ДУБЛЁР (франц. doubleur ад doubler падвойваць),

1) той, хто паралельна з кім-н. выконвае аднолькавую работу (напр., прадпрыемства-Д., Д. касманаўта — які праходзіць разам з ім падрыхтоўку і здольны яго замяніць).

2) Акцёр, які замяняе асн. выканаўцу ролі, а таксама акцёр, які ўзнаўляе тэкст пры перакладзе фільма з адной мовы на другую.

т. 6, с. 243

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДА́ЦКІ ПРАЛІ́Ў,

праліў паміж а-вамі Грэнландыя і Ісландыя. Злучае Грэнландскае м. з Атлантычным ак. Даўж. каля 530 км, шыр. 287 км, найменшая глыб. на фарватэры 120 м. Праз Д.п. уздоўж берагоў Грэнландыі з Пн на Пд праходзіць халоднае Усх.-Грэнландскае цячэнне, уздоўж берагоў Ісландыі з Пд на Пн — галіна цёплага Ірмінгера цячэння.

т. 6, с. 71

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЛІНО́ЙСКІ ВО́ДНЫ ШЛЯХ (Illinois Waterway),

каналізаваны водны шлях у ЗША (штат Ілінойс), які злучае сістэму Вялікіх Азёр з р. Місісіпі. Пачынаецца каля г. Чыкага з воз. Мічыган, праходзіць па Чыкагскім канале, рэках Дэс-Плейнс, Ілінойс, канчаецца каля г. Графтан на р. Місісіпі. Адкрыты ў 1933. Даўж. 526 км, глыб. 3,7—5,7 м; 7 шлюзаў.

т. 7, с. 196

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНКЛІНА́ТАР (ад лац. inclino нахіляю),

прылада для вымярэння нахілення магнітнага. Непасрэднае вымярэнне нахілення робяць стрэлачным І. (мае магн. стрэлку з гарыз. воссю вярчэння, якая праходзіць праз цэнтр цяжару стрэлкі) і індукцыйным І. (дзеянне заснавана на ўзнікненні эдс або току індукцыі ў шпулі, якая верціцца ў магн. полі Зямлі). Ёсць таксама І. феразондавыя і інш.

т. 7, с. 261

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГНІ́ТНЫ ЛАНЦУ́Г,

сукупнасць крыніц магнітнага патоку, ферамагн. цел і асяроддзяў, якія ствараюць і прапускаюць (накіроўваюць, замыкаюць) магн. паток. Бываюць палярызаваныя (магн. паток ствараецца пастаяннымі магнітамі) і нейтральныя (эл. токам), замкнёныя (магн. паток цалкам праходзіць у ферамагн. целах) і з зазорам (напр., паветраным). З’яўляюцца часткай трансфарматараў, эл. машын, прылад, апаратаў і інш. Гл. таксама Магнітаправод.

т. 9, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЛАНЦУ́Г»,

бел. народны танец. Муз. памер ​2/4, ​4/4. Тэмп ад павольнага да ўмерана хуткага. Выканаўцы (мужчыны і жанчыны) бяруцца за паднятыя ўгору рукі і становяцца кругам, паўкругам ці лініяй. Той, хто водзіць, не разрываючы ланцуг з рук, праходзіць (за ім астатнія танцоры) праз «вароты» пад рукамі апошняй пары. Апошні выканаўца, калі ўсе праходзяць пад яго рукой, паварочваецца на месцы, а сваю правую руку, сагнутую ў локці і злучаную з рукой партнёра, кладзе далонню на сваё правае плячо. Ланцужок тым часам па чарзе праходзіць пад рукамі наступных пар, і кожны выканаўца прымае падобную позу. Калі ўсе танцоры пераплятуцца рукамі і выстраяцца ў адну лінію, той, хто водзіць, пачынае рухацца ў адваротным парадку і «расплятае» ланцуг, пакуль не выведзе ўсіх на зыходную пазіцыю. Вядомы таксама як адна з фігур кадрылі. Бытуе ў Мінскай, Віцебскай і Гродзенскай абласцях.

Ю.​М.​Чурко.

т. 9, с. 126

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАПЕРАРО́БНАЯ МАШЫ́НА,

агрэгат для атрымання (адліўкі) паперы і некаторых відаў кардону з папяровай масы. Бываюць плоска- і 2-сетачныя, кругласетачныя, вакуумнага і сухога фармавання, камбінаваныя і інш.

Найб. пашыраныя плоскасетачныя П.м. складаюцца з сетачнай (1 або 2 бясконцыя рухомыя сеткі, на якія паступае папяровая маса), прэсавай (некалькі 2- ці 3-вальных прэсаў, паміж валамі якіх праходзіць папяровае палатно) і сушыльнай частак (з сушыльных вярчальных цыліндраў, якія знутры абаграюцца парай), а таксама каландра (паміж 2—20 валамі яго праходзіць палатно) і накату (змотвае паперу ў рулон). Пры абязводжванні масы на сетках (або паміж імі) адбываецца фармаванне папяровага палатна, якое далей абязводжваецца ў прэсавай і высушваецца ў сушыльнай частках. Рабочая скорасць П.м. да 1500 м/мін, прадукцыйнасць да 8 млн. м²/сут.

Папераробная машына (1799, Н.​Л.​Рабер, Францыя): 1 — валікі; 2 — адціскныя ролікі; 3 — вібратар; 4 — канцавы валік; 5 — самачарпалка; 6 — авальны чан.

т. 12, с. 63

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗААЛА́ЙСКІ ХРЫБЕ́Т,

на Пн Паміра, у Кыргызстане і Таджыкістане. Даўж. 240 км. Выш. да 7134 м (пік Леніна). Складзены са сланцаў, вапнякоў, пясчанікаў, кангламератаў. Пераважае высакагорны рэльеф. Месцамі трапляецца гіпсавы карст. Ледавікі агульнай пл. 1194 км². На схілах стэпы і высакагорныя лугі. Ва ўсх. ч. перавал Кызыларт (4280 м), цераз які праходзіць аўтамаб. тракт Ош—Харог.

т. 6, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІСМАІЛІ́Я,

горад на Пн Егіпта. Адм. ц. мухафазы Ісмаілія. Засн. ў 1863 у сувязі з буд-вам Суэцкага канала. 236 тыс. ж. (1986). Вузел чыгунак і аўтадарог. Порт на канале Ісмаілія і воз. Тымсах (праз якое праходзіць Суэцкі канал). Насельніцтва ў асноўным звязана з абслугоўваннем канала. Харчасмакавыя, маш.-буд., радыётэхн., хім., металаапр. прадпрыемствы. Ун-т. Музей.

т. 7, с. 335

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРУГААБАРО́Т КАПІТА́ЛУ,

рух капіталу праз сферы вытв-сці і абарачэння, што забяспечвае вытв-сць прыбавачнай вартасці і ўзнаўленне капіталу. У гэтым працэсе капітал паслядоўна праходзіць праз 3 формы — грашовы капітал, таварны капітал, вытворчы, якія ўяўляюць сабой формы (часткі) прамысловага капіталу; кожная з іх мае свой кругаабарот і выконвае пэўныя эканам. функцыі. Бесперапыннае паўтарэнне К.к. ўтварае абарот капіталу.

т. 8, с. 479

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)