А́КТЫ О́РГАНАЎ ДЗЯРЖА́ЎНАЙ УЛА́ДЫ,

дакументальная юрыд. форма выяўлення волі прадстаўнічых органаў дзярж. улады. У Рэспубліцы Беларусь — гэта законы, пастановы і інш. акты Вярх. Савета, указы Прэзідэнта, пастановы Прэзідыума Вярх. Савета, рашэнні мясц. Саветаў дэпутатаў усіх узроўняў, абавязковыя да выканання агульныя правілы або прадпісанні індывід. характару. Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь мае найвышэйшую юрыд. сілу ў адносінах да ўсіх інш. законаў і актаў, яна вызначае парадак іх прыняцця і формы. Права прыняцця агульнадзярж. законаў належыць Вярх. Савету. Прэзідэнт выдае ў межах сваіх паўнамоцтваў указы і распараджэнні і кантралюе іх выкананне. Мясц. Саветы дэпутатаў на падставе дзеючага заканадаўства прымаюць рашэнні, якія маюць абавязковую сілу на падпарадкаванай ім тэрыторыі. Рашэнні мясц. Саветаў, якія не адпавядаюць заканадаўству, адмяняюцца вышэйстаячымі Саветамі. Кантроль за канстытуцыйнасцю актаў органаў дзяржаўнай улады ажыццяўляе Канстытуцыйны суд Рэспублікі Беларусь, і тыя, што прызнаны ім неканстытуцыйнымі, не маюць юрыд. сілы.

т. 1, с. 211

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЕ АБАРО́ННАЕ СПАРТЫ́ЎНА-ТЭХНІ́ЧНАЕ ТАВАРЫ́СТВА (БелАСТТ),

масавая грамадская арг-цыя. Правапераемніца Добраахвотнага таварыства садзейнічання арміі, авіяцыі і флоту БССР (ДТСААФ). На нечарговым з’ездзе ДТСААФ БССР у кастр. 1991 пераўтворана ў АСТТ Рэспублікі Беларусь (новая рэдакцыя статута і сучасная назва прыняты ў 1995). Асн. задачы: правядзенне мерапрыемстваў па выхаванні ў насельніцтва краіны патрыятызму і інтэрнацыяналізму, гатоўнасці да абароны Радзімы і працы, падрыхтоўка спецыялістаў для Узброеных Сіл, кадраў масавых тэхн. прафесій ваен.-прыкладнога значэння, развіццё ваенна-прыкладных відаў спорту і тэхн. творчасці моладзі. У БелАСТТ развіваюцца аўтамабільны, верталётны, водныя, дэльтапланёрны, матацыклетны, парашутны, планёрны, радыёспорт, самалётны, стралковы віды спорту. Вышэйшыя органы кіравання — з’езд (канферэнцыя БелАСТТ), паміж з’ездамі — рэсп. савет, яго прэзідыум і бюро прэзідыума. У структуры БелАСТТ — абл., гар., міжраённыя саветы і пярвічныя арг-цыі. З 1982 дзейнічае музей гісторыі т-ва (мае статус народнага).

Г.​К.​Кісялёў.

т. 2, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́ВЕЛЕРЫ (англ. Levellers літар. ўраўняльнікі),

радыкальная паліт. групоўка ў час Англійскіх рэвалюцый 17 стагоддзя; апаненты прэсвітэрыян, індэпендэнтаў (кангрэгацыяналістаў) і сапраўдных левелераў (дыгераў). Вядомы з 1645 як левае крыло індэпендэнтаў, з 1647 самаст. агульнаангл. групоўка (да 20 тыс. актывістаў). Лідэры — Дж.​Лілберн, Р.​Овертан, У.​Уолвін. Сац. база — заможныя сяляне і рамеснікі, дробныя гандляры. Выступалі за рэспубліку з аднапалатным парламентам, вяршэнства і суверэнітэт народа, свабоду і ўраўнаванне ў правах (адсюль назва) усіх людзей, усеагульнае выбарчае права для мужчын з 21 года (акрамя слуг і атрымальнікаў «дабрачынных выплат»), захаванне прыватнай уласнасці, забарону агароджванняў, дэмакратызацыю судаводства і права, поўную рэліг. верацярпімасць, аддзяленне царквы ад дзяржавы і інш. У 1647 стварылі свае саветы салдацкіх прадстаўнікоў. Вялі супраць індэпендэнтаў «памфлетную вайну», дамагліся абвяшчэння Англіі рэспублікай (19.5.1649, яе ўзначаліў лідэр індэпендэнтаў О.Кромвель), у маі і вер. 1649 узнялі шэраг антыіндэпендэнцкіх паўстанняў у арміі; разгромлены ў выніку праследаванняў індэпендэнцкіх улад.

т. 9, с. 178

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЕ́МСКІЯ САБО́РЫ, земскія саветы,

цэнтральныя агульнадзярж. саслоўна-прадстаўнічыя ўстановы з законадарадчымі функцыямі ў Расіі ў сярэдзіне 16—17 ст. (у 1610—13 найвышэйшыя заканад. і выканаўчыя органы). Удзельнічалі члены Баярскай думы, прадстаўнікі вышэйшага духавенства, дваран, мяшчан. На З.с. абмяркоўваліся найважн. пытанні ўнутр. і знешняй палітыкі Расіі (абвяшчэнне вайны, збіранне войск і сродкаў на іх забеспячэнне, увядзенне новых падаткаў, выбранне або зацвярджэнне цароў, прыняцце рэформ, свецкіх і царк. кодэксаў). У 1566 скліканы ў сувязі з Лівонскай вайной, парушэннем Рэччу Паспалітай Дэулінскага перамір’я 1618 і Палянаўскага міру 1634, у 1653—54 — па пытанні аб’яднання Украіны з Расіяй і абвяшчэння вайны Рэччу Паспалітай, у 1683—84 — для зацвярджэння «Вечнага міру» з Рэччу Паспалітай і інш.

Літ.:

Черепнин Л.В. Земские соборы русского государства в XVI—XVII вв. М., 1978;

Павлов А.П. Государев двор и политическая борьба при Борисе Годунове (1584—1605 гг.). СПб., 1992.

т. 7, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖНАРО́ДНЫ САЮ́З ТЭАРЭТЫ́ЧНАЙ І ПРЫКЛАДНО́Й ХІ́МІІ (International Union of Pure and Applied Chemistry; ІЮПАК),

міжнародная няўрадавая арганізацыя, якая ўваходзіць у Міжнар. савет навук. саюзаў. Засн. ў 1919. Членамі саюза з’яўляюцца навук. ўстановы (АН, хім. т-вы, н.-д. саветы) 44 краін, 15 краін маюць статус назіральнікаў. Штаб-кватэра ў г. Оксфард (Вялікабрытанія). Асн. задача саюза — каардынацыя даследаванняў, якія патрабуюць міжнар. ўзгаднення, кантролю і стандартызацыі. Ажыццяўляе распрацоўкі агульных прынцыпаў і правіл наменклатуры рэчываў, тэрміналогіі, сімволікі, адзінак вымярэнняў, якія выкарыстоўваюць у хіміі; займаецца стварэннем эталонаў і стандартных метадаў для навук. даследаванняў, хім. вытв-сцей, сельскай гаспадаркі, медыцыны, зборам, аналізам і публікацыяй дакладных колькасных даных у галіне хіміі і хім. тэхналогіі. Саюз выдае часопісы: «Chemistry International» («Міжнародная хімія»), «Pure and Applied Chemistry» («Тэарэтычная і прыкладная хімія»), «International Newsletter on Chemical Education» («Міжнародныя навіны хімічнай адукацыі»). Праводзіць штогадовыя навук. кангрэсы па актуальных праблемах сучаснай хіміі.

Т.​Т.​Лахвіч.

т. 10, с. 345

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРАСАВІ́ЦКІ КРЫ́ЗІС 1917,

палітычны крызіс у Расіі пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917. Выкліканы супярэчнасцямі паміж рознымі паліт. плынямі па пытаннях аб вайне і міры. Пачаўся 20.4(3.5).1917 стыхійнай дэманстрацыяй пратэсту каля 15 тыс. салдат і матросаў Петраграда супраць ноты міністра замежных спраў П.М.Мілюкова ад 18.4(1.5).1917 пра намер Часовага ўрада працягваць вайну з Германіяй і яе саюзнікамі да перамогі. Па закліку бальшавікоў 21 крас. (4 мая) у Петраградзе адбылася 100-тысячная маніфестацыя пад лозунгамі заключэння міру і перадачы ўлады Саветам. Падобныя дэманстрацыі прайшлі ў Маскве, Рэвелі, Выбаргу. Рэзалюцыі супраць ноты Мілюкова прынялі таксама Мінскі [22 крас. (5 мая)] і Гомельскі [25 крас. (8 мая)] Саветы, сход дэлегатаў (2 тыс. чал.) вайск. падраздзяленняў Зах. фронту [27 крас. (10 мая)] і інш. Выканком Петраградскага Савета, у якім пераважалі меншавікі і эсэры, пайшоў на пагадненне з Часовым урадам. З урада былі выведзены міністры Мілюкоў і А.​І.​Гучкоў, увайшлі лідэры эсэраў і меншавікоў В.​М.​Чарноў, А.​Ф.​Керанскі, І.​Г.​Цэрэтэлі, М.​І.​Скобелеў.

т. 8, с. 453

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖНАРО́ДНЫ САЮ́З БЫЛЫ́Х МАЛАЛЕ́ТНІХ ВЯ́ЗНЯЎ ФАШЫ́ЗМУ (МСБВФ) краін СНД, грамадска-патрыят. арг-цыя. Створана ў 1986 на базе Сав. дзіцячага фонду імя У.​І.​Леніна (да 1992 наз. «Дзеці вайны 1941—45»). Уваходзяць саветы б. вязняў краін СНД і Прыбалтыкі, у т. л. Беларуская асацыяцыя былых непаўналетніх вязняў фашызму. Аб’ядноўвае больш за 450 000 малалетніх вязняў фашызму (1999). Асн. задача — сац. абарона б. малалетніх вязняў, якія пацярпелі ў гады 2-й сусв. вайны ў канцлагерах Германіі, Польшчы і інш. месцах прымусовага ўтрымання прафаш. рэжымаў дзяржаў Еўропы. У саюзе ёсць секцыя «Дзеці-вязні — інваліды Вял. Айч. вайны». Вышэйшы орган МСБВФ — з’езд. Цэнтральны савет арг-цыі знаходзіцца ў Маскве, пры падтрымцы германа-бел., -рас. і -ўкр. фондаў «Узаемаразуменне і прымірэнне», з 1992 у Маскве на рус. мове выдаецца газ. «Судьба». Адбылося 8 з’ездаў МСБВФ, у т. л. 4-ы ў г. Брэст (22.6.1995).

Літ.:

Асколкі болю. Брэст, 1999;

Литвинов В.В. Поезд из ночи. Киев, 1989.

М.​П.​Клімец.

т. 10, с. 344

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎТАНО́МІЯ (ад аўта... + грэч. nomos закон),

1) права на самастойнае ажыццяўленне пэўных функцый дзярж. улады ці на кіраванне якой-небудзь часткай дзяржавы, дадзенае агульнадзярж. канстытуцыяй. Аўтаномія звычайна будуецца паводле адм.-тэр. прынцыпу і можа мець розную арганізацыю — рэспубліка, акруга, вобласць, асобная нац., рэліг. супольнасць. Адрозніваюць палітычную, адміністрацыйную аўтаномію. У б. СССР палітычная аўтаномія была дадзена аўт. рэспублікам, якія з’яўляліся нац. дзяржавамі, мелі свае канстытуцыі, вышэйшыя органы дзярж. улады і кіравання, уласнае грамадзянства; адміністрацыйную аўтаномію мелі аўтаномныя вобласці і аўтаномныя акругі, якія лічыліся нац.-тэр. ўтварэннямі, а не дзяржавамі; яны не мелі сваёй канстытуцыі, грамадзянства, самакіраванне пашыралася толькі на галіну адм. кіравання. Усяго ў СССР існавала 38 аўтаномных адзінак: 20 аўт. рэспублік, 8 аўт. абласцей і 10 аўт. акруг. Паводле Канстытуцыі Расійскай Федэрацыі 1993, існуюць 1 аўтаномная вобласць — Яўрэйская і 10 аўт. акруг. Тэр. Іспаніі падзелена на 17 аўт. абласцей, якія аб’ядноўваюць 50 правінцый. У Кітаі існуе 5 аўт. раёнаў; у Партугаліі такі статус маюць Азорскія а-вы і а-вы Мадэйра. У розных формах аўтаномія ажыццяўляецца і ў інш. краінах свету (напр., у Бельгіі, Вялікабрытаніі, Швейцарыі, Грузіі, Таджыкістане і інш.). Даецца, як правіла, тэрыторыям, кампактна заселеным нац. супольнасцямі, што вызначаюцца асаблівасцямі мовы, ментальнасці, эканам., паліт. і культ. развіцця.

2) Аўтаномія нацыянальна-культурная — свабоднае, самаст. функцыянаванне і развіццё нац. культур асобных этн. супольнасцяў, што грунтуецца на канстытуцыі ці інш. заканадаўчых актах краіны. Можа існаваць у форме нац. саветаў, школ, культ.-асв. устаноў і інш. На Беларусі ў 1920—30-я г. ў месцах кампактнага пражывання нац. меншасцяў былі нац. сельскія і местачковыя саветы з правамі аўтаноміі: 23 яўр., 23 польск., 16 рус., 5 лат., 2 укр. і 2 ням. нац. Саветы, а таксама Койданаўскі польскі нац. раён; дзейнічалі нац. школы, нар. дамы, хаты-чытальні, тэатры, маст. студыі, літ. аб’яднанні, выдаваліся кнігі, часопісы, газеты на мовах нац. меншасцяў. У канцы 1930-х — 40-я г. ўсе формы нац.-культ. аўтаноміі ў БССР ліквідаваны. Іх адраджэнне пачалося ў 1980—90-я г. Створаны шэраг нац. грамадскіх арганізацый, у т. л. Саюз палякаў Беларусі, Асацыяцыя ўкраінцаў Беларусі «Ватра», Бел. аб’яднанні яўр. арг-цый і суполак, Бел. згуртаванне татараў-мусульман «Аль-кітаб» і інш. Пачалі дзейнічаць рэлігійныя абшчыны, культ.-асв. ўстановы, выходзяць перыяд. выданні на мовах асобных нац. супольнасцяў краіны.

3) Аўтаномія царкоўная — самастойнасць, незалежнасць царквы ў пытаннях унутр. кіравання (гл. Аўтакефалія).

Э.​С.​Дубянецкі.

т. 2, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАХНО́ (Нестар Іванавіч) (29.10.1889, г. Гуляйполе Запарожскай вобл., Украіна — 6.7.1934),

украінскі паліт. дзеяч, адзін з кіраўнікоў анарха-сял. паўстанцкага руху на Украіне ў 1918—21. У рэвалюцыю 1905—07 далучыўся да анархістаў (гл. Анархізм). У 1909 за забойства паліцэйскага прыстава прыгавораны да смяротнага пакарання, замененага на 10 гадоў катаргі. Пасля вызвалення (1917) вярнуўся ў Гуляйполе, дзе ў крас. 1918 узначаліў анархісцкі партыз. атрад, які змагаўся супраць памешчыкаў, укр. гетманскіх улад і аўстра-герм. акупантаў. У 1919—21 ваяваў супраць белагвардзейцаў, пятлюраўцаў і Чырв. Арміі. З восені 1919 камандаваў «Рэвалюцыйна-паўстанцкай арміяй Украіны» (30—50 тыс. чал.). Дзейнічаў імкліва і жорстка, спалучаў партыз. тактыку з дзеяннямі буйных сіл конніцы і пяхоты. Выступаў за «безуладную дзяржаву» і «вольныя Саветы», свабоду эканам. дзейнасці для сялян. Тройчы заключаў пагадненні з Сав. уладай і дзейнічаў на баку чырв. войск, але кожны раз, незадаволены палітыкай бальшавікоў у адносінах да сялянства і байцоў сваіх атрадаў, уздымаў антысав. мяцяжы. Да восені 1921 разгромлены Чырв. Арміяй, эмігрыраваў. Жыў у Румыніі, Польшчы, Францыі. Аўтар кн. «Успаміны» ( выд. 1992).

Літ.:

Белаш А.В., Белаш В.Ф. Дороги Нестора Махно: Ист. повествование. Киев, 1993;

Телицын В. Нестор Махно. М.;

Смоленск, 1998.

т. 10, с. 226

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́ТА (італьян. ghetto),

частка тэрыторыі горада, адведзеная для прымусовага пасялення пэўнай расавай, нац., прафесійнай ці рэліг. групы насельніцтва, найчасцей яўрэяў. У сярэднія вякі гета існавалі ў многіх гарадах Зах. Еўропы і мусульм. Усходу з прычыны нац.-рэліг. адасобленасці яўр. насельніцтва. У 1-й пал. 19 ст. ў еўрап. краінах гета зніклі і захаваліся толькі на мусульм. Усходзе. У гарадах ВКЛ, Рэчы Паспалітай і царскай Расіі гета не было.

У 2-ю сусв. вайну гета ў адносінах да яўрэяў адроджаны ва Усх. Еўропе ням.-фаш. захопнікамі ў якасці лагераў смерці, канцлагераў для ізаляцыі, а потым і масавага знішчэння яўр. насельніцтва. На тэр. Беларусі акупанты стваралі гета ў гарадах, мястэчках і вял. вёсках. Сюды часта звозілі і яўрэяў з Германіі, Польшчы, Аўстрыі і інш. краін Еўропы. Тэр. гета звычайна абносілі калючым дротам, ахоўвалі войскамі або паліцыяй; самавольны выхад за межы гета караўся смерцю. Вязні гета павінны былі насіць на вопратцы апазнавальныя знакі: паўкруглыя жоўтыя нашыўкі для ўсіх, чырвоныя — для тых, каго выкарыстоўвалі на работах, зялёныя — для ўтрыманцаў. У некат. гета знакамі служылі жоўтыя шасціканцовыя зоркі (магендовіды) на грудзях і спіне. Умовы жыцця ў гета былі невыносныя. Кіравалі імі ням. каменданты, пры якіх ствараліся марыянетачныя органы «самакіравання» — саветы старэйшын, а ў буйных гета — яўр. саветы (юдэнраты) і яўр. паліцыя. Па няпоўных звестках, на тэр. 165 нас. пунктаў Беларусі (у сучасных межах) размяшчалася 176 гета: у некат. гарадах іх было па некалькі (напр., у Гомелі — 4, па 2 у Бабруйску, Брэсце, Глыбокім, Гродне, Жлобіне, Мінску, Навагрудку). У 2 мінскіх гета ўтрымлівалася каля 100 тыс. чал. За гады акупацыі на тэр. Беларусі загінула каля 865 тыс. яўрэяў, у т. л. 55 тыс. з замежных краін. У цяжкіх умовах гета дзейнічала антыфаш. падполле, асабліва актыўна ў Мінску, Бабруйску, Баранавічах, Брэсце, Бярозе, Нясвіжы, Слоніме. Напярэдадні падрыхтоўкі фашыстамі масавых расстрэлаў або вывазу ў лагеры смерці адбыліся паўстанні ў Глыбокім, Докшыцах, Клецку, Лахве (Лунінецкі р-н), Міры (Карэліцкі р-н), Нясвіжы і інш. У партыз. руху і падполлі Беларусі ўдзельнічала каля 15 тыс. яўрэяў, гал. чынам б. вязняў гета. У шэрагу нас. пунктаў Беларусі на месцах б. гета пастаўлены абеліскі, памятныя знакі. У 1992 зарэгістравана Бел. асацыяцыя яўрэяў — б. вязняў гета і нацысцкіх канцлагераў.

Кр.: Трагедия евреев Белоруссии в годы немецкой оккупации (1941—44): Сб. материалов и док. Мн., 1997.

Літ.:

Гай Д. Десятый круг. М., 1991;

Нямецка-фашысцкі генацыд на Беларусі (1941—1944). Мн., 1995;

Иоффе Э.Г. Страницы истории евреев Беларуси. Мн., 1996;

Месцы прымусовага ўтрымання грамадзянскага насельніцтва на часова акупіраванай тэрыторыі Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны: Давед. Мн., 1996.

Э.​Р.​Іофе.

т. 5, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)