арганічныя аліфатычныя злучэнні, малекула якіх мае амінагрупу NH2 і гідраксільную групу ОН; CnH2n(NH2)OH. Масляністыя вадкасці з уласцівасцямі асноў. З мінер. і моцнымі карбонавымі кіслотамі ўтвараюць крышт. солі, з вышэйшымі тлустымі кіслотамі і іх эфірамі — нейтральныя прадукты (мыла). Атрымліваюць дзеяннем аміяку або амінаў на аксіды алефінаў. Выкарыстоўваюцца (асабліва этаноламіны) у вытв-сці мыйных сродкаў, эмульгатараў, касметычных і лек. прэпаратаў. Да вытворных амінаспіртоў належаць эфедрын, гармон L-адрэналін і халін, якія адыгрываюць важную ролю ў абмене рэчываў жывых арганізмаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБАРАЧА́ЛЬНЫЯ РЭА́КЦЫІ,
хімічныя рэакцыі, якія адначасова адбываюцца ў прамым і адваротным напрамках і знаходзяцца ў стане дынамічнай раўнавагі. Кірунак рэакцый залежыць ад канцэнтрацыі рэчываў — удзельнікаў рэакцый. Пры дасягненні раўнавагі хімічнай скорасці абарачальныя рэакцыі аднолькавыя і сістэма ўтрымлівае зыходныя рэчывы і прадукты.
Простыя абарачальныя рэакцыі (напр., N2O4 2NO2) складаюцца з дзвюх элементарных рэакцый, якія адрозніваюцца толькі напрамкам (N2O4 → 2NO2 і 2NO2 → N2O4). Складаныя бываюць абарачальныя пры ўмове абарачальнасці ўсіх стадый (напр., N2+3NH2, 2NH3). Абарачальныя рэакцыі пры пэўных умовах ператвараюцца ў практычна неабарачальныя рэакцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРАМАТЫЗА́ЦЫЯ,
1) у нафтахіміі — перапрацоўка нафты, нафтапрадуктаў для павелічэння ў іх колькасці араматычных вуглевадародаў (бензолу і яго гамолагаў). Адбываецца за кошт ператварэння ацыклічных вуглевадародаў у цыклічныя, ізамерызацыі і дэгідрыравання нафтэнаў у розных працэсах перапрацоўкі нафты і яе фракцый (крэкінг, рыформінг, піроліз). Выкарыстоўваецца ў вытв-сці высокаактанавага паліва і чыстых араматычных вуглевадародаў.
2) У харчовай прамысловасці — увядзенне араматычных рэчываў у харч.прадукты і напіткі для павелічэння іх духмянасці і паляпшэння смаку. Праводзіцца з дапамогай натуральных (атрыманыя з эфіраалейных культур) і сінт. (духмяныя харч. эсенцыі) рэчываў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АФЛАТАКСІ́НЫ,
група атрутных для жывёл і чалавека рэчываў, якія выпрацоўваюцца плесневымі грыбамі, пераважна з роду Aspergillus. Парушаюць работу печані і сінтэз бялкоў, прыгнечваюць актыўнасць ферментаў у млекакормячых, птушак, рыб; патэнцыяльныя канцэрагены, у тым ліку для чалавека. Харч.прадукты і кармы могуць быць забруджаны афлатаксінамі на розных стадыях іх прыгатавання і захоўвання. Пры звычайных спосабах апрацоўкі ежы і корму афлатаксіны разбураюцца часткова. Больш дзейснымі з’яўляюцца стэрылізацыя ў аўтаклаве ў прысутнасці амонію або апрацоўка гіпахларытам. Гранічна дапушчальная доза афлатаксінаў у ежы чалавека 30 мкг на 1 кг прадукту.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЮКУРО́НАВАЯ КІСЛАТА́,
COH(CHOH)4COOH, аднаасноўная гексуронавая к-та, якая ўтвараецца з D-глюкозы пры акісленні яе першаснай гідраксільнай групы. D-глюкуронавая кіслата пашырана ў жывёльных і раслінных арганізмах: уваходзіць у склад кіслых мукаполіцукрыдаў, некаторых бактэрыяльных поліцукрыдаў, трытэрпенавых сапанінаў, геміцэлюлоз, камедзей. Свабодная D-глюкуронавая кіслата ў невялікай колькасці ёсць у крыві і мачы жывёл. У выглядзе парных злучэнняў глюкуронавая кіслата (глюкуранідаў) з мачой выдаляюцца некаторыя прадукты абмену рэчываў, у т. л. ядавітыя (фенол, крэзол) і многія лек. рэчывы. Глюкуронавая кіслата з’яўляецца папярэднікам пры біясінтэзе аскарбінавай к-ты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІТАМІНАНО́СНЫЯ РАСЛІ́НЫ,
расліны, якія ўтвараюць і назапашваюць у розных органах (лістах, пладах, каранях, сцёблах і інш.) вял. колькасць вітамінаў ці правітамінаў. Адна з асн. крыніц забеспячэння арганізма чалавека і жывёл вітамінамі, сыравіна для іх вытв-сці. Напр., з пладоў шыпшыны, няспелых пладоў грэцкага арэха гатуюць вітамінныя канцэнтраты, з ягад чорных парэчак, абляпіхі — вітамінізаваныя прадукты харчавання, з ігліцы хвоі, елкі, з лісця бярозы, пладоў шыпшыны — экстракты. Амаль усе расліны маюць у сабе розныя вітаміны ў рознай колькасці, некаторыя вітаміны ёсць толькі ў пэўных відах раслін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУМАРА́ЛЬНАЯ РЭГУЛЯ́ЦЫЯ,
адзін з механізмаў кіравання і каардынацыі фізіял. працэсаў у чалавека і жывёл у зменлівых умовах асяроддзя. Ажыццяўляецца праз вадкія асяроддзі (тканкавая вадкасць, лімфа, кроў) з дапамогай біялагічна актыўных рэчываў (неспецыфічныя метабаліты, гармоны, медыятары, пептыды, роставыя фактары, іоны і інш.). Прадукты абмену рэчываў уздзейнічаюць энда-, пара- або аўтакрынна на эфектарныя тканкі, канцы чуллівых нерваў (хемарэцэптары), нерв. цэнтры і выклікаюць гумаральным або рэфлекторным шляхам пэўныя рэакцыі арганізма. Гумаральная рэгуляцыя падпарадкавана нервовай рэгуляцыі і разам з ёй складае адзіную сістэму нейрагумаральнай рэгуляцыі, якая забяспечвае нармальнае функцыянаванне арганізма ў зменлівых умовах асяроддзя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬДЭГІ́ДЫ,
клас арганічных злучэнняў, у састаў якіх уваходзіць альдэгідная група — C(O)H, звязаная з вуглевадародным радыкалам. Найпрасцейшы — фармальдэгід. Ніжэйшыя альдэгіды — рэчывы з рэзкім пахам, вышэйшыя C8—C14 — з прыемным. Рэакцыйназдольныя: акісляюцца да кіслот, аднаўляюцца да спіртоў, уступаюць у рэакцыі замяшчэння, далучэння, кандэнсацыі, утвараюць ненасычаныя злучэнні, цыклічныя трымеры (паральдэгід, трыаксан), лінейныя палімеры (парафармальдэгід), прадукты полікандэнсацыі. Атрымліваюць з любых класаў злучэнняў; некаторыя вылучаюць з расліннай сыравіны. Выкарыстоўваюць у сінтэзе палімераў (поліфармальдэгіду, полівінілацэталяў, аміна- і фенолальдэгідных смолаў), карбонавых кіслот, спіртоў і інш.; у вытв-сці пестыцыдаў, выбуховых, духмяных рэчываў, лекаў, фарбавальнікаў. Гл. таксама Ацэтальдэгід, Фурфурол, Ванілін, Цытраль.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМЕРЫКА́НСКАЯ АДМІНІСТРА́ЦЫЯ ДАПАМО́ГІ
(American Relief Administration; АРА),
урадавая арг-цыя ЗША у 1919—23 па аказанні харчовай і інш. дапамогі еўрап. краінам, што пацярпелі ў 1-ю сусв. вайну. Узначальваў Г.Гувер. Фактычна выкарыстоўвалася для ўмацавання эканам. і паліт. пазіцый ЗША, стрымлівання рэв. руху ў Венгрыі, Румыніі, Балгарыі і інш. У 1921—22 аказала дапамогу ў час голаду ў Паволжы, На Украіне. У выніку канкурэнцыі з боку Англіі, Францыі і Італіі яе дзейнасць у Еўропе спынена.
Да арт. Амерыканская адміністрацыя дапамогі. Пастанова сав. ўрада ад 10.7.1923 з падзякай амерыканскай адміністрацыі за дасланыя пасля 1-й сусветнай вайны прадукты харчавання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІПАДЭРМАТО́ЗЫ,
хранічная інвазійная хвароба пераважна буйн. раг. жывёлы. Выклікаецца лічынкамі падскурных аваднёў з роду Hypoderma. Праяўляецца запаленчымі зменамі ў органах і тканках, дзе лакалізуюцца паразіты. Узбуджальнікі — часцей авадні Н. bovis (звычайны падскурны) і Н. lineatum (падскурны паўднёвы, або страваводнік). Палаваспелыя насякомыя на працягу года маюць адну генерацыю. Самкі аваднёў за перыяд размнажэння адкладваюць да 800 яец на прыкаранёвую ч. валасоў жывёлы. Заражэнне адбываецца летам, у перыяд лёту аваднёў. Лічынкі пранікаюць праз скуру, мігрыруюць у арганізме і лакалізуюцца ў падскурнай клятчатцы, у вобласці спіны. Яны выдзяляюць прадукты метабалізму, чым выклікаюць агульную інтаксікацыю арганізма жывёлы, зніжэнне яе прадукцыйнасці.