туркменскі пісьменнік. Нар. пісьменнік Туркменіі (1967). Засл. дз. маст. Туркменіі (1943). Акад.АН Туркменіі (1951). Герой Сац. Працы (1969). Вучыўся ў Ленінградскім ун-це (1927—28). Друкаваўся з 1923 (сатыр. вершы, паэмы). Аўтар кн. нарысаў і апавяданняў «Рэчаіснасць» (1931), гіст.-рэв. рамана «Вырашальны крок» (кн. 1—3, 1940—55; Дзярж. прэмія СССР 1948), п’ес «Браты», «Махтумкулі» (абедзве 1943) і інш. На аснове рамана «Цудам народжаны» (1967) створана п’еса «Кайгысыз Атабаеў» (1969, Рэсп.дзярж. прэмія імя Махтумкулі 1971). Жыццю нафтавікоў прысвечаны раман «Небіт-Даг» (1957), жыццю вёскі — аповесць «Айсалтан з краіны белага золата» (1949, Дзярж. прэмія СССР 1951) і раман «Кропля вады — крупінка золата» (1972). Аўтар кніг для дзяцей. Адзін з першых перакладчыкаў твораў Я.Купалы на туркм. мову. На бел. мову асобныя творы К. пераклалі Р.Барадулін, Л.Салавей, М.Паслядовіч, Г.Шупенька.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРО́ЧЭ (Croce) Бенедэта (25.2.1866, Пескасеролі каля г. Неапаль, Італія — 20.11.1952),
італьянскі паліт. дзеяч, гісторык, філосаф, літаратуразнавец, публіцыст, прадстаўнік неагегельянства і італьян.лібералізму. У 1902—20 праф. Неапалітанскага ун-та. У 1903—44 выдаваў літаратуразнаўчы час. «La Critica» («Крытыка»). З 1910 сенатар. У 1920—21 міністр асветы. У 1925 напісаў маніфест супраць фашызму ў Італіі. У 1943 удзельнічаў у аднаўленні Ліберальнай партыі (да 1947 яе старшыня). У 1947 заснаваў у Неапалі Італьян.ін-тгіст. даследаванняў. Выступаў за «абсалютны гістарызм», сцвярджаючы, што рэчаіснасць — гэта гісторыя і нішто іншае. Вылучаў 4 асн. формы актыўнасці духу: эстэтыку, логіку, эканоміку, этыку. Заснавальнік «этыка-палітычнай» школы ў італьян. гістарыяграфіі; адстойваў непарыўную сувязь гісторыі з філасофіяй, лічыў, што гісторыя заклікана не проста рэгістраваць падзеі, але і выхоўваць, дапамагаць усведамленню сучаснасці; актыўнымі творцамі гісторыі лічыў інтэлектуальныя слаі грамадства, яго эліту. Фашызму, яго культуры і ідэалогіі проціпастаўляў ідэалы свабоды, прагрэсу. Аўтар прац «Эстэтыка» (1902), «Логіка» (1909), «Філасофія Дж.Віка» (1912), «Тэорыя і гісторыя гістарыяграфіі» (1917), «Арыёста, Шэкспір і Карнель» (1920), «Гісторыя Італіі з 1871 да 1915 г.» (1928) І ІНШ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́РНІ (Larni; да 1942 Лайне, Laine) Марці Ёханес (н. 22.9.1909, г. Пакіла, Фінляндыя — 1993), фінскі пісьменнік і журналіст. У 1948—49 і 1951—54 жыў у ЗША. Дэбютаваў як паэт і перакладчык з франц. і сканд. моў. Майстар сатыры. У сатыр. раманах «Паважаныя беднякі і іх стракатая кампанія» (1944), «Чацвёрты пазванок, ці Махляр паняволі» (1957), «Цудоўная свінарка, ці Успаміны эканамічнай дарадчыцы Міны Карлсан-Кананен» (1959) адлюстравана поўная сац. кантрастаў рэчаіснасць Амерыкі і Фінляндыі. Аўтар публіцыстычных («Чорная Венера», 1951; «Мінесота гарыць», 1952), сац. («Нецярплівая страсць», 1945; «Блізка да граху, 1946), гіст. («Нябёсы апусціліся на зямлю», 1948), сатыр («Аб гэтым услых не гавораць», 1964) і інш. раманаў, зб-каў апавяданняў «Фінская кошачка» (1961), «Сакрат у Хельсінках і іншыя апавяданні» (1972). Пісаў вершы, дарожныя нататкі. кінасцэнарыі. Для твораў характэрна шырокае выкарыстанне карыкатуры, гіпербалы, гратэску, гумару. На бел. мову асобныя творы Л. пераклалі Я.Лапатка, А.Шарахоўская.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛА́НКА Янка (сапр. Маразовіч Іван; 1895, г. Барысаў Мінскай вобл. — 1938),
бел. пісьменнік, журналіст, мастак. Скончыў Барысаўскую гімназію. З 1916 у арміі. З 1920 служачы ў мяст. Яшуны Шальчынінкскага р-на (Вільнюскі пав.), у Вільні. З 1925 актыўна супрацоўнічаў у перыяд. друку Зах. Беларусі. У 1926—28 адказны рэдактар час.«Маланка». Першыя гумарэскі апубл. ў час.«Авадзень». Сатыр. вершы, гумарэскі, фельетоны, апавяданні М. друкаваліся ў газ. «Беларуская ніва», «Беларуская доля», «Народны звон» і інш., найб. у час. «Маланка», дзе ён выступаў і як мастак. Пісаў на актуальныя тэмы грамадска-паліт. жыцця Зах. Беларусі і Польшчы. У літ. і маст. сюжэтах і вобразах адлюстроўваў яго характэрныя праявы, нац. ўціск, рост паліт. свядомасці народа, высмейваў крывадушша лідэраў польскіх бурж. і дробнабурж. партый. Каб ашукаць цэнзуру, карыстаўся прыёмамі літ. містыфікацыі: пераносіў месца дзеяння ў тагачасныя каланіяльныя і залежныя краіны (падпісваў гэтыя творы псеўд. Ляо Дзэ). Але чытачы па аналогіі, вобразных рэаліях лёгка пазнавалі зах.-бел.рэчаіснасць. Малюнкам М. характэрна паліт. завостранасць, уменне ствараць сац. абагульнены нац. тыпаж.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛЕАНА́ЗМ (ад грэч. pleonasmos лішак),
спалучэнне тоесных або блізкіх паводле значэння слоў, з якіх адно ці некалькі лагічна лішнія. Напр., «свая аўтабіяграфія» (паняцце «свая» ўваходзіць у слова «аўтабіяграфія»), «свабодная вакансія» (слова «вакансія» абазначае «незамешчаная пасада, свабоднае месца ў штаце якой-н. установы»). Такія словазлучэнні не адпавядаюць літ. норме бел. мовы. Выкарыстанне П. апраўдана, калі спалучэнне аднолькавых ці блізкіх па сэнсе слоў служыць стылістычным сродкам і надае мове большую выразнасць ці пераканаўчасць («бачыць на свае ўласныя вочы»), а таксама калі ён выступае як стылістычная фігура, што надае мове маст. вобразнасць («Паляці, мая мысль, лёгкім сокалам і прагледзь гэты свет кругом-вокалам». Я.Купала). У фразеалагічных словазлучэннях П. не лічыцца стылістычнай памылкай. Падобны П. — частая з’ява ў нар.паэт. творчасці («ні роду, ні племені»). Да П. адносяцца і эпітэты, што не пашыраюць уяўлення пра пэўную з’яву, прадмет («чорная сажа»). Словазлучэнні, у якіх азначэнне ўдакладняе паняцце, не лічацца інфарматыўна лішнімі і не супярэчаць нормам сучаснага словаўжывання («практычны вопыт», «рэальная рэчаіснасць»). Крайнім выражэннем П. з’яўляецца таўталогія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАТЭРЫЯЛІ́ЗМ (ад лац. materialis рэчыўны),
філасофскі кірунак, прадстаўнікі якога сцвярджаюць першаснасць матэрыі, прыроды, грамадства, аб’ектыўнай рэчаіснасці і другаснасць чалавечай свядомасці (духу). Свядомасць чалавека незалежна ад сваёй канкрэтнай формы прызнаецца ўласцівасцю высокаарганізаванай матэрыі. Прынцыповая супрацьлегласць пунктаў гледжання на рэчаіснасць, законы і рухаючыя сілы яе развіцця абумовілі барацьбу М. і ідэалізму па найб. істотных праблемах філасофіі (пабудова свету, пазнавальнасць рэчаў і з’яў, сутнасць чалавека, грамадства і інш.). Гал. ідэі філас. М.: прызнанне нестваральнасці свету, яго існавання і развіцця незалежна ад чыёй-н. волі; асэнсаванне прасторы і часу, руху ў якасці аб’ектыўных форм быцця матэрыі; адмаўленне самастойнасці свядомасці адносна матэрыі; тлумачэнне адзінства свету яго матэрыяльнасцю. У падыходзе да разумення грамадства і грамадскага жыцця для М. характэрна цікавасць да эканомікі і яе выключнай ролі ў функцыянаванні ўсіх грамадскіх сістэм (дзяржавы, права і інш.), навукі і асветы. Стаўленне прыхільнікаў М. да прыроды і грамадства абумоўлена ўпэўненасцю ў пазнавальнасці прадметаў і з’яў, што стварае магчымасць атрымання дакладных ведаў пра аб’ектыўную рэчаіснасць і іх выкарыстанне ў грамадскім жыцці. Паняцце М. зыходзіць з філас. разумення матэрыі і не датычыць якіх-н. канкрэтна-гіст. уяўленняў аб яе структуры. Таму нельга атаясамліваць з навук.матэрыяліст. ведамі выпадковыя прымітыўныя высновы, дзе, напр., агульны змест чалавечага мыслення дэтэрмінуецца непасрэдна фізіял. працэсамі ў арганізме, духоўнае жыццё і формы культуры тлумачацца ўзроўнем эканомікі і матэрыяльнага дабрабыту людзей, арганізацыяй эканам. дзейнасці і г.д.
Матэрыяліст. погляды на свет і змены ў ім узніклі ў глыбокай старажытнасці і складаюць значную частку духоўнай і культ. спадчыны чалавецтва. Першай даволі стройнай сістэмай матэрыяліст. поглядаў на свет быў стыхійны, наіўны М. стараж. грэкаў і рымлян, у якім у зародкавай форме праявіліся ўсе пазнейшыя кірункі М.: механістычны, вульгарны, дыялектычны і інш. Для стараж. М. характэрна разуменне свету як адзінага, непадзельнага цэлага, якое знаходзіцца ў стане сталага руху згодна са сваімі законамі. У новыя часы значны ўплыў атрымаў механістычны (метафізічны) М. (Ф.Бэкан, Т.Гобс, М.Ламаносаў і інш.). Гал. ўвагу яны скіроўвалі на вывучэнне мех. (знешніх) уласцівасцей рэчаў і адносін паміж імі. Сцвярджаючы наяўнасць матэрыі, філосафы-механіцысты трактавалі дадзеную катэгорыю ў абстрактна-метафіз. сэнсе і адрывалі матэрыю ад атрыбуту яе існавання — руху, які зводзіўся да мех. перамяшчэння цел у прасторы і часе. У тлумачэнні ўнутр. структуры рэчаў значную ролю адыгрывалі атамістычныя ідэі. У 19 ст. развіццё філас. М. адбывалася шляхам перапрацоўкі дыялектычнага вучэння Г.Гегеля, што залажыла асновы сучаснага М. Абагульненне развіцця матэрыяліст. ідэй на працягу гісторыі даецца ў філас. вучэнні К.Маркса, Ф.Энгельса, У.І.Леніна і іх паслядоўнікаў. Гл.Дыялектычны матэрыялізм, Гістарычны матэрыялізм, Дыялектыка, Філасофія і л-ру да гэтых артыкулаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУТРА́МАНТ (Putrament) Ежы (14.11. 1910, Мінск —23.6.1986),
польскі пісьменнік. Скончыў Віленскі ун-т (1934). У 2-ю сусв. вайну адзін з арганізатараў Саюза польскіх патрыётаў у СССР і Першай арміі Войска Польскага. У 1944—45 у перыяд. друку, у 1945—50 дыпламат. Дэбютаваў як паэт у 1930. Паэт.зб-кі «Учарашняе вяртанне» (1935), «Лясная дарога» (1938) — рэакцыя на сац. несправядлівасць, трагічную будучыню. У рамане «Рэчаіснасць» (1947) рэаліст. карціна даваен. Польшчы. Аналіз прычын вераснёўскай катастрофы 1939 — у цэнтры рамана «Верасень» (1951). У раманах «Раздарожжа» (1954), «Пушча» (1965) маральна-этычныя праблемы. Раман «Болдын» (1969) пра лёс чалавека ў перыяд вайны і акупацыі. Аўтар кн. успамінаў «Палова веку» (т. 1—9, 1961—87), цыкла «Выбраннікі» (т. 1—2, 1978—79), навел, рэпартажаў, дакумент. кніг, фельетонаў. На бел. мову яго паасобныя творы пераклалі У.Дамашэвіч, Я.Міско, П.Стэфановіч, М.Танк. Дзярж. прэміі Польшчы 1953, 1955, 1964.
Тв.:
Бел.пер. — Верасень. Мн., 1959;
Рус.пер. — Действительность. М., 1948;
Пуща. М., 1970;
Рассказы. М., 1977;
Сентябрь. М., 1981.
Літ.:
Горский И.К. Творческий путь Ежи Путрамента // Современная польская литература. М., 1976.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСІ́РЭР (Cassirer) Эрнст (28.7.1874, г. Вроцлаў, Польшча — 13.4.1945),
ням. філосаф, прадстаўнік марбургскай школы неакантыянства. Праф. (1919—33) і рэктар (1930—33) Гамбургскага ун-та. З 1933 у эміграцыі. Даследаваў праблемы гісторыі філасофіі, гнасеалогіі і філасофіі культуры. У створанай ім тэорыі паняццяў аспрэчваў аб’ектыўны змест навук. абстракцый, сцвярджаў, што існуе адзіны «свет культуры», у якім матэрыяльная рэчаіснасць падпарадкоўваецца шэрагу прынцыпаў «чыстага мыслення»; апошнім надаваў значэнне канстытуцыйных, г.зн. стваральных пачаткаў усяго, што існуе. Адмаўляў аб’ектыўны сэнс катэгорый прасторы і часу, а прычынныя сувязі паміж рэчамі і з’явамі прадстаўляў у якасці функцыянальных залежнасцей. Суб’ектыўныя па сваёй прыродзе стваральныя пачаткі К. называў «сімвалічнымі функцыямі» і ўзводзіў іх на ўзровень вышэйшых каштоўнасцей. Паводле К., чалавек стварае сімвалы, таму навук. і пазнавальная дзейнасць людзей з’яўляецца адной з форм «сімвалічнага мыслення», якое распаўсюджваецца і на інш. «сімвалічныя формы» (мову, міфы, рэлігію, мастацтва, гісторыю, філасофію). Разнастайныя галіны культуры К. разглядаў як самастойныя і незалежныя. Даследаваў філасофію Г.Лейбніца, І.Канта, Р.Дэкарта, філас. ідэі Адраджэння, Асветніцтва і інш. Аўтар прац: «Праблема пазнання ў філасофіі і навуцы новага часу» (т. 1—4, 1906—57), «Філасофія сімвалічных форм» (т. 1—3, 1923—29) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУБ’Е́КТ (лац. subjectum),
філасофская катэгорыя, якая абазначае крыніцу актыўнасці, накіраваную на аб’ект, носьбіта прадметна-практычнай дзейнасці і пазнання (індывіда ці сац. групу). У гісторыі філасофіі тэрмін «С.» ужываўся ў розных сэнсах: як індывід. быццё і матэрыя (Арыстоцель), нешта рэальнае, што існуе ў рэчах, супрацьлеглае аб’екту, які існуе толькі ў інтэлекце (схаластыка) і інш. Сучаснае разуменне паняцця «С.». звязана з вучэннем Р.Дэкарта, які разглядаў С. як актыўны пачатак у пазнавальным працэсе, што дазволіла ў далейшым вывучаць умовы, формы і суб’ектыўныя перадумовы гэтага працэсу. Прадстаўнікі ідэалізму крыніцу актыўнасці бачаць у самім С. Ў матэрыялізме С. разглядаецца як ізаляваны біял. індывід, які пасіўна адлюстроўвае навакольную рэчаіснасць. Дыялект. матэрыялізм тлумачыць С. як прадукт гіст. развіцця і звязвае яго актыўнасць з матэрыяльна-пераўтваральнай дзейнасцю (гл.Суб’ектыўны фактар у гісторыі). У сацыялогіі С. — грамадства як самапазнавальная сац. сістэма, у вузкім сэнсе — асобныя людзі, групы, калектывы, якія арганізуюць і ажыццяўляюць працэс пазнання навакольнага асяроддзя з мэтай яго аналізу і тлумачэння. У сацыялогіі і філасофіі С. разглядаецца ў арган. адзінстве з аб’ектам. С. служыць крыніцай актыўнага пераўтварэння аб’екта, і ў той жа час з ускладненнем аб’екта (сац. з’яў, працэсаў) істотна мяняецца і сам С.: пашыраюцца межы яго дзейснасці, характар і кірункі пазнання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДВУХМО́ЎЕ, білінгвізм,
валоданне і карыстанне 2 моўнымі сістэмамі. Адрозніваюць Д.: актыўнае (асоба валодае вуснай формай мовы і карыстаецца ёю), патэнцыяльна актыўнае (асоба валодае вуснай мовай, але працяглы час не карыстаецца ёю) і пасіўнае (асоба разумее мову, але не можа карыстацца вуснай формай); нарматыўнае, або каардынацыйнае (паслядоўна правільнае ўжыванне нормаў абедзвюх моў), аднабакова-нарматыўнае (асоба валодае нормамі толькі адной мовы) і ненарматыўнае (асоба не валодае нормамі ні адной мовы); чыстае (мова выбіраецца адпаведна пэўнай сітуацыі) і змешанае (асоба ў адной і той жа сітуацыі карыстаецца 2 мовамі); непасрэднае (калі мова непасрэдна звязана з мысленнем) і апасродкаванае (мова кадзіруе думкі, выказаныя першаснай мовай); двухбаковае (Д. пашыраецца сярод абодвух этнасаў, якія кантактуюць) і аднабаковае (Д. пашырана толькі ў асяроддзі аднаго з кантактуючых этнасаў); індывідуальнае, групавое, масавае, тэрытарыяльнае, пагранічнае, суцэльнае, агульнанароднае. Для білінгва (асобы) уласцівы т.зв. дамінантны механізм у адносінах да адной з моў: праз гэтую мову рэчаіснасць успрымаецца хутчэй і лягчэй, чым праз іншыя. Для большасці асоб роднай мовы з’яўляецца мова свайго этнасу.
У наш час на Беларусі найб. пашырана бел.-рус. Д. Для шэрагу раёнаў характэрны тып Д. і шматмоўя, пры якім адна з моў — беларуская (бел.-лат., бел.-літ., бел.-польск., бел.-ўкр., бел.-рус.-ўкр.і г.д.). Сярод беларусаў, якія жывуць за мяжой, найб. пашыраны такія тыпы Д.: бел.-польск. (Польшча), бел.-англ. (Канада, ЗША), бел.-іспанскае (Лац. Амерыка).