майстэрства дэталі», 1969, «Творчасць Івана Шамякіна», 1971). Выступае ў жанры малой прозы. Складальнік біягр. даведнікаў «Пісьменнікі Савецкай Беларусі» (1981), «Беларускія пісьменнікі (1917—1990)» (1994).

Я.​Р.​Лецка.

т. 5, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРАБА́Н (Сцяпан Ігнатавіч) (8.1.1902, в. Дзехнаўка Мінскага р-на — 14.1.1974),

бел. літ.-знавец. Д-р філал. н. (1960), праф. (1961). Скончыў БДУ (1931). З 1934 працаваў у Ін-це філасофіі і права АН Беларусі, з 1937 у Мінскім пед. ін-це. Друкаваўся з 1938. Даследаваў філас., літ.-эстэт. погляды В.​Бялінскага і Дз. Пісарава. Вывучаў светапогляд і праблематыку творчасці Я.​Купалы. Аўтар нарысаў па гісторыі бел. літ. крытыкі і эстэт. думкі, у якіх не пазбег вульгарна-сацыялагічных ацэнак.

Тв.:

Очерки истории белорусской эстетической мысли и литературной критики. Мн., 1971;

Нарысы гісторыі беларускай савецкай крытыкі 20—30-х гг. Мн., 1971.

т. 8, с. 38

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛА́Я САВЕ́ЦКАЯ ЭНЦЫКЛАПЕДЫЯ (МСЭ),

універсальнае энцыклапедычнае выданне. Выдадзена ў Маскве выд-вам «Савецкая Энцыклапедыя». Створана на аснове Вялікай Савецкай Энцыклапедыі, адрозніваецца ад яе памерам і колькасцю артыкулаў. Выйшла 3 выданні: 1-е (т. 1—10, 1928—31), 2-е (т. 1—11, 1933—47), 3-е (т. 1—10, 1958—60); з алфавітным прадметна-імянным паказальнікам. Уключае больш за 50 тыс. артыкулаў па пытаннях гісторыі, палітыкі, эканомікі, культуры і мастацтва, навукі і тэхнікі. Вызначаецца навук. дакладнасцю матэрыялу, лаканічнасцю і сцісласцю яго выкладу. Выданне багата ілюстравана, у ім больш за 12 тыс. ілюстрацый, у т. л. больш за 600 каляровых, шмат малюнкаў, карт і схем.

В.​К.​Шчэрбін.

т. 10, с. 15

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРБУНО́Ў (Цімафей Сазонавіч) (6.8.1904, в. Саннікі Бешанковіцкага р-на Віцебскай вобл. — 8.10.1969),

грамадскі, парт. і дзярж. дзеяч БССР, гісторык. Акад. АН БССР (1959). Скончыў БДУ (1936), Акадэмію грамадскіх навук пры ЦК ВКП(б) (1948). З 1933 карэспандэнт газ. «Правда», з 1937 гал. рэдактар Дзярж. выдавецтва БССР, з 1939 рэдактар газ. «Звязда». У 1941—47 і 1950—60 сакратар ЦК КПБ. У пач. Вял. Айч. вайны на паліт. рабоце ў Чырв. Арміі, удзельнічаў у арганізацыі партыз. руху на Беларусі. З 1942 рэдактар час. «Славяне», адначасова ў 1942—46 узначальваў Камісію па гісторыі Айч. вайны пры ЦК КП(б)Б. У 1949—50 рэдактар час. «Наука и жизнь». У 1960—67 акадэмік-сакратар Аддз. грамадскіх навук АН БССР. Чл. ЦК КПБ у 1941—66, чл. Бюро ЦК КПБ у 1945—47 і 1950—60. Дэп. Вярх. Савета СССР у 1946—62, Вярх. Савета БССР у 1947—67. У 1955—63 старшыня Вярх. Савета БССР. Аўтар прац па гісторыі ўтварэння БССР, уз’яднання бел. народа ў адзінай дзяржаве, папулярных выданняў па гісторыі Беларусі. Яго кн. «Гераічнае мінулае беларускага народа» (1945) і «Уз’яднанне беларускага народа ў адзінай савецкай сацыялістычнай дзяржаве» (1949) былі залічаны ў разрад нацыяналістычных і забаронены для выкарыстання ў бібліятэках, асноўны іх тыраж знішчаны.

Тв.:

Освобожденная Западная Белоруссия. М., 1940;

Образование Белорусской Советской Социалистической Республики. М., 1949;

Уз’яднанне беларускага народа ў адзінай савецкай сацыялістычнай дзяржаве. 2 выд. Мн., 1952;

Народы-братья: О связях бел. народа с народами Прибалтики. Мн., 1961;

В.​И.​Ленин — создатель белорусского советского социалистического государства. Мн., 1962.

І.​П.​Хаўратовіч.

Ц.С.Гарбуноў.

т. 5, с. 57

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«НАВУ́КА І ТЭ́ХНІКА»,

кніжна-часопіснае выдавецтва Беларусі ў 1924—96. Засн. ў Мінску пры Інбелкульце. З 1929 у складзе АН Беларусі. З 1932 наз. «Выдавецтва Акадэміі навук БССР», з 1963 — «Н. і т.». Выпускала навук., навук.-папулярную, маст., даведачную л-ру, часопісы. Выдавала кнігі і брашуры на бел., рус., польск., яўр., літ., лат. мовах. Выпусціла зборы твораў М.​Багдановіча (т. 1—2, 1968; т. 1—3, 1991—95), Я.​Купалы (т. 1—7, 1972—76), М.​Лынькова (т. 1—8, 1981—85), манаграфіі пра жыццё і творчасць Я.​Купалы, Я.​Коласа, Багдановіча, М.​Гарэцкага, К.​Крапівы і інш. У ліку фундаментальных даследаванняў: «Граматыка беларускай мовы» (т. 1—2, 1962—66), «Гісторыя беларускай савецкай літаратуры» (т. 1—2, 1964—66), «Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры» (т. 1—2, 1968—69), «Гісторыя дзяржавы і права Беларускай ССР» (т. 1—2, 1970—76), «Гісторыя Беларускай ССР» (т. 1—5, 1972—75), «Мастацтва Савецкай Беларусі: Зборнік дакументаў і матэрыялаў» (т. 1—2, 1976—86), «Слоўнік беларускіх гаворак паўночна-заходняй Беларусі і яе пагранічча» (т. 1—5, 1979—86), «Тураўскі слоўнік» (т. 1—5, 1982—87), «Гісторыя беларускага тэатра» (т. 1—3, 1983—87), «Беларуская граматыка» (ч. 1—2, 1985—86), «Гісторыя беларускага мастацтва» (т. 1—6, 1987—94), «Музычны тэатр Беларусі» (1990), шматтомнае навук. выданне «Беларуская народная творчасць» (1970—93) і інш. Выпускала часопісы «Доклады Академии наук Беларуси», «Весці Акадэміі навук Беларусі», «Инженерно-физический журнал», «Дифференциальные уравнения», «Журнал прикладной спектроскопии» і інш. Мела друкарню імя Ф.​Скарыны. У 1996 на базе выд-ва «Н. і т.» створана выд-ва «Беларуская навука».

Л.​І.​Пятрова.

т. 11, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАНДА́РЧЫК (Васіль Кірылавіч) (н. 1.8.1920, в. Кірава Слуцкага р-на Мінскай вобл.),

бел. этнограф. Чл.-кар. АН Беларусі (1972), д-р гіст. н. (1965), праф. (1978). Засл. работнік культ. Беларусі (1980). Скончыў БДУ (1952). З 1957 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі (у 1969—76 дырэктар). У манаграфіях «Гісторыя беларускай этнаграфіі XIX ст.» (1964), «Гісторыя беларускай этнаграфіі. Пачатак XX ст.» (1970), «Гісторыя беларускай савецкай этнаграфіі» (1972) даследуе асн. тэндэнцыі, кірункі і навук. плыні ў бел. этнаграфіі. Вывучае сучасныя культ.-побытавыя працэсы, гісторыю матэрыяльнай і духоўнай культуры, вераванні беларусаў, вусна-паэт. творчасць. Адзін з аўтараў кн. «Этнаграфія беларусаў» (1985), у якой разглядаецца этнагенез і этнічная гісторыя беларусаў.

В.К.Бандарчык.

т. 2, с. 277

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖУРАЎЛЁЎ (Васіль Пракопавіч) (н. 27.5.1931, в. Раздзел Мсціслаўскага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. крытык і літ.-знавец. Д-р філал. н. (1986). Скончыў Мінскі пед. ін-т (1954). З 1957 у Ін-це л-ры Нац. АН Беларусі. Друкуецца з 1957. Даследуе гісторыю бел. л-ры, тэарэт. праблемы бел. літ.-знаўства, паэтыку маст. твора. Адзін з аўтараў «Гісторыі беларускай савецкай літаратуры» (т. 1—2, 1965—66), «Гісторыі беларускай дакастрычніцкай літаратуры» (т. 2, 1969; на рус. мове 1977), кніг «Праблемы сучаснай беларускай прозы» (1967), «Беларуская савецкая проза: Апавяданне і нарыс» (1971), «Пытанні паэтыкі» (1974), «Магчымасць рэалізму» (1982).

Тв.:

Структура твора: Рух сюжэтна-кампаз. форм. Мн., 1978;

Якуб Колас і паэтыка беларускага рамана. Мн., 1991.

т. 6, с. 450

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЫСЕ́НКА (Антаніна Фёдараўна) (н. 14.9.1930, в. Зарачаны Полацкага р-на Віцебскай вобл.),

бел. літ.-знавец і крытык. Канд. філал. н. (1965). Сястра П.Ф.Лысенкі. Скончыла Гомельскі пед. ін-т (1955). Настаўнічала. З 1964 у Ін-це л-ры Нац. АН Беларусі. Друкуецца з 1962. Даследуе пераважна публіцыстыку, творчую індывідуальнасць пісьменнікаў (З.​Бядуля, Я.​Сіпакоў, І.​Шамякін, Х.​Шынклер і інш.). Сааўтар кніг «Беларуская савецкая проза: Апавяданне, нарыс» (1971), «Стыль пісьменніка» (1974), «Беларуская літаратура: Дзень сённяшні» (1980), «Гісторыя беларускай савецкай літаратуры» (ч. 1—2, 1981—82) і інш.

Тв.:

Сучасны беларускі нарыс. Мн., 1978;

Лінія гарызонта: Нарыс творчасці Я.​Сіпакова. Мн., 1986;

3 трывогай і надзеяй: Бел. публіцыстыка 80-х гт. Мн., 1991.

т. 9, с. 384

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)