ГА́ЗАЎ (Аляксандр Васілевіч) (н. 17.6.1946, с. Брыкава Маскоўскай вобл.),
бел. спартсмен (кулявая стральба). Засл. майстар спорту СССР (1976). Чэмпіён (1976) і бронзавы прызёр Алімпійскіх гульняў у асабістым заліку. Чэмпіён свету (1973, 1974, 1979) і Еўропы (1973, 1977, 1978, 1981) у камандным першынстве. Неаднаразовы чэмпіён СССР, рэкардсмен свету, Еўропы і СССР у 1970-я г. Усе перамогі атрыманы ў практыкаванні «бягучы дзік».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАКШАА́Л-ТО́О, Какшалтау,
хрыбет на Пд Цянь-Шаня, на мяжы Кыргызстана і Кітая. Даўж. каля 400 км. Выш. да 7439 м (пік Перамогі). Складзены з гліністых сланцаў, пясчанікаў, вапнякоў, прарваных гранітамі. Пераважае высакагорны рэльеф. Ледавікі (агульная пл. 983 км²). Рэкі Сары-Джаз, Какшаал, Узенгегуш перасякаюць хрыбет у вузкіх цяснінах. На паўд. схіле стэпы, на паўн. — высакагорныя лугі і лугавыя стэпы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІФО́Н,
у старажытнагрэчаскай міфалогіі народжаны багіняй падземнага царства Геяй пачварны дракон, які ахоўваў каля г.Дэльфы аракул Геі. Апалон забіў П. стралой (адсюль Апалон Піфійскі) і заснаваў на тым месцы свой аракул (Піфійскі, або Дэльфійскі аракул), дзе ад яго імя прадказвала Піфія. З нагоды перамогі над П. Апалон, паводле міфа, заснаваў Піфійскія гульні. Ад імя П. паходзіць другая назва г. Дэльфы — Піфо.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯСНЯ́НСКІ МЕМАРЫЯ́ЛЬНЫ КО́МПЛЕКС.
Створаны ў в. Лясная Слаўгарадскага р-на Магілёўскай вобл. ў гонар 200-годдзя перамогірас. войск над шведскім корпусам ген. А.Левенгаўпта ў бітве пад Лясной 1708 у час Паўночнай вайны 1700—21. Уключае манумент у гонар перамогірус. войск (1906, скульпт. А.Обер), мемар. капліцу (1912, арх. А.Гаген) і мармуровы абеліск на брацкіх могілках рас. воінаў. Кампазіцыйны цэнтр — цагляная капліца цэнтрычнай шмат’яруснай кампазіцыі з рысамі рамант. кірунку рус. мадэрна. Завершана 8-гранным шатром з невял. барабанам і цыбулепадобнай галоўкай (агульная выш. 40,9 м). Квадратнае ў плане (15 × 15 м) збудаванне. 1-ы ярус пастаўлены на п’едэстал (выш. 2,1 м) з вял. гранітных блокаў, мае 3-арачныя парталы з белага каменю і завершаны поясам несапраўдных машыкуляў, 2-і ярус — кубічны аб’ём, прарэзаны з 4 бакоў высокімі арачнымі аконнымі праёмамі і завершаны зубцамі ў выглядзе ластаўчынага хваста. Сцены абліцаваны залацістай керамічнай пліткай, уваходы, перамычкі, паяскі і карнізы аздоблены пераважна белым пясчанікам. Капліцу ўпрыгожваюць мазаічныя пано-абразы на гал. фасадзе (на выш. больш за 10 м) і ў нішы паміж вокнамі 1-га яруса ўсх. фасада (на выш. 3 м). Будынак з’яўляецца прыкладам арган. сінтэзу архітэктуры і мастацтва. У капліцы размешчаны музей гісторыі бітвы пад Лясной. Манумент — дынамічная скульпт. кампазіцыя на пастаменце ў выглядзе скалы (граніт), на яе вяршыні павернутая на У выява арла (бронза), які рве кіпцюрамі шведскі сцяг з разламаным дрэўкам. На пастаменце дошка з рэльефным надпісам: «У памяць бітвы пры Лясной. Маці Палтаўскай перамогі — 1708. 28 верасня 1908 г.». На процілеглым баку бронзавая дошка са спісам палкоў — удзельнікаў гіст. бітвы. У ансамбль уваходзіла таксама Пятроўская царква, пабудаваная ў 1708 (не захавалася).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАНЬ ЧА́О (32—102),
старажытнакітайскі палкаводзец і дыпламат. Брат гісторыка Бань Гу. У 73 пасланы з ваен.-дыпламат. місіяй у «Зах. край» (Усх. Туркестан), пазней аднавіў тут кіт. ўплыў і стаў намеснікам кіт. імператара. У 90 разбіў войска кушанскага цара Канішкі, у 91 разграміў гунаў. Яго перамогі спрыялі аднаўленню Вялікага шаўковага шляху. Адправіў шэраг дыпламат. місій у зах. напрамку, у т. л. да Персідскага заліва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУВІ́Н (Bouvines),
населены пункт у паўн.-ўсх. Францыі (дэпартамент Нор), каля якога 27.7.1214 войска франц. караля Філіпа II Аўгуста (пешае апалчэнне паўн.-франц. гарадоў і рыцарская конніца) разбіла армію герм. Імператара Атона IV (нямецкія і некалькі франц. атрадаў, англ. лучнікі). Вырашальную ролю ў бітве адыграла цяжкая конніца французаў. У выніку перамогі ўлада франц. караля ўзмацнілася, да Францыі адышлі Нармандыя, Мэн, Анжу і інш. вобласці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСАРХАДО́Н (асір. Ашурахіддзін),
цар Асірыі ў 680—669 да нашай эры. Уступіў на трон у выніку перамогі ў грамадз. вайне. Аднавіў разбураны яго бацькам Сінахерыбам г. Вавілон, вярнуў шэрагу гарадоў прывілеі, увёў падаткі на карысць храмаў, вёў войны ў Аравіі, Фінікіі і Егіпце. Пасля заваявання г. Мемфіс прыняў егіп. царскія тытулы. У 673—672 да нашай эры рабіў паходы ў Шубрыю (на граніцы з Урарту).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІКО́ПАЛСКАЯ БІ́ТВА 1396,
бітва, што адбылася 25 вер. каля г. Нікопал (Балгарыя) паміж арміяй тур. султана Баязіда I і войскам крыжаносцаў (французы, іспанцы, італьянцы, англічане, чэхі і інш.), якім камандаваў венг. кароль Жыгманд (гл.Сігізмунд I). Больш падрыхтаваная тур. армія (гл. таксама Янычары) разграміла феад. рыцарскае войска крыжаносцаў (большасць забіта, частка трапіла ў палон, невял. колькасці пашчасціла ўцячы). У выніку гэтай перамогі Турцыя замацавала сваё панаванне на Балканскім п-ве.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВЕ́ДОМОСТИ» пятроўскія,
першая руская друкаваная газета. Засн. паводле ўказа Пятра I. Выдавалася з 16.12.1702 (па інш. звестках з 2.1.1703) да 1917 спачатку ў Маскве (да 1711), потым папераменна ў Пецярбургу і Маскве. Мяняла назвы: «Ведомости», «Ведомости московские», «Ведомости о военных и иных делах...» і інш. Выходзіла неперыядычна. Друкавала звесткі пра поспехі прам-сці, асветы і гандлю, паведамленні пра перамогі арміі і флоту, замежную інфармацыю. З 1728 выходзіла пад назвай «Санкт-Петербургские ведомости».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІФІ́ЙСКІЯ ГУ́ЛЬНІ,
агульнагрэчаскія святы і спаборніцтвы пры храме Апалона Піфійскага ў Дэльфах (Стараж. Грэцыя); другія па значэнні пасля Алімпійскіх гульняў. Паводле падання, засн. Апалонам пасля перамогі над змеем Піфонам. Першапачаткова адбываліся 1 раз у 8 гадоў і складаліся з муз. спаборніцтваў. Каля 582 да н.э. ў П.г. былі ўключаны спаборніцтвы атлетаў і спаборніцтвы на калясніцах; прамежак паміж гульнямі скарочаны да 4 гадоў. Пераможцаў узнагароджвалі лаўровым вянком. П.г. спыніліся, верагодна, у канцы 4 ст. н.э.