1) у навігацыі — вызначэнне геагр. каардынат судна ў моры па назіраннях аб’ектаў з вядомымі каардынатамі. Навігацыйную абсервацыю праводзяць па адзначаных на карце берагавых арыенцірах, астранавігацыйную — па нябесных свяцілах, каардынаты якіх даюцца ў Марскіх астр. штогодніках, радыёнавігацыйную — па напрамку на крыніцу радыёхваляў (напр., радыёмаякі, навігацыйныя ШСЗ). Усе спосабы абсервацыі зводзяцца да графічнага знаходжання пункта на марской карце або аналітычнага разліку яго каардынат.
2) У медыцыне — назіранне на працягу пэўнага часу за ізаляванымі ў спец. памяшканні людзьмі, якія маглі мець кантакт з хворымі на небяспечныя каранцінныя хваробы. Зрэдку ў такім жа значэнні тэрмін выкарыстоўваецца ў ветэрынарыі і фітапаталогіі ў дачыненні да завезеных жывёл, раслінных матэрыялаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЗАКАМПРЭ́САРНАЯ СТА́НЦЫЯ,
станцыя павышэння ціску прыроднага газу пры яго здабычы, транспарціроўцы, захоўванні і перапрацоўцы. Бываюць: галаўныя, або даціскальныя (павышаюць ціск газу, што паступае з радовішча, у 1,2—10 разоў, магутнасць да 100 МВт і болей), лінейныя магістральных газаправодаў (будуюцца праз 100—150 км, ступень сціскання 1,6—2,5, магутнасць да 200 МВт), станцыі для падземных газасховішчаў (магутнасць да 50 МВт) і для зваротнага запампоўвання газу ў пласт (на газакандэнсатных радовішчах). Абсталяванне: кампрэсарныя ўстаноўкі (цэнтрабежныя нагнятальнікі з прыводам ад газавай турбіны або электрарухавіка і газамотакампрэсары), устаноўкі для ачысткі, асушкі і ахаладжэння газу і інш. Аўтаматызаванымі газакампрэсарнымі станцыямі кіруюць з цэнтр. дыспетчарскага пункта.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́РЦЫКЕ
(Gercike),
Герсіке, Гарцыке, старажытны горад 11—13 ст. у Полацкай зямлі, на правым беразе Зах. Дзвіны. За 180 км ад Полацка, 2 км ад нас.пункта Ерсіка (Латвія). Паселішча Герцыке існавала з 10 ст. У 2-й пал. 11 — 1-й пал. 13 ст. горад належаў Полацкаму княству як фарпост і цэнтр феад. ўладання ў Ніжнім Падзвінні. Насельніцтва складалася з латгалаў і славян. У «Хроніцы Лівоніі» Генрыха Латвійскага пад 1209 упамінаецца як багатая княжацкая рэзідэнцыя з некалькімі правасл. цэрквамі і цэнтр удзела кн. Усевалада. У 1209, 1214 і 1215 на Герцыке нападалі крыжакі, разрабавалі і спалілі яго. У 1230 перайшоў пад уладу рыжскага епіскапа. Пасля 14 ст. ў пісьмовых крыніцах не ўпамінаецца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУЛЬБАСАРТАВА́ЛЬНЫ ПУНКТ,
комплекс машын і абсталявання для аддзялення выкапанай бульбы ад раслінных рэшткаў і глебы з адначасовым калібраваннем клубняў і падачай іх у тару. Бывае перасоўны (выкарыстоўваецца каля буртоў і бульбасховішчаў) і стацыянарны.
Перасоўны бульбасартавальны пункт КСП-15В мае прыёмны бункер (да 8 т), модулі сепарацыі і калібравальны (на яго вынасных транспарцёрах можна перабіраць бульбу ўручную), загрузачныя канвееры. На калібравальным модулі фуражная бульба (меней за 50 г) і сярэдняя яе фракцыя (50—80 г) правальваюцца ў ячэйкі паміж ролікамі, а буйнейшыя клубні ідуць на транспарцёр ручной пераборкі. Прадукцыйнасць такога пункта 8—18,8 т/гадз. У Беларусі выкарыстоўваюцца таксама стацыянарныя бульбасартавальныя пункты айч. вытв-сці прадукцыйнасцю 25—30 т/гадз.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБЕРА́ЦЫІ АПТЫ́ЧНЫХ СІСТЭ́М
(ад лац. aberratio адхіленне),
скажэнні відарысаў у аптычных сістэмах. Абумоўлены недасканаласцю пераламляльных і адбівальных паверхняў аптычных сістэм, выкарыстаннем шырокіх пучкоў прамянёў нямонахраматычнага святла. Выяўляюцца ў парушэнні геам. падабенства відарыса і арыгінала або афарбоўцы відарыса. Адрозніваюць геам., храматычныя і дыфракцыйныя аберацыі аптычных сістэм.
Геаметрычныя выяўляюцца ў монахраматычным святле, падзяляюцца на астыгматызм, дысторсію, кому і сферычную аберацыю (відарыс пункта мае выгляд кружка рассейвання; абумоўлена тым, што вонкавыя і цэнтр. зоны лінзы са сферычнымі паверхнямі даюць відарыс у розных месцах аптычнай восі). Храматычныя ўзнікаюць у натуральным святле ў выніку неаднолькавага пераламлення прамянёў святла з рознай даўжынёй хвалі (адсутнічаюць у аптычных сістэмах з адбівальнымі паверхнямі); дыфракцыйныя — пры дыфракцыі святла на дыяфрагмах, аправах лінзаў і люстэркаў; абмяжоўваюць раздзяляльную здольнасць аптычнай прылады.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБСАЛЮ́ТНАЯ ТЭМПЕРАТУ́РА,
тэмпература, якая адлічваецца ад абсалютнага нуля. У тэрмадынаміцы вызначана ў вобласці дадатных т-р, дзе працягваецца на +∞. Вымяраецца ў кельвінах. Асн. рэперны пункт шкалы абсалютная тэмпература — т-ра трайнога пункта вады. Параметр стану сістэмы многіх часціц, якая знаходзіцца ў стане тэрмадынамічнай раўнавагі (пры гэтым абсалютная тэмпература ўсіх яе макраскапічных падсістэм аднолькавая). Пры звычайных умовах у стане раўнавагі часціцы размеркаваны па энергіях так, што на высокіх узроўнях знаходзіцца менш часціц, чым на нізкіх (гл.Больцмана размеркаванне). Абсалютная тэмпература +∞ адпавядае раўнамернае размеркаванне часціц па ўсіх узроўнях энергіі, адмоўнай — т.зв. інверсная заселенасць узроўняў энергіі (на высокіх узроўнях больш часціц, чым на нізкіх). Таму лічаць, што з пунктам +∞ супадае пункт -∞, вышэй за якім знаходзіцца вобласць адмоўных т-р.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАМЕТРЫ́ЧНЫЯ ПАБУДАВА́ННІ,
рашэнне некаторых геаметрычных задач з выкарыстаннем дапаможных інструментаў (цыркуля, лінейкі і інш.), якія мяркуюцца абсалютна дакладнымі.
Падзяляецца на геаметрычныя пабудаванні на плоскасці і ў прасторы. Геаметрычнае пабудаванне лічыцца выкананым, калі па зададзеных элементах выяўлены (пабудаваны) шуканыя элементы: пункты, прамыя, акружнасці і інш. У даследаваннях па геаметрычных пабудаваннях выяўляецца шэраг задач, якія можна вырашаць дадзенымі сродкамі, і спосабы рашэння гэтых задач. Напр., з дапамогай цыркуля і лінейкі (аднабаковай, без дзяленняў) можна рашаць задачы, у якіх каардынаты шуканага пункта могуць быць запісаны выразам з канечным лікам складанняў, множанняў, дзяленняў і здабыванняў квадратнага кораня з каардынат зададзеных пунктаў. Напр., цыркулем і лінейкай можна пабудаваць агульную датычную прамую да 2 акружнасцей, але немагчыма рашаць стараж. задачы пра трысекцыю вугла, квадратуру круга, падваенне куба.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАВІМЕ́ТР
(ад лац. gravis цяжкі + ...метр),
прылада для вымярэння сілы цяжару і адпаведнага паскарэння свабоднага падзення. Адрозніваюць гравіметры статычныя і дынамічныя, стацыянарныя і перасоўныя. Спосабы вымярэнняў бываюць абсалютныя і адносныя (вымяраецца змяненне паскарэння свабоднага падзення g у дадзеным пункце адносна пэўнага зыходнага пункта; гл.Гравіметрычная здымка). Прылады, устаноўленыя на суднах і самалётах, улічваюць таксама ўплыў сіл інерцыі. Адносная хібнасць вызначэння g да 10-7 — 10-9.
Статычныя гравіметры засн. на прынцыпе работы спружынных вагаў: змены g ураўнаважваюцца пругкай сілай (ці пругкім момантам) адчувальнага элемента (выкарыстоўваюцца для адносных вымярэнняў). Да дынамічных гравіметраў адносяць струнныя (выкарыстоўваюць для адносных вымярэнняў па зменах частаты ваганняў нагружанай струны) і балістычныя (выкарыстоўваюць для абсалютных вымярэнняў часу праходжання пры свабодным падзенні пробным целам зададзенай адлегласці).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЗАРАЗМЕРКАВА́ЛЬНАЯ СТА́НЦЫЯ
(ГРС),
прызначана для прыёму газу з магістральнага газаправода, ачысткі яго ад мех. прымесей, паніжэння і аўтам. падтрымання ціску на зададзеным узроўні (0,005—1,2 МПа), размеркавання спажыўцам. На ГРС вядзецца ўлік расходу газу, пры неабходнасці — яго адарызацыя (дабаўленне рэчываў з рэзкім пахам), асушка і падагрэў.
ГРС устанаўліваюць у канцы магістральнага газаправода, на адводах ад яго для газазабеспячэння горада, населенага пункта або прамысл. прадпрыемства (прадукцыйнасць да 500 тыс.м³/гадз). Для забеспячэння сельскіх населеных пунктаў і невялікіх пасёлкаў на адгалінаваннях ад газаправодаў будуюць аўтам. ГРС (прадукцыйнасць 1—10 тыс.м³/гадз). Існуюць прамысл. ГРС для падрыхтоўкі здабытага са свідравін газу (асушкі, ачысткі, адарызацыі, паніжэння ціску да 5,5 або 7,5 МПа) і падачы яго ў магістральны газаправод, а таксама для забеспячэння газам бліжэйшых да промыслу населеных пунктаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАТЫ́ЧНАЯ ПЛО́СКАСЦЬда паверхні ў пункце,
плоскасць, у якой ляжыць датычная прамая да кожнай лініі на паверхні, праведзенай праз гэты пункт.
Калі паверхня вызначана ўраўненнем F(x, у, z) = 0, дзе F(x, y, z) — дыферэнцавальная функцыя, ураўненне Д. п. да гэтай паверхні ў яе пункце M0(x0, у0, Z0) мае выгляд (F′x)0 (x−x0) + (F′y)0(y−y0) + (F′z)0 (z−z0) = 0, дзе (F′x)0, (F′y)0, (F′z)0 — частковыя вытворныя функцыі F(x, y, z) у пункце М0. Д.п. да паверхні σ у пункце М0 характарызуецца тым, што адлегласць h ад гэтай плоскасці да зменнага пункта М паверхні σ пры імкненні М да М0 з’яўляецца бясконца малой у параўнанні з адлегласцю MM0.