НО́СТРА (ад італьян. nostro conto наш рахунак),
рахунак, які банк мае ў свайго банка-карэспандэнта, дзе ўлічваюцца ўсе яго расходы і паступленні. Для банка, які мае рахунак, носіць актыўны характар, таму што адлюстроўвае размяшчэнне сродкаў у форме банкаўскага дэпазіту; для інш. банкаў — пасіўны характар і адлюстроўвае прыцягнутыя рэсурсы і па даручэнні банкаў-карэспандэнтаў (лора рахунак).
т. 11, с. 381
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́НСКІ ВУ́ГАЛЬНЫ БАСЕ́ЙН.
На тэрыторыі Рэспублікі Саха (Якуція) і часткова Краснаярскага краю Расіі. Пл. 600 тыс. км². Агульныя рэсурсы вугалю да глыб. 1800 м — 1647 млрд. т. Вугляносныя адклады юры і ніжняга мелу маюць некалькі дзесяткаў вугальных пластоў. Вуглі бурыя і каменныя, у асн. маркі Д і Г. Цеплыня згарання ад 14,5 да 24,2 МДж/кг. Цэнтры здабычы — г.п. Сангар, Кангаласы.
т. 9, с. 204
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАМЫСЛО́ВЫ КАДА́СТР,
сістэматызаваны збор звестак пра аб’екты, што складаюць прамысловыя рэсурсы краіны, рэгіёна. Змяшчае прамысл.-біял. характарыстыку аб’ектаў (класіфікацыя, дынаміка відаў і папуляцый, ступень іх даследаванасці, нормы здабычы, меры аховы і інш.), сац.-эканам. ацэнку, картаграфічныя і стат. звесткі, рэкамендацыі па рацыянальным выкарыстанні, напр., Дзярж. кадастр жывёльнага свету Рэспублікі Беларусь (уключае кадастравыя кнігі паляўнічых і прамысл. жывёл) і інш.
П.І.Лабанок.
т. 13, с. 9
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІНУСІ́НСКІ ВУ́ГАЛЬНЫ БАСЕ́ЙН.
На Пд Краснаярскага краю ў Расійскай Федэрацыі, асн. ч. ў Хакасіі. Займае Мінусінскую катлавіну. Вядомы з 18 ст. Здабыча вугалю вядзецца з 1904. Агульныя рэсурсы вугалю да глыб. 1800 м ацэньваюцца ў 26,7 млрд. т. У вугляноснай тоўшчы пярмі — карбону да 40 рабочых пластоў. Вуглі каменныя, марак Д і Г. Цеплыня згарання на рабочае паліва 20,5—22 МДж/кг. Здабыча падземным і адкрытым спосабамі. Цэнтр здабычы — г. Чарнагорск.
т. 10, с. 458
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗМЕРКАВА́ННЕ,
стадыя ўзнаўлення грамадскага прадукту, якая злучае спажыванне і вытв-сць. Характар і формы Р. вызначаюцца сістэмай грамадскіх адносін і залежаць ад уласнасці на сродкі вытв-сці. Ва ўмовах рыначнай эканомікі Р. ажыццяўляецца ў сферы абарачэння. У працэсе Р. матэрыяльныя, фін. і прац. рэсурсы накіроўваюцца па галінах эканомікі, прадпрыемствах і эканам. рэгіёнах. Для павышэння эфектыўнасці Р. патрэбна ўстойлівае забеспячэнне збалансаванасці паміж грашовымі даходамі насельніцтва і іх пакрыццём таварамі і паслугамі.
т. 13, с. 261
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ДНЫ ФОНД,
сукупнасць усіх вод (воды паверхневыя, падземныя і інш. водныя аб’екты), што знаходзяцца ў межах дзярж. граніц краіны. Паводле воднага заканадаўства Рэспублікі Беларусь усе воды ў краіне складаюць адзіны дзярж. водны фонд, іх выкарыстанне знаходзіцца пад прававым рэгуляваннем. У воднай гаспадарцы выкарыстоўваецца тая частка воднага фонду, якая складае водныя рэсурсы. Кантроль за водакарыстаннем і аховай водаў на тэр. Беларусі ўскладзены на Мін-ва прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя і яго органы на месцах.
т. 4, с. 253
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАТА́ЎСКІ ФАСФАРЫТАНО́СНЫ БАСЕ́ЙН,
адзін з найбуйнейшых у свеце, у Джамбульскай і Паўд.-Казахстанскай абласцях Казахстана. Выцягнуты паласой даўж. 120 км пры шыр. ад 15 да 30 км уздоўж усх. схілу хр. Каратау. Пл. 2,5 тыс. км². Уключае 45 радовішчаў. Агульныя запасы і прагнозныя рэсурсы фасфарытаў 15 млрд. т руды, колькасць фосфарнага ангідрыду P2O5 21—27%. Фасфарыты прымеркаваны да чулактаускай світы ніжняга кембрыю. Распрацоўка з 1946. Здабыча вядзецца адкрытым і падземным спосабамі. Цэнтр здабычы — г. Жанатас.
т. 8, с. 57
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЫ́СНЫЯ ВЫ́КАПНІ,
прыродныя мінер. ўтварэнні зямной кары, якія могуць быць эфектыўна выкарыстаны ў сферы матэрыяльнай вытв-сці. Фарміруюцца ў ходзе геал. гісторыі пад уплывам экзагенных і эндагенных працэсаў. Вылучаюць цвёрдыя (вугалі выкапнёвыя, руды, неметал. карысныя выкапні), вадкія (нафта, падземныя воды) і газападобныя (газы прыродныя). Паводле складу і асаблівасцей выкарыстання адрозніваюць гаручыя, метал. і неметал. выкапні. Залягаюць у радовішчах, якія аб’ядноўваюць у раёны, правінцыі і басейны. Гл. таксама Мінеральна-сыравінныя рэсурсы, Запасы карысных выкапняў.
т. 8, с. 117
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КНІ́ГА СТРА́ШНАГА СУДА́»
(«Domesday Book»),
збор матэрыялаў першага пазямельнага перапісу ў сярэдневяковай Англіі, праведзенага Вільгельмам I Заваёўнікам у 1086. Перапіс меў на мэце высветліць матэрыяльныя рэсурсы каралеўства, зафіксаваў юрыд. статус сялянства, уключыў многіх раней свабодных сялян у катэгорыю феад.-залежных — віланаў. Кніга (складаецца з 2 тамоў) — каштоўная крыніца па сац.-эканам. гісторыі сярэдневяковай Англіі (звесткі аб памерах вотчыны, размеркаванні зямлі паміж паплечнікамі Вільгельма I, царквой і інш.). У яе назве адлюстраваліся адносіны англ. народа да перапісу.
т. 8, с. 359
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРАВІ́ЙСКІ АРТЭЗІЯ́НСКІ БАСЕ́ЙН,
размешчаны на аднайм. паўвостраве, займае б. ч. тэр. Саудаўскай Аравіі. Пл. каля 1500 тыс. км². Прымеркаваны да Аравійскай пліты з дакембрыйскім фундаментам. Асн. ваданосныя комплексы звязаны з палеазойскімі, мезазойскімі, палеагенавымі і неагенавымі адкладамі. Дэбіты свідравін 0,1—79 л/с і больш (у аазісе Эль-Хаса 227 л/с), крыніц 0,5—528 л/с (некаторыя фантануюць). Мінералізацыя вады 1—5,5 г/л. Рэсурсы падземных водаў папаўняюцца пераважна ад інфільтрацыі атм. ападкаў і кандэнсацыі вільгаці. Воды басейна выкарыстоўваюць на забеспячэнне нас. пунктаў, прамысловасці, на арашэнне.
т. 1, с. 448
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)