род кветкавых раслін сям. магноліевых. Каля 80 відаў. Пашыраны ва Усх. і Паўд.-Усх. Азіі, Амерыцы. Культывуецца больш за 15 відаў (лістападныя ва ўмераных, вечназялёныя ў трапічных і субтрапічных зонах).
Дрэвы і кусты з простым, часам буйным (да 1 м) лісцем. Лісце мае ў сабе алкалоіды, эфірны алей і гліказіды. Кветкі верхавінкавыя, адзіночныя, двухполыя. Плод — спіральная шматлістоўка. Лек. і дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАНЕ́Я (Nonea),
род кветкавых раслін сям. агурочнікавых. Каля 40 відаў. Пашыраны ў Міжземнамор’і і часткова ў Еўропе. На Беларусі Н. руская (N. rossica) трапляецца ўздоўж дарог, на пустках, чыг. насыпах.
Адна- і шматгадовыя травы. Сцёблы прамастойныя ці ўзыходныя, галінастыя, залозістаапушаныя. Лісце вузкае, лінейна-ланцэтнае або падоўжанае. Кветкі правільныя, белыя, жоўтыя, фіялетавыя або чырванаватыя ў завітках, сабраныя ў шчыткападобна-мяцёлчатыя суквецці. Плод — арэшак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЧУ́ЛІ (Pogostemon patehouli),
кветкавая расліна сям. ясноткавых. Радзіма — Філіпінскія а-вы. Вырошчваюць як эфіраалейную культуру ў трапічнай зоне Паўд.-Усх. Азіі.
Паўкуст выш. да 1 м з валасніковістымі каранямі. Лісце супраціўнае, яйцападобнае, зубчастае, з моцным мускатным пахам. Кветкі белыя або светла-бэзавыя ў гронках. Плод — арэшак. Эфірны алей лісця выкарыстоўваюць у парфумерыі (лепшы фіксатар паху), мае інсектыцыдныя ўласцівасці. Лек., тэхн. расліна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУЗЫРАПЛО́ДНІК (Physocarpus),
род кветкавых раслін сям. ружавых. Каля 10 відаў. Пашыраны ва Усх. Азіі і Паўн. Амерыцы. У Цэнтр.бат. садзе Нац.АН Беларусі інтрадукавана 8 відаў. Найб. вядомы П. каліналісты (Ph. opulifolius).
Лістападныя кусты выш. да 4 м з густой кронай. Лісце 3—5-лопасцевае. Кветкі белыя або ружовыя ў шчытках. Плод — складаная лістоўка. Дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЫЛКАГАЛО́ЎНІК (Cephalanthera),
род кветкавых раслін сям. ятрышнікавых. 14 відаў. Пашыраны ва ўмераным поясе Еўразіі. На Беларусі 2 віды П.: даўгалісты (C. longifolia) і чырвоны (C. rubra), занесеныя ў Чырв. кнігу. Трапляюцца ў лясах, хмызняках.
Шматгадовыя травяністыя карэнішчавыя расліны. Сцябло прамастойнае. Лісце падоўжанае, завостранае. Суквецце — рыхлы колас. Кветкі званочкавыя з дробнымі прыкветкамі. Плод — каробачка. Дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЮШАНЕ́Я (Duchesnea). манатыпны род кветкавых раслін сям. ружавых. 1 від — Дз. індыйская (D. indica). Пашыраны ва Усх. Азіі, інтрадукаваны ў многія краіны, у т. л. на Беларусь.
Шматгадовая апушаная травяністая расліна з паўзучым аблісцелым сцяблом даўж. да 1 м. Прыкаранёвае лісце доўгачаранковае, трайчастае, сцябловае — кароткачаранковае, адваротнаяйцападобнае або рамбічнае. Кветкі жоўтыя, адзіночныя, на доўгіх тонкіх кветаножках. Плод — жоўтая несапраўдная ягада. Лек., харч. і дэкар. расліна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАКО́СМІЯ, мантбрэцыя (Crocosmia),
род кветкавых раслін сям. касачовых. 7 відаў. Пашыраны ў Паўд. Афрыцы. На Беларусі інтрадукаваны садовы гібрыд К. звычайная (C. crocosmiiflora) у Цэнтр.бат. садзе Нац.АН. Мае шмат сартоў (напр., Везувій, Ледзі Аксфорд).
Шматгадовыя травяністыя расліны выш. 60—100 см. Сцябло прамое, разгалінаванае. Лісце мечападобнае, у густых пучках. Кветкі аранжава-чырванаватыя, дыяметрам 3—5 см у верхавінкавым мяцёлчатым суквецці. Плод — каробачка. Дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУРЫ́ЛЬСКІ ЧАЙ (Pentaphylloides),
род кветкавых раслін сям. ружавых. Каля 10 відаў. Пашыраны ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я. На Беларусі інтрадукаваны К.ч.: драбналісты (P. parvifolia), куставы (P. fruticosa), маньчжурскі (P. mandshurica), Фрыдрыхсена (P. friedrichsenii).
Лістападныя кусты выш. да 1,5 м. Лісце перыстае, жаўтавата-зялёнае. Кветкі адзіночныя або ў суквецці, белыя, жоўтыя дыяметрам да 3 см. Плод — апушаны шматарэшак. Лісце ўжываецца для прыгатавання чайнага напітку. Дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАЎРАВІ́ШНЯ (Laurocerasus),
род кветкавых раслін сям. ружавых. Каля 25 відаў. Пашыраны ва ўмераным і субтрапічным паясах Еўразіі і Амерыкі. Культывуецца Л. лекавая (L. officinalis).
Вечназялёныя дрэвы і кусты. Лісце цэльнае, часцей скурыстае. Кветкі белыя, дробныя, духмяныя, у вузкіх гронках. Плод — сакаўная касцянка, у некат. відаў — ядомая. Насенне ядавітае (мае сінільную к-ту). Драўніна выкарыстоўваецца ў дрэваапрацоўчай прам-сці. Дэкар., лек. і пладовыя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІСТО́ЎКА,
сухі шматнасенны плод, утвораны з аднаго пладалісціка. Раскрываецца па шве, уздоўж якога прымацавана насенне. Нагадвае складзены ў дзве столкі лісцік (адсюль назва). Характэрна для магноліевых (магнолія), казяльцовых (боцікі, ворлікі, лотаць, рагулькі), некат. ружакветных і інш. Часцей сустракаецца шматлістоўка (вял. колькасць Л. размешчана спіральна на восі кветкі). З Л. ўтварыліся інш. тыпы пладоў: пры памяншэнні колькасці насення да аднаго — арэшак, пры змене спосабу раскрыцця — боб.